Герасімовіч Анатоль

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем >>>Грушаўка ў творах мастацтва, хроніка культурнага жыцця >>>

 

Турыянскі, М. Мастак Анатоль ГерасімовічТурыянскі, М. Мастак з Грушаўкі Турыянскі, М. «На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці...»

Мастак Анатоль Герасімовіч

Імя гэтага мастака з Грушаўкі стала вядома сучаснікам зусім нядаўна.

…Цяпер цяжка сказаць, адкуль ён быў родам. Мо, сірата, бо пан Рэйтан браў сірот на выхаванне. Ёсць звесткі, што ў яго была сястра, але сляды жыццёвага шляху яе пакуль не выяўлены. Якую адукацыю меў Анатоль Герасімовіч, цяжка сказаць, але ён валодаў добрым мастацкім густам, ведаў гісторыю і літаратуру. Яго работа «Адам Міцкевіч» сведчыць пра гэта.

Цікавая гісторыя знаходкі твора. Вандроўкі мае неяк прывялі ў вёсачку Пашкоўцы. Дагэтуль я пра Герасімовіча не ведаў. У вясковай жыхаркі Разаліі Іванаўны Варанец шукаў творы мастацтва з былога палаца Рэйтанаў у Грушаўцы. Цётка Рузя, так яе завуць вяскоўцы, нягледзячы на свае 90 гадоў, мае выключную памяць і пасля цікавай гутаркі запрасіла мяне ў хату паглядзець фотаздымкі мужа і сына. Калі сабраўся адыходзіць, убачыў гліняны барэльеф Адама Міцкевіча. А на адвароце быў подпіс А. Герасімовіча.

Разалія  Іванаўна расказала: «Анатоль кахаў  маладзенькую Разалію, аднак хварэў на сухоты  і адмовіўся ад кахання, падарыўшы як бы сваё сэрца ў вобразе Адама Міцкевіча, Цяпер так не робяць, на жаль…»

Дзякуй гэтай добрай, чулай цётцы Рузе. Работу Анатоля Герасімовіча яна перадала ў Баранавіцкі краязнаўчы музей.

Месца, дзе майстар працаваў, знаходзілася ў бровары, а яго ў сярэдзіне 60-х гадоў узарвалі. Засталіся толькі рэшткі сцен як помнік мастаку, чый жыццёвы шлях спыніўся ў пачатку 1930-х гадоў.

Міхась Турыянскі

Турыянскі, М. Мастак Анатоль Герасімовіч / Міхась Турыянскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 424

Мастак з Грушаўкі

 

Імя мастака з вёскі Грушаўка Анатоля Герасімовіча (прыкладныя гады жыцця 1903-1932) стала вядома параўнаўча нядаўна.

Прыгадваю першае сваё знаёмства з яго творчасцю. У 1984 годзе ў вёсцы Пашкоўцы я сустрэўся з Разаліяй Іванаўнай Варанец. Хацелася распытаць пра лёс твораў мастацтва з былога палаца Рэйтанаў у Грушаўцы. Цётка Рузя (так яе завуць вяскоўцы), нягледзячы на свае 90 гадоў, мела выключную памяць. Пасля размовы запрасіла ў хату паглядзець старыя фотаздымкі сям’і. Яе муж — польскі афіцэр, паходзіў з заможнай беларускай шляхты. У 1940 годзе быў інтэрніраваны, закончыў свой век у Катыні.

Нечакана я ўбачыў над дзвярыма гліняны барэльеф паэта А. Міцкевіча. На адвароце быў надпіс ”Навек з табою” і подпіс ”Анатоль Герасімовіч. 1928 г. Грушаўка”. Не выклікала сумнення, што праца была выканана ў маёнтку Рэйтанаў. I тут пачаўся расказ спадарыні: “Анатоль, ці як ён сябе называў Іосіп (так звалі ягонага бацьку, які загінуў на Японскай вайне), кахаў маладзенькую прыгажуню Разалію. Аднак хварэў на сухоты і сам адмовіўся ад нарачонае, падарыўшы як бы ўсю сваю любоў у вобразе паэта А. Міцкевіча. Цяпер так не робяць, на жаль”. Шмат чаго яшчэ расказала цётка Рузя, дзякуй гэтай добрай і чулай жанчыне. Работу А. I. Герасімовіча яна перадала ў Баранавіцкі краязнаўчы музей. Не так даўно Р. Варанец скончыла свой век, крыху не дажыўшы да ста гадоў.

Маючы некаторыя звесткі пра творчасць майстра, я пачаў пошук ягоных памятак, твораў. Стала вядома, што ў Грушаўцы была адна цікавая рэч, якая засталася ад Юзэфа Рэйтана — аўтамабіль. Маленькі Анатоль увесь вольны час бавіў ля майстэрні загадчыка паравога рухавіка і дынамамашыны Адама Карчэўскага. I каб мець заўсёды ўражанне аб аўта, ён маляваў на паперках сталёвага каня. Так добра атрымлівалася, што ўсе захацелі мець такія малюначкі. Навіна, што сярод выхаванцаў прытулку (быў такі ў Грушаўцы) ёсць самадзейны мастак, дайшла і да Хенеа Грабоўскага — пляменніка Юзэфа Рэйтана. Ён перагледзеў усе малюнкі Анатоля, параіўся з капеланам касцёла Леанардам Кавэцкім. Той адразу даў параду наладзіць сустрэчу Анатоля з ягоным братам Аляксандрам – мастаком з Пецярбурга. Летам 1916 года Аляксандр Кавэцкі забірае Анатоля ў Вільню да сваіх сяброў і там ён бярэ першыя ўрокі малявання ў прафесійных мастакоў.

Сустрэча з Вільняй была для Анатоля і радасцю, і болем. Тут ён стаў майстрам. Але і тут яго напаткала хвароба. Якраз пачалася першая сусветная вайна, рэвалюцыя і Анатоль пешшу вяртаецца ў Грушаўку. Тут ён бачыць разрабаваны маёнтак, а людзі — хто дзе. На шчасце, спаткаў сваю сястру, якая аказалася ў вёсцы Кавалі. Больш-менш наладзілася мірнае жыццё.

Анатоль з Тадэвушам Грабоўскім будуюць майстэрню пад броварам. Неўзабаве прыходзіць сумная вестка: у Пецярбургу памірае Аляксандр Кавэцкі — мастак і вялікі сябар Анатоля. Парываецца сувязь паміж высокім мастацтвам і рамесніцтвам тутэйшага майстра. Ён не страчвае навыкаў мастака, аднак час патрабуе не творчасці, а кухокнага посуду, кафлі на разбураныя печы. Мастак настолькі авалодвае тэхнікай паліва, што яго вырабы нагадваюць работы англійскага майстра Э. Тэльхерта. Гліна замяніла пэндзаль і аловак. З’явіліся гліняныя барэльефы славутых асобаў Польшчы і Беларусі — Тадэвуш Рэйтан, Пяст, Баляслаў Храбры, Генрых Сянкевіч. Гіпсавыя работы прысвячаліся пераважна рэлігійным матывам. На жаль, большасць твораў мастака страчана. Былы конюх маёнтка Рэйтанаў Аляксандр Лешнік успамінаў, што ў палацы на другім паверсе вісела карціна Герасімовіча ”Лех знаходзіць гняздо белага арла”. Яна была выканана з гліняных плітак каляровай палівай.

У 1924-1925 гадах мастак выконвае заказы на выраб керамічных каляровых паліваных гербаў Рэчы Паспалітай. Такія гербы ён робіць для Ляхавіцкага Народнага банка, для Навагрудскага суда. Гэтыя працы мелі форму авала, а вось 12 гліняных барэльефаў удзельнікаў паўстання 1930 года былі выкананы ў квадратным варыянце. Чый гэта быў заказ — невядома, і дзе ён цяпер — таямніца. Працуючы над барэльефамі, мастак перамалёўваў жывапісныя партрэты вядомых землякоў, сваякоў з выстаў у палацах навакольнай шляхты. На жаль, і гэтыя работы зніклі.

Вялікі ўплыў на творчасць Анатоля аказала мастачка, пані Яніна Бранеўска — вялікая майстрыха па гіпсу і разьбе. Арыгінальны і самабытны куфэрак работы Герасімовіча, аздоблены лісцем лаўра. Верагодна, што рэч гэтая ўжывалася для рэлігійных патрэб. Куфэрак мае памеры 12x20x11, датаваны 21.1.1924 г.

Не раз звяртаўся Герасімовіч да вобраза Адама Міцкевіча. Натхняла Анатоля на гэта Яніна Путкамер, якой, па словах спадарыні Рузі, быў да спадобы майстар. Па яе жаданню Анатоль робіць проста цудоўныя творы.

3 кожным днём здароўе Анатоля Герасімовіча пагаршалася. Ён ўсё радзей заходзіць у майстэрню. Цяжкія крокі адлічвалі нядоўгі чалавечы век майстру…

М. ТУРЫЯНСКІ, прэзідэнт гістарычнай суполкі “Тадэвуш Рэйтан”.

 

Турыянскі, М. Мастак з Грушаўкі / М. Турыянскі // Ляхавіцкі веснік. – 2003. – 27 лют.

«На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці…»

 

Творчасьць ня кожнага мастака здольна вытрымаць выпрабаваньне часам. Зьнікаюць, як мыльныя бурбалкі, «дзьмутыя» таленты, а творы, здавалася-б, згубленыя і забытыя, нечакана раскрываюцца перад нашчадкамі ва ўсёй сваёй непаўторнасьці.

Творчасьць мастака зь вёскі Грушаўка Ляхавіцкага раёна Анатоля Герасімовіча (жыў блізу 1903—1932) параўнаўча нядаўна стала вядома шырокаму колу людзей. (Мой нарыс пра Анатоля Герасімовіча быў надрукаваны ў кнізе «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна». Мінск. Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1989, і ў часопісе «Мастацтва Беларусі», № 12, 1988.) Прайшло некалькі гадоў — зьвестак пра мастака пабольшала. Творчыя інтарэсы Анатоля Герасімовіча былі надзіва разнастайныя: кухонны посуд і паліваная кафля (тэхнікай нагадвае вырабы майстра Эрнеста Тэльхерта), гліняныя барэльефы славутых асобаў (Тадэвуш Рэйтан, Пяст, Баляслаў Храбры, Адам Міцкевіч, Генрых Сянкевіч), гіпсавыя работы (пераважна на рэлігійныя матывы). На жаль, многія творы мастака не дайшлі да нашага часу (а мо яшчэ ня знойдзеныя?). Былы жыхар ляхавіцкага маёнтка Рэйтанаў Ляксандр Лешнік успамінаў, што ў палацы, на другім паверсе, вісела карціна Герасімовіча «Лех знаходзіць гняздо арлоў». Яна была зроблена з каляровых плітак. У 1923—1924 гадах мастак выконвае заказы на выраб керамічных гербаў Рэчы Паспалітай. Такія гербы ён робіць для Ляхавіцкага народнага банка і для Навагрудскага суда. Усе гэтыя працы авальныя, а дванаццаць гліняных барэльефаў удзельнікаў паўстаньня 1830 г. былі выкананы ў квадратным варыяньце. Чый гэта быў заказ — невядома, і дзе ён цяпер — таямніца. У працы над барэльефамі мастак браў за ўзор жывапісныя партрэты, якія ў той час знаходзіліся ў палацы Рэйтанаў. На жаль, і гэтыя партрэты зьніклі.

Арыгінальны й самабытны куфэрак  работы Герасімовіча. На крышцы паабапал вітой ручкі — лісьце лаўра. Верагодна, што рэч гэтая ўжывалася для хатніх патрэб. (Куфэрак мае памеры 12x20x11, датаваны 21.1.1924.)

Ня раз зьвяртаўся Герасімовіч да вобраза Адама Міцкевіча. Такім, мо не першым адлюстраваньнем паэта ў творчасьці мастака, зьяўляецца барэльеф, не так даўно знойдзены ў ваколіцах Ляхавіч. Барэльеф мае памеры 24×24, зьлева надпіс: “А. Mickiewicz”. На адваротным баку: “N. Н. 1923 Hruszowka”. Магчыма, надпісы зроблены рознымі людзьмі, бо нахіл почырка то ўлева, то ўправа.  Мо ў Герасімовіча былі вучні, ці ён сам тады рабіў падмайстрам?

Пытаньняў узьнікае шмат, аднак ці хопіць часу і сілаў раскрыць таямніцы грушаўскіх ваколіц?..

Пра жыцьцё Герасімовіча засталіся вельмі скупыя зьвесткі. Зь сястрой Галінай выхоўваўся ў прытулку Рэйтанаў (іх бацькі загінулі ў японскую вайну). Там ён пачынае сваю мастацкую дзейнасьць. У наступныя гады шмат працуе, але йдзе Першая сусьветная вайна… На вайсковую службу мастак не трапляе, бо хворы на сухоты. 3 кожным годам здароўе горшае, адзінота ды боль у грудзях адлічваюць надоўгі век майстру…

У прытулку, успамінаў жыхар вёскі Рачканы Іосіф Дамінікавіч Міклашэвіч, выхаванцы любілі слухаць гісторыю прыгоннага хлопчыка Кароліка, які жыў у наваградскага падкаморыя Т. Рэйтана. Хлопчык быў таленавіты й карыстаўся вялікай пашанай. У сталым узросьце гэты прыгонны селянін выдатна спраўляўся з абавязкамі садоўніка і агародніка, добра разьбіраўся ў народных леках. Усе выхаванцы былі сіротамі, і лёс Кароліка цешыў і даваў надзею. Бо якімі-б няспрыяльнымі ні былі ў той час умовы народнага жыцьця, праз усе перашкоды прабіваліся, вырасталі здольныя, таленавітыя і кемлівыя самародкі, якія пры лепшых абставінах, безумоўна, праславілі-б сваю зямлю.

Турыянскі, М. «На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці…» / Міхась Турыянскі // Мастацтва. – 1993. – № 7. С. 49-50. – Правапіс першакрыніцы захаваны.

Турыянскі, М. «На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці…» / Міхась Турыянскі // Мастацтва. – 1993. – № 7. С. 49-50. – Правапіс першакрыніцы захаваны.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed