Турко Кастусь

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына

 

КАСТУСЬ ТУРКО (1935 – 2000)

Кастусь (па хрышчэнні яго імя Карл) Турко нарадзіўся ў мястэчку Крашын. Пасля заканчэння школы ён таксама падаўся ў Мінск, але ў педагагічны інстытут (1952 – 1956). Па яго заканчэнні атрымаў накіраванне на працу настаўнікам у Нясвіжскі раён. Праз два гады перавёўся бліжэй дадому – у Ляхавіцкі раён, а затым уладкаваўся на педагагічную дзейнасць у Ляхавічах.

Перапечка, Н. “За ўсё, чым тут жыву, шчаслівы”…Турко К. Літаратурная карта Берасцейшчыны

“За ўсё, чым тут жыву, шчаслівы”…

Палоска святла ад лямпы выхапіла лісты з геаметрычным малюнкам вершаваных радкоў. Лірычныя, шчырыя, часам сумна-сардэчныя, напоўненыя глыбокім сэнсам і мудрасцю аўтара – Кастуся Турко. Калі ахоплівае сум і немагчыма стрываць тугу па родным чалавеку, удава паэта Зоя Осіпава пераглядае-перачытвае вершы. Не вачамі – душой адкрывае наноў дарагія радкі, перажывае звязанае з імі. Амаль усе яны даўно адклаліся ў памяці, тым больш тыя, што прысвечаны менавіта ёй…

Юным землякам імя Кастуся Турко, пэўна, не так вядома, як старэйшым. Хаця для некалькіх пакаленняў хлопчыкаў і дзяўчынак гімн ляхавіцкіх піянераў, падораны ім Карлам Станіслававічам, стаў сімвалам цудоўнай пары.

Псеўданім Кастусь Турко паэт узяў у гонар Кастуся Каліноўскага. У памяці сяброў, калег Карл Станіслававіч назаўсёды надзвычай таленавіты, творчы, шчыры і добразычлівы чалавек, выдатны педагог, аўтарытэтны спецыяліст па сацыяльнай ахове дзяцінства.

Зоя Осіпава – знаток і паклонніца творчасці мужа, расказвае, што вершамі Карл Станіслававіч жыў, дакладней – успрымаў жыццё:

– Напіша чарговы, прачытае і абавязкова спытае: “Вось як ты знаходзіш?”.

Усе яны прасякнуты любоўю да Беларусі, да роднай мовы. Калі настаўнічаў, і дзяцей вучыў адчуваць і разумець слова.
Быў грунтоўным і адказным ва ўсім, у той жа час рамантыкам, які бачыў прыгожа-ўзвышанае ў будзённым.

Як сустрэліся Карл і Зоя? Іх рабочыя месцы ў аддзеле адукацыі знаходзіліся насупраць. І гэта акалічнасць непакоіла Турко, ён неяк нават папрасіў калегу перасесці за стол Зоі Осіпавай. Толькі пазней прызнаўся, што так хаваў сваю сімпатыю, не асмельваўся запрасіць ні ў кіно, ні на прагулку. Але аднойчы адважыўся і заявіўся да дзяўчыны дадому з букетам… 9 верасня 1964 года яны распісаліся ў загсе і ў коле калег адзначылі радасную падзею. Праз год шыкоўным падарункам для маладых стала ўласная двухпакаёвая кватэра, дзе хутка загучаў званочкам і дзіцячы галасок – нарадзіўся Жэнька, копія бацькі.

Цёплыя і паважлівыя адносіны адзін да аднаго беражліва пранеслі праз 36 гадоў сумеснага жыцця. Канешне, не кожны дзень быў сонечным, здараліся сярод іх і воблачныя. Але заўсёды імкнуліся разам вырашаць усе праблемы. Карл Станіслававіч падымаўся рана, у пяць гадзін. Часам ускокваў сярод ночы, каб занатаваць прыйшоўшыя ў сне радкі.

– Муж амаль вызваліў мяне ад пліты. Умеў і любіў смачна гатаваць. Знаходзіў у часопісах цікавыя рэцэпты і стараўся нас з сынам парадаваць, – успамінае Зоя Яфімаўна і з цеплынёй узгадвае тыя рысы і якасці мужа, якія вядомы толькі блізкім:

– Умеў усё, але калі да нейкай справы не ляжала душа, ніякімі ўгаворамі не ўпрасіць было зрабіць…

Муж і жонка. Калегі. Яны дапаўнялі і дапамагалі адзін аднаму. Абодва мовазнаўцы, маглі гадзінамі абмяркоўваць урокі рускай мовы і літаратуры Зоі Яфімаўны, калі яна змяніла інспектарскую пасаду на настаўніцкую ў СШ № 2. Многія яе вучні ўспамінаюць уменне педагога зразумець і закрануць дзіцячыя душы, майстэрства стварыць сітуацыю поспеху. У біяграфіі Зоі Осіпавай ёсць і такія старонкі, пра якія ёй вельмі цяжка гаварыць: у вайну з бацькамі была вывезена фашыстамі на прымусовыя работы ў Германію. Час той навучыў па-іншаму глядзець на многія рэчы, радавацца кожнаму новаму дню.

– Многаму навучылася ад мужа, пра многае даведалася, дзякуючы менавіта яму. Вельмі эрудзіраваны, начытаны Карл, здавалася, ведаў пра ўсё. Пра паэзію ўжо не кажу – яна была ягоным дыханнем і жыццём – успамінае Зоя Яфімаўна.

…Субота. Сонца залівае вуліцы, ляхавічане заняты кожны сваім. Іменна ў гэты дзень Карл Станіслававіч любіў папрацаваць у цішыні, перадумаць пра многае. У такія «суботнікі» часта нараджаліся чарговыя радкі.
Энергічны і апантаны, Карл Турко паспяваў узначальваць літаб’яднанне пры раёнцы, друкавацца ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “ЛіМ”, “Наша слова” і многіх іншых, газетах. І ў калектыве стараўся стварыць свята. На 8 Сакавіка заўсёды адрасаваў шчырыя радкі-пажаданні каляжанкам, якія цанілі яго талент і чакалі, чым здзівіць на гэты раз. Яго любілі і паважалі. Узнагародай для паэта стала выданне на сродкі, выдаткаваныя райвыканкамам, зборніка “Заўсёды з вамі”. А колькі вершаў засталося ў рукапісах, сшытках! Творчая спадчына Кастуся Турко захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве – музеі літаратуры і мастацтва, куды яе перадала Зоя Осіпава.  Слова працягвае жыццё паэта, нядоўгае, але такое светлае, творча насычанае і яркае.

За ўсё, чым тут жыву, шчаслівы,

Гатовы йсці на сто пакут…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н. “За ўсё, чым тут жыву, шчаслівы”… / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік– 2016. – 8 чэрвеня. – С. 5.

КАСТУСЬ ТУРКО  (1935 – 2000)

Кастусь (па хрышчэнні яго імя Карл) Турко нарадзіўся ў мястэчку Крашын, якое праславіў Паўлюк Багрым. Яго жыццёвая дарога іншая, чым у землякоў-равеснікаў. Пасля заканчэння школы ён таксама падаўся ў Мінск, але ў педагагічны інстытут (1952 – 1956). Па яго заканчэнні атрымаў накіраванне на працу настаўнікам у Нясвіжскі раён. Праз два гады перавёўся бліжэй дадому – у Ляхавіцкі раён, а затым уладкаваўся на педагагічную дзейнасць у Ляхавічах. Перад выхадам на пенсію працаваў у мясцовым райвыканкаме спецыялістам па сацыяльнай ахове дзяцінства. Друкавацца пачаў у студэнцкія гады. Яго вершы змяшчаліся ў рэспубліканскіх, абласных, раённых выданнях: “Маладосць”, “Беларусь”, “ЛіМ”, “Звязда”, “Чырвоная змена”, “Зара” і інш. На пачатку літаратурнай дзейнасці нашаму земляку з Крашына прабіцца ў друк было нялёгка. Мусіць, ён сам сабе як паэта ацаніць не мог. Шукаў падтрымкі ў Максіма Танка. Слынны паэт раскрыў перад юнаком з Крашына свой погляд на паэтычную творчасць. Думаец- 120 Літаратурная карта Берасцейшчыны & ца, што тады Кастусь Турко яе прыняць не мог. Парады Максіма Танка будуць асэнсаваны пазней, у сталым веку. У нізцы вершаў “Тварам да ветру”, змешчанай у зборніку “Дзядзінец: Паэзія Берасцейшчыны” (Брэст, 1999) ёсць пяцірадкоўе “Парада”: Казаў мне пры сустрэчы так Мудрэц вялікі шчыры Танк: – Цярпець, пакутваць І мучыцца, мой браце. Перш навучыся, чым пяро ў рукі браць. Пераехаўшы на Ляхаўшчыну, Кастусь Турко пачаў гуртаваць вакол сябе тых, хто імкнуўся выявіць сябе ў слове. Ён і быў ініцыятарам стварэння літаб- ’яднання пры раённай газеце, якое сам і ўзначальваў да смерці. Пісаў сам, падахвочваў іншых. Райвыканкам ахвяраваў сродкі, і ў 1995 г. да 60-годдзя паэта быў выдадзены адзіны яго зборнік вершаў “Заўсёды з вамі”, які адрэдагавала Зінаіда Дудзюк. Назва зборніка, асобныя вершы сведчаць пра знітаванасць яго аўтара з краем, дзе цячэ Шчара, дзе Паланэчка, Крашын, Рэпіхава, край, родны слыннаму Яну Чачоту і апетаму ім. У адным з вершаў Кастусь Турко прызнаецца: У гэты кут навекі ўрос, Як дуб у глебу. Мне шолах траў і шум бяроз, Як хлеб, патрэбен. Лірычны герой зборніка “Заўсёды з вамі” па сваім светаўспрыманні – вясковец, натура мяккая, уражлівая, чуйная, здольная бачыць і захапляцца навакольным светам. Ён камфортна сябе адчувае ў кантактах з прыродай. Кастусь Турко ў сваіх вершах абыходзіць вострыя праблемы сучаснасці. Перыферыйнымі ці толькі намечанымі з’яўляюцца ў яго тэмы, звязаныя з роднай мовай, з народнымі звычаямі, з духоўным светам сучаснікаў, які выразна збядняецца, губляе тое, што спрадвеку адрознівала нас у чалавечай супольнасці. У першай частцы зборніка “Сваёю дарогаю” дамінантнымі пачуццямі з’яўляюцца адзінота, туга, расчараванне, сум па нечым неспраўджаным. Яго герой не здольны адстаяць сваю пазіцыю, заўсёды шукае кампраміс, які часам ператвараецца ў беспрынцыпнасць. За гэта ён сам сябе сурова судзіць. Лірычны герой першай часткі зборніка выразна адчувае цяжар перажытых гадоў, жыццёвыя памылкі, грэх, але нешта перайначыць “няма ні сілы ўжо, ні волі”. Думаецца, што такімі адметнасцямі сваёй асобы можна патлумачыць цікавасць аўтара да мужных жанчын – паэтак, якія ў нечалавечых умовах засталіся вернымі сабе, сваім жыццёвым прынцыпам і перакананням, – Ларысы Геніюш і Ганны Ахматавай. Пакуты першай, на думку аўтара, – гэта яе ахвяра за наш нацыянальны нігілізм (“Сэрца Ларысы Геніюш”). У вобліку рускай паэткі аўтара хвалюе яе здольнасць прайсці праз несправядлівасць, ману і застацца гуманістам. Другі раздзел зборніка “Заўсёды з вамі” мае паказальную назву, надзвычай рэдкую і характарыстычную ў тагачаснай беларускай паэзіі – “Вялікдзень”. & 121 Для Кастуся Турко гэта не дзень уваскрашэння Хрыста, а пачатак вясны, абнаўлення прыроды, дзень душэўнай раўнавагі, веры ў дабро, шчасце, справядлівасць. Паэт з Крашына паэтызуе Вялікдзень як паганскае свята нашых продкаў. У вершах раздзела ёсць дэталі, якія для кожнага беларуса-заходніка асацыіруюцца з Вялікдзенем, як найвялікшым хрысціянскім святам, але гэта зусім не прыкметы, звязаныя з царкоўным ці касцёльным рытуалам: пякуцца пірагі, фарбуюцца яйкі, хаты поўняцца пахам вяндліны, каўбасамі, пракопчанымі на ядлоўцы. Як многа скажа для тых, хто нарадзіўся ў 30-х гг. мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі, паэтычны радок, як частка іхняга такога дарагога і непаўторнага свету: “Заўзята яйкі хлапчукі зубуюць”. Лірычнае “я” Кастуся Турко найлепш пачуваецца на памежжы зімы і вясны, калі яна пачынае валадарыць у прыродзе. Гэта, аднак, зусім не значыць, што яму чужымі, непрымальнымі былі іншыя поры года. Прыход вясны ў творцы з Баранавіччыны звязаны не толькі з абнаўленнем прыроды, яе мнагагучнасцю і шматфарбнасцю, але і з духоўным абнаўленнем яго героя, радасным, сцішана-ўрачыстым настроем. Паказальным у гэтым плане з’яўляюцца наступныя радкі: Нябёсы ўміг зазіхацелі; І вецер радасці прапах. Галінкі за акном звінелі Ў аквамарынавых слязах. А ранне сонечнае, чыстае Лавінай светлаю плыло, Не гучнае, не галасістае, Але такое ўжо іскрыстае, Нібы зімы і не было.

Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст: ААТ “Бррэсцкая друкарня”, 2008. – С. 120 – 122.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed