Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Пранчак Леанід >>>
“Ён вядомы нам здавён як вясёлы Дзед Лявон”
Літаратурная вандроўка па творах Леаніда Пранчака, да 55-годдзя пісьменніка
Гучыць калыханка на словы Леаніда Пранчака ў выкананні гурта “Песняры”.
Першы чытальнік: Добры дзень, сябры! Хто з вас не чуў гэту цудоўную песню-калыханку?! А ці ведаеце вы, што словы для яе напісаў чалавек, які нарадзіўся недалёка ад Ляхавіч. Вёска гэта называецца Пранчакі, і пісьменніка таксама завуць Пранчак – Леанід Пранчак. Калі маленькім хлопчыкам ён бегаў па вуліцах вёскі, дзеці дражнілі яго амерыканцам.
– Мама, чаму дзеці абзываюць мяне амерыканцам? – спытаў аднойчы хлопчык.
– Таму што твой дзед некалі жыў у Амерыцы – далёкай, прыгожай краіне, – адказала мама.
І яна паведала сыну вось такую гісторыю:
Другі чытальнік: Дзядулю Леаніда Пранчака звалі Язэпам. Разам з ім у сям’і было пяцёра дзяцей. Жылі вельмі бедна, а тут яшчэ засталіся без бацькі. Што было рабіць? Каб дапамагчы крыху сваім брацікам, сястрычкам і маці, старэйшы сын у сям’і Язэп, дзед Леаніда Пранчака, паехаў у Амерыку зарабіць грошай. Амерыка – далёкая краіна, каб трапіць туды, трэба было пераадолець акіян, плысці на караблі амаль месяц. “Магу толькі здагадвацца аб думках і пачуццях, з якімі мой будучы дзед адправіўся ў далёкую вандроўку” – напісаў Леанід Пранчак. – “Дасюль ён не быў нідзе далей Ведзьмы – суседняй вёскі, і Снова – бліжэйшага ад дома кірмашу…”
Першы чытальнік: І білет быў вельмі дарагі на карабель. Каб купіць яго, маці Язэпа прадала каня, карову, ды яшчэ пазычыла грошай. У Амерыцы Язэп працаваў у фермера на ўборцы ўраджаю, будаўніком. Так пражыў ён чатыры гады, але вельмі сумаваў па радзіме, а больш за ўсё – па каханай дзяўчыне, якую пакінуў у вёсцы Пранчакі. Язэп вярнуўся, каб узяць шлюб з Ганнай, а пасля разам з ёю перабрацца ў Амерыку. Але за пару дзён да ад’езду пачалася вайна, дзеда Леаніда Пранчака забралі ў войска. За гэты час грошы на дарогу ў Амерыку прапалі, і Язэп застаўся жыць у Пранчаках, але да канца сваіх дзён успамінаў далёкую краіну. “Бывала, сядзе ля акна, пакладзе рукі на стол і гадзінамі глядзіць на дарогу…” – успамінае Леанід Пранчак.
Другі чытальнік: У Язэпа і Ганны нарадзіліся сямёра дзяцей, старэйшым сярод якіх быў быцька Леаніда Пранчака. Дзеду Язэпу пісьменнік прысвяціў словы песні “Даставай, Язэп, гармонік!” Давайце яе паслухаем.
Гучыць аўдыёзапіс “Даставай, Язэп, гармонік!”
у выкананні Леаніда Барткевіча.
Першы чытальнік: Як мы з вамі ўжо ведаем, дзед Леаніда Пранчака Язэп вярнуўся з Амерыкі на радзіму. Але шмат беларусаў засталіся там, некаторыя і цяпер пераязджаюць жыць і працаваць у гэту краіну. Вось пра такіх людзей кніга Леаніда Пранчака “Беларуская Амерыка”. Каб напісаць яе, пісьменнік сам доўга жыў за мяжой, сустракаўся і гутарыў з нашымі суайчыннікамі. Але кніга гэта – для дарослых. Мы ж з вамі пагаворым пра творы Леаніда Пранчака для дзяцей. А іх напісана вельмі многа. Гэта вершы, песні, лічылкі, дражнілкі, жарты, небыліцы, казкі… Адна з казак – пра тое, як кот Мурлыка трапіў у Афрыку. Называецца яна “Афрыканская вандроўка”. Давайце паглядзім, як гэта было…
Казка “Афрыканская вандроўка”
у пастаноўцы лялечнага тэатра “Малышок”.
Другі чытальнік: Акрамя “Афрыканскай вандроўкі” у Леаніда Пранчака ёсць шмат твораў, галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца жывёлы. Гэта мядзведзі, каровы, ласі, сабакі, рыбы, птушкі… Не здзіўляйцеся, калі сярод персанажаў сустрэнеце мышку, якая ўмее размаўляць. А вось і яна!
Адкрываецца заслона, з-за якой з’яўляецца лялька – Мыш.
Другі чытальнік: Мышка, мышка, дзе была?
Мышка:У адрыне ток мяла.
Другі чытальнік: Што далі табе за працу?
Мышка: Крыху сала, крыху шмальцу.
Другі чытальнік: А чаму далі так мала?
Мышка: Я пра гэта не спытала.
Другі чытальнік: Дзе ж ты, мышка, шмалец дзела?
Мышка: Занясла ў нару і з’ела!
Другі чытальнік: А маленькі скрылік сала?
Мышка: Я кату падаравала!
Верш “ У адрыне”
Першы чытальнік: А для таго, каб адгадаць назвы наступных жывёл, мне спатрэбіцца ваша дапамога. Таму што аўтар зарыфмаваў іх у загадкі:
ПРОСТЫЯ ЗАГАДКІ
Раз, два, тры, чатыры, пять –
Простыя загадкі, паспрабуй іх адгадаць,
Толькі без падглядкі.
Што скажу я, на хаду
паўтарае… (КАКАДУ)
Цар азёраў і балот –
Велізарны … (БЕГЕМОТ)
На паўнеба парасон
Расчыніў індыйскі… (СЛОН)
Між звяроў ён, мабыць, граф,
Даўгавязы пан … (ЖЫРАФ)
Бочку мёду лапай з’есць
За адзін прысест … (МЯДЗВЕДЗЬ)
Раз, два, тры, чатыры, пять –
Ці ўдалося адгадаць?
Другі чытальнік: Леанід Пранчак жыве і працуе ў горадзе. Але ў сваіх творах заўжды з вялікай цеплынёй успамінае родную вёску і пра рэчы, створаныя рукамі вяскоўцаў. Напрыклад, пра саматканую дзяружку або саламяны капялюш: (па магчымасці дзецям дэманструюцца тканыя і плеценыя вырабы: ручнікі, дзяружкі, саламяны капялюш, корабы і інш…)
Саматканая дзяружка
Саматканая дзяружка –
Дзіўныя узоры.
Ткала любая бабуля
На дзяружцы зоры.
На аснове цёмна-сіняй –
Жоўтыя карункі.
Для унукаў і унучак
Ткала падарункі.
Як засцеле на канапу, –
Позірк не адвесці.
На цудоўныя узоры не рашуся сесці
Першы чытальнік:
Саламяны капялюш,
Сплецены з пшаніцы,
Мне пасуе,
Бо на мне
Хораша глядзіцца.
Саламяны капялюш –
Дзедаўская мода.
Калі сонца прыпячэ,
Мне ў ім –
Выгода!
Другі чытальнік. Напрыканцы нашай сустрэчы хацелася б запрасіць вас да чытання твораў Леаніда Пранчака словамі самога аўтара:
Гэй, малеча!
Гэй, малеча!
Кніжка гэта –
Падарунак ад паэта
Леаніда Пранчака,
Баюна-жартаўніка.
Я вядомы вам здавён
Як вясёлы Дзед Лявон.
Запрашаю вас у госці
У краіну прыгажосці
Родных песень,
Родных слоў,
Цудаў, казак і сяброў.
Кніжку новую гартайце,
Вершы-забаўкі чытайце,
Бо складаў я іх –
Для вас,
Каб вы мелі
Добры час,
Звонкі смех,
Салодкі сон.
З прывітаннем, –
Дзед Лявон.
Літаратура
- Жыццё – кароткае, Радзіма – вечная : [прадмова] // Пранчак, Л. І. Беларуская Амерыка / Л. І. Пранчак. – Мінск: Полымя, 1994. – 415 с.
- Пранчак, Л. Мама, тата і Агата : вершы і песні / Леанід Пранчак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. – 128 с.
- Пранчак, Л. Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю : вершы, песні і казка / Леанід Пранчак. – Мінск: Юнацтва, 1999. – 127 с.
- Пранчак, Л. Цік-так, ходзікі! : вершы, песні, казкі, жарты, небыліцы / Леанід Пранчак. – Мінск: Юнацтва, 2001. – 335 с.
- Для падрыхтоўкі электроннай прэзентацыі выкарыстаны інтэрнет-рэсурсы.
Арлоўская, Т. Ён вядомы нам здавён як вясёлы Дзед Лявон : літаратурная вандроўка па творах Леаніда Пранчака да 55-годдзя пісьменніка / Т. Арлоўская // Бібліятэка прапануе. – 2014. – № 2. – С. 27-29.