Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі

У Беларусі захаваліся ўнікальныя абрады, прымеркаваныя да Святак, — пяць з іх нават узятыя пад ахову дзяржавы

Жаніцьба Цярэшкі

У Лепельскім раёне з 7 па 13 студзеня праводзіцца абрад у гонар Цярэшкі — бога шлюбу і плоцкага кахання, апекуна моладзі. У адной з хат тая збіраецца на танцы, а апоўначы хтосьці са старэйшых аб’яўляе аб намеры “жаніць Цярэшку” і выбірае з жанатых аднавяскоўцаў “бацьку” і “матку”, якія павінны заняцца ўсталяваннем “вяселля”. Яны выводзяць з гурта хлопца і дзяўчыну, “перакручваючы” іх у абрадавым танцы. З гэтага часу маладыя завуцца “дзед” і “баба” (звычайна ў пары злучаюцца хлопцы і дзяўчаты, якія ўжо сімпатызуюць адзін аднаму). Затым пачынаецца самая вясёлая частка абраду, насычаная гумарам, музыкай і песнямі-цярэшкамі. Не абыходзіцца і без застолля. Часта адбывалася, што неўзабаве пасля гульні “дзед” і “баба” спраўлялі сапраўднае вяселле.

Цары

У вёсцы Семежава Капыльскага раёна ў Шчодры вечар (13 студзеня) ладзяць віншавальнае прадстаўленне, у якім удзельнічаюць толькі юнакі і маладыя мужчыны — цары. Звычайна іх сем і ў кожнага ёсць сваё імя — цар Максімільян, цар Мамай, цар Іван Грозны і гэтак далей. Удзельнічаюць у абрадзе і іншыя героі: лекар, механоша, гарманіст, барабаншчык, “дзед” і “баба”. З надыходам цемры цары пачынаюць хадзіць па хатах — спачатку па тых, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты. У руках калядоўшчыкі нясуць запаленыя паходні, што надае працэсіі незвычайную відовішчнасць. У кожнай хаце разыгрываюцца жартоўныя прадстаўленні. Лічыцца, што чым лепш гаспадары аддзячаць царам, тым багацейшы будзе наступны год.

Шчадрэц
Шчадраванне з удзелам “дзеда”, “бабы”, казы, жураўля, каня і іншых калядных персанажаў праходзіць 13 студзеня ў вёсцы Рог Салігорскага раёна. Галоўная тут каза — сімвал пладавітасці і жыццёвай энергіі. А вось найбольш адметнай і ўнікальнай з’яўляецца берасцяная маска “дзеда”, аналагаў якой няма нідзе ў Беларусі. Яна вырабляецца з цэльнага куска бяросты ў выглядзе шапкіцыліндра з морквай замест носа і прарэзамі для вачэй і рота. Падчас прадстаўленняў у вясковых хатах спяваюць песні, скачуць, “засяваюць” зерне. Гаспадары частуюць шчадроўнікаў, а тыя выказваюць ім добрыя пажаданні.

Куры
Гэты абрад праводзіцца 13 студзеня ў Клічаўскім раёне. У ім задзейнічаны толькі дзеці ва ўзросце 6—14 гадоў (“куры” і “кураняты”). Яны апранаюцца ў абрадавае адзенне і ідуць па вёсцы з каляднай зоркай, пачэснае месца ў якой займаюць абразок Божай Маці і свечка. Падыходзячы да хаты, дзеці пачынаюць спяваць калядныя песні, а гаспадары частуюць іх блінамі, салам і цукеркамі.

Каляду на дуба цягнуць

Гэты абрад адбываецца ў Бярэзінскім раёне 21 студзеня і заканчвае калядныя святкаванні. Саламяную ляльку Каляды, апранутую ў жаночае адзенне, садзяць на сані, разам з ёй бяруць звараную ў гаршку куццю, кола ад воза або барану і цягнуць усё да дуба ў полі або ў канцы вёскі. Старое саламянае пудзіла і кола здымаюць з дрэва і спальваюць, а на дуб усцягваюць новую ляльку, кола і куццю, каб яны садзейнічалі багатаму ўраджаю. Вакол дуба спяваюць абрадавыя песні, водзяць карагоды, а потым адпраўляюцца на сумеснае частаванне з музыкай і гульнямі.

http://ng.sb.by/mirovye-novosti/article/pryyshl-kalyadk-bl-ny-dy-aladk.html

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed