Агульныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна >>>

Альшакова, В. У Вялікую АйчыннуюЛяхавіцкі раён // Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кнігаЛяхавіцкі раён // Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга

У ВЯЛІКУЮ АЙЧЫННУЮ

 Вераломны напад гітлераўскай Германіі перарваў стваральную працу савецкіх людзей. 3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны народ стаў на абарону сваёй Радзімы.

Ужо 24 чэрвеня 1941 г. на тэрыторыі раёна каля в. Завінне 55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з ворагам. 25 чэрвеня баі працягваліся на рацэ Шчара. Вось што расказаў Міхаіл Попка, які хлапчуком бегаў са сваімі сябрамі да ракі пасля таго, як скончыўся бой: «Уся ўскраіна лесу была пераарана снарадамі. Гарматы папсаваны, каля іх шмат забітых. За агнявымі пазіцыямі ў лесе могілкі коней».

У гэтых баях загінула шмат савецкіх воінаў. Толькі ў брацкай магіле ў  в. Завінне пахавана больш за 200 байцоў. На месцы баёў на рацэ Шчара ў 1967 г. насыпаны Курган Славы.

Ажыццяўляючы свае чалавеканенавісніцкія планы, нямецка-фашысцкія захопнікі ўстанавілі на тэрыторыі раёна крывавы акупацыйны рэжым. Ахвярамі захопнікаў найперш сталі савецкія актывісты, былыя члены КПЗБ, камсамольцы. Фашысты рабавалі і спальвалі вёскі, за час акупацыі знішчылі каля 5 тысяч мірных жыхароў, больш за 500 чалавек вывезлі на катаржныя работы ў Германію.

Аднак расправы над патрыётамі не запалохалі савецкіх людзей. На тэрыторыі раёна разгарнулася партызанская барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Начальнік Ляхавіцкага жандарскага ўчастка дакладваў акруговаму ўпраўленню:

 «6 жніўня 1942 года начальнік умацаванага пункта Мядзведзічы накіраваў нарад з 11 паліцэйскіх, які пайшоў праз Тальмінавічы, Асосы, Савейкі і прыбыў у Лапацічы. Пры выхадзе з вёскі нарад раптоўна абстралялі з жыта. Забіта пяць паліцэйскіх… Партызан было каля 100 чалавек, узброены яны кулямётамі і аўтаматамі…

6 верасня 1942 г. ў Шчэрбаве з’явіліся партызаны… Яны былі ўзброены пісталетамі, аўтаматамі, кулямётамі. Партызаны патрабавалі, каб памешчыца падзяліла ўраджай паміж вясковымі жанчынамі, а рабочым маёнтка дала соль і газу… Затым яны пайшлі ў напрамку Крывошына…

…13 кастрычніка 1942 г. ў 7 гадзін нарад у саставе вахмістра Зіферта, мяне і 20 паліцэйскіх на дзвюх грузавых машынах суправаджалі адпраўку зерня з Ліпска на чыгуначную станцыю. Нарад з нагружанымі машынамі і сялянскімі падводамі па дарозе быў абстраляны. Увесь абоз вымушаны пад прыкрыццём вярнуцца назад і пайшоў у напрамку Нетчына і Хацяжа да маёнтка Берасневічы. Па шляху нас увесь час праследавалі і абстрэльвалі. Партызан налічвалася 50 чалавек, якія былі ўзброены аўтаматамі, хуткастрэльнымі пісталетамі. Пад напорам партызан нарад адступіў і пакінуў 7 сялянскіх падвод з зернем. Мы мяркуем, што гэты налёт быў падрыхтаваны і аб ім добра ведалі сяляне…»

У 1942 г. на тэрыторыі раёна дзейнічалі атрады імя М. А. Шчорса, імя В. I. Чапаева, імя К. Я. Варашылава. Атрады пад камандаваннем А. П. Брынскага, I. М. Банава, А. Д. Цыганова (Цыганкова) і іншыя былі аб’яднаны пад кіраўніцтвам палкоўніка Р. М. Лінькова (пазней злучэнне называлася аператыўным цэнтрам, з канца 1942 г. ягоўзначальваў I. М. Банаў). У кастрычніку 1942 г. з Вялікай зямлі прыбыла група партызан на чале з К. П. Арлоўскім.

Мясцовыя патрыёты ўліваліся ў партызанскія атрады, станавіліся сувязнымі і разведчыкамі. Па-геройску змагаліся супраць захопнікаў былыя вучні Ляхавіцкай школы. У 1942 г. Іосіф Канцылярчык, былы старшыня вучкома, устанавіў сувязь з атрадам Цыганова. У 1943 г. ён стаў сувязным партызанскага атрада К. П. Арлоўскага. Камсамолец арганізаваў баявую патрыятычную групу ў вёсках Малышы і Крывошын. Фашысты схапілі Іосіфа Канцылярчыка, здзекаваліся над ім. Нічога не даведаўшыся, яны расстралялі камсамольца. Выдатным партызанскім разведчыкам быў Іван Мікалаевіч ІОруць з вёскі Меляхі. Да вайны ён працаваў загадчыкам хаты-чытальні пры Цыганскім сельсавеце, сакратаром камсамольскай тэрытарыяльнай арганізацыі. Напачатку вайны ён збіраў зброю, боепрыпасы і перадаваў іх партызанам, пазней стаў сувязным атрада Цыганова. Вясною 1943 г., калі ішоў да партызан, трапіў на засаду карнікаў і загінуў.

У красавіку 1943 г. Слуцкі падпольпы міжрайком зацвердзіў упаўнаважаным па Ляхавіцкім раёне С. К. Дзесюкевіча, у верасні быў арганізаваны Ляхавіцкі падпольны райком КП(б)Б. Райком базіраваўся ў партызанскім атрадзе імя С. Г. Лазо, са студзеня 1944 г.— у партызанскай брыгадзе 19-й імя В. М. Молатава.

На тэрыторыі раёна дзейнічаў партызанскі атрад імя С. Г. Лазо, створаны ў красавіку 1943 г., на базе дыверсійных груп А. А. Адамава і А. Ф. Астапава, накіраваных у жніўні 1942 г. ў варожы тыл паводле рашэння ЦК КП(б)Б. У студзені 1944 г. з атрадаў імя С. Г. Лазо, імя Г. К. Жукава і імя М. I. Кутузава была створана партызанская брыгада 19-я імя В. М. Молатава. На тэрыторыі раёна дзейнічала і партызанская брыгада 20-я імя В. С. Грызадубавай.

Многія жыхары Ляхаўшчыны папоўнілі партызанскія атрады, некаторыя сталі сувязнымі. Вялікую дапамогу народным мсціўцам аказвалі Рыгор Антонавіч Шастак, Антон Жук з Перахрэсця, Вера Чэшка і Надзея Рагацэвіч з Вострава. Бясстрашнымі сувязнымі былі Іван Касянкоў, Міхаіл Ільюкевіч, Станіслаў Татарыновіч з Асосаў і іншыя. У партызаны ішлі сем’ямі жыхары вёсак Залужжа і Свяціца. Адважна змагаліся з фашыстамі Фёдар Мішкевіч і яго сын Аляксандр, па рахунку якога 8 падарваных эшалонаў. Бясстрашнымі народнымі мсціўцамі былі браты Канстанцін, Міхаіл і Іосіф Бурчыцы, Мікалай Малевіч, Канстанцін Макарэвіч, Канстанцін Малевіч і многія іншыя.

Партызаны ўстанавілі сувязь з моладдзю вёскі, арганізоўвалі патрыятычныя і камсамольскія групы. Падпольныя камсамольскія групы дзейнічалі ў в. Асосы, Альхоўцы, Ліпск, Востраў, Любейкі. У 1943 г. раённая падпольная камсамольская арганізацыя налічвала 140 чалавек. Партызаны Сяргей Матоўкін і Аляксей Любімаў стварылі патрыятычную групу ў в. Шчаснавічы. Яе ўзначаліла Марыя Васько. Сувязной стала яе сястра Алена. Падпольшчыцы распаўсюджвалі лістоўкі і падпольную газету «Савецкі патрыёт», перадавалі партызанам звесткі аб праціўніку. Патрыятычныя групы дзейнічалі таксама ў в. Буды, Хацяж, Цыгань.

23 чэрвеня 1944 г. пачалася адна з буйнейшых стратэгічных наступальных аперацый Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне — Беларуская аперацыя, якая атрымала кодавую назву «Баграціён». Вораг, адступаючы пад магутным націскам савецкіх войск, люта супраціўляўся. Аднак у пачатку ліпеня 1944 г. войскі 1-га Беларускага фронту, якія вялі наступленне ў напрамку Бабруйск — Слуцк — Баранавічы — Брэст, ачысцілі ад ворага поўдзень Мінскай вобласці і падышлі да Ляхавіцкага раёна. 19-я механізаваная брыгада (камандзір палкоўнік У. В. Яршоў) 1-га Краснаградскага механізаванага корпуса конна-механізаванай групы 1-га Беларускага фронту абышла групоўку ворага лясамі і выйшла на Брэсцкую шашу ў раёне Сіняўкі, перарэзаўшы шляхі адыходу праціўніку. 5 ліпеня брыгада разам з часцямі 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр М. М. Данілаў) 3-га стралковага корпуса 28-й арміі, 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі (камандзір генерал-маёр А. Р. Фралянкоў) і 65-га асобнага танкавага палка (камандзір падпалкоўнік М. Дз. Амельчанка) завязала бой за Ляхавічы, якія былі ўмацаваным пунктам абароны праціўніка, таму ён аказаў тут упартае супраціўленне. Але са-вецкія часці абышлі ворага з флангаў, прарвалі абарону і ўварваліся ў горад. Завязаліся вулічныя баі. Пры вызваленні Ляхавіч савецкія воіны яшчэ раз прадэманстравалі мужнасць і гераізм. Асабліва вызначыліся камандзір танкавай роты старшы лейтэнант М. А. Багрыцэвіч, танкавыя экіпажы лейтэнанта Лутошкіна і малодшага лейтэнанта Ветрава. У баях за Ляхавічы смерцю храбрых загінуў камуніст I. В. Хмыроў. Вось радкі з яго пісьма пляменніку:  «Вярнуся дадому. Мы выканалі свой свяшчэнны абавязак… Мы не былі героямі, проста любілі сваю Радзіму, глыбока шанавалі Савецкую ўладу». У 23 гады загінуў пры вызваленні Ляхавіч ураджэнец горада Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Пётр Южакоў, зараз яго імя носіць адна з вуліц Ляхавіч. Пры вызваленні горада вызначыліся таксама маёр М. Б. Барысачкін, гвардыі малодшы лейтэнант Мяркур’еў, Просекаў, Пракудзінаў, Зуйкін, Едуноў, Бажэнаў, Уласенка, Сідарэнка, Маргун і інш. Раніцай 6 ліпеня савецкія войскі працягвалі наступленне, і да сярэдзіны дня горад быў амаль поўнасцю ачышчаны ад ворага.

Савецкія часці выйшлі на паўднёва-заходнюю ўскраіну горада і акапаліся на ўсходнім беразе Ведзьмы, якую з ходу фарсіраваць не змаглі. Гітлераўцы аказалі моцнае супраціўленне. У 2-й палавіне дня 6 ліпеня ў небе зявіліся «Ілы», якія сталі падаўляць агнявыя кропкі ворага. Адначасова ўдарыла наша артылерыя. Вораг быў выбіты з занятых пазі-цый. Баі былі вельмі напружаныя, гітлераўцы не раз пераходзілі ў контратакі. Праяўляючы гераізм і стойкасць, савецкія воіны пераадолелі супраціўленне ворага і вызвалілі вёскі Малая Лотва, Вялікая Лотва, Конькі, Туркі, Сакуны, Федзюкі.

67-ы стралковы полк (камандзір С. А. Піразеў) 20-га стралковага корпуса 28-й арміі ступіў на Ляхавіцкую зямлю 5 ліпеня 1944 г. ў раёне вёскі Тальмінавічы і рухаўся ўздоўж Брэсцкай шашы. Менавіта тут, у раёне шашы, полк дабіўся буйнага поспеху. Яго байцы разам з самаходным танкавым палком у цяжкім баі разграмілі кавалерыйскі корпус ворага. У гэтым баі вызначыўся камандзір батальёна камуніст Гагарышвілі Шата Мікалаевіч, 1921 г. нараджэння. Ён умела правёў разведку і выявіў штаб кавалерыйскага корпуса і полк пяхоты, які ахоўваў штаб. Батальён Гагарышвілі нечаканай атакай разграміў варожы штаб і захапіў 56 палонных, якія далі каштоўныя звесткі. Ш. М. Гагарышвілі загінуў у раёне Брэста. Яго баявыя заслугі Радзіма адзначыла двума ордэнамі Чырвонага Сцяга і ордэнам Аляксандра Неўскага. Імем Гагарышвілі названа вуліца ў вёсцы Тальмінавічы. У вызваленні раёна прымалі ўдзел таксама 20-я стралковая (камандзір генерал-маёр I. Ф. Іаскевіч) і 48-я (камандзір гене-рал-маёр Г. М. Корчыкаў) дывізіі 28-й арміі.

На франтах Айчыннай вайны змагалася каля 4 тысяч воінаў-землякоў, больш за паўтары тысячы чалавек загінулі і прапалі без вестак, звыш трохсот вярнуліся інвалідамі. Поўнымі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў сталі Аляксандр Іванавіч Малевіч з в. Ліпск і Рыгор Фёдаравіч Нагорны з в. Пранчакі.

Многія жыхары раёна вызначыліся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ордэнам Леніна, пяццю іншымі ордэнамі ўзнагароджаны Іван Фёдаравіч Шаціла. Высокіх баявых узнагарод былі ўдастоены Міхаіл Васілевіч Шэйка, Васіль Лявонцьевіч Лобан, Павел Раманавіч Галавач, Арцём Якаўлевіч Астравух, Васіль Мікалаевіч Каравы, Мікалай Іванавіч Гапеепка, Мікалай Трафімавіч Сакалоў, Віктар Пятровіч Кідзін, Яфім Іванавіч Бандарэнка, Міхаіл Аляксеевіч Некрашэвіч, Павел Пятровіч Зайчанка, Барыс Трафімавіч Чубрык, Герасім Пятровіч Варачкін, Мікалай Аляксандравіч Кнак, Пётр Пятровіч Логінаў, Уладзімір Фёдаравіч Рогач, Мацвей Пятровіч Шляпаў, Міхаіл Сямёнавіч Адаменка, Іван Рыгоравіч Пузакоў, Міхаіл Іванавіч Галадок, Іосіф Іосіфавіч Дыдышка, Савелій Кузьміч Ярага, Аляксей Рыгоравіч Ракашэвіч, Адам Андрэевіч Булаты, Уладзімір Васілевіч Пабягайла, Пётр Іосіфавіч Малевіч,  Аляксандр   Адамавіч   Арлоўскі,   Іван Антонавіч Лёгкі і іншыя.

                                                   Вольга Альшакова

 Альшакова, В. У Вялікую Айчынную / Вольга Альшакова // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 189-193.

ЛЯХАВІЦКІ РАЁН

  Размешчаны на паўночным усходзе Брэсцкай вобласці. Утвораны 15.1.1940 г. 14.10.1957 г. да яго далучана частка Быценскага раёна. Цэнтр — горад Ляхавічы. 124 сельскія населеныя пункты (1994). Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Малагарадзішчанскі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі.

24—25.6.1941 г. ў раёне Ляхавічаў вялі ўпартыя баі з фашысцкімі войскамі часці 55-й стралковай дывізіі (палк. Д.І.Іванюк). Праціўнік панёс вялікія страты ў танках i артылерыі. 26.6.1941 г. горад быў захоплены фашысцкімі войскамі. На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія брыгады 8-я, 19-я імя В.М.Молатава, 20-я імя В.С.Грызадубавай, партызанскія атрады імя С.М.Кірава, «Сокалы», І.П.Топкіна, «Запарожцы», партызанскае злучэнне Чорнага (І.М.Банаў), Ляхавіцкія падпольныя рай­комы КП(б)Б i ЛКСМБ. Партызаны 20-й брыгады імя В.С.Грызадубавай толькі ў верасні — кастрычніку 1943 г. на ўчастку Баранавічы—Лунінец падарвалі некалькі эшалонаў праціўніка i некалькі соцень рэек. У лістападзе 1943 г. атрад імя В.П.Чкалава i жыхары вёскі Залужжа разбурылі 5 км вузкакалейкі на ўчастку Востраў — Крывошын, а партызаны атрада «За Радзіму» i жыхары вёсак Тухавічы i Рагачы больш як 300 м чыгуначнага палатна. Партызаны 19-й брыгады імя В.М.Молатава толькі ў красавіку — чэрвені 1944 г. зрабілі некалькі дыверсій на чыгуначным участку Баранавічы — Лунінец i на аўтамабільных дарогах, падарвалі многа эшалонаў i аўтамашын, знішчылі дзесяткі кіламетраў тэлефонна-тэлеграфных ліній, правялі баі з гітлераўцамі, у т.л. каля вёскі Залуж­жа (11 красавіка 1944) разам з 20-й брыгадай імя В.С.Грызадубавай каля вёскі Мінічы (4 ліпеня 1944) за мост праз раку Шчара.

Вызвалены раён войскамі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку. Горад Ляхавічы вызвалены 5.7.1944 г. часцямі 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га гвардзейскага стралковага корпуса 28-й арміі i 19-й механізаванай брыгады 1-га механізаванага корпуса. Гітлераўцы ў горадзе аказалі ўпартае супраціўленне. Савецкія войскі абышлі ворага з флангаў, прарвалі фашысцкую абарону, уварваліся ў горад i пасля цяжкіх баёў вызвалілі яго.

За гады вайны на тэрыторыі раёна фашысты за­губілі каля 240 мірных жыхароў, на франтах i ў партызанскай барацьбе загінулі 1375 чалавек (у т.л. партызан i падпольшчыкаў каля 140 чалавек). На тэрыторыі раёна пахавана каля 1000 савецкіх воінаў i партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, спалена 13 вёсак.

Сярод ураджэнцаў раёна — Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Г.С.Здановіч (10.4.1900, в.Крывошын — 6.7.1984; указ 8.9.1945) i поўныя кавалеры ордэна Славы: А.І.Малевіч (15.3.1920, в.Ліпск — 29.5.1994), Р.Ф.Нагорны (5.12.1925, в.Пранчакі — 3.11.1963).

 ЛЯХАВІЧЫ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі 43 ча­лавекі, з ix не вярнуліся з фронту 38 чалавек.

Брацкая магіла савецкіх вoiнaў . На вуліцы Леніна. Пахаваны 14 воінаў, якія загінулі ў 1941 г. i 1944 г. ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1975 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Брацкая магіла савецкіх вoiнаў i партызан. На плошчы Перамогі, у цэнтры горада. Пахаваны 249 воінаў i 4 партызаны, якія загінулі ў баях у 1941—44 г. Сярод ix — воіны 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі i 19-й механізаванай брыгады, што загінулі пры вызваленні Ляхавічаў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У 1955 г. на магіле ўстаноўлены 2 помнікі — скульптурная група (2 воіны) i стэла. На стэле высечаны імёны пахаваных i надпіс-прысвячэнне 19-й парты­занскай брыгадзе імя В.М.Молатава.

Магiла ахвяр фашызму. На вуліцы імя Арлоўскага, на тэрыторыі дзіцячага сада № 4. Пахаваны мірныя жыхары, расстраляныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 г. На магіле ўстаноўлены абеліск.

Магіла ахвяр фашызму. Паміж вуліцамі імя Арлоўскага i Кастрычніцкай. Пахава­ны мірныя жыхары, расстраляныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 г. У 1993 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Магіла Раганава Івана Мацвеевіча. На могілках. І.М.Раганаў загінуў 1.3.1948 г. пры выкананні службовых абавязкаў. На магіле ўстаноўлены абеліск.

  АЛЬХОЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

  У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі звыш 70 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 47 чалавек.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. Вёска Вадзяціна, на могілках. Пахаваны 2 савецкія воіны (адзін з ix — гвардыі лейтэнант М.І.Цацын, імя другога невядома), якія загінулі ў баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г. У 1967 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Брацкая магіла савецкіх вoiнaў. Вёска Задвор’е, на тэрыторыі льнозавода. Пахаваны 3 воіны, якія загінулі ў Вялікую Айчын­ную вайну. У 1985 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Магіла ахвяр фашызму. Веска Альхоўцы, каля дарогі Альхоўцы—Ляхавічы. Пахава­ны 10 жыхароў вёскі, расстраляных 6.7.1941 г. нямецка-фашысцкімі акупантамі. У 1985 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

 ВОСТРАЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі каля 260 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 168 чала­век.

Брацкая магiла партызан. Вёска Тухавічы, на могілках. Пахаваны 5 партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1967 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Брацкая магіла савецкіх вoiнаў i партызан. Вёска Востраў, на могілках. Пахаваны 14 воінаў i партызан, якія загінулі ў 1941—44 г. у баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. У 1957 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Брацкая магіла чырвонаармейцаў, савецкіх воінаў i парты­зан. На паўночнай ускраіне вёскі Востраў. Паха­ваны 6 чырвонаармейцаў 9-га пяхотнага палка, якія загінулі 25.3.1919 г. ў баі супраць польскіх інтэрвентаў, i 14 савецкіх воінаў i партызан, што загінулі пры вызваленні раёна ў 1944 г. У 1946 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Магіла Кучарэнкі І.П. Вёска Рагачы, на могілках. Савецкі лётчык І.П.Кучарэнка загінуў 24.6.1941 г. ў баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1947 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

 ГАНЧАРОЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі каля 80 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 74 чалавекі.

 ЖАРАБКОВІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі каля 190 чалавек, з іx не вярнуліся з фронту 137 чала­век.

Брацкая магiлa савецкіх воінaў. У цэнтры вёскі Жарабковічы. Пахаваны 15 воінаў, якія загінулі ў 1941 г. i 1944 г. ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1957 г. на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура салдата.

Магіла ахвяр фашызму. Вёска Жарабковічы, на могілках. Пахаваны 14 жыхароў вёскі, расстраляных гітлераўцамі 19—20 ліпеня 1941 г. У 1965 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Магiлa Кічылы Марціна Юльянавіча. Вёска Канюхі, на могілках. Удзельнік грамадзянскай вайны М.Ю.Кічыла 4.5.1919 г. расстраляны белапольскімі акупантамі. У 1929 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Магіла Кухарчыка Майсея Амбросавіча. За 3 км ад вёскі Зарытава, у полі. Герой грамадзянскай вайны М.А.Кухарчык у 1919 г. на Брэстчыне стварыў i ўзначаліў партызанскі атрад (140 байцоў), які дзейнічаў пад Ляхавічамі. Загінуў 5.6.1919 г., калі коннікі-разведчыкі, сярод якіх быў М.А.Кухарчык, натрапілі на засаду польскіх акупантаў. У 1965 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Помнік землякам.У цэнтры вёскі Сваятычы. На ўшанаванне памяці 25 аднавяскоўцаў — воінаў i партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчын­ную вайну, у 1967 г. ўстаноўлены абеліск.

 КОНЬКАЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі звыш 80 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 60 чалавек.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. У цэнтры вёскі Дарава, каля аўтамабільнай дарогі Ляхавічы—Баранавічы. Пахаваны 35 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура салдата. Каля падножжа помніка Вечны агонь.

Брацкая магiлa савецкіх воiнаў i ахвяр фашызму. Ba ўсходняй частцы вёскі Туркі. Пахаваны 10 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941 г. i 1944 г., i 7 мірных жыхароў, расстраляных гітлераўскімі карнікамі ў чэрвені 1941 г. У 1965 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

 КРЫВОШЫНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінуў 371 ча­лавек, з ix не вярнуліся з фронту 347 чалавек.

Брацкая магiлa савецкіх воінаў i партызан. У цэнтры вёскі Крывошын. Пахаваны 16 савецкіх воінаў i 2 партызаны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура салда­та.

Брацкая магіла савецкіх воінаў i партызан. У цэнтры вёскі Свяціца. Пахаваны 10 воінаў i партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура воіна.

Магіла ахвяр фашызму. За 2 км на поўнач ад вёскі Крывошын. Пахаваны 6 жыхароў вёскі Залужжа, расстраляных у маі 1942 г. нямецка-фашысцкімі акупантамі. У 1978 г. на магіле ўстаноўлена пліта.

Помнік землякам. У цэнтры вёскі За­лужжа. На ўшанаванне памяці 60 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1968 г. ўстаноўлены абеліск.

Помнік землякам. У цэнтры вёскі Ліпск. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1987 г. пастаўлены помнік.

   КУРШЫНАВІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ

  У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі звыш 60 чалавек, з ix не вярнуўся з фронту 41 чалавек.

 МАЛАГАРАДЗІШЧАНСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі каля 150 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 126 чала­век.

Брацкая магiла савецкiх воiнaў. На паўднёвай ускраіне вёскі Вялікае Гарадзішча. Пахаваны 29 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г. Сярод ix воіны 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі 28-й арміі, што загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні вёскі. У 1961 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура салдата.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. У цэнтры вёскі Завінне. Пахаваны 245 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод ix — воіны 54-й гвардзей­скай стралковай дывізіі, якія вызвалялі раён у пачатку ліпеня 1944 г. У 1967 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура салдата.

Помнік землякам. Вёска Волька, каля будынка клуба. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1985 г. ўстаноўлены абеліск.

 НАВАСЁЛКАЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі каля 150 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 129 чала­век.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. У цэнтры вёскі Адахаўшчына. Пахаваны 3 воіны, якія загінулі ў ліпені 1944 г. ў баях за вызваленне Ляхавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У 1965 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Брацкая магіла савецкіх вoiнaў. У цэнтры вёскі Навасёлкі. Пахаваны 58 воінаў, якія загінулі ў 1944 г. Сярод ix — воіны 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі, што загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У 1965 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура воіна.

Помнік землякам. Вёска Вялікая Лотва, каля будынка клуба. На ўшанаванне памяці землякоў (21 чалавек), якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1985 г. ўстаноўлены абеліск.

Помнік землякам. Вёска Ураджайная, каля будынка клуба. На ўшанаванне памяці 40 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1968 г. ўстаноўлены абеліск.

  НАЧАЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

  У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі больш як 100 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 85 чала­век.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. Ва ўсходняй частцы вёскі Грушаўка. Пахаваны 40 воінаў, якія загінулі ў 1941 г. i 1944 г. ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1960 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Магіла ахвяр фашызму. За 1 км на поўнач ад вёскі Жарскія. Пахаваны 20 савецкіх актывістаў, загубленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—44 г. У 1974 г. на магіле ўстаноўлена стэла.

Помнік землякам. У цэнтры вёскі Нача. На ўшанаванне памяці 66 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1994 г. пастаўлены помнік — скульптура воіна (скульптар М.М.Якавенка, архітэктар Л.В.Макарэвіч) i мемарыяльная пліта з імёнамі загінуўшых.

 ПАДЛЕСКІ СЕЛЬСАВЕТ

 У Айчынную вайну 1941—45 г. загінулі каля 120 чалавек, з ix не вярнуліся з фронту 100 чала­век.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. Вёска Падлессе, каля школы. Пахаваны 139 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941 г. i 1944 г. Сярод іx — воіны 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі i 19-й механізаванай брыгады, што загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні Ляхавіцкага раёна. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура воіна.

Брацкая магiлa савецкіх воiнaў. На заходняй ускраіне вёскі Улазавічы. Пахаваны 3 воіны, якія загінулі ў Вялікую Айчын­ную вайну. У 1985 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Помнік землякам. Вёска Зубелевічы, каля клуба. На ўшанаванне памяці 29 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1985 г. ўстаноўлены абеліск.

  Ляхавіцкі раён // Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга. – Мінск. – БелЭн, 1995. – С. 88-91.

 

Ляхавіцкі раён

У пачатку Айчыннай вайны Ляхавіцкі раён абараняла і адступала з баямі 55-я стратковая дывізія.

24—25 чэрвеня 1941 г. савецкія воіны вялі жорсткія баі на р. Шчара каля в. Завінне, чым затрымалі рух да Мінска і Бабруйска галоўнай ударнай групоўкі варожых войскаў армій «Цэнтр» — 2-й танкавай групы Гудэрыяна. Ва ўшанаванне подзвігу чырвонаармейцаў на месцы бою ў 1967 г. ўзведзены Курган Славы.

24 чэрвеня каля пераправы цераз р. Шчара вялі бой з варожымі войскамі байцы 111-га і 228-га стралковых палкоў, 1-га дывізіёна 141-га гаўбічнага палка, 129-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна. Калі загінуў увесь разлік 122-мм гаўбіцы, камандзір кулямётнага ўзвода В.І.Радзівонаў стаў за гармату і падбіў 3 танкі праціўніка.

24 чэрвеня ў час бою каля в. Завінне М.А.Андрыянава вынесла з поля бою больш за 20 параненых артылерыстаў і ў канцы ліпеня вывела 65 чалавек параненых да перадавых пазіцый 47-га стратковага корпуса. За гэты подзвіг яна ўзнагароджана орлэнам Чырвонай Зоркі.

26 чэрвеня 1941 г. няменцка-фашысцкія войскі захапілі Ляхавічы.

Ужо ў верасні 1941 г. на тэрыторыі раёна ў ваколіцах Крывошына пачала дзейнічаць першая партызанская група на чале з камандзірам Чырвонай Арміі А.Званковым, якая складалася з вайскоўцаў, што выходзілі з акружэння, і былых ваеннапалонных, якім удалося ўцячы з няволі. Група нападала на варожыя ўстановы, нарыхтоўчыя пункты, знішчыла арганізаваны акупантамі маёнтак у Рэпіхаве. Суровая зіма шмат дзе ў Беларусі прымусіла першыя партызанскія групы і атрады, многія з якіх не мелі для зімоўкі ні баз, ні запасаў, поўнасцю ці часткова згарнуць сваю дзейнасць.

У 1-й палавіне 1942 г. на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна дзейнічалі атрады імя Шчорса (камандзір П.В.Пранягін), імя Чапаева (М.С.Фядотаў), імя Варашылава (Б.М.Міхайлоўскі) і іншыя, якія базіраваліся ў суседніх ці недалёкіх раёнах. У самім Ляхавіцкім раёне партызанскіх баз не было. У ліпені 1942 г. з-пад Лепеля быў перакінуты разведвальна-дыверсійны атрад палкоўніка Р.М. Лінькова, да якога неўзабаве далучыліся партызанскія групы лейтэнанта Г.М.Картухіна і капітана С.П.Каплуна, а таксама закінутая самалётам з-за лініі фронту група «Чорнага» (І.М.Банава). Восенню ў атрад уліліся брэсцкія партызанскія групы, якія, вырваўшыся з блакады, выйшлі да

Выганаўскага (Выганашчанскага) возера. Атрад Лінькова, які ў канцы 1942 г. ўзначаліў І.М.Банаў, аб’яднаў партызанскія атрады і групы, у жніўні 1943 г. афіцыйна атрымаў статус аператыўнага цэнтра. Атрады, падпарадкаваныя цэнтру, дзейнічалі на вялікай тэрыторыі — ад Баранавіч і Брэста да чыгункі Ковель—Сарны на поўначы Украіны. 3 лета 1942 г. на ўсход ад Выганаўскага возера базіраваліся дыверсійная група А.П.Брынскага і група І.Банава. У Машукоўскім лесе — партызанская група А.Д.Цыганова (Цыганкова) і (з кастрычніка) група дэсантнікаў «Сокалы» на чале з К.П.Арлоўскім. Папоўніўшыся мясцовымі жыхарамі і байцамі больш дробных груп, гэтыя групы паступова выраслі ў буйныя атрады, адначасова стваралася разгаліна-ваная падпольная сетка (у красавіку 1944 г. падпольныя групы на тэрыторыі раёна налічвалі 138 толькі камсамольцаў), паступова тэрыторыя раёна стала для партызан варотамі да Баранавіч. У лістападзе 1942 г. з часткі атрада Брынскага быў утвораны атрад С.П.Каплуна, неўзабаве гэтыя 2 атрады былі перакінуты на Украіну. У лістападзе 1943 г. атрады аператыўнага цэнтра на чале з Банавым пасля рэарганізацыі былі накіраваны на тэрыторыю Польшчы. Пасля гэтага партызанскі рух на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна набыў новае арганізацыйнае афармленне. Яшчэ ў красавіку 1943 г. ў раён быў накіраваны ўпаўнаважаны Слуцкага падпольнага міжрайкома С.К.Дзесюкевіч, разам з ім прыйшлі дыверсійныя групы А.Ф.Астапава і А.А.Адамава, з якіх быў утвораны атрад імя Лазо (у жніўні—верасні дзейнічаў у Слуцкім раёне). У верасні 1943 г. быў утвораны Быценскі падпольны міжрайком (сакратар Р.Дз.Румянцаў) і Ляхавіцкі падпольны райком КП(б)Б (сакратар С.К.Дзесюкевіч), у кастрычніку —  Ляхавіцкі падпольны райком ЛКСМБ, 24 кастрычніка выйшаў першы нумар Газеты Ляхавіцкага падпольнага райкома КП(б)Б «Савецкі патрыёт». Падпольны райком партыі базіраваўся ў атрадзе імя Лазо (камандзір А.Ф.Астапаў), які размяшчаўся ў Машукоўскім лесе. У пачатку лістапада 1943 г. было ўтворана партызанскае злучэнне Паўднёвай зоны Баранавіцкай вобласці, у якое ўвайшлі брыгада імя Грызадубавай (утворана ў ліпені 1943 як брыгада Ц.М.Сухарукава, з верасня 1943 імя Грызадубавай, са студзеня 1944 — 20-я імя Грызадубавай; камандзір з верасня 1943 С.С.Жарыкаў, з ка-стрычніка 1943 В.З.Іваноў; камісары — М.І.Засмужыц, В.З.Іваноў, з кастрычніка 1943 Р.Дз.Румянцаў, з мая 1941 І.Я.Пархоўчанка), асобныя атрады імя Жукава, імя Лазо, імя Кірава, імя Жданава — усяго 850 партызан. У злучэнне таксама ўвайшлі 18-я брыгада імя Фрунзе, асобныя атрады 200-ы, 620-ы, імя Чапаева. У студзені 1944 г. ў складзе злучэння на базе атрадаў імя Жукава, імя Лазо і атрада імя Кутузава са складу брыгады імя Фрунзе была створана 19-я брыгада імя Молатава (камандзіры — В.І.Каробкін, з мая 1944 Я.П.Луцэнка; камісар С.К.Дзесюкевіч). Акрамя таго, у складзе брыгады імя Грызадубавай дзейнічалі створаныя ў снежні 1943 г. атрады мясцовай самаабароны вёсак Залужжа, Тухавічы і Раздзялавічы (Ганцавіцкага раёна).

17 лютага 1943 г. група партызан атрада «Сокалы» на чале з К.П.Арлоўскім знішчыла ў Машукоўскім лесе каля в.Раскоп галоўнага камісара Баранавіч групенфюрэра СС Фенса, Баранавіцкага гебітскамісара Шцюра, 8 старшых афіцэраў СС, каля 40 салдат аховы. У гэтым баі

К.П.Арлоўскі быў цяжка паранены, калі ад фашысцкай кулі ў яго руках выбухнуў толавы зарад. Партызанскі ўрач вымушаны быў ампутаваць яму правую руку і тры пальцы на левай. Аднак ён працягваў камандаваць атрадам да пачатку жніўня. У верасні 1943 г. К.П.Арлоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

3 лютага 1944 г. партызаны атрада імя Чкалава брыгады імя Грызадубавай выбілі карны атрад з в.Рагачы, уратаваўшы вёску ад поўнага знішчэння. 10 красавіка 1944 г. партызаны 19-й брыгады імя Молатава адбілі наступленне карнікаў на Залужжа і Тухавічы, знішчыўшы ў баі каля 80 карні-каў.

За час акупацыі карнікі спалілі ў раёне 13 вёсак, в. Свяціца яны палілі двойчы — у студзені і сакавіку 1943 г., другім разам вёска была спалена поўнасню, большасць жыхароў уратавалася, схаваўшыся ў лесе.

Ляхавічы і раён вызвалены 5 ліпеня 1943 г. часцямі 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га гвардзейскага стралковага корпуса 28-й арміі і 19-й механізаванай брыгады 1-га механізаванага корпуса з конна-механізаванай групы 1-га Беларускага фронту, 193-й стралковай дывізіі (камандзіг Герой Савецкага Саюза А.Р.Фралянкоў) 65-й арміі і 65-га асобнага танкавага палка. Поўдзень раёна вызвалялі 67-ы стралковы полк і 48-я гвардзейская стралковая дывізія 20-га стралковага корпуса 28-й арміі.

65-ы асобны танкавы полк у баях за Ляхавічы знішчыў да 150 варожых салдат і афіцэраў, 4 гарматы, 6 кулямётаў, падбіў 2 танкі.

Батальён пад камандаваннем Ш.М.Гагарышвілі разграміў у вёсцы Тальмінавічы варожы штаб, захапіў у палон 50 салдат і афіцэраў праціўніка. Г.Ш.Гагарышвілі загінуў у баях за Брэст. Яго імя носіць вуліца ў вёсцы Тальмінавічы.

Г.Е.Шагун удзельнічаў у ваенным парадзе 7 лістапада 1941 г. на Краснай плошчы ў Маскве. Адтуль яго баявы шлях пралягаў праз Мцэнск да Фракфурта-на-Одэры. Сярод ураджэнцаў Ляхаўшчыны Герой Савецкага Саюза Г.С.Здановіч (нарадзіўся ў в. Крывошын; званне прысвоена 8.9.1945),

камандзір стралковай дывізіі, генерал-маёр, удзельнік абароны Беларусі, Сталінградскай бітвы, вызваляў Украіну, Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію, вайну закончыў на Далёкім Усходзе; 2 поўныя кавалеры ордэна Славы А.Л.Малевіч (нарадзіўся 15.3.1920 у в. Ліпск) і Р.Ф.Нагорны (нарадзіўся 5.12.1925 у в. Пранчакі).

На франтах загінулі больш за 1,5 тыс. жыхароў Ляхаўшчыны; каля 5 тыс. мірных жыхароў сталі ахвярамі фашысцкага тэрору: больш за 500 чалавек вывезены на прымусовыя работы ў Германію.

У кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён» названы прозвішчы 416 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна і пахаваны на яго тэрыторыі; 1141 прозвішча воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах вайны; 335 прозвішчаў партызан, удзельнікаў антыфашысцкага падполля, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сем’яў і мірных жыхароў — ахвяр фашысцкай агрэсіі.

Сотні жыхароў раёна ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.

На тэрыторыі раёна 43 помнікі і абеліскі, устаноўленыя у памяць тых, хто загінуў за Радзіму.

Кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён» выдадзена ў 1989 г. выдавецтвам «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.

Ляхавіцкі раён // Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга. – Мінск: БелЭН, 2005. – С. 126-129.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed