105 гадоў таму, 17 верасня, на свет з’явілася зорка беларускай літаратуры — Максім Танк. Яго паэзія — яркая, выдатная з’ява ў нашай літаратуры. Яна арыентуе на высокія ідэалы, разуменне важных ісцін, маральных каштоўнасцей. Паэзія Максіма Танка глыбокадумная, засяроджаная на галоўным у чалавечым быцці. Максім Танк — паэт-рамантык і паэт-філосаф, ён паўстае перад намі як пясняр свабоды, красы, кахання і любові.
Гадзіна паэзіі “Я сэрцам пісаў сваю кожную песню”, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, прайшла ў Ліпскай сельскай бібліятэцы. Разам з вучнямі 5–9 класаў бібліятэкар узгадала біяграфію паэта, прайшлася па яго творчым шляху, прачытала тыя творы, у якіх засведчаны шматлікія падзеі з жыцця аўтара (напрыклад, верш “Да аўтабіяграфіі”, дзе паэт з гумарам гаворыць пра сваё з’яўленне на свет).
“Жураўліны крык”, “Зноў я на тых сцежках”, “Ты знаеш край”, “Родная мова”, “Нашто ты косы заплятаеш”, “Прызнанне” — такія знаёмыя, гэтыя вершы набываюць некі асаблівы сэнс, калі чытаеш іх у гэты дзень, дзень нараджэння паэта. Максім Танк пакінуў нам выбітную літаратурную спадчыну, і яе неабходна захаваць.