Пошукавая работа, музеі баявой Славы

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна >>>

Гісторыка-краязнаўчы музей ЛДАКаЗ пісьма К. П. Костыравай піянерам СШ № 2Канько, Г. Па слядах баявой славыКанько, Г. «Следапыты». Гісторыя адной перапіскіМузей Крывошынскай школыМузей Куршынавіцкай школыМузей партызанская слава Свяціцкай школыПісьмо Алімпіяды Баранец піянерам Пранчакоўскай школыПісьмо В. А. Холчанка піянерам СШ № 2Пісьмо М. І. Пакраса піянерам СШ № 2Пісьмо чырвоным следапытам СШ №2 ад М. У. ПіддудыПошукавая работа ў Крывошынскай школеПра Івана Васілевіча Хмырова расказвае кіраўнік гісторыка-краязнаўчага гуртка

Два ваенныя дні

 У зале баявой славы гісторыка-краязнаўчага музея ЛДАКа ёсць экспазіцыя, прысвечаная баявому шляху 55-й стралковай дывізіі імя Варашылава, якая абараняла ляхавіцкую зямлю ад ворагаў у першыя дні вайны. Тут захоўваюцца дакументы і падрабязныя ўспаміны жыхароў тых мясцін, дзе праходзілі баі.

…Перад часцямі 55-й стралковай дывізіі ставілася задача заняць і абараняць рубяжы Стрэлава-Мілавіды-Кулікі, змяніўшы да 12 гадзін 24 чэрвеня на гэтым участку часці 205-й матарызаванай дывізіі, якія патрэбна было адвесці ў свой рэзерв. Аднак, запланаваная перадыслакацыя не была закончана: не прыбылі вялікая частка тылоў дывізіі, часць 128-га стралковага палка і артылерыя на конскай цязе, заканчвалася і гаручае ў аўтамабільным палку, які перавозіў дывізію, а запасы ў Слуцку былі вычарпаны, у распараджэнні толькі адзін камплект боепрыпасаў, супрацьтанкавых мін няма…

Раніцай 24 чэрвеня нямецкія танкі рухаліся з баямі па Варшаўскай шашы (Брэст-Слуцк), вось ужо захоплена вёска Мілавіды, а гэта на мяжы нашага раёна. Высланыя наперад атрады 55-й стралковай дывізіі не паспелі прыбыць на ўказаны рубеж, і на ляхавіцкай зямлі на трэці дзень вайны на рацэ Мышанка і ля вёскі Бярэзкі сустрэліся разведпадраздзяленні Гудэрыяна і 79-ы асобны разведбатальён 55-й стралковай дывізіі 26-га стралковага корпуса. Першы бой, а пасля два дні 24 і 25 чэрвеня 1941 года часці 55-й стралковай дывізіі імя Варашылава ў няпоўным саставе без камдзіва, пад агульным камандаваннем начальніка штаба падпалкоўніка Тэр-Гаспарана трымалі абарону. На два дні на ляхавіцкай зямлі былі затрыманы ўдарныя танкавыя часці гітлераўцаў групы армій “Цэнтр”, асноўнай задачай якіх была Масква. Гэтыя два дні значылі вельмі многае. Іх подзвіг можна параўнаць з абаронай Брэста і Мінска, Лепельскім контрударам і бітвай на Буйніцкім полі пад Магілёвам. Гэтыя два дні таксама набліжалі Перамогу…

А тым часам, атрымаўшы паведамленне разведкі аб праціўніку, перадавы атрад дывізіі з марша разгарнуўся на два бакі шашы. 111-ы стралковы полк пад камандаваннем капітана А. С. Бяляева пачаў рыхтавацца да абароны на рубяжы вёска Завінне-Завінская горка-вёска Марынова. У яго бая-вых парадках размясціліся суп-рацьтанкавыя пушкі 129-га асобнага супрацьтанкавага дывізіёна капітана П. П. Асташчанкі. 3-ці артылерыйскі дывізіён маёра В. I. Круглова са 141-га гаўбічнага артылерыйскага палка падаспеў на дапамогу перадавому атраду, дзякуючы механічнай цязе гармат. Яны занялі агнявыя пазіцыі па абодва бакі шашы, у 3-4 кіламетрах на ўсход ад пазіцый пяхоты. Не паспелі акапацца, як каля 13 гадзін на дарозе з’явілася калона нямецкай бранятэхнікі. Вось успаміны пра гэты бой разведчыка-карэкціроўшчыка штабной батарэі 141-га ГАП Дзмітрыя Іванавіча Дзергунова, 1919 года нараджэння (успаміны друкуюцца ўпершыню В. Т.): “…Не паспелі мы акапацца, як пасыпаліся снарады немцаў, на дарозе паказаліся гітлераўскія танкі. На перадавой адкрылі агонь мінамёты, супрацьтанкавыя пушкі, палкавая артылерыя, пачалася ружэйна-кулямётная стральба. Адкрылі агонь нашы гаўбіцы, над намі праляталі 40-кілаграмовыя снарады і з вялізарнай сілай узрываліся на дарозе, дзе гарэлі некалькі нямецкіх танкаў. Нам добра была бачна з горкі ўся лагчына. Гаўбічныя фугасы ўзрывалі шашу, узнімалі вялізарныя слупы пылу і шчэбеню, перакульваючы наступаючыя танкі. Пазванілі з пяхоты, што нямецкія танкі лявей дарогі абыходзяць абарону 111-га стралковага палка і пагражаюць нашым агнявым пазіцыям. Камандзір маёр Г. В. Сяроў загадаў В. I. Круглову выкаціць на шашу гаўбіцы і весці агонь прамой наводкай. Некалькі варожых машын адразу загарэліся, астатнія павярнулі назад, пяхота фашыстаў залягла. Нашы пехацінцы, акрыленыя поспехам, пайшлі ў атаку. Старшы лейтэнант Кузьменка пазваніў маёру Круглову і расказаў, як геройскі зма-гаюцца пяхота і артылерыя. Круглоў таксама паведаміў, што падбіта 10 танкаў і, калі так будзем змагацца, то ўсіх іх пераб’ём. А за лесам пачуўся гул матораў, мы падумалі, што зноў адновіцца  танкавая  атака, а з-за лесу з’явіліся нямецкія самалёты, якія ляцелі нізка над зямлёй і скідвалі бомбы на пазіцыі пяхоты і артылерыі. Шмат загінула людзей, шмат было знішчана тэхнікі і гармат. Але ніхто не пакідаў агнявыя пазіцыі, разлікі працягвалі весці агонь, бо немцы ўводзілі ў бой усё новыя падраздзяленні танкаў і пяхоты. Нашы сілы былі няроўнымі…”

Разумеючы, што на гэтым рубяжы ворага не затрымаць, падпалкоўнік Тэр-Гаспаран загадаў 111-му стралковаму палку і гаўбічнаму артдывізіёну адыходзіць на ўсходні бераг Шчары. Прыкрываць адыход дывізіі застаўся 129-ы асобны супрацьтанкавы дывізіён капітана П. П. Асташчанкі. Пра іх подзвіг, асабліва пра батарэю лейтэнанта С. П. Уцешава, ёсць шмат звестак, я прывяду ўспаміны мясцовых жыхароў.

У 60-ыя гады мінулага стагоддзя жыхар вёскі Завінне Дамінік Пятровіч Гурман расказваў: “Ніколі не забуду той жудаснай карціны, якую бачыў вунь там, за вёскай Завінне. Каля могілак біліся з немцамі нашы артылерысты са сваімі маленькімі, мабыць, супрацьтанкавымі, пушкамі. Думаю, што ўсе яны загінулі ў баі. Каля двух дзесяткаў танкаў з крыжамі яны спалілі. Гэтых нашых хлопцаў-герояў немцы доўга не дазвалялі хаваць. Нейкі іх генерал заварочваў з шашы сваіх малойчыкаў і строем прыводзіў паказваць поле бою ля могілак, маўляў, вось як трэба да канца стаяць…”

Вось расказ яшчэ аднаго мясцовага жыхара – Міхаіла Міхайлавіча Папко: “Так, быў і я там, на завіньскіх могілках. Хіба такое забываецца… Нашы былі ўсе як адзін – маладыя, прыго-жыя хлопцы. Так і ляжалі тва-рамі да ворага…”

Другі рубеж абароны па рацэ Шчара – вёскі Вонькі-Мінічы-Ма-зуркі ўтрымліваў другі эшалон 55-й стралковай дывізіі, які якраз падышоў, у складзе 284-га стралковага палка падпалкоўніка Чаганава, першы і другі гаўбічныя дывізіёны 141-га гаўбічнага арт-палка на коннай цязе. Праз мост на рацэ Шчара каля вёскі Мінічы спрабавалі прарвацца фашысцкія танкі і бронетранспарцёры. Тады ў контратаку на гітлераўцаў пайшлі астаткі байцоў разведбатальёна дывізіі. 3 успамінаў начальніка аператыўнага аддзела штаба артылерыі 55-й стралковай дывізіі Д. А. Марозава: “4 танкі БТ-7 з разведбатальёна пайшлі ў атаку супраць 10-ці фашысцкіх танкаў. На башнях нашых танкаў былі надпісы: “За Радзіму”, “Смерць гадам!”. Усе 4 танкі згарэлі ў няроўным баі, падбіўшы 5 фашысцкіх, і на некаторы час затрымалі іх рух…”

Як успамінаў начальнік штаба 4-й арміі палкоўнік Л. М. Сандалаў, бой доўжыўся з другой паловы 24 чэрвеня да ранку 25. Немцы былі спынены другім эшалонам 55-й стралковай дывізіі на рацэ Шчара, на 12 гадзін быў за-трыманы іх рух. Фашысты страцілі 30 танкаў і 18 гармат. Ноччу часці дывізіі пакінулі гэты рубеж.

Успаміны разведчыка-карэкціроўшчыка Д. I. Дзергунова: “На досвітку полк пакінуў гэты лес, зрашэчаны снарадамі, парыты ямамі. Мы таксама панеслі сур’ёзныя страты, але якімі б ні былі яны цяжкімі, байцы ў гэтую ноч адчулі сябе пераможцамі. Яны ўсведамлялі, што за імі раз-гортваюцца галоўныя сілы, выкарыстоўваючы гэтыя 12 гадзін, якія яны выйгралі ў крывавым баі…”

Трэці рубеж абароны 55-й стралковай дывізіі на ляхавіцкай зямлі праходзіў на рубяжы чыгунак Баранавічы-Лунінец, Ляхавічы-Русінавічы-Тальмінавічы. Пасля цяжкіх двух дзён вайны, без прыкрыцця з паветра, не атрымаўшы падмацавання, 55-я стралковая дывізія пасля цяжкага бою з пераўзыходзячымі сіламі ворага да канца дня 25 чэрвеня 1941 года пачала арганізаваны адыход у напрамку Сіняўка-Слуцк…

…Напярэдадні знамянальнай даты ля экспазіцыі музея, прысвечанай подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне, шмат наведвальнікаў: вучні школ, навучэнцы аграрнага каледжа, жыхары горада – маладыя і пажылыя. I праз 65 гадоў, і, напэўна ж, праз стагоддзі, удзячныя нашчадкі будуць памятаць пра подзвіг герояў.

Віктар ТАРАСЕВІЧ,

кіраўнік гісторыка-краязнаўчага гуртка ЛДАКа.

Тарасевіч, В. Два ваенныя дні: экспанаты гісторыка-краязнаўчага музея Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа расказваюць… / Віктар Тарасевіч // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – 31 сак. – С. 3.

3 пісьма Кацярыны Паўлаўны Костыравай, жонкі радавога Г. А. Шаўніна, піянерам Ляхавіцкай сярэдняй школы № 2

19 кастрычніка 1966 года

Добры дзенъ, дарагія піянеры!.. Дарагія дзеці, я вельмі была кранута вашым пісьмом і да глыбіні душы ўсхвалявана… Вельмі ж задаволена, што прайшло столькі гадоў,а памяць пра загінуўшых жыве. Мне б і самой вельмі хацелася пабываць там, дзе пахаваны мой муж.

…Выхоўваўся Георгій у беднай рабочай сям’і. Вельмі рана пайшоў працавацъ па най­му, потым атрымаў прафесію цырульніка і працаваў мужчынскім майстрам у цырульнях г. Пярмі.

Жылі мы з Георгіем дружна, ён мяне ніколі не крыўдзіў. Дзяцей у нас не было. Маці і сястра Георгія памерлі пасля вайны. Я працавала тэхнічкай, потым паштальёнам, а зараз на пенсіі.

У 1941, 6 верасня, Георгій Аляксандравіч быў прызваны ў РСЧА. Вось я і засталася адзінокай. Усё чакала, усё думала, што вер­нецца, але так і не дачакалася, засталася салдацкай удавой…

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 289.

Па слядах баявой славы. «ЛВ» запрашае чытачоў у падарожжа па музеі працоўнай і баявой славы СШ № 2 г. Ляхавічы

Гісторыя тут ва ўсім: у пажоўклых фотаздымках і палосах газет, у тым ліку і раёнкі, старых пісьмах і віншавальных паштоўках, на шматлікіх стэндах, у маўклівых сведках разнастайных падзей – экспанатах, у кожнага з якіх свой лёс і шлях на экспазіцыйны памост. «ЛВ» запрашае паважаных чытачоў у захапляльнае падарожжа па музеі працоўнай і баявой славы, які размясціўся ў СШ № 2 райцэнтра.

Наступіла 75-я мірная вясна. А экспазіцыя музея, хай не так імкліва і шырока, як раней, але папаўняецца. Чарговы экспанат – танкавы шлемафон – перадаў сёлета начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сідаровіч. Цяпер ваенны артэфакт, што застаўся ваенкаму ад дзеда, суседнічае з іншымі напамінамі пра той цяжкі, але гераічны час: гільзай, прыкладам, штыком, каскамі, стужкай ад ручнога кулямёта, салдацкай біклажкай… Колькі ўсяго яны маглі б расказаць пра тыя векапомныя падзеі, калі ўвесь народ – ад малога да сталага – паўстаў на барацьбу з ненавісным ворагам.

– Звычайна экскурсія па тэме «Вялікая Айчынная вайна» пачынаецца менавіта з гэтай экспазіцыі. Кожная падборка – пэўны этап вайны. Тут занатаваныя школьнікамі ўспаміны былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Паўла Мілюка, Таццяны Байрашэўскай, Алены Кіеня, Марыі Лентнер, Яўгеніі Кудзін, Зоі Осіпавай. Зоя Яфімаўна, дарэчы, працавала настаўніцай у СШ № 2, – знаёміць з сабранымі матэрыяламі кіраўнік музея настаўнік гісторыі СШ № 2 Віталій Толкач.

А вось і знаёмы і такі блізкі сэрцу аркуш з першым нумарам «Совецкага патрыёта», які таксама біў ворага трапным праўдзівым словам. Побач пісьмы, на якіх зваротнымі адрасамі з’яўляюцца Баку, Масква, Кіраўская, Горкаўская, Маскоўская воблас-ці… І гэта толькі частка перапіскі, якую вялі школьнікі-пошукаўцы разам з настаўніцай Вольгай Альшаковай, з роднымі і блізкімі тых, хто змагаўся з фашыстамі на тэрыторыі Ляхавіччыны.
Гартаючы старонкі чарговай папкі «Вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і чытаючы замалёўкі, нельга стрымаць слёз. Кожны аповяд – боль і горыч за мірных людзей, над якімі здзекаваліся фашысты і прыслужнікі-паліцаі. Вось піша настаўнік У. Мацкевіч ў артыкуле «Не скарылася вёска»: «На правым беразе Шчары раскінулася вёска Залужжа. Дабротныя будынкі, шырокія вуліцы радуюць вока. Шчаслівае, радаснае жыццё пад мірным небам. Нялёгкім быў да яго шлях. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю залужан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Першымі ахвярамі фашыстаў сталі камсамольцы Васіль Выдрыч і Раман Лапіч. Фашысты завезлі іх у Мілавіды і расстралялі. Гэта было ў ліпені 1942 года. Крыху пазней гітлераўцы расправіліся і з пяццю тухавіцкімі патрыётамі…».

Чарговы прыпынак памяці – Жарабковічы. «Ля Дома культуры стаіць помнік воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні гэтага краю ад гітлераўскіх акупантаў. Сціплы сюжэт: выліты з бронзы салдат у вечнай журбе схіліў галаву над магілай…» (артыкул «Бронзавы салдат», 31 студзеня 2007 года, «Ляхавіцкі веснік»). Наступныя радкі аддаюць нясцерпным болем чалавека – сведкі фашысцкай акупацыі. Бацьку Марыі Галіцкай з Куршынавічаў расстралялі карнікі: «Мой тата да вайны быў старшынёй Куршынавіцкага сельскага Савета. Аднойчы ноччу, калі ўсе спалі, каля нашай хаты спынілася машына з немцамі. Нібы прадчуваючы бяду, моцна забілася сэрца. Забралі тату. Я выбегла з хаты і пачала прасіць фашыстаў, каб яго адпусцілі. Але ні мае просьбы, ні дзіцячыя слёзы не змаглі выратаваць ад смерці дарагога нам чалавека. У тую ноч расстралялі не толькі майго бацьку. Мама засталася адна выхоўваць васьмярых дзяцей».

Шмат матэрыялу сабрала, апрацавала і шчыра напісала рэферат на тэму «Спаленыя вёскі Беларусі» сённяшняя школьніца Дар’я Коршун.

Стэнд «Помнім, ганарымся» расказвае пра землякоў – герояў Вялікай Айчыннай Фёдара Лойку, Рыгора Логвіна, Кацярыну Інтарынаву.
Адна з самых шырокіх экспазіцый аб’яднала два стэнды. «Народныя мсціўцы» з фотаздымкамі падпольшчыкаў, тут жа карта-схема дзеянняў партызан атрада імя Суворава брыгады «Савецкая Беларусь». Пра нескароных духам, адважных і мужных народных мсціўцаў расказвае стэнд «Партызанскі рух». З фотаздымкаў, нібы прывітанне з мінулага, глядзяць маладыя твары партызан, якія пасля Перамогі звязалі свой лёс з Ляхавіцкім раёнам. У асноўным, гэта члены атрадаў, што ўваходзілі ў склад 19-й брыгады імя Молатава і 20-й імя Грызадубавай – Уладзімір Пархомчык, Мікалай Стасевіч, Міхаіл Васілевіч, Міхаіл Размысловіч, Васілій Каравы, Алена Пацкевіч, Ісаак Бярковіч і іншыя.

«Яны вызвалялі наш горад» – стэнд, прысвечаны радавым і камандзірам, якія ў складзе сваіх вайсковых падраздзяленняў – 193-й стралковай Дняпроўскай ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава і Кутузава дывізіі, 52-й гвардзейскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі – ачышчалі ад гітлераўцаў Ляхавіцкі раён. Прозвішчы вызваліцеляў назаўжды ў памяці ўдзяч-ных нашчадкаў. І не гасне Вечны агонь, і ляжаць кветкі каля брацкай магілы загінулым пры вызваленні Ляхавічаў.

А ў музеі СШ № 2 чырвоным ззяннем аксаміту вабіць паштоўка, нібы запрашае: не праходзь, пачытай. Гэта вершаванае пасланне да юных ляхавіцкіх следапытаў, датаванае 1966 годам. Прыйшло з Херсона ад Вассы Магілеўскай, жонкі Магілеўскага Л. С., загінулага пры вызваленні нашага райцэнтра.

Каля наступнага экспаната нельга проста прайсці, абавязкова спынішся і схіліш галаву ў знак памяці і пашаны. У вялікай скрыні –
чырвоныя мяшочкі, у кожным з якіх зямля з брацкіх магіл, што знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. Яны сабраны летась падчас акцыі «У славу агульнай Перамогі».

Бягучы навучальны год у СШ № 2 насычаны разнастайнымі музейнымі мерапрыемствамі: конкурсы, выставы, экспазіцыі, этапы пошукава-даследчай работы атрада «Следапыты», шматлікія акцыі, прымеркаваныя да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Члены атрада «Следапыты», створанага ў 2018 годзе, – цікаўная, апантаная дзясятка вучняў-старшакласнікаў. Самыя актыўныя яе прадстаўнікі Ксенія Ваўрышчук, Ягор Пятроўскі і Вікторыя Боднар. «Следапытаўцы» ініцыятыўна і з натхненнем займаюцца пошукавай дзейнасцю, афармляюць стэнды, дапаўняюць іх новымі матэрыяламі. Сённяшнія прыхільнікі гісторыі – актыўныя прадаўжальнікі патрэбнай справы сваіх папярэднікаў – тых, хто пад кіраўніцтвам гісторыка Уладзіміра Скалабана пачаў гэты пошук, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак з атрада «Чырвоныя следапыты», якім шмат гадоў кіравала настаўніца гісторыі Вольга Альшакова.

Рабяты і настаўнікі ўзрушаны шыкоўным падарункам, які ў маі мінулага года перадалі ў фонды музея прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі Ляхавіччыны.

– На месцы пахавання невядомага салдата-чырвонаармейца, загінулага ў чэрвені 1941 года, падчас раскопак каля вёскі Мазуркі знойдзены лыжка, ключ, сцізорык, куля. Цяпер яны захоўваюцца ў музеі. Але разгадка яшчэ адной невядомай старонкі Вялікай Айчыннай прадаўжаецца. Нашы «Следапыты» распрацавалі пошукавую аперацыю, каб устанавіць імя невядомага героя, чые астанкі ў 1986 годзе перапахаваны ў брацкую магілу на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. Цяпер вось рыхтуем запыт у Міністэрства абароны, – расказвае кіраўнік музея.

Увогуле, жыццё «Следапытаў» разнапланавае. Рабяты клапоцяцца пра брацкую магілу ў вёсцы Грушаўка (наводзяць парадак, падфарбоўваюць). На раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі «З навукай у будучыню» работа Ксеніі Ваўрышчук па тэме «Дзве палавінкі аднаго лёсу» (кіраўнік праекта Віталій Толкач) пра мірнае жыццё і ваенны подзвіг франтавіка, славутага партызанскага камандзіра, аднаго з першых рэдактараў «Совецкага патрыёта» Аляксандра Астапава і яго свата, таксама ветэрана Вялікай Айчынай вайны Браніслава Коктыша, трапіла ў лік прызёраў.

Трэба бачыць, з якой увагай сочаць за кожным словам экскурсаводаў, знаёмяцца з напамінамі аб вайне сённяшнія школьнікі падчас музейных урокаў, прысвечаных тэме «Наш край». А яшчэ тут ладзяцца экскурсіі, сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі, заняткі. Тэматычныя экскурсіі распрацоўвае лектарская група пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Таццяны Шпак. Да кожнага выступлення – сур’ёзная падрыхтоўка. Асабліва захоплены лектарскай справай вучаніцы 10 «А» класа Ангеліна Ламанос і Дар’я Дзямід.

Галіна КАНЬКО.

 

Канько, Г. Па слядах баявой славы / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. — 2020. —  № 25. — 1красавіка. —  С. 4.

 

«Следапыты». Гісторыя адной перапіскі

Што звязвае Ляхавічы і Новасібірск

Па планеце ўпэўнена крочыць, набіраецца сіл мірная вясна-2019. Усё далей і далей водгукі пераможных залпаў мая 1945 года, але рэха Вялікай Айчыннай і сёння заклікае: людзі, помніце ўсіх, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам вялікае шчасце – жыць пад мірным небам.

На мінулым тыдні на электронны адрас СШ № 2 прыйшло пісьмо з Расіі. «Добры дзень, паважаныя настаўнікі і вучні школы! Справа ў тым, што мой бацька Папоў Міхаіл Абрамавіч, ураджэнец сібірскай вёскі Лобіна, быў адным з тых, хто летам 1944 года ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, у тым ліку Ляхавіцкага раёна. У складзе 48-й гвардзейскай дывізіі Першага Беларускага фронту, ён з баямі прайшоў да Заходняга Буга. Бацька расказваў, што баі былі вельмі жорсткія. Фарсіраваць рэкі Арэса, Лань даводзілася пад прыцэльным агнём гітлераўцаў. Асабліва супраціўляліся фашысты на рацэ Шчара…» – так пачынаецца электронны ліст Аляксандра Міхайлавіча Папова.

Чаму ў якасці адрасата выбрана Ляхавіцкая СШ № 2? Усё проста. Не так даўно ў далёкім Новасібірску Аляксандр Папоў перабіраў сямейны архіў і натыкнуўся на пажоўклыя аркушы – перапіску бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Папова і чырвоных следапытаў
СШ № 2, датаваную 1987 годам.

«…Піша вам ветэран 48-й Гвардзейскай Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі. Дзякуй за пісьмо і віншаванні. Пра сябе: нарадзіўся ў 1923 годзе. У 1942 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Свой баявы шлях пачаў пад Бранскам, вызваляў Крывы Рог, удзельнічаў у знакамітай ваеннай аперацыі «Багратыён», за што атрымаў падзякі Вярхоўнага галоўнакамандуючага «За прарыў абароны пад Бабруйскам», «За вызваленне Брэста». За разгром фашыстаў пад Баранавічамі ордэнам Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны родны 143-ці гвардзейскі стралковы полк, дзе я быў наводчыкам гарматы –падтрымліваў  пяхоту агнём…»

З перапіскі стала вядома, што ў шматгалоссі тых, хто 9 мая 1945 года ў Празе гучна крычаў «Перамога!», быў і гвардзеец Міхаіл Папоў, на гімнасцёрцы якога ззялі ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, Славы і шматлікія медалі.

У пасляваенны час ён спраўдзіў сваю дзіцячую мару: стаў настаўнікам і вучыў дзяцей у СШ № 2 г. Карасука ў Сібіры. Яго сын паведаміў, што бацька добра валодаў слясарнай і такарнай справай, вёў разнастайныя гурткі ў школе, прыгожа маляваў і часта расказваў пра ваенны час.

Днямі рабяты і настаўнікі СШ № 2 падрыхтавалі пісьмо ў адказ, падзякавалі за каштоўную інфармацыю пра ветэрана, які вызваляў Ляхавіцкі раён ад фашысцкіх акупантаў:
«Даныя пра Вашага бацьку Папова Міхаіла Абрамавіча, яго ваенны фотаздымак мы змесцім у нашым школьным музеі, як і перапіску з Вамі.»

Прывітанне з мінулага. Такое ж нечаканае, як і сустрэча восенню 2018 года з роднымі лейтэнанта Смаіла Абдрахімава, які загінуў 6 чэрвеня 1944 года пры вызваленні Ляхавіцкага раёна. Яна адбылася ў тым ліку і з удзелам школьнага атрада «Следапыты», якім кіруе настаўнік гісторыі СШ № 2 Аляксандр Толкач.

– Дзякуючы неўміручаму подзвігу нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія выстаялі і перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, мы жывём у незалежнай Беларусі, радуемся кожнаму дню, будуем, вырошчваем хлеб, вучымся, працуем, кахаем, выхоўваем дзяцей і ўнукаў. І беражліва з пакалення ў пакаленне перадаём свяшчэнную памяць пра тых, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам гэта шчасце. Надзвычай важна шанаваць гэту памяць, прымнажаць і, канешне, адкрываць новыя старонкі той далёкай вайны. Менавіта гэтым займаецца наш пошукавы атрад, – расказвае Аляксандр Толкач.

«Следапыты» прадаўжаюць справу сваіх папярэднікаў – спачатку тых школьнікаў, якія пад кіраўніцтвам гісторыка Уладзіміра Скалабана пачалі гэты пошук, потым тых хлопчыкаў і дзяўчынак з атрада «Чырвоныя следапыты», якімі кіравала настаўніца гісторыі Вольга Альшакова.

– Адна справа – вучыць гісторыю па кнізе. Зусім іншая – самому збіраць матэрыял. Калі перабіраеш франтавыя пісьмы, уяўляеш той страшны і гераічны час, бачыш твары тых, хто набліжаў Перамогу, – лічыць адзінаццацікласніца Дзіяна Юрчык.

Яе сяброўка і таксама ўдзельніца «Следапытаў» Кацярына Рахманец дадае:

– Хто не шануе гісторыю – не мае будучыні. Гэта не проста словы, заклік да дзейнасці.

«Следапыты» – не адзінае аб’яднанне на базе школьнага музея баявой і працоўнай славы, які нарэшце некалькі гадоў назад аднавіў сваю работу і пераехаў у новае памяшканне.

Музейная гісторыя і звязаныя з ёй пошукавыя работы ў СШ № 2
пачаліся шмат дзесяцігоддзяў назад. Памятаю, як мы, школьнікі, пісалі пісьмы салдатам, наладжвалі сувязь з былымі партызанамі і падпольшчыкамі, шэфствавалі над ветэранамі Вялікай Айчыннай, запрашалі іх на піянерскія зборы, слухалі ўспаміны… Піянерская дружына школы і тады, і цяпер носіць імя Героя Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Гастэлы, які 26 чэрвеня 1941 года направіў ахоплены агнём самалёт на механізаваную калону гітлераўцаў. Галоўным заахвочваннем для актыўных акцябрат і піянераў было наведванне Брэсцкай крэпасці і мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

– Мы абавязаны захаваць усё, што з такім натхненнем збіралі колішнія вучні і настаўнікі, і па магчымасці прымножыць, – гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 Наталля Кудраўцава.

У вялікай зале музея – некалькі экспазіцый і мноства экспанатаў. У кожнага свая гісторыя. Фотаздымкі ваенных часоў і сустрэч школьнікаў з ветэранамі ў мірны час, перапіска з салдатамі Перамогі, каскі, кулямётная стужка – усяму знайшлося месца. Музей – сапраўдная скарбонка памяці, дзе беражліва захоўваюцца бясцэнныя рэліквіі. І, магчыма, адной з іх стане чарговае пісьмо ад невядомага чалавека:

«Прывітанне рабяты і настаўнікі. Піша вам унук ветэрана…»

Галіна Канько.

 

Канько, Г. «Следапыты». Гісторыя адной перапіскі / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. — 2019. —  № 24. — 27 сакавіка. —  С. 4.

Прамой наводкай

 Словы ветэрана – заўсёды падзея. Успаміны салдата шчодрыя і адкрытыя. Ветэраны ехалі ў спецыяльна выдзеленым для іх аўтобусе па Брэсцкай магістралі і ўспаміналі былыя баі.

Сярод іх быў баец 141 гаўбічнага артылерыйскага палка Дзмітрый Іванавіч Дзергуноў, які жыве цяпер у горадзе Ялта. За вокнамі былі месцы баёў: і берагі невялікай рэчкі Мышанка, і вёска Марынова, і сама Брэсцкая шаша, і рака Шчара, і вёска Мінічы, і вёска Гарадзішча каля чыгуначнага пераезду – усё было тады нанесена на геаграфічнай карце. І менавіта вось тут капалі агнявыя пазіцыі, глохлі ад залпаў, кацілі наперад гарматы.

Успаміны вутэрана – гэта наша гістарычная каштоўнасць. Нялёгка бывае салдату звяртацца ў думках да мінулага. Зноў і зноў ён чуе надрыўны трэск снарадаў, бачыць жэрлы атакуючых танкаў, перажывае гібель таварышаў. Аб чым бы ні былі гэтыя ўспаміны, яны заўсёды аб галоўным.

Ветэраны заехалі ў нашу школу і наведалі музей. Вось мы каля раздзела экспазіцыі “141 гаўбічны артылерыйскі полк”. На стэндзе фатаграфіі камандзіра палка Г. В. Сярова, начальніка штаба Ф. П. Кражава, старшага батальённага камісара Е. Л. Зільбермана, У. М. Туманава, П. М. Бельдзіева, Ф. М. Гаранжы і іншых байцоў і камандзіраў палка. Ёсць тут і фатаграфія Д. І. Дзергунова.

Пільна ўглядаўся ветэран у фатаграфіі баявых таварышаў і ўспамінаў.

… 24 чэрвеня 1941 года. Агнявыя пазіцыі 141 гаўбічны артылерыйскі полк заняў на ўзвышшы паміж вёскамі Русінавічы і Тальмінавічы. Камандзір палка Г. В. Сяроў загадаў гарматы паставіць на прамую наводку. У палку не хапала людзей, гармат і тэхнікі, бо ён цяжкія страты панёс у баі на рацэ Шчара. Але маральны і баявы дух саставу палка быў высокім.

З пазіцыі артылерыстаў добра была відаць чыгунка, пераезд, шаша. Бліжэй да пераезду стаялі гарматы 1-га артдывізіёна, якім камандаваў П. М. Бельдзіеў. Фашысцкія танкі рухаліся па шашы. Гітлераўцы не чакалі сустрэць тут сур’ёзнае супраціўленне. Іх авіяцыя панавала ў паветры, наносіла ўдары па шашы, але вораг не ўлічваў майстэрства і стойкасць савецкіх артылерыстаў. Капітан Бельдзіеў уважліва назіраў у бінокль за рухам варожай калоны. Вось галоўны танк параўняўся з арыецірам.

– Па фашыстах – агонь – раздалася каманда.

Снарад трапіў у цэль. Танк загарэўся. Яшчэ некалькі трапных стрэлаў, і з перабітай гусеніцай бездапаможна закруцілася на месцы другая машына. З трэцяй зляцела вежа.

Ніколі яшчэ артылерыстам не даводзілася працаваць у такім напружаным тэмпе. Раскаты гарматнага грукату разносіліся па полі. Танкі таксама вялі агонь. Цяжка паранены наводчык і камандзір 2-й гарматы. Тады за панараму стаў капітан Бельдзіеў. Падбіты варожы танк. Яшчэ адзін… выйшлі са строю тры гарматныя нумары 4-й гарматы. Тады Ф. М. Гаранжа пачаў выконваць абавязкі падносчыка снарадаў і заражаючага.

Хістаючыся ад стомы, артылерысты трымаюць абарону. Яны стаяць насмерць. Гарматы працягваюць страляць. Ужо пяць танкаў гарыць. У фашыстаў здаюць нервы. Ашаломленыя стойкасцю савецкіх артылерыстаў, яны паварочваюць з шашы на поле, адмовіўшыся ад атакі. Артылерысты выйгралі каштоўны час, каб папоўніць свае сілы.

Тальмінавіцкі рубеж абароны… Гэта свяшчэнныя і памятныя мясціны на нашай зямлі. На гэтым полі сям-там стаяць старыя дрэвы. Іх ствалы ўвабралі ў сябе сталь асколкаў. На гэтым рубяжы здзейснілі подзвіг савецкія артылерысты. Іх подзвіг – вечны напамін усім пакаленням, як трэба абараняць Радіму.

                                                                   А. Шавель,

                                                           настаўнік Крывошынскай СШ.

 Шавель, А. Прамой наводкай: [тальмінавіцкі рубеж абароны] / А. Шавель // Будаўнік камунізму. – 1983. – 19 лістапада. – С. 3.

ПАМЯЦЬ РОДНАЙ ЗЯМЛІ

 Марына Станіславовіч, настаўнік гісторыі Куршынавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

Вялікая Айчынная вайна закончылася 64 гады назад. Кожны трэці беларус ахвяраваў жыццём дзеля свабоды Радзімы, y кожнай сям’і жыве незагойны боль за загінуўшага брата, родзіча — жніво вайны было багатае. 3 кожным годам усё менш застаецца сведкаў і ўдзельнікаў гэтай самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва, якія маглі б расказаць пра яе.

Большая частка сучаснай моладзі мала што ведае пра трагічныя падзеі 1941—1945 гг. Дзеля таго каб пазбегнуць паўтарэння трагедыі, неабходна, знаёмячы дзяцей з ваенным ліхалеццем праз краязнаўчую працу, урокі сустрэч з відавочцамі і ўдзельнікамі гэтай вайны, садзейнічаць фарміраванню патрыятызму сярод моладзі. Менавіта краязнаўчая праца дае нам магчымасць праз факты, з’явы і вобразы больш дасканала і асэнсавана вывучаць гісторыю Беларусі на прыкладзе гісторыі сваёй малой радзімы. Безумоўна, гэта дапамагае дзецям y станаўленні светапогляду, вучыць іх захоўваць каштоўнасці гісторыі, культуры, прыроды, паглыбляць веды пра значныя падзеі мінуўшчыны і сучаснасці. Краязнаўчая работа здольная сфарміраваць y маладога пакалення эмацыянальна афарбаваныя адносіны да тых ці іншых гістарычных фактаў, патрэбная для пачуццёвага пранікнення ў гісторыю.

Акрамя таго, краязнаўства вучыць школьнікаў атрымліваць веды, абапіраючыся на першакрыніцы. Вынікам нашай крапатлівай працы стала стварэнне ў 2003 г. школьнага музея. Калі мы займаліся зборам экспанатаў, то абавязкова сустракаліся са старэйшымі жыхарамі вёсак, з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Больш падрабязнае апісанне гісторыі станаўлення і развіцця краязнаўчай дзейнасці вучняў Куршынавіцкай сярэдняй школы можна прачытаць y часопісе «Пазашколь­нае выхаванне» (2008, № 11), a таксама ў навукова-метадычным выданні «Беларускі гістарычны часопіс» (2008, № 12).

Падчас пошукава-даследчай працы была арганізавана спроба сабраць, абагульніць і сістэматызаваць інфармацыю пра падзеі ваеннага ліхалецця ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта своеасаблівая заяўка на ўключэнне старонкі гісторыі нашай спадчыны ў агульную гісторыю Радзімы. Гэта і спроба паказаць на прыкладзе краязнаўчай працы Куршынавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна працэс ідэалагічнага выхавання юнага пакалення.

Мэта артыкула — паказаць мужнасць і гераізм беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на прыкладзе гераічных старонак малой радзімы, a таксама выхаваўчую і адукацыйную функцыі краязнаўства ў сістэме пазашкольнай работы.

   Задачы

 

  1. Даследаваць асобныя этапы гераічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія сведчаць пра вялікі ўклад беларускага народа, y тым ліку і жыхароў нашай вёскі, y перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
  2. На аснове сабранага дакументальнага матэрыялу і запісаў успамінаў сведкаў ваеннага ліхалецця раскрыць сутнасць акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду і фактаў насілля ў гады вайны.

Праца выканана на базе краязнаўчага музея Куршынавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.

 Памяць роднай зямлі

 I цвіце сон-трава, і звініць сон-трава —

Гата памяць зямлі прарастае.

I цвіце сон-трава, і звініць сон-трава —

Нашы душы гукае, гукае…

 

Вераломны напад гітлераўскай Германіі перарваў мірнае жыццё нашай краіны.

3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны народ стаў на абарону сваёй Радзімы. Не абмінула ліхалецце і Ляхавіччыну. Дваццаць чацвёртага чэрвеня 1941 г. на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна каля вёскі Завінне 55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з ворагам, y якіх загінула шмат савецкіх салдат. Толькі ў брацкай магіле ў вёсцы Завінне пахаваны больш за 200 воінаў. На месцы бою на рацэ Шчара ў 1967 г. быў насыпаны Курган Славы.

У першыя дні вайны больш за 60 чалавек з вёскі Куршынавічы ўліліся ў рады Чырвонай арміі. Не ўсе дажылі да светлага Дня Перамогі. Дзесяць воінаў-землякоў развіталіся з жыццём на франтах вайны.

Прапалі без вестак: A. І. Татарыновіч, A. А. Татарыновіч, Б. I. Шпак, У. А. Шпак. Летам 1944 г. ад рук бандытаў загінулі А. Ф. Гаўдзіс, I. А. Жыжа, I. М. Татарыновіч.

Ужо ў першыя дні вайны германскія войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне войскаў Чырвонай арміі. У гісторыю ўвайшлі шматлікія прыклады мужнасці і гераізму савецкіх лётчыкаў і салдат.

 3 успамінаў Б. С. Татарыновіча (1933 г. нар.), жыхара в. Куршынавічы

 У першыя дні вайны я назіраў за боем нашых лётчыкаў. Самалётаў савецкіх было тры. Адзін змагаўся ў раёне в. Смаленікі, a другі — збоку Лапаціч, трэці — акурат каля майго хутара. Толькі бой гэты быў няроўны. На адзін наш самалёт прыходзілася тры варожыя.

Затаіўшыся на ўскрайку бульбянога поля, каля маладога ельніку, я сачыў за паветраным боем нашых адважных лётчыкаў. Так хацелася тады ім дапамагчы. Але ўсе яны былі збіты немцамі.

Першым загарэўся самалёт, які змагаўся кяля в. Смаленікі, a потым другі з боку Лапаціч. Хутка я заўважыў полымя з левага боку самалёта. Адзін лётчык выскачыў з парашутам, a другому гэта ўдалося пры пасадцы самалёта. Ён быў паранены ў нагу. Як толькі самалёт спыніўся, адразу ж адбыўся выбух бензабакаў. Самалёт ахапіла полымя, і да яго нельга было падступіцца. У гэтым полымі зажыва гарэў трэці лётчык. Ніхто не мог дапамагчы яму.

Той лётчык, што выскачыў з парашутам, папрасіў нашых жанчын прынесці зношанае палатно, каб перавязаць нагу параненаму сябру. Майго бацьку ён папрасіў запрэгчы каня і адвезці іх на станцыю ў Буды. Што ён і зрабіў.

Я помню і сёння, што самалёт ІЛ-2 меў 12-ты нумар. Параненаму лётчыку аказалі медыцынскую дапамогу, a потым ім дапамаглі дабрацца да чыгуначнай станцыі ў Буды. Лётчыкі прасілі пахаваць баявога сябра Івана.

Ноччу мужчыны збілі дамавіну і пахавалі лётчыка на невялічкім узгорку каля сасны, што расце і па сённяшні час, y пачатку вёскі.

Нa часова акупіраваных тэрыторыях устанаўліваецца рэжым тэрору і насілля. Ахвярамі захопнікаў y першую чаргу сталі актывісты, камсамольцы і камуністы. 3 першых дзён агрэсары ўчынялі масавыя расправы над мірным насельніцтвам. У ліпені 1941 года немцы расстралялі дэпутатаў Куршынавіцкага сельсавета Іосіфа Францавіча Галіцкага і Уладзіміра Вікенцьевіча Грыба і актывістаў Івана Вікенцьевіча Грыба і Аляксандра Станіслававіча Жыжа.

 3 успамінаў дачкі расстралянага карнікамі I. Ф. Галіцкага Марыі Іосіфаўны Галіцкай

 Вельмі цяжка было ў час вайны. Мой тата быў старшынёй Куршынавіцкага сельскага савета, таму вельмі часта ездзіў на розныя зборы. Ён нават бачыў Леніна.

Аднойчы для нашай сям’і наступіла страшная гадзіна. Ноччу, калі ўсе спалі, да нашай хаты пад’ехала машына з немцамі. Пастукалі ў дзверы. Гэтак маглі стукаць толькі немцы. 3 нас, дзяцей, ужо ніхто не спаў. Быццам бы прадчуваючы бяду, моцна забілася сэрца. 3 прыходам немцаў y хату ўсім стала зразумела, за кім прыехалі. Калі ўсе былі ў двары, я выбегла з хаты і пачала прасіць, каб адпусцілі майго тату.

Але праклятыя немцы не слухалі. Я яшчэ доўга бегла за машынай па вёсцы, слёзна просячы адпусціць бацьку. Толькі вось ні мае просьбы, ні дзіцячыя слёзы не змаглі выратаваць ад смерці дарагога нам чалавека. Да нашай хаты немцаў прывёў чалавек з нашай вёскі, але я вам не скажу яго імя. Ён ужо даўно памёр. У той час мой тата і гэты чалавек нечага паспрачаліся. У тую ноч немцы забралі не толькі тату. Усіх іх расстралялі.

 Трохі адпачыўшы, Марыя Іосіфаўна сказала:

Нас y сям’і было восем дзяцей. Мы стараліся дапамагаць маме, але з цягам часу станавілася ўсё цяжэй. Немцы прымушалі моладзь працаваць y асноўным y лесе. Мы павінны былі з бярвёнаў рабіць дылі (тоўстыя доскі. — Аўт.) і вымошчваць імі дарогу з Будаў y Куршынавічы. Гэта зараз добрая дарога, a некалі з прыходам дажджоў была вельмі дрэнная. Яны баяліся ездзіць па нашых дарогах, на якіх партызаны часта пакідалі “гасцінцы”, асабліва нямецкія афіцэры. Пасадзяць двух чалавек на капот машыны і едуць гэтак па дарозе да Куршынавіч. Мне таксама прыйшлося ехаць на машыне разам з маёй сяброўкай, з якой мы сядзелі, моцна абняўшыся, і малілі Бога, каб толькі неаказалася ў гэты дзень замініравана дарога.

А 23 сакавіка 1943 года ўся вясковая моладзь павінна была з’явіцца ў камендатуру, якая размяшчалася ў Мядзведзічах, для рэгістрацыі. Ды толькі ўсё гэта быў падман. Усіх, хто прыйшоў y той дзень y камендатуру, пагрузілі ў машыны і вывезлі ў Германію.

Акрамя працы ў лесе жыхарам нашай вёскі неабходна было здаваць немцам хлеб, малако, яйкі, мяса, a яны ўжо выпісвалі нам паперу, якая сведчыла аб тым, што было здадзена. Толькі ім гэтага было мала. Яшчэ і паліцаі хадзілі па дварах. Калі ведалі, што ў каго ёсць конь, карова, свінні, таксама забіралі. Не грэбавалі нават курамі.

3 людзей спаганялі падушны, пазямельны, адміністрацыйны падаткі, страхавы збор. Сялянам даводзіліся нормы абавязковых паставак, грашовыя падаткі. Плацілі падаткі і на ўтрыманне мясцовых акупацыйных улад.

 Палітыка генацыду

Ha захопленай тэрыторыі былі абмежаваны грамадзянскія правы мясцовых жыхароў, абвешчана надзвычайнае становішча. Насельніцтва падлягала абавязковаму ўліку, забаранялася дзейнасць усіх арганізацый, правядзенне мітынгаў і сходаў. Уводзіўся прапускны рэжым, дзейнічаў каменданцкі час.

 3 успамінаў Л. I. Кірылік

 Дваццаць чацвёртага чэрвеня 1941 года было чуваць за далёкім лесам, што ішлі баі. I нам здавалася, што ніколі не заціхнуць гэтыя жудасныя выбухі снарадаў і бомбаў. Бой працягваўся да самай позняй ночы. 3 першымі промнямі сонца немцы зноў пачалі бой. Дваццаць пятага чэрвеня ў баі за наш раён каля вёскі Куршынавічы быў збіты савецкі самалёт. Жыхары гэтай вёскі казалі, што лётчыкі загінулі.

Недалёка ад майго хутара таксама быў збіты савецкі самалёт, але ён упаў y балота, якое знаходзілася акурат з кіламетр ад маёй сядзібы. На жаль, лётчыкі засталіся ў самалёце. Калі мы дабеглі да краю балота, то ўбачылі, што большая палова самалёта была ў вадзе. Доўгі час толькі частка крыла з чырвонай зоркай заставалася на паверхні балотнай гаці. 3 цягам часу знікла і яна.

Нядоўга прыйшлося чакаць прыходу немцаў. Наступнага дня з самага рання з’явіліся на машынах і матацыклах. Як яны казалі, новы парадак устанаўліваць. Толькі вось гэтага парадку мы не бачылі. Марадзёрства ды шматлікія забойствы мірных жыхароў — усё, на што яны былі здатныя. Нават выдалі нам нямецкія прапускі, ці аўсвайсы, як казалі немцы, без якіх нельга было пайсці ў другую вёску. Калі не было той бумажкі, дык маглі адвесці ў камендатуру, якая размяшчалася ў Мядзведзічах. Там быў нямецкі гарнізон. У 1942 годзе ў нашых лясах з’явіліся партызаны. Казалі, што гэта былі лазоўцы. Чаму лазоўцы? Бо партызанскі атрад насіў імя Лазо. Мы таксама дапамагалі ім y нялёгкай іх справе. Хто адзенне цёплае даваў, a хто — харчы. Я не раз хлеб для партызан пякла, за якім яны прыходзілі ноччу. Вядома ж, страшна было жыць пад немцам. Не дай бог даведаліся б, што я выпякаю хлеб для партызан, дык забілі б усю маю сям’ю, нават дзетак маіх не пашкадавалі б. Хаця не абышло няшчасце і мяне.

Гэта здарылася ў лістападзе 1943 года. Быў праліўны дождж. Позна ноччу ў акно ціха пастукалі. Толькі гэтак мог пастукаць свой чалавек. Мой гаспадар адчыніў дзверы. У хату ўвайшлі трое партызан. Яны папрасілі пераапрануцца і паесці. Доўга яны не затрымаліся. Адзін з іх, відаць, старэйшы быў, сказаў, каб я вынесла іх адзенне і схавала дзе-небудзь. A то не дай бог немцы заглянуць. Як y ваду глядзеў іх камандзір.

Адзенне тое я вынесла на гарышча сарая. Ды толькі добра нe схавала. Хацела раніцай памыць, але не паспела. Да таго часу немцы не прыязджалі на хутар. Не прайшло і гадзіны, як мы паляглі спаць. A немцы ўжо на машынах дзвюх з’явіліся на наш падворак. Штосьці незразумелае гергеталі. Адзін афіцэр на ламанай рускай мове спытаў пра партызан. Мой гаспадар сказаў, што ніколі не бачылі іх. Быў зроблены вобыск. Нічога падазронага не знайшлі ні ў хаце, ні ў хлявах. Толькі збіраліся ад’яздаць, як адзін з немцаў захацеў яшчэ раз праверыць гарышча. I трэба ж было гэтаму здарыцца! Знайшлі-такі! Відаць, дрэнна было прыкрыта саломай. Па­выганялі нас усіх на вуліцу і пачалі моцна біць майго Ігнація, a потым некалькі разоў прыкладам стукнулі і мяне. Мне і сёння незразумела, чаму мяне з дзеткамі пакінулі жывымі. Толькі вось майго каханага закінулі ў машыну, бо сам ён не мог ісці, і павезлі ў Мядзведзічы. Адтуль ён не вярнуўся. Разам з другімі арыштаванымі завезлі ў Ганцавічы. Там таксама іх катавалі, a потым расстра-лялі. Толькі пахаваць па-людску не змаглі. Я нават не ведаю, дзе іх расстралялі. У мяне і сёння ляжыць гэты нямецкі пропуск.

 3 першых дзён акупацыі германскія агрэсары ўчынялі масавыя забойствы камуністаў, камсамольцаў, актывістаў савецкай улады, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, усіх, хто ўяўляў «небяспеку» і адмоўна ставіўся да выканання загадаў нямецкіх улад.

Масавае знішчэнне людзей ажыццяўлялі асобыя аператыўныя групы, якія падзяляліся на спецыяльныя і аператыўныя каманды. Перад імі ставіліся задачы ўтаймавання захопленых торыторый, выяўлення і знішчэння палітычна небяспечных асоб.

Захопнікі стварылі сістэму турмаў і канцэнтрацыйных лагераў смерці, дзе без суда і вызначэння тэрмінаў зняволення знаходзіліся сотні тысяч людзей. Найбольш буйнымі сярод іх былі Асвенцым, Бухенвальд, Дахаў, Майданак, Трасцянец, Трэблінка, Саксенгаўзен.

 3 акта Баранавіцкай гарадской камісіі аб масавым знішчэнні савецкіх грамадзян y г. Баранавічы і яго ваколіцах і аб выгнанні іх y фашысцкае рабства гітлераўскімі захопнікамі ў 1941-1944 гадах

 …В сентябре 1941 года на расстоянии 22 км от г. Барановичи около железнодо­рожной станции Лесная был создан лагерь для военнопленных № 337, в котором посто­янно содержалось до 55 тыс. человек.

В г. Барановичи, в центральной тюрьме, было организовано отделение лагеря № 337, где количество военнопленных доходило до 20 тыс. человек.

В декабре 1941 г. в г. Барановичи для со­ветских граждан еврейской национальности создаётся гетто, в котором было стариков, женщин и детей до 15 тыс. человек.

В 1942 г. в 18 км от г. Барановичи по шоссе Барановичи — Новогрудок, в имении Колдычево, был создан концлагерь для мир­ных советских жителей всех славянских на­родов, в котором содержалось до 10 тыс. мужчин, женщин и детей.

Созданные лагеря имели незначительное количество помещений летнего типа без пе­чей и нар, вмещавшие 30—40 % заключён­ных. Территория лагерей огораживалась не­сколькими рядами колючей проволоки, устанавливалась усиленная охрана с исполь­зованием дзотов, прожекторов, специально выдрессированных собак и даже вкопанных в землю танков. Общение с внешним миром заключённым воспрещалось, а также не раз­решались передачи продуктов. За попытки получить что-либо из продуктов или из одеж­ды заключённые расстреливались.

В лагерях гитлеровцы установили голод­ный режим при непосильном, изнуряющем физическом труде, что неизбежно вызывало массовые эпидемии инфекционных заболева­ний (сыпной тиф, дизентерия). Во всех лаге­рях медпомощь заключённым не только не оказывалась, а наоборот, создавались усло­вия для ещё большего распространения бо­лезней и увеличения смертности.

Нe абмінуў трагічны лёс і некаторых жыхароў вёскі Куршынавічы. Восем чалавек былі адпраўлены ў Калдычэўскі канцэнтрацыйны лагер. Яны раздзялілі лёс 22 тыс. палонных, змешчаных y ім.

   Дэпартацыя беларусаў y Германію

 Адна з трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны — дэпартацыя насельніцтва нa прымусовую працу ў Германію, Аўстрыю, Чэхію і іншыя краіны, куды гвалтоўна вывезлі каля 400 000 чалавек з Беларусі. Сярод іх было больш за 500 чалавек з Ляхавіцкага раёна. 3 вёскі Куршынавічы гвалтоўна вывезена на прымусовую працу ў Германію 29 жыхароў.

 3 успамінаў Франі Адамаўны Хадар

  Немцы вельмі смелымі былі толькі днём, a ноччу баяліся ездзіць па вёсцы. Помню такі выпадак здарыўся. Кожны дзень, як толькі пачне змяркацца, мама ішла ў лес. Там y нас карова была схавана ад немцаў, a мы заставаліся дома адны. Тата быў y арміі. Аднаго дня, як толькі пачынала змяркацца, да нашай хаты пад’ехала машына з немцамі. Разам з імі быў Антон з нашай вёскі. Чуем, нешта моцна вельмі спрачаюцца, a адзін з нямецкіх салдатаў трымае гранату ў руках. Гэта мы ўжо потым даведаліся, што яны прыехалі партызан лавіць. Хтосьці ім сказаў, што яны ў нашай хаце адпачываюць. Доўга прыйшлося Антону ўпэўніваць немцаў, што ў хаце толькі адны дзеці. Як потым высветлілася, яго ў пачатку вёскі ўзялі, калі ён ішоў па вуліцы, для таго, каб паказаў нашу хату. Я не ведаю, якім цудам удалося гэтаму чалавеку ўпэўніць нямецкага афіцэра пайсці і праверыць, ці сапраўды ў доме ёсць партызаны. Але пасля таго як немцы пабывалі ў хаце і ўпэўніліся ў словах Антона, яны паехалі назад.

А яшчэ помню, што 23 сакавіка 1913 года моладзі неабходна было з’явіцца ў камендатуру, якая знаходзілася ў Мядзведзічах, для рэгістрацыі. Толькі гэта ўсё было глупства. Усе, хто прыйшоў у гэты дзень у камендату-ру, былі вывезены ў Германію. Мая сястра, Жыжа Марыя Адамаўна, таксама не вярнулася з Мядзведзічаў у той дзень і была адпраўлена ў Германію.

Немцам мы здавалі малако, хлеб, яйкі, а яны ўзамен на гэта нам выдавалі квіткі.

 З успамінаў Марыі Рыгораўны Абражэвіч

 Дваццаць трэцяга сакавіка моладзі нашай вёскі неабходна было прайсці рэгістрацыю ў нямецкай камендатуры, якая размяшчалася ў Мядзведзічах. Прыехаўшы ў Мядзведзічы, мы заўважылі шмат моладзі і з іншых вёсак. 3 Мядзведзічаў нас павезлі на чорных крытых машынах у Баранавічы. Там мы былі ў лагеры да вечара, а потым, калі прыехалі яшчэ такія ж машыны з людзьмі, нас усіх пагрузілі ў грузавыя вагоны цягніка і па-везлі. У кожным вагоне былі немцы. Мы ведалі толькі адно, што вязуць нас на працу ў Германію, а ці вернемся назад, ніхто не ведаў.

Першы лагер, у якім нас выгрузілі, знаходзіўся ў польскім горадзе Граева. Цягнік з вагонамі, на якім нас прывезлі, падагналі блізка да лагера. Усім было загадана выйсці з вагонаў. Людскі крык змешваўся з брэхам нямецкіх сабак, якія кідаліся на людзей. Каб супакоіць людскі натоўп, нямецкія салдаты пачалі страляць з аўтаматаў у паветра. Хутка людскія крыкі заціхлі. Было вельмі страшна.

Усім было загадана стаць адзін за адным і ісці па калідоры, зробленым з калючага дро­ту, паабапал якога стаялі нямецкія салдаты з сабакамі. Затым мужчын і жанчын раздзялілі. Потым было загадана ўсім распрануцца. У канцы нашага калідора стаяла карыта з нейкай вадкасцю з непрыемным пахам. Усім неабходна было ёю мазаць галаву. У каго былі доўгія валасы, іх абразала немка-паіцай. Затым ішлі ў лазню пад дожджык з халоднай вадой. Пасля гэтай лазні я моцна захварэла. Ды і не дзіва. Надвор’е ў той дзень было пасмурнае і хадоднае. Імгліў дождж.

Ніколі не думала, што змагу паправіцца. Лякарстваў ніхто не даваў, Не было для нас і ўрача.

Адзенне наша забралі на дызінфекцыю, а потым прынеслі назад. Абавязковай была маркіроўка на адзенні: спачатку кожнаму з нас быў прызначаны нумар. Мой нумар быў 580. У Граева былі некалькі дзён. Потым нас завезлі ў другі лагер, які знаходзіўся ў нямецкім горадзе Штутгардзе. Гэты лагер увесь час нечым крапілі. Людзі сталі вельмі моцна хварэць і паміраць. Напэўна, у сувязі з гэтым апрацоўвалі.

Жылі ў дашчаным бараку, які быў абнесены калючым дротам. Выходзіць з яго забаранялася. Днём можна было высці па невялікую пляцоўку перад баракам і трохі пахадзіць. Кармілі вельмі дрэнна. Давалі адну бульбіну вялікую ці дзве меншыя. Два немцы прыносілі ў барак флягу з супам з конскай нагой. Нага была для навару. Гэта быўтакі суп для нас. За тры месяцы, што прабылі ў Штутгардзе, у нас з голаду пачалі апухаць ногі.

Праз тры месяцы павезлі нас у другі ла­гер у горад Штральзунд. Тут нас пасылалі працаваць не толькі на палявыя работы, але і на фермы. Працавалі вельмі шмат, акармілі таксама дрэнна, як і ў Штутгардзе. Потым мяне, разам з некалькімі такімі вязнямі, як я, забраў да сябе адзін немец. Выбіраў на работу быццам бы жывёлу.

Абавязковай была маркіроўка адзення з апазнавальным знакам у выглядзе чатырохвугольніка на блакітным фоне з белым надпісам «Ost», што азначала “ўсходні рабочы”. У гэтага немца палолі буракі, кароў даілі. Тут нам ужо лепей стала з ядой. Кожнаму на тыдзень давалі невялікі бохан хлеба. Праўда, бульбы можна было есці ўволю. Гатага ніхто не шкадаваў, а калі кароў даіла, то ўпотай ад гаспадара крала малако. Вечарам ужо да бульбачкі можна было спарыць кубачак малачка на маленькай печцы. Жылі ў адным будынку з свіннямі.

У гатага немца працавалі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, палякі, італьянцы. Быў каменданцкі час. Гаспадар заўсёды правяраў колькасць сваіх рабочых і наяўнасць маркіроўкі на адзенні. Забаронена было свабоднае перамяшчэнне пасля работы. Нельга было па вечарах збірацца паспяваць. Толькі кіно для ўстрашэння паказвалі. Затым нас перавезлі ў партовы горад Заснь. Там, у 1945 годзе, мы і сустрэлі доўгачаканае вызваленне.

Але нацысцкая Германія не толькі займалася дэпартацыяй насельніцтва. На аку­піраваных тарыторыях было створана шмат фірмаў,  канцэрнаў, гаспадарчых каманд, якія займаліся рэквізіцыяй прамысловай прадукцыі, харчавання, сыравіны і культурных каштоўнасцей. Абавязкова ўводзілася працоўная павіннасць. Да яе выканання былопрыцягнута каля 22 млн чалавек. Насельніцтва вымушана было плаціць непасільныя грашовыя падаткі. Пацвярджэннем вышэйсказанага з’яўляюцца распіскі і квітанцыі таго часу, атрыманыя нашымі краязнаўцамі ў адной з пошукавых экспедыцый у в. Стараселле ад Л. I. Міклашэвіч.

Аднак рэалізаваць эканамічную палітыку ў поўным аб’ёме захопнікі ен здолелі, таму што большая частка насельніцтва ставілася да яе негатыўна. Падаткі пастаянна павялічваліся. Насельніцтва адмаўлялася іх плаціць, а акупанты вымушаны былі прымяняць узброеную сілу.

Адной з важных формаў барацьбы супраць акупацыйнага рэжыму на захопленых тэрыторыях было масавае супраціўленне насельніцтва эканамічным і палітычным планам германскіх улад.

   Антыфашысцкае супраціўленне

 Найбольш дзейснымі формамі супраціўлення фашысцкай навале былі партызанскі рух, падпольная барацьба, агітацыйная прапаганда, эканамічны сабатаж, невыкананне дырэктыўных указанняў і загадаў ваенна-акупацыйных улад.

3 1942 г. на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна дзейнічалі партызанскія атрады: імя М. Шчорса, M. I. Кутузава, Г. К. Жукава, С. Лазо, A. С. Матросава, М. Ф. Сільніцкага, В. I. Чапаева. Арганізатарамі і кіраўнікамі партызанскага руху на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі І. М. Банаў, А. П. Брынскі, С. К. Дзесюкевіч. Асноўным касцяком гэтых атрадаў былі воіны і камандзіры Чырвонай арміі, якія не здолелі выйсці з акружэння, a таксама разведчыкі, радысты, накіраваныя з-за лініі фронту. Атрады здзяйснялі дыверсіі на жалезнай дарозе ў Ляхавіцкім і Ганца-віцкім раёнах, a таксама на шасэйных і грунтавых дарогах.

Поспех барацьбы супраць акупантаў шмат y чым залежыў ад супрацоўніцтва партызан і насельніцтва. Дзейнасць партызан падтрымлівалася большасцю мірнага насельніцтва.

 З успамінаў Леакадзіі Іосіфаўны Іваноўскай

 Я нарадзілася ў весцы Лапацічы. Дзявочае прозвішча — Татарыновіч. У сям’і было шасцёра дзяцей. Старэй­шым за ўсіх быў брат, Іосіф, a сярод дзяўчат — я. Да вайны закончыла сем класаў. Сёмы клас закончыла ў г. Баранавічы. Да вайны брат служыў y палякаў, a пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР — y Чырвонай арміі.

На пачатку вайны быў адкамандзіраваны ў Маскву, вучыўся на радыста. Затым камандаванне накіравала яго ў Баранавічы для стварэння падполля. На самалёце брата пераправілі цераз лінію фронту і высадзілі ў Машукоўскім лесе.

У снежні 1942 года праз лінію фронту была перапраўлена група дэсантнікаў пад кіраўніцтвам К. П. Арлоўскага. 3 арганізацыяй партызанскага атрада імя Лазо, якім кіраваў Арлоўскі, брат сказаў усім нам дапамагаць партызанам. Сястра шыла з парашутаў кашулі, рабіла бінты. Маці часта выпякала хлеб, a тата неаднойчы хадзіў y іншыя вёскі ў разведку. 3 1943 года брат застаўся працаваць y немцаў бухгалтарам. Я была ў яго сувязной. 3 нашай сям’і толькі я добра ведала Баранавічы, свабодна магла размаўляць на нямецкай мове, таму і выбар брата быў невыпадковы. Мне часта даводзілася хадзіць па вуліцах горада і запамінаць размяшчэнне нямецкіх устаноў.

Па вул. Савецкай за калючым дротам знаходзіўся лагер для ваеннапалонных. Падпольшчыкі даведаліся, што хутка вялікая партыя вязняў будзе расстраляна. Быў распрацаваны план уцёкаў. Нямалая роля ў здзяйсненні гэтага плана была адведзена і для мяне. Неабходна было ўважліва сачыць і запамінаць, як ходзяць нямецкія вартавыя. Засякаць, колькі часу вартавому спатрэбіцца прайсці з аднаго канца ла­гера ў другі. A потым, улучыўшы момант, перадаць вязням нажніцы і рукавіцы. Дзяўчына не так выклікала падазронасць y нямецкіх вартавых, як мужчына. Заданне было выканана.

Пасля вызвалення Чырвонай арміяй нашага раёна я засталася працаваць y г. Ляхавічы, ды толькі ненадоўга. Хутка атрымала павестку з ваенкамата. Мяне накіравалі на курсы радыстаў. Прывезлі ў Баранавічы, a потым вечарам пераправілі на вучэбны пункт, які размяшчаўся на станцыі Лясная. Тут нам выдалі зброю. Вучылі адрозніваць самалёты па малюнках. Прабылі мы ў Лясной 15 месяцаў, a потым нас пераправілі пад Гродна. Потым былі курсы тэлефаністак, a праз чатыры месяцы накіравалі на ўсходнія землі Германіі. Праз паўтара месяца Германія капітуліравала. На сцяне ў Берліне мы таксама пакінулі свае надпісы.

3 успамінаў Івана Іванавіча Лесніка

  У часы вайны я быў партызанскім сувязным. Mне неабходна было збіраць звесткі аб колькасці эшалонаў, якія рухаліся з фашысцкай тэхнікай і салдатамі на ўсход з Лунінца і на Баранавічы, аб колькасці нямецкіх салдат y бункерах, якія ахоўвалі жалезную дарогу, ды і наогул пра перамяшчэнні фашысцкіх войскаў праз тэрыторыю маёй вёскі Старыя Буды. Сабраныя звесткі перадаваў y партызанскі атрад імя С. Лазо 19-й брыгады імя Молатава.

У гэтым жа атрадзе змагаліся з ворагам і мае стрыечныя браты: Пятро Сцяпанавіч і Яўген Сцяпанавіч Леснікі. Партызанскі лагер дыслацыраваўся ў Машукоўскім лесе. Менавіта ў гэтым лесе ў дамоўленым месцы каля старога дуба адбываліся мае сустрэчы з партызанамі. Але часцей мы абменьваліся запіскамі, якія захоўваліся ў дупле дуба. Мяне вельмі добра ведалі Жук Антон з Пе-рахрэсця і Алена Віктараўна Пацкевіч. Яны зараз пражываюць y г. Ляхавічы.

Насельніцтва актыўна дапамагала партызанам прадуктамі харчавання, адзеннем, зборам і рамонтам зброі. Многія жыхары ўдзельнічалі ў баявых і дыверсійных аперацыях. Сустрэча партызан з наступаючымі войскамі Чырвонай арміі адбылася 6-10 ліпеня 1944 года, партызаны аказвалі ім пасільную дапамогу: рамантавалі дарогі, пабудавалі 9 мастоў і часовых перапраў, ачысцілі тэрыторыю ад асобных груп фашысцкіх захопнікаў.

 З успамінаў Івана Іванавіча Лесніка

  Пасля вызвалення Ляхавіцкага раёна ад фашысцкіх захопнікаў y чэрвені 1944 года я пайшоў y рады Чырвонай арміі, дзе прайшоў ваенную падрыхтоўку ў г. Вязьма, што пад Масквой. Затым мяне накіравалі ў Мінск. У Мінску быў сфарміраваны эшалон, які накіроўваўся на фронт.

У кастрычніку 1944 года мне пашчасціла трапіць y 3-ю гвардзейскую дывізію 8-й гвар-дзейскай артылерыйскай брыгады 214-га гвардзейскага Віцебскага Чырвоназнамённага ордэна Кутузава палка наводчыкам 122-й мінамётнай гарматы. Трацяя гвардзейская дывізія была рэзервам, і камандаваў ёю генерал-маёр Папоў.

Змагацца давялося з ворагам на тэрыторыі Літвы. Неўзабаве мы атрымалі звесткі, што фашысцкія танкі прарвалі абарону і рухаюцца ў накірунку пашых батарэй. Мы вырашылі рыхтавацца да бою. Разлікі занялі свае месцы. Усе ў напружанні чакалі танкаў, якія не прымусілі сябе доўга чакаць. Пры з’яўленні першых нямецкіх танкаў капітан Буланкоў аддаў загад падпусціць іх як мага бліжэй і толькі тады адкрываць агонь. Праз некалькі хвілін прагучала каманда: “Падрыхтавацца да бою!”.

3 кожнай секундай адлегласць скарачалася. Трыста, дзвесце, сто метраў… Напружанне расло. Кожны гарматны разлік ужо выбраў сабе мішэнь. Капітан рэзка ўзмахнуў рукой. Словы каманды прывялі ў рух усю батарэю. Ударылі па ворагу. Стралкі адкрылі ружэйна-кулямётны агонь па варожых бронетранспарцёрах. 3 палаючых машын выскоквалі гітлераўскія салдаты, але тут жа яны трапялі пад трапны агонь нашых салдат. Вораг, відаць, не чакаў такога супраціўлення. Мы бачылі, што некаторыя варожыя танкі падаліся назад, каб схавацца за ўзгоркам.

Першы націск быў адбіты. Толькі сем фашысцкіх танкаў засталіся дагараць на полі бою. У гэтым баі мною былі падбіты два танкі. За гэта я быў прадстаўлены да ўзнагароды “Медаль за мужнасць». У наступных баях мы падтрымлівалі агнём пяхоту, рухаючыся ў накірунку да граніцы Усходняй Прусіі.

У пачатку снежня 1944 года нашы войскі з баямі выйшлі да Усходняй Прусіі. Пpaгучала каманда: “Замацаваць артылерыйскія гарматы і акапацца!”. Тут прастаяла наша батарэя да 13 студзеня 1945 года. Ішла падрыхтоўка да самага магутнага наступлення на тэрыторыі фашысцкага логава. 13 студзеня 1945 года y шэсць гадзін раніцы прагучала каманда: “Падрыхтавацца да бою!”. Ад камандавання ішло ўказанне камандзіру ўзвода лейтэнанту Каралёву, як весці бой.

Праз некаторы час прагучала каманда: “Па мішэні нумар адзін – беглы агонь!”. Бой працягваўся дзве гадзіны. Гэта была артпадрыхтоўка па ўсім фронце. Далейшыя нашы баі праходзілі на занятай пазіцыі. Затым 3-я гвардзейская дывізія была ў рэзерве Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Мне давялося ўдзельнічаць y вызваленні Дрэздэна, Кёнігсберга, Берліна. 3 усіх баёў мне найбольш запомніўся бой за Кёнігсберг. З 27 па 28 лютага 1945 года 3-я гвардзейская дывізія, якой камандаваў генерал-маёр Папоў, займала агнявыя рубяжы на адкрытай мясцовасці на дзесяткі кіламетраў.

Ад самага Кёнігсберга мясцовасць была пакрыта льдом. З-за гэтага нельга было капаць траншэі для разліку. Гарматы і боепрыпасы засталіся стаяць на ледзяной паверхні. Гарматы ўмацоўваліся прама ў лёд.

Дваццаць восьмага лютага 1945 года нашай дывізіяй была праведзена артпадрыхтоўка. Магчыма, на ствол адной гарматы мы выпусцілі каля 40 снарадаў. Нам тады здалося, што ўжо ні аднаго жывога месца не засталося, не гаворачы ўжо пра людзей.

Спакойна і ціха стала на нашым участку фронту. Але гэта цішыня была нядоўгай. Немцы пачалі весці агонь па нашых агнявых пазіцыях. Мы таксама адкрылі агонь з сваіх знакамітых «кацюш». Нямецкія гарматы змоўклі. Затое потым на нашы пазіцыі немцы кінулі танкі. Вельмі цяжка нам давялося з-за таго, што мясцовасць была адкрытая. Ды і снарады ў нас засталіся толькі фугасныя. Але ўсё ж мы здолелі адбіць гэту танкавую атаку ворага.

Бой быў вельмі цяжкі. Шмат загінула і нашых салдат. Мяне параніла асколкам снарада ў левы бок, але я не пакінуў поля бою. Разлік быў поўнасцю выведзены з баявой гатоўнасці. Тады наводчыкам становіцца намеснік камандзіра палка па палітчасці маёр Афоній. Я, сцякаючы крывёю, зараджаў яму гармату. Варожыя танкі мы так і не прапусцілі. Праз некаторы час да нас падаспелі санітары і, выдаліўшы асколак, зрабілі мне перавязку. Яны перавязвалі параненых салдат і рыхтавалі іх да адпраўкі ў шпіталь.

Праз некаторы час на пазіцыю прыбыў камандзір 3-й гвардзейскай дывізіі генерал-маёр Папоў і камандзір нашага 214-га гвардзейскага палка падпалкоўнік Новікаў. Ён выступіў перад салдатамі з наступнымі словам: “Таварышы салдаты! Ваш Кёнігсбергскі гераічны подзвіг увойдзе ў гісторыю. Вечная памяць героям, якія загінулі ў баях!…”.

За гэты бой я быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”. ІІрыкладна ў канцы сакавіка 1945 года, пасля шпіталю, я быў накіраваны ў сваю вайсковую часць 214-га гвардзейскага палка 3-й дывізіі, дзе і працягваў біць ворага.

У Берліне мне таксама давялося пабываць, таму што нашу дывізію перакінулі для нанясення асноўнага агню пa Рэйхстагу. Пасля капітуляцыі Германіі нашу дывізію накіравалі ў Манголію, дзе мы падышлі да граніц Маньчжурыі. Тут нам ужо давялося ваяваць з японскімі самураямі. I толькі ў снежні 1946 года я быў дэмабілізаваны.

 З успамінаў Ядаігі Міхайлаўны Ходар

 Шостага студзеня 1944 года на дарозе ў Брадах партызанамі быў пакінуты “падарунак” немцам. На гатай міне ўзарвалася павозка з паліцаямі, якія ехалі разам з немцамі ў напрамку Мядзведзічаў. Раз’юшаныя немцы сагналі жыхароў бліжэйшых хутароў Куршынавічаў, якія стаялі недалёка ад той дарогі, і павялі ўсіх нас y Новы двор на расстрэл. Нe выказаць таго страшнага моманту, які нам давялося ў той дзень перажыць. Мама нас усю дарогу супакойвала. У думках мы развітваліся з жыццём. Калі мы былі ўжо блізка да месца расправы, на дарозе з’явіўся легкавы аўта-мабіль y суправаджэнні матацыклістаў. I тут здарылася непрадбачанае не толькі для нас, але і для немцаў, якія вялі нас на расстрэл.

Легкавы аўтамабіль рэзка затармазіў. Адчыніліся дзверы і на дарогу выйшаў нямецкі афіцэр гадоў сарака. Ён паклікаў афіцэра, які ўзначальваў гзты смяротны эскорт, і пачаў распытваць пра нас. Доўга яны аб нечым спрачаліся. Той афіцэр, які вёў нас на расстрэл, часта паўтараў слова «партызан». Затым, махнуўшы на яго рукой, нямецкі афіцэр звярнуўся да нас на польскай мове. Ён спытаў: «За што вас вядуць на расстрэл?».

ІІерабіваючы адзін аднаго, людзі пачалі расказвадь яму, што іх вядуць расстрэльваць за партызанскую міну, якая ўзарвалася на дарозе недалёка ад іх хутароў. Пасля гэтага нямецкі афіцэр разка павярнуўся да таго афіцэра, які вёў нас на смерць, і загадаў яму ўсіх адпусціць. Доўга той не згаджаўся з загадам старэйшага па званні немца, aпотым усё ж такі нас адпусцілі дамоў.

Уce мы, хто тады перажыў гэту жудасную мінуту, дамоў но вярнуліся. Уцяклі ў лес, y Навінкі. Там яшчэ з пачатку вайны былі выкапаныя намі зямлянкі. У іх мы і жылі да прыходу Чырвонай арміі.

 3 успамінаў Уладзіміра Mацвеевіча Шпака

 У нашай сям’і было шасцёра хлопцаў. Старайшы брат Пятро як да вайны, так і падчас яе працаваў працаваў на чыгуначнай станцыі ў Новых Будах. Таму і не быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Ён меў сувязь з партызанамі. Пра гэта здагадаліся бацькі. Часта праводзіў партызан праз нямецкі патруль для здзяйснення дыверсій на чыгунцы. У ноч з 5 на 6 студзеня 1944 года партызаны зрабілі засаду на немцаў. Па іх звестках, раніцай 6 студзеня павінен быў ехаць важны нямецкі начальнік.

І сапраўды, раніцай ехалі нямецкія машыны, а партызаны ўжо чакалі іх у Брадах. Падрыхтавалі па дарозе і “гасцінец”, ды толькі на яго наехала павозка з паліцаямі. Партызаны расстралялі і немцаў з адной нямецкай машыны. Сілы былі няроўныя. Таму партызаны адступілі ў лес. Брат Пятро, ускочыўшы ў хату, крыкнуў, каб усе хутка апраналіся і разам з ім уцякалі ў лес. Гэта потым ён растлумачыў, што немцы гатовыя расстраляць усіх жыхароў бліжэйшых хутароў з-за дыверсіі партызан на дарозе.

Спачатку мы жылі ў сямейным лагеры, a потым на хутары Кірыліка Ігнація ў Стараселлі. Вясной перабраліся ў лясную зямлянку. І толькі з прыходам Чырвонай арміі змаглі вярнуцца ў вёску Куршынавічы. Шостага студзеня 1944 года немцы спалілі ўсе дамы, якія стаялі непадалёку ад дарогі, што праходзіла праз Буды, у тым ліку і наш.

 З успамінаў Франі Адамаўны Ходар

 У пачатку ліпеня 1944 года мы ўжо ведалі аб хуткім вызваленні Чырвонай арміяй. У гэты час немцы вельмі былі раз’юшаныя. Дома начаваць мы баяліся, таму начаваць хадзілі пад лазню Болтуця, а потым за Балотнава ў лес уцякалі.

Доўгачаканы дзень вызвалення настаў. Мы з радасцю віталі нашых салдат. Толькі па лясах яшчэ бадзяліся невялікія групоўкі нямецкіх салдат і паліцаяў.

 Доўгачаканае вызваленне, выпакутанае ў віхурныя ваенныя гады, прыйшло на беларускую зямлю! Каштоўнасць непераможнай сілы жыцця па-новаму асэнсоўвалася ў свядомасці людзей. Вялікія подзвігі, здзейсненыя нашымі прадзедамі ў імя любові да свайго краю, Радзімы, назаўсёды застануцца ў памяці народа. Ахвяраваўшы сваім жыццём дзеля незалежнасці роднага краю, яны далі магчымасць будучаму пакаленню жыць і працаваць пад мірным бязвоблачным небам.

Практычная культурна-выхаваўчая дзейнасць краязнаўцаў

З 2001 г. y Куршынавіцкай сярэдняй школе актыўна дзейнічае краязнаўчы гурток. Нам спатрэбілася тры гады карпатлівай працы, каб набыць рэчы для музея. У лістападзе 2003 г. з сабраных матэрыялаў ствараецца школьны музей. У ім праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі для ўсебаковага вывучэння як рэчыўнага, так і дакументальнага матэрыялу. Часам y ім праходзяць і ўрокі гісторыі.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Жыццё першабытных людзей» дзеці змаглі не толькі ўбачыць каменную сякеру на старонках кнігі, але і патрымаць яе ў руках, бліжэй пазнаёміцца з  гліняным посудам, вырабленым людзьмі, якія жылі ў той далёкі час.

Пры вывучэнні ў IX і XI класах на ўроках гісторыі Беларусі тэмы «Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы» выкарыстоўваўся дакументальны матэрыял, які сведчыў пра сацыяльна-эканамічнае становішча Заходняй Беларусі і жыццё насельніцтва нашага раёна. Вучні даведаліся, якімі падаткамі абкладаліся сяляне і чаму беларуская мова на заходнебеларускіх землях знаходзілася ў заняпадзе. Дакументальны і рэчыўны матэрыялы выкарыстоўваліся і пры вывучэнні тэм «Беларусь y гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў», «Сельская гаспадарка ў Беларусі». Вучні наглядна пазнаёміліся з прыладамі працы селяніна (каса, серп, кросны, барана, саха, сякера, жорны), якімі ён карыстаўся на пачатку XX ст.

3 дзецьмі малодшага школьнага ўзросту праводзяцца заняткі, музычныя, літаратурныя вечарыны, віктарыны, урокі -сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Так, y студзені 2009 г. прайшоў урок-сустрэча “Памяць зямлі”, на які запрасілі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Л. I. Іваноўскую. Яна расказала пра сваё жыццё і ўдзел yвайне.

У музеі аформлены куток “Рэха мінулай вайны”. Вялікае значэнне для краязнаўцаў мае збор дакументаў, матэрыялаў і рэчавых экспанатаў для музея падчас турысцкіх экспедыцый y тыя месцы, дзе адбываліся ваенныя падзеі. Экспазіцыя музея напаўняецца фанатэкай «Жывыя галасы», зборамі матэрыялаў “Іх узнагароды”, “Народная слава”. Працягваецца пошукавая дзейнасць пра воінаў-землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, партызанаў і мірных жыхароў, закатаваных y засценках канцлагера ў Калдычаве.

Расце цікавасць гурткоўцаў да вывучэння роднага краю. Гэтаму спрыяюць экскурсіі з мэтай вывучэння як гістарычнага, так і ваеннага мінулага малой Радзімы. Вядзецца пошукавая работа па ўстанаўленні асобы савецкага лётчыка, які зажыва згарэў y самалёце ў чэрвені 1941 г.

На тэрыторыі нашай вёскі стаіць комнік дэпутатам Куршынавіцкага сельскага савета Уладзіміру Вікенцьевічу Грыбу і Іосіфу Францавічу Галіцкаму, расстраляным немцамі ў 1941 г. Юныя краязнаўцы нашай школы шэфствуюць над ім.

 Аперацыя «Памяць»

 Акрамя ўрокаў мужнасці праводзяцца аперацыі «Ветэран жыве побач», «Клопат». Вучні аказваюць дапамогу не толькі ветэранам, але і адзінокім старым людзям.

Неабходна зрабіць усё магчымае, каб школьнікі сталі сапраўднымі грамадзянамі Беларусі, былі здольнымі забяспечыць мірнае суіснаванне народаў ва ўмовах нацыянальных, рэлігійных, сацыяльных супярэчнасцей. Мы павінны імкнуцца да захавання міру і бяспекі, таму неабходна ведаць мінулы вопыт гісторыі, трагічныя старонкі нашай Радзімы, каб пазбегнуць памылак.

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

Белуга, З. Н. Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. 1941-1944 / З. Н. Белуга. – Минск.

Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. – Минск, 1967. – Т. 1.

Галубовіч, В. І. Эканамічная гісторыя Беларусі / В. І. Галубовіч. – Мінск, 1965.

Иоффе, Э. Правда о лагере смерти в Колдычево / Э. Иоффе // Чалавек і эканоміка. – 1994. – № 10. – С. 37-38.

Каваленя, А. А. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце другой сусветнай вайны) : вучэбны дапаможнік для 11-га класа / А. А. Каваленя [і інш.]. – Мінск, 2004.

Ліхараў, І. Другая сусветная вайна савецкага народа / І. Ліхараў // Беларускі гістарычны часопіс. – 2005. – № 5. – С. 54-61.

Потёмкин, П. И. Историко-художественная хрестоматия по Великой Отечественной войне / П. И. Потёмкин. – Москва, 1987.

Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. 1941-1944. – Минск, 1963.

Преступные цели – преступные средства : документы об оккупационной политике фашистской Германии на территории СССР (1941-1944 гг.). – Москва, 1968.

Шерман, Б. П. И ужаснулась земля (факты, документы, свидетельства о зверствах немецких фашистов на территории города Барановичи и его окрестностях / Б. П. Шерман.– Минск, 1990.

 

 Станіславовіч, М. Памяць роднай зямлі : [Вялікая Айчынная вайна ва ўспамінах жыхароў вёскі Куршынавічы] / Марына Станіславовіч // Гісторыя : праблемы выкладання. – 2009. – № 6. – С. 38-43 ; № 7. – С. 52 – 56.

Свяціца – сястра Хатыні

 Шэсць дзесяцігоддзяў мінула з таго часу, як адгрымелі апошнія выбухі страшэннай для ўсяго беларускага народа вайны. Кожная вёска зямлі роднай аддала сваіх сыноў і дачок на барацьбу з самым жорсткім ворагам, які знішчыў мільёны людзей. Сярод гэтых вёсак была і Свяціца — адзін з самых аддаленых населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна, якая стала сястрой Хатыні. Так, Свяціца дашчэнту была спалена фашысцкімі акупантамі ў 1943-м. Было схоплена і расстраляна 10 мірных жыхароў з якіх 4 — жанчыны. Астатнім свяцічанам удалося ўратавацца — вёска знаходзілася сярод лясоў і балот, было дзе схавацца. Многія з тых, хто ўратаваўся, пайшлі ў партызанскія атрады, каб змагацца з ворагам.

У аколіцах Свяціцы іх дзейнічала шмат: гэта партызанскія атрады імя С. Лазо, імя Шчорса, імя Чкалава, імя Матросава, імя Жукава, імя Кутузава, імя Суворава, брыгада “Савецкая Беларусія”, 19-я брыгада імя Молатава, 20-я брыгада імя Грызадубавай. A яшчэ стваралі атрады самаабароны: “Залужскі”, “Тухавіцкі”, “Раздзялавіцкі”. Мясцовыя жыхары аказвалі дапамогу і спецыяльным атрадам, закінутым y тыл ворага з розных куткоў Савецкага Саюза. Так, 10 лістапада 1943 года быў дэсантаваны атрад “Запарожцы” ў колькасці 37 чалавек y раён Выганаўскага возера, які быў створаны ў г. Тула з добраахвотнікаў-тулякоў пры абласным упраўленні НКДБ. Размясціўся атрад ва ўрочышчы Крапіўнае, што ў двух кіламетрах ад вёскі Свяціца. Таксама дзейнічаў спецатрад НКДБ СССР “Сокалы” пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза К. П. Арлоўскага, які папаўняўся мясцовымі жыхарамі. Актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху былі нашы землякі Аляксандр Сцяпанавіч Курловіч, Раман Ільіч Курловіч, Марыя Сцяпанаўна Курловіч, Іван Карпавіч Буйкевіч, Іван Іванавіч Курловіч, Канстанцін Афанасьевіч Русакевіч і іншыя.

A наогул, y гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскіх атрадах змагаліся 118 жыхароў вёскі Свяціца. 34 з іх — загінулі…

Многія франтавікі дайшлі да Перамогі і ўдзельнічалі ў штурме Берліна, за што і былі ўзнагароджаны медалём “За ўзяцце Берліна”. Гэта Антон Раманавіч Курловіч, Раман Емяльянавіч Курловіч, Іван Аляксеевіч Русакевіч, Канстанцін Іванавіч Русакевіч, Уладзімір Рыгоравіч Курловіч загінуў пры штурме рэйхстага 1 мая 1945 года і пахаваны ў кіламетры ад яго.

Каб захаваць і данесці да нашчадкаў памяць пра тыя незабыўныя падзеі, пpa гераізм і мужнасць народа наогул і жыхароў вёскі Свяціца ў прыватнасці, y мясцовай школе настаўнікамі Уладзімірам Ціханавічам і Верай Іосіфаўнай Шыловічамі ў 1986 годзе быў створаны атрад “Пошук”. Членамі гэтага атрада праводзілася вялікая работа па збору матэрыялаў, звязаных з Вялікай Айчыннай. Было адпраўлена мноства пісьмаў, запытаў y розныя гарады Савецкага Саюза. Вялася пастаянная перапіска з іншымі пошукавымі атрадамі. У выніку гэтага былі высветлены 15 з 20 невядомых імёнаў салдат  і партызан, пахаваных y мясцовай брацкай магіле.

Усе сабраныя матэрыялы паслужылі асновай для стварэння ваенна- патрыятычнага музея “Партызанская слава”. 23 сакавіка 1990 года, 15 гадоў назад, y будынку Свяціцкай СШ адбылося ўрачыстае яго адкрыццё.  Кіраўніком музея і арганізатарам работы па пошуку і збору матэрыялаў y  той час быў настаўнік гісторыі Уладзімір Ціханавіч Шыловіч. На жаль, гэтага цудоўнага чалавека ўжо няма побач з намі, але  ён пакінуў пасля сябе добрую памяць на доўгія гады.

Уся экспазіцыя музея складаецца з трох тэматычных раздзелаў: “Пачатак цяжкіх выпрабаванняў”, “Ідзе вайна народная”, “Навечна ў памяці народнай”. Музейныя матэрыялы яскрава адлюстроўваюць гераічную барацьбу ўсіх жыхароў вёскі Свяціца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У музеі сабрана вялікая колькасць каштоўных экспанатаў. Тут захоўваюцца i пісьмы з фронту, асабістыя рэчы і зброя партызан, фотаздымкі ваенных гадоў і інш.

Цяпер вучні школы праводзяць экскурсіі ў музеі, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Да 60-годдзя Вялікай Перамогі плануецца наведванне музея мясцовымі жыхарамі і гасцямі вёскі. Мы запрашаем усіх жадаючых пазнаёміцца з экспазіцыяй “Партызанскай славы”.

Кацярына КУРЛОВІЧ,

кіраўнік музея Свяціцкай СШ.

 Курловіч, К. Свяціца – сястра Хатыні / Кацярына Курловіч // Ляхавіцкі веснік. – 2005. – 6 красавіка. – С. 3.

Пісьмо Алімпіяды Сцяпанаўны Баранец, маці Б. М. Баранца,

піянерам Пранчакоўскай сярэдняй школы

8 мая 1975 г.

Піша Вам маці Барыса Баранца, каб прынесці зямны паклон і мацярынскую ўдзячнасць за Ваш клопат пра магілу невядомага Вам хлопца, які загінуў ад рукі ворага ў свае, амаль яшчэ дзіцячыя, 19 гадоў. А ён жа быў такі жыццялюб, столькі ў яго было планаў на будучыню! I ўсё абарвалася. Калі б не вайна, у 1941 ён павінен быў ісці ў 9-ы клас. Ён быў добры, чулы, знаходлівы, ніколі не сумаваў. Вакол яго заўжды было шмат сяброў, усе любілі яго за вясёлы характар. Добра вучыцца перашкаджала яму незвычайная рухавасць, аднак ён вельмі захапляўся тэхнікай, марыў стаць лётчыкам-знішчальнікам, займаўся ў Палтаўскай дзіцячай тэхнічнай станцыі, у авіямадэльным гуртку Дома піянераў. Са сваімі мадэлямі-планёрамі прымаў удзел у спаборніцтвах, займаў прызавыя месцы. Шмат чытаў тзхнічнай літаратуры, рыхтаваў сябе ў лётчыкі. Пастаянна нешта майстраваў, выпальваў па дрэву, добра маляваў. Іграў на лыжках у шумавым оркестры. Ён усей душой ненавідзеў ворага. У сваіх пісьмах з фронту пісаў,што гоняцъ фашыстаў з роднай зямлі. Апошняе пісьмо датавана 3-м ліпеня 1944, за 2—3 дні да гібелі. Пісаў, што ідуць у бой біць фашыстаў, не ведаў, што гэта апошні бой у яго жыцці. Ваша зямля стала яго апошнім прыстанішчам. Дзякуй Вам, дарагія дзеці, за Ваш клопат пра яго магілку. Чым я магу аддзякавацъ Вам і Вашым настаўнікам за такуючалавечнасць? Да апошняга дня свайго жыцця я буду памятацъ Вас. Вы, дарагія рабяты, сталі мне роднымі. Усяго словамі не выкажаш. Што Вас цікавіць, напішыце, буду рада выканаць Вашу просьбу. Яна будзе для мяне свяшчэннай. Жывіце, будзьце здаровымі, моцнымі духам, мужнымі. Няхай Вас ніколі не спасцігне такое няшчасце, якое зведалі нашы дзеці. Любіце сваю Радзіму і беражыце яе! Абдымаю ўсіх Вас, мае дарагія, родныя рабяты, моцна, моцна. Жадаю Вам выдатнай вучобы, шчаслівага і плённага жыцця.

Алімпіяда Баранец.

г. Бірск Башкірскай АССР.

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 293-294.

Пісьмо Валянціны Аляксееўны Холчанка (Уваравай), сястры радавога Л. А. Уварава,

піянерам Ляхавіцкай сярэдняй школы № 2

29 мая 1966 г.

Дарагія піянеры! Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Я вельмі, вельмі Вам удзячна за вестку пра майго загінуўшага брата Уварава Леаніда Аляксеевіча.

Вы просіце напісаць пра яго, але ён загінуў, калі яму не было і 20 год. Ён так мала жыў.

Вучыўся Лёня таксама ў СШ № 2, як і Ва­ша школа, толькі ў г. Макееўка Данецкай вобл. Быў ён прыкладным хлопчыкам і доб­рым вучнем. Настаўнікі ніколі на яго не скардзіліся. Дома ён заўсёды дапамагаў сваім род­ным— бацьку і маці. Старэйшы брат яго Мікалай вучыўся ў ваенным авіяцыйным вучылішчы ў Саратаве. Лёня таксамахацеў быцъ лётчыкам, але для гэтага трэба было скончыць 10 класаў. Аднак яму не давялося далей вучыцца, ён скончыў 8 класаў, і пачалася вай­на, прыйшлі ў Данбас немцы. Лёню было тады 16 год. Працаваць на немцаў ён не хацеў, а каб не пагналі ў Германію на работу, Лё­ня націраў ногі под каленямі чырвоным пер­цам. Утвараліся вельмібалючыя раны, ён не мог хадзіць і крычаў ад болю. Так рабілі і яго сябры, каб не паехацъ у Германію.

Калі Чырвоная Армія вызваліла наш город ад нямецкіх захопнікаў, а гэта было ў верасні 1943 г., брату споўнілася 19 год, і ён пайшоў аднаўляць разбураны металургічны за­вод імя С. М. Кірава. Работа была вельмі цяжкая, але брат, як і ўсе дзяўчаты і юнакі нашага города, ні з чым не лічыўся, не ведаў выхадных дзён, шмат працаваў, каб хутчэй адбудаваць завод і каб ён даваў краіне больш металу для фронту.

Але працаваў брат нядоўга на заводзе, яму здавалася, што гэтага яшчэ мала для фронту, і ён пайшоў добраахвотнікам ваявацъ.

А 6 ліпеня 1944 г. ён загінуў. Мы атрымалі вестку пра яго смерцъ і пісьмо ад камандзіра, у якім пісалася, што Лёня быў добрым салдатам, добрым санітарам, много выратаваў раненых салдат і афіцэраў.

Маці Лёні, ужо вельмі старэнькая бабулька, усё яшчэ не забылася на свайго сыночка, усё яшчэ аплаквае яго фотакарткі. Яна напісала Вам пісьмо, але наўрад ці што Вы там разберыцё, яна ж скрозь слёзы пісала і вельмі старая для пісем.

Вялікі дзякуй Вам, дарагія дзеці, што Вы даглядаеце магілу Лёні. Будзьце прыкладнымі піянерамі і вучыцеся на «выдатна» і «до­бра».

Хай заўжды будзе мір!

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 288.

 3 пісьма Івана Міхайлавіча Пакраса, сына радавога М. Л. Пакраса,

піянерам Ляхавіцкай сярэдняй школы № 2

30 сакавіка 1967 г.

Калі пачалася вайна, я ва ўзросце 18 гадоў пайшоў на фронт. Бацька мой павінен быў па загаду эвакуіраваць у тыл саўгасную жывёлу, але за Херсонам у раёне Кахоўкі фашысты перарэзалі дарогу, і ён вярнуўся зноў у сваю мясцовасць, ужо занятую немцамі.

Пасля вызвалення саўгаса «Прыбугскі» ў сакавіку 1944 г. мой бацька быў прызваны ў Чырвоную Армію. Я нічога не ведаў аб ім з ліпеня 1941 г. да мая 1944 г. Калі мы вызвалілі Севастопаль, нас накіравалі ў Беларусь на 2-і Беларускі фронт. Я вызваляў Гомель, Магілёў, Мінск. У маі атрымаў ад маці пісьмо. Яна паведаміла мне бацькаў адрас, і мы спісаліся. Бацька ў гэты час быў на 1-м Беларускім фронце, служыў у супрацьтанкавай роце. А потым мне напісалі, што ён загінуў. У час мінамётнага абстрэлу бацька быў пара­нены ў галаву. Ён спрабаваў ісці ў санчасць, прайшоў некалькі крокаў і памёр. А дзе менавіта, я да гэтага часу не ведаў. Toe пісьмо, у якім таварышы паведамлялі пра яго смерць, раскісла пры фарсіраванні нейкай ракі ў Бе­ларусі: ні то Друць, ні то Проня…

Бацька вельмі любіў нас і наогул усіх дзяцей. Хацеў, каб я хутчэй рос, каб унучыкі былі, і не адзін, а многа…

Але я помсціў за бацьку. Не адзін гад знайшоў магілу на нашай украінскай і беларускай зямлі.

Дзякуй Вам, дарагія мае, што Вы захоўваеце памяць пра загінуўшых герояў…

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 286-287.

3 пісьма Марыі Уласаўны Піддуды (Калінічэнка), дачкі радавога У. С. Калінічэнкі,

піянерам Ляхавіцкай сярэднян школы 2

29 сакавіка 1980 г.

Дарагія дзеці, чырвоныя следапыты школы № 2 г. Ляхавічы!

Перш за ўсё вялікі Вам дзякуй яшчэ раз за тoe, што адшукалі месца пахавання нашага бацькі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў баях за Ваш город. Вялікідзя­куй Вам за тoe, што захоўваеце памяць пра загінуўшых за Ваша шчасце, за чыстае не­ба, за светлыя класы Вашай школы. Мы ўсе бясконца ўдзячны вам за гэта.

…Бацька наш быў вялікі жыццялюб, гасцінны, спагадлівы чалавек. 3 дзяцінства ўпадабаў прафесію каваля, тому што яго бацька меў сваю кузню-майстэрню і працаваў уёй. У час калектывізацыі ён увесь інструмент і гэту кузню-майстэрню здаў у калгас свайго сяла Бочачкі і там працаваў да самай смерці. Гэта любоў да кавальскай справыперадалася і майму бацьку— Уласу Сямёнавічу. Ён пайшоў працаваць кавалём на завод на станцыю Канатоп.

У тыя гады з транспартам было цяжка. Да нашага сяла не хадзілі ні аўтобусы, ні машыны. I бацька са сваімі таварышамі ў любое надвор’е хадзіў на работу пешшу дасамага Канатопа. Гэта было вельмі цяжка, тому што мы памятаем, які стомлены вяртаўся ён дадому. Прыходзіў ён на выхадны дзень, дапамагаў маці па гаспадарцы: пілаваў і калоў дровы, выконваў іншую мужчынскую работу. Бацька і маці і нас усіх прывучалі да працы з дзіцячых год…

Калі немцы падыходзілі да нашага сяла Бочачкі, тыя, каго не ўзялі ў Чырвоную Армію, пайшлі ў партызаны. Бацька таксама пайшоў з таварышамі ў лес. Ноччу прыходзіў дадому за прадуктамі, пераапранаўся і ўпотай знікаў.

Пасля вызвалення нашай мясцовасці баць­ка пайшоў у рады Чырвонай Арміі, хоць на тым заводзе, дзе ён працаваў, давалі бронь. Але бацька пайшоў на фронт, бо бачыў Айчыну ў небяспецы. Служыў ён, памятаю, у Гомелі, падвозіў абеды на фронт байцам. Маці наша ездзіла да яго праведаць, убачылася з ім. Спачатку бацька пісаў пісьмы дадому, а потым мы не сталі і пісьмы атрымліваць. Прыйшла вестка, што ён загінуў. А пазней — пісьмо. У ім паведамлялася, што ў час гарачага бою бацька быў паранены ў жывот, і гэ­та рана аказалася смяротнай…

Бацька марыў, каб я, старэйшая дачка, бы­ла настаўніцай. Яго мара здзейснілася. Я і мая сястра Вера Уласаўна працуем настаўніцамі, а самая малодшая наша сястра — у адным з калгасаў у Канатопскім раёне…

3 вялікай павагай да Вас і Вашых настаўнікаў — Марыя Уласаўна па даручэнню cвaix сясцёр Веры Уласаўны і Настассі Уласаўны.

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 284.

На Яна быў апошні бой

Як заўсёды, 7 ліпеня ў вёсцы Крывошын Свята-Пакроўская царква адзначае дзень Святога Іаана (у народзе яго называюць святам Яна). Але ў 1944-ым гэтага не адбылося, таму што на подступах да вёскі Крывошын ішоў бой паміж воінамі 146-га гвардзейскага стралковага палка і маральна надломанымі часцямі фашысцкай арміі. Каб хутка вызваліць вёску Крывошын, трэба было фарсіраваць рэчку Ліпніцу. Магутнага мінамётнага агню фашысты не вытрымалі і паспешна сталі адступаць у бок вёскі Востраў. На сваім крывавым шляху нелюдзі падпалілі Шчэрбава.

7 ліпеня 1944 года была вызвалена вёска Крывошын. Пабывалі тут камандзір 1-га гвардзейскага батальёна 143-га гвардзейскага стралкова­га палка гвардыі капітан Ламака Аляксей Сысоевіч з ардынарцам лейтэнантам Віктарам Любіменкам. На сустрэчы ў нашай школе ў 1984 г. Любіменка ўспамінаў, што, аглядаючы вёску, гвардыі капітан Ламака сказаў: “Якая цудоўнаявеска Крывошын! — і дадаў. Калі я недалёка ад яе загіну, то пахавайце мяне на гэтай плошчы»…

Яго батальён пагнаў фашыстаў на захад, туды, адкуль яны прыйшлі. На шляху — веска Востраў нашага раёна. Пры вызваленні яе ў цэнтры наткнуліся на танкавы заслон. Тры танкі былі знішчаны, а чацвёрты стаяў у жыце, і гвардзейцы яго не заўважылі. 3 яго фашыст адкрыў аўтаматны агонь па групе камандзіраў батальёна. Кулі не прамінулі гвардыі капітана Ламаку. Ён быў забіты. Яго запавет байцы і камандзіры батальёна выканалі. Гвардыі капітан Ламака Аляксей Сысоевіч 7 ліпеня 1944 года быў пахаваны ў вёсцы Крывошын з усімі ваеннымі ўшанаваннямі. Магілку байцы агарадзілі, паставілі помнік. У памяць аб сваім баявым камандзіры Любіменка пасадзіў кусцік бэзу. Ён і цяпер хораша па вясне цвіце, нібы сімвалізуе пераможны 1944 год. Пазней для арганізацыі перапахавання астанкаў воінаў і партызан была створана камісія на чале з дырэктарам саўгаса “Шлях Ільіча” Васілевічам Міхаілам Ульянавічам. Пад яго кіраўніцтвам усё і было ажыцёўлена. Ён актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы архітэктурнага афармлення брацкай магілы. Прапанаваў на ёй устанавіць статую савецкага салдата са зброяй у руках, які нібы ахоўвае вечны сон загінуўшых герояў. А зброя ў руках сал­дата будзе напамінаць аб тым, што мы ў любы момант абаронім нашу Бацькаўшчыну. Хто на нас меч падыме, ад яго і загіне, — такі ў беларуса менталітэт.

Вялікую работу ў пошуку прозвішчаў загінуўшых воінаў, партызан і падпольшчыкаў праводзіў гісторыка-краязнаўчы гурток Крывошынскай сярэдняй школы. Ён зрабіў некалькі выездаў за межы Беларусі, каб сустрэцца з былымі воінамі, якія вызвалялі Ляхавіцкі раён. Першая паездка была ў Ленінград, дзе адбылася сустрэча з ветэранамі, што вызвалялі вёску Крыво­шын. У ёй удзельнічалі вопытныя краязнаўцы Чаранкевіч Юра, Русакевіч Рус­лан, Івановіч Марыя. Філіповіч Іна. Не менш вы­ніковай была сустрэча ў Маскве з Віктарам Рахманавым, які расказаў многа цікавага пра вызваленне Ляхавіцкага раёна. Яго расказ занатавалі Прыгунова Ната­ша, Каспяровіч Лена, Чаранкевіч Света, Краязнаўцы школы адправіліся ў Валгаград, дзе таксама пражывалі гвардзейцы. Пасля паездкі Саган Таццяна напісала артыкул у “Ляхавіцкі веснік” “У волжской тверды­ни”.

Сабраныя матэрыялы далі магчымасць зрабіць запыты ў архівы Міністэрства абароны СССР, на якія прыслалі даведкі аб загінуўшых воінах на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета. У адной з даведак было запісана, што тут знаходзяцца дзве брацкія магілы пад нумарамі 9 і 10, у якіх пахаваны афіцэры, сяржанты і салдаты 143-га гвардзей­скага стралковага лапка 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі, але прозвішчы і імёны не паведамляліся.

Завесу тайны адкрыў Ляхавіцкі райваенкамат. Ён паведаміў нам, што ў раёне вёскі Хваінка знаходзіцца магіла, дзе пахаваны афіцэры, сяржанты і салдаты 143-га гвардзейскага стралковага палка:

Гвардыі капітан Ламака Аляксей Сысоевіч — камандзір 1-га гв. батальёна 143-га гв. стралковага пал­ка, 1913 года нараджэння, загінуў 7 ліпеня 1944 года.

Г в. ст. сяржант Басымаў Сібер’ян Цімафеевіч, рускі, жыў у горадзе Фрунзе.

Гв. сяржант Міхайлоўскі Андрэй Міхайлавіч, украінец, Ровенская вобл., с. Жадзень.

Гв. радавы Васінскі Андрэй Ісакавіч, рускі, Саратаўская вобл., горад Вольск.

Растоўскі Петр Аляксеевіч, украінец, Палтаўская вобл., Шышацкі раён, с. Баранаўка.

Ніканаў Сямён Пятровіч, рускі, Нікалаеўская вобл., с. Катляроўка.

Імёны пахаваных у магіле, якая знаходзілася ў трох кіламетрах ад вёскі Малышы, краязнаўчая група пад кіраўніцтвам Паляшчук Марыны не аднавіла. Толькі пры перапахаванні даведаліся, што былі пахаваны адзін афіцэр і чатыры салдаты.

Дубіна Ганна кіравала краязнаўчай групай, якая займалася вывучэннем партызанскага руху на тэрыторыі нашага сельсавета і пошукам загінуўшых парты­зан.

Месцы іх пахавання былі ўстаноўлены, астанкі перанесены ў брацкую магілу. Гэта былі:

Званкоў Анатоль, камандзір партызанскага атрада, трапіў у засаду і загінуў у ліпені 1942 года.

Валегаў Сяргей з атрада Цыганкова, загінуў пры падрыве цягніка на перагоне Крывошын—Баранавічы каля вёскі Хваінка ў жніўні 1943 года.

Галамбеўскі Мікалай Канстанцінавіч, жыхар вёскі Крывошын, загінуў у ліпені 1943 года.

Елісееў Мікалай, пры нападзе на Крывошынскі гарнізон загінуў у жніўні 1943 года.

Нішчэрук Аляксей Дзмітравіч, партызан атрада Суворава брыгады “Савецкая Беларусь”, загінуў каля Парахонскіх хутароў, быў перавезены ў наш раён і па­хаваны каля возера Качайла. Сам родам з Белай Царквы, Украіна.

Наша пошукавая група ўстанавіла, што ў раёне вёскі Хацяж пахаваны партызан, які загінуў у чэрвені 1942 года. У баі з фашысцкімі карнікамі ў чэрвені 1942 года загінулі партызаны з атрада Брынскага А. П. і пахаваны на востраве ва ўрочышчы Забалоцце Свяціцкага сель­савета. Там загінуў загадчык Крывошынскай участковаябальніцы, які быў доктарам у гэтым атрадзе.

I цяпер вялікую работу па краязнаўству выконваюць вучні Крывошынскай сярэдняй школы Шкруць Наташа, Прыхач Іра, Рамашка Надзя, Шведава Надзя, Чаранкевіч Лена, Васількова Рыта. Яны цудоўна праводзяць экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі школы. Прадаўжаюць і следапыцкі пошук.

Час усё больш аддаляе нас ад той жахлівай пары, калі над нашай краінай чорнай хмарай пракацілася вайна. Вырасла новае пакаленне людзей, якія не выпрабавалі жахаў канцлагераў, газавых камер, голаду і нястач. Над намі мірнае неба над галавой, паветра без паху гары. Мінулае ста­ла гісторыяй.

Але ніколі не згладзіцца ў памяці людской светлы вобраз тых, хто крочыў цяжкімі дарогамі вайны, мёрз у салдацкіх акопах, праліваў кроў у жорсткіх змаганнях змоцным і каварным ворагам, не на жыццё, а на смерць змагаўся за свабоду і шчасце любімай Радзімы.

Цудоўны беларускі народ беражліва захоўвае па­мяць аб нязгасным подзвігу сваіх сыноў і дачок. Імёнамі герояў названы вуліцы і прадпрыемствы, школы і піянерскія атрады. Наша школа носіць імя Героя Са­вецкага Саюза Здановіча Гаўрылы Станіслававіча. А сабраны гістарычны матэрыял стаў асновай гісторыка-краязнаўчага музея. На будынку школы ў гонар герояў устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Водблескі агню вечнай Славы, манументы, стэлы, помнікі — усё гэта не толькі светлая памяць пра загінуўшых.

Гэта наказ жывым сёння: быць дастойнымі памяці старэйшых пакаленняў, заваяваўшых нашу Перамогу.

                                          Леанід ЧАРАНКЕВІЧ. в. Крывошын.

 

Чаранкевіч, Л. На яна быў апошні бой / Леанід Чаранкевіч // Ляхавіцкі веснік. – 2005. – 6 ліпеня.

3 расказу У. Р. Скалабана, кіраўніка гісторыка-краязнаўчага гуртка

Ляхавіцкай сярэдняй школы 2

На брацкай магіле ў горадзе Ляхавічы пахаваны старшына Савецкай Арміі Іван Васілевіч Хмыроў. Члены гісторыка-краязнаўчага гуртка адшукалі адрас былога воіна, устанавілі перапіску з яго сваякамі.

Да вайны I. В. Хмыроў працаваў пастаўнікам. У час вайны быў паранены і са шпіталя ў 1942 г. напісаў пісьмо сваёй маці. У ім падрабязна расказваецца аб удзеле Івана Васілевіча ў баях супраць гітлераўскіх захопнікаў. Гэта пісьмо маці Хмырова перадала ў Ляхавіцкую сярэднюю школу № 2. Свой ліст да маці воін заканчвае наступнымі радкамі:

«Дарагая мама! 13 лютага я атрымаў ад Вас пісьмо, з якога даведаўся, што старэйшы брат разам з сынам прызваны ў Чырвоную Армію, прызваны зяць Шура. Цяпер з нашых сваякоў на фронце пяць чалавек. I ад некаторых я не маю звестак. Магчыма, хто з іх і загінуў у баях за Радзіму. Ну, што ж, вайна. Фашысты расплацяцца з намі сваёю крывёй. Асабіста я застрэліў дзевяць фашыстаў. Спадзяюся, што і мае браты, як і я, дарэмна не аддадуцъ сваё жыццё. Не бядуйце, мама, калі хто з нас не вернецца дамоў.Ведайце, што ваш сын абараняў не толькі сваю Радзіму, але і Вас, ваш утульны родны куток.

Пару слоў да пляменніка Жэні. Жэня! Ты яшчэ малы, не можаш біць ворага. Але калі ты падрасцеш, прачытай мой расказ пра баявыя дні. Ён табе напомніць, як твой тата і дзядзька змагаліся з азвярэлым фашызмам, як яны любілі сваю Радзіму і ненавідзелі во­рага. Запомні, Жэня, гэты расказ. Ён заклікае цябе за пралітую нашу кроў адпомсціць любому ворагу, які пасягне на нашу Радзіму. А калі мы ў апошнім баі з ворагам застанемся жывыя, дык гэты расказ будзе нам агульным успамінам».

 

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 289.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed