Бярозка Анатоль. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Бярозка Анатоль

 

Біяграфічныя звесткіБярозка Анатоль // Літаратурная карта Берасцейшчыны

Мацвей Смаршчок нарадзіўся 19 лютага 1915 года у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна ў сялянкай сям’і.

Мацвей Смаршчок вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, а затым – у Ляхавіцкай школе і Баранавіцкай гімназіі імя Т. Рэйтана.

Вучнем упершыню выступіў са сваімі творамі пад уласным прозвішчам у друку. Яго вершы былі надрукаваны ў часопісе для дзяцей «Заранка», які выдавала Зоська Верас у 1927–1931 гадах у Вільні. У 1930-я гады публікаваў свае вершы ў віленскіх перыядычных выданнях, падпісваўся як Анатоль Бярозка. Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыстычны часопіс «З-за плоту» (выйшлі тры нумары).

У 1934–1939 гадах М. Смаршчок вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы пераехаў у г. Івацэвічы. Працаваў урачом на Брэсцкай чыгунцы.

У 1941 годзе знаходзіўся на курсах павышэння кваліфікацыі ў Маскве, тут сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Быў накіраваны на працу ў Пінск, але дабрацца туды ўжо не паспеў. Накіраваўся дадому, апынуўся ў Баранавічах, дзе стаў працаваць у шпіталі. Узначальваў тут медыцынскую школу, у якой і выкладаў. У 1944 годзе выехаў у Познань (Польшча) да сваякоў, дзе быў арыштаваны немцамі і адпраўлены ў канцлагер Нордгаўзен.

Пасля вызвалення М. Смаршчок застаўся ў Германіі, а ў 1948 годзе выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, пасяліўся ў горадзе Мантысела (штат Мінесота). Англійскай мовы не ведаў, але давялося вывучыць, каб здаць экзамены на пацвярджэнне медыцынскага дыплома. У ЗША праславіўся як выдатны медык. Шмат гадоў кіраваў медыцынскім доглядам у доме для састарэлых. Яго імем названы адзін з карпусоў медыцынскага комплексу ў горадзе Мантысела. Адначасова з’яўляўся прафесарам Мінесотаўскага ўніверсітэта, займаўся доследамі хваробаў сэрца. У вольны час захапляўся фатаграфаваннем, шахматамі, электронікай.

У эміграцыі Анатоль Бярозка амаль не пісаў вершаў. Толькі ў 1989 годзе ён вырашыў выдаць кнігу за ўласны кошт. Так з’явіўся яго адзіны зборнік «Адзінаццаць вершаў» з паралельнымі перакладамі на англійскую мову. Мінскі клуб “Спадчына” выдаў у 2004 годзе кнігу А. Бярозкі “Выбранае” (тыраж 300 экз.). 18 лютага 2005 года ў Доме літаратара (Мiнск) адбылася вечарына, прысвечаная 90-годдзю паэта Анатоля Бярозкі.

Мацвей Васільевіч Смаршчок памёр 20 чэрвеня 2008 года ў г. Мантысела.

АНАТОЛЬ БЯРОЗКА 

У “Лістках календара” Максіма Танка ёсць запіс, зроблены 28 мая 1936 года: “У рэдакцыі “Калоссе” Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур’ёзны паэт, калі б мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў”. Аднак, як слушна заўважае даследчык А. Марціновіч, “зусім не “духоўныя айцы” вінаваты ў тым, што А. Бярозка належным чынам не сцвердзіўся як паэт. Справа ў тых умовах, у якіх пачынаў рунецца ягоны талент, але так і не змог заквітнець дружнай зелянінай на палетку нацыянальнай культуры. Каб упэўніцца ў гэтым, неабходна вярнуцца на дзесяцігоддзі назад, калі Мацвей Рэпкаў-Смаршчок яшчэ не паспеў стаць Анатолем Бярозкам”.

Нарадзіўся ён 19 лютага 1915 года ў вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Нягледзячы на цяжкасці, бацькі – Васіль і Ганна – зрабілі ўсё, каб сын змог атрымаць прыстойную адукацыю. Спачатку Мацвей вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, затым – у Ляхавіцкай школе і Баранавіцкай гімназіі. Вучнем упершыню выступіў са сваімі творамі пад уласным прозвішчам у друку. Вершы М. Смаршчка тады былі надрукаваны ў часопісе для дзяцей “Заранка”, які выдавала Зоська Верас. Але не паэзія і літаратура вызначылі яго далейшы лёс. Справай жыцця для Мацвея Васільевіча стала медыцына. Ён паспяхова вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага універсітэта і адначасова працаваў, а затым і застаўся асістэнтам прафесара на кафедры фізіялогіі. Пры гэтым знаходзіў час для творчасці. Антон Шукелойць – сябра Анатоля, які жыў з ім у адным пакоі ў Вільні, – прыгадваў: “У гэтым пакоі Бярозка пасля лекцыяў і працы рэдагаваў часопіс “Шлях моладзі”, бо фактычны рэдактар Язэп Найдзюк выконваў адміністрацыйную работу. Сюды ж прыносіў Бярозка на разгляд і пераапрацоўку матар’ялы з часопіса “Калосьсе”, сябрам рэдкалегіі якога ён быў. Тут ноччу ён пісаў свае вершы. У гэтым жа пакоі выдаваўся і рукапісны, гумарыстычны часопіс “З-за плоту”, у выпуску якога прыймалі ўдзел Анатоль Бярозка як рэдактар, Ян Жэдзік, які тэхнічна афармляў часопіс і я”.

У 30-я гады вершы А. Бярозкі друкаваліся ў згаданых вышэй віленскіх перыядычных выданнях – “Заранка”, “Шлях моладзі”, “Калоссе”, “З-за плоту”. У апошнім з іх, часопісе “З-за плоту”, была змешчана сатыра на Сталіна.

А. Бярозка, які меў непасрэднае дачыненне да публікацыі, паспяшаўся пакінуць Вільню. Вярнуўся на Берасцейшчыну і некаторы час жыў у Івацэвічах, Іванаве, Пінску. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў лекарам у Баранавічах і ўзначальваў тут медыцынскую школу. Затым пераехаў у Познань, дзе меў блізкіх сваякоў. Адтуль трапіў у фашысцкі канцлагер Нордгаўзен. Пасля вызвалення застаўся ў Германіі (баяўся вярнуцца на радзіму, каб не апынуцца ўжо ў савецкім лагеры), а з першай ваеннай хваляй эміграцыі выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, у горад Мантысела, штат Мінесота. У ЗША М. Смаршчок праславіўся як выдатны спецыяліст-медык. За сваю адданасць медыцыне – на чужыне ён працаваў лекарам да выхаду на пенсію – і высокі прафесіяналізм наш зямляк атрымаў ступень Заслужанага доктара. Яго імем названы адзін з карпусоў медыцынскага комплекса ў г. Мантысела.

У эміграцыі Мацвей (Мітрафан) Смаршчок цалкам аддаўся лекарскай практыцы і вершаў амаль не пісаў. Толькі ў 1989 годзе ён вярнуўся да свайго даўняга захаплення і вырашыў выдаць кнігу за ўласны кошт. Так з’явіўся яго зборнік “Адзінаццаць вершаў”, у якім змешчаны творы як у арыгінале, так і ў аўтарскім перакладзе на англійскую мову. Такое суседства ўспрымалася натуральна, бо аўтар “Адзінаццаці вершаў” – амерыканскі грамадзянін беларускага паходжання. За акіянам, у далечыні ад радзімы, ён не забыў родны кут і матчыну мову, на якой прамаўляў шчырыя словы, напоўненыя любоўю да бацько ўскай зямлі, настальгіяй па ёй і пакорным змірэннем з лёсам… Невыпадкова Янка Запруднік у рэцэнзіі на кнігу падкрэсліў, што “мінорныя, журботныя настроі многіх вершаў Бярозкі сведчаць не пра кволасць душы, а пра ейную чуласць, спагадлівасць да родных хатаў, што “векавою тугою набраклі”.

Ёсць у А. Бярозкі і свой рахунак мінулай вайне. У 1943 годзе пры абароне Мурманска загінуў яго адзіны брат. Са спазненнем даведаўшыся пра яго смерць, Анатоль Васільевіч пачаў пісаць верш “Эпіграф”. Доўгі час твор заставаўся незакончаным. Да яго аўтар вярнуўся толькі ў 1988 годзе, калі сам перанёс цяжкую аперацыю і апынуўся на мяжы жыцця і смерці. У якасці эпіграфа ўзяў радкі з беларускай народнай песні:

Бяжы, коню, дарогаю,
Бяжы, коню, шырокаю –
к майму сялу, к майму двару,
к вароцікам цісовенькім.
Выйдзе цябе сустракаці
сястра мая й стара маці…
Не кажы, коню, што ўбіт ляжу.
Далей па-мастацку ўвасобіў лёс таго, хто знайшоў свой вечны спачын далёка ад роднай зямлі:

Я з дарогаў далёкіх а горкіх
аніколі к табе не вярнуся,
дарагая матуля-зямля,
У чужым, няведаным полі
мае косці збуцвеюць,
Не аплача мяне Яраслаўна
ў Падлессі, родным сяле.

“Эпіграф” не ўвайшоў у зборнік “Адзінаццаць вершаў”, але стаў вядомы дзякуючы А. Беламу, які апублікаваў яго ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.

У 2004 годзе ў выдавецтве “Тэхнапрынт” убачыла свет кніга А. Бярозкі “Выбранае”, у якой сабраны багаты матэрыял, у тым ліку фотадакументальны, пра жыццё і творчасць паэта. У сядзібе Музея выяўленчага мастацтва ў г. Старыя Дарогі (Фонд Анатоля Белага) устаноўлены помнік нашаму земляку (скульптар Ул. Лятун, бронза, 2001 г.).

 

Ліст да маці

На схіле восені дзён
к табе я імкнуся у думах –
а думы ня знаюць запыняў.
Хочаш – абое ў сутоньні вячэрнім
ў вусьмешку твар
як у бэзу пукі
ахінем…
Ты там, у вёсцы маёй убогай
дзе восень залоціць кляны
а ў раньні туман
засьцілае лугі ды папары;
ты прадзеш сваё горкае зрэб’е,
ўспамінаеш падзеі а дні
калі выпіла горычы чару –
і мо плачаш. Ня вернецца сын
з далёкай дарогі…
А я тут, у месьце чужым і далёкім
пад хмарным восені небам
ў мітусьні парожняга дня
ды зьнясільлі дарэмных узьлётаў –
адзін, бязмоўна стаю
а ўдыхаю павевы зімы
і гляджу на лісьцё што пад вокнамі гіне
і веру
што вусьмешку маю
данясуць табе хмары.

Бярозка Анатоль // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст: ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. – С. 370 – 373.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed