Пранчак Леанід. Повязь з родным краем, успаміны пра дзяцінства.

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Пранчак Леанід >>>

Арлоўская, Т. Амерыканец з вёскі Пранчакі Барадзіна, В. Высокі палёт вольнага птахаГардзей, В. Вербы ля чыстай ракіПранчак, Л. І. Жыццё – кароткае, Радзіма – вечная

Амерыканец з вёскі Пранчакі

 

“Каля чырвонага касцёла”, “Даставай, Язэп, гармонік!”, “Калыханка” – мусіць, няма такога беларуса, які б не чуў і не падпяваў гэтыя песні на словы нашага земляка, ураджэнца вёскі Пранчакі Леаніда Пранчака! Больш за 200 яго вершаў пакладзены на музыку і сталі для многіх любімымі песнямі.
12 лістапада Леанід Іванавіч адзначыў свой 55-ы дзень нараджэння.

 

Як прывітанне землякам, у вершаваныя радкі Леаніда Пранчака ўплецены знаёмыя кожнаму жыхару нашага раёна назвы:

Прылячу, нібы з выраю птах.

Усміхнуся матулі прыветна.

У маленькіх маіх Пранчаках

Мне заўсёды самотна і светла.

Толькі тут сэрцу хораша так.

У зацішку журботных алешын

У маленькіх маіх Пранчаках

Я прысню свае лепшыя вершы.

(“У зацішку алешын” з кнігі “Вольны птах”)

 

Ціха-ціха

Ледзьве-ледзьве

У цішы палёў-лугоў

Дрэмле рэчка,

Рэчка Ведзьма

Між палогіх берагоў.

(“Рэчка Ведзьма” з кнігі “Цік-так, ходзікі!”)

 

3 Пранчакоў

У Мінск-сталіцу

Прывязла бабуля

Пранчакоўскія суніцы

Для ўнучкі Юлі.

(“Пранчакоўскія суніцы” з кнігі “Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх  унучку Юлю”)

 

А ў прадмове да кнігі “Беларуская Амерыка” Леанід Іванавіч вяртаецца ўспамінамі да свайго маленства, продкаў і роднай вёскі:

“…Заплаканы і пакрыўджаны, я прыбег з выгана, дзе з сябрамі гуляў у пікара, і з плачам уткнууся ў матулін падол:

–           Мама, чаму дзеці абзываюць мяне амерыканцам…

–           Таму што твой дзед некалі жыў у Амерыцы – далёкай, прыгожай краіне,

–           спакойна і ласкава адказала мама…”

Дзядулю Леаніда Пранчака звалі Язэпам, ён нарадзіўся ў Пранчаках у 1885 годзе. Разам з ім у сям’і было пяцёра дзяцей. Жылі вельмі бедна, а тут яшчэ засталіся безбацькі. Што было рабіць?.. У той час шматлікія агенты ўгаворвалі беззямельных сялян па навакольных вёсках падацца на пошукі шчасця за акіян. Каб дапамагчы сваімродным, Язэп, старэйшы сын у сям’і, паехаў у Амерыку зарабіць грошай. “Магу толькі здагадвацца аб думках і пачуццях, з якімі мой будучы дзед адправіўся у далёкуювандроўку, – піша Леанід Пранчак. -Дасюль ён не быў нідзе далей Ведзьмы, суседняй вёскі, і Снова – бліжэйшага ад дома кірмашу… А тут такая далячынь! Ды ўсё гэта ніштоў параўнанні з тым, што ў Пранчаках, акрамя родных, Язэп пакінуў нявестудзевятнаццацігадовую Ганну Бельмач”. На пятым годзе амерыканскай адысеі сум па радзіме і туга па каханай дзяўчыне прымусілі Язэпа кінуць Новы Свет і вярнуцца ў Пранчакі. “Прыехаў ажаніцца”,сказаў ён маці. I на Пятра Ганна стала яго жонкаю.

“Маладыя пачалі збірацца ў далёкую зваротную дарогу. Усё складвалася найлепшым чынам. Язэп быў шчаслівы, як ніколі дагэтуль. Але за некалькі дзён да ад’ездугрымнула вайна. Ад учарашняга шчасця застаўся толькі ўспамін. Вайна перакрэсліла ўсе мары. Язэпа мабілізавалі ў царскую армію, і ён апынуўся на фронце…

Калі дзед вярнуўся з вайны, беды адна за другой, як з дзіравага мяха, пасыпаліся на яго галаву. Ён з жахам даведаўся, што грошы, закладзеныя на дарогу ўЗямельным банку, прапалі разам з расійскім самадзяржаўем падчас Лютаўскай рэвалюцыі. Пранчакі знаходзіліся ў некалькіх вёрстах ад лініі расійска-германскагафронту. Вяскоўцы зведалі на сабе ўсе цяжкасці ваеннага часу… Зімой 1918 года вёску занялі салдаты кайзераўскай Германіі. Вясной таго ж года іх выбілі Саветы, але і яны пратрымаліся нядоўга. Праз два гады Пранчакі апынуліся пад Польшчай.

Нейкі час Язэп лічыў сваё жыццё скончаным. Адчай і крыўда апанавалі яго сэрца. Больш за чатыры гады катаржнай працы за акіянам прапалі дарам. Ні праякую Амерыку цяпер не магло быць і размовы. Трэба было думаць, як выжыць, як пракарміць сям’ю… Дзед дастаў з куфра адзін з двух шыкоўных касцюмаў, што прывёз зАмерыкі. Загарнуў яго ў палатно і панёс у Клецк на базар. Гарнітур быў відаць, сапраўды шыкоўны, бо нейкі шляхціц даў за яго вялікія грошы… Выручаных злотых хапіла,каб набыць дзве дзесяціны зямлі. Дзед атрымаў купчую і заплакаў. Ці то ад радасці, ці то ад гора. “Амерыканец асцепяніўся”, – сказалі ў вёсцы. Пакуль ён узбіўся нажыццё, паставіў свой дом, завёў гаспадарку, як гарох пасыпаліся дзеці. Усё было б няблага, каб не вечная настальгія па Амерыцы. Яна не пакідала яго. Дзед сумаваў. Бывала, сядзе ля акна, пакладзе рукі на стол і гадзінамі глядзіць на дарогу… На святы ля Язэпавай хаты збіраліся мужчыны з цэлай вёскі. Курылі самаробны тытунь і слухалі дзедавы байкі пра заморскае жыццё. Свой успамін ён заканчваў заўжды адной і той жа фразай: “Я там ніколі голай вады не напіўся…” Што гэта значыць, малахто ведаў. Але фраза тая пайшла, як кажуць, у народ, і цяпер, бывае, бацька жартуе пры нагодзе: ты, як дзед, голай вады не п’еш…”– так піша Леанід Пранчак упрадмове да кнігі, якую прысвяціў свайму “амерыканскаму” дзеду Язэпу. Кніга называецца “Беларуская Амерыка” і распавядае пра жыццё вядомых дзеячаў беларускайкультуры ў ЗША, з якімі асабіста сустракаўся і гутарыў Леанід Пранчак. Так унук здолеў ажыццявіць мары свайго продка пра далёкую заакіянскую краіну. У памяць аб імнапісаны і словы песні “Даставай, Язэп, гармонік!”.

Юбілей пісьменніка-земляка – цудоўная нагода, каб прыгадаць тую непарыўную сувязь паміж сучаснай беларускай літаратурай і маленькай вёскай Пранчакі, якая ўвасобілася ў творчасці Леаніда Іванавіча Пранчака. Пра гэта будзе ісці размова і падчас мерапрыемстваў, якія адбудуцца ва ўстановах бібліятэчнай сістэмы раёна. Дзіцячая ж бібліятэка чакае сваіх маленькіх чытачоў 16 лістапада на літаратурныя чытанні “Вершы, байкі, калыханкі склаў вясёлы дзед Лявон”.

Творы Леаніда Пранчака перачытвала Таццяна АРЛОЎСКАЯ,

намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі Ляхавіцкай РЦБС.

(Выкарыстаны ўрыўкі з прадмовы “Жыццё – кароткае, Радзіма – вечная”

да кнігі Л. I. Пранчака “Беларуская Амерыка”).

Арлоўская, Т. Амерыканец з вёскі Пранчакі : [пра дзеда Леаніда Іванавіча Пранчака] / Таццяна Арлоўская // Ляхавіцкі веснік. – 2013. – 13 лістап. – С. 4.

Высокі палёт вольнага птаха

 

Па гараскопу ён – Скарпіён. Што гэта значыць? Астролагі сцвярджаюць: знаку ўласцівы сіла і незалежнасць, праўдзівасць, непрымальнасць фальшы, пастаянныя пошукі сэнсу жыцця і… гіпнатычная прыцягальнасць позірку. Наш Скарпіён да таго ж і “лістападнік”. Некалі вясковыя кабеты так называлі дзетак, што нарадзіліся позняй восенню і лічылі іх вельмі тонкімі істотамі. Дзень ягонага з’яўлення на свет – 13 у лістападзе. Што датычыць больш канкрэтных прымет, то скажу: ён заўзяты вандроўнік, непапраўны рамантык, журналіст, пісьменнік, паэт. Ён – вольны птах у падзоркавым небе, і крылы ягоныя не баяцца вышыні. Усё гэта – пра нашага земляка Пранчака з Пранчакоў. Няхай ён па прапісцы даўно ўжо мінчанін са стажам, карані яго тут, на Ляхавіччыне. Тут цэнтр прыцягнення, кропка апоры, адзіная і незаменная нічым пастараль – бацькоўская хата. Таму тут заўсёды светла і хораша паэту.

Дарэчы, ён, нябачны, штодня бывае, бадай што ў кожным доме. Трансліруецца па радыё ці тэлебачанні канцэрт артыстаў беларускай эстрады – і можаце не сумнявацца: абавязкова прагучаць у ім песні на вершы Пранчака. А штовечар, варта толькі ўключыць канал БТ, расчуліць вельмі светлая і пяшчотная, вельмі дарэчная калыханка. Здаецца гэта твае словы і твае пачуцці, проста падслуханыя аўтарам.

Менавіта шчырасць і гаспадарыла ў той вечар у зале гарадскога Дома культуры ў Ляхавічах. На сцэне быў Леанід Пранчак. І тыя, хто прыйшоў на сустрэчу з ім, трапілі ў палон абаяльнасці, душэўнай цеплыні, добразычлівасці і таленту гэтага чалавека. Не можа не падкупіць натуральнасць, калі гэта не роля, а рыса асобы. Паэт нараджаецца паэтам, а потым усё жыццё не проста рыфмуе – душою сваёй піша вершы. Вось гэты саўдзел душы ў працэсе паэзіі і робіць быццам бы са звычайных слоў цуд, які кранае сэрца.

На маленькім століку на сцэне гарэла свечка. Рэжысёрам настрою ў зале быў гаспадар сцэны: то ўздых, то смех, то апладысменты. Гледачы і іх рэакцыя бы дакладнейшы барометр, які рэагуе на любыя перамены ў атмасферы. “Надвор’е” ж было трывала шчырым і радавала ўсіх. Нехта ўпершыню адкрыў для сябе масцітага паэта, нехта пазнаёміўся з цікавым і неардынарным чалавекам, а нехта ўбачыў глыбокага аналітыка жыцця.

Цяпер якраз снегавеіць 41-я зіма Пранчака. Узрост, згадзіцеся, самы-самы! Але ж ёсць на што азірнуцца і што ўспомніць. Быў журфак, быў штаб камсамольскіх будоўляў у ЦК камсамола Беларусі, шматлікія вандроўкі, абходжаны і аб’езджаны ўздоўж і ўпоперак БАМ, былі першыя выпускі “Крока” на Беларускім тэлебачанні і вершы, пранізліва светлыя, таленавітыя, у якія выліваліся эмоцыі, уражанні, назіранні. Аднойчы верш Леаніда Пранчака быў пакладзены на музыку. З той пары нарадзілася больш як 200 песень, любімых людзьмі розных узростаў, аўтарам якіх стаў наш шаноўны зямляк. Зорны россып кампазітараў і выканаўцаў, з якімі супрацоўнічае Леанід, асляпляе нас, як кажуць, простых смяротных. І з’яўляюцца шлягеры – не аднадзёнкі, а сапраўдныя.

Іпастась паэта-песенніка – гэта толькі частка творчасці Пранчака. Ён зайшоў і застаўся па трох тысячах адрасоў сваіх чытачоў, якія сталі ўладальнікамі ягонай “Беларускай Амерыкі” – кнігі пра нашых эмігрантаў з расповедам саміх жа эмігрантаў. Выданне, якое ўбачыла свет ў 1994 годзе, вельмі хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Па праву лічаць сябе шчасліўчыкамі кнігалюбы і прыхільнікі творчасці Л.Пранчака, у бібліятэках якіх ёсць гэты прыгожа аформлены і вельмі цікавы том.

Мінулы год быў надзвычай плённым для Леаніда. З прамежкам у пару-тройку месяцаў выдадзены ў бібліятэцы часопіса “Маладосць” зборнік “Вольны птах” з вершамі і песнямі паэта і ў “Полымі” – цудоўная кніга паэзіі “Біблія для каханай”. Расказваць пра іх – усё роўна, што апісваць вясёлку чалавеку, які яе ніколі не бачыў. Іх трэба ўзяць у рукі і адкрыць першую старонку. А потым проста немагчыма адарвацца: вас агорне, натоліць смагу, аблашчыць сапраўдная, вельмі прыгожая паэзія.

Былі ў Леаніда Пранчака першыя публікацыі, першыя зборнікі ягоных вершаў і першыя касеты з запісамі песень. Летась выдадзены аўдыёальбом “Талака”. Вельмі прыемна, што абсалютная большасць вершаў Леаніда, а таксама выбраныя часткі “Беларускай Амерыкі” чытачы ўбачылі ўпершыню ў Ляхавіцкай “раёнцы”. Прэстыжна для газеты, у якой некалі пачынаў творчы шлях наш знакаміты зямляк. І, відаць, разуменне прэстыжнасці гэта ўзаемнае, таму што дасылае ён сюды свае “прэм’еры” пастаянна.

Многа можна расказваць пра чалавека, якога добра ведаеш. Заслухаешся прыгожай роднай мовай Леаніда Пранчака, не заўважыш, як прабяжыць час, калі ён успамінае цікавыя сустрэчы, незвычайныя лёсы, засмяешся, проста не ўтрымаешся, калі пачуеш ягоны шчыры смех. Ён пастаянна вычыцца: школа, журфак, аспірантура Інстытута сусветнай літаратуры ў Маскве, цяпер вось усур’ёз заняўся англійскай мовай, стаў студэнтам Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Век жыві – век вучыся. Мажліва таму ён у пастаянным пошуку, мажліва таму не перастаў здзіўляцца звычайнаму. А яшчэ не можа без вышыні. Вольны птах, у сэрцы якога так многа натхнення і любві, павінен быць у палёце. Няхай утульна будзе табе на зямлі і ў небе!

 

  В.Барадзіна

 

Барадзіна, В. Высокі палёт вольнага птаха / В. Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 1999. – 20 студз. – С. 3. – Пра літаратурную сустрэчу з паэтам у горадзе Ляхавічы.

Вербы ля чыстай ракі

Літаратурна-біяграфічны нарыс

 

Невялікая рачулка Ведзьма, што па агародах і задворках апярэзвае старажытны горад Ляхавічы, у сівую даўніну, падпёртая каля “мяста” плацінамі, была суднаходнай аж да зліцця з паэтычна-флегматычнай Шчарай. Ад першых сваіх камяніц горад засноўваўся на бойкім гандлёвым шляху, і аднойчы чужаземныя віціны, укоптур нагружаныя збожжам, прыткнуліся да муроў знакамітай Ляхавіцкай фартэцыі, а гаспадар несамавітых караблікаў, нейкі прагавіты купчына, стомлены цяжкім пераходам супраць бурнай плыні, усклікнуў з дакорам: “Ах, Ведзьма!”. I вось з таго часу, ужо якое стагоддзе, рачулка моўчкі і цярпліва трывае не дужа мілагучную назву, што, калі па-шчырасці, больш падобна на абразлівае мяно. Так яно, ці інакш, але маляўнічая і прыгожая Ведзьма не часта трапляе ў вершы мясцовых паэтаў, хоць на яе берагах, зарослых, як звычайна, крушынай, алешнікам, вербалозам, заўсёды ставала чараўнічых крыніц натхнення для светлай, інтымна-спавядальнай лірыкі.

3 часін, цяпер ужо далёкай, маладосці, калі я толькі пачынаў літаратурную і журналісцкую працу ў Ляхавіцкай раённай газеце, мне добра помніцца, што ў прамежку паміж чыгуначнай станцыяй і горадам на балоцістую пойму тады выдаваліся шырокія плёсы, дзе ўранку можна было праплысці колькі сажняў і дзеля забавы назбіраць з пясчанага дна двухстворкавых малюскаў, марна спадзеючыся, расхінуўшы пругкія шчэлепы, выкалупаць з іх перламутравую бобку жэмчугу. Такою каштоўнаю знаходкай удачнікаў іншы раз адорваюць пародзістыя сібірскія жамчужніцы, а не нашы малапрывабныя бяззубкі, перлаўкі, балацянікі, ды ранняга купальшчыка суцяшала хоць тое, што ўсе малюскі, як і стронга, жывуць у чыстай, праточнай вадзе. Сённяшнія аматары жэмчугу наўрад ці ўбачаць на плёсах Ведзьмы неверагодную процьму гэтых ціхамірных істот: яны ляжалі і плазам, і старчма вытырквалі з рачнога пяску, і выкідваліся хвалямі на бераг, аднак, скажыце, каго ўразяць малюнкі і відовішчы, якіх ты не бачыў на свае вочы?

Тым не менш паданні і легенды старой старасветчыны заўсёды выклікаюць легкі смутак і шкадаванне. Наўсцяж усёй віхлястай рачулкі, ад самага яе вытоку ля вёскі Падлясейкі, што на Нясвіжчыне, як сведчаць летапісы, стаялі панскія маёнткі і фальваркі ў атачэнні лесапілак, сыраварняў, бровараў і вінакурняў. Рамяством броваршчыкаў, вядома ж, у сэнсе прафесійнага занятку, валодалі не якія-небудзь сучасныя бракаробы: на Ляхаўшчыне ціснулі гарэлку, варылі піва, настойвалі моцныя духмяныя напоі з мёду не толькі для тутэйшых магнатаў, але і па замове каралеўскага двара Жыгімонта Аўгуста. Вось дзе незавядальная слава! Праўда, дзеля справядлівасці варта зазначыць, што і ў тыя далёкія стагоддзі бровары і вінакурні туліліся дзесьці наўзбоч ад людскіх паселішчаў, а навідавоку ў спаконвечных аральнікаў і сейбітаў былі ўсё ж вадзяныя млыны. Ад вярхоўя да вусця на рацэ іх стаўлялі ўсюды, дзе дазваляў рэльеф мясцовасці — удалае слалучэнне пагоркаў і лагчын для надзейнага падпору вады, і колькі яна перамалола свайго і прывазнога збожжа, напэўна, не памятае і сама вялікая працаўніца Ведзьма.

Сляды былой гісторыі — то насыпныя курганы дрыгавічоў, то зарослыя бэзам падмуркі колішніх фальваркаў, то котлішчы невядома чыіх сядзіб, не кажучы пра славуты Ляхавіцкі замак, на гэтай блаславёнай зямлі сустракаюцца так часта, што тубыльцы даўно не звяртаюць увагі нават на самыя рэдкія і каштоўныя знаходкі. Ужо за нашым часам, акурат на пачатку семідзесятых, каля вёскі Пранчакі, не вельмі і далёка ад гарадской мяжы, меліяратары з вясны мурзаліся ў Ведзьме, выпрамляючы яе рэчышча, і аднаго дня выкінулі на бераг збуцвелае бярвенне. Старажылы, якіх і тады можна было пералічыць па пальцах, няўцямна паціснулі плячыма ды і пайшлі кожны сваёй дарогай, але знайшоўся ў вёсцы рослы дапытлівы хлапчук, каго гісторыя бацькоўскай зямлі заўсёды натхняла і хвалявала. Выпацкаўшыся ў торф, як чарцяня, цікаўны падлетак аблазіў усю горбу бярвенняў, выцягнуў з сярэдзіны абломак сатлелага драўлянага вобада і па ім зразумеў: гэта ж астаткі вадзянога млына! Знаходка на Ведзьме ў першую чаргу пацвердзіла, што Пранчакі калісьці засяліла працавітае племя — аратыя, пастухі, конюхі, пчаляры, і жылі яны, мусіць, зусім няблага, калі мелі што малоць. Зразумела, у вёсцы шанавалі і іншыя сялянскія рамёствы: кавальскі і ткацкі занятак, гарбарную і шавецкую справу, а як выпадала пільная патрэба, то сваіх абаронцаў пасылалі і да збройнага чыну. 3 веку ў век людзі жылі, карміліся, гадавалі дзяцей, аднак па нейкай іроніі лёсу не было тут паэта, які годна ўславіў бы іх працоўныя і ратныя ўчынкі. I ён з’явіўся, гэты шчыры, інтэлігентны, проста таленавіты паэт, і, аднойчы, схаваўшыся ў зацішку сівых алешын над абмялелаю Ведзьмай, ён прысвяціў роднай вёсцы шчымлівыя, задушэўныя строфы:

Прылячу, нібы з выраю птах.

Усміхнуся матулі прыветна.

У маленькіх маіх Пранчаках

Мне заўсёды самотна і светла.

Толькі тут сэрцу хораша так.

У зацішку журботных алешын.

У маленькіх маіх Пранчаках

Я прысню свае лепшыя вершы…

Няцяжка здагадацца, што знакамітым беларускім паэтам стаў той самы рослы і дапытлівы хлапчук, чыё сэрца з дзяцінства пры выглядзе рэшткаў колішняга вадзянога млына ажно затрапятала ад вялікага ўзрушэння і хвалявання. Канечне ж, гэта Леанід Пранчак! Бачыце, нават прозвішча сугучнае з назвай вёскі Пранчакі, дзе ў 1958 годзе паэт нарадзіўся ў працавітай сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР. Працаваў журналістам на радыё, тэлебачанні, у тэатры-студыі “Верасы”, дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі. Праўда, аднак, і тое, што ў спадчыну ад нейкага свайго далёкага продка, можа, сапраўды дрыгавіча, Леанід Пранчак атрымаў неўтаймоўны вандроўніцкі ген, бо зусім невыпадкова ў свой час ён пабываў і на будаўніцтве БАМа, і прадстаўляў інтарэсы газеты “Рэспубліка” на амерыканскім кантыненце, і так, па ўласнай ахвоце, мноства разоў пускаўся ў працяглыя падарожжы па роднай Беларусі. Хто што, а паэт з гэтых заакіянскіх і блізкіх вандровак прывозіў новыя мастацкія творы, якія і сталі асновай ягоных паэтычных кніг “Ясак любові”, “Першапутак”, “Вольны птах”, “Біблія для каханай”, важкага тома мастацка-дакументальных нарысаў “Беларуская Амерыка”, зборнікаў вершаў для дзяцей “Дзяўчынка беларуска”, “Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю”. Кожная з названых кніг пераканаўча засведчыла, што аўтар у літаратуры працуе сур’ёзна, з трывожна-звярэдлівай думай “пакіну што наступнікам і ўнукам, па цаліку, па нерушы пракладаючы торны, няходжаны шлях да шчаслівых адкрыццяў і вокамгненных азарэнняў пяшчотна-прасветленай душы.

Творчасці Леаніда Пранчака ўласцівы свежасць бачання сучаснага жыцця, частыя спасылкі на ўласны вопыт, даверліва-спавядальныя інтанацыі, што якраз і вылучае яго ў шэраг вядомых паэтаў лірычнага складу. Усё тут будзе правільна: ён і пясняр прыроды, ён і пясняр чалавечага настрою. Лірыка паэта, закранаючы эмацыянальныя кропкі чытача, нават з першых вершаў, надрукаваных калісьці ў студэнцкім калектыўным зборніку “Вёсны”, грунтуецца не толькі на чыстых пачуццях, але і на меладычнасці радка, пластыцы слова. Тут заўсёды да месца мастацкая вобразнасць з выкарыстаннем свежых метафар, алітэрацый, эпітэтаў і іншых паэтычных тропаў. “А наогул, як нам здаецца, адметнасцю стылёвага почырку Леаніда Пранчака з’яўляецца ўменне выказацца задушэўна-проста, пранікнёна, роздумна і — падкрэслім яшчэ раз — напеўна-мілагучна, паяднаўшы ў вершаваным радку музыку і пластыку”,—слушна заўважыў у артыкуле              “…Пачуццяў шчырых схова” даследчык творчасці паэта Алесь Андруковіч. Лірыка яркай пачуццёвасці, асаблівай пяшчоты і гармоніі, дзе з’ядналіся і  дынаміка слова, і музычны лад паэтычнага ўспрымання свету, прыйшлі пазней, з жыццёвым і творчым вопытам, а напачатку было простае, узнёсла-пафаснае, трэба сказаць, даволі празорлівае пажаданне:

Музыкай, радок мой, ажыві.

Песняй стань, матулінае слова.

Ціхі верш — пачуццяў шчырых схова.

Музыкай, радок мой, ажыві.

Радасцю спасцігнутай любві,

Цеплынёй, пяшчотнай і вясновай.

Музыкай, радок мой, ажыві.

Песняй стань, матулінае слова.

Гэтае, забранае ў строгія рамкі трыялета, як і другое пажаданне паэта: “О, дай мне, лёс, застацца хоць бы гукам у роднай мове матчынай зямлі!” зразумела, мелі пад сабой трывалую глебу. Ужо ў самых першых вершаваных радках Леаніда Пранчака, напісаных і надрукаваных яшчэ ў школьныя гады, моцна адчулася прысутнасць народнага меласу — імкненне да гармоніі, хараства, ідэальнага стану душы і чалавечых пачуццяў, што ўвогуле называецца любоўным пачаткам жыцця. Але той, хто хоць раз пабываў у Ляхавіцкім раёне на радзіме паэта, здзіўляцца не будзе.

Вёска Пранчакі і ўся прылеглая мясцовасць спакон веку славяцца багатымі песеннымі традыцыямі, паэтычнымі натурамі, беражлівымі адносінамі людзей да памяці продкаў. Тутэйшыя краязнаўцы з вялікім гонарам раскажуць, што ў суседнім маёнтку Флер’янова калісьці два леты запар адпачывала знакамітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, аўтар неўміручай аповесці “Хам” і рамана-эпапеі “Над Нёманам”, пакінуўшы аб гэтым маляўнічым краі светлыя згадкі ў сваіх лістах да знаёмых і блізкіх. Моладзь вёскі — музычныя хлопцы і дзяўчаты — з не меншым гонарам нагадаюць выпадковаму вандроўніку пра Леаніда Пранчака, заклічуць у хату і за гасціннай бяседай пракруцяць не адну кружэлку альбо касету з запісамі песень паэта-земляка, таксама ўжо шырока вядомага на абсягах беларускай нацыянальнай культуры. Да ўсёй ягонай творчасці лепшым эпіграфам, безумоўна, маглі б паслужыць наступныя строфы:

До слоў! Было іх многа

Кахаю і грашу.

Нікога і нічога

Затое не прашу.

Нічога і нікога!

Павер маёй мальбе:

Кахаю толькі Бога.

I крышачку— цябе…

Навакол вёскі Пранчакі ў любы час года стаіць сапраўды блаславёная ціш, кідкая палявая прыгажосць, а калі выбіцца за ваколіцу і падняцца на стромы пагорак,товачам адкрыюцца такія ж маляўнічыя краявіды суседняй вёскі Вялікае Падлессе, дзе і сягоння не моўкнуць вабныя галасы і адгалоскі народнага хору, створанага калісьці славутым маэстра Генадзем Цітовічам. Вось адкуль у Леаніда Пранчака выток яго шчырых і пяшчотных беларускіх па духу і настрою песень, вось адкуль непадробная напеўнасць і меладычнасць яго лірычных вершаў, якія вырываюцца з душы паэта, канешне ж, не толькі для таго, каб адразу заляцець на якісь нотны аркуш ясным гімнам жыццю, каханню, затаіцца ў шэрым дыску кружэлкі. Так, ёсць у даволі маладога яшчэ творцы мноства паэтычных строф, што ніколі не стануць песнямі і нават не задумваліся як песні, аднак усе яны вызначаюцца душэўнай дабрынёй, адкрытасцю інтанацый, чысцінёй пачуццяў, хоць інакш і быць не можа, калі гэтыя пачуцці запальваюцца ад нязгаснага свячэння таямнічай божай іскры:

Трызнячы ад болю на зары,

Як прароцтва, я прысніў нагдове:

3 Богам гавару на роднай мове.

Мне б яшчэ з людзьмі

пагаварыць…

Тлумачэнні тут наўрад ці патрэбны: “Покуль мы гаворым і пяём, мова беларуская — жывая!, і тым болей, што размаўляць з людзьмі намнога прыемней, калі ты аўтарлібрэта поп-опер “Максім” і “Беларушчына”, кампакт-дыска “Галоўныя словы”. Зразумела, падлічваць зробленае паэтам — справа няўдзячная, але добра вядома, што навершы Леаніда Пранчака напісана больш за 200 песень, сярод якіх сапраўднымі шлягерамі сталі “Каля Чырвонага касцёла“, “Даставай, Язэп, гармонік!”, “ІІаклонніца”, “Сумны саксафон”, “Цёмнавокая пані”, “Найлепшая ў свеце жанчына”, “Каханая”. Да іх стварэння прычыніліся такія  папулярныя кампазітары, як  Л. Захлеўны, В. Іваноў, Э. Ханок, Зм. Яўтуховіч, а сярод спевакоў і калектыўных выканаўцаў цэлае сузор’е талентаў: I. Афанасьева, В. Дайнека, Ю. Багаткевіч, Я. Навуменка, А. Ярмоленка, “Сябры”, “Верасы”, Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. Вось і нядаўна творчая фірма “Каўчэг” выпусціла новую касету Леаніда Пранчака пад назвай “Талака”, дзе сабраны найбольш ужытковыя песні пра Беларусь. Не лішнім будзе зазначыць, што творчасць маладога аўтара цёплаа сустрэта ў свеце, бо яго вершы, пакладзены на музыку, выдаваліся на кружэлках і касетах у Расіі, Польшчы, ЗША, пераўвасабляліся на рускай і англійскай мовах.

У кнізе Леаніда Пранчака “Вольны птах”, якая выйшла ў папулярнай серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”, надрукаваны песні і вершы паэта розных гадоў, розных напрамкаў і стыляў, але ўсе яны аб’яднаны гарачай любоўю да свайго беларускага краю, і таму вельмі прыемна, што паэтычны радок “3 Богам гавару на роднай мове” не стаўся для творцы толькі пустой дэкларацыяй. 3 самай першай старонкі, “згубіўшы ўсякі страх”, паэт вольным, крылатым птахам  лунае між небам і зямлёй, а з вышыні, як вядома, бачна ясна і далёка. Абвостраная паэтычная думка сягае Айчыны, бацькоўскага дома, дзе “спеліцца надзеі кволы колас” і “жыве, не змаўкае крынічны голас”. Сёння, калі гвалтоўна рушыліся маральныя асновы грамадства, сапраўды гэта складаная задача — не толькі з Богам, але і з людзьмі размаўляць на роднай беларускай мове. Тыя, чыя халодная, рацыяналістычная вершатворчасць не кранае ні душу, ні сэрца, моляцца на Парыж і на “Лёндан”, забываючы пра сваю апаленую Чарнобылем зямлю, але ў сапраўдных паэтаў такой  па-дзікунску кароткай памяці не бывае. I таму не дзіўна, што Леанід Пранчак заклікае “ўспомніць, хто мы ёсць, што мы — гаспадары!” надзяляе чытачоў верай: “Любоўю Беларусь мы здолеем сагрэць у еднасці людской, а не ў зацятай змове”. Простыя, на першы погляд, ісціны і высновы, адухоўленыя шчырым пачуццём, увачавідкі набываюць магічную сілу заклінання, і тады прыходзіць усведамленне свайго чалавечага абавязку не даць памерці апошняй надзеі, бо наша ўвогулежурботнае, беспрытульнае жыццё ўсё-такі яшчэ здольнае падарыць хоць кропельку радасці, хоць дробачку шчасця:

Як ручаёк лясны ў нячэпанай

цішы

Звініць і ўдаль плыве, як пошум

спелай нівы,

Як зорны перазвон – мелодыя

душы, —

Маёй Айчыны спеў —

 высокі і праўдзівы.

Самі па сабе цікавыя назіранні і выказванні аўтара, што ідуць ужо ад сталага жыццёвага вопыту і не менш — ад усхваляванай, па-юнацку рамантычна-ўзбаламучанай душы. На пачатку творчай дарогі Леанід Пранчак каханне параўноўваў з пажарам, у якім можна згарэць і не заўважыць, бо той пажар ніхто не патушыць, і для чароўнай пары маладосці, безумоўна, то было вельмі правільнае адкрыццё. 3 цягам часу, калі пакрысе ўтаймоўваюцца гарачыя пачуцці і хлапечая сваволя ўваходзіць у свае берагі, полымя кахання шугае ўжо не так апантана, б’ецца ўсё цішэй і слабей, ападае да самай ніжняй рысы, адкуль, зрэшты, яно аднойчы і ўзгарэлася, паступова сыходзячы да роўнага, павольнага і не заўсёды яркага агеньчыка звычайнай стэарынавай свечкі. Зразумела, сюды, дзе да світанку не гасне “кахання свечка залатая” лірычны герой вершаў з’яўляецца, як і трэба, “з букетам пунсовых руж”, і гэтая ахвяра зусім недарэмная: “ты вучыш мяне лятаць, ты вучыш мяне любіць”. Нават уздымаючыся да сонечных аблачын, закаханы вандроўнік памятае: “ЦУдоўнейшая з жанчын — жанчына, што я люблю!”, аднак сплылі з веснавою вадой далёкія леты і зімы, насталі “шэрыя дні і пахмурныя ночы”, таму не дзіўна, што ён бясконца рады кожнаму, хоць сабе і кволаму, пробліску калісьці вялікага і, здавалася, неўтаймоўнага  любоўнага пажару.

Пагасне свечка ў руках

На скразняку ў дзвярным

праёме,

Майго кахання дзікі птах

Жыве ў тваім бязлюдным

доме.

Ты расчыні сваё акно,

Ты адпусці на волю птаха.

I выпі горкае віно

За невядомага манаха…

Дзікаваты, як і неспадзяваны, гэты валацуга манах, такое ж, мабыць, няпростае і непрадказальнае ягонае каханне, бо, пакуль яшчэ гарыць свечка ў дзвярным праёме, на старонках па-сапраўднаму таленавітай кнігі адбываецца багата паэтычных цудаў, часцей за ўсё створаных і ўвасобленых у дасціпных вобразах прасторава-мастацкім уяўленнем Леаніда Пранчака. Асенняй ноччу, калі “асыпаецца лісце пад гукі дажджу”, знаёмы ўжо нам шчадралюбны лірычны герой, “апякаючы вусны ўсмешкай спакусы”, не раз згадае ў цішы то “цыганскія вочы журбы”, то вясёлыя жарты вясковай свавольніцы, то “пад сум далёкіх зор” нечакана нават і для сябе апыняецца “на воблаку белым ля небакраю”, дзе “ты засынаеш і я засынаю”. Паэт як бы мімаходзь сцвярджае: гэты дзівосны і зорны лістападаўскі вечар вельмі проста можна перакласці на музыку, якая “засцеражэ ад злой напасці”. Толькі прыслухайся, і ўжо сапраўды несуцешна плача “Сумны саксафон”, у сутонні знямелай кватэры азваўся “Старадаўні раяль”, і дзесьці на Браслаўскіх азёрах гарэзліва-вясёлы Язэп расцягнуў свой знакаміты  гармонік. Але куды знік раптам здарожаны манах, ды, зноў жа, як з яго царкоўным санам стасуецца звычайнае зямное пачуццё? Аказваецца, непрыкаянаму вандроўніку дадзены апошні шанц “сагрэцца разам ля агню нязведанай пяшчоты”, і найперш таму, што менавіта яго “каханне—боль, нясцерпны боль датуль, пакуль яно — каханне”. След узбунтаванага пустэльніка губляецца сярод класічных ямбаў і харэяў, у буянстве прыгожых  метафар і алітэрацый, аднак уражлівая душа нязменна там, дзе ў змроку ўсё яшчэ паблісквае калісьці запаленая свечка, трапяткі і дрыготкі агеньчык якой наскрозь прасвечвае ўсю кнігу лірычнай паэзіі “Вольны птах”.

Забыў твае песні —

усе да адной,

Спаліў твае пісьмы дазвання…

Ды вечны твой сум будзе

вечна са мной,

Як памяць былога кахання.

У храме Жыровіцкім свечка

гарыць —

Любові тваёй сарамлівая

сведка…

Мне помніць цябе і аддана

любіць.

Каханне маё – непагасная

свечка.

Што б тут ні казалі, а паэт Леанід Пранчак усёй сваёй творчасцю прапаведуе рамантычна-шляхетны тып кахання, у якім журбы часам болей, чым светлых хвілін. Акрамя непагаснай свечкі, у гэтым каханні ёсць усе прыкметы шчасця: белы вальс і старадаўнія рамансы, пунсовыя ружы і жоўтыя вяргіні, як сімвал растання, ёсць у рэшце рэшт, тонкі бакал і з глыбокім дном фужэр. Налівай, калі ласка, па ўласным гусце ці шыпучае мінскае шампанскае, ці сонечнае каліфарнійскае віно. I згадка пра заморскі напой, зноў жа, невыпадковая. На тытуле нядаўна  выпушчанай аўдыёкасеты “Талака” — каляровы фотаздымак, дзе паэт у шортах і гаматной чырвонай блузе, як той бусел на адной назе, кунежыцца ў блакітных хвалях нейкага невядомага вадаёма. Бясстрасны камп’ютэр абапал шырока раскінутых рук намаляваў контуры птушыных крыл, штосьці накшталт арланавых, і ствараецца ўражанне, што шчасліва-ўзрушаны творца спрабуе ўзляцець у нябёсы, хаця куды тут паляціш, калі пад нагамі, аказваецца, распляскаўся не проста вадаём, а неабсяжны Атлантычны акіян. Леанід Пранчак, як ужо вядома, доўгі час жыў у Нью Джэрсі і ў гэтым Атлантычным акіяне абмываў свае вандроўніцкія ступакі, з таго далёкага падарожжа прывёзшы ў Мінск мноства настальгічных вершаў пра Беларусь і ёмістую кнігу публіцыстыкі “Беларуская Амерыка”, складзеную з цікавых дакументальных матэрыялаў аб няпростым лёсе і жыцці нашых суайчыннікаў за мяжой. Там, у Амерыцы, Леанід Пранчак напаткаў, дарэчы, і сляды свайго славутага земляка Мацея Рэпкава-Смаршчка, ураджэнца вёскі Вялікае Падлессе, адкуль наогул выйшла шмат таленавітых людзей, а Мацей Рэпкаў-Смаршчок у літаратурных колах знаны як паэт Анатоль Бярозка, і гэта ад падлескай зямлі напеўнасць і шчырасць, нязмушанасць і меладычнасць ягонай паэзіі. Перапіска двух творцаў-ляхаўчан, старога і маладога, можна сказаць амаль аднавяскоўцаў, працягваецца і па сённяшні дзень.

Відаць, справядліва гавораць, што вельмі многія паэты, нават раздзеленыя ўзроставым цэнзам — сівая мудрасць і юнацкая самаахвярнасць, маюць надзіва блізкія, сваяцкія душы, асабліва, калі гэтыя паэты — землякі, родам  з адных і тых жа мясцін. Гадоў ужо немалога ліку, Анатоль Бярозка, жывучы ў недасягальным амерыканскім штаце Мінесота, з упаўне зразумелай настальгіяй згадвае “край палеткаў ільняных уранні светлага дня, у васільковае сіні ўзорах”, яму сніцца і сніцца “вецер той свежы з-пад Нёмана, Лані…” Вяртаючыся дахаты, на сцежкі свайго вясковага маленства, з куды карацейшых жыццёвых шляхоў і дарог, малады Леанід Пранчак з не меншай любоўю і пяшчотай, чым яго заакіянскі калега, прывячае і бацькоўскую хату, і знаёмыя змалку курганы-валатоўкі, і ніцыя вербы наўсцяж усё яшчэ буркатлівай і неўгамоннай рачулкі Ведзьмы. Паэт добра разумее: дзе б ён ні блукаў па белым свеце, “а чакаюць мяне толькі тут, толькі дома!”, і гэтую, увогуле невытлумачальную, радасць сустрэчы з “росным берагам лагоды і сонца”, Леанід Пранчак надзвычай усхвадлявана і дакладна выказаў у вершы “На родная зямлі”:

Добры дзень, астравок

прыгажосці і ласкі,

Да цябе шляхі прывялі.

Як даўно я не слухаў

такой цішыні,

Я не бачыў такой чысціні

На роднай зямлі!

Мілы кут, не забуду цябе я

ў расстанні,

Зберагу твае васількі.

Я хачу наталіцца тваёй

дабрынёй

І сагрэцца тваёй цеплынёй

Ля чыстай ракі.

Чыстая рака, чыстая вада, чыстая, як сляза, паэзія — гэты амаль сінанімічны рад зусім невыпадковы ў шматграннай творчасці Леаніда Пранчака, чый паэтычна-песенны талент дужа любяць і паважаюць у Беларусі і за яе межамі. I няхай даўно прыгорбіліся каля бацькоўскай хаты тыя пасівелыя вербы, няхай учарнелі ацалелыя пасля меліярацыі старыя алешнікі, паэту ў маленькіх яго Пранчаках па-ранейшаму самотна і светла, хоць вяртацца сюды, у родны кут, дзе назаўсёды засталася часцінка душы, цяпер трэба з вінаватай усмешкай і шчырай сыноўняй просьбай-прабачэн- нем: “Ты, матуля, даруй, што я госць твой нячасты…”

                                                                              Віктар Гардзей

 

Гардзей, В. Вербы ля чыстай ракі : літаратурна-біяграфічны нарыс / Віктар Гардзей // Ляхавіцкі веснік. – 1999. – 10 сак.; 13 сак.; 17 сак. – Пра Леаніда Пранчака.

     Светлай памяці дзеда Язэпа

 

ЖЫЦЦЁ — КАРОТКАЕ,

 РАДЗІМА — ВЕЧНАЯ

 

…Шчымлівы ўспамін далёкага маленства… Заплаканы і пакрыўджаны, я прыбег з выгана, дзе з сябрамі гуляў у пікара, і з плачам уткнуўся ў матулін падол:

– Мама, чаму дзеці абзываюць мяне амерыканцам…

– Таму што твой дзед некалі жыў у Амерыцы — далёкай, прыгожай краіне,— спакойна і ласкава адказала мама.

– Дык гэта не мянушка?

– Не,— яе пяшчотная ўсмешка ўміг растапіла маю дзіцячую крыўду. Брыдкае дасюль слова «амерыканец» перастала быць мянушкай, набыло іншы сэнс і змест. Казка пра Амерыку стала любімай казкай маленства…

Жыццё дзеда ўвайшло ў маю свядомасць таямнічым і прыгожым міфам. Яшчэ ў школе я пачаў шукаць матэрыялы пра яго амерыканскую адысею. На жаль, ніякіх дакументаў у сямейным архіве не засталося. Іх мне замянілі ўспаміны бацькоў, родных дзядзькоў і цётак, вяскоўцаў. Па крупінках аднаўляў вобраз дзеда, вяртаў з небыцця казку дзіцячых гадоў…

Дзед Язэп нарадзіўся ў Пранчаках у 1885 годзе. Праз некалькі гадоў раптоўна захварэў і памёр яго бацька — Пранцішак Пранчак, пакінуўшы ў смутку жонку і пяцёра малых дзяцей. Холадна і голадна жылося без бацькі. Нават хлеб не кожны дзень гасцяваў на іх асірацелым стале. Беспрасветная галеча чакала ў будучыні дзяцей Пранцішка. Ніякай надзеі на лепшую долю не было і ў старэйшага сына Язэпа. Ад шматлікіх агентаў, якія шасталі па навакольных вёсках і ўгаворвалі беззямельных сялян падацца на пошукі шчасця за акіян, юнак даведаўся пра Амерыку. Маці Ганна прадала каня, карову, залезла ў даўгі, але сабрала неабходныя для падарожжа грошы і купіла сыну білет на параход. У 1909 годзе Язэп пакінуў Пранчакі і выехаў у Лібаву, каб адтуль дабрацца да жаданага Нью-Йорка…

Магу толькі здагадвацца аб думках і пачуццях, з якімі мой будучы дзед адправіўся ў далёкую вандроўку. Дасюль ён не быў нідзе далей Ведзьмы — суседняй вёскі, і Снова — бліжэйшага ад дому кірмашу… А тут такая далячынь! Ды ўсё гэта нішто ў параўнанні з тым, што ў Пранчаках акрамя родных Язэп пакінуў сваю нявесту — дзевятнаццацігадовую Ганну Бяльмач. Збіраліся ехаць разам, але бацькі не пусцілі дзяўчыну, і яна засталася чакаць Язэпа…

3 Лібавы да Нью-Йорка плылі амаль месяц. У каютах 3-га класа ніякіх выгодаў не мелася, і марское падарожжа было сапраўднай пакутай, асабліва калі параход трапляў у шторм… Шмат нечаканасцяў і небяспечных прыгод падпільноўвала новых эмігрантаў на шляху да доўгачаканага амерыканскага берага. Нездарма ж у 1912 годзе Таварыства апекі над эмігрантамі ў Вільні выдрукавала спецыяльныя парады Язэпа Акаловіча для тых, хто едзе ў Амерыку: «У часе падарожы морам трэба акуратна пільнавацца карабельных парадкаў, ня піць лішне спіртных напіткоў, высьцерагацца ўсякіх сварак і спорак с таварышамі падарожы або службай карабельнай… Большые грошы лепей за ўсё аддаваць на сховы капітану карабля ў запечатаным канверці… Хто ўмее чытаць, заместа маркоціцца цэлымі днямі і пазіхаць, ніхай лепей выўчыцца мовы таго краю, у каторы едзе…»

Па прыездзе ў Амерыку кожны эмігрант павінен быў прайсці шэраг фармальнасцяў і атрымаць дазвол на жыхарства. Па ўсім відаць, ніякіх праблем з гэтым у дзеда не было, і ён хутка ўладкаваўся і знайшоў працу. Якраз набліжалася жніво, і мясцовы фермер наняў беларускіх хлопцаў для работы ў полі. Кантракт быў часовы, праца цяжкай, заробкі малыя. Але іх хапіла, каб на першых парах стаць на ногі. Язэп перабраўся ў Нью-Йорк, стаў працаваць на будаўніцтве, а ў час жніва адпраўляўся на заробкі да знаёмага фермера. Ён ашчаджаў кожны долар, каб пераслаць іх Ганне на дарогу, марыў аб тым дні, калі нявеста прыедзе да яго і яны зажывуць разам. Вобраз каханай асвятляў яго самотныя дні, а смутак па ёй з кожным днём станавіўся ўсё больш невыносным.

Зрэдку з Пранчакоў прыходзілі пісьмы. Ганна ўсё настойлівей клікала яго назад. I на пятым годзе свайго эмігранцтва Язэп, стомлены доўгім расстаннем і журбой па каханай, кідае Новы Свет і прыязджае ў Пранчакі. «Прыехаў ажаніцца»,— сказаў ён маці. I на Пятра цудоўная Ганна стала яго жонкай. Маладыя пачалі збірацца ў далёкую зваротную дарогу. Усё складвалася найлепшым чынам. Язэп быў шчаслівы як ніколі дагэтуль. Але нейкі злы рок праследаваў яго. За некалькі дзён да ад’езду грымнула вайна. Ад учарашняга шчасця застаўся толькі ўспамін. Вайна перакрэсліла ўсе мары. Язэпа мабілізавалі ў царскую армію, і ён апынуўся на фронце. Што ж, чалавек — раб абставінаў. Дзедаў выпадак яшчэ адно пацвярджэнне гэтай простай ісціны. Дзякуй Богу, застаўся жывы, вайна не пакалечыла яго фізічна. Не думаю, што ён разбіраўся ў эпахальных катаклізмах, якія перажывала тады Расія. Пасля квітнеючай багатай Амерыкі тутэйшае жыццё можна было параўнаць хіба што з пеклам альбо канцом свету. Але самае страшнае чакала наперадзе.

Калі дзед вярнуўся з вайны, беды адна за другой, як з дзіравага мяха, пасыпаліся на яго галаву. Ён з жахам даведаўся, што грошы, адкладзеныя на дарогу ў Зямельным банку, прапалі разам з расейскім самадзяржаўем падчас Лютаўскай рэвалюцыі. Пранчакі знаходзіліся ў некалькіх вёрстах ад лініі расейска-германскага фронту. Вяскоўцы зведалі на сабе ўсе цяжкасці ваеннага часу. Тутэйшыя землі на працягу трох-чатырох гадоў тройчы пераходзілі з рук адных акупантаў да другіх. Зімой 1918 года вёску занялі салдаты кайзераўскай Германіі. Вясной таго ж года іх выбілі саветы, але і яны пратрымаліся нядоўга. Праз два гады Пранчакі апынуліся пад Польшчай.

Нейкі час Язэп лічыў сваё жыццё скончаным. Адчай і крыўда апанавалі яго сэрца. Больш за чатыры гады катаржнай працы за акіянам прапалі дарам. Ні пра якую Амерыку цяпер не магло быць і размовы. Трэба было думаць, як выжыць, як пракарміць сям’ю… Дзед дастаў з куфра адзін з двух шыкоўных касцюмаў, што прывёз з Амерыкі. Загарнуў яго ў палатно і панёс у Клецк на базар.

Гарнітур быў, відаць, сапраўды шыкоўны, бо нейкі шляхціц даў за яго вялікія грошы. Колькі канкрэтна, ніхто, на жаль, не памятае. Але выручаных злотых хапіла, каб набыць дзве дзесяціны зямлі. Дзед атрымаў купчую і заплакаў. Ці то ад радасці, ці то ад гора. «Амерыканец асцепяніўся»,— сказалі ў вёсцы. Пакуль ён узбіўся на жыццё, паставіў свой дом, завёў гаспадарку, як гарох пасыпаліся дзеці. Усё было б няблага, каб не вечная настальгія па Амерыцы. Яна не пакідала яго. Дзед сумаваў. Бывала, сядзе ля акна, пакладзе рукі на стол і гадзінамі глядзіць на дарогу… На святы ля Язэпавай хаты збіраліся мужчыны з цэлай вёскі, курылі самаробны тытунь і слухалі дзедавы байкі пра заморскае жыццё. Свае ўспаміны ён заканчваў заўжды адной і той жа фразай: «Я там ніколі голай вады не напіўся…» Што гэта значыць, мала хто ведаў. Але фраза тая пайшла, як кажуць, у народ, і цяпер, бывае, бацька жартуе пры нагодзе: ты, як дзед, голай вады не п’еш…

У Язэпа і Ганны нарадзілася сямёра дзяцей. Старэйшы, Янка,— мой бацька. Ад яго я пачуў найбольш цікавыя ўспаміны пра дзеда. Калі Янка падрос, бацькі вырашылі, каб неяк паправіць фінансавае становішча сям’і, паслаць яго на заробкі за акіян… У той час шмат хто з вёскі выехаў у Амерыку. «Мо, хоць ты выб’ешся ў людзі»,— казаў Язэп сыну. «Я думаў, што так яно і станецца,— успамінае бацька,— бо Амерыка была ці не адзіным шанцам вырвацца з вечнай нястачы».

Але чалавек мяркуе, а Бог робіць. Дзедавым марам зноў не суджана было збыцца. 1 верасня 1939 года пачалася новая сусветная вайна, і ў яе пекла цяпер трапіў Іван Пранчак. У складзе Войска Польскага 78-ы Слуцкі пяхотны полк, у якім ён служыў, адбіваў наступленне немцаў пад Мулавай, бараніў Варшаву. Пасля капітуляцыі Полыпчы бацька трапіў у палон і толькі дзякуючы Міжнароднаму Чырвонаму Крыжу вырваўся адтуль і вярнуўся ў Пранчакі. Там ужо гаспадарылі саветы. І для яго Амерыка засталася нязбытнай марай. Ён паўтарыў лёс свайго бацькі.

Менш чым праз два гады пажар вайны з Польшчы перакінуўся на Беларусь. У вёску прыйшлі немцы. Язэп цяжка перажываў акупацыю, турбаваўся за лёс дарослых дзяцей, баяўся, каб, крый Бог, не ўлезлі ў якую палітыку. «Мо, нам так не шанцуе, што душа мая жыве не тут, а ў Нью-Йорку… Мусіць, я хутка памру…» Страшнае прадчуванне не падманула. Неўзабаве ён прастудзіўся і злёг. У 1945 годзе Язэпа не стала. Пражыў дзед усяго 59 гадоў.

Хавалі яго ў шыкоўным амерыканскім касцюме, які прывёз яшчэ ў 1914 годзе і схаваў сабе на смерць. Касцюм праляжаў 30 гадоў, а быў як новы. Вяскоўцы дзівіліся: Язэп на той свет убраўся, як памешчык. 3 сабой дзед забраў настальгію і тугу па Амерыцы. Такая сумная развязка ў гэтай рамантычнай адысеі. Акрамя ўспамінаў ніякай памяткі пра дзеда, на жаль, не засталося. Адзіны амерыканскі фотаздымак больш за 60 гадоў захоўваўся ў яго дачкі Шуры. Незадоўга перад смерцю цётка Шура перадала мне дарагую сямейную рэліквію. Здымак выдатна захаваўся. Матавая картка наклеена на цвёрдым кардоне. Пад ёй подпіс майстра і адрас: Нью-Йорк, 85 авеню. 1911 год. Дзед сфатаграфаваўся разам са сваім сябрам-эмігрантам з суседняй вёскі. Цяпер той партрэт стаіць на маім рабочым стале. Глыбокія Язэпавы вочы пазіраюць спакойна і пранікнёна. Часта мне здаецца, што я фізічна адчуваю іх несусветную тугу… Бацькі кажуць, што я падобны на дзеда Язэпа. Мне прыемна такое падабенства, бо дзед заўсёды выклікаў у мяне вялікую сімпатыю. Менавіта з яго пачалося маё зацікаўленне Амерыкай. Гэта краіна з маленства вабіла сваёй таямнічасцю і недасягальнасцю. Вобраз, які паўставаў з дзедавых успамінаў, не размывала нават савецкая прапаганда. Я верыў дзеду. Амерыка была маёй казкай — прыгожай і добрай, як і ўсё ў дзяцінстве. Дзіцячае зацікаўленне перарасло ў сталае захапленне. Я пачаў збіраць выразкі з газет і часопісаў пра ЗША. Памятаю, якое надзвычайнае ўражанне зрабілі на мяне нататкі «Якая ты, Амерыка?», надрукаваныя ў 1988 годзе ў беларускім тыднёвіку «Ніва». Іх аўтар — беларускі паэт, загадчык кафедры Варшаўскага універсітэта Алесь Барскі, можа, першы ў беларускім друку напісаў пра амерыканскіх беларусаў праўдзіва і спакойна. Цяжка сказаць, як я ўспрыняў бы тыя нататкі сёння, а тады яны былі для мяне як глыток свежага паветра ў савецкай атмасферы ідэалагічнай затхласці, зашоранасці, нацыянальнага нігілізму. Да прыкладу, вось як пісаў ён пра вядомых грамадскіх дзеячаў Кастуся Калошу і Сяргея Карніловіча: «Здаецца мне, што яны ў беларускім руху ў Кліўлендзе адыгрываюць такую роль, як апосталы Пётр і Павел у раннім хрысціянстве або, скажам, святыя Барыс і Глеб на Русі. Калі б гэта залежала ад мяне, я б іх кананізаваў. Колькі ахвярнасці і альтруізму ў гэтых постацях!». 3 такой жа эмацыянальнасцю і захапленнем Длесь Барскі напісаў пра Антона Шукелойця, Вітаўта Кіпеля, Антона Адамовіча, спадарства Бартулёў, Пятра Кажуру, шматлікіх беластоцкіх беларусаў у Амерыцы. Ён дэталёва і падрабязна абмаляваў беларускае жыццё ў Нью-Брансуіку, Кліўлендзе, даў агляд беларускіх выданняў, якія выходзяць там, прадставіў найбольш вядомых паэтаў і пісьменнікаў. Тыя нататкі былі для мяне сапраўдным адкрыццём беларускай Амерыкі. Зразумела, што ў той час пісьменнік яшчэ не мог казаць на поўны голас усю праўду пра сваіх суродзічаў. Ён нават не рызыкаваў поўнасцю называць некаторыя прозвішчы, наўмысна пазбягаў «ваеннай» тэмы. Але дзякуючы А. Барскаму, беларускія чытачы ўпершыню атрымалі інфармацыю, якая кардынальна рознілася ад той, што тыражавалася афіцыйнымі выданнямі. Пасля рэпартажаў Алеся Барскага я пайшоў у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі і паспрабаваў знайсці некаторыя эмігранцкія выданні. Іх не аказалася. Мяне адправілі ў аддзел спецыяльных захоўванняў, але і там, як гэта ні дзіўна, іх не было. Знаёмая журналістка параіла звярнуцца ў акадэмічную бібліятэку. Прыйшоў туды. Папрасіў у бібліятэкаркі што-небудзь са свежай эмігранцкай перыёдыкі, і яна выняла з металічнай шафы кастрычніцкі нумар 1988 года газеты «Беларус» з Нью-Йорка. Рэдка якое выданне я раскрываў з такім хваляваннем. Хіба што ляхавіцкую раёнку, дзе друкаваліся мае першыя вершы. Прабегся вачыма па загалоўках, стаў чытаць першае што трапіла… «Беларусам быць, як і чалавекам, трэба несьціхана, штокрок і штодзень. Як немагчымы сьвет па-за чалавекам, так немагчымая Беларусь бязь Беларусаў. Наша бацькаўшчына — не адно зямля паміж Дняпром і Дзьвіною, Нёманам і Прыпяцяй. Беларусь усюды там, дзе жыве Беларус. Бо мы частка Чалавецтва, а Беларусь — адна з ягоных тысячных айчынаў…» Ад гэтых слоў у мяне сцяло дыханне. Так мог напісаць толькі вялікі Патрыёт Беларусі, яе адданы і ўлюбёны сын. Гляджу на подпіс. Сакрат Яновіч. Прамова на XVIII сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

«Першай справай пасьля абароны жыцьця як такога павінна быць абарона айчыны. Жывому нічога не можа быць важнейшым за жывую Беларусь, за яе душу. На гэтым сьвет трымаецца, каб не было ў ім сірочых народаў…» Як сугучны былі мае адчуванні гэтым простым і мудрым ісцінам Сакрата Яновіча! На старонках «Беларуса» я знайшоў звесткі пра Наталлю Арсенневу, Масея Сяднёва, Яна Пятроўскага, Міколу Прускага, іншых славутых беларусаў Амерыкі. У шафах акадэмічнай бібліятэкі пыліўся даволі прыстойны збор эмігранцкіх выданняў. Акрамя прэсы там знайшлі прытулак літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў, забароненых у БССР. Многія кнігі яшчэ ніхто не браў у рукі. Некаторыя былі з аўтарскімі прысвячэннямі Міколу Ермаловічу, Георгію Штыхаву, Янку Брылю, іншым беларускім пісьменнікам. Аказалася, гэтыя кнігі мытня канфіскавала з бандэроляў і пасылак як забароненыя і перадала ў бібліятэку. Тыя, каму кнігі прызначаліся, мабыць, па сёння не ведаюць пра гэта.

У той час з’явіліся першыя публікацыі пра беларускую эміграцыю ў беларускім савецкім друку. Пры ўсёй сваёй цікавасці і навізне яны не былі пазбаўлены ідэалагічных штампаў і ярлыкоў. У адрозненне ад расейскай і ўкраінскай перыёдыкі ў беларускай не было ніводнага выступлення саміх эмігрантаў. У мяне нарадзілася ідэя правесці завочнае інтэрв’ю з нашымі суайчыннікамі. Яно давала магчымасць пачуць жывыя галасы суродзічаў, параскіданых па ўсім свеце, даведацца праўду з першых вуснаў. Мне ўдалося адшукаць амаль усіх пісьменнікаў, якія жылі і працавалі на чужыне. Я падрыхтаваў анкету і разаслаў яе сваім адрасатам, папрасіўшы іх расказаць пра свой творчы лёс, пра жыццё-быццё на эміграцыі. Першым адгукнуўся Масей Сяднёў са Злучаных Штатаў. Тады Масея Ларывонавіча ў Беларусі мала хто ведаў, гэта цяпер ён такі славуты. Спадар Сяднёў даслаў вельмі цікавы ліст з адказамі, а ўдагонку — яшчэ адзін з дапаўненнямі. У нас усталявалася трывалае ліставанне, і я вельмі ўдзячны гэтаму выдатнаму пісьменніку за дапамогу і падтрымку маёй працы. Пазней свае адказы даслалі Ян Пятроўскі, Алесь Змагар, Мікола Прускі, Мікола Панькоў, Янка Золак, Міхась Кавыль, Іна Рытар, Наталля Арсеннева — з ЗША, Кастусь Акула, Сяргей Хмара — з Канады, Юры Жывіца — з Нямеччыны, Зінаіда Кадняк (удава Алеся Салаўя) — з Аўстраліі. На аснове іх лістоў у 1990 годзе я падрыхтаваў цыкл матэрыялаў «Беларускае замежжа: жывыя галасы». Аднак надрукаваць іх тады не ўдалося. «Ранавата»,— сказалі мне ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет. Я працаваў далей. Завязалася ліставанне з беларускімі асяродкамі па ўсім свеце. Прыйшлі лісты з Англіі, Ватыкана, Польшчы, Аўстрыі, Бельгіі… I ўсе да адзінага — на цудоўнай беларускай мове. Неаднойчы, разрываючы чарговы канверт, я прыгадваў выдатную прамову Сакрата Яновіча, прачытаную ў «Беларусе»… «Беларусы разышліся па белым свеце, робячыся як бы пасланцамі свайго народа ў чужой старане, рэпрэзентантамі яго інтарэсаў, спрыяючы далучэнню бацькаўшчыны да агульначалавечай радзіны, учыняць Беларусь прысутнаю сярод іншых, прыдбаць ёй сяброў, захаваць ад крыўды…»

За час трохгадовага ліставання я адкрыў для сябе новую краіну — Замежную Беларусь. Краіну без візаў і межаў, краіну любові і смутку. Над ёй лунаў беларускі дух, які дзесяцігоддзямі вынішчаўся на бацькаўшчыне. Яго збераглі, захавалі, яму маліліся беларускія эмігранты. Найбольш актыўна дзейнічалі беларускія згуртаванні ў Амерыцы. Мо, таму, што яны найбольш шматлікія. Адно з іх — Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр у чэрвені 1992 года запрасіў да сябе групу беларускіх артыстаў — Іну Афанасьеву, Міколу Скорыкава, Зміцера Яўтуховіча і аўтара  гэтых радкоў. Мы выступалі з канцэртамі ў беларускіх асяродках, у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Наша знаходжанне ў Амерыцы якраз супала з XX сустрэчай беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая праходзіла недалёка ад Нью-Йорка — у Нью-Брансуіку. Свае прывітанні і пажаданні плённай працы амерыканскім беларусам перадалі Прэзідэнт ЗША Джордж Буш і Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Удзельнікі сустрэчы радзіліся, што яны змогуць зрабіць, каб дапамагчы сваёй бацькаўшчыне на яе шляху да незалежнасці. На сустрэчы панавала атмасфера шчырасці, узаемаразумення і заклапочанасці за лёс радзімы. Цікавым і ўрачыстым быў канцэрт, які падрыхтавалі вядомыя на эміграцыі беларускія артысты, а таксама госці з Менска. Я з хваляваннем чакаў свайго выхаду — адразу ж пасля таго, як Мікола Скорыкаў выканае песню «Даставай, Язэп, гармонік!», прысвечаную дзеду Язэпу. Я вельмі хацеў, каб яна прагучала ў Амерыцы. Песню сустрэлі бурнымі воплескамі. Маё сэрца затрапяталася ад шчасця і хвалявання. Я дастаў з пакета дзедаў партрэт, які прывёз з сабой. Мне здалося, што дзедавы вочы пацяплелі і ранейшая туга непрыкметна растала ў ледзь бачнай усмешцы вуснаў. Напэўна, у той момант нашы душы і сутрэліся… Я выканаў волю дзеда: праз 80 гадоў ён вярнуўся ў Амерыку. Хоць бы ў песні свайго ўнука.

Пасля выступлення на XX сустрэчы нас запрасілі выступіць у Кліўлендзе і Саўт-Рыверы, Гэта былі самыя ўдалыя выступленні, бо на іх з’ехаліся беларусы з усяго наваколля. Мы былі для іх часцінкай некалі страчанай радзімы. Песню «Даставай, Язэп, гармонік!» М. Скорыкаў выконваў па ўсёй Амерыцы. I ўсюды яе сустракалі на «ўра». Гэта была наша даніна памяці дзеду Язэпу. Пасля канцэртаў да нас падыходзілі літаральна дзесяткі людзей, каб прывітацца, сказаць «дзякуй», пазнаёміцца, запрасіць у госці, папрасіць аўтограф… Было прыемна, што беларускае слова, беларуская песня хвалююць амерыканцаў. Яны былі ў захапленні.

Такія сустрэчы нікога не пакідалі раўнадушнымі. Напрыклад, спявачка Іна Афанасьева сказала мне пры развітанні: «Амерыка дапамагла мне адчуць сябе беларускай».

Нашы гастролі праляцелі як адно імгненне. Мае сябры вярнуліся дамоў, а я застаўся, каб напісаць кнігу пра нашых землякоў, што жывуць у Амерыцы. Была мара праехаць праз усю краіну — з поўначы ад Наталлі Арсенневай, на поўдзень у Фларыду, да Яна Пятроўскага. За сто дзён вандроўкі я сустрэўся не з адным дзесяткам амерыканскіх беларусаў, запісаў на магнітную стужку больш за 150 гадзінаў іх успамінаў і споведзяў, адзняў сотні фотакадраў. Маімі суразмоўцамі былі палітычныя і эканамічныя эмігранты, невяртанцы, уцекачы, дысідэнты, грамадскія дзеячы, пісьменнікі, вучоныя. Сярод іх і тыя, хто ў свой час знаходзіўся па другі ад савецкага бок ідэалагічнага і нават ваенных франтоў. Адных з іх вымусілі, другія самі вымушаны былі пакінуць бацькаўшчыну, каб захаваць галоўнае, дзеля чаго чалавек прыходзіць на гэты свет,— жыццё.

Амерыканскія беларусы не згубіліся ў свеце, захавалі сваю адметнасць і самавітасць, самаахвярна і цярпліва пранеслі па жыцці сваю беларускасць. Амерыка стала ім радзімай, але сваёй бацькаўшчынай яны па-ранейшаму лічаць Беларусь. Пра гэтых людзей у нас сказана і напісана шмат. Іх агулам называлі здраднікамі і нацыяналістамі, абвінавачвалі ў магчымых і немагчымых грахах. Але іх ніколі не выслухалі, не паспрабавалі зразумець, дапамагчы, разабрацца ў прычынах добраахвотнага ці вымушанага выгнання. Столькі гадоў Беларусь адмахвалася ад іх. Маўляў, не былі б вінаватымі — не ўцякалі б альбо вярнуліся б назад… 3 гэтай прычыны беларуская эміграцыя аказалася амаль сорак гадоў адрэзанай ад бацькаўшчыны не толькі акіянам, але і адгароджанай ад яе жалезнай заслонай і сцяной варожасці і недаверу.

Дзякуй Богу, той час, мабыць, мінуў. Сёння ўсім відавочна, што не ўсё так проста і адназначна, як пераконвалі нас дагэтуль. Бо ў кожнага эмігранта свае прычыны, што калісьці вымусілі яго пакінуць родную зямлю. I якія б яны ні былі тыя прычыны — у іх аснове заўжды вялікая чалавечая трагедыя. У Амерыцы я не сустрэў ніводнага беларуса, якога б абмінулі беды і няшчасці бацькаўшчыны. Размаўляючы з людзьмі, бачыў сваю задачу ў тым, каб даць ім магчымасць самім расказаць пра свой лёс і сваё жыццё. А мая роля абмяжоўвалася роляй мадэратара. Хай чытач не шукае ў кнізе нейкіх навуковых даследаванняў ці аўтарскіх ацэнак тых ці іншых меркаванняў маіх суразмоўцаў. Я расказваю пра эміграцыю праз аповяды беларусаў, воляй лёсу і абставін вымушаных жыць на чужыне. Мая кніга — пра беларускую душу, пра адчуванні беларусаў, якія заўсёды вызнавалі сябе беларусамі, дзе б яны ні былі, што б ні рабілі, да якіх бы канфесій ні належалі. Па форме гэта так званая магнітафонная ці дыктафоная літаратура, пачатак якой у Беларусі паклала кніга Я. Брыля, А. Адамовіча, Ул. Калесніка — «Я з вогненнай вёскі…» Апошнім часам плённа працуе ў гэтым жанры Святлана Алексіевіч. Мае суразмоўцы — паўнапраўныя аўтары кнігі, чые сведчанні, прызнанні яскрава і праўдзіва раскрываюць іх погляды і ўчынкі. Я імкнуўся па магчымасці захаваць лексіку, інтанацыю, настрой людзей, пакінуць жывыя галасы, жывы аповяд, падчас нават ігнаруючы правілы стылістыкі, граматыкі, умешваючыся як мага меней, дзеля таго, каб захаваць дакументальнасць, каб адчуць крохкую ауру беларускай Амерыкі.

Фрагменты з кнігі ў 1993 годзе друкаваліся ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», у «Народнай газеце», у газетах «Звязда» і «Рэспубліка». Яны выклікалі вялікую пошту і неадназначную рэакцыю. Асабліва месцы, дзе размова ішла аб падзеях другой сусветнай вайны. Зноў жа паўтараю, магчыма, для некага разважанні і погляды маіх суразмоўцаў здадуцца непрымальнымі. Што ж, права чалавека — мець і адстойваць сваю думку, хоць яна і розніцца ад агульнапрынятай ці, як нехта мяркуе, бясспрэчнай. Для мяне непрымальная роля пракурора. Мне, пісьменніку, людзі цікавыя перш за ўсё самі па сабе як асобы, а не як носьбіты пэўнай ідэалогіі. Я сустракаўся з беларусамі, якія працавалі ў беларускай адміністрацыі, нямецкіх гэбітскамісарыятах, у паліцыі і вайсковых падраздзяленнях, якія змагаліся супраць партызанаў… Я імкнуўся зразумець, што вымушала іх пайсці на такі крок, што рухала іх учынкамі і думкамі. Не збіраюся нікога абараняць ці абяляць. I ў той жа час я не суддзя гэтым людзям, і не мая справа выносіць прысуды. Для мяне бясспрэчна адно, што іх споведзі дапаўняюць праўду пра вайну, раскрываюць яе невядомыя старонкі. Гэта погляд з іншага боку. Многія мае субяседнікі з жахам і болем канстатавалі факт, што ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі распачалася сапраўдная грамадзянская вайна, калі брат ішоў на брата. Паваенныя эмігранты адчулі ўвесь жах той вайны, як кажуць, на ўласнай долі. Таму варта выслухаць іх хаця для таго, каб аб’ектыўна ўяўляць рэальны стан рэчаў. Размаўляючы з людзьмі, я настойліва і неадступна імкнуўся захоўваць пазіцыю нейтралітэту і неўмяшання, каб даць чытачу магчымасць вызначыць самому, на чыім баку праўда.

Не ўсе матэрыялы, запісаныя мной у Амерыцы, увайшлі ў кнігу. Пад адной вокладкай я сабраў найбольш тыповыя і характэрныя гутаркі, якія даюць агульнае ўяўленне пра феномен беларускага замежжа, яго найбольш выдатных прадстаўнікоў. Усе гэтыя сустрэчы пакінулі на сэрцы рубцы. Апавядаючы пра свой лёс, многія людзі плакалі. Не толькі жанчыны. Не мог стрымаць слёз, напрыклад, ужо пасівелы дзяцюк — Валодзя Крывіцкі, калі ўспамінаў бацьку, з якім яго назаўсёды разлучыла вайна. Ніколі не забуду чырвоных ад слёз вачэй Сяргея Карніловіча, што расчулена плакаў, пачуўшы родную песню. Плакаў 80-гадовы Браніслаў Даніловіч, слухаючы суродзічаў з бацькаўшчыны. Амерыканскія беларусы — людзі шчырыя, памяркоўныя, гасцінныя. Яны любяць бяседу і ўмеюць распавядаць. Аднак не заўсёды і не ўсе мае суразмоўцы былі адкрытымі. Некаторыя асцерагаліся, каб, крый Божа, неасцярожным словам не нашкодзіць родным, якія засталіся ў Беларусі. Былі і такія, хто па два-тры разы адкладваў сустрэчу, а пасля адмаўляўся ад размовы. «Яшчэ не час. У вас там так усё няпэўна…» Некалькі чалавек прасілі не называць іх імёны і прозвішчы. Не буду аб’ектыўным, калі скажу, што не бачыў людзей, злосных на Беларусь. Сустракаў двух ці трох пажылых людзей, якія ў пачатку размовы абрушвалі ўсю сваю злосць на мяне. Але спахапіўшыся, цішэлі, змаўкалі і прасілі прабачэння…

Большасць свядомай беларускай эміграцыі — людзі даволі сталага веку. Многім з іх па 70—90 гадоў… Кожны год на беларускіх могілках з’яўляюцца новыя і новыя магілы. Пакідаюць жыццё і ўдзельнікі гістарычных падзей на Беларусі. Толькі ў апошні час не стала М. Міцкевіча, П. Кажуры, Ул. Бычкоўскага… Літаральна на некалькі гадзін я не паспеў да Ігара Шчорса. Мы дамовіліся сустрэцца ў абед, а ў 10 гадзін раніцы яго сэрца спынілася навечна. Шкадую, што не паспеў запісаць успаміны пра саюз студэнцкай моладзі ў Вільні, пра Я. Коласа, К. Езавітава, якога ў 1945 годзе аперыраваў яго старэйшы брат — доктар Мікалай Шчорс… Са смуткам і болем успрыняў я вестку аб раптоўнай смерці цудоўнага чалавека Сяргея Карніловіча.

Не з усімі славутымі землякамі ўдалося спаткацца асабіста. Шмат гутарыў па тэлефоне — як жартавала Наталля Арсеннева, «вуха ў вуха» — з доктарам Янам Пятроўскім, Янкам Юхнаўцом, Масеем Сяднёвым, жонкай Уладзіміра Глыбіннага Ірынай Сядура і інш.

На вялікі жаль, я не знайшоў Алеся Змагара, Анатоля Бярозку… Затое пашанцавала ўзяць першае інтэрв’ю для беларускага чытача ў Старшыні Рады БНР доктара Язэпа Сажыча, кампазітара Пятра Нядзвецкага, беларускага дысідэнта Янкі Ханенкі, грамадскага дзеяча Кастуся Мерляка… Іх імёны альбо замоўчваліся, альбо практычна былі невядомыя на Беларусі.

Вандруючы па Амерыцы, размаўляючы з эмігрантамі, працуючы ў беларускіх архівах, я штораз вяртаўся да адной і той жа высновы: самае вялікае і дарагое, што мы, беларусы, маем,— гэта Беларусь, наша радзіма. Дзе б мы ні жылі, мы — яе дзеці. Яна адна можа нас памірыць, з’яднаць, парадніць, напоўніць сэнсам наша існаванне на гэтым свеце. Ад нас, беларусаў, патрабуецца толькі адно: любіць сваю маці-радзіму. Каб быць людзьмі, каб заставацца Беларусамі.

 

Пранчак, Л. І. Жыццё – кароткае, Радзіма – вечная : [прадмова] / Л. І. Пранчак // Пранчак, Л. І. Беларуская Амерыка / Л. І. Пранчак. – Мінск: Полымя, 1994. – С. 3-17.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed