Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна >>>
Кожны пражыты дзень набліжае нас да значнай падзеі ў жыцці нашай краіны – 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойна адзначыць гэтую дату разам з усімі сваімі землякамі рыхтуюцца і на-вучальныя ўстановы, у тым ліку Жарабковіцкая сярэдняя школа.
Нашы 5-класнікі з задавальненнем адклікнуліся на маю прапанову сабраць і падрыхтаваць паведамленні на тэму “Вайна ў лёсе майго роду”. 3 некаторымі творчымі работамі мы прапануем пазнаёміцца чытачам “ЛВ”.
Уладзімір ЛАЎРЭНАЎ,
настаўнік гісторыі Жарабковіцкай СШ.
Вайна ў лёсе майго роду
Не родны, але дарагі
Сямён Ігнатавіч Шагун не быў маім родным дзядулем. Жыў ён на нашай вуліцы Пушкіна праз тры хаты ад нас. Калі я вучылася ў пачатко-вых класах, наш клас шэфстваваў над ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Сямёнам Ігнатавічам. Мы часта наведвалі яго: дапамагалі прыбраць падворак, прынесці ў хату вады. У Дзень Перамогі віншавалі яго паштоўкай, дарылі кветкі. Ён быў удзячны нам за ўвагу і частаваў нас цукеркамі, па нашай просьбе расказваў пра вайну, пра сваё дзяцінства. Ён быў рады нам, а мы яму. Так вось мы і парадніліся.
Сямён Ігнатавіч на фронце быў мінёрам – вельмі адказная і небяс-печная справа. За франтавыя заслугі ўзнагароджаны быў медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”.
Пасля вайны франтавік закончыў Пінскае педвучылішча, потым Мінскі педінстытут і працаваў настаўнікам у Альхоўскай і Жарабковіцкай сярэдніх школах. За поспехі на педагагічнай ніве яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”.
Моцна парадзелі рады ветэранаў. У 2007 годзе памёр і Сямён Ігнатавіч Шагун. Зараз у нашай вёсцы Жарабковічы засталіся ў жывых толькі тры ветэраны вайны: Фёдар Аляксеевіч Леваш, Аляксей Паўлавіч Праневіч і Уладзімір Рыгоравіч Штундзер. Мы помнім іх і іх подзвіг.
Таццяна СКОВЫШ.
Перамога са смакам цукру
Зараз я вучуся ў 5 класе. Адным з любімых прадметаў школьнай праграмы для мяне стала гісторыя. Мне падабаюцца кнігі на гістарычную тэму, чытаю ў газетах матэрыялы па гісторыі Айчыны. Напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў асаблівае месца ў перыядычным друку, на тэлебачанні адводзіцца тэме Вялікай Айчыннай вайны.
Малалетняй сведкай ваенных падзей была і мая бабуля Ганна Іва-наўна Кірмель. Калі пачалася вайна, яна разам з бацькамі, трыма братамі і сястрой жыла ў вёсцы Падлессе Ляхавіцкага раёна.
Аднойчы я папрасіла бабулю расказаць пра вайну. Некалькі хвілін яна сядзела моўчкі. Вочы яе сталі сумнымі, твар набыў суровы выгляд, а калі яна пачала гаварыць, голас яе, здавалася, быў не такім пяшчотным і ласкавым, як звычайна.
“Калі пачалася вайна, – успамінае мая любімая бабуля, – мне было ўсяго тры гадкі. Не ўсё я помню, не усё, што рабілася тады, разумела. Але пачатак і канец вайны памятаю добра.
Летам, у нядзельку рана раптоўна ўсё наваколле напоўнілася не-вядомым і нечуваным раней гулам. Ён даносіўся з-пад Баранавіч і з кожнай хвілінай набліжаўся да нашага Падлесся. Стала вельмі страшна. Бацька выбег з хаты, каб паглядзець, што гэта такое. Вярнуўся і трывожна вымавіў: “Пачалася вайна. Немцы пайшлі вайной на Саветы…”
Мы, дзеці, таксама выйшлі з хаты. Самалёты з крыжамі на крылах ляцелі і ляцелі ў накірунку Жарабковіч. Так пачалася вайна”.
Мне не церпіцца пачуць ад бабулі, якім ёй запомніўся канец вайны. I яна зноў успамінае: “Чырвоная Армія была ўжо блізка ад нас. Савецкія танкісты і лётчыкі выбілі немцаў з суседняй вёскі. Тата прыйшоў у хату і сказаў, што трэба сысці з вёскі, бо раззлаваныя немцы, адыходзячы, могуць падпаліць хаты, пастраляць мірных жыхароў. Бабуля Еўфрасіння сабрала ў вузельчык нейкія харчы і павяла нас, дзяцей, у бок чыгункі. Калі мы ўжо амаль дайшлі да яе, над намі з’явіўся самалёт, з яго ў наш бок пасыпаліся кулі. Бабуля крыкнула, каб мы падалі і сама ўпала на зямлю, закрыўшы целам малых. Потым усё сціхла. Мы ўсталі і пайшлі далей. Каля чыгункі стаяла салдацкая палявая кухня. Там адзін салдат узяў мяне на рукі і даў кавалачак цукру. Якім смачным ён быў! Для мяне вызваленне так і засталося ў памяці звязаным з тым салодкім кавалачкам…”
Летам споўніцца 65 гадоў, як наша вёска і наша краіна былі выз-валены ад ворагаў. Гэту дату плануецца адзначыць урачыста. У нашай школе таксама распрацаваны разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да знамянальнай гістарычнай падзеі.
Нам, маладым, трэба быць удзячнымі старэйшаму пакаленню за шчаслівае дзяцінства пад мірным небам. Таму і 9 мая, і 3 ліпеня, і сёлета, і ў наступныя гады мы разам са сваімі аднакласнікамі, усімі вучнямі нашай школы ўрачыстым шэсцем пройдзем да абеліска загінуўшым пры вызваленні вёскі воінам, што стаіць ля Дома культуры. Каб аддаць даніну павагі, нізка пакланіцца бронзаваму салдату, ускласці вянкі на брацкую ма-гілу і падарыць жывыя кветкі ветэранам.
Дзякуй вам за Перамогу!
Насця ЗЯНЮК.
Бабулін сусед – франтавік
Мае бабуля Аляксандра і дзядуля Уладзімір жывуць у адной з намі вёсцы – Жарабковічах, таму я вельмі часта бываю ў іх. Побач з імі жывуць старэнькія муж і жонка Праневічы, якім пераваліла за 80 гадоў.
Мінулай вясной, напярэдадні Дня Перамогі, мы ўскладалі вянкі да абеліска загінуўшым воінам. Сярод ганаровых гасцей – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – убачыла я і суседа маёй бабулі Аляксея Паўлавіча Праневіча. На яго грудзях зіхацелі баявыя ўзнагароды.
Мяне зацікавіла, якія гэта ўзнагароды і за што. I аднойчы я завітала да Аляксея Паўлавіча. Ён расказаў, што летам 1944 года, пасля вызвалення Жарабковіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, разам з іншымі аднавяскоўцамі быў прызваны ў Чырвоную Армію і пайшоў на фронт. Яму тады споўнілася 19 гадоў. На фронце Аляксей Паўлавіч быў мінамётчыкам, вызваляў Прыбалтыку. 3 усіх баёў самым памятным для яго стала фарсіраванне ракі Віслы. Бой быў кровапралітным, загінула шмат аднапалчан. Прымаў Аляксей Паўлавіч удзел і ў штурме Берліна – сталіцы Германіі. На Эльбе разам з аднапалчанамі сустракаўся з саюзнікамі.
За баявыя подзвігі ветэран узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”.
Вось такі гераічны сусед маёй бабулі.
Ірына МАХНАЧ.
Ваенны білет – дарагая рэліквія
Вялікая Айчынная вайна не абышла бокам і наш род. Мой прадзед па мамінай лініі Мікалай Іосіфавіч Бурак таксама ваяваў. Яго ўжо даўно няма ў жывых, але ў нашай сям’і як рэліквія захоўваецца ваенны білет прадзеда.
Нарадзіўся Мікалай Бурак у 1914 годзе. За 4 дні да пачатку вайны, 18 чэрвеня 1941 года, ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію ў 208-ы запасны стралковы полк. У маі 1942 года яго накіравалі на Чалябінскі ваенны завод.
Як расказваў мой дзед Іван, сын Мікалая, на тым заводзе выраблялі снарады для гармат, патроны, гранаты. Ля станкоў побач з мужчынамі працавалі жанчыны і падлеткі. Працавалі ў дзве змены па 10-12 гадзін. Ад працы нямелі ногі і рукі, але на гэта ніхто не зважаў: Чырвонай Арміі патрэбны былі боепрыпасы. Ежы не хапала, таму ў вольны час людзі хадзілі па палях, каб знайсці мінулагоднюю бульбіну ці хоць штосьці ядомае.
Прадзед быў дэмабілізаваны ў 1946 годзе. Пасля вайны ён праца-ваў у калгасе “Беларусь”. Працаваў шчыра і сумленна, пра што сведчаць працоўныя ўзнагароды.
Юлія САКАЛОЎСКАЯ.
Люблю і бязмерна ўдзячна
Мае бацькі нарадзіліся пасля вайны. Бабулі і дзядулі падчас Вялікай Айчыннай былі яшчэ дзецьмі. А вось мой прадзед Аляксандр Туцін спаўна адчуў на сабе ваенныя выпрабаванні.
У вайну мой прадзед служыў у Чырвонай Арміі, ваяваў на фронце. У час адной з паветраных атак ворага быў моцна кантужаны, страціў прытомнасць. Так ён апынуўся ў фашысцкім палоне. Над палоннымі фашысты жорстка здзекаваліся, білі, амаль не кармілі.
Пасля заканчэння вайны мой прадзед вярнуўся дадому хворым і слабым. У бальніцы яму ампутавалі абедзве нагі. Многія жыхары вёскі Альхоўцы і цяпер памятаюць хутараніна Аляксандра, што перамяшчаўся на мыліцах, але меў залатыя рукі: плёў кошыкі, рабіў граблі. Гэты занятак падтрымліваў у ім упэўненасць у тым, што ён патрэбны людзям.
Я ніколі не бачыла свайго прадзеда. Але жаль, спагада і бязмерная ўдзячнасць за тое, што ён быў, перапаўняюць маё сэрца.
Святлана ВОЙЦІК.
Вайна ў лёсе майго роду : [паведамленні 5-класнікаў Жарабковіцкай сярэдняй школы на акрэсленую тэму] // Ляхавіцкі веснік. – 2009. – 6 мая. – С. 3.
Пакаленне пераможцаў памятае
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі арганізаваў акцыю «Дзякуй за жыццё!», прысвечаную 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіхзахопнікаў
Звесткі, заснаваныя на рэальных падзях, а таксама асабістыя адносіны маладога пакалення да гераічнага подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны – вось асноўныя патрабавыанні да ўдзельнікаў конкурсу публікацый патрыятычнага характару. Знайшлося шмат юнакоў і дзяўчат, якім ёсць што расказаць, бо ці не ў кожнай сям’і быў ці яшчэ жыве ветэран, захоўваюцца баявыя ўзнагароды – як памяць, як сведчанне бяспрыкладнага подзвігу савецкага народа…
…А побач рваліся снарады
Я хачу расказаць пра чалавека, які пакінуў за сваё жыццё прыкметны след на зямлі. Мая сям’я будзе памятаць пра яго заўсёды і перадаваць з пакалення ў пакаленне гісторыю аднаго подзвігу. Пра яго, Мікалая Аляксандравіча Кнака, урача-хірурга, які ў 50-70 гады мінулага стагоддзя працаваў у Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Як выдат-нага спецыяліста яго ведалі ўсе, а вось як чалавека – нямногія.
Выхоўваўся ён у дзіцячым доме, закончыў сярэднюю школу, працаваў на радыёзаводзе, пасля была вучоба ў Ашхабадскім медыцынскім інстытуце. У 1942 годзе Мікалай Аляксандравіч пайшоў добраахвотнікам на фронт. Служыў у асобнай механізаванай часці пад Сталінградам, узначальваў хірургічнае аддзяленне. У дзень даводзілася выконваць дзесяткі складаных аперацый, суткамі не спаць дзеля выратавання жыццяў параненых байцоў. Вось так ён выратаваў і майго дзядулю, бацьку маёй мамы, якому было на той час усяго 19 гадоў. Іх узвод трапіў у акружэнне, танк быў падбіты. Аднак, нашы байцы мужна стрымлівалі націск ворага, пакуль не падаспелі чырвонаармейцы. У гэтым баі мой дзядуля быў сур’ёзна паранены і трапіў на аперацыйны стол хірурга Мікалая Аляксандравіча, які выратаваў жыццё роднаму нам чалавеку. Пасля дзядуля не раз гаварыў, што на ўсё жыццё запомніў вочы гэтага чалавека, у якіх, здавалася, затаіўся лёс тысяч людзей, якім ён вярнуў жыццё ў тыя далёкія ваенныя гады. Мяне уразіў дзядулеў расказ пра тое, як хірург не спаў па трое сутак, і ва ўмовах, калі побач свісталі кулі і рваліся снарады, ён правёў 6 тысяч аперацый…
Пасля вайны лячыў у Брэсце нямецкіх салдат, якія здаліся ў палон. Гэта было выпрабаваннем, але ўрач заўсёды павінен заставацца ўрачом, яго абавязак ратаваць людзей. I ён ратаваў.
Амаль 30 гадоў працаваў Мікалай Аляксандравіч Кнак у Ляхавічах. За гэты час правёў амаль 11 тысяч аперацый, акрамя таго – штодзённыя прыёмы хворых, дзяжурствы ў бальніцы. У хірурга Кнака былі свае метады лячэння многіх захворванняў – вельмі эфектыўныя, якімі ён з задавальненнем дзяліўся са сваімі маладымі калегамі.
Даўно ўжо няма сярод нас многіх знакамітых нашых землякоў, сярод іх і ўрача-хірурга Мікалая Аляксандравіча Кнака. Але іх жыццёвы подзвіг, мэтанакіраванасць, мужнасць і адданасць сваёй справе з’яўляюцца для нас, маладых, дастойным прыкладам для пераймання.
Вікторыя Жывіцкая,
вучаніца 8-га “В” класа
СШ № 2 г. Ляхавічы,
член прэс–цэнтра “Проба пяра“.
Мы за мір
Вось ужо 65 гадоў над нашай зямлёй мірнае неба, а ваеннае ліхалецце стала гісторыяй. Але мы не маем права забывацца пра подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, бо кожную сям’ю, кожны дом, горад ці маленькую вёсачку вайна закранула сваім чорным крылом. Сёння напамін усім людзям пра тыя страшныя падзеі – помнікі і абеліскі ў розных кутках нашай зямлі: Хатынь і Дальва, Брэсцкая крэпасць і Курган Славы…
Нам патрэбен мір. I каб захаваць яго, мы павінны помніць. Пра кожны подзвіг, кожнага героя, шанаваць ветэранаў і заставацца ўдзячнымі нашчадкамі. Каму, як не беларусам, якія пасля вайны не далічыліся кожнага трэцяга свайго земляка, вядомая цана міру.
Мыхочам зямлю даглядаць, засяваць,
Мы хочам свае гарады будаваць,
Мы хочам, каб кожны ў радасці жыў,
Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў…
Юлія Мілко,
вучаніца 9 класа Начаўскай СШ.
Ты кажаш, я не ведаю вайны…
На жаль, з кожным днём застаецца ўсё менш і менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны—жывых сведкаў тых далёкіх падзей. Вось чаму кожная сустрэча з гэтымі людзьмі, кожны іх успамін для нас – крыніца самых праўдзівых звестак аб мужнасці і гераізме нашых людзей. Нам вельмі патрэбны іх расказы, бо яны вучаць маладое пакаленне любіць і берагчы сваю Радзіму. Так, я не ведала вайны, якая прынесла столькі гора майму народу. Але я памятаю пра яе, пра подзвіг землякоў, вялізарныя ахвяры, прынесеныя ў імя Перамогі над самым жорсткім ворагам – фашызмам. I гэтую памяць я перадам будучым нашчадкам…
Дзіяна Іваноўская,
вучаніца 8-га класа Начаўскай СШ.
Усім сэрцам пакланіся
Мы, унукі і праўнукі загінуўшых воінаў, даглядаем магілы герояў, запальваем вечны агонь славы і памяці, ідзём партызанскімі сцежкамі, каб дакрануцца да свяшчэннага, зразумець, адчуць душой вялікую трагедыю, якую давялося перажыць нашым дзядам і прадзедам, абараняючы наш сённяшні светлы мірны дзень. Мы сустракаем свята Перамогі на Кургане Славы: рапартуем пра свае дасягненні, салютуем, запускаем у неба белых галубоў, спяваем песні… Але ці ўсе ведаюць аб тых баях, якія адбыліся тут на трэці дзень вайны? Вось што піша ўдзельнік баёў у гэтых мясцінах Д. А. Марозаў: “…У Дзень Перамогі я заўсёды асабліва ярка ўспамінаю сваіх таварышаў па зброі, якія загінулі падчас баёў на рацэ Шчара. На ўсходнім яе беразе тады былі пасадкі маладых дрэўцаў. А цяпер вырас сапраўдны лес. На ускрайку яго стаялі нашы гарматы. У двух кіламетрах ад ракі шмат магіл невядомых байцоў, якіх хавалі тады па 2-5 чалавек у адну магілу жыхары Мазурак. Успамінаючы першыя дні вайны, трэба справядліва сказаць, што байцы 55-й дывізіі змагаліся храбра. Падумаць толькі: на нас навалілася цэлае полчышча танкаў. Але, нягледзячы на перавагу сіл пра-ціўніка, нашы артылерысты змагаліся на смерць, паміралі, не адыходзячы ад гармат. Амаль палова гармат нашай дывізіі была змята танкамі ворага… Мы ў неаплатным даўгу перад загінуўшымі за наша шчасце…”
Мільёнамі жыццяў заплачана за мір на зямлі. Няхай жа над ёй заўсёды ззяе сонца і сінее чыстае неба, як у гэтыя светлыя дні 65-й вясны нашай Перамогі.
Анастасія Цісецкая,
вучаніца 8-га “В” класа
СШ №2 г. Ляхавічы.
Жыві і помні
Бесклапотнае дзяцінства, шчаслівае юнацтва. Усё вядома і зразумела ў заўтрашнім дні. Так жыве маё пакаленне — пакаленне нашчадкаў герояў жудаснай вайны. Радуючыся сонцу, блакітнаму небу, першацветам і вясёлцы ў небе, мы павінны памятаць, што ўсё гэта нам падаравалі нашы дзяды і прадзеды, якім тады было крыху больш гадоў, чым нам. Але яны ахвяравалі сваёй маладосцю, а то і жыццём у імя нашага сёння.
Мы імчым па шчаслівым жыцці і часам многае не заўважаем. Вось пры дарозе, пад магутнай бярозай стаіць сціплы помнік. Сучаснік мой, спыніся на хвіліну і пакланіся памяці тых, хто заваяваў для цябе магчымасць жыць, тварыць, кахаць.
Мы павінны жыць і памятаць пра шчодры падарунак сваіх продкаў…
Кацярына Тарлюк,
вучаніца 9-га класа Начаўскай СШ.
Пакаленне пераможцаў памятае // Ляхавіцкі веснік. – 2009. – 6 чэрвеня. – С. 3.
Сказ пра сібірскага Васілька
Плошча Перамогі ў райцэнтры – месца знакавае, свяшчэннае. На гранітным помніку надпіс «Вечная памяць і слава верным сынам нашай Радзімы, 1941-1945 гг.». У гэтых словах – удзячнасць за подзвіг, за магчымасць жыць пад мірным небам, радавацца кожнаму дню. І боль пра тое, што мільёны салдатаў не сустрэлі Перамогу, не вярнуліся дадому, не абнялі родных, не спраўдзілі свае жаданні… Ля брацкай магілы ў самыя важныя святы нясуць ганаровую варту піянеры, чаканяць крок ваенныя. І маладыя ў час вяселля ўскладаюць сюды кветкі.
Цвях П.К., Ткачэнка Г.С., Пакальніс В.І., Ніясаў Д.І.,Мухбаліеў М.М… Усяго 267 прозвішчаў. Некаторыя з іх аднолькавыя – цёзкі. Прадстаўнікі розных прафесій, нацыянальнасцяў, веравызнанняў, з розных куточкаў вялікага Савецкага Саюза засталіся назаўсёды побач у страі вызваліцеляў. Дасёння не ўсе родныя ведаюць дакладнае месца пахавання сваіх салдатаў. Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Перамогі шукаюць блізкіх. Часам пошук гэты прыводзіць іх у Ляхавічы.
На чорным граніце ў трэцім зверху радку аднаго са слупкоў высечана прозвішча «Рудь В. Е.». У далёкай Сібіры ў ліпені 1944 года сям’я атрымала пахавальную: «Ваш сын гвардыі чырвонаармеец Рудзь Васілій Яўгеньевіч, ураджэнец Новасібірскай вобласці Барабінскага раёна, саўгас 29, у баі за Сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, быў забіты 5 ліпеня 1944 года. Пахаваны на могілках сяла Валасачы Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці».
Пакідаў Васілій сваю вялікую сям’ю – бацькоў і чатырох сясцёр – з цяжкім сэрцам, але не ў яго характары было хавацца за спінамі іншых – ён стаў франтавіком.
Праўда, спачатку быў Далёкі Усход. А пасля 96-ю стралковую дывізію, у якой служыў Васілій, адправілі на фронт. Шлях ляжаў праз Новасібірск, і хлопец адбіў дадому тэлеграму, каб сустрэцца з роднымі. Ваенны час унёс свае карэктывы – вестка не трапіла да адрасата. Сястра Васілія Ганна ў той дзень выпадкова апынулася ў Новасібірску – за 300 кіламетраў ад дома. Мінаючы вакзал, убачыла на пероне брата… Момант – і камандзір падае сігнал «па вагонах». Хіба думала дзяўчына, што бачыць Васілька апошні раз?
Сёння Ганне Яўгеньеўне 94 гады. Падводзіць здароўе і памяць не тая, але тую выпадковую сустрэчу раскладае па мінутах. І так балюча сціскаецца сэрца, і горка ад нявыказаных брату слоў, ад таго, што тады нават не было чым пачаставаць яго…
Пра тое, што бабуля ўсё жыццё марыла пабываць на магіле Васілія, рэдакцыі «ЛВ» напісаў унук яе сястры Яўгеній Якушаў. Некалькі гадоў назад ён пачаў вывучаць гісторыю вялікай сям’і Рудзь, складаць генеалагічнае дрэва. Яўгеній атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Сібірскім фэдэральным універсітэце і працуе памочнікам следчага. Так што ўстанаўленне ісціны – яго прафесія. Падштурхнула да пошуку і тое, што назвалі яго ў гонар прадзеда.
У бабулі Ганны, якая засталася адна з усіх сясцёр, на стале стаіць партрэт брата. На ім ён малады і прыгожы, з адкрытым позіркам. У памяці родных – жыццярадасны, клапатлівы і працавіты. Яўгеній пачаў пісаць у архівы, на форумы, адпраўляў запыты, каб высветліць дакладнае месца пахавання дзядулі.
Сібіраку адказаў беларус жыхар вёскі Кавалі Дзмітрый Несцяровіч. Дзіма працуе машыністам на чыгунцы, а яго хобі – гісторыя. Убачыў паведамленне Яўгенія на адным з сайтаў і вырашыў дапамагчы. Адразу адправіўся ў вёску Валасачы – пункт, указаны ў пахавальнай. Паездка не прынесла жаданага выніку.
Дзмітрый Несцяровіч летась у пошуках месца пахавання загінуўшага салдата ўздоўж і ўпоперак аб’ездзіў увесь раён.
Здагадка прыйшла нечакана:
– У паведамленні родным была ўказана вёска, а можа чырвонаармейца пахавалі ў Ляхавічах? На плошчы Перамогі ў райцэнтры знайшоў тое, што шукаў амаль год, – расказвае Дзмітрый.
І, здаецца, няма ўжо адлегласці ў некалькі тысяч кіламетраў,
розніцы ў часе ў чатыры гадзіны паміж Краснаярскам, дзе зараз жывуць родныя салдата Васілія, і Ляхавічамі. Вестцы радаваліся і ў Расіі, і ў Беларусі. Абмен паведамленнямі і фота ў сацыяльных сетках не спыняўся. Сястра Ганна была ўзрушана навіной:
– Дзякуй Богу, што мой брат пахаваны як чалавек. Дзякуй усім, хто памятае, не забывае ні яго, ні іншых салдатаў Вялікай Айчыннай вайны.
96-я стралковая дывізія ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі адбівала атакі ворага і ішла наперад, вызваляючы гарады і вёскі, у тым ліку ў Беларусі. У складзе 28-й арміі Першага Беларускага фронту ўдзельнічала ў Беларускай наступальнай аперацыі. Прарвалі нямецкую абарону на поўдні ад Бабруйска, фарсіравалі раку Пціч і разам з іншымі вайсковымі часцямі 30 чэрвеня 1944 года вызвалілі Слуцк, іншыя райцэнтры, сярод якіх Ляхавічы, Пружаны. Згодна гістарычных звестак, гвардзейцы вызначыліся ў вызваленні Мінска, за што напрыканцы ліпеня дывізія была ўдастоена ордэна Леніна. Гэту падзею Васілій Рудзь ужо не застаў – геройскі загінуў у баях за наш райцэнтр.
Няма большай каштоўнасці ў свеце, чым мір і згода, а яшчэ людская спагада і суперажыванне. Нераўнадушнасць і дабрыня аб’ядноўваюць, у якіх бы каардынатах ні знаходзіліся людзі. У планах Яўгенія – наведаць магілу дзеда, якога ніколі не бачыў. Ускладзе кветкі, прывязе сібірскую зямлю – часцінку яго радзімы. Гэта – правільна!
Наталля Перапечка.
Перапечка, Н. Сказ пра сібірскага Васілька / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. — 2019. — № 14. — 20 лютага. — С. 3.
НАШЧАДКІ ПРА ГЕРОЯЎ
Яшчэ год вучобы, і Паліна Сідор пакіне сцены роднай СШ №1.Якую выбера прафесію, яшчэ пакуль дакладна не вырашыла. Але відавочна адно: дзяўчына янанераўнадушная, з чулай трапяткой душой, шчырым сэрцам. Свае пачуцці і эмоцыі, бачанне жыцця перадае ў школьных сачыненнях, у нататках, даследчых работах,замалёўках. А нядаўна Паліна вырашыла паспытаць свае сілы ў напісанні эсэ, прыняла ўдзел у абласным творчым конкурсе, прысвечаным 65-годдзю Вялікай Перамогі, які быў ініцыіраваны абласной арганізацыяй ГА “Белая Русь” і называўся “Перамога дзеда – мая Перамога“. Са 138 работ, дасланых на конкурс, журы выбрала 8, сярод якіх і эсэПаліны Сідор “Дзеду Івану прысвячаецца…”. Таленавітая вучаніца ўзнагароджана дыпломам удзельніцы конкурсу, а яе бацькам дасланы ліст падзякі.
Прапануем чытачам эсэ Паліны Сідор у скарачэнні.
Дзеду Івану прысвячаецца
Я ведаю яго толькі па фотаздымках
Я іду па бязлюднай вуліцы.
Іду не спяшаючыся. На душы спакой і раўнавага, і таму зусім не хочацца мітусні, не хочацца ніякай імклівасці. Толькі гармонія і раўнавага.
Насупраць гасцініцы, каля будынка “Аховы”, мяне паклікаў па-жылы мужчына. ЁН паказаўся вельмі бяздапаможным: не мог спусціцца з высокага тратуара, каб перайсці дарогу. Я заспяшалася на той бок, але чамусьці захацелася азірнуцца, нейкая незразумелая трывога не давала спакою. Падышла бліжэй і разглядзела мужчыну. Стары чалавек, сівыя валасы выбіваліся з-пад куцатай вушанкі, на ім падпяразанае вынашанае штучнае футра. На старым карычневым пінжаку былі відаць планкі баявых узнагарод. Сняжынкі падалі на маршчыністы твар, раставалі, і гэтыя кроплі напаміналі слёзы. Пасля, як ішла дадому, зразумела, што мне не да-вала спакою – пачуццё віны за яго старую нямогласць, за сваю маладосць і рухавасць…
Я ішла далей, але настрой змяніўся. Паспрабавала ўявіць гэтага чалавека юным, дужым, прыгожым… А перад вачыма паўставаў зусім іншы вобраз – маладога кавалерыста з фотаздымка нашага сямейнага альбома. Гэты кавалерыст – мой прадзед Іван.
Я ведаю яго толькі па фотаздымках, бо дзед Іван памёр, калі мяне яшчэ не было на свеце. Гэта — легендарны чалавек, гонар нашага роду. Пра яго захоўваецца шмат гісторый, на якіх выхоўваемся мы, маладыя, на якіх мы будзем выхоўваць сваіх дзяцей, а тыя – сваіх. На гэтым трымаецца наш радавод. Я ганаруся тым, што ведаю гісторыю свайго роду, і прыкладу ўсе намаганні, каб яна захоўвалася маімі нашчадкамі.
Нарадзіўся Іван Рыгоравіч Дайняк у вёсцы Тумашы ў сям’і беднага селяніна. Маці памерла маладой, пакінуўшы на бацьку траіх малых дзяцей. Рыгор Дайняк пасватаўся да маладой дзяўчыны Алены са шматдзетнай небагатай сям’і. Алена і Рыгор прыжылі яшчэ пяцёра дзяцей. Нягледзячы на тое, што была вялікая сям’я і жылі небагата, са свайго мазаля, – галоднымі не хадзілі. Івану, як старэйшаму, даводзілася брацца за любую работу, але галоўным захапленнем хлопца былі коні. Вяскоўцы дзівіліся, як хлопец разумеў гэтых жывёл, лячыў іх, ведаў нораў і як коні цягнуліся да яго. За сваю работу назбіраў Іван крыху грошай, толькі вось сям’і сваёй не меў. Сваталі яму не адну дзяўчыну, а ён жартаваў, маўляў, мая недзе яшчэ гадуецца. Як у ваду глядзеў. У суседзяў падрастала Грыгаровічава Волька – невысокая, спраўная, каса таўшчынёй з мужчынскую руку. Працавітая і ўвішная, яна запала ў душу Івана.
На грошы, сабраныя на вяселлі, Іван і Вольга паставілі на ўскрайку вёскі невялікую хатку, наладзілі гаспадарку, пасадзілі сад. Хутка нара-дзілася першая дачка – Юлія, якая пасля стала мамай майго таты і маёй бабуляй. На пачатку 1941 года ў Дайнякоў нарадзілася яшчэ адна дачушка – Яніна. А пасля пачалася вайна і здавалася, што ніколі не было таго радаснага мірнага жыцця.
Іх хату не міналі падарожныя і ў мірны час, а цяпер зусім не стала спакою. То ціхенька пастукаюць у вокны партызаны, каб даведацца, ці няма у вёсцы немцаў, то страсуць хату бандыты, каб набраць хлеба і іншых харчоў, то завітаюць салдаты, каб дзед правёў іх праз лужкі да лесу…
У 1943 годзе мой дзед Іван пайшоў на вайну. Трапіў у войска, дзе частка артылерыі мела конную цягу, і яму было даручана наглядаць за конямі. Баец Дайняк смела ішоў у бой, за што заслужыў павагу аднапалчан. Кожны дзень, кіламетр за кіламетрам, рухалася наша армія ўперад, вызваляючы зямлю ад фашысцкай навалы. У адным з успамінаў прадзед расказваў пра баі на Дунаі.
“…Бомбы ляцелі да зямлі з жахлівым выццём, а як грукат сціх, бай-цы ледзь вылезлі з акопаў. Скрозь дым і пыл разгледзелі на супраць-леглым беразе фашысцкія танкі і пачалі весці агонь з уцалеўшых гармат. У большасці гаўбіц не было супрацьтанкавых снарадаў, і стральбу пачалі асколачнымі і фугаснымі. Дыстанцыя вагалася ад 500 да 600 метраў, і з такой адлегласці промахаў амаль не было: калі снарад не прабіваў брані, то рваў гусеніцы, асляпляў глядзельныя шчыліны…”
За ўдзел у гэтым баі прадзед атрымаў першую ўзнагароду – медаль “За адвагу” .
Воінам-вызваліцелем ішоў Іван па Еўропе, дзень за днём набліжаў разам з кулямётчыкамі доўгачаканую Перамогу. Румынія, Балгарыя, Чэхаславакія, Германія… А так хацелася дамоў! Але ён разумеў, што адзіны шлях вяртання – перамога над ворагам. І вось рака Одэр, на якой і сустрэў Іван Дайняк 9 мая 1945 года. Аднак шлях дадому быў яшчэ да-лёкім. Палку, дзе служыў прадзед, быў дадзены новы загад: аднаўляць і будаваць масты…
А ў родную вёску Тумашы ўжо вярнуліся ўсе, хто застаўся ў жы-вых. Прабабуля Вольга з дочкамі ўсё яшчэ чакала свайго салдата. I вось аднойчы зімовым вечарам хтосьці ціхенька пастукаў у акно…
Праз год у сям’і Дайнякоў нарадзіўся сын Іван. Іван Рыгоравіч у гэты час быў ужо брыгадзірам паляводчай брыгады ў родным калгасе імя Ламаносава, а пасля там жа – конюхам. Выраслі дзеці, вывучыліся. Усім ім прадзед Іван дапамог пабудаваць свае хаты, выхоўваў сумленнымі людзьмі ўнукаў. Але жыццё – рэч складаная: у хату прадзеда Івана раптам і зноў завітала…вайна. Старая знаёмая, але з памаладзелым тварам і яшчэ больш жорсткая і страшная. Унука Сяргея (майго тату) забралі служыць у Афганістан. Зноў страшэнная навала крала будучыню ў дзяцей і ўнукаў прадзеда Івана.
Цяпер жыццё прадзеда ператварылася ў бесперапыннае чаканне вестачкі ад унука. ЁН разумеў, што за дзесяцігоддзі, якія прайшлі пасля Вялікай Айчыннай вайны, і зброя, і псіхалогія людзей сталі іншымі. Кожны ліст ад унука перачытваў дзесяткі разоў, кожную тэлетрансляцыю і радыёперадачу слухаў як некалі зводку Саўінфармбюро. Аднойчы прыйшоў чарговы ліст ад Сяргея, у якім ён пісаў, што служба праходзіць нармальна, даслаў фотаздымак у вайсковай форме на фоне бронетранспарцёра. Штосьці ўстрывожыла дзеда. Тапачкі! Чаму ён у тапачках? Заныла сэрца, але выгляду не падаў і толькі ўсё маліўся за воіна Сяргея. Сапраўды, тады мой бацька атрымаў раненне і лячыўся ў Кабульскім шпіталі. Сяргей Сідор – унук Івана Рыгоравіча Дайняка, на афганскай вайне быў доблесным салдатам, і дапамагаў яму ў гэтым прыклад легендарнага дзеда. На шчасце, ён вярнуўся дамоў. Жыццё і зноў стала наладжвацца. Мне шмат чаго расказвалі цікавага пра прадзеда Івана: і мая бабуля Юлія Іванаўна, і мой дзядуля Леанід Іванавіч, і мой бацька, для якога дзядуля Іван – прыклад ва ўсім. ЁН быў узнагароджаны пятнаццаццю ордэнамі і медалямі за баявыя і працоўныя заслугі. А за 2 гады да смерці яго знайшла яшчэ адна баявая ўзнагарода – медаль “За выз-валенне Будапешта”…
Шкада, што вялікія людзі не могуць жыць вечна. Прадзед Іван не дажыў 2 гады да стогадовага юбілею. Унукаў і праўнукаў навучыў любіць жыццё, сваю Айчыну. Ён не раз гаварыў, што самае жахлівае для чалавецтва – гэта вайна. Мы з татам часта глядзім сямейны альбом, успамінаем дзеда Івана, бо ён, яго легендарнае жыццё – гэта ўжо частачка нас, гісторыя нашага роду, гісторыя ўсяго народа.
…Зноў прыйдзе вясна ў наш горад. Зноў сонца разбудзіць зямлю пасля доўгага зімовага сну: распусцяцца лісточкі, з’явяцца першацветы. Кветкі… Колькі ў іх чысціні, светлай загадкавасці, цудоўнай прыгажосці. Яны нясуць людзям гармонію і радасць. Але калі бачу кветкі ля помнікаў загінуўшым салдатам, то разумею, што ў іх ёсць яшчэ адно прызначэнне – гэта памяць, удзячнасць, шанаванне.
Я ўдзячна свайму прадзеду Івану за сваё мірнае жыццё, за выха-ванне, традыцыі, якія буду перадаваць сваім дзецям і ўнукам, для таго, каб працягваўся наш радавод. Таму на магіле майго дзеда, маіх продкаў заўсёды цвітуць кветкі, якія, як і я, апускаюць свае галовы перад імі, увекавечанымі ў бронзе і камяні.
З удзячнасцю і павагай Паліна
Сідор, П. Дзеду Івану прысвячаецца: [эсэ вучаніцы СШ № 1] / Паліна Сідор // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – 5 чэрв. – С. 3.