Мікалай Юруць

 Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына

Мікалай Юруць (г. н. 1950)

Мікалай Паўлавіч Юруць нарадзіўся 14 студзеня 1950 года ў вёсцы Падбарочча Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Падбарочанскай пачатковай школе, закончыў Альхоўскую сярэднюю школу. У Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна атрымаў прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры, а ў Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь – менэджэра-эканаміста.

Уся біяграфія Мікалая Паўлавіча звязана з роднай Ляхавіччынай. Працаваў у Крывошынскай сярэдняй школе, некалькі гадоў быў адным з лідараў раённай камсамольскай арганізацыі, затым займаў розныя адказныя пасады ў раённым выканаўчым камітэце. За многія гады накапіў вялікі жыццёвы вопыт, кропелькі якога знайшлі адлюстраванне ў сціплых творчых набытках.

У 2023 годзе выпушчана кніга М.Юруця “Хатка”.

Кніга на ўсё жыццёІшла кумка на базарХатка

Быў я яшчэ дашкольнікам, але як зараз помню: вёску абляцела навіна – будуць адкрываць «хату- чытальню». Неўзабаве ў хату да Нарослікаў (спецыяльнага памяшкання – клуба ці бібліятэкі – тады яшчэ не было) завезлі кнігі, а ў суседняй хаце пасялілася «ізбачка», як яе называлі вяскоўцы, Валя з Кавалёў. Хутка ў вёсцы з’явіўся клуб, і хата-чытальня пераехала туды, а над уваходнымі дзвярамі павесілі шыльду «Бібліятэка».

За першыя паўгода вучобы ў пачатковай школе я перабраў усе кніжачкі, што меліся ў шафе настаўніцкай. З якой радасцю бег у сельскую бібліятэку, як толькі настаўніца дазволіла запісацца ў ёй у якасці пастаяннага чытача!

Кніга тады, у 50-я гады мінулага стагоддзя, была бадай адзінай (акрамя перыёдыкі) крыніцай інфармацыі і ведаў, бо нават пра радыё ў вёсцы амаль ніхто не чуў, не кажучы пра такі цуд, як тэлевізар.

Знаёмы настаўнік расказваў пра вучня, які не завучыў на памяць вершык, бо «счытаўся» падручнік. «Як счытаўся”?» – не мог зразумець настаўнік. А кніга і сапраўды «счыталася»: усе радкі верша зацёртыя – так старанна вадзілі вучні пальчыкамі па падручніку.

Зараз кнігі не «счытваюцца», бо нельга зацерці пальцамі ноўтбук ці планшэт. Кнігу выцясняюць электронныя сродкі перадачы інфармацыі, новыя тэхналогіі. Але яны не здольны перадаць непаўторнае адчуванне далучэння да жывога слова, занатаванага на паперы. Ачарсцвелы дарослы чытач на аўтамаце «праглынае» халодныя электронныя тэксты. Але ж ён павінен да гэтага навучыцца чытаць! Няхай у нашых дзетак будзе магчымасць павадзіць пальчыкам па кніжных радках, пазахапляцца ілюстрацыямі любімых казак, на свой густ размаляваць у розныя колеры карцінкі. Кніга – бясцэннае дасягненне культуры, якое не страціць сваё месца ні ў публічнай бібліятэцы, што кліча ў сваю скарбніцу нераўнадушных аматараў чытання, ні на хатняй кніжнай паліцы.

Мікалай Юруць, г.Ляхавічы

 

Ішла кумка на базар,
Кум насустрач – твар у твар.
“Куды, кумачка, ідзеш,
Што ты ў рэшаце нясеш?
“Нясу ў рэшаце ваду,
На базар з вадой іду.
Вадой буду гандляваць,
А на рэшаце гадаць:
Пакахае хто ці не
З гэтым рэшатам мяне.
– Дазволь, я з табой пайду,
Памагу нясці ваду.
І не трэба гандляваць –
Буду я цябе кахаць!
А спыніліся яны
Каля спелай ярыны.
Засталіся без вады.
Не было б другой бяды.

Мікалай Юруць

Баба Геля за свой некароткі век напрацавалася, нагаравалася. Дзяцей пагадавала – не галадалі, здаровымі выраслі, працы не цураліся. А потым пайшлі, як грыбы ў лесе, унукі, праўнукі. Але раз’ехаліся ўсе, разышліся. Засталася баба Геля адна ў старой дагледжанай утульнай хатцы. З цягам часу пачало падводзіць здароўе. Паклікала яе да сябе ў горад дачка. Не хацела перабірацца бабка: ці прыжывецца старое дрэва на новым месцы. Дачка ўгаварыла: і цёпла ў гарадской кватэры -у печы не трэба паліць, пра дровы рупіцца, і есці будзе нагатавана, і да доктара з яе частымі ўжо хваробамі лягчэй дастукацца…

Жыве баба Геля ў цяпле ды ў дабрабыце, радуецца дачцэ, унукам.

Ды ўсё ж засумавала. Усё часцей сталі сніцца Мінічы, Шчара за агародамі, родная хата.

Аднойчы не вытрымала.

– Завязіце мяне ў Мінічы, – выказала яна катэгарычную просьбу дачцэ і яе дарослым дзецям.

Тыя не сталі ўпарціцца, заправілі машыну.

У вёсцы спыніліся каля хаты. Невялікія вокны з разнымі налічнікамі, спрытны камінок узвышаецца над шыферным дашкам, паімшэлы плот прыкрывае недагледжаны агародчык.

-Ну, здрастуй, хатка! – прывіталася баба Геля, бы з жывым чалавекам.

Не зайшла яна ў двор і цераз парог хаты не пераступіла. Стаіць, углядаецца ў вакенцы, свой незайздросны лёс прыпамінае. Усё-ўсё жыццё, быццам кадры кінахронікі, прамільгнула перад вачыма: і дзяцінства, і замужжа, і ваеннае ліхалецце, і кароткія імгненні радасці, і гора. І як цяжка было пасля вайны ў спаленай вёсцы на ногі станавіцца. І як цесна жылося вялікай сям’і ў маленькім будыначку. Паўлюка, старэйшага за ўсіх, першага і на свой хлеб выправілі, у суседнім Падбароччы сасваталі, там ён свій след і пакінуў. Астатнія браты-сёстры на бацькаўшчыне ўладкаваліся. Вось побач прытулілася хата Петруся, цераз вуліцу Ільюк жыў, а крыху наводдаль Юзік збудаваўся. У гэтым канцы сяла Альжбета, Маня, Оля па-суседску гаспадаркі ладзілі, адна з другой дзяліліся чым маглі. Сама ж Геля з бацькамі жыць засталася. Тут з Іванам пабраліся, тут і аўдавела.

Усе ўжо там. Усіх праводзіла баба Геля ў апошні іх прытулак.

Шмат чаго перадумала. Ніхто не асмеліўся перабіць яе думак.

Пастаяўшы так, перахрысцілася сама і хаціну перахрысціла.

– Бывай, хатка, – прамовіла на развітанне баба Геля і рашуча, абапіраючыся на кавеньку, рушыла да машыны.

Ні славечкам болей не абмовілася.

А праз некалькі дзянёчкаў ціха развіталася і з гэтым светам.

Юруць, М. Хатка (апавяданне)/ Мікалай Юруць // Ляхавіцкі веснік. – 2021. – 10 сакавіка (№ 18). – С. 5.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed