Фларыян Бохвіц

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю

 

БОХВІЦ Фларыян

Фларыян Бохвіц –  вядомы філосаф-мараліст, пісьменнік і тэолаг. Яго жыццё было цесна звязана з Ляхавіччынай. Будучы філосаф нарадзіўся ў 1799 годзе ў мястэчку Мір і паходзіў з шляхецкай сям’і сярэдняга дастатку. Бацька Рамуальд быў пратэстантам, a маці Анелія — перакананай каталічкай. Яна выхавала сына ў духу сваёй веры. Школьныя гады Фларыяна прайшлі ў Нясвіжы, дзе ён вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў. Затым Бохвіц працягваў адукацыю на юрыдычных факультэтах Кіеўскага і Віленскага ўніверсітэтаў. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ён некаторы час працаваў адвакатам y Навагрудку, уваходзіў y склад мясцовай асацыяцыі адвакатаў. Аднак адвакацкая практыка не захапляла Фларыяна Бохвіца. Ён жадаў вясковай цішыні,  дзе мог філасофстваваць. Ажаніўшыся з Паўлінай Маеўскай, сваячкай Адама Міцкевіча, Фларыян купіў y 1838 г. невялічкі маёнтак Вошкаўцы на Ляхавіччыне, дзе заняўся сельскай гаспадаркай. У Вошкаўцах сям’я жыла ў старой драўлянай хаце, значную частку якой займала сабраная Бохвіцам каштоўная бібліятэка з багатым зборам часопісаў. Дом Бохвіцаў стаў y тыя часы месцам сустрэч акалічнай інтэлігенцыі.

У Вошкаўцах Бохвіц напісаў свае філасофскія працы. У цэнтры ўвагі мысліцеля знаходзіліся маральныя і педагагічныя праблемы. Фларыян Бохвіц распрацаваў шэраг этычных праблем, падкрэсліваючы значэнне працы ў жыцці грамадства,  заахвочваючы прыхільнае стаўленне да прыватнай уласнасці і павагу да дзяржаўнай законнасці. Ён выступаў за выхаванне найбольш карысных для грамадства людзей шляхам зліцця адукацыі з працоўнай дзейнасцю і гарманічнага развіцця разумовых і фізічных здольнасцяў.

Першы яго  твор — “Сутнасць маёй думкі. На памяць жонцы і дзецям” — быў выдадзены ў Вільні ў 1838 г. Працягам гэтай працы стала кніга “Сутнасць маёй думкі аб мэтах існавання чалавека”. У 1842 г. убачыла свет кніга Бохвіца пад назвай “Асновы маіх думак і пачуццяў”, a ў 1847 г. — кніга “Думкі пра выхаванне чалавека”. У 1838—1839 гг. – кніга «Форма майго мыслення» (частка 1—2). Творы  выклікалі шырокі водгук сучаснікаў.

Урыўкі з яго кнігі «Думкі пра выха­ванне чалавека» ў перакладзе з польскай мовы на рускую змешчаны ў «Анталогіі педагагічнай думкі Беларускай ССР» (М., 1986. С. 169—171).

Пералічаныя творы Фларыяна Бохвіца былі выдадзены ў Вільні на польскай мове. Гэтыя кнігі з’яўляюцца сёння бібліяграфічнай каштоўнасцю. Знайсці іх даволі складана, аднак y аматараў айчыннай гісторыі ўсё ж ёсць шанс знайсці працы мысліцеля, праўда ў электронным варыянце. Аднак працы філосафа павінны быць перакладзены і выдадзены ў Беларусі, што дало б магчымасць пазнаёміцца з творчасцю нашага выдатнага земляка  шырокім  колам  чытачоў.

У прадмове да “Думак аб выхаванні чалавека” філосаф адзначаў, што чалавек нараджаецца толькі адзін раз, ён павінен рэалізаваць усе свае здольнасці, каб не знікнуць з гэтага свету як цень. Бохвіц сцвярджаў, што людзям дадзена здольнасць даведвацца пра ўсё, што здзіўляе, што з’яўляецца мудрым, дабрачынным, боскім. Яна развіваецца ў чалавека з дзяцінства, a яго бацькі павінны дапамагаць яму ў гэтым, схіляць да добрых учынкаў. У гэтай здольнасці, пісаў Бохвіц, чытаецца воля Бога, каб людзі праз навуку і маральныя ўчынкі развівалі ў сабе веды, каханне і ўласную волю. Як бачым, сваю педагагічную сістэму выхавання і навучання Фларыян Бохвіц пабудаваў на прынцыпах асветы і рэлігійнай маралі. І сапраўды, y супрацьлегласць ідэям вальнадумства і атэізму, панаваўшым y эпоху Асветніцтва, мысліцель адстойваў вяршэнства рэлігіі ва ўсіх чалавечых думках і справах. Таму Фларыяна Бохвіца лічаць прадстаўніком хрысціянскай філасофіі.

Акрамя гэтага, значнае месца ў яго творах займаюць такія праблемы, як прыхільнае стаўленне да бацькоў, да інстытутаў шлюбу і сям’і. Ён пераконваў, што Бог з самага пачатку натхніў  людзей ідэяй шлюбу. Шлюб заўсёды лічыўся ўсімі народамі святочным, святым звычаем, без якога людзі апусціліся б y сваім развіцці на адзін узровень з жывёламі.

Філосаф закранаў таксама пытанні грамадска-палітычнага характару. Ён не бачыў будучага індывіда па-за грамадствам. Яму належаць наступныя радкі: “Чалавек не можа таксама абысціся без грамадства. Маці патрабуе дапамогі бліжніх, каб нарадзіць і гадаваць дзіця. Адзін чалавек, без узаемадзеяння з іншымі,  не зробіць для сябе адзення, ежы, жылля. Таму з-за патрэбы ў кантактах з грамадствам y нас узнікаюць узаемаадносіны, абавязкі, якія патрабуюць ад унутранага Я думаць, кахаць і кантраляваць сваю волю”. Але не толькі грамадства было прызвана для таго, каб паляпшаць жыццё кожнага асобнага чалавека, але і чалавек y працэсе свайго жыцця павінен быў прыносіць карысць грамадству. Таму адзін з тэзісаў Бохвіца абвяшчае: “Нам трэба вучыцца таму, што сапраўды развівае нашы веды, што робіць нас карыснымі грамадству на розных пасадах і ў розных жыццёвых абставінах. Нам трэба вучыцца таму, што цікавіць чалавецтва і тлумачыць сэнс яго існавання”. Філосаф пісаў, што людзям дадзены даволі працяглы час маладосці, і таму першыя дваццаць гадоў жыцця проста прызначаны для навукі. Самы ўбогі і самы багаты чалавек, адзначаў ён, y кожным без выключэння стане, павінен атрымаць y гэты час пэўную адукацыю.

Менавіта y такім духу былі выхаваны сыны і ўнукі Фларыяна Бохвіца, якія сталі адукаванымі і ўсебакова развітымі людзьмі. Напрыклад, адзін з сыноў Фларыяна, Ян Отан, актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года, пісаў вершы, быў вядомым грамадскім дзеячам, стаў спецыялістам y галіне сельскай гаспадаркі, асабліва садоўніцтва. Ян Отан актыўна займаўся памалогіяй — навукай аб гатунках пладовых раслін і адборы найбольш перспектыўных з іх. Яго даследаванні апублікаваныя ў працах “Некаторыя агародніцкія назіранні”, “Як закладваць і даглядаць за садамі”. Недалёка ад Вошкаўцаў ён заснаваў уласную сядзібу, названую ў гонар бацькі Фларыянава, і зарэкамендаваў сябе добрым гаспадаром. Тадэвуш Бохвіц, старэйшы сын Яна, вядомы як блізкі сябар пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Іх перапіска склала больш трохсот старонак мастацкай прозы. Акрамя таго, Тадэвуш ведаў некалькі замежных моў, сур’ёзна захапляўся гісторыяй журналістыкі.

Пісьменнік, педагог і філосаф Фларыян Бохвіц пражыў y сваім маёнтку ў Вошкаўцах да канца жыцця. Ён памёр 9 жніўня 1856 года, a пахаваны быў на каталіцкіх могілках y вёсцы Дарава. Надпіс, зроблены на помніку мысліцелю, быў вельмі сімвалічным: “Няхай твой прыклад паказвае нам дарогі праўды”.

Аднак звесткі пра дакладнае месца пахавання Фларыяна Бохвіца  неадназначыя. Каля ўваходу на могілкі можна убачыць тры надмагільныя камяні, на якіх добра чытаецца прозвішча Бохвіц. Побач ляжыць ку­ча камянёў — рэшткі разбітага помніка, які быццам бы і стаяў на магіле Фларыяна Бохвіца. Але, ці адпавядае гэта сапраўднасці, па рэштках устанавіць немагчыма, бо прозвішча на іх няма. Асобныя словы прачытаць можна, але яны традыцыйныя для надмагілля і ні пра што не сведчаць.

Сцвярджаць, што тут знаходзіцца магіла Бохвіца, цяжка, але ж і заяўляць адваротнае таксама не выпадае, бо тут жа ляжыць радня філосафа.

Пры падрыхтоўцы  матэрыяла  выкарыстаны  крыніцы:

  1. Думкі Фларыяна Бохвіца аб выхаванні / падрыхтаваў Дзмітрый Міраў // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – 14 мая. – С. 10.
  2. Філосаф з Вошкаўцаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 88.
  3. Чарановіч, С, Бохвіц, Ажэшка, Флер’янова / Сяргей Чарановіч, Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2006. – 26 ліпеня. – С. 3.

Бібліяграфія.

  • Бохвицы // Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. – С. 24-27.
  • Гапава, В. Флер’яноўскія зарніцы / Валянціна Гапава // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 108-115.
  • Карлюкевіч, А. Сады Флер’янова // Радзімазнаўства. – Мінск, 2010. – С. 103-106.
  • Фларыянава (Флер’янова) // Несцярук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў. – Мінск: БЕЛТА, 2002. – С. 233-234.
  • Флер’янова // Ляхавіцкі раён. Сцежкамі роднага краю : турыстычны даведнік / мастацкае афармленне, фотаздымкі, тэкст С. В. Чарановіча.- С. 10-12.
  • Флер’яноўскі палацава-паркавы ансамбль // Ляхавіцкі край вачамі патэнцыяльнага турыста : [буклет-даведнік] / складзены і падрыхтаваны да друку ўстановай “Рэдакцыя раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” ; фота Сяргея Варановіча; тэкст Святланы Стыкуць. – [Брэст], 2007. – С. 10-11.
  • Флёрианов // Архитектурно-парковые ансамбли Ляховичского района : [справочно-информационный буклет] / ответственный за издание Н. Н. Кулицкий. – 1999. – С. 10-11.
  • Вячорка, І. І сыры варылі, і сады садзілі : У вёсках Ураджайная і Флер’янова захаваліся гістарычныя помнікі канца 19 стагоддзя / Ірына Вячорка // Ляхавіцкі веснік. – 2008.  – 6 верасня. – С. 4.
  • Гринкевич, Т. Тадеуш и Элиза / Татьяна Гринкевич // Советская Беларусь. – 2007. – 4 сентября. – С. 13.
  • Думкі Фларыяна Бохвіца аб выхаванні / падрыхтаваў Дзмітрый Міраў // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – 14 мая. – С. 10.
  • Пракоф’евы, Святлана і Ігар Дваранскае гняздо. Флер’янова / Святлана і Ігар Пракоф’евы // Ляхавіцкі веснік. – 2003. – 8 лютага.
  • Свістуновіч, С. У разбітым люстэрку сябе не ўбачыш : [аб разбурэнні помніка на магіле філосафа Фларыяна Бохвіца] / Сымон Свістуновіч // Звязда. – 2003. – 11 верасня.
  • Чарановіч, С, Бохвіц, Ажэшка, Флер’янова / Сяргей Чарановіч, Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2006. – 26 ліпеня. – С. 3.
Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed