Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Ждановіч Іван
Ждановіч Іван Іванавіч, журналіст, паэт, вандроўнік
(нар. 11.09.1960)
Іван Ждановіч нарадзіўся ў вёсцы Яцкаўшчына Ляхавіцкага раёна. Закончыў Жарабковіцкую СШ, факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржуніверсітэта. Потым, калі пайшоў вучыцца на ваенную кафедру, пачалося супрацоўніцтва з газетай Ленінградскай ваеннай акругі “На страже Родины”. З 1982 г. па размеркаванню трапіў на працу ў газету “Чырвоная змена”. Пасля двухмесячнай стажыроўкі адправілі ў Брэст на два гады ўласным карэспандэнтам, потым пераехаў у Мінск карэспандэнтам у адзел рабочай і сельскай моладзі. Яшчэ ў школе пачаў пісаць вершы. Многія з яго твораў змяшчаліся ў рэспубліканскім друку, асобныя з і пакладзены на музыку. Працаваў у газеце “Чырвоная змена”, на радыё. Тады і захапіўся тэмай турызму: сам хадзіў на байдарках, вандраваў па гарах Заходняга Каўказа, на лыжах па Карэліі. Здзейсніў на працягу 120 дзён 2800 кіламетраў падарожжа на мяжы Беларусі. Потым пісаў пра свае турыстычныя падарожжы. За час вандроўкі напісаў больш за 100 вершаў, штодзень рабіў дзённікавыя запісы. Разам з групай падарожнікаў сабралі найкаштоўнейшы матэрыял. Было шмат рамантычных планаў: пісаць кніжкі, вершы, займацца сельскай гаспадаркай. Потым прыйшла прапанова папрацаваць у часопісе “Беларусь”. Некаторы час быў намеснікам рэдактара часопісаў “Роднае слова” і “Беларусь”, адказным сакратаром газеты “Советская Белоруссия”. Іван Ждановіч – галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы”.
Чалавек сусвету
Вядомы журналіст Іван Ждановіч аб прафесіі ды ягоных стасунках з рэчаіснасцю Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва — аўтарскі калектыў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” ў складзе загадчыка аддзела Івана Ждановіча і спецыяльнага карэспандэнта Кацярыны Мядзведскай. У інтэрв’ю “Народнай газеце” Іван Ждановіч успомніў свой шлях у прафесіі, падзяліўся меркаваннямі пра асаблівасці сённяшняга жыцця і пашкадаваў аб страчаным рамантызме.
— Калі ў 1977 годзе я паступіў у Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт, то трапіў з маленькай вёскі Яцкаўшчына Ляхавіцкага раёна адразу ў вялікі горад. Там, натуральна, усё для мяне было новае. Па прыродзе я рамантык, вершы пісаў яшчэ са школы, а тут было жорсткае рэальнае жыццё. Пра ўсё даводзілася клапаціцца самому, бацькі былі далёка.
— Падчас вучобы, напэўна, узніклі стасункі з ленінградскімі рэдакцыямі?
— Канешне! Да гэтага нас адразу падштурхоўвалі нашыя цудоўныя педагогі. Адзін з іх нават сустракаўся з Эрнэстам Хемінгуэем. Яны адразу нам казалі: наладжвайце сувязі, вы павінны знаходзіцца ў жывым журналісцкім працэсе, іначай нічога з вас не атрымаецца. З другога курса я ўвайшоў у студсавет Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён размяшчаўся ў тым жа доме, дзе некалі жыў Аляксандр Блок. Пісаў пра справы студсавета ў газету ўніверсітэта. Потым, калі пайшоў вучыцца на ваенную кафедру, пачалося супрацоўніцтва з газетай Ленінградскай ваеннай акругі “На страже Родины”. У нашым інтэрнаце жыў вядомы сёння журналіст Леанід Парфёнаў. Ён ужо тады супрацоўнічаў з ленінградскай маладзёжкай “Смена”, з “Комсомольской правдой”. Было цікава назіраць за поспехамі Леаніда, чытаць яго публікацыі.
— Як прайшло вашае размеркаванне? Гэта заўсёды нервовы працэс для студэнтаў.
— Аднойчы я напісаў нарыс пра Івана Яфімавіча Грышановіча, беларуса, які падчас ленінградскай блакады быў камісарам на “Дарозе жыцця”. Даслаў гэты нарыс у “Чырвоную змену”. Якраз набліжалася размеркаванне. Я разумеў: ад’язджаць далёка ад дому мне нязручна, бацькі прасілі, каб я быў бліжэй. На канікулах прыехаў у рэдакцыю “Чырвонай змены”, мы пазнаёміліся з галоўным рэдактарам Нэлі Іванаўнай Калеснік. У 1981 годзе я праходзіў практыку і ў газеце “Знамя юности”, але там працаваў больш з пісьмамі і не ўразіў творчымі здольнасцямі галоўнага рэдактара.
Так у жніўні 1982 года я з’явіўся ў “Чырвонай змене”. Мяне пасля двухмесячнай стажыроўкі адправілі ў Брэст на два гады ўласным карэспандэнтам, потым я пераехаў у Мінск карэспандэнтам у адзел рабочай і сельскай моладзі. Займаўся яшчэ “ваенна-патрыятычным выхаваннем”. Тады і захапіўся тэмай турызму: сам хадзіў на байдарках, вандраваў па гарах Заходняга Каўказа, на лыжах па Карэліі. Потым пісаў пра свае турыстычныя падарожжы.
— Як прайшлі для вас 1990-я, калі было шмат перамен, калі Беларусь стала незалежнай? Што адчувалі — уздым, эйфарыю?
— На мітынгі не хадзіў, а эйфарыя была. І адначасова мяне шмат што трывожыла. Калі ў чалавека няма перашкод, то ён бянтэжыцца. Павінна быць нейкае духоўнае напружанне ўвесь час. І вельмі добра для росту асобы, калі ёсць тое, што трэба абараняць, калі ёсць за што змагацца. Тады беларуская мова стала дзяржаўнай, быў вялікі патэнцыял для яе далейшага развіцця. Аднак некаторых мовазнаўцаў, пісьменнікаў пацягнула ў палітыку — можа, ім проста не хапала “перашкод”?
— А з часопісам “Роднае слова” што вас звяло?
— Можна сказаць, лінія лёсу. У 1995 годзе мы з маёй будучай жонкай Валянцінай, якая таксама працавала ў “Родным слове”, арганізавалі паломніцтва ў Полацк, прымеркаваўшы яго да 5 чэрвеня, дня памяці святой Еўфрасінні Полацкай. Палічылі, што паломнічаць трэба не ў аўтобусе ці аўто, а так, як раней гэта рабілі нашыя продкі. Была простая самаробная палатка, невялікі запас ежы. У тым падарожжы на Ушаччыне вялі душэўныя размовы і ў нас узнікла цікавая ідэя: як было б добра абысці ўсю Беларусь пешшу! Збіралі з ганарараў па капейцы і ў 1996 годзе звольніліся абое з працы і пачалі рыхтавацца да падарожжа. У сярэдзіне красавіка выправіліся ў нашае “хаджэнне ў трыдзясятае царства” і 120 дзён былі ў дарозе. Абышлі Беларусь супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі, пачаўшы з Друі, і ў Друю праз чатыры месяцы вярнуліся.
Напэўна, мы гэта рабілі для самапазнання. За час вандроўкі я напісаў больш за 100 вершаў, штодзень рабілі дзённікавыя запісы. Найкаштоўнейшы сабралі матэрыял!
— А пасля падарожжа трэба было неяк зноў упісвацца ў соцыум?
— Скажу шчыра — мне гэтага не хацелася. Было шмат рамантычных планаў: пісаць кніжкі, вершы, займацца сельскай гаспадаркай. Я з’ехаў у родную Яцкаўшчыну і прасядзеў там больш за месяц. У бацькоўскім садзе быў выдатны ўраджай. Я насабіраў там яблык, сліў…
— Іван Іванавіч, які вы ўсё ж такі рамантык…
— Потым прыйшла прапанова папрацаваць у часопісе “Беларусь”, галоўнаму рэдактару Аляксандру Шабаліну патрэбны былі людзі. Так мы і пачалі там працаваць: я — намеснікам галоўнага рэдактара, Валянціна — адказным сакратаром. Дарэчы, Шабалін хацеў унесці прапанову ў Саюз журналістаў: прысуджаць прэміі “Лепшаму адказнаму сакратару”. І Валянціну хацеў на яе вылучыць — лічыў яе вельмі моцнай на гэтай пасадзе. Там мы здорава папрацавалі і вельмі прыгожы, добры часопіс рабілі. Аднак напачатку 2000-х пачаліся праблемы з фінансаваннем. Зарплаты сталі мізэрныя, часопіс, бывала, раз у два-тры месяцы выходзіў, і мы вырашылі: трэба нешта мяняць.
Я спрабаваў рабіць нават пластыкавыя лодкі, думаў пайсці ў будаўнікі, завязаць з журналістыкай. А неяк мой былы калега прапанаваў папрацаваць на рынку “Ждановічы”. І я там быў два гады прэс-сакратаром. Даводзілася займацца рознымі справамі: і стэнды рэкламныя вазіў, і з журналістамі працаваў, і матэрыялы для буклету і сайта рыхтаваў…
І гэта важная старонка ў маёй біяграфіі. Бо там я зразумеў, што гэта зусім не маё. Вырашыў вярнуцца ў журналістыку. Трэба было вучыць сына, які застаўся ў першай сям’і, думаць пра яго вышэйшую адукацыю… Мяне ўзялі ў “Советскую Белоруссию”. У асноўным я пісаў пра навуку, некаторы час быў у рэдакцыйным праекце “Канферэнц-залы”, пісаў для газеты “СОЮЗ”.
— А як з’явіўся ў вашым лёсе штотыднёвік “Голас Радзімы”?
— Калі ў 2006 годзе газету “Голас Радзімы” далучылі да “СБ”, праз некаторы час, ведаючы пра маю працу ў “Родным слове”, мне прапанавалі заняцца гэтым праектам. Пяць гадоў я быў проста спецыяльным карэспандэнтам, потым павысілі — стаў рэдактарам аддзела — адказным сакратаром.
Сёння адчуваю — за мной газета. Кожны тыдзень павінен з калегамі ўсё зрабіць ад а да я, пачынаючы ад тэм і заканчваючы коскамі ды кропкамі ў падпісных палосах. Спачатку мы часта выкарыстоўвалі матэрыялы інфармацыйных агенцтваў, але паступова напрацавалі сувязі з няштатнымі аўтарамі з беларускіх суполак замежжа. Сёння для “Голасу Радзімы” пішуць аўтары з Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана… Пра нас ведаюць, і мне такая творчая праца вельмі падабаецца.
НАША ДАВЕДКА
Газета “Голас Радзімы” выходзіць з 1955 года, выдаецца на беларускай мове. З 2006 года гэта адно з выданняў рэдакцыi газеты “Советская Белоруссия”, арыентаванае найперш на беларусаў замежжа. Тыраж — каля 2000 экзэмпляраў, а сайт www.sb.by/golas/ на партале “СБ” робіць выданне, у тым ліку яго архіў, даступным для чытачоў па ўсім свеце.
Валянцін Пепяляеў
З ліпеня 2018-га газета “Голас Радзімы – у складзе Рэдакцыйна-выдавецкай установа «Выдавецкі дом “Звязда”». Іван Ждановіч, галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы”