Ляхавічы

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>

Ляхавічы

Lachowicze
Ляховичи

 

1Старадаўні палац роду Масальскіх. Да 1492 г. Ляхавічы ўжо мелі статус мястэчка. 3 1535 г. Ляхавічы знаходзіліся ва ўласнасці роду Гаштольдаў, якія ўзвялі тут касцёл. У 1551 г. маёнтак перайшоў ва ўласнасць караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста. У 1572 г. у выніку абмену на маёнтак Свіслач Ваўкавыскага павета Ляхавічы перайшлі ва ўласнасць знакамітага і заможнага на Беларусі роду Хадкевічаў .

Пры Хадкевічах на левым беразе ракі Ведзьмы замест невялікага драўлянага замка быў пабудаваны магутны бастыённы замак.

У 1621 г. пасля смерці Яна Караля Хадкевіча яго маёнткі, у тым ліку і Ляхавіцкая фартэцыя, адышлі ў спадчыну яго дачцэ Галіне, якая была ў шлюбе з сынам Льва Сапегі Янам Станіславам Сапегам. Пасля яе смерці ў 1625 г. усе маёнткі сталі ўласнасцю Сапегаў, спачатку брата Яна Сапегі Казіміра Льва Сапегі (каля 1609—1656), падканцлера ВКЛ, а пасля Казіміра, згодна з яго завяшчаннем, гаспадаром Ляхавіч стаў канцлер ВКЛ Павел Ян Сапега (1610—1665).

У сваю чаргу ён перадаў Ляхавічы свайму малодшаму сыну Францішку Стафану, кашталяну браслаўскаму і бабруйскаму. Пасля смерці Францішка ў 1686 г. наступным гас­падаром Ляхавіч і навакольных маёнткаў быў яго сын Юрый Феліцыян, ваявода мсціслаўскі. У 1727 г. Ежы Сапега прадаў маёнтак Гераніму і Кацярыне Выжагерд Гаддовіч .

Пасля смерці бацькі спадкаемніцай Ляхавіцкага маён-тка стала адзіная дачка Юрыя Мар’яна, замужняя ў першым шлюбе за Ігнаціем Казьмінскім, у другім шлюбе — за Людвікам Домбскім. Пасля забойства яе першага мужа ў Польшчы яна перасялілася і стала жыць на Беларусі, у Ляхавічах. У 1760 г. Мар’яна Домбская прадала Ляхавічы Міхаілу Юзафу Масальскаму. На той час у склад Ляхавіцкага маёнтка ўваходзілі фальваркі Старыя Ляхавічы; Ажэвічы, Жарабковічы, Зубялевічы, Голдавічы, Мыслабаж, Літва і Вадзяжым.

Паводле даследавання Р.Афтаназы, пасля Міхаіла Масальскага Ляхавічы па спадчыне перайшлі яго сыну Ігнацію Якубу (1726—1794). Ігнацій Масальскі быў віленскім епіскапам, а таксама старшынёй Камісіі Народнай адукацыі Рэчы Паспалітай.

У 1793 г. маёнтак Хлапенічы і «Ляхавіцкае графства» перайшлі ва ўласнасць барскага канфедэрата, гетмана ВКЛ Шымана Марціна Корвін-Касакоўскага (1741 — 1794), жанатага з Тэрэзай, дачкою графа Патоцкага, валынскага губернатара.

У сувязі з тым, што Касакоўскі застаўся без нашчадкаў, уся маёмасць маёнтка перайшла яго пляменніку, ваеннаму палкоўніку, паслу 4-гадовага Варшаўскага сейма Юзафу Дамініку Касакоўскаму, пашлюбленаму з Людвікай Патоцкай. Яна прынесла Патоцкім пасаг з 16 вёсак і фальваркаў. Юзаф Дамінік Касакоўскі быў на той час адным з багацейшых магнатаў на Беларусі.

Пасля Юзафа Дамініка гаспадаром Ляхавіч стаў яго сын Станіслаў Шчасны Касакоўскі (1795—1872). Ён быў знакамітай асобай, у свой час абраны ў Дзяржаўны савет Польскага каралеўства.

На тэрыторыі Ляхавіцкага ключа ён стварыў ардынацыю і атрымаў тытул ардыната, а пасля яго ардынатам Ляхавіч стаў яго сын граф Станіслаў Аляксандр Касакоўскі (1837—1905). Пасля Станіслава Аляксандра Ляхавіцкая ардынацыя перайшла да яго сына Юзафа Станіслава Касакоўскага, пашлюбленага з Марыяй Хадкевіч, дачкою Яна Караля і Актавіі Фалькоўскай.

У 1760 г. на месцы разбуранай Ляхавіцкай фартэцыі, Міхаіл Юзаф Масальскі пабудаваў цікавы па архітэктуры палац. Вонкавы выгляд палаца данёс да нашага часуадзіны малюнак, выкананы пэндзлем невядомага мастака напярэдадні 1-й сусветнай вайны (1913 г.). Дакладна невядома, ці адпавядаюць рэчаіснасці дробныя архітэктурныярысы палаца, ці мастак праявіў элементы фантазіі. Тым не менш агульнае ўяўленне пра палац мы можам мець.

Будынак палаца быў аднапавярховы, верагодна, мураваны. 3 боку галоўнага пад’езда быў ганак, над якім узвышаўся балкон, абнесены балюстрадай.

Асноўны будынак меў у плане форму выцягнутага прамавугольніка, на нізкім падмурку, вокны квадратныя, чатырохсекцыйныя, накрыты высокім гладкімчатырохсхільным гонтавым дахам з двума сіметрычна размешчанымі комінамі.

3 абодвух бакоў палаца на блізкай адлегласці стаялі два флігелі з высокімі стогападобнымі дахамі, накрытымі гонтай. Вокны цэнтральнага фасада флігеляў мелі падоўжную форму, былі падзелены на 10 секцый кожнае. Колькасць унутраных памяшканняў і іх аздоба невядомыя.

Перад галоўным уваходам па цэнтры партэра мелася клумба. Палац абкружаў невялікі парк.

Як адзначае даследчык Раман Афтаназы, асноўная інфармацыя пра палацы і сядзібы Ляхавіцкай ардынацыі змяшчаецца ў манаграфіі «Сапегі. Т. 2. СПб., 1891».

Палац Масальскіх быў, верагодна, знішчаны ў час першай сусветнай вайны. Ляхавічы з’яўляюцца радзімай знакамітага мемуарыста, пісьменніка і грамадскага дзеяча XVI ст. Фёдара Еўлашоўскага.

 

Ляхавічы // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў. – Мінск: БЕЛТА, 2002. – С. 222-223.

 

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed