Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Капіевіч Ілья
Настаўнік Пятра I
Гісторыя зямлі беларускай. Яна слаўная і гераічная, прыкрая і забытая. Яна захавала для нашчадкаў шмат імёнаў праслаўленых землякоў, а колькі выдатных людзей, іх учынкаў засталося па-за межамі вывучэння гісторыкаў і даследчыкаў. Таму кожнае імя, якое раптам усплывае з нетраў мінуўшчыны, мы павінны ведаць і шанаваць. Тым больш імя нашага земляка Ільі Фёдаравіча Капіевіча. 3 маленькага хлапчука ў абозе князя Хаванскага вырас пісьменнік, выдавец, асветнік, перакладчык-энцыклапедыст, настаўнік моваў пры цару Пятру I.
Сёння, на вялікі жаль, нельга з упэўненасцю сказаць, дзе на Ляхавіччыне стаяў фальварак бацькі Ільі. Фёдар Капіевіч (Капіеўскі), спаланізаваны беларус, служыў пры замку, меў фальварак Бярэзчына, недзе паміж вёскамі Тухавічы, Крывошын, Уцёс. Амаль уся навакольная зямля належала манахам і езуітам, якіх апякалі нясвіжскія Радзівілы.
Ілья нарадзіўся ў 1651 годзе і ўсё дзяцінства бавіў пры маці ў фальварку да таго выпадку, пакуль конны раз’езд расійскіх ваяроў не выкраў хлапчука ў так званы “літоўскі палон”. Гэта былі часы расійска-польскай вайны (1654- 1667). Трапіў малы Ілья ў слугі да самога князя Хаванскага, таго самага, што так бясслаўна амаль год штурмаваў ляхавіцкі замак у 1660 годзе. Князь завёз дзевяцігадовага хлапчука ў Ноўгарад, дзе Ілыю перахрысцілі ў праваслаўнага.
Жыццё Капіевіча ў палоне доўжылася амаль сем гадоў. Пасля падпісання мірнага дагавору паміж Расіяй і Польшчай палонныя вярталіся дадому. 3 імі вярнуўся і Ілья. Што ж пабачыў ён на радзіме? Пусты горад, згарэўшыя вёскі і фальваркі. Нікога роднага не знайшоў. Бацькоўскі дом захапілі езуіты, спасылаючыся на тое, што не ведалі, ці вернецца ён з палону.
Пакуль Капіевіч апеляваў у суд, каб вярнуць сваю маёмасць, манахі паслалі языка каралю: маўляў,
Капіевіч шпіён расійскі і здраднік веры касцёла. Такое абвінавачванне магло каштаваць галавы, аднак кароль толькі ўзаконіў рабаванне езуітамі маёмасці Капіевіча. Застаўшыся без сродкаў для існавання, хлопец вымушаны быў звярнуцца за дапамогаій да князя Радзівіла ў Нясвіж. Той ведаў, што Капіевіч пакрыўджаны езуітамі, таму адаслаў Ілью ў Слуцк да свайго брата кальвініста.
Багуслаў Радзівіл пасадзіў хлопца за парту ў Слуцкую гімназію. Здольны Ілья хутка забыўся на крыўду і аддаўся навуцы. Авалодаў пэўнымі ведамі, асабліва ў вывучэнні мовы. Яшчэ будучы вучнем, ён добра падменьваў настаўнікаў малодшых класаў.
Радзівілы сачылі за здольным вучнем, аднак не маглі яго пакінуць пры сваёй канцылярыі: ён хутка дазнаўся б пра сувязь паміж Радзівіламі і айцамі-езуітамі і змог бы вярнуць сваю спадчыну. Радзівілы выправілі хлопца ў Амстэрдам. Гэтая апека адчыняе для Ільі дзверы вядомых на той час вучоных людзей. Адзін з іх уладкоўвае Капіевіча на вучобу ў духоўную школу, пасля заканчэння якой ён атрымлівае званнс кандыдата-пастара Амстэрдамскага Сабора.
У гэты ж час у Галандыю прыбывае з пасольствам малады цар-інкогніта Пётр Аляксеевіч. Ён шукае настаўнікаў-іншаземцаў, якія ведаюць рускую мову. Яму і прапанавалі “рускага талмача” Капіеўскага. Як знаўца шматлікіх моў, Ілья стаў асабістым настаўнікам цара.
3 гэтага часу ён прысвяціў сябе асвстніцкай справе на карысць усходне-славянскіх народаў. Пётр I высока цаніў веды Капісвіча. Акрамя цара Ілья вучыў мовам іншых прадстаўнікоў расійскага дваранства, членаў пасольства. Ён бярэ бок радыкальных рэформ перабудовы расійскай навукі і асноў грамадзянскага жыцця. У гэты ж час Капіевіч кіруе друкаваннем падручнікаў у Галандыі для тагачаснай Расіі. Гэтае заданне даў цар. Ён друкуе карты, календары. У 1703 годзе пераводзіць сваю друкарню ў Гданьск. Тут выдае сваю апошнюю кнігу “Руковедение во грамматику”.
У канцы 1706 года Капіевіч вязе друкарню ў Маскву, але па дарозе ля Варшавы на абоз нападаюць і забіраюць яго ў палон. Толькі праз два гады ён прыязджас ў Маскву, уладкоўваецца перакладчыкам.
Пражыўшы ўсё жыццё ў адзіноце, Ілья Капіевіч памёр у 1714 годзс. Пра яго жыццё і дзейнасць паведамляюць чамусьці толькі навуковыя падручнікі.
М. Турыянскі,
старшыня гістарычнага таварыства
“Тадэвуш Рэйтан”
Турыянскі, М. Настаўнік Пятра I : [Ілья Капіевіч] / Міхась Турыянскі // Ляхавіцкі веснік. – 1999. – 7 жніўня.
«БЕЛАРУСЕЦ» ІЛЬЯ ФЁДАРАВІЧ
Цяжка сказаць, хто з іх болей радаваўся — сам Ілья Фёдаравіч ці ўсё ж Пётр I. Настрой святочны, прыўзняты быў і ў таго, і ў другога. I абодва не хавалі гэтага. Радасць праз край лілася. Ды і навошта стрымліваць пачуцці, калі нарэшце ажыццёўлена справа, пра якую дбалі даўно, чакалі дня, калі нарэшце з’явяцца кнігі, што будуць надрукаваны шрыфтом, які стане блізкім і зразумелым кожнаму, хто чытаць-пісаць умее.
Капіевіч яшчэ ў Амстэрдаме, выпускаючы свае першыя кнігі, заўважыў, што царкоўнаславянскі шрыфт у многім ускладнёны, выклікае вялікія цяжкасці пры наборы тэкстаў свецкага зместу. Наколькі магчыма Ілья Фёдаравіч уносіў у яго змены, нешта спрашчаў.
Пётр I, які ва ўсім раўняўся на Еўропу, таксама перад новым ніколі не спыняўся, таму гатовы быў ва ўсім падтрымаць Капіевіча, Не забыўся і пра ўдасканаленне шрыфту, калі ў 1707 годзе Ілья Фёдаравіч з некаторымі друкарамі, з якімі працаваў за мяжой, нарэшце пераехаў у Маскву, пачаў працаваць ва ўрадавай друкарні. Неаднойчы пра гэта яму нагадваў. Калі ж ёсць імператарская падтрымка, дык і працаваць лягчэй, ведаеш — цябе зразумеюць.
Ды і не толькі падтрымку адчуў Ілья Фёдаравіч. Імператар, які да любой справы любіў дайсці сам, і тут убаку не застаўся. Хто б падумаць мог — пачаў рабіць эскізы некаторых літар. Праўда, на ўласныя магчымасці не вельмі разлічваў, таму для малявання шрыфту далучылі Куленбаха, які працаваў у штабе А. Меншыкава.
Праз некаторы час Капіевіч меў узоры новага шрыфту. У царкоўнаславянскі, якім дагэтуль карысталіся на Расіі, унеслі змены. Пры спрашчэнні напісання арыентаваліся не на гатычнасць літар, а на іх акругленасць. Тут спатрэбіўся ў якасці ўзору лацінскі шрыфт антыква. Зменшылася ў новай азбуцы і колькасць літар. У прыватнасці, сталі лішнімі грэчаскія літары «псі», «ксі», «амега», лігатура ад… Перасталі карыстацца знакам націску (сілы). Адмовіліся ад скарачэнняў (цітлы). Замест абазначэння лічбаў літарамі пачалі выкарыстоўваць арабскія лічбы.
Адліўшчыкі зрабілі адпаведныя формы — і вось яны, чаканыя літары новага шрыфту! Пётр I не стрымаўся, кінуўся да Капіевіча, моцна, па-мужчынску, абняў яго. Усе ведалі, што імператар ніколі не саромеецца выказваць пачуцці. Аднак зналі і іншае, хто-хто, а Пётр I за абы-што віншаваць не стане. Відаць, здзейснена нешта важнае. Заўсміхаліся баяры. Але стаялі крыху воддаль, блізка не падыходзілі. Разважалі, кідацца віншаваць Капіевіча ці ўсё ж пачакаць.
Пётр I голасам грамавым развёў усе сумненні:
— Вітайце слугу майго вернага! Вітайце Капіевіча!
Падыходзілі саноўныя баяры. Паціскалі руку, казалі нешта абавязковае ў падобных выпадках. Што гаварылі, Капіевіч ад хвалявання разабраць не мог. I навошта разбірацца? Не з павагі кажуць, не па сваёй волі, а таму, што імператар загадаў. Калі б не Пётр I, дык і ўвагі на яго не звярнулі, што ім ён — нейкі друкар Капіевіч?! Звычайны халоп. Ды і сам ніколі пра гэта не забываўся. Так было, што ўсе ў Расіі з’яўляліся «государевами холо-пами». Звычайна, калі выпадала патрэба ў імператарскай дапамозе, а дарогі іх разыходзіліся, у шматлікіх лістах падпісваўся: «халоп Ільюшка Фёдараў Капіеўскі…»
Другім сваім прозвішчам карыстаўся. Ды і паважаў Капіевіч Пятра I за розум, за ўменне па-дзяржаўнаму да любой справы ставіцца, за разуменне, што без адукацыі, асветы не дасягнуць у краіне жаданых поспехаў.
А Пётр I тут усё на сваё месца паставіў:
— Запомніце дзень гэты. Назаўсёды запомніце. Ведайце — незвычайны ён. Сёння мы зрабілі новы друкарскі шрыфт. Быў царкоўнаславянскі, такі важны і патрэбны. Быў і будзе… У справе выдання кніг царкоўных, духоўных па-ранейшаму саслужыць добрую справу. Гэты ж, новы… — імператар задумаўся, разважаючы, як новы шрыфт назваць, — для кніг свецкіх. Іх жа друкаваць нам шмат трэба. Каб перад Еўропай Расіі не сорамна было. Ды і перад народам сваім…
Так і ўвайшоў у гісторыю гэты дзень — 18 мая 1707 года. У Расіі ўпершыню адлілі новы шрыфт, які ў далейшым атрымаў назву грамадзянскага. Але, думаецца, тут да месца не столькі гэтая назва, якая даўно ўжываецца, а і тая, што дадзена беларускім адраджэнцам Я. Багдановічам. Капіеўка… Хіба не гучыць?!
У сакавіку 1708 года новым шрыфтом была надрукавана першая кніга. Ёю стала «Геометриа славенски землемерие». Праўда, у 1710 годзе, зацвярджаючы рускую азбуку, Пётр I аднавіў выкарыстанне некаторых літар, што прымяняліся ў царкоўнаславянскай. Але з «псі», «амегай» развіталіся назаўсёды.
Гэты шрыфт у XVIII—XIX стагоддзях быў узяты за аснову балгарскага і сербскага алфавітаў. Пазней — ук-раінскага, беларускага і многіх іншых народаў.
Канечне, працягвалася і ўдасканаленне «капіеўкі». За час існавання грамадзянскага пгрыфту з яго было выключана дванаццаць літар. Праўда, узялі і дзве новыя. Яшчэ ў
1735 годзе з’явілася «ч», а пазней і «ё». Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра шрыфт як аснову друкавання. Іншая справа, што ўзнікаюць новыя яго віды, але графічная форма застаецца нязменнай. Зробленае беларусам I. Капіевічам марна не прапала…
Сапраўды, I. Капіевіч — беларус. Хоць і па сённяшні дзень ў некаторых аўтарытэтных выданнях (у тым ліку і энцыклапедычных) яго па звычцы адносяць да рускіх (у далёкім замежжы, між іншым, Ілью Фёдаравіча часам называюць палякам). Што ж, нам, беларусам, да такой несправядлівасці не прывыкаць. Аднак і не будзем забываць, што яшчэ вядомы рускі бібліёграф В. Сопікаў называў I. Капіевіча «белорусцем».
Па-ранейшаму няма пэўнасці і адносна прозвішча гэтага знакамітага друкара. У шырокім ужытку ўсталявалася I. Капіевіч. Але лісты да Пятра I сам Ілья Фёдаравіч падпісваў нязменным «Капіеўскі». Пад такім прозвішчам яго прыгадваюць А. Пушкін, Дз. Пісараў і іншыя. Бадай, трэба пагадзіцца з першым варыянтам, які зафіксаваны і ў шматлікіх даведніках.
У тых жа даведніках (у прыватнасці, у «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі») месцам нараджэння I. Капіевіча называецца Мсціслаўшчына, хоць, мабыць, правільней спыніцца на Брэстчыне. Вось чаму. У прадмове да «Книги о деле воинственном Льва Миротворца…», выдадзенай у 1696 годзе па загаду Пятра I у Амстэрдаме, I. Капіевіч згадвае і асобныя моманты ўласнай біяграфіі. Прынамсі, расказвае: «Боярский сын с Бежецкия пятины… меня малого, в девятом году, украл и завез с собою».
«Бежецкая пятина» — не што іншае, як адна з пяці частак, на якія дзяліліся тым часам уладанні Ноўгарада. Адбывалася ж згаданая падзея ў час ваенных дзеянняў Расіі з Полыпчай, калі рускі ваявода I. А. Хаванскі штурмаваў Ляхавічы.
Гэты момант цікавы ў двух аспектах. Па-першае, можна прыкладна ўстанавіць год нараджэння I. Капіевіча. Бітва пад Ляхавічамі, пра якую згадвае ён, мела месца ў 1660 годзе, а паколькі Ілья Фёдаравіч піша, што яму тады было дзевяць гадоў, значыць, з’явіўся ён на свет у 1651 годзе.
Паразважаем далей. Ляхавічы знаходзяцца на Брэстчыне. Гэта, безумоўна, вельмі далёка ад Мсціслаўля. Ці не верагодней усе ж, што I. Капіевічу было куды прасцей па нейкай прычыне (ці прычынах) разам з бацькамі апынуцца тут, жывучы на Брэстчыне, альбо нават непадалёку ад Ляхавічаў ці ў саміх Ляхавічах? Больш таго… «Трэба дадаць, што прозвішча Капіевіч было распаўсюджана на заходніх землях сучаснай Беларусі. Праўда, I. Капіевіч падпісваўся яшчэ і як Капіеўскі. Аднак у лацінскай і рускай граматыках, некаторых іншых сваіх выданнях ён выступае як Капіевіч. Капіевічам называў гэтага чалавека Пётр I» (I. Сацута. Настаўнік Пятра I Ілья Капіевіч // Крыніца. 1989. № 4).
Падобная думка пра месца нараджэння I. Капіевіча выказваецца часта. Не выключэнне і гэтая публікацыя (М. Абабурка. Халоп Пятра Вялікага // Маладосць. 1991. № 10): «Хутчэй за ўсё — гэта Берасцейшчына, бо ў пачатку 1660 года рускімі войскамі пад кіраўніцтвам Івана Хаванскага… быў узяты Брэст, але пад націскам войск Рэчы Паспалітай адбылося адступленне рускіх пад Ляхавічы. Вось тады дзевяцігадовы Іллячок трапіў у літоўскі палон».
Як успамінаў I. Капіевіч, ён ад таго невядомага «баяр-скага сына» ўцёк і «быў под великим государем шесть лет». Калі ж пачаліся перамовы Расіі з Полыпчай аб міры, разам з мсціслаўскім ваяводам М. Цеханавецкім вярнуўся на радзіму. Бядома, што I. Капіевіч вучыўся ў Слуцкай кальвінскай школе — перадавой навучальнай установе свайго часу. Там праявіў асаблівыя схільнасці да гуманітарных навук. Дасканала авалодаў рускай, нямецкай, лацінскай і іншымі мовамі.
Вяртанне I. Капіевіча разам з М. Цеханавецкім у родныя мясціны, аднак, радасці не прынесла. Яго родавы маёнтак быў канфіскаваны. Улады растлумачылі гэта пакараннем за здраду каралю. Няўжо маёмасць забралі за тое, што ў дзевяцігадовым узросце трапіў у палон? Хутчэй былі іншыя прычыны, бо I. Капіевіча пачала праследаваць каталіцкая царква. Адзінае заставалася ў такім разе — пошук новага пастаяннага прыстанішча.
Ці жыў ён пасля такой несправядлівасціі ў іншых кутках Расіі, ці адразу падаўся за мяжу, даследчыкі не ўстанавілі. Адно вядома, што калі ў 1697 годзе ў Данію прыбыло першае рускае вялікае пасольства на чале з імператарам, дык I. Капіевіч быў там ужо кандыдат-пастарам пры Амстэрдамскім саборы, працаваў у друкарні Яна Тэсінга, якая выпускала рускія кнігі.
Нейкім чынам Ілью Фёдаравічу ўдалося ўстанавіць сувязі з пасольствам, а паколькі ён слыў чалавекам высокаадукаваным, яго неўзабаве запрасілі выкладчыкам замежных моў для Пятра I. Цар, які цаніў людзей дасведчаных у навуках, не мог не захапіцца I. Капіевічам. Тым больш што Я. Тэсінг, выпускаючы рускія кнігі, многія пытанні ўзгадняў з імператарам. Неаднаразова ён гаварыў, што патрэбны людзі пісьменныя для друкарскай справы.
Дарэчы, Пётр I выдаў Я. Тэсінгу грамату, паводле якой той павінен быў выдаваць кнігі не царкоўныя, а свецкага характару. Падобная арыенціроўка вабіла і I. Капіевіча. Між іншым ужо згаданая «Книга о деле воинственном Льва Миротворца…» была выдадзена ім за год да прыезду ў Амстэрдам Пятра I і за чатыры гады да выдачы Я. Тэсінгу царскай граматы на кнігадрукаванне.
Капіевіч супрацоўнічаў з Я. Тэсінгам. Але пасля таго як узніклі асобныя рознагалоссі, нядоўга думаючы, узяўся за ўласную выдавецкую справу. А паколькі пачынаць давялося на голым месцы, у адной асобе спалучаў і выдаўца, і наборшчыка, і друкара. Да 1701 года была выпушчана 21 кніга, яшчэ дзве падрыхтаваў да друку, але яны чамусьці не ўбачылі свету. Наступны 1702 год у гісторыі рускага кнігадрукавання стаў знамянальным — у Амстэрдаме з’явіўся першы рускі друкаваны каляндар.
Аб накірунках выдавецкай дзейнасці I. Капіевіча яскрава сведчыць такі матэматычны падлік. 3 усіх выданняў васемнаццаць прысвечаны гуманітарным навукам, яшчэ ў трох — закранаюцца канкрэтныя навукі. I толькі дзве кнігі царкоўнага зместу.
Ставячы перад сабой шырокія асветніцкія мэты (толькі некалькі назваў яго кніг — «Грамматика латинская», «Руковедение в грамматику славенороссийскую», «Святцы и календарь»), I. Капіевіч надаваў вялікае значэнне развіццю гістарычнай навукі, разумеў яе, як сістэму ведаў аб «делах ветхих всяческих». I ўвогуле, параўноўваў гісторыю з хуткай плынню. Па I. Капіевічу, яна «яко течение, содержит память, яже аки вода текущая, в забвение множицею бежит и изнемогает».
Акрамя таго, I. Капіевіч канкрэтызаваў асобныя паняцці гістарычнай навукі. На. першае месца ставіў «кронику» — як сам тлумачыў, гэта расказ аб ваенных справах. Далей ішлі «временописание», «летописие или деяние», «деннописие», «властописие» (удакладняў гэты тэрмін як палітычнае жыццё розных народаў). Нарэшце — «житиеписание», звязанае з лёсам і дзейнасцю канкрэтных асоб. Безумоўна, тых, што аказалі значны ўплыў сваёй дзейнасцю на падзеі, жыццё эпохі.
Гісторыя, на думку I. Капіевіча, дае кожнаму, хто далучаецца да мінулага, парады, як «благоразумно управляются государства». У даўніне Ілья Фёдаравіч бачыў і «ползу домовую» (карысць звычайнаму чытачу), і «ползу всемирную» (для дзяржавы ў цэлым).
Ад жыцця ішоў ен у сваіх кнігах, а не ад царкоўных догмаў. Нават у такой працы, як «Арифметика», у якой звычайна прыводзіліся прыклады з багаслоўскіх тэкстаў, не пабаяўся выкарыстаць семнаццаць баек Эзопа, перакладзеных самім. Многім гэта не спадабалася, а дырэктар маскоўскай друкарні Ф. Палікарпаў не прамінуў у буквары (1701) у звароце да чытача нагадаць, што ён знойдзе «не Езопа фригийского, зде смехотворно узрите басни типографского зримы…».
На рахунку I. Капіевіча і выдатная праца па астраноміі «Уготование и толкование ясное и зело изрядное поверстания кругов небесных…». Канечне, і яна з’явілася ў 1699 годзе намаганнямі не аднаго Ільі Фёдаравіча. Парадамі нямала дапамог і Пётр I, які з’яўляўся, па сутнасці, заказчыкам Гэта не звычайная кніга, а зорная карта.
Як вядома, Пётр I надаваў вялікае значэнне выхаду Расіі да марскіх рубяжоў. А плаваючы па марах-акіянах, не абысціся без навігацыйных прыбораў, іншага адпаведнага рыштунку і, канечне, без картаў. Яны неабходны былі не толькі мараплаўцам і ўсім, хто займаўся навігацыйнай справай. Доўгі час у Расіі ніхто не займаўся склладаннем спецыяльных карт. Звычайна карысталіся схемамі, на якіх былі адлюстраваны ў малюнках асобныя сузор’і і знакі задыяка.
Мараплаўцам даводзілася ў асноўным разлічваць на прыборы і карты, прывезеныя з-за мяжы. Але так працягвацца не магло, і Пётр I гэта разумеў. Таму і атрымаў I. Капіевіч ад яго спецыяльны заказ — стварыць першую на рускай мове карту зорнага неба. Ды і сам Ілья Фёдаравіч разумеў, што неабходны дапаможнік на «карысць і ўцяшэнне» людзям, якія любяць астраномію. За кароткі тэрмін былі зроблены карты і апісанні іх.
Карта ўяўляе прамавугольнік, выгравіраваны на медным лісце. Памер яго не такі і малы — 56 сантыметраў у даўжыню і 48 — у шырыню. 3 гэтай свайго роду матрыцы можна было рабіць шматлікія адбіткі, на якіх выступалі фігуры сузор’яў, геаграфічныя градусы, паралелі. Паверхню карты I. Капіевіч разбіў крыж-накрыж на чатыры аднолькавыя часткі. У кожнай з іх прыводзяцца назвы сузор’яў, асобных зорак, па размяшчэнню якіх маракі вызначалі курс судна.
Цікава, што I. Капіевіч назваў тыя з 53 сузор’яў, якія можна ўбачыць і на цяперашніх падобных картах. Назвы пераклаў з грэчаскай і лацінскай моваў Праўда, не заўсёды прытрымліваўся агульнавядомых тлумачэнняў. Ёсць на карце I. Капіевіча яго ўласныя найменні, магчыма, у нечым і спрошчаныя, але зроблена гэта дзеля большай зразумеласці іх, набліжэння да паўсядзённага ўжытку.
Напрыклад, Цялец у I. Капіевіча ператварыўся ў Быка, Малы Конь стаў Конікам, Пегас — Канём, які лётае, а Капэла і ўвогуле «перайначылася» ў… Казла. Яшчэ больш нечаканае пераўтварэнне яркай зоркі Альдэбаран у Вока Быка. Відавочна, Ілья Фёдаравіч у нечым ішоў і ад уласнага жыццёвага вопыту, прыгадваў тое, пра што чуў, даведаўся яшчэ ў маленстве, калі жыў на Беларусі. Пацвярджэнне — назва Вялікай і Малой Мядзведзіц — Большым Возам і Меншым Возам. Сям-там і цяпер у народзе карыстаюцца падобным найменнем.
Не мог не памятаць Ілья Фёдаравіч сваю радзіму! І невыпадкова нават у тлумачэнні да картаў (што ўжо казаць пра кнігі) сустракаюцца ў яго беларускія словы: «ведати», «свитание», «литеры», «протягнуть», «близнята»,«друкарня»… Разам з тым, як чалавек адукаваны, перадавы, ён браў лепшае ў іншых народаў, разумеючы, што такое запазычанне пойдзе на карысць. Дзякуючы I. Капіевічу, прыйшлі ў шырокі ўжытак такія паняцці, як экватар, каляндар, задыяк, градус, полюс, гарызонт, глобус, паралелі… А назвы сузор’яў? Воўк, Дэльфін, Лебедзь, Леў, Рак, Страла… Таксама адчуваецца яго почырк! Ніхто ад іх не адмовіўся па сённяшні дзень.
3 Амстэрдамам I. Капіевіч развітаўся ў 1705 годзе, пераехаў у Гданьск, дзе так і не змог заняцца друкарствам. Нічога не дала і перапіска з першым прэзідэнтам Берлінскай акадэміі навук Готфрыдам Лейбніцам, у якога шукаў падтрымку. Пераехаў у Хелм. Тут і ўбачыла свет чарговая кніга I. Капіевіча «Руковеденіе вь граматыку во Словяно-Российскую или Московскую ко употребленію учашыхся языка Московскаго». Ёй суджана было стаць апошняй. Відаць, гэта прадчувау і сам Ілья Фёдаравіч. Значыць, 1706 год — апошні ў яго выдавецкай дзейнасці? У такім разе неабходна зрабіць падагульненне друкарскай працы. Быў складзены спіс кніг, выпушчаных у розныя гады. Ладным атрымаўся, 22 пазіцыі. Так з’явілася першая руская бібліяграфія…
У 1707 годзе I. Капіевіч пераехаў у Варшаву, а праз год перабраўся ў Маскву. 3 цяжкасцю ўладкаваўся на працу ў Пасольскім прыказе. Узялі як знаўцу польскай мовы. Памёр 23 верасня 1714 года.
Здавалася, жыў у славе. Але неаднойчы надаралася абараняць уласны гонар. Добра яшчэ, калі заступаўся сам імператар. А да Пятра I Ілья фёдаравіч ніколі не баяўся звяртацца. Напрыклад, калі нехта Ларыёнаў пачаў кпіць, што друкарскай справай ён, Капіевіч, маўляў, заняўся, каб мець паболей грошай, Ілья Фёдаравіч тлумачыў у адным з лістоў, што падобнага намеру ў яго ніколі не было і не дзеля заробку знайшоў ён новы для сябе занятак, а дзеля асветніцтва.
Скардзіўся Пятру I, калі асабліва цяжка даводзілася. А ў каго яшчэ мог шукаць абарону, калі меў такога апекуна? Але зноў жа не нейкімі асабістымі інтарэсамі кіраваўся, а на першы план ставіў клопаты, што тычыліся справы дзяржаўнай. Так было і тады, калі па загаду Пятра I прыступіў да стварэння зорнай карты неба. Скардзіўся ў Маскву — сустракаюцца людзі, якія не разумеюць, што навігацыйныя прыборы, вучэбныя дапаможнікі I. Капіевіч не сабе беражэ. Абурыўся, калі двое маладых дваран захапілі з сабой два глобусы, а да ўсяго не заплацілі за іх грошай. Між іншым Пётр I вельмі строга караў за прапажу астранамічных прылад. Нават выдаў спецыяльны загад, паводле якога карты, прыборы, пакуль не будуць купцамі дастаўлены ў Маскву, продажу не падлягаюць.
«Халопам Ільюшкам Федаравым» быў I. Капіевіч, але нездарма дадаваў у кожным звароце да імператара: «…духоўнага чыну, веры рэфармацкай». Разумеў Ілья Фёдаравіч, на якую сцяжыну ступіў аднойчы і якой дарогай яму ісці ўсё жыццё. Рэфарматарам быў ён. А калі даісладней, дык асветнікам, перакладчыкам, кнігавыдаўцом і… паэтам.
Гэты бок яго творчай дзейнасці, на жаль, амаль невядомы. Гісторыя засведчыла толькі, што ў 1700 годзе ў Амстэрдаме I. Капіевіч выдаў хвалебны верш, прысвечаны Пятру I. Вядома, хто толькі ні пісаў тады одаў царам, імператарам, правіцелям рознага рангу! Але твор I. Капіевіча, кажучы словамі самога аўтара, пісаны «стихами паетыцкімі» і з гэтага шэрагу, і не з гэтага… Кіравала Ільём Фёдаравічам і звычайная чалавечая ўдзячнасць таму, хто падтрымліваў усе яго памкненні, накіраваныя служэнню Айчыне, асветніцтву.
А хіба мы, беларусы, не павінны быць удзячны яму, I. Капіевічу? Баюся, аднак, што знойдуцца ахвотнікі засумнявацца ў значнасці здзейсненага ім для Беларусі. Маўляў, перакладаў на рускую мову. Тым самым дзеля духоўнага ўмацавання Расіі працаваў, дзеля праслаўлення яе ў свеце…
А на якую яшчэ мову павінен Ьыў перакладаць I. Капіевіч? I на якой пісаць? Хіба яго віна, што Беларусь у розныя часы была разменнай картай у руках палітыкаў… Галоўнае, што да апошніх дзён сваіх ён нёс крыж асветніка, кнігавыдаўца, гуманіста. А значыць, працаваў і ў імя нашага сённяшняга і заўтрашняга дня. Такі ён, «беларусец» Ілья Капіевіч.
Марціновіч, А. “Беларусец” Ілья Фёдаравіч : [Ілья Капіевіч] / Алесь Марціновіч // Алесь Марціновіч. Хто мы, адкуль мы…: гістарычныя эсэ, нарысы. У трох кнігах. Кніга першая. – Мінск : Беларусь, 2008. – С. 179 – 189.