Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем >>>Грушаўка ў творах мастацтва, хроніка культурнага жыцця >>>
Мастак Анатоль Герасімовіч
Імя гэтага мастака з Грушаўкі стала вядома сучаснікам зусім нядаўна.
…Цяпер цяжка сказаць, адкуль ён быў родам. Ёсць звесткі, што ў яго была сястра, але сляды жыццёвага шляху яе пакуль не выяўлены. Якую адукацыю меў Анатоль Герасімовіч, цяжка сказаць, але ён валодаў добрым мастацкім густам, ведаў гісторыю і літаратуру. Яго работа «Адам Міцкевіч» сведчыць пра гэта.
Цікавая гісторыя знаходкі твора. Вандроўкі мае неяк прывялі ў вёсачку Пашкоўцы. Дагэтуль я пра Герасімовіча не ведаў. У вясковай жыхаркі Разаліі Іванаўны Варанец шукаў творы мастацтва з былога палаца ў Грушаўцы. Цётка Рузя, так яе завуць вяскоўцы, нягледзячы на свае 90 гадоў, мае выключную памяць і пасля цікавай гутаркі запрасіла мяне ў хату паглядзець фотаздымкі мужа і сына. Калі сабраўся адыходзіць, убачыў гліняны барэльеф Адама Міцкевіча. А на адвароце быў подпіс А. Герасімовіча.
Разалія Іванаўна расказала: «Анатоль кахаў маладзенькую Разалію, аднак хварэў на сухоты і адмовіўся ад кахання, падарыўшы як бы сваё сэрца ў вобразе Адама Міцкевіча, Цяпер так не робяць, на жаль…».
Дзякуй гэтай добрай, чулай цётцы Рузе. Работу Анатоля Герасімовіча яна перадала ў Баранавіцкі краязнаўчы музей.
Месца, дзе майстар працаваў, знаходзілася ў бровары, а яго ў сярэдзіне 60-х гадоў узарвалі. Засталіся толькі рэшткі сцен як помнік мастаку, чый жыццёвы шлях спыніўся ў пачатку 1930-х гадоў.
Міхась Турыянскі
Турыянскі, М. Мастак Анатоль Герасімовіч / Міхась Турыянскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 424