Інструментальны жанр. “Народныя музыкі”

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Інструментальны жанр

 

“Народныя музыкі”
Канько, Г. Звіняць цымбалы і гармонік граеКанько, Г. Любоў да музыкі Эдуарду Сіліцкаму перадалася ў спадчыну ад маціКанько, Г. Музычныя юбілеіКультура Беларусі энцыклапедыя. Т. 5

Звіняць цымбалы і гармонік грае

У 1991 годзе на творчым небасхіле Ляхавіч запалілася новая зорка — Эдуард Сіліцкі, які стварыў ансамбль народнай  музыкі “Народныя музыкі” і якім нязменна кіруе да сённяшняга часу. А праз 3 гады  калектыву было прысвоена званне “народны”.

Нават з назвы ансамбля зразумела, што прыярытэтным напрамкам творчасці з’яўляецца прапаганда беларускай народнай песні і музыкі. У рэпертуары разнастайна прадстаўлены  творы беларускіх кампазітараў, народныя песні і танцы, аўтарскія песні і музычныя кампазіцыі Эдуарда Сіліцкага. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Калектыў вызначаецца самабытнасцю, мастацкім узроўнем, асаблівай манерай выканання, мае свой, адметны і арыгінальны падыход да аранжыроўкі  музычных твораў.

Канцэртная дзейнасць ансамбля даволі насычаная. Яго музыканты прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх масавых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў горадзе і раёне. З абменнымі канцэртамі пабывалі ў Ганцавічах, Баранавічах, Нясвіжы, Капылі і інш. Па выніках паспяховага ўдзелу ў абласным свяце-конкурсе гарманістаў і выканаўцаў прыпевак “Грай, гармонік, звіні, прыпеўка” і за песню «Грай, гармонік», якую Эдуард Сіліцкі напісаў спецыяльна для гэтага свята, калектыў  узнагароджаны граматай за творчыя поспехі.

“Народныя музыкі” — жаданыя госці не толькі на сцэнічных пляцоўках Беларусі. Ансамбль прымаў удзел у міжнародным фестывалі “Надбужскія фальклорныя сустрэчы” ў горадзе Сакалоў-Падляскі Рэспублікі Польшча, у міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” (стаў лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі “ансамбль народнай музыкі”, такога ж дыплома ўдастоены і салісткі ў намінацыі “хто каго?”).  Любой канцэртнай праграме з удзелам “Народных музыкаў” поспех гарантаваны.

Галіна КАНЬКО

 

Канько, Г.  Звіняць цымбалы і гармонік грае / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 11 лютага (№ 11). – С. 1.

Любоў да музыкі Эдуарду Сіліцкаму перадалася ў спадчыну ад маці

Словы з песні пра гармонік — бы лейтматыў творчасці нашага земляка, музыканта-прафесіянала, кіраўніка народнага ансамбля народнай музыкі “Народныя музыкі” Эдуарда Сіліцкага.

На колькіх канцэртных пляцоўках нашай краіны доўга не змаўкалі апладысменты ад удзячных слухачоў пасля таго, як гучалі яго творы! Па прафесіі дырыжор (закончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры), Эдуард Сіліцкі — аўтар многіх твораў з рэпертуару “Народных музыкаў”. Ён выдатна ведае дыяпазон і магчымасці кожнага інструмента і выканаўцы, таму аранжыроўкі ў выкананні калектыву атрымліваюцца арыгінальнымі і цікавымі. Іх гучанне заўсёды пазнаеш. Адсюль і поспех у слухачоў і заслужаная адзнака прафесіяналаў.

Сумесна з ансамблем народнай песні “Крыніца” “Народныя музыкі” сталі пераможцам 5-га і 7-га міжнародных фестываляў “Надбужскія фальклорныя сустрэчы” ў Польшчы, лаўрэатам фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” (Віцебская вобласць), іншых музычных конкурсаў і фестываляў.

Любоў да музыкі Эдуарду Сіліцкаму перадалася ў спадчыну ад маці, якая не адно пакаленне юных ляхавічан вучыла іграць на мандаліне, а потым і на гітары.

Эдуард Вікенцьевіч у пастаянным творчым пошуку. Як кампазітар піша музыку, як аранжыроўшчык апрацоўвае беларускія песні, не парушаючы іх першапачатковага гучання, як патрыёт і мастацтвазнаўца шмат увагі надае адраджэнню нацыянальнай культуры. Апошнім часам выйшлі ў свет яго зборнікі музычных твораў “Крыніца душы”, “Спадчына”, “Музычны падарунак”. А зайграе на беларускай дудцы, баяне ці гармоніку — ногі так і просяцца танчыць, душа радуецца і самому хочацца заспяваць. Такога рознабаковага таленту не заўважыць нельга. І чарговая перамога не прымусіла сябе чакаць. Сёлета Эдуард Сіліцкі прызнаны пераможцам раённага конкурсу “Чалавек года” ў галіне культуры.

Галіна КАНЬКО.

Канько, Г. Любоў да музыкі Эдуарду Сіліцкаму перадалася ў спадчыну ад маці / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2013. – 16 лютага (№ 13). – С. 1.

Музычныя юбілеі

Слухачы, нібы заварожаныя, услухоўваюцца ў кожны музычны акорд: выступае народны ансамбль народнай музыкі «Народныя музыкі» ГДК. Гэта самабытны, з непаўторнай манерай выканання, багатым  рэпертуарам, арыгінальнай аранжыроўкай музычных твораў калектыў. Незмаўкаючыя апладысменты пасля кожнага нумара – справа звыклая, але, тым не менш, заўжды прыемная. У такой папулярнасці немалая заслуга заснавальніка ансамбля, яго нязменнага вось ужо на працягу 25 гадоў мастацкага кіраўніка – таленавітага музыканта, дырыжора, аранжыроўшчыка Эдуарда Сіліцкага. Ён быў удастоены звання «Чалавек года» ў галіне культуры раёна, у 2014 годзе стаў адным з 19 жыхароў Ляхавіччыны, занесеных на «Галерэю славы» раёна.

Ужо з назвы ансамбля – «Народныя музыкі» – зразумела, што галоўным у яго творчасці з’яўляецца прапаганда беларускай народнай песні і музыкі. У рэпертуары – творы айчынных кампазітараў, народныя песні і танцы, аўтарскія песні і музычныя кампазіцыі Эдуарда Сіліцкага. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. «Народныя музыкі» – жаданыя госці не толькі на сцэнічных пляцоўках Беларусі, але і на міжнародных фестывалях, конкурсах, святах.

Эдуард Вікенцьевіч – аўтар некалькіх зборнікаў музычных твораў, музыкант у другім пакаленні (яго маці прывівала любоў да музыкі ляхавіцкім хлопчыкам і дзяўчынкам, вучыла іх іграць на струнных інструментах). Дарэчы, гэты чалавек таленавіты ва ўсім: па-майстэрску іграе на баяне, гармоніку, дудцы! Не чулі? Тады паспяшайцеся 26 лютага ў ГДК на творчы вечар, прымеркаваны да 25-годдзя «Народных музыкаў» і 75-гадовага юбілею іх мастацкага кіраўніка.

Галіна КАНЬКО.

 

Канько, Г. Музычныя юбілеі / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – № 14. – 24 лютага. – С. 1.

ЛЯХАВІЦКІ НАРОДНЫ АНСАМБЛЬ НАРОДНАЙ МУЗЫКІ «НАРОДНЫЯ МУЗЫКІ»

Створаны ў 1991 у г. Ляхавічы пры гар. Доме культуры. У 1994 прысвоена званне «народны аматарскі калектыў». Заснавальнік і кіраўнік Э.В.Сіліцкі. У складзе ансамбля 10 чал. Ва ўзросце ад 20 да 70 гадоў. Асн. мэта дзейнасці — прапаганда бел. нар. песні і музыкі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (“Святая Беларусь” М. Дрынеўскага, “Мы славяне” Э. Сіліцкага, “Беларускі сувенір” М. Алешкі і інш.), апрацоўкі бел. нар. песен (“Зборная субота”, “Чаму ты лысы”, “Купалінка” Э. Сіліцкага, “Вясёлая старонка” М. Сіраты і інш.). Калектыў – лаўрэат міжнар. Фестывалю “Еўрапейскія надбужскія фальклорныя сустрэчы “Рубяжы Еўропы” (г. Сакалоў – Падляскі”, Польшча, 2008), удзельнік рэсп. Фестывалю нац. Культур “Суквецце культур” (г. Гродна, 2009), абл. Свята – конкурс гарманістаў і выканаўцаў прыпевак “Грай, гармонік! Звіні прыпеўка” (в. Парэчча Пінскага р – на, 2012), фестывалю – кірмашу “Дажынкі” (Г. Ляхавічы, 2013) і інш.

І.І. Татарыновіч

Культура Беларусі : энцыклапедыя. Т. 5 / рэдкал. : В.В. Калістратава (гал. рэд.) інш.]. Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2014. – С. 210.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed