Капіевіч Ілья. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу  >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Капіевіч Ілья

 

БіяграфіяДарашэвіч, Э. К. Капіевіч (Капіеўскі) Ілья ФёдаравічПантэон Айчыны Ілья КапіевічЮркевіч, З. Радавод Капіевічаў Частка ІЮркевіч, З. Радавод Капіевічаў Частка ІІЮркевіч, З. Радавод Капіевічаў Частка ІІІ

Ілья Фёдаравіч Капіевіч (Капіеўскі)
(каля 1651 – 1714)

Друкар, перакладчык, паэт і пісьменнік, выдавец на рускай мове арыфметыкаў, слоўнікаў і падручнікаў, перакладчык на рускую мову кальвінісцкага Катэхізісу і аўтар сімфоніі да Бібліі. Ілля Капіевіч лічыцца адным са стваральнікаў рускага грамадзянскага шрыфту. Будучы ураджэнцам ВКЛ і выхадцам з кальвінісцкай шляхецкай сям’і, быў дзядзькам віленскага кальвінісцкага біскупа і сам быў кандыдатам у пастары.

Ілья Капіевіч стварыў шрыфт, якім мы зараз карыстаемся (некалькі дзесяцігоддзяў пры Пятры І яго называлі “беларускай азбукай”), быў настаўнікам у Пятра І, увёў у кнігадрук арабскія лічбы, апублікаваў у 1700 г. басні Эзопа, апублікаваў першую карту зорнага неба.

Нарадзіўся ў Беларусі (найбольш вядома на Брэстчыне ці Случчыне). Месцам яго жыхарства стаў Амстэрдам, дзе ён заняўся кнігавыдавецтвам.

Сёння, на вялікі жаль, нельга з упэўненасцю сказаць, дзе на Ляхавіччыне стаяў фальварак бацькі і Ільі. Фёдар Капіевіч (у некаторых крыніцах Капіеўскі), спаланізаваны беларус, служыў пры замку, меў фальварак Бярэзчына, недзе паміж вёскамі Тухавічы, Крывошын, Уцёс. Затое добра вядома іншае: Ілья Фёдаравіч Капіевіч нарадзіўся ў 1651 годзе, у дзевяцігадовым узросце быў вывезены ў Расію. Вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, адной з найлепшых навучальных устаноў, якая давала высокую і рознабаковую адукацыю сваім выхаванцам.

Асабліва вялікі уклад зрабіў Ілья Капіевіч у развіццё кірыліцы. Ён удасканаліл і спрасціў кірыліцу , гэта значыць канчаткова наблізіў формы літараў да сучасных. Яго “Краткое и полезное руковедение в арифметику” (Амстэрдам, 1699) было першай друкаванай книгой на рускай мове па арыфметыцы.

Пражыўшы ўсё жыццё ў адзіноце, Ілья Капіевіч памёр 23 верасня 1714 года.

След, які пакінуў пасля сябе І. Капіевіч, – гэта не толькі след асветніка – рэфарматара, але і першаадкрывальніка. Сваёй рознабаковай і самаахвярнай дзейнасцю І. Капіевіч адыграў важную ролю ў развіцці духоўнай культуры ўсходнеславянскіх народаў, у тым ліку і беларускага.

КАПІЕВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч
(каля 1651—1714)

Пісьменнік, выдавец, асветнік, энцыклапедыст. Нарадзіўся на Беларусі (найбольш верагодна на Брэстчыне ці Случчыне). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй падлетка К. звёз з сабой «боярский сын з Бежыцкия пятины», г. зн. з Ноўгарада. Праз 6 гадоў К. разам з мсціслаўскім ваяводам М.Цеханавецкім вярнуўся на Беларусь. Вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, якая ў той час была цэнтрам культуры, што мела вырашальнае значэнне для фарміравання і эвалюцыі поглядаў маладога К. Верагодна, вывучыў замежныя мовы. Яшчэ ў час навучання ў школе К. як здольны вучань заняў тут у 1674 пасаду лектара (настаўніка малодшых класаў). Дакладна невядома, як К. трапіў у Галандыю (верагодна, па канфесійных матывах), але ўстаноўлена, што там ён займаўся выдавецкімі справамі. Захаваліся яго лісты да Лейбніца, які прапаноўваў К. супрацоўнічаць у справе выдання кніг. У 1697 у час прыбыцця ў Галандыю расійскага вялікага пасольства пад кіраўніцтвам Пятра I К. быў кандыдатам-пастарам пры Амстэрдамскім саборы. Як знаўца многіх моў быў настаўнікам Пятра I і іншых удзельнікаў пасольства. 3 гэтага часу К. усё сваё жыццё прысвяціў асветніцкай справе на карысць усходнеславянскіх народаў. Ён складаў планы выдання падручнікаў, якія, відаць, абмяркоўваў з Пятром I, а потым выдаў іх у друкарні І.А.Тэсінга, а з 1700 — у сваёй. У 1699—1706 К. падрыхтаваў, пераклаў і выдаў каля 20 кніг асветніцкага характару па гуманітарных, прыродазнаўчых, тэхнічных і вайсковых галінах ведаў. Найбольш вядомыя з іх: «Введение краткое во всякую историю…»(1699), «Краткое и полезное руковедение во арифметику» (1699), «Уготование и толкование ясное и зело изрядное, краснообразного поверстания кругов небесных…» (1699), «Краткое собрание Льва Миротворца», «Номенклятор (лексикон) на русском, латинском и немецком языке», «Грамматика латинская» (усе 1700), «Морского плаванія книга» (1701), «Святцы, или Календарь»(1702), «Руковедение в грамматику славено-российскую» (1706) і інш. К. шмат вандраваў па Еўропе са сваёй друкарняй, а калі вырашыў перавесці яе ў Расію, то быў перахоплены піратамі. У 1708 ён разам з расійскімі войскамі прыбыў у Варшаву. Некалькі гадоў служыў у Пасольскім прыказе перакладчыкам. К. — вучоны з шырокім кругаглядам, патрыёт і прыхільнік навучання народа паспалітага, прадаўжальнік справы Ф.Скарыны. Ён адзін з першых (калі не першы) распрацаваў для ўсходніх славян навуковую тэрміналогію па многіх галінах ведаў. Падрыхтаваныя і выдадзеныя ім падручнікі асабліва былі карысныя для юнацтва, якое прысвяціла сябе навуцы, тэхніцы, мараходству ці вайсковай справе. Значны час гэтымі падручнікамі карысталіся ў расійскіх школах.

Па сваіх поглядах К. — актыўны прыхільнік рэформ Пятра I, якія ламалі руцінныя формы грамадскага жыцця. Ён вітаў імкненне славянскіх народаў да аб’яднання, называў беларусаў, рускіх і ўкраінцаў «славяна-рускім народам». К. быў перакананы ў неабходнасці адукацыі, падкрэсліваў вялікае значэнне рознабаковага навучання: «Ничто же полезнейшее есть в сем житии, как познание и умелость писмен. Сие приношает величество и славу, сие неизреченную красоту воздаёт, сие государства укрепляет и расширяет, и прославляет — всякому человеку во всяком чине полезно. Писмена разум исправляют и обучают, и утешают…» («Из истории философской и ощественно-политической мысли Белоруссии». С. 324). Ён лічыў, што матэматыка вельмі карысная ў марской справе, у падарожжах, у горна-здабыўной справе («вникнувший в математические книги, помощь обретеш»), астраномія дапамагае ў навігацыі, гісторыя — у пазнанні грамадскага жыцця і чалавека («Введенне краткое во всякую историю…». С. 3—4). Асаблівае значэнне надаваў ён граматыцы: «тщетный есть всяк труд без грамматики».

Галоўную этыка-эстэтычную каштоўнасць К. бачыў у мудрасці і асвеце. Гэта думка выказана ім у арыгінальнай сентэнцыі «Пра кура», які, разграбаючы кучу смецця, выкідвае алмаз. Пад «курам» ён меў на ўвазе чалавека «маларазумнага», які не любіць «свабодных навук прамудрасці» («Притчи Езоповы…», Амстэрдам, 1700. С. 8). К. — аўтар «Рыторыкі» і «Паэтыкі» (не захаваліся). Значную ролю ў асветніцкай дзейнасці адыгралі яго творы па гісторыі: «Хроніка», «Часаапісанне», «Летапісы ці дзеянні», «Хроніка дня», «Уладаапісанне» (пра палітычнае жыццё), «Жыццеапісанне» (пра асобных людзей і здарэнні). К. тлумачыць, што «хроніка па-грэчаску таксама параліпаменон. У ёй жа дзеянні або справы ратныя, па парадку часоў размеркаваныя, апісваюцца добрасумленна, па ўсіх стагоддзях. Напрыклад, што перад патопам і што пасля патопу здарылася ва ўсялякі час… Летапісамі завуцца кнігі, дзе ўсялякага красамоўства і мастацтва і без тлумачэння прычын усялякага роду здарэнні апісваюцца». Такі разгляд гісторыі быў, напэўна, крокам наперад у параўнанні з ранейшымі сярэдневяковымі і тэалагічнымі канцэпцыямі. Магчыма, што на яго гістарычныя погляды паўплывалі не толькі заходнія (Лейбніц), але і ўсходнеславянскія гісторыкі (Стрыйкоўскі, Тацішчаў, Каменскі і інш.).

Паводле звестак самога К., ён адправіў у Маскву наступныя кнігі: «Риторическое собрание вместе с красноречием кратчайшее», «Политик, ученый и ученоблагочестивый, переданный польскими стихами», «Хронология священнополитическая Иерусалима, по-русски и по-польски» ( гэта і наступныя былі падрыхтаваныя К. да друку, лёс іх невядомы), «Квинт Курцый Руф о делах Александра Великого, по-русски», «Образцы склонений, спряжений, по-латыни, немецки и русски», «Немецкая грамматика с русским толкованием», «Введение Коменского по-латыни, немецки и русски», «Семейные беседы, разделенные на 40 глав, по-латыни, немецки и русски», «Словарь по-латински и русски», «Священная Библия на славянском языке, по порядку или стихами изданная», «Полная славянская грамматика».

Уплыў К. на беларускую культуру мала вядомы, але ў яго лексіконе выразна адчуваюцца беларускія моўныя ўздзеянні.

Тв.: Номёнклятор на русском, латинском и голландском языках. Амстэрдам, 1700; Слава Торжеств. Амстэрдам, 1700; Книга, учащая морского плавания… Амстэрдам, 1701; Latiпа grammatіса іп usum scholarum сеlеbеггіmае gentis Slavoпісае. Аmsterdami, 1700.

Літ.: Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689—январь 1725 г. М.; Л., 1958; Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962; Асвета і педагагічная думка ў Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985. С. 149—151; Дорошевич Э.К. Илья Копиевич, Георгий Конисский // Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973; Антология педагогической мысли БССР. М., 1986. С. 134—138.

 Э. К. Дарашэвіч.

Дарашэвіч, Э. К. Капіевіч (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч) // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыклапедыя. – Мінск, 1995. – С. 220 – 222.

Пантэон Айчыны

Ілья Капіевіч

(1651—1714)

Ілья Капіевіч быў асветнікам, які шмат зрабіў для развіцця рускага кнігадрукавання, а вось на сваёй радзіме, у Беларусі, доўгі час быў амаль невядомы. Драматычныя падзеі перавярнулі яго лёс. Яшчэ ў дзевяцігадовым узросце ў 1660 годзе маскоўскі ваявода Хаванскі ўзяў яго ў палон і вывез у Масковію. Пазней Капіевіч згадваў, што шэсць гадоў быў «пад вялікім гасударом». Невядома, што ён меў на ўвазе, — магчыма, сваё пражыванне пры царскім двары. Не выключана, што Ілья вучыўся ў Сімяона Полацкага. Зрэшты, у 1666 годзе ён вярнуўся на Беларусь, дзе яго чакала вялікае расчараванне. Родавы маёнтак канфіскавалі на карысць езуітаў на той падставе, што бацька Ільі быў ерэтык (пратэстант) і здраднік — перайшоў на бок рускага цара. Юнак застаўся без сродкаў для існавання. Трэба было шукаць сваё месца ў жыцці. Капіевіч выбраў не вайсковае пры- званне, а асвету. Вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі, пасля працягваў навучанне ў рэфармацкай школе ў Амстэрдаме, стаў кандыдатам-пастарам Амстэрдамскага збору. Ужо тады Капіевіч думаў заняцца выдавецкай дзейнасцю і прасіў парады ў лістах да знакамітага нямецкага філосафа і навукоўца Готфрыда Вільгельма Лейбніца. Што параіў яму мэтр, не- вядома, але сваю задуму Капіевіч змог ажыццявіць. Паспрыяў гэтаму прыезд у 1697 годзе ў Галандыю рускага пасольства, у якім знаходзіўся і цар Пётр I. Капіевіч выкладаў мовы членам пасольства і гэтак пазнаёміўся з царом. Жвавы, эрудзіраваны чалавек, а тым больш той, які жыў раней у Маскве і ведаў рускую мову, стаў каштоўнай знаходкай для цара. Пётр I прапанаваў Капіевічу пісаць для асветы яго падданых «математические, геометрические, архитекторские и ратные земные н морские книги н прочие всякие художние». Пэўна, гаворка ішла пра пераклады на рускую мову галандскіх кніг. Гэта была высакародная справа, пра якую ён марыў, таму з радасцю пагадзіўся. «Ничто же полезнейшее есть в сем знатии, как познание и умелость писмен. Сие приношает величество и славу, сне неизреченую красоту воздает, сне государство укрепляет, н расширяет, н прославляет — всякому человеку во всяком чнне полезно. Письмена разум исправляют, н обучают, н утешают», — так Ілья Капіевіч разумеў прызначэнне кніг.

За год напружанай працы Капіевіч пераклаў «Морского плавання кннгу» аўтара Дзеграфціра, якую суправадзіў адмысловымі чарцяжамі. Цар заплаціў толькі за пераклад, а вось выданне яго даручыў галандцу Яну Тэсінгу, надаўшы яму манапольнае права друкаваць рускія кнігі і рас- паўсюджваць іх у Масковіі. Склалася дзіўнае становішча. У Тэсінга не было кірылічнага шрыфта, таму ён і сам не друкаваў рускія кнігі, і не даваў гэта зрабіць Капіевічу. Давялося Капіевічу кланяцца Тэсінгу, рабіць шрыфт і ўжо разам о ім выдаваць свае кнігі. У 1699 годзе ў друкарні Тэсінга выходзяць адразу тры кнігі Капіевіча: «Введение краткое во всякую историю», «Краткое и полезное руковедение во аритметику», «Уготованне н толкованне ясное поверстання кругов небесных» — падручнікі па гісторыі, арыфметыцы і астраноміі. Аўтар пісаў пра тое, што даўно было вядома культурнай Еўропе, але каб стала вядома і ў Масковіі, трэба было пераканаць маскавітаў у патрэбнасці і карысці ведаў. Вось як Капіевіч тлумачыць прызначэнне гісторыі: «Исторня же память утверджает и дея- ния древняя, или дела ветхая всяческая прешедшего временн, яко настоящего, изьявляет, да познает и не забывали всяк род».

Аднак, як высветлілася, кнігі Капіевіча былі непатрэбныя. Падрыхтаваны да друку рукапісы, «аки безделицу какую», вярнуў назад пад’ячы, здзекліва мовіўшы: «У нас-де промышленных людей на Москве стегают!» А вучні не сказалі за вучобу дзякуй, а скралі чатыры ягоныя глобусы.

У наступным 1700 годзе Тэсінг выдаў ажно пяць кніг Капіевіча. Гэта і слоўнікі (руска-лацінска-нямецкі і руска-лацінска-галандскі), і лацінская граматыка, і пераклады Эзопавых баек і фрагмента з кнігі Льва Мі- ратворца пра ваеннае мастацтва.

Не ўсё было так добра, як хацелася Капіевічу. Заснаваная ім друкарня не прынесла яму прыбыткаў для далейшай плённай працы. Ён толькі перавыдаў «Морского плавания книгу» і выдаў «Святцы, или Календарь». У пошуках лепшых умоў друкар пераехаў у Гданьск, але і там не мог наладзіць кнігадрукаванне з-за недахопу сродкаў і адсутнасці словалітні. Толькі ў 1706 годзе ён надрукаваў наступную сваю кнігу «Руковеденне в граматыку во Славяно-Росспйскую нлн Московскую». А пасля зноў пачаліся цяжкасці і жыццёвыя ператрусы. Давялося пакідаць Гданьск, які захапілі шведы. Капіевіч пазбавіўся друкарні, застаўся без сродкаў, па дарозе ў Варшаву быў абрабаваны казакамі. У абозе рускага войска генерала Якава Бруса ён дабраўся да Масквы, а адтуль выехаў у Пецярбург на службу перакладчыкам пасольскага прыказа. За дзяржаўнымі клопатамі цар забыўся пра чапавека, які нёс веды ў Расію. Кнігі Капіевіча — пераклад Курцыя (1709), перавыданне баек Эзопа (1712) — выйшлі без ягонага імя. Гэтак, у забыцці, у 1714 годзе Ілья Капіевіч памёр. Засталіся ягоныя кнігі (ажно дваццаць тры, ды яшчэ, па некаторых звестках, ён напісаў «Ры- торыку», «Паэтыку» і шмат вершаў), па якіх вучылася маладая Расія.

Дагэтуль даследчыкі спрачаюцца, ці быў Ілья Капіевіч стваральнікам грамадзянскага шрыфту, якім мы карыстаемся. Бядомы факт, што ў 1707 годзе Капіевіч у Маскоўскай урадавай друкарні адліў новы шрыфт, які атрымаў назву «грамадзянскі». Але кіраўнік друкарні Палікарпаў, каб пазбавіцца ад канкурэнта, назваў яго ерэтыком з-за пратэстанцкага веравызнання. Зразумела, прызнаць, што грамадзянскі шрыфт распрацаваў нейкі там літвін-ерэтык, не выпадала, а таму пальму першынства атрымаў сам цар Пётр I. А Капіевіч, які пры налёжнай падтрымцы мог зрабіць вельмі шмат для асветы, трываў несправядлівасць да свайго лёсу: «И тако сими утешаяся, да познаем нашу немощь, и держимося смиренномудрия и правды».

Пантэон Айчыны Ілья Капіевіч / Звязда. – 2019. – № 171. – 10 верасня. – С. 19.

Радавод Капіевічаў

Некалькі гадоў таму, займаючыся радаводнымі таямніцамі бабулі Адама Міцкевіча, Тадоры Пенкальскай, якая і сама была кальвіністка, і продкаў мела даволі вядомых сярод еўрапейскіх кальвіністаў, аўтар гэтых радкоў натрапіў на імя Гальяша Капіевіча. І вось, сёлета, наконадні Дня беларускага пісьменства, настаў момант пазнаёміць чытачоў “К” з некаторымі эпізодамі біяграфіі друкара, перакладчыка, аднаго з імаверных бацькоў сучаснага грамадзянскага варыянта кірыліцы, спадаром Капіевічам. І, як заўсёды, мы ідзём малаходжанымі сцяжынамі, таму звесткі будуць і новыя таксама.

Даволі цікава, што біяграфія Гальяша Капіевіча, асабліва, што датычыцца першага перыяду (1651? — 1677), падаецца выключна з ягоных уласных слоў. І словы гэтыя, надрукаваныя ў прадмове да кнігі “Краткое собрание Льва Миротворца…”, былі адрасаваны расійскаму цару Пятру І, з якім Капіевіч напрыканцы XVII стагоддзя ў Амстэрдаме наладзіў шчыльную супрацу. На вялікі жаль, цалкам “аўтабіяграфію” біёграфы нашага земляка не друкавалі, таму працытуем некаторыя нешматлікія знойдзеныя аўтабіяграфічныя ўрыўкі. І скарыстаемся дзеля гэтага артыкулам Генадзя Прыбыткі “На всемирную пользу…” (Жыццё і лёс Ільі Капіевіча), які выйшаў у часопісе “Беларуская спадчына” ў далёкім 1994 годзе. На сённяшні дзень гэта папулярная публікацыя з’яўляецца найбольш поўным жыццяпісам Капіевіча з напісаных ў Беларусі.

“На ўсю зямлю Полскую прогневася был великий государь (Алексей Міхайлавіч — З. Ю.) и повелел огнём и мечем разорити” , “повелевши совсем дом его (Фёдар Капіевіч — З. Ю.)сохранити, придавши караул и двух трубачей, иже оглашаша, дабы никто не посмел в двор заехати, не токмо запаляти…”, “Егда Хованский, великий гетман, ходи под Ляховиче город с войскими силами, тогда боярский сын з Бежецкие пятины (адна з пяцёх частак Ноўгарада Вялікага — Г.П.) противу наказа великого государя меня малого, в девятом году, украл и завёз с собою”, “Умилосердился великий государь и повелеле… пустити (Капиевича — Г.П) в свою землю с Цехановецким, воеводою мсциславским”, “Езуиты, попы римския веры, перед королём Казимером (Ян-Казімір ІІІ Ваза — З.Ю.) возпослушествоваша на мя свидетельство ложное: сказоваша, што я еретик, изменник, предался великому государю. Сею же лестию упросиша себе деревню мою с мужиками у короля”.

Колькі ў гэтых словах было праўды, а колькі творчасці — дакладна адказаць немагчыма. Але, вельмі хочацца паставіцца да скаргаў Капіевіча на цяжкае дзяцінства і юнацтва крытычна. Вось чаму. На сённяшні момант абсалютна ніякіх гістарычных звестак пра калабаранта, бацьку Гальяша Фёдара Капіевіча знайсці не ўдалося. Далей, абсалютна незразумела, чым ён, уладальнік “вёскі з мужыкамі”, так спадабаўся маскоўскім інтэрвентам, якія выпалілі тэрыторыю ВКЛ да тла і нанеслі катастрафічныя страты і ў насельніцтве, і ў гаспадарцы. Пра культурныя страты ўвогуле можна не казаць. Таму звесткі пра двух маскоўскіх трубачоў і варту, якія пільнавалі дом Капіевіча, не даючы яго ў крыўды іншым маскавітам, выглядаюць, па меншай меры, фантастычнымі.

Прысягала, ратуючы жыццё, вельмі шмат і шляхты, і мяшчан, і сялян, але ва ўсей Масковіі не знайшлося б столькі трубачоў, каб прыставіць да кожнага падворка. Маскоўскі палон, вядома, мог мець месца, бо сотні тысяч беларусаў, каму ўдалося выратавацца ў вогнішчы вайны, давялося змяніць месца прапіскі. Іх сілком, асабліва тых, хто валодаў рамёствамі, ці мог выклікаць сімпатыю з боку гандляроў “жывым таварам”, вывозілі на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы. Так, дарэчы, у Маскве з’яўляліся розныя мяшчанскія слабоды. Амаль у абавязковым парадку палонных беларусаў прымушалі перахрысціцца ў правільнае праваслаўе. І, калі не памыляюся, такіх “перахрэстаў” з палону не адпускалі. Таму даволі цікава, што малы Гальяш, якога “ўзялі ў палон пад Ляхавічамі”, не толькі захаваў “веру бацькоў”, але і змог пазней выскачыць з маскоўскіх рук. Цікава таксама гэтая “бацькоўская апека” з боку цара Аляксея Міхайлавіча, які (якая іронія лёсу!) атрымаў мянушку “Тишайший”. Гісторыкі так і не прыйшлі да адзінай думкі, ці гэта была сапраўдная апека, і Капіевіч аказаўся пры двары, дзе мог пазнаёміцца з яшчэ адным славутым “палонным” — Самуэлям Гаўрылавічам Пятроўскім-Сітняновічам, больш вядомым як Сімяон Полацкі. Дарэчы, апошні таксама аказаўся ў Маскве ў выніку гэтай страшнай вайны 1654 — 1667 гадоў, але, у адрозненне ад Капіевіча, па сваёй ахвоце. І ў ВКЛ-Беларусь ужо не вярнуўся.

Ці, як мяркуюць іншыя, Капіевіч проста знаходзіўся ў Масковіі “пад рукой цара” ў шырокім сэнсе. Што ж да чароўнага вызвалення будучага друкара, то і тут ёсць што сказаць. Капіевіч згадвае мсціслаўскага ваяводу Цэханавецкага, які прыехаў у Маскву і забраў яго на радзіму. На той час, у 1659-м, ваяводам быў Мікалай Цэханавецкі. Але, ці быў ён у 1666 годзе ў Маскве, і ці сапраўды ён забраў палоннага? Вядома, што Цэханавецкі, напачатку вайны, стаў на бок акупантаў (і з іх дапамогай спрабаваў палепшыць свае маёнткавыя справы) і ледзь за гэта не наклаў галавой. Але, неўзабаве, у лістападзе 1658-га, атрымаў поўную амністыю ад караля і нават знаходзіўся у складзе пасольства, якое дамаўлялася пра мір паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Вось толькі пасольства тое было ў 1662 годзе. Праўда, няўдалае. У працах гісторыкаў-“цэханазнаўцаў” знайсці згадкі пра ягоны паўторны пасольскі “трып” не ўдалося. Хаця, можа сапраўды, паміж удзелам, як маршалка, у 1665 і 1679 гадах у Галоўным Літоўскім Трыбунале, Цэханавецкі паехаў у Маскву і выратаваў малалетняга Капіевіча. Цікава тое, што папярэднім мсціслаўскім ваяводам быў князь Рыгор Фёдаравіч Друцкі-Горскі, чый дзед, таксама Рыгор, атрымаў у якасці пасагу ад жонкі княжны Тамілы Заслаўскай Капіевічы, Сенніцу, Лошыцу і Скарынічы, што пад самым Менскам.

Ну і апошняе, што было вядома даследчыкам. У 1674 годзе Гальяш Капіевіч паступіў у Слуцкую кальвінісцкую гімназію, скончыў яе і працаваў там лектарам (выкладчыкам малодшых класаў). А ў 1676 годзе Капіевіч ажаніўся з Аленай з Жыдовічаў. Гэта абсалютна невядомы нашым сучаснікам факт, хоць аб гэтым яшчэ ў 1936 годзе напісаў Шыман Канарскі ў даведніку “Кальвінская шляхта ў Польшчы”. Пазней, у 1970 аб гэтым згадаў і Збігнеў Новак, гісторык літаратуры, аўтар, як падаецца, самай грунтоўнай публікацыі пра Капіевіча. Але выйшла яна ў гданьскім гістарычным альманаху, што называецца, для “сваіх”, і яе мала хто бачыў на ўласныя вочы. Праўда, пра перыяд жыцця Капіевіча, які нас цікавіць зараз, там небагата.

Уласна кажучы, гэта ўсё, што было вядома пра жыццё Гальяша Капіевіча ў перыяд з 1651 (прыблізны год нараджэння) па 1676. І не падлягаюць сумневу толькі дзве даты — 1674 і 1676. Астатняе я б пакінуў пад знакам “пытальніка”.

Словы — словамі,

а дакументы…

Давайце паспрабуем, наколькі гэта будзе магчыма, разабрацца ў пытанні паходжання Гальяша Капіевіча. На тле адсутнасці фактаў прыйдзецца строіць гіпотэзы.

Першым з Капіевічам, згадка пра якога намі была знойдзена ў метрычнай кнізе Слуцкага кальвінісцкага збору, з’яўляецца Філіп. Сярод слуцкіх кальвіністаў, імёны якіх былі запісаны ў камуніі, маецца асобы запіс:

“10 april [1653] — Nowotni — Philippus Kopieiewicz, Gabryel Reczynski, pro die sacro coe”.

Nowotni — як вынікае з іншых падобных запісаў камуній кальвінісцкага збору, гэта асобы, якія або доўгі час адсутнічалі, або ўвогуле прыбылі “першы раз”, або прыбылі і змянілі веру. Напрыклад, ёсць згадка пра такіх “навічкоў”, якія змянілі “рускую веру” на кальвінісцкую.

Магчыма, падказка хаваецца ў асобе Габрыэля Рэчынскага, які згаданы разам з Капіевічам. Гедэон Габрыэль Рэчынскі (часам Рэнчыньскі), быў даволі вядомым дзеячам кальвіністкай царквы ВКЛ. Ажаніўся на Гальшке з Воланаў. У 1663 — кафедрыст збору ў Слуцку. Памёр у 1680-х, як падляшскі кансеньёр і заблудаўскі казнадзей. Гэтыя пасады пасля смерці Рэчынскага адразу пераняў Філіп Капіевіч.

Вельмі цікава, што перш, чым “зарэгістравацца” ў Слуцкім зборы, Габрыэль адзначыўся ў камуніі таго ж збору значна раней, у 1645. Увогуле, калі казаць пра Рэчынскіх, то трэба ўзгадаць “першапродка” Яна, які ў 1612 фігуруе ў дакументах, датычных Літоўскай ядноты. Сустракаецца гэта прозвішча і сярод шляхты, якая жыла на Смаленшчыне перад вайной 1654 —1667 гадоў.

Што да Філіпа Капіевіча, то ён пражыў даволі доўгае і насычанае жыццё. У 1659 годзе быў лектарам (выкладчыкам малодшых класаў) у Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, у 1662-м стаў катэхістам тамтэйшага збору, у 1663-м — казнадзей збору ў Капылі, у 1684 — 1689-х перамясціўся на Падляшша, дзе выконваў розныя абавязкі пры зборы ў Венграве, а потым заняў пасады свайго калегі Рэчынскага. Ажаніўся 19 лютага 1662-га з Сузанай з Музоніўшаў (Мазанікоўскіх), з якой меў дзяцей — Юрыя (1663), Яна (1665) і Канстанцыю (1667). Другі шлюб ён узяў у Койданава з Ганнай з Малюёўскіх.

Расповед пра пачаткі Капіеўскіх не будзе поўным, калі не згадаць пра тое, што 24 сакавіка 1659 года ў Слуцкім зборы адбыўся хрост Юзафа, сына пастара Паўла Жарновіча (Жарнавец) і Рэгіны з Капіевічаў. Кумамі іх сына сталі шляхетныя асобы — Павел Трацкевіч-Радзімінскі, наваградскі харужыч, пастар Геранім Касарскі, Марцін Касакоўскі, Зафея Мірская, жонка стражніка і Канстанцыя з Шпенгоўскіх Храпавіцкая, жонка Тамаша-Казіміра Храпавіцкага, полацкага гараднічага (кліента біржанскіх Радзівілаў). Важна, што іншы Храпавіцкі, полацкі ваявода Ян, антаганіст у судовых спрэчках мсціслаўскага ваяводы Мікалая Цадроўскага, сапраўды будзе браць удзел у заключэнні Андрусаўскага перамір’я з Масквой у 1667 годзе. Можа і Храпавіцкія паўплывалі на лёс Гальяна Капіевіча? Хто ведае…

Дадамо яшчэ, што першая жонка Паўла Жарновіча, Барбара, памерла 11 снежня 1657 года ва ўзросце 57 гадоў і была пахаваная ў Слуцку. А Рэгіна з Капіевічаў, застаўшыся ўдавой, 18 лістапада паўторна пайшла замуж за Станіслава Здановіча.

Гэтыя прыведзеныя звесткі паказваюць, што “каханню ўсе ўзросты пакорны”. Асабліва ў тыя невясёлыя і жорсткія часы. Дзяўчынак маглі аддаць замуж пачынаючы з 12 гадоў, прычым, як падаецца, верхняя планка ўзросту мужа не абмяжоўвалася.

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Юркевіч, З. Радавод Капіевічаў / Зміцер Юркевіч // Культура. – 2020. – 5 верасня (№ 36) – С. 15.

Радавод Капіевічаў

Частка II

У папярэдняй частцы мы расказалі, што было вядома пра Гальяша Капіевіча, а таксама пра яго сваякоў, якія першымі патрапілі на старонкі дакументаў ВКЛ. Гэтыя звесткі крыху падрываюць агульнапрынятую сціплую версію пра “отца Фёдора”, пра “гетмана Хаванскага”, “государя-освободителя” ды “Цэханавецкага-вызваліцеля”, бо не знаходзяцца пакуль што пацвярджэнні ў іншых крыніцах. Прыйшоў час паразважаць і пра паходжанне Капіевічаў, і пра лёс самога Гальяша па “вяртанні на Бацькаўшчыну”.

Версія цяжкага дзяцінства і юнацтва, якую ён распавёў расійскаму цару Пятру І, можа на паверку аказацца “легендай”. Сумневы ўзнікаюць хаця б з-за таго, што словы адрасаваны не каму-небудзь, а патэнцыйнаму працадаўцу, з якім Капіевіч планаваў ажыццявіць велізарны бізнес-праект (пераклад і друк шматлікіх прагрэсіўных кніг для маладой імперскай Расіі). Таму самаму працадаўцу, які да таго ж з’яўляўся сынам Аляксея Міхайлавіча “Тишайшего”, які распачаў страшную вайну супраць ВКЛ (па-вялікаму рахунку). Таму словы пра царскі клопат, пра ахову сядзібы царскай вартай з двума трубачамі, нікому і да сённяшняга дня невядомага (па дакументах) Фёдара Капіевіча, выглядаюць вельмі падазрона. Як і скарга, што зусім дзіцёнкам яго скралі, нягледзячы на царскі загад, ды сілком вывезлі ў Ноўгарад, адкуль ён збег у Маскву, дзе быў пад апекай таго самага цара, могуць быць нічым іншым, як спробай выклікаць спачуванне. Маўляў, “твой бацька выказваў нашай сям’і нечуваную ласку, і да мяне быў спагадлівым”. Зразумела, што правяраць тыя звесткі, якія датычыліся часоў, калі сам Пётр І яшчэ не нарадзіўся, апошняму б і ў галаву не прыйшло. Тым больш, што гісторыя выглядала праўдзівай. Але ж пытанне, чаму праваслаўны цар меў такі сантымент да “ерэтыка”, якім быў кальвініст ў вачах і каталікоў, і праваслаўных, — і да гэтага часу застаецца. А тое, што Капіевічы былі ўжо з 1653 года, прынамсі Філіп, прыхільнікамі вучэння Кальвіна, нам ужо вядома.

Скаргі, што езуіты паклёпнічалі на Капіевіча, што ён ерэтык і здраднік, таксама ўспрымаюцца па-рознаму. Сапраўды, падчас і пасля вайны 1654 — 1667 гадоў кальвіністаў ВКЛ з падачы езуітаў пачалі адносіць да пятай калоны, якую варта было б выправіць у лепшы свет. Бо яны падпісаліся пад Кейданскай уніяй (1655), згодна з якой Унія з Польшчай разрывалася і завязвалася новая “гульня” — гэтым разам з магутнай Шведскай дзяржавай. Асабліва дасталася радыкальным пратэстантам-арыянам. У 1658 годзе Мікалай Ціхоўскі, польскі езуіт, прыхільнік методыкі “фінальнага вырашэння” ў спрэчных рэлігійных пытаннях, дабіўся ад караля Рэчы Паспалітай Яна-Казіміра ІІІ Вазы выдання эдыкта, згодна з якім арыяне, пад пагрозай страты жыцця, мусілі неадкладна пакінуць тэрыторыю ВКЛ і Польшчы. Нялёгка было і “памяркоўным” кальвіністам. Аб чым пісаў Ян Краінскі, сваяк Адама Міцкевіча, у сваёй брашуры “Рэляцыя пра гаротны стан Царквы Хрыстовае, што вызнае Пратэстанцкую Рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пададзеная да ўвагі ўсіх спагадлівых хрысціянаў” (Лондан, 1661). Уразлівым асобам чытаць яе не параіш.

Але мы пакуль абсалютна нічога не ведаем пра маёмасныя справы нейкага Фёдара і Гальяша Капіевічаў. Прычым звесткі пра Капіевічаў, якія, пачынаючы з 1660-х толькі множацца і множацца на прасторах паміж Капылём і Койданава, паказваюць, што сваякоў у будучага друкара было багата, і не застаўся ён адзін па “вяртанні з палону”. Прычым, некаторыя з Капіевічаў, як вынікае з метрычных кніг розных збораў, стала займалі “кіруючыя пасады” ў кальвінісцкай вертыкалі, і, увогуле, мелі шчыльныя стасункі з рознымі старымі шляхецкімі родамі з Наваградскага і Менскага ваяводстваў. Таму сумневы множацца, множацца і яшчэ раз множацца.

Вяртанне

Калі верыць, што Капіевіч быў вызвалены з палону ў 1666 — 1667-м і неўзабаве вярнуўся на радзіму, то не зусім зразумела, дзе ён быў два гады, да 1669 года. Менавіта на 2 студзеня 1669 года прыпадае першая дакладная згадка яго імя ў дакументах. У гэты дзень, у Ляскавічах, “пан Гальяш Капіевіч стаў кумам сына аршанскага стольніка Гераніма-Уладзіслава і Аляксандры Бруханскі. Кумой жа стала Іхмосць Пані Леанора Пшаздзецкая, жонка ўпіцкага стольніка (верагодна, Мікалая-Уладзіслава, праўда, упіцкім стольнікам ён быў да 1666)”. Цікава, што адзін з Бруханскіх, слонімскі земскі суддзя Стафан, валодаў у 1670 — 1690-х маёнткам Грушаўка, які пасля яго смерці набыў дзед Тадэвуша Рэйтана —Міхал-Казімір.

Як бачым, для ўчорашняга падлетка, “сына здрадніка, калабаранта, і быццам бы, безмаёмаснага жабрака”, Гальяш Капіевіч няблага ўладкаваўся.

Ад гэтага моманту імя Гальяша Капіевіча ў метрычных кнігах Капыльскага і Койданаўскіх збораў пачынае згадвацца вельмі часта. Прычым часцей, чым любых іншых прадстаўнікоў роду. Па гэтых згадках лёгка можна прасачыць геаграфічныя і статусныя перамяшчэнні Капіевіча. У Капыльскім зборы яго імя першы раз згадана ў камуніі 17 сакавіка, прычым сярод самых першых асобаў (так будзе і надалей). Тое самае, толькі з 1670-га, рэгулярна адбываецца ў Койданаўскім зборы.

Што датычыцца часу, калі ён пачаў вучыцца і выкладаць у Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, варта адзначыць: ужо ў 1672 годзе ў адной з камуній збору ў Койданава ён згаданы як “collega”, у 1773-м “collega et lector” , і ў тым самым 1773-м і далей проста як “lector”. Часам да “пасады” дапісвалася “L.Z.S”, “L. Z. Sluckiego” (лектар Слуцкага збору). collega — выкладчык самых ніжэйшых класаў гімназіі, lector — лепшы вучань першага класа, і выкладчык. Тобок, атрымаўшы адукацыю ў Слуцкай кальвінісцкай школе, Капіевіч распачаў “педагагічную дзейнасць”. У 1776 годзе Гальяш Капіевіч патрапіў на дзве камуніі ў Капылі і на дзве камуніі ў Койданава. Пасля чаго яго імя з дакументаў гэтых збораў знікае. Але…

Шлюб з дзесяцігадовай…

15 кастрычніка 1676 года ў жыцці пастара Гальяша Капіевіча адбыліся сур’ёзныя перамены. У гэты дзень у Койданаўскім зборы ён стаў мужам Алены з Жыдовічаў.

“Roku 1676 dnia 15 8bra dal slub we zborze Koidanowskim X. Jerzy Lutomierski superattendens Npwogrodzki xiedzu Eliaszowi Kopieiewiczowi z Panna Helena Zydowiczowna przy gronie zacnym oboiey plci ludzi”.

Як я ўжо казаў, першым аб гэтым, амаль сто гадоў таму, у 1936 годзе згадаў польскі даследчык Шыман Канарскі. Праўда, метрыку ён не друкаваў. Як не згадваў ён тое, што абранніцай Капіевіча стала дзяўчынка, якой толькі-толькі споўнілася дзесяць гадоў і дзесяць месяцаў. У тыя часы дазвалялася жаніцца на паненках, узрост якіх пераваліў за дванаццаць гадоў. Тут, бачым, “табу” было парушана.

Прыводзім тэкст метрыкі хросту Алены Жыдовіч, які адбыўся 10 снежня 1665 года ў тым самым Койданаўскім зборы.

“Roku 1665 dnia 10 10bra krzcilem Panu Baltazarowi Zydowiczowi corke imieniem Helena kumem byl Pan Philip Zydowicz, Pan Samuel Ratomski, kumami byli Jeymosc Pani Owsiedowska, Jeymosc Pani Zydowiczowa stara y Panna Barbara Zarnowcowna”.

Пра Жыдовічаў Канарскі таксама напісаў у сваім даведніку, але падрабязна пра іх радавод, і ўласна пра бацькоў Алены — беларускі даследчык, выдатны знаўца менскай шляхты, спадар Фёдар Чарняўскі. У даведніку “Ураднікі Менскага ваяводства XVI — XVIII стст.” (том ІІІ, 2009) Жыдовічам прысвечана нямала месца.

Паспрабуем прадставіць сінтэзаваную з розных інгрыдыентаў гісторыю сям’і і роду жонкі Капіевіча.

Як піша спадар Чарняўскі, род Таргоня Жыдовічаў у межах Менскага ваяводства ВКЛ вядомы з сярэдзіны XVI стагоддзя. 10 красавіка 1552 года ў Койданава князь Мікалай Радзівіл “Руды”, троцкі ваявода, лідскі, васілішскі і бялецкі дзяржаўца падрыхтаваў дакумент аб выкупе ў гаспадарскіх баяр Станіслава і Міхаіла Андрэявічаў Жыдовічаў “дварца і іх часткі маёнтка Старынкі за 270 коп літоўскіх грошаў”. Дарэчы, працягнем “кальвінісцкі ланцужок”, Мікалай Радзівіл быў адным з першых магнатаў ВКЛ, якія прынялі усім сэрцам Рэфармацыю і сталі палымянымі прапагандыстамі кальвінізму. Мяркуючы па ўсім, менавіта пад “уплывам” Радзівіла кальвіністамі сталі і Жыдовічы. Звесткі пра розных прадстаўнікоў гэтага роду, нашчадкаў Андрэя, сваякоў Галубам, Міклашэўскім, Вярэйскім і іншым даволі багатыя, але засяродзімся на бацьках Алены. Бальтазар быў сынам Міхала Фабіяна Таргоня Жыдовіча і N. Аўсядоўскай. Акрамя Бальтазара, які “меў 6 дамоў у Перасветаўшчыне і 1 у Ратамцы” (той самай, якая пад Менскам!), у Міхала былі і іншыя сыны — Герасім, Самуэль, Філіп і Ян.

Вельмі цікава, што Самуэль (кум Алены, жонкі Капіевіча — З.М.), як і іншыя прадстаўнікі роду, падчас вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай 1654 — 1667 гадоў, не сталі на “маскоўскі бок”. Як піша спадар Чарняўскі, яны засталіся ў складзе сваіх харугваў, або туляліся ў лясах. Самуэль Жыдовіч спярша ваяваў у складзе менскага паспалітага рушання, якое брала ўдзел у вызваленні Барысава, Лагойска і іншых гарадоў ВКЛ, а потым, пасля вызвалення ВКЛ, як таварыш гусарскай харугвы Яна-Казіміра Хадкевіча, віленскага кашталя, браў удзел ва ўсіх баявых паходах войскаў ВКЛ. Самуэль пражыў насычанае падзеямі доўгае жыццё і з жонкай Іаанай Вярэйскай пакінуў вельмі шмат нашчадкаў.

Вяртаючыся да ягонага брата Бальтазара і яго жонкі Барбары з Музоніўшаў (Мазанікоўскіх), трэба сказаць, што звестак пра іх засталося не так шмат. Вядома, што ў 1673 годзе яны, маючы пільную патрэбу ў грошах, перадалі ў заставу Філіпу і Гальшцы Жыдовічам за 900 злотых сваю частку Ратамкі. Судзіліся яны і ў 1691 годзе з Казімірам Свірскім, менскім судзічам, падчашым ашмянскім.

Цікава, што у 1735 годзе сын Бальтазара Юзаф судзіўся з Аляксандрам Мацкевічам, менскім канюшым, за тыя землі, якія Бальтазар атрымаў 13 чэрвеня 1662 ад князя Багуслава Радзівіла за баявыя заслугі.

Бальтазар Жыдовіч быў жанаты двойчы. 6 студзеня 1654 года ў Рубяжэвічах ён ажаніўся з Альжбэтай Ратамскай, прадстаўніцай старога менскага роду, сваякоў князей Друцкіх-Горскіх. Нялішне будзе нагадаць, што Тэкля Ратамская была маці Тадэвуша Касцюшкі. А яе брат, Марцін, стаў асістэнтам на хросце Тадэвуша Рэйтана. Але, верагодна, яна загінула падчас вайны, бо праз дзесяць гадоў, 27 красавіка 1664 года ў Койданаўскім зборы Жыдовіч бярэ паўторны шлюб з Барбарай з Музоніўшаў. Ці былі нашчадкі ад першага шлюбу, ці яны не паспелі з’явіцца на свет, пакуль што невядома (можа, той Юзаф? — З.Ю.) Але ад другога шлюбу, акрамя Алены, вядома, што нарадзіліся Андрэй (1667) і дзяўчынка (1669).

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Юркевіч, З. Радавод Капіевічаў Частка ІІ / Зміцер Юркевіч // Культура. – 2020. – 12 верасня (№ 37) – С. 14 – 15.

Радавод Капіевічаў

Частка ІІІ, апошняя

Напрыканцы раскажам пра завяршэнне жыццёвага шляху славутага друкара Гальяша Капіевіча, а таксама пра лёс яго сям’і. Закранем версіі паходжання роду і месца нараджэння гэтай славутай постаці. Тым больш, што пра Капіевіча і да гэтага часа сказана далёка не ўсё.

Залегчы на дно ў Амстэрдаме

У 1676 годзе, відаць неўзабаве пасля шлюбу Гальяш Капіевіч, лепшы студыёзус Слуцкай гімназіі, пакідае радзіму. Як вынікае са сціплых звестак у ВКЛ ён больш не вярнуўся. Дваццаць наступных гадоў Капіевіч аддаў іншай зямлі, бо вырашыў асесці ў Амстэрдаме. Вельмі магчыма, што там ён працягнуў сваю адукацыю, і праз нейкі час заняў пасаду пастара ў адным з тамтэйшых сабораў. А ў 1698 годзе ізноў круты паварот — знаёмства з вандруючым маскоўскім царом Пятром. Ад таго часу, за малым выключэннем, Капіевіч “працаваў на маскоўскую асвету”. Па дамове з царом Капіевіч перакладаў і выдаваў для маскавітаў найноўшыя заходнія творы. Але ў 1708 годзе зноў змяніў сваё месца жыхарства – на гэты раз прыехаў у Маскву і паступіў перакладчыкам у Пасольскі прыказ – месца, дзе круціліся жорны маскоўскай знешняй палітыкі. Цікава, што амаль у той самы час мы бачым сярод “талмачоў” прыказа людзей, якія па паходжанні хутчэй за ўсё могуць належыць да старажытных беларускіх земляў – Ігната Рудакоўскага і Рыгора Шыдлоўскага. Нагадаем, што гэта былі часы “Паўночнай вайны” (1701 – 1729 гады) і як раз ў 1708-м Капіевіч, разам “с дочушкой” перабраўся у Маскву, дзе атрымаў стаўку 200 рублёў на год. Апошнія дваццаць гадоў яго жыцця няблага даследаваны савецкімі і польскімі гісторыкамі. Таму, каб не пераказваць тое, што можна прачытаць у Вікіпедыі, спынімся на тым, што туды не патрапіла.

Апошняе каханне

У 1885 годзе ў “Библиографе, вестнике литературы, науки и искусства” былі апублікаваны звесткі пра сям’ю Капіевічаў. Гаворка ў ім шла пра рукапісы і кнігі, якія засталіся пасля смерці выдатнага друкара (12 (23) верасня 1714 г.). У справе згадвалі ўдаву Капіевіча, “Марию Андреева доч, да дочь Анна; иноземца портного мастера Иванова жена Адикова”.

Значна больш даведак пра Капіевіча было ў зборніку “Описание изданий, напечатанных при Петре I (1958 г.). Аўтарка аднаго з нарысаў Таццяна Быкава выказала думку, што шлюб з другой жанчынай Капіевіч узяў пасля 1708 года, маючы дачку ад першага. І, што самае цікавае, і ад другога шлюбу таксама былі дзеці (меў Гальяш Капіевіч, калі верыць афіцыйнай храналогіі, 59 — 60 гадоў). Яго ўдава (яна прапісваецца то Марыя, то Кацярына Андрэева дачка) пісала чыноўнікам Пасольскага прыказа (студзень, 1715 год), што: “просит чем бог по сердцу положит в приказ, что б мне рабе вашей после мужа моего з детми своими сиротами во всеконечной скудости не быть и меж двор не скитатца”.

На сённяшні дзень нашы веды пра нашчадкаў Капіевіча абрываюцца, але хто ведае, можа, яны і да гэтага часу жывуць у Расіі і падпісваюцца прозвішчам Капіеўскі.

Капіевіч ці Капіеўскі?

Пачынаючы з 1653 года, ад першых (знойдзеных) згадак прадстаўнікоў гэтага рода ў ВКЛ, іх прозвішча мела выразны канчатак “-WICZ”. Праўда пісалася само прозвішча з варыяцыямі — Kopieiewicz, Kopjiewicz, Kopiewicz. То-бок, то яны Капеевічы, то Кап’евічы, то Капевічы. І нідзе і ніколі яны не былі запісаны Kopiewski. Гэта, вядома, датычыцца і самога Гальяша. Але завязаўшы з Пятром І пэўныя працоўныя стасункі, Капіевіч раптам пачаў падпісваць свае лісты як Копиевский. Такі ж варыянт прозвішча стаіць і у кірылічных кнігах, выдадзеных Капіевічам. Пры гэтым кнігі, якія друкаваліся для замежнага спажыўца, падпісаны па ранейшаму — Kopiewitz. (Толькі пад такім прозвішчам ён быў вядомы Каралеўскаму прускаму таварыству навук, з прэзідэнтам якога Готфрыдам Ляйбніцам, нібыта меў асабістае ліставанне.)

То-бок Капіеўскі — варыянт для маскавітаў, які “літвін рэфарматарскай веры, прапаведнік” з нейкай прычыны прышчапіў сабе. Цікава было б даведацца пра матывацыю такога крока, але ўспамінаў Капіевіч не пакінуў. Адзначу, што ніякіх праблем з-за таго, што яго ведалі і як Капіевіча, і як Капіеўскага наш зямляк не займеў. А вось у наш час, на падставе канчатка -кій, Капіевіча раптам абвясцілі выбітным палякам. З гэтым канчаткам у нас, жартуючы, увогуле — бяда…

Ляхавіччына, Мсціслаўшчына ці Капіевічы?

Сёння ў Беларусі існуюць два асноўных канкурэнта ў справе, якому рэгіёну звацца малой радзімай Капіевіча. Першы з іх – Ляхавіччына, другі – Мсціслаўшчына. Падставай для таго і другога з’яўляюцца толькі словы пра цяжкі дзіцячы лёс самога Капіевіча (гл. І частку ў № 36 “К”).

Прапаную разгледзіць трэці варыянт — Меншчыну. Адразу за менскай кальцавой дарогай, блізу станцыі метро Малінаўка, з сярэдзіны XVI стагоддзя вядома вёска Капіевічы (раней Кап’евічы). Разам з іншай вёскай Скарынічы (сімвалічная спасылка — ад рэд.) яны ўваходзілі ў склад маёнтка Лошыца, які належаў князям Заслаўскім і Друцкім-Горскім, Дастаеўскім і іншым. У вёсцы Капіевічы жылі як баяры, так і цяглыя людзі. Ці не там карані роду Капіевіча? Тым больш, што сваякі першай жонкі Капіевіча Алены Жыдовіч, Ратамскія, былі сваякамі і Друцкім-Горскім. Мяркую, калі-небудзь мы яшчэ вернемся да гэтай загадкі.

P.S. Дарэчы, у бліжэйшым нумары “Беларускага гістарычнага часопіса” таксама выйдзе артыкул пра радавод Капіевічаў — сумесная праца гісторыкаў Людмілы Івановай і Дзяніса Лісейчыкава.

Зміцер ЮРКЕВІЧ

 

Юркевіч, З. Радавод Капіевічаў Частка ІІІ / Зміцер Юркевіч // Культура. – 2020. – 19 верасня (№ 38) – С. 15.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed