Купрэеў Мікола. Гутаркі з пісьменнікам, інтэрв’ю

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Купрэеў Мікола

 

Купрэеў, М. Абрысы творчай постаці пісьменніка

Абрысы творчай постаці пісьменніка

Інтэрв’ю М. Купрэева Л. Галубовічу (замест аўтабіяграфіі)

Г.: Мікола, даволі пагаманілі мы з табою сам-насам, а вось зараз давай рызыкнём вынесці нашу размову на публіку. Усё вельмі проста, прынамсі, як для мяне, журналіста, які звык варушыць чалавечыя душы. Вось цыгарэты, вось кава… Кавы не п’еш?.. Пачакай, гляну ў буфет… Павінна недзе гарбата быць…

Ну што, цяпер можна пачынаць? А з чаго ж нам пачаць? Давай з каламбура: з чаго і з каго пачаўся паэт Мікола Купрэеў?

К.: Упэўнены, ніхто з Паэтаў (сябе я, канечне, не адношу да гэтай шаноўнай касты з вялікай літары) не помніць, з чаго і з каго пачаўся. Як ніхто з людзей не помніць сваіх першых крокаў па зямлі, сваіх першых вымаўленых словаў. Толькі версіфікатар, графаман можа сказаць: з таго і таго, тады і там. А юны чалавек са шчымлівай, трапяткой душою не скажа, нават не шапне, а проста няўцямна падумае: можа – у лесе, можа – ля ракі, можа – ля вакна, расчыненага насцеж у сонечна-зялёны ранішні свет роднага падворка, а можа, і хутчэй за ўсё, крыху пазней – ля слядоў дзяўчьтнкі, калі цікаваў за ёю з-за дрэва, з-за куста, ці ля яе блізкага дыхання за пярэдняй партай; а можа – калі вучыў і ніяк не мог вывучыць на памяць «Мой родны кут! Як ты мне мілы!..» Не мог вывучыць на памяць таму, што побач з коласаўскім словам раптам страпянулася апантанымі крылцамі і сваё слова… Але ён нічога гэтага ўжо не помніць – бо то быў проста працяг жыцця, але жыцця ўжо нейкага нетутэйшага…

Настаўнік прыходзіць да творцы-пачаткоўца сам. Дакладней: патэнцыяльны настаўнік-паэт і патэнцыяльны вучань-паэт ідуць, імкнуцца адзін да аднаго на сустрэчу і, сустрэўшыся, злучаюцца ў адну душу. Той настаўнік можа быць жывым сучаснікам, а можа быць ужо даўно па-за сваёй фізіялагічнай існасцю, але – не па-за паэзіяй. I неабходна, каб вучань хоць зрэдку паказваў-чытаў яму свае творы; яны ж злучыліся ў адну душу, і таму таленавітаму пачаткоўцу неабходна гэта – павяраць свой радок (!) духоўнай і эстэтычнай сутнасцю паэзіі куміра. Паўтаруся: павяраць сутнасцю, а не радком яго, не слоўнікам яго…

Такое адбываецца, калі пачатковец жадае мець настаўніка-паэта (дарэчы, настаўнікамі-натхняльнікамі могуць аказацца і празаікі, напрыклад: I. Бунін, М. Гарэцкі, Я. Брыль).

Але ж былі, і ёсць, і будуць пачаткоўцы-адзіночкі, пры тым – зацятыя, якія ад усіх адмахваюцца рукамі, упарта ўцякаюць ад усякіх уплываў, хоць нехта ж некалі і даў ім паэтычны штуршок, узрушыў чуйнае сэрца.

Але мы тут гаворым пра тое, як бывае – пра настаўніцтва і вучнёўства.

У маім сціплым выпадку ўсё, здаецца, пачалося з «Кургана» Янкі Купалы. «Курган» я ўнершыню прачытаў (ці пачуў – не помню) у другім ці трэцім класе, і паэма мяне так уразіла, што я доўга маўчаў у сваім кутку ў хаце, – уразіла нейкай дзівоснай, незразумелай тады, і прыгожай, і страшнай музыкай, сваімі не ўсюды зразумелымі і, зноў жа, страшнымі словамі. Гэта было насланнё, начараванне, штуршок на задуменнасць у сваім самотніцкім кутку…

Настаўнікам маім Янка Купала не стаў. У юнацтве растрывожылі мяне, падштурхнулі сесці перад чыстым аркушам паперы і нешта (нешта!) напісаць на ім Максім Багдановіч і Аляксандр Блок. Доўга пакутаваў музыкай і раскаванасцю іх паэтычнага радка (у «Страцім-лебедзі», у «Вольных мыслях»). А крыху пазней, але ўсё яшчэ ў юнацтве добра-такі патрывожылі палякі Галчынскі і Тувім, іспанец Лорка, француз Прэвер, летувіс Марцінкявічус. Але і яны настаўнікамі, у вузкім значэнні гэтага слова, не сталі, як не маглі імі стаць ні для кога. Ага!.. Усе згаданыя мною паэты, пачынаючы ад Купалы, зліліся з часам у адну Асобу, асобу Паэта, да якое хацела далучыцца і мая перыферыйная душа.

Калі мы павялі ўжо гаворку пра настаўнікаў і вучняў, дык хачу тут успомніць…

У 50-я гады я вучыўся ў Івацэвіцкай сярэдняй школе. Там працаваў завучам Якаў Дзмітравіч Янчанка, выкладчык рускай літаратуры, інвалід вайны. У яго быў прыгожы адухоўлены твар. На школьных вечарынах ён чытаў са сцэны паэмы Пушкіна. Да вайны Якаў Дзмітравіч вучыўся ў мастацкім інстытуце. Пасля вайны давялося, замест мастацкага, закончыць філалагічны факультэт універсітэта. Але ён не кінуў жывапіс: навучыўся маляваць левай рукой. У калідорах, кабінетах школы віселі яго карціны. Ён «заразіў» школу: шмат хто з вучняў, асабліва хлопцы, сталі маляваць – дома, у школе, нават на ўроках матэматыкі. Прафесійных мастакоў з нас не выйшла, але, ведаю, некаторыя і цяпер, пад старасць, працягваюць маляваць, і нават няблага. (Дарэчы, некалькі гадоў таму ў «Нёмане» былі апублікаваны вершы таго ж Янчанкі.)

А цяпер пра сябе ў падобнай сітуацыі. Хоць твар мой і не нрыгожы, і не адухоўлены, як у таго нашага завуча. У шасцідзесятыя гады я працаваў завучам Чудзінскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна, на маляўнічым беразе былой ракі Лані. Я ўжо лічыўся маладым паэтам, друкаваўся ў «Маладосці» і мясцовых газетах. Мае вучні ведалі пра гэта. Адзін з іх – Алесь Каско – усур’ёз заняўся паэзіяй і з цягам часу стаў вядомым паэтам, вы- даў некалькі зборнікаў і цяпер нават узначальвае Брэсцкае абласное аддзяленне СП Беларусі.

Потым я працаваў у Сташанах Пінскага раёна, таксама ў школе. Тут мае вучні ведалі, што ў мяне ўжо ёсць кніжачка вершаў. Гэта мекаторых з іх інтрыгавала і «падбівала» на свае вершы. Сярод гэтых некаторых былі Мікола Антаноўскі і Анатоль Шушко. Нядаўна і той, і другі выдалі пад эгідай «Маладосці» свае паэтычныя зборнікі. Дык вось, усе трое, калі былі вучнямі, вершаў мне сваіх не паказвалі. Як прызнаваліся пасля Каско і Шушко, – яны саромеліся іх маказваць, а былі, паўтаруся, проста заінтрыгаваны: «Як так? Наш мастаўнік піша вершы. А мы што – не можам?» Толя Шушко прызнаўся нават у тым, што цікаваў за мною з-за дрэва, з-за куста, калі я летам прыходзіў да сажалкі, і ён глядзеў, ці пішу я там што. А потым ён прыбягаў дахаты і пісаў сам. Тым летам, калі Толя заканчваў сярэднюю школу, яго першыя (!) вершы былі надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва». I цяпер я рады, што гэтыя тры хлопцы працуюць у паэзіі больш апантана, чым іх былы школьны настаўнік. От як бывае!..

Вось і ты, прабач, Лёня, нагадваеш зараз вучня, якому не абры- дзела слухаць настаўніка. У старасці ўсе мы любім пагаварыць-паўспамінаць. Але ты, відаць, яшчэ ў тым узросце, калі ёсць патрэба слухаць…

Г.: Ведаеш, цябе люба слухаць… мова ж вельмі народная, неліта- ратурная. Вось прамову і добра было б працягнуць нашу гаворку…

К.: …Усё пачынаецца з роднага слова, схаванага глыбока ўнутры, удыхнутага ў сябе, а потым лёгка выдыхнутага разам з родным паветрам. Мне на гэты конт, асабліва напачатку, не надта пашанцавала. Глядзі: мая Рагачоўшчына, бацькава і матчына вёскі, ля Дняпра. Зямля радзімічаў, зямля, якая была калыскай найшчырэйшых беларусаў Ядвігіна Ш., Андрэя Макаёнка, Міколы Сурначова, Алеся Жаўрука, была дзяцінствам і маладосцю Міхася Лынькова, «запасным» прытулкам (па найбліжэйшай радні) і творчым жнівом для Уладзіміра Караткевіча. I ад такой беларушчыны я быў адарваны (пераезд сям’і) у дзесяцігадовым узросце. На Старапескаўскіх вуліцах у Бярозаўскім раёне я акунуўся ў заходнепаляшуцкую моўную стыхію. Але мова далёкай радзімы яшчэ дыхала ўва мне, да таго ж яна сілкавалася беларускімі ўрокамі ў школе. I таму, калі я, вучань сямігодкі, напісаў там свой першы, па-дзіцячы наіўны, верш пра Першамай, – напісаны ён быў па-беларуску.

Дарэчы, прыкладна ў той час у суседняй вёсцы Нівы падра- стала Ніна Мацяш, а па той бок чыгункі Масква-Брэст, у Сяльцы, магчыма, лазіў у чужы сад па яблыкі вясковы хлопчык Алесь Разанаў,- можа тады ўжо Алесь задумаўся пра яблык Ньютана?

Г.: Ну, наўрад ці ў такім узросце Алесь Сцяпанавіч пачаў пры- лучаццаў час шкоды да вялікай мудрасці… Ранавата.

К.: Прабач, відаць, загаварыўся. Аднак, вярнуся да думкі… Недзе тады ж маленькая Райка Баравікова паехала з Бярозы на Магілёўшчыну…

I пасля гэтай «паляшуцкай» Бярозаўшчыны я стаў вучнем- старшакласнікам рускамоўнай івацэвіцкай школы, а затым – сту- дэнтам-філфакаўцам моцна зрусіфікаванага тады, у другой паловс 50-х гадоў, педінстытута імя Пушкіна ў Брэсце – горадзе з вуліцамі Гогаля, Лермантава, Талстога, Тургенева, Маякоўскага, Шолахава, Міцкевіча, Шаўчэнкі, але без вуліцы Купалы (цяпер такая, нават з рэстаранам «Паўлінка», у адным з мікрараёнаў ёсць)… Да ўсяго, гэтая – хатняя, у сям’і, «вучыцельская» – моўная трасянка. Але ж паехалі мы на Брэстчыну, калі мне было ўжо дзесяць гадоў, і таму жывое роднае слова колькі часу яшчэ стаяла ў дзіцячай памятлівай душы («А мая ж ты, таячка, а хадзі ж ты сюды! Можа, кулагі пасёрбаеш? Акы-ыш, пранцаватыя!» – так казала мая баба Марфа ля варотаў дзяўчынцы-сіраціне і праганяла курэй з гародчыка. Дарэчы, у хатах маіх абодвух дзядоў я не чуў паганых, «мацюжных» словаў, занесеных на Беларусь вятрамі з усходу. «Пранцаватыя», «пранцы» (ад францы) – гэта адзіная, лічы, лаянка, якая засталася ў народзе пасля вайны з французамі 1812 года.

Генная памяць матчынай мовы жывучая… У маім выпадку – дзедавай, бабулінай мовы я не ведаю і не помню, як не помню, і што гаварыла мая маці: яе забілі ў вайну, калі мне было пяць гадоў.

От гэткія мае стасункі з роднай мовай, таму пачаў я пісаць «вершыкі» па-беларуску, а крыху пазней прозу – па-расейску. Я быў радасна здзіўлены, калі мяне, дзевяцікласніка, паклікалі на абласную нараду маладых пісьменнікаў. Там я, заікаючыся яшчэ больш, чым цяпер, чытаў свае мініяцюры перад Янкам Брылём, і ён ухваліў іх – тым самым велікадушна заахвоціў мяне да далейшай творчасці. Потым мініяцюры мае былі надрукаваны ў альманаху «Советская Отчнзна» (цяпер часопіс «Нёман»), а потым, ужо будучы студэнтам, я напісаў аповесць з такой рамантычнай назвай: «Бродят на рассвете юные». Рукапіс чыталі Янка Брыль і Барыс Бур’ян (апошні — ужо ў «Нёмане»). Яны зрабілі мноства крытычных заўваг, але ў цэлым ухвалілі, параілі, як давесці пісаніну да ладу. Ды на той час я ўжо працаваў у Ляхавіцкім раёне (вёска Пранчакі, адкуль родам паэт-песеннік Леанід Пранчак), жыў-гасцяваў у цешчы ў Клецкім раёне, па беразе колішняй рамантычна-прыгожай рэчкі Начы. А мова ў гэтым краі чысцюткая, незасмечаная ні з захаду, ні з усходу (ты, браце, ведаеш гэта так добра, як ніхто іншы).

Вось тут лёгка і назаўжды вярнуўся толькі ў роднае – пісаў голькі вершы і толькі на сваёй мове. А тую аповесць падчас адной сваёй вандроўкі па Палессі я закінуў на гарышча ў аднаго знаёмага мужыка – а ён рукапісам аповесці распальваў дровы ў печы. Усё ж карысць ад яе нейкая была… Мне сорамна перад самім сабой за сваю прозу не на роднай мове. Ад таго сарамоцця я нават не асмеліўся падзякаваць Янку Брылю за страчаны час… Ніякаватасць перад ім пашу па сёння. А сваё тое, даўняе ўжо, «рэнегацтва» неяк вытлумачваю сам сабе творчым лёсам такіх нашых літаратараў, як Казько, Тарас, Ждан, Някляеў…

А калі адкінуць усю гэтую маю гаварыльню і коратка адказаць на пытанне: з чаго пачаўся паэт Мікола Купрэеў? Я адказаў бы так: чахацелася сказаць нешта такое самому сабе, што мяне ж самога і здзівіла. А сказаў я так: «Сонца ўзышло і пабег ручаёк». I здзівіўся: ног жа ў сонца няма і ў ручайка няма. Толькі потым дацяміў: я проста паўтарыў тое, што казалі мае продкі сотні гадоў. Так што пачаў я з найгрубейшага плагіяту.

Г: Ты ўжо вопытны чсшавек і не менш вопытны літаратар. Панюхаў удосталь, як гавораць, і потнага хлеба, і застольнага чарніла… I ў чым усё-ткі больш сэнсу – у жыцці-быцці ці ў паэзіі?

К.: А што гэта такое, дарэчы, – сэнс жыцця? Можа, проста – жыць па-чалавечы, па-Боску. Да гэтага і просіць людзей ісці паэзія, песня, асабліва беларуская народная лірычная жаночая песня. У ідэальным грамадстве (а ці было калі такое і ці будзе?) сэнс жыцця і сэнс паэзіі (увогуле сэнс мастацтва) – і гэта натуральна – павінны быць як адзінае цэлае.

Г.: Само па сабе напрошваецца пытанне: паэт і грамадства. «Поэтом можешь ты не быть, но граждантом быть обязан»…

К.: …I ў дружбе, і нават ва ўзаемнай любові клянуцца, і – варагуюць, а грамадства ў абліччы дзяржавы нават на шыбеніцы валакло сваіх лепшых паэтаў, а потым велікадушна, яшчэ пры жыцці паэта ці пасля яго пагібелі, зыходзіла да літасці… Франсуа Віён быў асуджаны на смерць. Але перад шыбеніцай яму пашанцавала: ён прыняў удзел у турніры паэтаў Францыі і быў прызнаны каралём паэтаў. I грамадства дазволіла яму жыць. Разумнае грамадства. Яно спасцігла тую ісціну, што сапраўдны паэт, як і дзіця, не можа быць злачынцам. Хоць дзіця і можа ўзяць дарагую, прыгожую вазу і кінуць яе на падлогу.

Добра, калі паэт і грамадства папікаюць, ушчуваюць адно аднаго ад любові адно да аднаго. Нагадаю Багдановіча: «Народ, Беларускі Народ! Ты цёмны, сляпы, быццам крот… I душу тваю абакралі, – у ёй нават мовы няма». I «Народ» у Багдановіча з вялікай літары. А ўспомнім нядаўнія вершы Пімена Панчанкі пра мову – з папрокамі да народа…

Г.: Папахвае хрысціянствам… Дарэчы, як у цябе з веравызнан- нем? Язаўважыў што ты і сёння пішаш слова Бог з малой літары?

К.: Але Ісус Хрыстос я пішу з вялікай… Рэлігія з’явілася на зямлі, каб уратаваць чалавека. I кожная з яе галін (хрысціянская, мусульманская, іудзейская…) ратуе вернікаў па-свойму, хоць, зрэш- ты, кажа ім адно: узлюбі чалавека. А ці ж не гэта вяшчуе праз тысячагоддзі паэзія? Ці ведаем мы хоць аднаго вялікага (!) паэта-чалавеканенавісніка?! Давай канкрэтызуем так: паэзія і царква (касцёл, сінагога, мячэць…). Вернік уваходзіць у свой храм на ачышчэнне душы сваёй. Перад святынямі ён моліцца, узносіць рукі да Бога са слязамі на вачах… А ці з гэткім жа ўзрушаннем душэўным чалавек ідзе ў той храм, які мы называем паэзіяй? Зачараваны, шэпча радкі любімага паэта… Шэпча, як малітву… Прычашчаецца – і ачышчаецца, і хочацца жыць яму прасветлена, з любоўю. Так, кожная вера робіць сваю святую справу па-свойму, толькі фармальна па-свойму, хоць у тых фармальнасцях шмат падобнага. Біблія адрозніваецца ад Карана, але ў іх многа агульнага. Сэнс, па вялікім рахунку, – адзін…

Г.: Утваёй паэзііміфалогія фармальна як бы адсутнічае, але па-за словам чуецца. Якая роля міфалогіі ў тваёй творчасці?

К: На жаль, міфы даўно-даўно ўжо нідзе на зямлі не ствараюц- ца. Мастацкая літаратура, прынамсі – паэзія, як, дарэчы, і жывапіс, толькі час ад часу сілкуюцца міфамі (у нас – паданнямі, легендамі, казкамі) для вырашэння сваіх сэнсавых і фармальных задач. У нашай паэзіі, напрыклад, з такою мэтай звяртаўся да міфічных вобразаў Максім Багдановіч («Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя…», «Страцім-лебедзь»), былі спробы ў Анатоля Вялюгіна («След мастака»), ну і, вядома, шырока выкарыстоўваў міфалогію Уладзімір Караткевіч (асабліва ў прозе – «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Ладдзя роспачы»),

3’явай грамадскага жыцця, а не толькі літаратуры, суджана было стаць напачатку 60-х гадоў баладзе ўкраінца Івана Драча «Крылы». Дзед Мароз раздаваў людзям навагоднія падарункі, дык мужыку Кірылу дасталіся ў падарунак крылы. Мужык прыладзіў іх на сабе, крылы прараслі праз сцены яго хаты і мужыка разам з хатай узнеслі над зямлёй; далейшы змест балады – што адчуваў і што бачыў мужык з-пад неба на зямлі… Верш – як паданне. Магчымасці для паэта падсілкоўвацца міфамі не абмежаваныя. I я на гэта зважаю.

Г.: Цікава было б пачуць тваё меркаванне наконт паэтычнай метрыкі, паколькі яна ў цябе, як бы гэта дакладней сказаць,- гіпертанічная… Душэўны ўздым – высокі ціскрадка, самотны стан – нізкі… Нерв верша «гуляе»… Вечная арытмія.

К.: Верш – гэта дыханне яго творцы на той час, калі ён, верш, «выліваецца». На той час… А з гэтым дыханнем, сапраўды, надараецца ўсякае. Роўнае, спакойнае дыханне – меладычны верш… А характар жа дыхання – ад гармоніі ці дысгармоніі ў паэтавай душы, якая, у сваю чаргу, такая чуйная на гармонію ці дысгармонію ў прыродзе, у грамадстве, нават у надвор’і за акном.

У дзяцінстве і ў раннім юнацгве я надта (пасля нейкага ў вайну ўзрушэння ці перапуцу) заікаўся…У апошнія прыкладна трыццаць гадоў па Палессі, дзе я жыву, сатаной парушана гармонія, музыка-рытм у прыродзе. Бязглуздая асушка знявечыла векавечны рытм зямлі, напеўнасць яе рэк і рачулак, дарог і сцежак. А сацыяльна-палітычныя стрэсы ўжо даўно разарвалі рыфму «дарога – да Бога». I я не магу пісаць без спатыканняў-паўз, без «заікання» пра вайну ці якое іншае гора…

Г.: …А можа, гэта і на карысць нашай паэзіі, бо гладкапісу пры- певачнага тыпуў ёй цераз край… Адны іх (вершы) «адстрэльваюць» па сваіх франтавых успамінах, другія – «косяць», як незабыўны вясковы луг, трэція – «адбіваюць» пад дыскатэчныя рытмы, чацвёртыя – знемагаюць ад слоўнай «вольнасці» (я спадзяюся, ты разумееш, што азначае гэтае народнае слова, акрамя сэнсу свабоды)… Ці незашмат у нас трафарэтнай і «другаснай паэзіі», версіфікатарства?

К.: Перад тым, як пачаць верш на чыстым аркушы паперы, трэба паглядзець на сябе ў люстэрка – каб яшчэ раз пераканацца, што ты з твару не падобны ні на кога ў свеце. Потым трэба ўспомніць, што і думаеш ты так, як ніхто ў свеце. I бачыш ты вунь тую травінку, той каменьчык за акном не так, як бачыць іх нават найбліжэйшы табе па духу і па крыві чалавек. Дык чаму ж тады твой верш павінен быць падобны на верш Багдановіча ці Жычкі, Пушкіна ці Бадака?!

Г.: А што для цябе найбольш блізкае і адметнаеў беларускай літаратуры?

К.: Люблю апрадмечаную, сатканую з дэталяў побыту, прозу Вячаслава Адамчыка і Анатоля Кудраўца, густую на думкі біяграфічную прозу Уладзіміра Арлова… Запомніліся лімаўскія апавяданні Алеся Чобата, а таксама апавяданне «Маёр» Уладзіміра Сцяпана… Упэўнены: В. Адамчык здольны на вялікі эпічны твор пра Беларусь. I – забываюся пра ўсё на свеце, пра свае нягоды, калі ў сваім кутку, у сваёй мансардзе бяру ў рукі «Полымя» ці «ЛіМ» з мініяцюрамі Янкі Брыля. Лічу, што «Споведзь» Ларысы Геніюш – найадметнейшая з’ява ў нашай літаратуры. Сапраўдная споведзь перад людзьмі, перад родным кутом, перад сабой…

Заўжды рады сустрэцца з простымі знешне і мудрымі ўнутры вершамі Леаніда Галубовіча (прабач, што нагадваю табе пра цябе, толькі не крыўдуй – лепш палічы за камплімент), зачараваны паганскай паэзіяй Анатоля Сыса. У вершаказах Алеся Разанава, асабліва апошніх, бачу паэзію ўсеславянскага маштабу, хацеў сказаць – еўрапейскага маштабу… Але на раманскія мовы паэзія Разанава не перакладальная, бо яна – у беларускай (а значыць – і ў славянскай) моўнай стыхіі. Гэтаксама і Рыгор Барадулін не будзе гучаць на іншай мове, як ён гучыць на роднай.

Г.: А ці ведаеш ты свайго патэнцыяльнага чытача, ці зважаеш ты на яго, пішучы той ці іншы верш? Для каго пішам, Мікола? Самае сумнае, відаць, пытанне…

К.: Закаханы падлетак ведаў, для каго ён пісаў «Алесю». I Пушкін ведаў, для каго ён пісаў сваё «Посланне в Снбнрь». I санеты Пя- траркі мелі свайго адрасата – Лауру. I Багдановіч ведаў, каму пяс душа ў «Зорцы Венеры». А Якуб Колас «Новую зямлю» пісаў для беларускага народа. Але людзі зрабілі «Алесю» адной са сваіх любімых песняў. На покліч Пушкіна адклікнуліся не толькі сасланыя дзекабрысты. Мільёны юных жанчын бачылі, а мо яшчэ і бачаць сябе Лаурамі…

Увогуле ж, паэт не думае, для каго ён піша. Проста вылівае сваю душу на паперу, а потым, збоку, глядзіць са здзіўленнем на гэтую душу. Быццам незнарок адашле ці аднясе верш у рэдакцыю. Але ж знаходзіцца недзе ў нейкім кутку яшчэ душа, і не адна, якая схіліцца над гым вершам. Дык для каго ж пішуцца вершы? А для – некага…

Ах, не будзем самі сабе хлусіць: вершы мы пішам для людзей і хочам, каб яны іх чыталі.

Г.: Будзем спадзявацца, што нейкі ўсё ж чытач у нас яшчэ пакуль ёсць. Як казаў Чэхаў: калі гэтая маленечкая кніжачка пабачыла свет, то, пэўна ж, недзе ў нейкім закутку свету жыве і яе маленечкі чытач… Ці выжыве паэзія наогулу наш час?

К.: А што – наш час самы трагічньі з усіх часоў? У сярэднявечнай Еўропе вялікая паэзія (у тым ліку італьянская) выжыла ў час «вялікай» чумы. I ніякія «гулагі» не змаглі яе ўсмерціць. Наш час, і іаадварот, балюча пабіўшы ёй бакі, узнясе нашу паэзію вышэй. Праўда, гэта будзе каштаваць нямала паэтычных нерваў, і самі вершы часта будуць нервовымі ці, як казала мая клецкая цешча, «нарванымі». Лле гэта будзе толькі адной з прыкмет паэзіі нашага часу.

Г.: Папраўдзе кажучы, не думаў, што ты такі аптыміст…

К: Гэта парадаксальна: паэзія, як і мастацтва ўвогупе,- самая кансерватыўная галіна чалавечай дзейнасці. Глянь, як развіваюцца павука і тэхніка ў апошнія сто гадоў! А мастацтва і літаратура, прынамсі – паэзія? Што – сучасныя жывапісцы па майстэрстве вышэй (а Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Босха, Брэйгеля-мужыцкага?.. ІІІто – сучасныя кампазітары пераўзышлі вялікіх кампазітараў ХУІІІ-ХІХ стагоддзяў? А ў архітэктуры – старажытныя храмы?.. I, нарэшце, у паэзіі. Хто-небудзь з сучасных расейскіх паэтаў стварыў што-небудзь лепшае за лермантаўскія радкі «Выхожу одпн я на дорогу…»? Санеты якога сучаснага аўтара глыбейшыя, мудрэйшыя іа санеты Шэкспіра? А старажытная егіпецкая, кітайская, япон- ская паэзія? А, бліжэй па часе і бліжэй да нас, «Пагоня» Багданові- ча… А нерукатворная песенная паэзія беларускіх жанчын, якая ўсё ж часткова захавалася да нашага часу… (Гаворым пра дакладную рыфму, а яна, найдакладнейшая, вось тут:

– Не хачу, матулечка, без кубла.

– Ты ж мне кудзелечку не скубла.

Гаворым пра асацыятыўнасць як пра адметнасць сучаснай паэзіі, а яна ж, асацыятыўнасць, і вось тут і даўно:

«Замуцілі гусі воду на Дунаі…»,

«У полі вярба нахілёная…»)

Так, на фармальныя (!) адкрыцці сучасныя творцы надта зданыя (і ў жывапісе, і ў тэатры, і ў паэзіі). Але сучасны паэтычны андэрграўнд у шмат чым паўтарае італьянскі і расейскі футурызм і нават сімвалізм канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Сучасна суполка рускамоўных верлібрыстаў, здаецца, у Данецку на Украіне толькі тужыцца на адкрыцці… даўно знаёмых прыёмаў версіфікацыі. А Іосіф Бродскі, які толькі змястоўна паглыбіў і фармальна пашырыў традыцыйныя магчымасці класічнай расейскай і англамоўнай паэзіі, стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі…

Наш даволі-такі незакамплексаваны паэт Алег Мінкін упарт перакладае вялікага польскага паэта-наватара Цыпрыяна Норвіда і… што-нішто пераймае ў яго…

Што мне бачыцца ў вышэй прыгаданай кансерватыўнасці Кансерватыўнасць спосабу мыслення чалавецтва ў апошнія стагоддзі. I гэта – добра. Гэта – наша шчасце. Гэта сведчыць пра тое, што якіх-небудзь найтрагічнейшых катаклізмаў на Зямлі даўно-даўно, ці не з часу Ноева Каўчэга, не было. Новы, непрадказальны спосаб мыслення чалавецтва, а значыць – і новая ПАЭЗІЯ змогуць (калі дай Божа, змогуць) быць толькі пасля нейкага найвялікшага ўзрушэння на Зямлі. I не дай Бог, каб гэтае ўзрушэнне сталася найтрагічнейшым.

Дай Бог, каб свяціла Сонца і зелянела Трава на Зямлі, а заадно – свя- ціла і зелянела ПАЭЗІЯ.

Г.: Дзякуй, Мікола. Здаецца, няблага пагаліанілі… Кава ў мяне, вунь, зледзянела… Праўда, твайму кубку гэта не пагражае. Утваім кубку заўжды цёпла і хмельна, як і ў тваёй душы, як і ў тваіх вершах… Будзь здаровы, Мікола! Поспехаў табе!

1994 год

Купрэеў, М.  Абрысы творчай постаці пісьменніка : інтэрв’ю М. Купрэева Л. Галубовічу (замест аўтабіяграфіі)  Зросных сцяжін : аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі. – Мінск. – 2009. – С. 181 – 190.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed