Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Дыдышка Вера
Святло душы
Якое слова светлае – Радзіма!
Пяшчотна для мяне яно гучыць.
Без той зямлі, якая нарадзіла,
Нідзе, напэўна б, не змагла я жыць.
Не трэба слоў высокіх, звышвысокіх,
А можа і зусім не трэба слоў:
Любі сваю зямлю, свае вытокі
I спадчыну славутую дзядоў.
О Беларусь! Ты — зорачка на карце
І свеціш нам у працы і ў жыцці.
Ты назаўжоы наша Радзіма — маці,
I лепшай нам ніколі не знайсці.
Гэтымі вершаванымі радкамі адкрываецца паэтычны зборнік Веры Дыдышка “Святло душы”. I ўгэтых вершаваных радках яна ўся. Нераўнадушная, улюбёная ў жыццё, у зямлю, на якой нарадзілася і жыве, у людзей. Вера Дыдышка, якую большасць землякоў ведаюць як Веру Іосіфаўну Шыловіч, не проста настаўніца па адукацыі – яна педагог, не проста таленавіты чалавек – яна паэт, не проста нераўнадушная асоба – яна патрыётка хлебных ніў валошкава-рамонкавых палян, яблыневай квецені, празрыстых крыніц, буслінага клёкату… Безліч школьных урокаў працягласцю 45 хвілін кожны выхоўвалі, адкрывалі свет яе шматлікім вучням. I не менш важны ўрок працягласцю ў пройдзены адрэзак жыццёвага шляху выразна і пераканаўча даказвае сапраўдную чалавечую вартасць гэтай цудоўнай жанчыны. У клубе “Свяцічанка”, у сельскай бібліятэцы, на старонках раёнкі Вера Іосіфаўна такая, як яна ёсць – светлая душою, думкамі і справамі, максімалістка, праўдзістка, арыгіналка. Дарэчы, на трэцяй старонцы гэтага нумара чарговая публікацыя, падрыхтаваная Верай Шыловіч. Сёння даўні і верны сябар “Ляхавіцкага весніка” Вера Шыловіч (Дыдышка) адзначае юбілей. Шыкоўная кастрычніцкая прыгажосць абрамляе гзту падзею. “Веснікаўцы” шчыра віншуюць жанчыну, прывабнасць якой непадуласная часу, чалавека, які жыве па сумленні, педагога, для якога школа і вучні – гэта святое, пазаштатнага аўтара раёнкі, які добразычліва і слушна рэцэнзуе газету і дадае свае штрыхі. Жадаем жыцця поўнага і прыгожага. У непараўнальны ўзор вашых вершаў няхай уплятаюцца самыя лірычныя, самыя-самыя пранізлівыя радкі…
Барадзіна, В. Святло душы / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – № 80. – 20 кастрычніка. – С.1.
Музыкант і яго муза
Чытальная зала Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя Я.Купалы стала месцам сустрэчы з паэтэсай Верай Дыдышка і музыкантам Мікалаем Сокала.
Імя Веры Дыдышка займае дастойнае месца на літаратурнай карце Ляхавіччыны. Паэтычныя зборнікі «Святло душы» і «Надзея», якія ўбачыяі свет у 2004 годзе, сталі сапраўднай падзеяй у культурным жыцці раёна. Яна друкавалася ў «Настаўніцкай газеце», у часопісах «Нёман», «Полымя» і «Маладосць».
У апошнія гады многія вершы Веры Дыдышка сталі песнямі дзякуючы мясцоваму кампазітару, мастацкаму кіраўніку Свяціцкага Дома культуры Мікалаю Сокалу. Вера Іосіфаўна лічыць яго сваім вучнем у літаральным сэнсе гэтага слова: у школе была яго класным кіраўніком, заўважала, наколькі тонка ён успрымае музыку. Хлопец вучыўся ў Ляхавіцкай музычнай школе, закончыў Сімферопальскае музычнае вучылішча, На вершы Веры Дыдышка ён напісаў песні «Маленне», «Свяціцкая лірычная», «Песня пра маму», «Рапсодыя», «Белая лілея», «Ветэранам». Вера Іосіфаўна расказала гісторыю кожнага сумесна напісанага твора, падкрэсліваючы талент кампазітара. Падчас сустрэчы гучалі песні і вершы паэтэсы з новай кнігі «Узрушэнне сэрца», якая хутка ўбачыць свет.
Прытульчык, Р. Музыкант і яго муза / Рыма Прытульчык // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 14 чэрвеня. – С. 14.
Я Богу ў нечым вельмі дагадзіла
Людзі самых розных узростаў і прафесій прыйшлі ў раённую бібліятэку на сустрэчу з землякамі — паэткай Верай Дыдышка і музыкантам Мікалаем Сокалам са Свяціцы. Паэтычныя зборнікі Веры Дыдышка «Святло душы», «Надзея», якія ўбачылі свет у 2004 годзе, сталі сапраўднай падзеяй у культурным жыцці нашага раёна. Вера Іосіфаўна піша з любоўю і пра любоў. Да зямлі, чалавека, матулі, да жыцця. Творчасць прыносіць ёй вялікае задавальненне, найвялікшую радасць адчуваць, што знойдзена шчырае слова, вобразны малюнак, які ўдала данесены да чытача. Таму і прыхільнікаў творчасці Веры Дыдышка нямала. Гэта і землякі, знаёмыя з творчасцю паэткі са старонак раённай газеты, і чытачы рэспубліканскіх часопісаў «Нёман», «Полымя», «Маладосць», «Настаўніцкай газеты».
Доўгія гады педагагічнай працы вызначылі характар гэтай жанчыны, сфарміравалі погляд на жыццё, людзей, выпрацавалі манеру пісаць пра іх душэўна і ўсякі раз па-новаму. Трэба заўсёды працаваць над сабой — такі жыццёвы прынцып Веры Іосіфаўны, і ён у яе вершах вызначае характар і ўменне адлюстроўваць убачанае па-свойму — шчодра, але не трацячы дарма ні аднаго слова.
Што такое шчасце? Напэўна, кожная жанчына спрабавала адказаць на гэтае пытанне. Але як трапна сказала пра гэта Вера Дыдышка:
Я Богу ў нечым
вельмі дагадзіла:
Такіх харошых хлопцаў
нарадзіла!
Усё ў дарагіх маіх сыночкаў ёсць:
Сумленне, дабрыня
і прыгажосць.
Я самая шчаслівая жанчына,
Бо закахана ў сваіх мужчынаў!
І гэта цудадзейны плён дае:
Шчаслівыя й яны, сыны мае.
Вера Дыдышка вяла шчырую размову з прысутнымі, якія лавілі кожнае слова паэткі. Магчыма таму, што і слухачы яе ўспрымалі гэтак жа душэўна, — атмасфера ў зале была цёплай і добразычлівай. Вера Іосіфаўна расказала, як у яе нараджаюцца вершы, з любоўю гаварыла пра сваю родную вёску, пра школу, у якой працавала, пра сяброў і дарагіх ёй людзей. І, бадай, галоўным радком праз усю яе споведзь праходзіла пажаданне нашчадкам — не цурацца роднай мовы, бо гэта галоўны скарб, які трэба берагчы.
У апошнія гады многія вершы Веры Дыдышка сталі песнямі, дзякуючы мясцоваму кампазітару, мастацкаму кіраўніку Свяціцкага Дома культуры Мікалаю Сокалу. Вера Іосіфаўна лічыць яго сваім вучнем у літаральным сэнсе слова: у школе была яго класным кіраўніком, адзначала, наколькі тонка ён успрымае музыку. Хлопец закончыў Ляхавіцкую музычную школу, Сімферопальскае музычнае вучылішча. Яго першыя песні — «Афганістан», «Наша ХХ стагоддзе». На вершы Веры Дыдышка ён напісаў музыку і атрымаліся песні «Маленне», «Свяціцкая лірычная», «Песня пра маму», «Рапсодыя», «Белая лілея», «Ветэранам». Вера Іосіфаўна расказала гісторыю кожнага сумеснага твора, падкрэсліваючы талент самадзейнага кампазітара.
У час сустрэчы былі выкананы песні, напісаныя сумесна з Верай Дыдышка і асабіста Мікалаем Сокалам, гучалі вершы паэткі з новай кнігі «Узрушэнне сэрца», якая павінна хутка ўбачыць свет.
Пераканана, што пасля гэтай сустрэчы ў Веры Дыдышка і Мікалая Сокала з’явілася шмат новых прыхільнікаў іх творчасці. Прыемна ўсведамляць, што мы жывём побач з такімі таленавітымі людзьмі і маем магчымасць атрымаць асалоду ад прыгожага стылю і меладычнага спеву.
Прытульчык, Р. Я Богу ў нечым вельмі дагадзіла : [У Ляхавіцкай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы сустракаліся с паэткай Верай Дыдышка] / Рыма Прытульчык // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – № 41. – 5 чэрвеня. – С. 4.
Святло душы ў кожным сэрцы
Нядаўна ў нашай школе завяршыўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Праграма яго была насычанай і разнастайнай: гутаркі аб значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека, конкурсы вершаў і сачыненняў, была выпушчана тэматычная газета, праводзіліся адкрытыя ўрокі. Адзін з іх пад назвай “Святло душы ў кожным сэрцы” ў 10-м класе правяла настаўніца Валянціна Дамінікаўна Бурава. І прысвячаўся гэты незвычайны ўрок творчасці нашай таленавітай зямлячкі Веры Дыдышкі. Вучні запрасілі на сустрэчу Веру Іосіфаўну, настаўнікаў і дырэкцыю школы.
Клас быў аформлены прыгожа – з густам і па-мастацку вышытыя ручнікі і абрусы ўдала спалучаліся з кветкавым аздабленнем. Але цэнтрам увагі сталі зборнікі вершаў “Святло душы”. Сам урок быў пабудаваны на раздзелах гэтага выдання (яно ёсць у доме кожнага свяцічаніна, таму творчасць мясцовай паэткі добра ведаюць і дзеці, і дарослыя). Рабяты самастойна выбіралі, які з вершаў зборніка дэкламаваць перад гасцямі. Натхнёна, шчыра, з любоўю і разуменнем чыталі рыфмаваныя радкі Дзмітрый Дубіна, Алёна Арцюх, Аліна Курловіч, Наталля Бурава, Таццяна Курловіч, Аляксандр Лапіч, Алена Русакевіч, Юлія Буйкевіч, Анастасія Плескацэвіч, Кірыл Буйкевіч, Юрый Курэнін, Дзмітрый Русакевіч, Кацярына Уліцкая, Вольга Курловіч і Сяргей Рацэвіч.
На ўроку панавала цёплаўзнёслая, лірычная і яркая атмасфера. Вера Дыдышка адказала на пытанні рабят, прачытала свае новыя вершы і шчыра падзякавала за запамінальную сустрэчу. Словы асаблівай удзячнасці за маральную падтрымку і разуменне былі адрасаваны дырэктару школы Людміле Бародка.
…Урок закончыўся, урок прадоўжыцца. Валянціна Бурава разам з дырэкцыяй школы мае намер правесці яшчэ адзін урок па творчасці Веры Дыдышкі, на гэты раз – музычны. Справа ў тым, што мясцовы кампазітар, былы вучань педагога Веры Іосіфаўны, а зараз музычны кіраўнік Свяціцкага СДК Мікалай Сокал напісаў шмат песень на словы паэткі. Вельмі хочуць паслухаць гэтыя музычныя творы землякі. Дарэчы, у гэтай творчай садружнасці быў напісаны і гімн Свяціцкай СШ, які ў абавязковым парадку гучыць на школьных урачыстасцях.
Ад усіх прысутных і ад сябе асабіста шчыра дзякую Валянціне Дамінікаўне і Веры Іосіфаўне за гэты надзвычай захапляючы і душэўны ўрок, і які зноў прадэманстраваў талент зямлячкі, якой натхненне для творчасці даюць любоў да людзей і да роднай зямлі.
Соц, Л. Святло душы ў кожным сэрцы / Любоў Соц // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – № 86. – 9 лістапада. – С. 3.
Раднейшай зямлі не бывае
Жыву я ў Расіі ўжо 12 гадоў, а родам з вёскі Свяціца Ляхавіцкага раёна. Старое дрэва каранямі не прырастае, — так, здаецца, людзі кажуць. І назаўсёды ў сэрцы кранаючыя радкі:
Мой родны кут,
Як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы…
У Свяціцы жывуць мае старэнькія бацькі, нікуды з роднай хаты ехаць не хочуць. Гэта атрымліваецца ў іх дзякуючы клапатлівай Таццяне Васільеўне — супрацоўніцы сацыяльнай службы, добрым суседзям, спагадлівым людзям — аднавяскоўцам, былым калегам па працы. Усім ім вялікі дзякуй. Штомесяц наведваецца з Асіповічаў мая старэйшая сястра, жыве з бацькамі тыднямі. Я ўжо таксама на пенсіі, але яшчэ працую і бываю ў бацькоў раз у год. Сёлета збіраліся мы ў роднай хаце з радаснай нагоды — адзначылі бацькава 90-годдзе. Маці крыху маладзейшая — ёй 83. А разам яны 63 гады. Выхавалі траіх дачок, маюць пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, старэйшы з якіх ужо вучыцца на другім курсе ў адной з ВНУ Мінска. Мама наша былая настаўніца. Наогул, бацькоў ведаюць і паважаюць у вёсцы. Я ганаруся тым, колькі яны пражылі і як пражылі.
Так супала, што адначасова з нашай урачыстасцю ў Свяціцы адзначалася свята вёскі. Мне пашанцавала быць яго ўдзельніцай. Цудоўнае свята, яркае, звонкае і нейкае вельмі шчырае. Усё фае літаральна патанала ў кветках, якія нібы сапернічалі з вышыванкамі, што экспанаваліся на выставе работ мясцовых майстрых. А якую эмацыянальную асалоду атрымала ад песень на роднай мове ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці! Прагучала шмат віншаванняў і добрых слоў у адрас вяскоўцаў, руплівых працаўнікоў, выдатных гаспадароў. Не забыліся павіншаваць з юбілеем і майго бацьку.
А закончылася свята абраннем чалавека года. Вельмі прыемна, што ім стала былая настаўніца Свяціцкай школы Вера Іосіфаўна Шыловіч. Вясковая настаўніца. Ужо толькі гэтае вызначэнне гаворыць пра вялікую павагу да чалавека, да дастойнай, сціплай жанчыны. Многія ведаюць сваю зямлячку і як аўтара двух цудоўных зборнікаў паэзіі. Вершы яе пра жыццё, пра нашу асляпльна прыгожую прыроду, пра людзей, якія жывуць побач, – добрых, працавітых, чыстасардэчных. “Святло душы” і “Надзея” – так называюцца выданні. А мне хочацца сказаць, што святло сваёй душы ўсё жыццё Вера Шыловіч (Дыдышка) дорыць землякам. Колькі добрых слоў сказала яна ў вершах пра родную зямлю, пра людзей-суседзяў. Да слёз расчуліў мяне яе верш, які да Дня Перамогі паэтка прысвяціла майму бацьку – Аляксандру Сцяпанавічу Курыловічу, а таксама хрышчонаму – Дзмітрыю Карпавічу Буйкевічу. Толькі іх двое з ветэранаў Вялікай Айчыннай засталося на ўсю Свяціцу.
Разам з мясцовым кампазітарам М. Сокалам Вера Шыловіч напісала песню пра родную вёску, гімн мясцовай школы. Наогул, амаль усе святы праходзяць па яе сцэнарыях. Дзякаваць Богу, хапае сіл на ўсе добрыя справы: і ваенна-патрыятычную, пошукавую работу, і ініцыятыўныя дзеянні ў жаночым клубе, і былую калегу падтрымаць, і яшчэ на многае іншае. Сваім жыццём такія людзі ўпрыгожваюць і месца, дзе жывуць, і час, у які жывуць. Дзякуй за гэта і нізкі паклон.
Паважаная рэдакцыя, калі палічыце магчымым, надрукуйце мой ліст на старонках вашай газеты. Вялікі і вам дзякуй. Дарэчы, мае бацькі, хаця ўзрост іх вельмі шаноўны, атрымліваюць некалькі газет, у ліку іх — “Ляхавіцкі веснік”.
Фёдарава, Л. Раднейшай зямлі не бывае / Лідзія Фёдарава // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – № 88. – 16 лістапада. – С. 2.