20 лютага, напярэдадні Дня роднай мовы, у купалаўцы адбылася цёплая і сардэчная сустрэча калектыва Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і чытачоў – аматараў беларускай літаратуры з старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістам, публіцыстам, краязнаўцам, дзяржаўны дзеячам, дырэктарам – галоўным рэдактарам выдавецкага дома “Звязда” Аляксандрам Карлюкевічам.
Прыемна і заўсёды цікава слухаць чалавека, захопленага сваёй справай. Вера ў тое, што наша роднае жывое слова будзе яшчэ доўга гучаць і радаваць свайго чытача, дапамагае Аляксандру Мікалаевічу ў творчай і працоўнай дзейнасці. На сустрэчу ён прыехаў са сваімі любімымі творамі і навінкамі, а таксама з гісторыяй сваёй творчасці. Алесь Карлюкевіч – аўтар шэрагу краязнаўчых кніг. Краязнаўства з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў для ляхавіцкіх бібліятэкараў, таму на сустрэчы пісьменнік знайшоў сапраўды зацікаўленую аўдыторыю.
Абмеркавалі таксама і тэндэнцыі сучаснай беларускай літаратуры ўвогуле. Работнікі бібліятэкі задавалі шмат пытанняў на розныя тэмы, на якія Аляксандр Мікалаевіч адказаў з гумарам і шчырасцю. У падарунак бібліятэцы аўтар перадаў шэраг выданняў, у тым ліку і іншых беларускіх пісьменнікаў. Прыемнай была для ўдзельнікаў сустрэчы і магчымасць атрымаць аўтограф.
З пажаданнямі аптымізму ў жыцці, творчых поспехаў і спадзяваннямі на новыя прыемныя сустрэчы з прадстаўнікамі і аўтарамі выдавецкага дома “Звязда” развіталіся ляхавічане з Алесем Карлюкевічам.
Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦБ
Посмотреть эту публикацию в Instagram