Інструментальны жанр. “Народны духавы аркестр Ляхавіцкага ГДК”

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Інструментальны жанр

 

“Народны духавы аркестр Ляхавіцкага ГДК”
Грынь, Ю. Паўстагоддзя на бісКультура Беларусі энцыклапедыя. Т. 5Памяць Гісторыка – дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна

Паўстагоддзя на біс

Народны духавы аркестр – мая музычная біяграфія. Вось ужо больш за тры дзесяцігоддзі нашы лёсы цесна пераплятаюцца, аб’ядноўвае іх любоў да мастацтва.

Усё пачыналася больш за паўстагоддзя назад. На базе раённага Дома культуры было вырашана стварыць калектыў духавой музыкі, у склад якога ўвайшлі ў асноўным… вадзіцелі. Першым мастацкім кіраўніком даверылі стаць Віктару Шафету. А ў 1969 годзе ўжо ў музычнай школе арганізавалі духавы аркестр пад кіраўніцтвам Вячаслава Карпіка, удзельнікамі сталі выкладчыкі і лепшыя вучні.

Рэпертуар калектыву папаўняўся, без удзелу яго не ладзіўся ніводны канцэрт у Ляхавічах. Расло майстэрства выканаўцаў, і прызнанне не прымусіла сябе чакаць. У 1975 годзе на рэспубліканскім свяце духавой музыкі ў Мінску Ляхавіцкі духавы аркестр заняў першае месца. Гэтай перамозе папярэднічала яшчэ адна – у абласным аглядзе-конкурсе духавой музыкі.

У 1977 годзе аркестр удзельнічаў у праграме на цэнтральным тэлебачанні. А падчас Усесаюзнага тыдня музыкі меў магчымасць папрацаваць на студыі грамзапісу «Шабалаўка».

Новая вяха ў творчай біяграфіі калектыву – атрыманне звання «народны». Такога гонару ён удастоены пад кіраўніцтвам музыканта-прафесіянала, выдатнага аранжыроўшчыка Юрыя Лебедзева.

Запрашэнні на гастролі паступалі адно за адным. І паўсюдна чакалі поспех і апладысменты. На фестывалі народнай творчасці на ВДНГ у Маскве у 1979 годзе ляхавіцкі аркестр адзіны з нашай рэспублікі адстойваў музычны гонар БССР! Як жа тады рыхтаваліся: тэрмінова шылі новыя касцюмы, штодзённа нястомна рэпеціравалі. Народны духавы аркестр горада Ляхавічы заняў першае месца ў сваёй намінацыі сярод непрафесійных калектываў усяго неабсяжнага Савецкага Саюза!

Прыкладна ў гэты час пачаўся і мой шлях у музыцы і ў калектыве. На вуліцы Савецкай недалёка ад дома, дзе жыла наша сям’я, гулялі вяселле. Танчылі на вуліцы каля хаты. Музыканты Віктар Русін і Віктар Шафета ўбачылі, як я, малы, адстукваў нагой у рытм баяна і духавых (асноўных інструментаў на вяселлі), паклікалі да сябе і прапанавалі паўтарыць тое, што сыгралі. Паўтарыў. Так трапіў у аркестр. І вось ужо 36 гадоў з гонарам гавару: я – частка выдатнага творчага калектыву.

Васілій Прадун, Сяргей Мікуліч, Віктар Юхнель – кожны з кіраўнікоў уносіў нешта сваё, непаўторнае ў аркестр. Цяпер іх эстафету творчасці падхапіў Анатолій Дрозд.

У красавіку народны духавы аркестр на сцэне ГДК урачыста адзначыў юбілей – нам пяцьдзясят. Гэта час росквіту, падвядзення вынікаў і мноства планаў, галоўны з якіх – дарыць цудоўны свет мастацтва людзям.

Юрый ГРЫНЬ,
дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Грынь, Ю.  Паўстагоддзя на біс / Юрый Грынь // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – 15 мая (№ 37). – С. 5.

Ляхавіцкі народны духавы аркестр

Створаны ў 1963  у г. Ляхавічы пры гар. Доме культуры. У 1979 прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”. Кіраўнікі : В.А. Карпік(з 1963), В.І. Шафета (з1969), В.А. Русін, М.М. Дзенісенка (з 1975), Ю.П. Лебедзеў (з 1978), В.С. Прадун (з 1987), В.В. Юнхель (з 2007). У складзе аркестра 22 чал. Ва ўзросце ад 22 да 65 гадоў. Асн. Мэты дзейнасці – папулярызацыя муз. Мастацтва, эстэтычнае выхаванне ўдзельнікаў. У рэпертуары творы  кампазітараў бел. (“Майскі вальс” І. Лучанка, “Беларускі марш” Б. Пянчука, “Мелодыя” У. Солтана, “Беларуская полька” Г. Цітовіча і інш.), з замежных (“Спадарожнікі ў ночы” Б. Кемпферта, “Старыя сябры” К. Тайке, “Славоніцкая полька” В. Фукі і інш.). Калектыў – удзельнік міжнар. Фестывалю духавой музыкі “Беларускія фанфары” (г. Баранавічы), абл. Агляду – конкурсу духавой музыкі “Фанфара” (г. Лунінец, абодва 2011) і інш.

І.І.Татарыновіч

Культура Беларусі : энцыклапедыя. Т. 5 / рэдкал. : В.В. Калістратава (гал. рэд.) інш.]. Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2014. – С. 211.

Духавы аркестр Ляхавіцкага раённага Дома культуры. Створаны ў 1959 г., з 1979 г. мае званне народнага. Кіраўнікі Р. Станкевіч (з 1959), В. Карпік (з 1963), В. Шафета (з 1969), Ю. Лебедзеў (з 1978), В. Прадун (з 1987). Аркестр выконвае творы савецкіх кампазітараў: «Песня пра Мінск»

У. Алоўнікава, «Гумарэска» для кларнета з аркестрам А. Туранкова, «Мы ідзём па зямлі» I. Лучанка, танец з «Палескай сюіты» Я. Глебава, Беларуская мазаіка» Э. Казачкова, уверцюра «1905 год» Л. Арлова, марш з кінафільма «Беларускі вакзал» Б. Акуджавы, канцэртная фантазія на тэмы песень аб працоўнай доблесці «У славу Радзімы» М. Вахуцінскага. Калектыў — лаўрэат 1-га Рэспубліканскага агляду-конкурсу аркестраў духавых інструментаў школ і дзіцячых пазашкольных устаноў (1976, дзіцячы склад). Выступае ў рэспубліцы і за яе межамі, выязджаў у Маскву на ВДНГ СССР (дыпломы 1979 і 1980 гг.), на тэлестудыю ў Астанкіые.

Памяць : Гісторыка – дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна / Белакрус. Сав. Энцыкл., Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш..; Рэд. – скл. В.У. Скалабан; Маст. А.М. Хількевіч. – Мн. : БелСЭ, 1989. – С. 419.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed