Пранчак Леанід. Крытычныя матэрыялы.

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Пранчак Леанід >>>

Андруковіч, А. “… Пачуццяў шчырых схова”Гардзей, В. «З Богам гавару на роднай мове…»Пранчак, Л. І. Жыццё – кароткае, Радзіма – вечная

«…ПАЧУЦЦЯЎ ШЧЫРЫХ СХОВА»

 

ВЕРШЫ I ПЕСНІ ЛЕАНІДА ПРАНЧАКА

 

Імя Леаніда Пранчака сёння ў многіх, як кажуць, на слыху, і найперш таму, што ён — паэт-песеннік, аўтар беларускіх шлягераў “Даставай, Язэп, гармонік!”, “Сумны саксафон”, “Паклонніца”, “Каля Чырвонага касцёла”, “Талака”, іншых папулярных песняў і рамансаў.  Л. Пранчак належыць да тых вершатворцаў, хто плённа працягвае традыцыі беларускай паэтычна-песеннай культуры, імя яго стаіць побач з імёнамі Уладзіміра Карызны, Уладзіміра Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Бадака і інш. I вось што дзіўна: працуе паэт на ніве літаратуры і беларускай песні шмат гадоў, а ніводнага аглядавага артыкула ці літаратурнага партрэта, прысвечанага яго творчасці, яшчэ не было. Таму мы мусім зрабіць хоць сціплыя агледзіны яго творчай нівы, улічваючы ўсё, што нарадзілася пад пяром паэта за 20 гадоў.

Ужо па традыцыі напачатку хацелася б колькі слоў сказаць пра самога паэта, яго шлях у літаратуру. Малады творца заявіў пра сябе ў другой палове 70-х гг. у зборніку “Вёсны” (1977), які склалі вершы студэнтаў Белдзяржуніверсітэта (тады яны групаваліся ў літаратурным аб’яднанні “Узлёт”). Уваходзіў Леанід Пранчак у паэзію поруч з Міколам Мятліцкім, Алесем Пісьмянковым, Уладзімірам Маруком, Алесем Емяльянавым, Віктарам Стрыжаком і інш. (па сутнасці, гэта было чарговае “філалагічнае” пакаленне). А першы свой вершаваны твор хлапчук з вёскі Пранчакі Ляхавіцкага раёна (нарадзіўся 12 лістапада 1958 г.) змясціў у газеце “Піянер Беларусі” (цяпер яна выходзіць пад назвай “Раніца”) у 1973 г. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ (1981) працаваў на Магілёўскім абласным радыё і адначасна быў вядучым праграмы “Вецер вандраванняў” на Беларускім тэлебачанні. Потым працаваў у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў, вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры Акадэміі навук СССР (1988 – 1991). Аб’ектам зацікаўленняў Л. Пранчака стала беларуская літаратурная эміграцыя, вынікам чаго пазней з’явілася кніга “Беларуская Амерыка” (1994). У 1996 г. выйшаў Збор выбраных твораў Янкі Золака “Вятрыска з радзімай краіны”, укладальнікам і аўтарам прадмовы да якога быў Леанід Пранчак. Але найперш па жыцці яго вяла паэзія, з ёй ён ніколі не развітваўся, пракладваў сваю літаратурную сцежку. Урэшце, пасля публікацый у перыёдыцы ён стаў аўтарам калектыўнага зборніка “Лагодны промень раніцы” (1988) і ўласнай кніжкі“Першапутак” (1988). Магчыма, сёй-той, залічыўшы Л. Пранчака да другарадных творцаў, скептычна ўсміхнецца і прамовіць пра тое, што, маўляў, паглядзіце, колькі ў нас іншых, больш яркіх імёнаў. На такі мажлівы і — падкрэслім — несправядлівы закід хочацца адказаць наступнае: па-першае, кожнаму з паэтаў трэба аддаць належнае, неабходна ўмець разгледзець і ацаніць талент; па-другое, Л. Пранчак — гэта індывідуальнасць са сваім уласным “я”, гэта асобны творчы свет, а “светы, — як роздумна запытваўся Б. Сачанка, — хіба ж бываюць светы падобныя адзін на аднаго?”1.

Леанід Пранчак — гэта, калі так будзе дарэчы параўнаць, Адам Русак нашых дзён. Аднак варта агаварыцца, што ён — творца самабытны, мае адметны голас, і найперш — ён наш сучаснік са сваім адчуваннем рытмаў часу і жыцця, чалавечых настрояў і ўзаемаадносінаў, тонкіх праяваў душы і навакольнай прыроды. Па творчай манеры Л. Пранчак — паэт лірычнага складу. Калі ж казаць больш дакладна, то яго паэтычнаму выяўленню характэрны лірыка-музычны пачатак, пластыка слова. Вось як гукапісна пры дапамозе алітэрацыі (паўтараецца гук “с”) паэт перадае звон касы, узнаўляе музыку касавіцы ў адным са сваіх вершаў:

…Выцірае сонца сонны твар

Ручніком стракатага прастору2.

                                   У туман захутаўшыся, золак

Ужо ў ранніх творах Л. Пранчака выяўляецца імкненне да гукажывапіснасці, меладычнасці радка. П. Фларэнскі адзначаў, што “гукі… найбольш глыбока захапляюць наш унутраны свет”, яны — “душа рэчаў”, і менавіта “гукам адклікаецца на з’явы свету ўнутраная існасць быцця”3. Гук — яшчэ і душа прыроды, праява чагосьці касмічнага. Здаецца, гэта і вычуваў паэт, калі пісаў наступныя радкі: “У цемры, як асот, калючай, / Бы знічкі, гукі растаюць”. Паэт уваходзіў у сферу філасофскіх адчуванняў:

I дождж не б’е мяне балюча:

Відаць, стаміўся і заціх…

А можа, ў цемрадзі калючай

У іншы трапіў свет на міг?..4

                                                                                      Хоць дождж па твары б’е балюча…

“Музыкай, радок мой, зажыві”5, — менавіта гэтага жадалася паэту (верш “Трыялет”). Ён неаднойчы прамаўляў гучна, узнёсла-пафасна, але разам з тым заўсёды імкнуўся да душэўнай прачуласці радка, яго лірычнай інтымнасці.      Ціхі верш — пачуццяў шчырых схова ”(56), — даводзіў творца. “Ціхі верш” у Л. Пранчака стаў асновай выяўлення ўнутранай эмацыйнай настраёвасці, псіхалагічных рэфлексій, медытатыўных саманазіранняў:

Я растварыўся ў часе.

Стаў крылатым.

Ля зорак не спалохаўся згарэць.

Сагрэўся сам пад хмараю кудлатай,

А дзе і як душу сваю сагрэць ?6

                                                                           Цягнік у 18.48…

Падобныя радкі сведчаць, што паэт вядзе з чытачом ціха-даверлівую, одумную гаворку, спавядаецца, выказваючы сваё, уласна адчутае і спазнанае. Напэўна, Л. Пранчаку найперш духоўна блізкія традыцыі так званай ціхай паэзіі другой паловы 50-60-х гг., калі лірызацыя, “пацішэнне”, — як заўважыў А. Лойка, — былі “звязаны з паглыбленнем паэтаў у інтымны свет перажыванняў, у натурфіласофію…”7 Гэты ўспрыняты сэрцам кірунак паэтычнага выяўлення ў значнай ступені выратаваў яго як творцу ў 70-80-я гг., дапамог у лепшых вершах адчуць і захаваць натуральнасць, арганічнасць голасу, чалавеча-пачуццёвую змястоўнасць радка, не дазволіў забыцца на тое, што душэўны вопыт, самапаглыбленне – адвечная крыніца паэзіі. Прыкладам таго могуць паслужыць любоўная лірыка паэта, яго прыродаапісальныя творы.

Аднак — і ў гэтым бачыцца агульная заканамернасць існавання творцы ва ўмовах ідэалагічнага падману і дэмагогіі — паэт сплаціў даніну свайму часу. Ён услаўляў тую пару юнацка-камсамольскай рамантыкі, калі лепшыя гады маладосці прысвячаліся “будоўлі веку, што завецца БАМ” (верш “Гады юнацтва”). Сапраўды, так тады ўспрымалася будаўніцтва магістралі: маўляў, гэта “галоўная з усіх… дарог”, “дарога станаўлення і натхнення”, і яна ўвасабляе “светлы сэнс жыцця” (5 — 6). Можна згадаць, што ў той час пра БАМ пісалі многія паэты (назавём тут хоць бы паэмы Яўгена Еўтушэнкі “Прасека” ці Уладзіміра Някляева “Дарога дарог”). У вершах, напісаных Л. Пранчаком на тэму БАМа, жыве пафас часу, праўда пра той перыяд камуністычнага будаўніцтва, калі покліч партыі да моладзі пракласці “дарогу дарог” выклікаў павышаны энтузіязм, патрыятычны ўздым: “Iняма нам спачыну. / Не скарымся журбе. / Мы будуем Айчыну — / Мы будуем сябе”(“Будаўнічы атрад”, 16); “Мы на БАМе, / Нібы на паверцы / Спраў сваіх, / Сваіх адчайных слоў”8(“Зведаў шчасце…”). Што было, тое было, і не будзем адмаўляць відавочнае: у 70-80-я гг. многія маладыя верылі ў вялікасць спраў краіны, захапляліся перспектывамі новых здзяйсненняў. Таму, натуральна, культываваліся такія рысы характару, як мужнасць, рызыкоўнасць, аптымізм. А галоўнае — і гэта выдатна паказаў у сваіх творах паэт — моладзь ядналі праца, дружба, каханне. I няхай сабе хтосьці кажа, што той застойны БАМаўскі час — гэта страчаныя гады, аднак для Л. Пранчака і ягоных равеснікаў БАМ — гэта і штосьці абавязкова добрае, станоўчае, звязанае з сяброўствам і каханнем, увогуле з людзьмі і прыродай. Паэт прызнаваўся: “Жыву без цяпла і без дому, / Трызню каханнем і вершамі…”(“Жыву без цяпла і без дому…”, 16). I ў нізцы вершаў “Ясак любові” са зборніка “Лагодны промень раніцы”, і ў творах з “Першапутку” гучыць пранікнёная паэтызацыя працы, любоўных пачуццяў, таямнічага хараства тайгі. Тут выказана нямала праўдзівых слоў-адчуванняў, як, напрыклад, у вершах “Узыдзе месяц з-за хмар…”, “Закон тайгі”, “У лазні”, “Я іду да людзей”, “Чакаю” і інш. Возьмем верш “Талака”, у якім песенна, з раскрыленасцю пачуццяў паэт гаворыць пра радасць паяднання людскіх сэрцаў, услаўляе адвечныя асновы супольнага маральна-духоўнага жыцця на зямлі:

Выйдзем разам змагацца з бядой.

Мы за дружбу устанем гарой.

Не пакіне ў бядзе сябрука

Талака, талака, талака.

Светлай радасці нам не суняць…

Хай да раніцы песні звіняць.

Хай шуміць, як вясною рака, —

Талака, талака, талака! (11).

Вельмі часта аўтар трапляе ў абладу настальгіі па роднай зямлі, выказвае захапленне яе красой, гаворыць з душэўнай прачуласцю пра самае святое — маці, бацьку, дзеда, матчына слова, родную вёску. У творах “На павуцінцы мерыдыяна…”, “Беларуская сопка”, “Жывая вада”, “Ранкі маленства”, “Туга па Беларусі”, “Нас па свеце лёс раскідае…”, “Пакуль я вандраваў”, “Прызнанне”, “Санеты вяртання” гучыць лірычная тэма Радзімы-Беларусі, тут выліваецца паэтава бязмежная любоў да роднага свету. “Жывая вада бруіцца /Толькі з радзімых крыніц” (53), — гаворыць паэт у вершы “Жывая вада” пра першавытокі духоўнага існавання. А ў другім творы патрыятычны матыў набывае вялікі духоўны сэнс і гучыць вельмі афарыстычна:

Ростань душы самота яднае.

Па-за роднай бацькоўскай зямлёй

Беларус беларуса пазнае

Па любві да радзімы сваёй (67).

                                                                Нас па свеце лёс раскідае…

Апынуўшыся далёка ад Беларусі, паэт мацней адчуў радзіму, унутраную повязь з ёй: “У кожным з нас жыве / Маленькая радзіма” (“Туга па Беларусі”, 38). Па сутнасці, “Першапутак” — гэта ў значнай ступені лірычна-пранікнёная споведзь усяго чалавечага, бясконца роднага, крэўна беларускага. I гэта асабліва істотны сэнсава-духоўны цэнтр паэтычнага свету Л. Пранчака. Так, у яго паэзіі 80-х навідавоку абстракцыі, дэкларацыі, рыторыка. Многае прамаўлялася шчыра. Тым не менш уплыў ідэалагічнага, наноснага не змог зацяніць душэўна-сутнаснага зместу жыцця, у якім найперш знаходзілася месца жывому чалавечаму пачуццю.

Паэт душою гарнуўся да сібірскай прыроды, шукаў у ёй падабенства “з малюнкамі маленства, з радзімай стараной “Уражаны, дзіўлюся / Малюнкамі зары. / Пейзажаў Беларусі / Не стрэць ля Ангары” (“Сустрэча”. 25). Экзатычныя краявіды і вобразы прыроды запамінальна намаляваны ў вершах “Калыска халадоў”, “Сярэбраны бор”, “Якуцкі лён”, “Іван-чай” і некаторых іншых. Увогуле, гэтыя вершы пра сібірскі край у беларускай паэзіі блізкія да твораў аналагічнай тэматыкі Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Звонака, Андрэя Александровіча, Язэпа Пушчы, Максіма Танка, Юркі Гаўрука, Сяргея Новіка-Пеюна, Анатоля Сербантовіча і інш. Як бачым, сібірскія краявіды адлюстраваны пераважна ў творчасці тых паэтаў, якія былі рэпрэсаваны і высланы ў далёкі край маразоў і халадоў. Вершы-прыродаапісанні Леаніда Пранчака таксама даюць уяўленне пра клімат, краявіды Сібіры. Сузіраючы тамтэйшую суровую рэчаіснасць, аўтар у думках пераносіцца на радзіму. Таму ў завейнай Якуціі яму з вышыні сопкі адкрываюцца “Краю роднага / Жніўныя гоні. / Вербы ніцыя над ракой, / На папасе буланыя коні…” (“Беларуская сопка”, 32). Паэту, які родам з палескай вёскі, згадваюцца сады ў квецені, жніўная пара… Самотна ўслухоўваецца ён у гукі восеньскага жураўлінага кліна. Паэтычны пейзаж таксама становіцца ўвасабленнем настальгічных пачуццяў:

Самотны маладзік

Плыве між хмар,

Заглядвае ў выбоіны і лужы,

Нырае ў пацямнелую раку,

Бадзяецца на сіверы лядачым…

І ўсё ж —

Зайздрошчу я маладзіку:

Ён з вышыні —

Маю радзіму бачыць (52).

                                                                    Пакуль я вандраваў…

Усхваляваны Леанід Пранчак, як і некалі Пімен Панчанка ў далёкім Іране, сустрэчай з бярозай, якая атаясамліваецца з радзімай (верш “Сустрэча”). Тайгу паэт у “Таежнай баладзе” параўноўвае з дзікім космасам, а ў вершы “Калыска халадоў” супастаўляе вобразы сцюдзёнай зямлі і жытнёвага поля. У лепшых радках аўтар здолеў раскрыць прыгажосць сібірскай прыроды, яе нязвычнасць для вока беларуса, вобразна-ярка выказаў свае ўражанні. Ён як пейзажыст добра валодае жывапісным словам: “А лісты бяроз, / Нібы лісічкі, / Шыюцца пагрэцца ў рыжы мох…” (“Сцішанасць, маўклівасць, адзінота…”, 58).

А наогул, як нам здаецца, адметнасцю стылёвага почырку Леаніда Пранчака з’яўляецца ўменне выказвацца задушэўна-проста, пранікнёна, роздумна і — падкрэслім яшчэ раз — напеўна-мілагучна, паяднаўшы ў вершаваным радку музыку і пластыку. Калісьці рускі пісьменнік А. Белы гаварыў, што, “набліжаючыся да музыкі, мастацкі твор становіцца і глыбейшы, і шырэйшы”9. Вершы Л. Пранчака пра каханне наскрозь прасякнуты музыкай, у іх выяўляецца рух пачуцця, дынаміка слова як эмацыйна-музыкальны лад паэтычнага светаўспрымання. Музыка, лічыў А. Блок, папярэднічае ўсяму, яна — аснова свету. У Л. Пранчака многія мелодыі кахання — гэта мелодыі сэрца, шчырай радасці альбо суму, тугі:

Неспадзяванае расстанне,

Начы праклятай тлум і стынь…

Сустрэча, ростань і каханне.

Святлана, свята і святлынь10.

                                                           Ад грому неба ўздрыганецца…

Песні паэта пра каханне — гэта лірыка яркай пачуццёвасці, асаблівай задушэўнай танальнасці, вытанчанага моўна-паэтычнага сінтаксісу. Нездарма яго любоўныя радкі лёгка леглі на нотны стан нашых беларускіх кампазітараў, загучалі цудоўна, уражліва, пра што сведчаць такія песні, як “Каханая” В. Іванова, “Каля Чырвонага касцёла” Л. Захлеўнага, “Паклонніца” Э. Ханка, “Пяшчота” Зм. Яўтуховіча і інш. Л. Пранчак — сапраўдны майстар песеннай тэкстуры, паэт, які выспеўвае слова, выгаворвае яго з гукавой выразнасцю, прачула. На сённяшні дзень ён — аўтар ужо каля 300 тэкстаў песняў і рамансаў.  І асабліва багата сярод іх твораў пра каханне. Каханне для паэта — “Біблія душы”: “Дзе б ні быў, — / У любоў, / Як у Бога, я верыў”11 (“Гр а з к і  восеньскі шлях…”). Тэма кахання ў яго творчасці стала ўнутрана неабходнай і сапраўды скразной, пра што сведчаць і вершаваныя публікацыі 90-х гг., напрыклад, у часопісе “Акно” (1994. № 2) і газеце “ЛіМ” (1998. 5 чэрв.): вершы “Заўжды са мной…”, “Вакзал віруе…”, “Без цябе не жыву, а сумую…”, “У гэтым горадзе чужым…” і інш. Падрыхтаваная да выдання і знаходзіцца ў вытворчасці новая кніга паэта “Біблія для каханай”, якая адрасавана “ў першую чаргу жанчынам — каханым і маці”12. На прыкладзе паэзіі Л. Пранчака пераконваешся: без кахання няма і не можа быць паэта, без гэтага пачуцця ён проста не можа жыць і тварыць.

90-я гады ў творчасці Л. Пранчака (і гэта агульная тэндэнцыя ўсёй сучаснай беларускай паэзіі) сталі часам уздыму патрыятычна-нацыянальнай тэматыкі, сцвярджальна-пафаснага ўслаўлення Беларусі-маці, яе мінулага і сучаснага, пазначаных адраджэнскімі памкненнямі. I ў той жа час сёння ў лірыцы паэта загучалі драматычныя ноты, бо яму крыўдна і балюча за лёс Беларусі. “Ды ўсё ж — тут мая Беларусь: /Радзіма, Галгофа, Надзея”13, — даводзіць ён (верш “Каханая, тут не Парыж…”). Паэт напісаў шмат вершаў-песняў на тэму Беларусі, такіх, як “Полацак”, “Няміга”, “Гародня”, “Чужацкія коні”, “Белая-белая Русь” і інш. 3 глыбокай сэнсавай напоўненасцю радка выказаны патрыятычныя пачуцці ў творы “Беларусы Амерыкі” (яго паклаў на музыку Зм. Яўтуховіч):

Бо не маю нічога на свеце

Даражэй, чым бацькоўскія гоні.

Беларусь мая — зорка ў сусвеце,

Што ніколі не згасне ў сутонні14.

Эмігранцкія шчымлівыя перажыванні Л. Пранчак добра перадаў і ў вершы “Вечная рана”, прысвечаным памяці Ігара Шчорса: “І на самым краі акіяна, / Дзе світанне ружовіцца ледзь, — / Нам Айчына, як вечная рана, — / Будзе ў сэрцах нясцерпна балець”15. Зрэшты, тэма лёсу эміграцыі стала ў паказе Л. Пранчака наватарскай, і тут маюцца на ўвазе не толькі вершы паэта, але і кніга партрэтаў вядомых дзеячаў літаратуры і культуры замежжа “Беларуская Амерыка”. Гэты зборнік склалі шматлікія інтэрв’ю і перапіска з беларускімі эмігрантамі, а таксама цікавыя дакументальныя матэрыялы. Кніга “Беларуская Амерыка” з першых, як кажуць, вуснаў знаёміць нас з лёсам беларусаў, што апынуліся на чужыне. Л. Пранчак піша: “Амерыканскія беларусы не згубіліся ў свеце, захавалі сваю адметнасць і самавітасць, самаахвярна і цярпліва пранеслі па жыцці сваю беларускасць”16. I далей зазначае: “Для мяне непрымальная роля пракурора. Мне, пісьменніку, людзі цікавыя перш за ўсё самі па сабе як асобы, а не як носьбітьі пэўнай ідэалогіі…”17. “Беларуская Амерыка” шмат у чым дапаўняе наша ўяўленне пра даваеннае мінулае, вайну і яе драматычныя старонкі, даносіць да нас споведзі пра зведанае, выпакутаванае, перажытае нашымі суайчыннікамі. Гэтая кніга ўжо прынесла на Беларусі немалую карысць і яшчэ паслужыць нам у спазнанні феномена беларускага замежжа.

Уяўленне пра Л. Пранчака не будзе поўным, калі не сказаць, што ён — дзіцячы паэт, аўтар тэкстаў шматлікіх песняў для дзяцей (“Цік-так, ходзікі”, “Мышка”, “Ясная зараначка”, “Зубраня”, “Добрай ночы” і інш.). Вельмі цікава, з непасрэднасцю апавядальніцкага голасу і проста займальна напісаны яго зборнік для дзяцей “Дзяўчынка беларуска”(1993). Яго, зрэшты, можна залічыць да лепшых кніжак сучаснай паэзіі для дзяцей. Імя Л. Пранчака як дзіцячага паэта можна сустрэць у хрэстаматыях і чытанках па дзіцячай літаратуры. Гэта вельмі сімпатычная з’ява, калі паэт умее пісаць для маленькіх чытачоў, аддае ім часцінку сваёй душы і сэрца.

Паэтычнае слова для Леаніда Пранчака — яго духоўная існасць, аснова адносінаў да жыцця і свету. Слова і музыка — тыя два крылы, якія даюць паэту радасць бытавання на зямлі, клічуць да новых творчых вышыняў.

 

_________________

 

1                      Сачанка Б. Я — гэта свет… // Універсітэт паэтычны. — Мн., 1971.- С. 153.

2            Вёсны. — Мн., 1977. — С. 56.

3            Флоренскнй П. У водоразделов мысли. — М., 1990. — С. 35.

4            Вёсны. — С. 57.

5                      Пранчак Л. Першапутак. — Мн., 1988. — С. 56. Далей цытаты падаюцца па   гэтым выданні з пазначэннем старонкі ў дужках.

6            Маладосць. 1989. № 4. С. 37.

7           Лойка А. Паэзія і час. — Мн., 1981. — С. 144.

8           Лагодны промень раніцы. — Мн., 1988. — С. 7.

9            Белый А. Символизм. — М., 1910. — С. 174.

10                    Служба быту Беларусі. 1989. № 6. С. 6.

11                    Тамсама.

12             Цыт. паводле анатацыі на кнігу вершаў Л. Пранчака “Біблія для каханай”.

13                    ЛіМ. 1998. 5 чэрв. С. 8.

14              Пранчак Л. Беларусы Амэрыкі // Беларус. 1992. Снежань (№ 396). С. 2. Т

15                    Тамсама. — С. 6.

16                    Пранчак Л. Беларуская Амерыка. — Мн., 1994. — С. 14.

17                    Тамсама. — С. 15.

 

                                                     Алесь Андруковіч

 

Андруковіч, А. “… Пачуццяў шчырых схова” : вершы і песні Леаніда Пранчака / Алесь Андруковіч // Роднае слова. – 1998. – № 9. – С. 44-54.

 

“3 Богам гавару на роднай мове…”

 

Ужо ў самых першых вершаваных радках Леаніда Пранчака, напісаных яшчэ ў школьныя гады, моцна адчулася прысутнасць народнага меласу—імкненне да гармоніі, хараства, ідэальнага стану душы і чалавечых пачуццяў, што ўвогуле называецца любоўным пачаткам жыцця. Але той, хто хоць раз пабываў у Ляхавіцкім раёне, на радзіме паэта, здзіўляцца не будзе. Вёска Пранчакі і ўся прылеглая мясцовасць спакон веку славяцца багатымі песеннымі традыцыямі, паэтычнымі натурамі, беражлівымі адносінамі людзей да памяці продкаў. Старажылы вёскі з вялікім гонарам раскажуць, што ў суседнім маёнтку калісьці два леты запар адпачывала знакамітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, аўтар неўміручай аповесці “Хам” і рамана-эпапеі “Над Нёманам”, пакінуўшы аб гэтым маляўнічым краі светлыя згадкі ў сваіх лістах да знаёмых і блізкіх.

Навакол вёскі Пранчакі ў любы час года стаіць сапраўды блаславёная ціш, кідкая палявая прыгажосць, а калі выбіцца за ваколіцу і падняцца на стромы пагорак, то вачам адкрыюцца такія ж маляўнічыя краявіды суседняй вёскі Вялікае Падлессе, дзе і сягоння не моўкнуць вабныя галасы і падгалоскі народнага хору, створанага калісьці славутым маэстра Генадзем Цітовічам. Вось адкуль у Леаніда Пранчака выток яго шчырых і пяшчотных, беларускіх па духу і настрою песень, вось адкуль непадробная напеўнасць і меладычнасць яго лірычных вершаў, якія вырываюцца з душы паэта, канечне ж, не толькі для таго, каб адразу заляцець на якісь нотны аркуш і радасным гімнам жыццю, сяброўству, каханню затаіцца ў шэрым дыску кружэлкі. Так, ёсць у даволі маладога яшчэ творцы мноства паэтычных строф, што ніколі не стануць песнямі і нават не задумваліся як песні, аднак усе яны вызначаюцца душэўнай дабрынёй, адкрытасцю інтанацый, чысцінёй пачуццяў, хоць інакш і быць не можа, калі гэтыя пачуцці запальваюцца ад нязгаснага свячэння таямнічай божай іскры:

Трызнячы ад болю на зары,

Як прароцтва, я прысніў нагдове:

3 Богам гавару на роднай мове.

Мне б яшчэ з людзьмі пагаварыць…

Зразумела, падлічваць зробленае паэтам — справа няўдзячная, але ж добра вядома, што на вершы Леаніда Пранчака напісана больш за 200 песень, сярод якіх сапраўднымі шлягерамі сталі “Каля Чырвонага касцёла”, “Даставай, Язэп, гармонік!”, “Паклонніца”, “Сумны саксафон”, “Цёмнавокая пані”, “Найлепшая ў свеце жанчына”, “Каханая”. Да іх стварэння прычыніліся такія папулярныя кампазітары, як Л.Захлеўны, В.Іваноў, Э.Ханок, І.Палівода, Зм.Яўтуховіч, а сярод спевакоў і калектыўных выканаўцаў: І.Афанасьева, В.Дайнека, Ю.Багаткевіч, Я.Навуменка, А.Ярмоленка, “Сябры”, “Верасы”, Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. Трэба зазначыць, што творчасць маладога аўтара добра вядома ў свеце, бо яго вершы, пакладзеныя на музыку, выдаваліся на кружэлках і касетах у Расіі, Польшчы, ЗША, пераўвасабляліся на рускай і англійскай мовах.

У кнізе Леаніда Пранчака “Вольны птах”, якая выходзіць у папулярнай серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”, друкуюцца песні і вершы розных гадоў, розных напрамкаў і стыляў, але ўсе яны аб’яднаны гарачай любоўю да свайго роднага беларускага краю, і таму вельмі прыемна, што даўні паэтычны радок, вынесены ў загаловак гэтай нататкі, не стаўся для творцы толькі гучнай дэкларацыяй.

 

Віктар Гардзей

 

Гардзей, В. «З Богам гавару на роднай мове…» : [прадмова да кнігі] / Віктар Гардзей // Пранчак, Л. Вольны птах : вершы і песні / Леанід Пранчак. – Мінск: Дом прэсы, 1998. – С. 4. – Пра жыццёвы і творчы шлях Леаніда Пранчака.

     Светлай памяці дзеда Язэпа

 

ЖЫЦЦЁ — КАРОТКАЕ,

 РАДЗІМА — ВЕЧНАЯ

 

…Шчымлівы ўспамін далёкага маленства… Заплаканы і пакрыўджаны, я прыбег з выгана, дзе з сябрамі гуляў у пікара, і з плачам уткнуўся ў матулін падол:

– Мама, чаму дзеці абзываюць мяне амерыканцам…

– Таму што твой дзед некалі жыў у Амерыцы — далёкай, прыгожай краіне,— спакойна і ласкава адказала мама.

– Дык гэта не мянушка?

– Не,— яе пяшчотная ўсмешка ўміг растапіла маю дзіцячую крыўду. Брыдкае дасюль слова «амерыканец» перастала быць мянушкай, набыло іншы сэнс і змест. Казка пра Амерыку стала любімай казкай маленства…

Жыццё дзеда ўвайшло ў маю свядомасць таямнічым і прыгожым міфам. Яшчэ ў школе я пачаў шукаць матэрыялы пра яго амерыканскую адысею. На жаль, ніякіх дакументаў у сямейным архіве не засталося. Іх мне замянілі ўспаміны бацькоў, родных дзядзькоў і цётак, вяскоўцаў. Па крупінках аднаўляў вобраз дзеда, вяртаў з небыцця казку дзіцячых гадоў…

Дзед Язэп нарадзіўся ў Пранчаках у 1885 годзе. Праз некалькі гадоў раптоўна захварэў і памёр яго бацька — Пранцішак Пранчак, пакінуўшы ў смутку жонку і пяцёра малых дзяцей. Холадна і голадна жылося без бацькі. Нават хлеб не кожны дзень гасцяваў на іх асірацелым стале. Беспрасветная галеча чакала ў будучыні дзяцей Пранцішка. Ніякай надзеі на лепшую долю не было і ў старэйшага сына Язэпа. Ад шматлікіх агентаў, якія шасталі па навакольных вёсках і ўгаворвалі беззямельных сялян падацца на пошукі шчасця за акіян, юнак даведаўся пра Амерыку. Маці Ганна прадала каня, карову, залезла ў даўгі, але сабрала неабходныя для падарожжа грошы і купіла сыну білет на параход. У 1909 годзе Язэп пакінуў Пранчакі і выехаў у Лібаву, каб адтуль дабрацца да жаданага Нью-Йорка…

Магу толькі здагадвацца аб думках і пачуццях, з якімі мой будучы дзед адправіўся ў далёкую вандроўку. Дасюль ён не быў нідзе далей Ведзьмы — суседняй вёскі, і Снова — бліжэйшага ад дому кірмашу… А тут такая далячынь! Ды ўсё гэта нішто ў параўнанні з тым, што ў Пранчаках акрамя родных Язэп пакінуў сваю нявесту — дзевятнаццацігадовую Ганну Бяльмач. Збіраліся ехаць разам, але бацькі не пусцілі дзяўчыну, і яна засталася чакаць Язэпа…

3 Лібавы да Нью-Йорка плылі амаль месяц. У каютах 3-га класа ніякіх выгодаў не мелася, і марское падарожжа было сапраўднай пакутай, асабліва калі параход трапляў у шторм… Шмат нечаканасцяў і небяспечных прыгод падпільноўвала новых эмігрантаў на шляху да доўгачаканага амерыканскага берага. Нездарма ж у 1912 годзе Таварыства апекі над эмігрантамі ў Вільні выдрукавала спецыяльныя парады Язэпа Акаловіча для тых, хто едзе ў Амерыку: «У часе падарожы морам трэба акуратна пільнавацца карабельных парадкаў, ня піць лішне спіртных напіткоў, высьцерагацца ўсякіх сварак і спорак с таварышамі падарожы або службай карабельнай… Большые грошы лепей за ўсё аддаваць на сховы капітану карабля ў запечатаным канверці… Хто ўмее чытаць, заместа маркоціцца цэлымі днямі і пазіхаць, ніхай лепей выўчыцца мовы таго краю, у каторы едзе…»

Па прыездзе ў Амерыку кожны эмігрант павінен быў прайсці шэраг фармальнасцяў і атрымаць дазвол на жыхарства. Па ўсім відаць, ніякіх праблем з гэтым у дзеда не было, і ён хутка ўладкаваўся і знайшоў працу. Якраз набліжалася жніво, і мясцовы фермер наняў беларускіх хлопцаў для работы ў полі. Кантракт быў часовы, праца цяжкай, заробкі малыя. Але іх хапіла, каб на першых парах стаць на ногі. Язэп перабраўся ў Нью-Йорк, стаў працаваць на будаўніцтве, а ў час жніва адпраўляўся на заробкі да знаёмага фермера. Ён ашчаджаў кожны долар, каб пераслаць іх Ганне на дарогу, марыў аб тым дні, калі нявеста прыедзе да яго і яны зажывуць разам. Вобраз каханай асвятляў яго самотныя дні, а смутак па ёй з кожным днём станавіўся ўсё больш невыносным.

Зрэдку з Пранчакоў прыходзілі пісьмы. Ганна ўсё настойлівей клікала яго назад. I на пятым годзе свайго эмігранцтва Язэп, стомлены доўгім расстаннем і журбой па каханай, кідае Новы Свет і прыязджае ў Пранчакі. «Прыехаў ажаніцца»,— сказаў ён маці. I на Пятра цудоўная Ганна стала яго жонкай. Маладыя пачалі збірацца ў далёкую зваротную дарогу. Усё складвалася найлепшым чынам. Язэп быў шчаслівы як ніколі дагэтуль. Але нейкі злы рок праследаваў яго. За некалькі дзён да ад’езду грымнула вайна. Ад учарашняга шчасця застаўся толькі ўспамін. Вайна перакрэсліла ўсе мары. Язэпа мабілізавалі ў царскую армію, і ён апынуўся на фронце. Што ж, чалавек — раб абставінаў. Дзедаў выпадак яшчэ адно пацвярджэнне гэтай простай ісціны. Дзякуй Богу, застаўся жывы, вайна не пакалечыла яго фізічна. Не думаю, што ён разбіраўся ў эпахальных катаклізмах, якія перажывала тады Расія. Пасля квітнеючай багатай Амерыкі тутэйшае жыццё можна было параўнаць хіба што з пеклам альбо канцом свету. Але самае страшнае чакала наперадзе.

Калі дзед вярнуўся з вайны, беды адна за другой, як з дзіравага мяха, пасыпаліся на яго галаву. Ён з жахам даведаўся, што грошы, адкладзеныя на дарогу ў Зямельным банку, прапалі разам з расейскім самадзяржаўем падчас Лютаўскай рэвалюцыі. Пранчакі знаходзіліся ў некалькіх вёрстах ад лініі расейска-германскага фронту. Вяскоўцы зведалі на сабе ўсе цяжкасці ваеннага часу. Тутэйшыя землі на працягу трох-чатырох гадоў тройчы пераходзілі з рук адных акупантаў да другіх. Зімой 1918 года вёску занялі салдаты кайзераўскай Германіі. Вясной таго ж года іх выбілі саветы, але і яны пратрымаліся нядоўга. Праз два гады Пранчакі апынуліся пад Польшчай.

Нейкі час Язэп лічыў сваё жыццё скончаным. Адчай і крыўда апанавалі яго сэрца. Больш за чатыры гады катаржнай працы за акіянам прапалі дарам. Ні пра якую Амерыку цяпер не магло быць і размовы. Трэба было думаць, як выжыць, як пракарміць сям’ю… Дзед дастаў з куфра адзін з двух шыкоўных касцюмаў, што прывёз з Амерыкі. Загарнуў яго ў палатно і панёс у Клецк на базар.

Гарнітур быў, відаць, сапраўды шыкоўны, бо нейкі шляхціц даў за яго вялікія грошы. Колькі канкрэтна, ніхто, на жаль, не памятае. Але выручаных злотых хапіла, каб набыць дзве дзесяціны зямлі. Дзед атрымаў купчую і заплакаў. Ці то ад радасці, ці то ад гора. «Амерыканец асцепяніўся»,— сказалі ў вёсцы. Пакуль ён узбіўся на жыццё, паставіў свой дом, завёў гаспадарку, як гарох пасыпаліся дзеці. Усё было б няблага, каб не вечная настальгія па Амерыцы. Яна не пакідала яго. Дзед сумаваў. Бывала, сядзе ля акна, пакладзе рукі на стол і гадзінамі глядзіць на дарогу… На святы ля Язэпавай хаты збіраліся мужчыны з цэлай вёскі, курылі самаробны тытунь і слухалі дзедавы байкі пра заморскае жыццё. Свае ўспаміны ён заканчваў заўжды адной і той жа фразай: «Я там ніколі голай вады не напіўся…» Што гэта значыць, мала хто ведаў. Але фраза тая пайшла, як кажуць, у народ, і цяпер, бывае, бацька жартуе пры нагодзе: ты, як дзед, голай вады не п’еш…

У Язэпа і Ганны нарадзілася сямёра дзяцей. Старэйшы, Янка,— мой бацька. Ад яго я пачуў найбольш цікавыя ўспаміны пра дзеда. Калі Янка падрос, бацькі вырашылі, каб неяк паправіць фінансавае становішча сям’і, паслаць яго на заробкі за акіян… У той час шмат хто з вёскі выехаў у Амерыку. «Мо, хоць ты выб’ешся ў людзі»,— казаў Язэп сыну. «Я думаў, што так яно і станецца,— успамінае бацька,— бо Амерыка была ці не адзіным шанцам вырвацца з вечнай нястачы».

Але чалавек мяркуе, а Бог робіць. Дзедавым марам зноў не суджана было збыцца. 1 верасня 1939 года пачалася новая сусветная вайна, і ў яе пекла цяпер трапіў Іван Пранчак. У складзе Войска Польскага 78-ы Слуцкі пяхотны полк, у якім ён служыў, адбіваў наступленне немцаў пад Мулавай, бараніў Варшаву. Пасля капітуляцыі Полыпчы бацька трапіў у палон і толькі дзякуючы Міжнароднаму Чырвонаму Крыжу вырваўся адтуль і вярнуўся ў Пранчакі. Там ужо гаспадарылі саветы. І для яго Амерыка засталася нязбытнай марай. Ён паўтарыў лёс свайго бацькі.

Менш чым праз два гады пажар вайны з Польшчы перакінуўся на Беларусь. У вёску прыйшлі немцы. Язэп цяжка перажываў акупацыю, турбаваўся за лёс дарослых дзяцей, баяўся, каб, крый Бог, не ўлезлі ў якую палітыку. «Мо, нам так не шанцуе, што душа мая жыве не тут, а ў Нью-Йорку… Мусіць, я хутка памру…» Страшнае прадчуванне не падманула. Неўзабаве ён прастудзіўся і злёг. У 1945 годзе Язэпа не стала. Пражыў дзед усяго 59 гадоў.

Хавалі яго ў шыкоўным амерыканскім касцюме, які прывёз яшчэ ў 1914 годзе і схаваў сабе на смерць. Касцюм праляжаў 30 гадоў, а быў як новы. Вяскоўцы дзівіліся: Язэп на той свет убраўся, як памешчык. 3 сабой дзед забраў настальгію і тугу па Амерыцы. Такая сумная развязка ў гэтай рамантычнай адысеі. Акрамя ўспамінаў ніякай памяткі пра дзеда, на жаль, не засталося. Адзіны амерыканскі фотаздымак больш за 60 гадоў захоўваўся ў яго дачкі Шуры. Незадоўга перад смерцю цётка Шура перадала мне дарагую сямейную рэліквію. Здымак выдатна захаваўся. Матавая картка наклеена на цвёрдым кардоне. Пад ёй подпіс майстра і адрас: Нью-Йорк, 85 авеню. 1911 год. Дзед сфатаграфаваўся разам са сваім сябрам-эмігрантам з суседняй вёскі. Цяпер той партрэт стаіць на маім рабочым стале. Глыбокія Язэпавы вочы пазіраюць спакойна і пранікнёна. Часта мне здаецца, што я фізічна адчуваю іх несусветную тугу… Бацькі кажуць, што я падобны на дзеда Язэпа. Мне прыемна такое падабенства, бо дзед заўсёды выклікаў у мяне вялікую сімпатыю. Менавіта з яго пачалося маё зацікаўленне Амерыкай. Гэта краіна з маленства вабіла сваёй таямнічасцю і недасягальнасцю. Вобраз, які паўставаў з дзедавых успамінаў, не размывала нават савецкая прапаганда. Я верыў дзеду. Амерыка была маёй казкай — прыгожай і добрай, як і ўсё ў дзяцінстве. Дзіцячае зацікаўленне перарасло ў сталае захапленне. Я пачаў збіраць выразкі з газет і часопісаў пра ЗША. Памятаю, якое надзвычайнае ўражанне зрабілі на мяне нататкі «Якая ты, Амерыка?», надрукаваныя ў 1988 годзе ў беларускім тыднёвіку «Ніва». Іх аўтар — беларускі паэт, загадчык кафедры Варшаўскага універсітэта Алесь Барскі, можа, першы ў беларускім друку напісаў пра амерыканскіх беларусаў праўдзіва і спакойна. Цяжка сказаць, як я ўспрыняў бы тыя нататкі сёння, а тады яны былі для мяне як глыток свежага паветра ў савецкай атмасферы ідэалагічнай затхласці, зашоранасці, нацыянальнага нігілізму. Да прыкладу, вось як пісаў ён пра вядомых грамадскіх дзеячаў Кастуся Калошу і Сяргея Карніловіча: «Здаецца мне, што яны ў беларускім руху ў Кліўлендзе адыгрываюць такую роль, як апосталы Пётр і Павел у раннім хрысціянстве або, скажам, святыя Барыс і Глеб на Русі. Калі б гэта залежала ад мяне, я б іх кананізаваў. Колькі ахвярнасці і альтруізму ў гэтых постацях!». 3 такой жа эмацыянальнасцю і захапленнем Длесь Барскі напісаў пра Антона Шукелойця, Вітаўта Кіпеля, Антона Адамовіча, спадарства Бартулёў, Пятра Кажуру, шматлікіх беластоцкіх беларусаў у Амерыцы. Ён дэталёва і падрабязна абмаляваў беларускае жыццё ў Нью-Брансуіку, Кліўлендзе, даў агляд беларускіх выданняў, якія выходзяць там, прадставіў найбольш вядомых паэтаў і пісьменнікаў. Тыя нататкі былі для мяне сапраўдным адкрыццём беларускай Амерыкі. Зразумела, што ў той час пісьменнік яшчэ не мог казаць на поўны голас усю праўду пра сваіх суродзічаў. Ён нават не рызыкаваў поўнасцю называць некаторыя прозвішчы, наўмысна пазбягаў «ваеннай» тэмы. Але дзякуючы А. Барскаму, беларускія чытачы ўпершыню атрымалі інфармацыю, якая кардынальна рознілася ад той, што тыражавалася афіцыйнымі выданнямі. Пасля рэпартажаў Алеся Барскага я пайшоў у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі і паспрабаваў знайсці некаторыя эмігранцкія выданні. Іх не аказалася. Мяне адправілі ў аддзел спецыяльных захоўванняў, але і там, як гэта ні дзіўна, іх не было. Знаёмая журналістка параіла звярнуцца ў акадэмічную бібліятэку. Прыйшоў туды. Папрасіў у бібліятэкаркі што-небудзь са свежай эмігранцкай перыёдыкі, і яна выняла з металічнай шафы кастрычніцкі нумар 1988 года газеты «Беларус» з Нью-Йорка. Рэдка якое выданне я раскрываў з такім хваляваннем. Хіба што ляхавіцкую раёнку, дзе друкаваліся мае першыя вершы. Прабегся вачыма па загалоўках, стаў чытаць першае што трапіла… «Беларусам быць, як і чалавекам, трэба несьціхана, штокрок і штодзень. Як немагчымы сьвет па-за чалавекам, так немагчымая Беларусь бязь Беларусаў. Наша бацькаўшчына — не адно зямля паміж Дняпром і Дзьвіною, Нёманам і Прыпяцяй. Беларусь усюды там, дзе жыве Беларус. Бо мы частка Чалавецтва, а Беларусь — адна з ягоных тысячных айчынаў…» Ад гэтых слоў у мяне сцяло дыханне. Так мог напісаць толькі вялікі Патрыёт Беларусі, яе адданы і ўлюбёны сын. Гляджу на подпіс. Сакрат Яновіч. Прамова на XVIII сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

«Першай справай пасьля абароны жыцьця як такога павінна быць абарона айчыны. Жывому нічога не можа быць важнейшым за жывую Беларусь, за яе душу. На гэтым сьвет трымаецца, каб не было ў ім сірочых народаў…» Як сугучны былі мае адчуванні гэтым простым і мудрым ісцінам Сакрата Яновіча! На старонках «Беларуса» я знайшоў звесткі пра Наталлю Арсенневу, Масея Сяднёва, Яна Пятроўскага, Міколу Прускага, іншых славутых беларусаў Амерыкі. У шафах акадэмічнай бібліятэкі пыліўся даволі прыстойны збор эмігранцкіх выданняў. Акрамя прэсы там знайшлі прытулак літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў, забароненых у БССР. Многія кнігі яшчэ ніхто не браў у рукі. Некаторыя былі з аўтарскімі прысвячэннямі Міколу Ермаловічу, Георгію Штыхаву, Янку Брылю, іншым беларускім пісьменнікам. Аказалася, гэтыя кнігі мытня канфіскавала з бандэроляў і пасылак як забароненыя і перадала ў бібліятэку. Тыя, каму кнігі прызначаліся, мабыць, па сёння не ведаюць пра гэта.

У той час з’явіліся першыя публікацыі пра беларускую эміграцыю ў беларускім савецкім друку. Пры ўсёй сваёй цікавасці і навізне яны не былі пазбаўлены ідэалагічных штампаў і ярлыкоў. У адрозненне ад расейскай і ўкраінскай перыёдыкі ў беларускай не было ніводнага выступлення саміх эмігрантаў. У мяне нарадзілася ідэя правесці завочнае інтэрв’ю з нашымі суайчыннікамі. Яно давала магчымасць пачуць жывыя галасы суродзічаў, параскіданых па ўсім свеце, даведацца праўду з першых вуснаў. Мне ўдалося адшукаць амаль усіх пісьменнікаў, якія жылі і працавалі на чужыне. Я падрыхтаваў анкету і разаслаў яе сваім адрасатам, папрасіўшы іх расказаць пра свой творчы лёс, пра жыццё-быццё на эміграцыі. Першым адгукнуўся Масей Сяднёў са Злучаных Штатаў. Тады Масея Ларывонавіча ў Беларусі мала хто ведаў, гэта цяпер ён такі славуты. Спадар Сяднёў даслаў вельмі цікавы ліст з адказамі, а ўдагонку — яшчэ адзін з дапаўненнямі. У нас усталявалася трывалае ліставанне, і я вельмі ўдзячны гэтаму выдатнаму пісьменніку за дапамогу і падтрымку маёй працы. Пазней свае адказы даслалі Ян Пятроўскі, Алесь Змагар, Мікола Прускі, Мікола Панькоў, Янка Золак, Міхась Кавыль, Іна Рытар, Наталля Арсеннева — з ЗША, Кастусь Акула, Сяргей Хмара — з Канады, Юры Жывіца — з Нямеччыны, Зінаіда Кадняк (удава Алеся Салаўя) — з Аўстраліі. На аснове іх лістоў у 1990 годзе я падрыхтаваў цыкл матэрыялаў «Беларускае замежжа: жывыя галасы». Аднак надрукаваць іх тады не ўдалося. «Ранавата»,— сказалі мне ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет. Я працаваў далей. Завязалася ліставанне з беларускімі асяродкамі па ўсім свеце. Прыйшлі лісты з Англіі, Ватыкана, Польшчы, Аўстрыі, Бельгіі… I ўсе да адзінага — на цудоўнай беларускай мове. Неаднойчы, разрываючы чарговы канверт, я прыгадваў выдатную прамову Сакрата Яновіча, прачытаную ў «Беларусе»… «Беларусы разышліся па белым свеце, робячыся як бы пасланцамі свайго народа ў чужой старане, рэпрэзентантамі яго інтарэсаў, спрыяючы далучэнню бацькаўшчыны да агульначалавечай радзіны, учыняць Беларусь прысутнаю сярод іншых, прыдбаць ёй сяброў, захаваць ад крыўды…»

За час трохгадовага ліставання я адкрыў для сябе новую краіну — Замежную Беларусь. Краіну без візаў і межаў, краіну любові і смутку. Над ёй лунаў беларускі дух, які дзесяцігоддзямі вынішчаўся на бацькаўшчыне. Яго збераглі, захавалі, яму маліліся беларускія эмігранты. Найбольш актыўна дзейнічалі беларускія згуртаванні ў Амерыцы. Мо, таму, што яны найбольш шматлікія. Адно з іх — Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр у чэрвені 1992 года запрасіў да сябе групу беларускіх артыстаў — Іну Афанасьеву, Міколу Скорыкава, Зміцера Яўтуховіча і аўтара  гэтых радкоў. Мы выступалі з канцэртамі ў беларускіх асяродках, у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Наша знаходжанне ў Амерыцы якраз супала з XX сустрэчай беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая праходзіла недалёка ад Нью-Йорка — у Нью-Брансуіку. Свае прывітанні і пажаданні плённай працы амерыканскім беларусам перадалі Прэзідэнт ЗША Джордж Буш і Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Удзельнікі сустрэчы радзіліся, што яны змогуць зрабіць, каб дапамагчы сваёй бацькаўшчыне на яе шляху да незалежнасці. На сустрэчы панавала атмасфера шчырасці, узаемаразумення і заклапочанасці за лёс радзімы. Цікавым і ўрачыстым быў канцэрт, які падрыхтавалі вядомыя на эміграцыі беларускія артысты, а таксама госці з Менска. Я з хваляваннем чакаў свайго выхаду — адразу ж пасля таго, як Мікола Скорыкаў выканае песню «Даставай, Язэп, гармонік!», прысвечаную дзеду Язэпу. Я вельмі хацеў, каб яна прагучала ў Амерыцы. Песню сустрэлі бурнымі воплескамі. Маё сэрца затрапяталася ад шчасця і хвалявання. Я дастаў з пакета дзедаў партрэт, які прывёз з сабой. Мне здалося, што дзедавы вочы пацяплелі і ранейшая туга непрыкметна растала ў ледзь бачнай усмешцы вуснаў. Напэўна, у той момант нашы душы і сутрэліся… Я выканаў волю дзеда: праз 80 гадоў ён вярнуўся ў Амерыку. Хоць бы ў песні свайго ўнука.

Пасля выступлення на XX сустрэчы нас запрасілі выступіць у Кліўлендзе і Саўт-Рыверы, Гэта былі самыя ўдалыя выступленні, бо на іх з’ехаліся беларусы з усяго наваколля. Мы былі для іх часцінкай некалі страчанай радзімы. Песню «Даставай, Язэп, гармонік!» М. Скорыкаў выконваў па ўсёй Амерыцы. I ўсюды яе сустракалі на «ўра». Гэта была наша даніна памяці дзеду Язэпу. Пасля канцэртаў да нас падыходзілі літаральна дзесяткі людзей, каб прывітацца, сказаць «дзякуй», пазнаёміцца, запрасіць у госці, папрасіць аўтограф… Было прыемна, што беларускае слова, беларуская песня хвалююць амерыканцаў. Яны былі ў захапленні.

Такія сустрэчы нікога не пакідалі раўнадушнымі. Напрыклад, спявачка Іна Афанасьева сказала мне пры развітанні: «Амерыка дапамагла мне адчуць сябе беларускай».

Нашы гастролі праляцелі як адно імгненне. Мае сябры вярнуліся дамоў, а я застаўся, каб напісаць кнігу пра нашых землякоў, што жывуць у Амерыцы. Была мара праехаць праз усю краіну — з поўначы ад Наталлі Арсенневай, на поўдзень у Фларыду, да Яна Пятроўскага. За сто дзён вандроўкі я сустрэўся не з адным дзесяткам амерыканскіх беларусаў, запісаў на магнітную стужку больш за 150 гадзінаў іх успамінаў і споведзяў, адзняў сотні фотакадраў. Маімі суразмоўцамі былі палітычныя і эканамічныя эмігранты, невяртанцы, уцекачы, дысідэнты, грамадскія дзеячы, пісьменнікі, вучоныя. Сярод іх і тыя, хто ў свой час знаходзіўся па другі ад савецкага бок ідэалагічнага і нават ваенных франтоў. Адных з іх вымусілі, другія самі вымушаны былі пакінуць бацькаўшчыну, каб захаваць галоўнае, дзеля чаго чалавек прыходзіць на гэты свет,— жыццё.

Амерыканскія беларусы не згубіліся ў свеце, захавалі сваю адметнасць і самавітасць, самаахвярна і цярпліва пранеслі па жыцці сваю беларускасць. Амерыка стала ім радзімай, але сваёй бацькаўшчынай яны па-ранейшаму лічаць Беларусь. Пра гэтых людзей у нас сказана і напісана шмат. Іх агулам называлі здраднікамі і нацыяналістамі, абвінавачвалі ў магчымых і немагчымых грахах. Але іх ніколі не выслухалі, не паспрабавалі зразумець, дапамагчы, разабрацца ў прычынах добраахвотнага ці вымушанага выгнання. Столькі гадоў Беларусь адмахвалася ад іх. Маўляў, не былі б вінаватымі — не ўцякалі б альбо вярнуліся б назад… 3 гэтай прычыны беларуская эміграцыя аказалася амаль сорак гадоў адрэзанай ад бацькаўшчыны не толькі акіянам, але і адгароджанай ад яе жалезнай заслонай і сцяной варожасці і недаверу.

Дзякуй Богу, той час, мабыць, мінуў. Сёння ўсім відавочна, што не ўсё так проста і адназначна, як пераконвалі нас дагэтуль. Бо ў кожнага эмігранта свае прычыны, што калісьці вымусілі яго пакінуць родную зямлю. I якія б яны ні былі тыя прычыны — у іх аснове заўжды вялікая чалавечая трагедыя. У Амерыцы я не сустрэў ніводнага беларуса, якога б абмінулі беды і няшчасці бацькаўшчыны. Размаўляючы з людзьмі, бачыў сваю задачу ў тым, каб даць ім магчымасць самім расказаць пра свой лёс і сваё жыццё. А мая роля абмяжоўвалася роляй мадэратара. Хай чытач не шукае ў кнізе нейкіх навуковых даследаванняў ці аўтарскіх ацэнак тых ці іншых меркаванняў маіх суразмоўцаў. Я расказваю пра эміграцыю праз аповяды беларусаў, воляй лёсу і абставін вымушаных жыць на чужыне. Мая кніга — пра беларускую душу, пра адчуванні беларусаў, якія заўсёды вызнавалі сябе беларусамі, дзе б яны ні былі, што б ні рабілі, да якіх бы канфесій ні належалі. Па форме гэта так званая магнітафонная ці дыктафоная літаратура, пачатак якой у Беларусі паклала кніга Я. Брыля, А. Адамовіча, Ул. Калесніка — «Я з вогненнай вёскі…» Апошнім часам плённа працуе ў гэтым жанры Святлана Алексіевіч. Мае суразмоўцы — паўнапраўныя аўтары кнігі, чые сведчанні, прызнанні яскрава і праўдзіва раскрываюць іх погляды і ўчынкі. Я імкнуўся па магчымасці захаваць лексіку, інтанацыю, настрой людзей, пакінуць жывыя галасы, жывы аповяд, падчас нават ігнаруючы правілы стылістыкі, граматыкі, умешваючыся як мага меней, дзеля таго, каб захаваць дакументальнасць, каб адчуць крохкую ауру беларускай Амерыкі.

Фрагменты з кнігі ў 1993 годзе друкаваліся ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», у «Народнай газеце», у газетах «Звязда» і «Рэспубліка». Яны выклікалі вялікую пошту і неадназначную рэакцыю. Асабліва месцы, дзе размова ішла аб падзеях другой сусветнай вайны. Зноў жа паўтараю, магчыма, для некага разважанні і погляды маіх суразмоўцаў здадуцца непрымальнымі. Што ж, права чалавека — мець і адстойваць сваю думку, хоць яна і розніцца ад агульнапрынятай ці, як нехта мяркуе, бясспрэчнай. Для мяне непрымальная роля пракурора. Мне, пісьменніку, людзі цікавыя перш за ўсё самі па сабе як асобы, а не як носьбіты пэўнай ідэалогіі. Я сустракаўся з беларусамі, якія працавалі ў беларускай адміністрацыі, нямецкіх гэбітскамісарыятах, у паліцыі і вайсковых падраздзяленнях, якія змагаліся супраць партызанаў… Я імкнуўся зразумець, што вымушала іх пайсці на такі крок, што рухала іх учынкамі і думкамі. Не збіраюся нікога абараняць ці абяляць. I ў той жа час я не суддзя гэтым людзям, і не мая справа выносіць прысуды. Для мяне бясспрэчна адно, што іх споведзі дапаўняюць праўду пра вайну, раскрываюць яе невядомыя старонкі. Гэта погляд з іншага боку. Многія мае субяседнікі з жахам і болем канстатавалі факт, што ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі распачалася сапраўдная грамадзянская вайна, калі брат ішоў на брата. Паваенныя эмігранты адчулі ўвесь жах той вайны, як кажуць, на ўласнай долі. Таму варта выслухаць іх хаця для таго, каб аб’ектыўна ўяўляць рэальны стан рэчаў. Размаўляючы з людзьмі, я настойліва і неадступна імкнуўся захоўваць пазіцыю нейтралітэту і неўмяшання, каб даць чытачу магчымасць вызначыць самому, на чыім баку праўда.

Не ўсе матэрыялы, запісаныя мной у Амерыцы, увайшлі ў кнігу. Пад адной вокладкай я сабраў найбольш тыповыя і характэрныя гутаркі, якія даюць агульнае ўяўленне пра феномен беларускага замежжа, яго найбольш выдатных прадстаўнікоў. Усе гэтыя сустрэчы пакінулі на сэрцы рубцы. Апавядаючы пра свой лёс, многія людзі плакалі. Не толькі жанчыны. Не мог стрымаць слёз, напрыклад, ужо пасівелы дзяцюк — Валодзя Крывіцкі, калі ўспамінаў бацьку, з якім яго назаўсёды разлучыла вайна. Ніколі не забуду чырвоных ад слёз вачэй Сяргея Карніловіча, што расчулена плакаў, пачуўшы родную песню. Плакаў 80-гадовы Браніслаў Даніловіч, слухаючы суродзічаў з бацькаўшчыны. Амерыканскія беларусы — людзі шчырыя, памяркоўныя, гасцінныя. Яны любяць бяседу і ўмеюць распавядаць. Аднак не заўсёды і не ўсе мае суразмоўцы былі адкрытымі. Некаторыя асцерагаліся, каб, крый Божа, неасцярожным словам не нашкодзіць родным, якія засталіся ў Беларусі. Былі і такія, хто па два-тры разы адкладваў сустрэчу, а пасля адмаўляўся ад размовы. «Яшчэ не час. У вас там так усё няпэўна…» Некалькі чалавек прасілі не называць іх імёны і прозвішчы. Не буду аб’ектыўным, калі скажу, што не бачыў людзей, злосных на Беларусь. Сустракаў двух ці трох пажылых людзей, якія ў пачатку размовы абрушвалі ўсю сваю злосць на мяне. Але спахапіўшыся, цішэлі, змаўкалі і прасілі прабачэння…

Большасць свядомай беларускай эміграцыі — людзі даволі сталага веку. Многім з іх па 70—90 гадоў… Кожны год на беларускіх могілках з’яўляюцца новыя і новыя магілы. Пакідаюць жыццё і ўдзельнікі гістарычных падзей на Беларусі. Толькі ў апошні час не стала М. Міцкевіча, П. Кажуры, Ул. Бычкоўскага… Літаральна на некалькі гадзін я не паспеў да Ігара Шчорса. Мы дамовіліся сустрэцца ў абед, а ў 10 гадзін раніцы яго сэрца спынілася навечна. Шкадую, што не паспеў запісаць успаміны пра саюз студэнцкай моладзі ў Вільні, пра Я. Коласа, К. Езавітава, якога ў 1945 годзе аперыраваў яго старэйшы брат — доктар Мікалай Шчорс… Са смуткам і болем успрыняў я вестку аб раптоўнай смерці цудоўнага чалавека Сяргея Карніловіча.

Не з усімі славутымі землякамі ўдалося спаткацца асабіста. Шмат гутарыў па тэлефоне — як жартавала Наталля Арсеннева, «вуха ў вуха» — з доктарам Янам Пятроўскім, Янкам Юхнаўцом, Масеем Сяднёвым, жонкай Уладзіміра Глыбіннага Ірынай Сядура і інш.

На вялікі жаль, я не знайшоў Алеся Змагара, Анатоля Бярозку… Затое пашанцавала ўзяць першае інтэрв’ю для беларускага чытача ў Старшыні Рады БНР доктара Язэпа Сажыча, кампазітара Пятра Нядзвецкага, беларускага дысідэнта Янкі Ханенкі, грамадскага дзеяча Кастуся Мерляка… Іх імёны альбо замоўчваліся, альбо практычна былі невядомыя на Беларусі.

Вандруючы па Амерыцы, размаўляючы з эмігрантамі, працуючы ў беларускіх архівах, я штораз вяртаўся да адной і той жа высновы: самае вялікае і дарагое, што мы, беларусы, маем,— гэта Беларусь, наша радзіма. Дзе б мы ні жылі, мы — яе дзеці. Яна адна можа нас памірыць, з’яднаць, парадніць, напоўніць сэнсам наша існаванне на гэтым свеце. Ад нас, беларусаў, патрабуецца толькі адно: любіць сваю маці-радзіму. Каб быць людзьмі, каб заставацца Беларусамі.

 

Пранчак, Л. І. Жыццё – кароткае, Радзіма – вечная : [прадмова] / Л. І. Пранчак // Пранчак, Л. І. Беларуская Амерыка / Л. І. Пранчак. – Мінск: Полымя, 1994. – С. 3-17.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed