Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Зарынава Галіна
Скажу… Надзвычай прыемная, чаканая навіна:
Галіна Зыранава стала суаўтарам літаратурнага зборніка прозы «Скажы, што кахаю…»
Надзвычай прыемная, чаканая навіна: Галіна Зыранава стала суаўтарам літаратурнага зборніка прозы «Скажы, што кахаю…», які сёлета выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Вера. Надзея. Любоў». У аўтарскім суквецці даўно вядомых пісьменнікаў і тыя, у каго адбылася прэм’ерная кніжная публікацыя прозы. Галіна Фёдараўна, Галя, Галінка Зыранава – з маладых. Разнастайнасць талентаў нашай зямлячкі ўражвае не менш, чым чысціня яе пачуццяў, чым яе жыццёвая філасофія, у аснове якой гімн чалавечнасці, дабрыні, гімн жыццю. Нават насуперак самым складаным выпрабаванням, насуперак цяжкасцям, насуперак болю. У гэтай светлай душы жывуць вера, каханне, любоў. Дзяўчынка з цікаўнымі вачыма, маладая жанчына з загадкавым позіркам, яна тонка адчувае жыццё ва ўсіх яго праяўленнях і сваім стаўленнем да быцця, да людзей, да самага блізкага чалавека робіць гэты свет чысцейшым і прыгажэйшым.
Галоўная тэма зборніка, як напісана ў анатацыі, –«каханне, пачуццё, што хвалюе сэрца, высакародзіць душу і робіць жыццё радасным ці прыносіць трывогі і пакуты…». Сваё трапяткое слова ў гэтай шчымлівай аповесці гаворыць Галіна.
«Скажы, што кахаю…» – проза Галі Зыранавай такая ж паэтычная, як яе вершы. Менавіта ў вершаванае падарожжа «Аптэка для душы» запрашае чытачоў па сентыментальным, зазнаным маршруце. Мусіць, будзе справядлівым сказаць, што на гэтым маршруце Галя разам са сваім Алегам.
Вольга БАРАДЗІНА
Хто заспяваў, не страціць болей песні
ГАЛІНА ЗЫРАНАВА
Ведаеш
Ведаеш, гэта такое дзіва –
Шчасця не мець,
а быць шчаслівай…
Ні азоў рэўнасці, ні тэорый пакут,
Проста акрыленасць –
ты ёсць, ты тут.
Ведаеш, гэта такое шчасце –
Даваць перш, чым браць,
беручы не красці,
Калі ні рухаў, ні слоў не трэба,
Бо ўсё, што пад нагамі
і над галавою, – Неба.
Ведаеш, гэта такая радасць –
Розуму не траціць,
не смакаваць здрады,
Не спыняць дождж, што ліецца,
Пакідаць зямлі памяць,
аблокам – сэрца.
Пэўна, гэта вар’яцтва такое –
Усё нішто, апроч роўнасці
і спакою,
Калі можна
ў рыззі
і напаўгалодным
Вольна чуць сябе
і па-княску годна…
Пэўна, гэта пракляцце веку –
Дыхаць напоўніцу,
быць чалавекам,
Лічыць моманты, а не гадзіны,
Усведамляць,
што Ты на свеце адзіны…
Пэўна, гэта ўсё злыя чары –
Прага знішчаць страх,
нараджаць мары,
Быць часткаю
міжмоўнае ідыёмы,
Любіць таго,
з кім яшчэ незнаёмы…
Можа і праўда гэта вар’яцтва
і чары –
Бачыць вясёлку
ў саване хмараў,
Вясну гукаць пасярод ночы
ў лютым,
Хадзіць па ільдзінах
сляпым і разбутым?
Ці ж не вар’яцтва? Не чары?
Толькі ведаеш…
Гэта такое дзіва –
Расці штодня,
хай бязгучна і крыва,
І рымскаю быць
між арабскіх адзінак,
Цягнуцца да сонца
крыламі галінак –
Шчасце
Неверагоднае
Шчасце
І радасць
І дзіва.
Баваўняныя сны мае…
Баваўняныя сны мае…
У іх сонца жыве над возерам
І, як толькі з пярыны ўстае,
У ваду – плюх! Касматае, босае.
Разбіваючы люстра зямлі
На расінкі, крышталікі інею,
З-пад якіх на далонь матылі
Высыпаюць валошкамі сінімі
І трапечуцца крыламі слоў,
Баваўняна-падатлівай песняю
Пра жыццё, што не клеіцца зноў
Ці па швах
разыходзіцца месцамі,
Пра вайну з ветракамі ў стынь,
Пра надзеі і здрады з адпомстамі,
Пра струхлелы
ад звычкі кастыль
І пра ўсё геніяльнае-простае.
Сонца ведае справу сваю:
Дзень пры дні на зямлю
з неба коціцца.
Я ж вярбою ў люстэрку стаю,
Матылі на галінкі ўсё мосцяцца…
Я буду травой шчыраваць на бяствара
Я буду травой шчыраваць на бяствара-разлеглай раўніне,
У моры пяску, між парэпаных спінаў рудых камянёў.
Я буду травой – дзень пры дні адміраць, каб жывы не загінуў,
Зялёнаю зоркай знікаць уначы, каб нараніцу зноў
Танюткія парасткі выпусціць птушкамі з клетак карэння
Насустрач вятрам, прамяням, да чыіхсьці знясіленых ног.
Я буду травой, што не ведае стомы, знямогі, старэння,
Зялёнай надзеяю на скрыжаванні здзічэлых дарог.
Я буду травой, што жыццё зберагае пад тоўшчаю снегу,
Каб спёцы аддаць апасля разам з фарбай лісцін,
Я буду травой, што сілкуецца сокам падземнага бегу,
Нязломнай травою, што ўмее нябачна расці і цвісці.
Я буду травою, хоць мне не стае яшчэ сілы і веры.
Бо ходзікаў стрэлкі па коле Любові ад веку ідуць.
Я стану травою, каб сталі травянымі Чорныя Дзверы.
Ты толькі жыві, Маё Сонца, гары і заўжды дзесьці будзь…
У гэту восень
З той восені,
дзе неба жалем зарасло,
Я ў восень гэту
толькі песню забіраю –
Пры чоўне новым будзе мне
яна вяслом,
Квітком і картаю дамоў
з чужога раю.
Я чую сонца,
бачу ў моры берагі,
Мне мала месца
ў хатцы слімачковай.
Мой дзень занадта поўны
й дарагі,
Каб спадзяваннем
жыць на выпадковасць.
Я – сваё вогнішча
ў прасоленых пясках.
Я – вецер, што даруе
цішу соснам,
Мастак і акварэль
ва ўпэўненых мазках,
Зямля, якую адрываць
ад неба позна.
Мне мала месца
ў стылай багне арабін,
Я бачу ў восені прыпеў
салодка-весні.
Той, хто спаткаў сябе,
не будзе больш адзін,
Хто заспяваў,
не страціць болей песні.
Вецер задзьме
Вецер задзьме, нібы свечку, апошні ліхтар на вуліцы.
Людзі падмерзлай лістотай да ганкаў спяшаюць, хвалююцца:
Ім да начы ў святло і цяпло неадменна занурыцца трэба,
Мне ж так утульна з табою цяпер, маё зорнае неба,
Паміж чарнічніку аблачын, падвязаных зіхоткаю хустай,
Як у дварах і на памяці без людзей робіцца ціха, пуста –
Толькі пульсуе ў скронях рытм не майго – твайго сэрца,
Толькі бялюткаю стужкаю час пры далонях віецца.
Я абдымаю цябе за плечы, цуд мой, зорнае неба,
Я пачуваю сябе малечай, якому адно што і трэба:
Каб неба высокае з морам глыбокім да слёз не спрачалася,
Каб свята дыханнем жыцця нават ў стынь адзначалася.
Барадзіна, В. Скажу… : [Пра творчасць Галіны Зыранавай] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – № 52. -14 ліпеня. – С. 9.