Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына
Трысцень Іван Іванавіч
Нарадзіўся 4 красавіка 1948 года ў вёсцы Вашкаўцы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Служыў у арміі. Скончыў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум. Жыве ў Баранавічах. Працаваў слесарам на Баранавіцкім баваўняна-папяровым аб’яднанні. Сябар творчага згуртавання “Святліца”. Цяпер на пенсіі.
АДКРЫВАЕМ НОВЫЯ ІМЁНЫ
«Вясковыя байкі» Івана Трысценя
Ніхто так не зможа расказаць пра асаблівую чысціню блакітнага неба і водар роднага паветра, як паэт, які нарадзіўся і жыве ў гэтых мясцінах. Ляхавіцкая зямля таксама славіцца літаратурнымі талентамі. Усім вядомы імёны і творчая спадчына Леаніда Пранчака, Алеся Бадака. Убачылі свет кнігі нашых землякоў Анатоля Станкевіча, Веры Дыдышкі, Кастуся Турко, Валянціны Пабягайла, Фёдара Лапаніка.
Напрыканцы лістапада ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі адбылася сустрэча з паэтам і празаікам Іванам Трысценем. На яе прыйшлі чытачы бібліятэкі, аматары паэзіі, удзельнікі клуба “Залаты ўзрост” і кпуба ветэранаў “Сівізна”. Маладжавы, з добрай выпраўкай і выдатным пачуццём гумару “віноўнік свята” адразу заваяваў сімпатыі слухачоў у тым ліку, сакавітай і мілагучнай беларускай гаворкай.
Іван Трысцень жыве і працуе ў Баранавічах, але нарадзіўся ў нашым раёне — у вёсцы Ураджайная (тады яна называлася Вошкаўцы). Дарэчы, менавіта бібліятэкар Ураджайнінскай сельскай бібліятэкі Таццяна Зелянко падказала супрацоўнікам Купалаўкі імя таленавітага земляка. У 2010 годзе быў выдадзены першы зборнік Івана Трысценя “Вясковыя байкі”, цяпер рыхтуецца да друку другая кніга.
Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай. Паэт натхнёна чытаў свае творы, успамінаў малую радзіму, землякоў, вучобу ў СШ №1 (сярод слухачоў нават аказаўся адзін з яго былых настаўнікаў), з задавальненнем адказваў на пытанні. Гучалі вершы Івана Трысценя ў выкананні прыхільнікаў яго творчасці, у тым ліку жонкі Таццяны. “Залацінка”, “Храм”, “Рака жыцця”, “Жаночы дзень”, “Віно вінаграднае”… Вершы займаюць трэць зборніка (усяго ў ім каля 100 старонак), астатняя частка кнігі — апавяданні і замалёўкі. Іх героі — простыя людзі, якія не маюць вя- лікага багацця і ўлады, але знаходзяць радасць і шчасце ў іншым.
Удзельнікі творчай сустрэчы таксама падрыхтавалі сюрпрызы. Ляхавічанін Вячаслаў Вайшэвіч падарыў госцю вершаванае пры- свячэнне-пажаданне, а хор ветэранаў “Сівізна” і супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі невялікі канцэрт. Знайшлося нямала жадаючых атрымаць аўтограф аўтара.
Дырэктар ЦБС Вольга Пляшэвіч запрасіла Івана Трысценя на прэ- зентацыю яго наступнай кнігі, а “Вясковыя байкі” далучыліся да літаратурнай спадчыны таленавітых землякоў.
Між іншым, бібліятэка плануе яшчэ нямала цікавых сустрэч з та- ленавітымі людзьмі. У снежні да нас завітае аўтар бестселераў “Террнторня душн” і “Площадь согласия” Наталля Батракова, а ў лютым наступнага года чакаем у госці гісторыка Аляксандра Чароміна з Масквы — аўтара кнігі “Тураўскае княства”.
Запрашаем наведаць нашу Купалаўку!
Рыма Прытульчык,
загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі.
Прытульчык, Р. «Вясковыя байкі» Івана Трысценя / Рыма Прытульчык // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 5 снежня. – № 92. – С. 4.