У пачатку дваццатага стагоддзя флер’яноўская сядзіба, якая належала вядомаму роду Бохвіцаў, была адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносін. Бохвіцы былі не толькі добрымі гаспадарамі, але і гасціннымі людзьмі, патрыятычныя і інтэлігентныя. Таму іх дом прыцягваў слынных асоб з навакольных сядзіб. Частымі гасцямі тут былі Рэйтаны з Грушаўкі, Ажэшкі з Людвінава, Радзівілы з Нясвіжа і іншыя асобы. У маёнтку збіралася мясцовая інтэлігенцыя, вяліся інтэлектуальныя размовы, абмяркоўваліся навіны літаратуры, падзеі культурнага жыцця краіны. Вечарамі ладзілі прадстаўленні «флер’яноўскага тэатрыка», дзе ў якасці актораў выступалі самі знатныя госці. Усё гэта адбывалася на фоне цудоўных мясцовых краявідаў. Вёснамі квітнеў, як белы сон, сад, стракатым дываном высцілалі яго палявыя кветкі, a паркавыя алеі клікалі ў бясконцасць…
Аднавіць традыцыю правядзення літаратурных вечароў вырашылі ў 2016 годзе. Па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы у Год культуры тут адбыліся Першыя “Флер’яноўскія чытанні”, прымеркаваныя 175-годдзю з дня нараджэння Элізы Ажэшка. Мерапрыемства прыйшлося даспадобы ўсім прысутным і ўдзельнікам свята.
У сярэдзіне чэрвеня бягучага года літаратурны фестываль зноў запрасіў на свята. Вельмі сімвалічна, што Другія “Флер’яноўскія чытанні” праходзілі ў Год малой радзімы. Ганаровыя госці мерапрыемства – нашы славутыя землякі Алесь Бадак, Галіна Жывіца, Фёдар Лапанік, Ларыса Глеб. Узгадвалася творчасць Уладзіміра Дамашэвіча, Леаніда Пранчака і Івана Ждановіча. Дарэчы, “Алесь Бадак перадаў прывітальнае пісьмо ўдзельнікам і гасцям літаратурнага фестывалю “Флер’яноўскія чытанні” ад міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алеся Карлюкевіча”. Падчас тэатралізаванага прадстаўлення гучалі паэтычныя творы і песні нашых землякоў. Скарысталіся магчымасцю пазнаёміць са сваёй творчасцю і менш знакамітыя аматары паэзіі нашага і суседняга, Баранавіцкага, раёна.
Гасцям свята прыйшліся вельмі даспадобы разнастайныя конкурсы і віктарыны. Свае выставы прадставілі Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі, выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Калектывы мастацкай самадзейнасці Ляхавіцкага раёна падрыхтавалі цудоўны канцэрт.
Узгадваючы словы Ніла Гілевіча, можна з упэўненасццю сказаць: “пакуль паэты будуць пець”, наша ляхавіцкая зямля не застанецца безыменнай, “зямлі бацькоў не анямець”! Спадзяёмся, што “Флер’яноўскія чытанні” традыцыйна сустрэнуць у 2020 годзе.