Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Флер’янова. Алея ў гонар Элізы Ажэшкі.

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Флер’янова>>>

Барадзіна, В. Маналогі Вольгі Барадзіной. Заверасніла... Канько, Г. Алеі Ажэшкі быць!Барадзіна, В. Парку з радаслоўнай – быць! Барадзіна, В. Вакол ажэшкінскага парку

Маналогі Вольгі Барадзіной

Заверасніла

Заўчора начное неба было захутана коўдрай з аблокаў – неверагоднае ў разнастайнасці адценняў шэра-чорнага. Учора яно радыкальна памяняла імідж: густы аксаміт, шчодра ўсыпаны зоркамі, — убранне для асабліва ўрачыстых выпадкаў. Відаць, такі здарыўся з серады на чацвер. Ну, канешне, паглядзім y вераснёўскі каляндар: 9-га – сусветны дзень прыгажосці! Мяркуйце, не ў разгар шыкоўнай вясны, a цяпер, увосень, калі заверасніла…

Бы доказ правільнасці выбару даты — неверагодныя, фантастычныя, непараўнальныя ў сваёй пранізліва-дёрзка-ашаламляльнай прыгажосці кветкі. Вытанчаныя астры, як кавалачкі зорнага неба, што апусцілася на зямлю (слова “астра” значыць “зорка”). Дразніць пах мілых аксамітак, трымаецца ў паветры, быццам стаў яго абавязковым кампанентам. Каралевы верасня – вяргіні – не схіляюць галовы ні пад неспадзяванай сонечнай ласкай, ні пад манатонна-занудлівым дажджом.

Які шчодры ўсплеск прыгажосці, якія шыкоўныя пейзажы, і як не хочацца думаць пра тое, што хутка іх перакрэсляць мароз і сцюжа. Але гэта будзе пазней. Яшчэ выбухнуць нерэальнасцю цуда ліпы і ясені, клёны і бярозы, дубы і каштаны, калі пафарбуюць сваё лісце вераснёўска-кастрычніцкай фарбай – ад залатога да барвовага. У кожнага чалавека, мусіць, ёсць сваё любімае дрэва. У кагосьці гэта вішанька, пасаджаная ў дзяцінстве, y кагосьці рабіна пад акном кватэры, з якою першай вітаешся штораніцу, раскрываючы шторы, a каму даражэй за ўсё бярозка, што мільгне перад вачыма на дарозе, ці сасна на беразе Шчары, ці векапомны асілак-дуб, які памятае безліч гісторый і сам ужо стаў гісторыяй…

Дарэчы, такі ёсць і ў нашым раёне. У 1909 годзе Эліза Ажэшка пасадзіла ў Флер’янове дуб, які і сёння, праз стагоддзе, напамінае пра вядомую пісьменніцу, чароўную жанчыну, лірычную натуру. “Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць y крышталі духмянага паветра”, — гэта радкі з ліста Элізы Ажэшкі, калі яна гасцявала ў Флер’янове. Дрэвы звычайна перажываюць людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб распасцёр крону высока-высока: сто гадоў для яго – не ўзрост. Але ўсё ж сотня. I можа напаткаць ураган ці маланка, ці проста хвароба – дрэвы ж таксама хварэюць і старэюць, яны таксама, y рэшце рэшт, паміраюць. A чаму б не зрабіць так, каб ажэшкінскае дрэва жыло доўга-доўга, каб яно стала амаль неўміручым? Гэта зусім не складана, і гэта па сілах чалавеку. Нам з вамі, дарагія чытачы, юнакам і дзяўчатам з бээрэсэмаўскімі білетамі, школьнікам, каляджанам, эколагам, леснікам — усім, хто зацікавіцца ідэяй і яе ажыццяўленнем.

Трэба ўсяго толькі жаданне, цеплыня сэрца і рук, прага захаваць памяць надалей-надалей, усведамленне асабістага дачынення і саўдзелу да бесперапыннага маршруту ў часе ў накірунку “было-ёсць-будзе”. Зусім не складана сабраць жалуды, пасадзіць іх y гадавальнік, вырасціць дрэўцы, якія ў свой час высадзіць алеяй ці скверам. Уяўляеце, дуб, пасаджаны Элізай Ажэшка, шматразова паўторыцца, шматразова напомніць, шматразова нашэпча штосьці з паданняў, штосьці з былін.

Мы гаворым пра памяць, пра яе шанаванне, мы ўздыхаем: было… і шкадуем пра незваротнае. Слова “настальгія” гучыць рамантычна і загадкава, і часам хочацца пасумаваць, светла ўспомніўшы, светла прыгадаўшы. Вось тут стаяў домік, y якім жыла сама дабрыня ў абліччы бабулі, што ўсіх прахожых частавала яблыкамі са свайго саду… A вунь там была лавачка, ля якой прызначалі спатканне закаханыя… I, здаецца, на месцы шматпавярховіка калісьці знаходзіўся гарадскі рынак… Час цячэ бесперапыннай плынню — то павольна, то вірліва, то штарміць. Скарбонка памяці расце, y гісторыі ўсё больш гісторый, берагі мінулага становяцца яшчэ далей. Каб жа не згубілася, не здарожылася там, за пройдзеным гарызонтам, дарагое і роднае сэрцу! Роднае народнае. Дарагое наша. Шчымлівае сваё. Наколькі можна гэта затрымаць, захаваць, зберагчы – настолькі трэба пастарацца. Памкненнем сэрца, працавітасцю рук, нераўнадушнасцю і цеплынёй душы.

…Давайце сустрэнемся — мы ці нашы дзеці, a потым унукі, праўнукі — пад кронамі дубоў на цяністай алеі альбо ў парку. Успомнім пра будучыню, азірнёмся на мінулае і паслухаем шэпт дрэў, што сталі працягам таго, пасаджанага непаўторнай Элізай Ажэшка. I гэты працяг не будзе выпадковасцю, a прымножанай беражліва, сардэчна памяццю.

Барадзіна, В. Маналогі Вольгі Барадзіной. Заверасніла… / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – 11 верасня. – С. 10.

Алеі Ажэшкі быць!

Сёлета ў “ЛВ” №69 за 11 верасня ў сваіх чарговых “Маналогах” пад назвай “Заверасніла” галоўны рэдактар раёнкі Вольга Барадзіна выказала арыгінальную ідэю як захаваць для нашчадкаў памяць пра вядомую польскую пісьменніцу Элізу Ажэшка. Пра яе сувязь з Ляхавіччынай сведчыць дуб, які яна пасадзіла ў 1909 годзе ў Флер’янове.

Задумка даволі простая і не патрабуе асаблівых фінансавых укладанняў. “Гэта зусім нескладана, і гэта па сілах чалавеку. Нам з вамі, дарагія чытачы, юнакам і дзяўчатам з бээрэсэмаўскімі білетамі, школьнікам, каляджанам, эколагам, леснікам – усім, хто зацікавіцца ідэяй і яе ажыццяўленнем”, – гаворыцца ў публікацыі. I цудоўна, што заклік зберагчы і прымножыць гісторыю не толькі быў пачуты, але і пачаў увасабляцца ў жыццё.

Як паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Баргамон, y кастрычніку ідэя пачала рэалізоўвацца. Актывісты БРСМ і супрацоўнікі райінспекцыі сабралі жалуды ад ажэшкінскага дуба. Зapaз жалуды “адпачываюць” – знаходзяцца ў стане спакою, які неабходны любому віду насення. Праз пэўны час іх перасадзяць y спецыяльныя гадавальнікі, з іх вырастуць маладзенькія дрэўцы, якія потым утвораць алею ці сквер. Можна не сумнявацца, што алеі Ажэшкі быць! Пройдуць гады, і нашы нашчадкі будуць адпачываць пад разгалістымі кронамі дубоў “з радаслоўнай”, марыць пра будучыню і ў шэпце лісця слухаць расказы пра мінулае, y якіх абавязкова знойдзецца месца і аповяду пра Элізу Ажэшка і пасаджаны калісьці ёю дуб.

Галіна КАНЬКО

Канько, Г. Алеі Ажэшкі быць! / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – 30 кастрычніка. – С. 3.

Парку “з радаслоўнай” – быць!

Усё пачалося з газетнай публікацыі “Заверасніла”…

(“ЛВ” № 69, 11.09.2010 г.)

У сваіх «Маналогах» аўтар выступіла з прапановай, якую папярэдне абмеркавалі і падтрымалі ўсе «веснікаўцы».

“…У 1909 годзе Эліза Ажэшка пасадзіла ў Флер’янове дуб, які і сёння, праз стагоддзе, напамінае пра вядомую пісьменніцу, чароўную жанчыну, лірычную натуру…

Дрэвы звычайна паражываюць людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб распасцёр крону высока-высока: сто гадоў для яго – не ўзрост. Але ўсё ж сотня. I можа напаткаць ураган ці маланка, ці проста хвароба – дрэвы ж таксама хварэюць і старэюць, яны таксама, y рэшце рэшт, паміраюць. A чаму б не зрабіць так, каб ажэшкінскае дрэва жыло доўга-доўга, каб яно стала амаль неўміручым?

…Зусім нескладана сабраць жалуды, пасадзіць іх y гадавальнік, вырасціць дрэўцы, якія ў свой час высадзіць алеяй ці скверам…”

Вось, па сутнасці, прапанова, калі яе выказаць лаканічна, без асаблівых філасофскіх разважанняў.

Мясцовая моладзь і эколагі дапамаглі газетчыкам y зборы насеннага матэрыялу – жалудоў. Праект “ЛВ” зацікавіў старшыню раённай ветэранскай арганізацыі, Гэроя Сацыялістычнай Працы Гэнрыха Траццяка. Вынікам гэтай зацікаўленасці стаў адказ: так! – парку з ажэшкінскіх дубоў быць! Вызначана нават месца для яго – там, дзе некалі ў Флер’янове рос сад старых яблынь.

Але гэта яшчэ не ўсё. Складзены пералік работ, якія неабходна ажыццявіць для адраджэння парка-сядзібы ў Флер’янове, стварэння тут, y будынку былой канторы, якая размяшчалася ў колішнім палацы Бохвіцаў, музея Элізы Ажэшкі. Дарэчы, сёлета будзе святкавацца 170-годдзе з дня яе нараджэння. I надзвычай сімвалічна і дарэчы ўзяцца за справу менавіта цяпер. Магчыма, пазней, чым хацелася б, але, як кажуць, лепш пазней, чым ніколі.

Гэты праект узгоднены са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, які яго адобрыў. Кіраўнік раёна паставіў свой подпіс і завізаваў мерапрыемствы 23 лютага.

Вельмі прыемна, што знайшлося разуменне з боку старшыні СВК “Шлях новы” Аляксандра Вашчука, які таксама выказаўся за станоўчае вырашэнне “лёсу” праекта. Ён узгоднены з дырэктарам лясгаса Міхаілам Свістуном і начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Баргамонам. Кіраўніцтва праектам узяў на сябе Гэнрых Траццяк.

“ЛВ” як ініцыятар справы будзе яе заўсёдным удзельнікам, спадарожнікам і адказным за вынік.

Вольга БАРАДЗІНА

Барадзіна, В. Парку “з радаслоўнай” – быць! : Усё пачалося з газетнай публікацыі “Заверасніла”… / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – 12 сакавіка. – С. 4.

Вакол ажэшкінскага парку

Ура! Задуманае атрымалася, спраўдзілася: насупраць векавога дуба, пасаджанага Элізай Ажэшкай у 1909 годзе ў фальварку Бохвіцаў y Флер’янове, на адлегласці некалькіх метраў ад яго — нованароджаны парк з пакуль яшчэ танюткіх кволенькіх саджанцаў. Дакладней, паркам ён стане пазней, калі дрэўцы набяруць моц, падрастуць, закучаравяцца кронай. Сёння ж — 100 дубкоў, сярод якіх і прарошчаныя з жалудоў ажэшкінскага, укараняюцца і прывыкаюць да свайго пастаяннага месца жыхарства. Дата нараджэння парку — 21 красавіка 2011 года.

Шчыравалі над пасадкай навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа на чале з першым сакратаром райкама БРСМ Тамарай Пракап’юк, начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Баргамонам, якімі, у сваю чаргу, кіравалі Герой Сацыялістычнай працы, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Генрых Траццяк і яго паплечнік, палкоўнік у адстаўцы Валянцін Багатыроў.

Урачыстасць і важкасць моманту неперабольшаныя. Расці парк! Будуць цягнуцца да сонца і дубкі, пасаджаныя старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, a таксама старшынёй СВК “Шлях новы” Аляксандрам Вашчуком, якія не проста завіталі, каб пабачыць-паназіраць за дзействам, a сталі яго ўдзельнікамі. Прасцей кажучы, узялі ў рукі лапаты і з веданнем справы пасадзілі па дрэўцу. Тут жа знаходзіліся і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, і, натуральна, супрацоўнікі раёнкі.

Падзею гэту — пасадку парку — для раёна можна лічыць гістарычнай і ў прамым, і ў пераносным сэнсе гэтага слова. Звязаная з гісторыяй, яна нібы злучае мінулае, сённяшні дзень і будучыню.

А пачыналася ўсё з публікацыі “Заверасніла” пад рубрыкай “Маналогі…”. Менавіта ў ёй была агучана ідэя рэдакцыі: даць працяг ажэшкінскаму дубу – пасадзіць парк ці алею з “радаслоўнай”.

Частка саджанцаў такой і з’яўляецца, астатнія ахвотна прадастаўлены мясцовым лясгасам.

Ідэя стала іскрай, з якой y добрым сэнсе гэтага паняцця разгарэлася полымя. Яе падтрымаў і актыўна падключыўся да ажыццяўлення нераўнадушны Генрых Траццяк. У выніку сумесных разважанняў і пошукаў з’явіўся план адраджэння сядзібы Бохвіцаў y Флер’янове. План маштабны і прыгожы, пра яго больш падрабязна пагаворым пазней. Адзначу, што адобрыў яго кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук. Першы пункт намечанага ўжо выкананы: y падрыхтаваную сіламі СВК “Шлях новы” зямлю пасаджаны маладзенькія дубкі. Нованароджаны парк трэба даглядаць, паліваць дрэўцы і сачыць за парадкам. I працягваць шчыраваць вакол сядзібы. A пазней, магчыма, калі ўсе мы вельмі пастараемся і захочам, тут адновіцца стары дом Бохвіцаў і з’явіцца музей. I многае іншае, але пра гэта пазней.

Расці, ажэшкінскі парк! Цябе прыдумала раёнка, a дапамаглі ажыццявіць ідэю нераўнадушныя, улюбёныя ў свой край землякі. Такія мы — ляхавічане!

Вольга БАРАДЗІНА

Барадзіна, В. Вакол ажэшкінскага парку / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – 27 сакавіка. – С. 1.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed