Купрэеў Мікола. Повязь з родным краем, успаміны пра дзяцінства

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Купрэеў Мікола

 

Скалабан, В. Шчырая Шчара мая…

Шчырая Шчара мая…

Успаміны пра міколу купрэева

Мікола Купрэеў (1937 — 2004) — выдатны беларускі пісьменнік. 25 мая яму споўнілася б 70 гадоў. Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва” падрыхтавала да выдання зборнік твораў, куды ўвайшлі яго аповесці, вершы, гутаркі. Юбілей адзначылі часопісы “Маладосць”, “Полымя, “Новыя кнігі Беларусі”, газеты “Літаратура і мастацтва”, “Заря”, раённыя газеты Брэстчыны, бібліятэкі. Мікола Купрэеў закончыў ў 1962 годзе Брэсцкі педагагічны інстытут, працаваў настаўнікам у Пранчакоўскай сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна.

Успамінамі пра пісьменніка дзеліцца наш зямляк, гісторык і літаратуразнаўца, загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Віталь Скалабан. Мяркуем і далей друкаваць матэрыялы пра Міколу Купрэева і звяртаемся да чытачоў з просьбай  дасылаць свае ўспаміны, нататкі, фотаздымкі ў рэдакцыю.

У юнацтве бываюць сустрэчы, пра якія помняць усе жыццё. Такой падзеяй для мяне стала сустрэча з Міколай Купрэевым на пачатку 1964 года ў Ляхавічах. Новы будынак СШ № 1, пабудаваны ў1961годзе, быў выдатны, са спартыўнай залай, майстэрняй, але не без недахопу — адсутнічала сцэна. А мне, актыўнаму ўдзельніку мастацкай самадзейнасці, гэта падавалася страшэннай заганай. На адным са сходаў я выказаўся, што адсутнасць сцэны не дае школьным артыстам напоўніцу раскрыць свае таленты. Дырэктар Іван Піліпавіч Дзегялевіч згадзіўся: сцэна патрэбная, але ж для яе трэба знайсці пару кубаметраў дошак. I яна з’явілася, але не ў спартыўнай, а ў актавай зале, якая адначасова выконвала і функцыі сталовай.

Менавіта на гэтай сцэне і ўладкаваліся госці, што прыйшпі на су- стрэчу са школьнікамі,—ужо вядомыя паэты Юрась Свірка і Алесь Ставер, разам з імі ляхавіцкія паэты Кастусь Турко і Мікола Купрэеў. Рэч вёў Алесь Ставер. Ён прачытаў жартоўны верш “Скрыпка і бубен”. Памятаюцца і вершаваныя радкі, што чытаў Юрась Свірка: “Ходзіць лагчынай хлопец з дзяўчынай, туліць-мілуе, моцна цалуе”. Цёпла было ўспрынята і выступленне Кастуся Турко. Мікола Купрэеў працаваў у Пранчакоўскай сярэдняй школе, і ляхавіцкія школьнікі яго не ведалі. Вершы ўразіпі нейкай невытлумачальнай унутранай моцаю, аголенасцюдушы, арыгінальнасцю вобразаў. Яго верш “ Сонечка” з таго часу я ведаю на памяць:

Было нам па шэсць гадкоў, мне і ёй –

Суседскай дзяўчынцы з сонечным імем Сонечка.

Мы разам гулялі.

Не помню, у што гулялі.

Не, помню, аднойчы з пяску мы будавалі домікі

І галіначкі клёну ўтыкапі ў пясок, невялічкі капалі каподзеж.

I помню, была навальніца, а мы з ёю беглі з лесу,

смяяліся і дзівіліся на маланкі і нешта крычалі грому.

Больш нічога не помню, толькі: вочы —

вялікія, светлыя, як маланкі…

Было нам па шэсць гадкоў калі

Сонечкі раптам зусім не стала.

Памерла. Ад голаду. Я нежывую яе не бачыў.

Я хаваўся за вёскай, бо вельмі страшна было мне,

што Сонечкі раптам зусім не стала.

Гэта было страшней, чым фрыцавы танкі, чыміхгарматы…

Калі прыязджаю здалёку я ў роднуювёску,

у дні навальніц, маланак, грому, я ўспамінаю Сонечку,

І думаю:трэба наведаць магілку, І не іду!

О, як робіцца страшна, калі ўяўляю: я стаю ля магілкі,

А магілка — такая маленечкая, а мне ж— дваццаць шэсць.

Вельмі ўразіў і верш Міколы Купрэева “Балада пра чаравікі”.

Ішлі над Дняпром партызаны

і больш ісці не маглі.

Балюча смылелі раны,

гарэнілі мазалі.

…I панёс чаравікі Дняпро ў мора.

Чорнае мора, Міжземнае мора,

а там акіян…

Хто лепш, чым гэтыя чаравікі,

свету раскажа пра гора,

пра гора майго народа,

пра вялікую помсту,

пра загінуўшых партызан?!

… Калі я прыходжу на бераг Дняпра

Мне заўсёды здаецца:

Не, то не сосны рыпяць —

 то чаравікі аднекуль,

аднекуль рыпяць…

(Мой калега па Беларускай Энцыклапедыі Янка Саламевіч рыхтаваў зборнік беларускіх балад. Я паказаў яму “Баладу пра чаравікі”, і яна была ўключана ў кнігу).

Мікола Купрэеў часта друкаваўся ў “Маладосці”, “Літаратуры і ма- стацтве”, ляхавіцкім “Будаўніку камунізму”. А ў брэсцкай “Заре” пад рубрыкай “У добры шлях” малады крытыкУладзімір Гніламёдаў (сёння акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) змясціў нататкі “Лірыка Міколы Купрэева”. Усе гэтыя пубпікацыі я збіраў і захоўваў, шмат з іх маю і сёння.

У час працы ў Пранчакоўскай школе Мікола Купрэеў падрыхтаваў зборнік “Непазбежнасць”, што ўбачыў свет у 1967 годзе. Паэт перыязджае ў Мінск, працуе пэўны час у рэдакцыі “Літаратуры і мастацтва”, але хутка вяртаецца на Брэстчыну. Пачынаецца яго вандроўнае жыцце, неуладкаваны побыт.

У калекцыі матэрыялаў пра паэта зберагаецца і ягоны ліст ад 20 снежня 1987 года, напісаны ў Малькавічах Ганцавіцкага раёна. Стваралася кніга “Памяць. Ляхавіцкі раён”. За дапамогай звярнуўся да Міколы Купрэева, спадзеючыся, што ён дашле ўспаміны пра свае ляхавіцкія старонкі жыццяпісу, прапануе вершы. Але паэт вырашыў інакш.

“Я ў Ляхавіцкім раёне працаваў 23 гады назад, у школе. Пра што ж я мог бы напісаць? Думалася: толькі, можа, па слядах К. Паустоўскага на Ляхавіччыне. Ён там у першую сусветную вайну (ці ў грамадзянскую? — ужо і не помню, даўно чыталася) блукаў па вёсках, аселіцах і пісаў пра гэта ў пісьмах з прыфрантавога тылу (у адным з выданняў — ёсць). Але ўжо і кнігі той знайсці не магу (правінцыя!). Ды і трэба хаця на колькі часу зноў вярнуцца на тыя месцы. А гэта магузрабіць толькі летам (працую ў школе).

Але вось што я Вам падкажу. Апошнія гадоў 15 — 20 (з перапынкамі) у Ляхавіцкай райгазеце “Будаўнік камунізму” (рэдактар Вікенцій Юльянавіч Шталь) друкуе дакументальныя матэрыялы пра заходне-беларускіх пад- польшчыкаў (найбольш — пра камсамольцаў) настаўнік-пенсіянер Васіль Міхайлавіч Сокал. Вельмі многа фактажу. А В. М. Сокал жыве ў в. Зубелевічы Ляхавіцкага раёна (дома ў яго ёсць тэлефон). Звяжыцеся са Шталем рэдактарам і Сокалам — шмат возьмеце. Ды і іншыя газетныя матэрыялы — іншых аўтараў было ў іх. Прабачце.

Дзякую за вашуўвагу да мяне. 3 прывітаннем — Мік. Купрэеў”.

Тэкст ліста заняў цэлую старонку, а на адвароце, у пастскрыптуме, Мікола Купрэеў напісаў пра пісьменнікаў і журналістаў, якія добра ведалі Ляхавіччыну: Віктара Гардзея, Васіля Праскурава, Уладзіміра Бацкалевіча, Алеся Шлега, Іосіфа Карпызу. Успомніў і пра Машукоўскія лясы на мяжы і Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў, дзе базіраваўся партызанскі атрад Кірылы Арлоўскага.

У кнігу “Памяць. Ляхавіцкі раён” быў прапанаваны верш “Спатканне са Шчарай”, які падаўся мне найбольш ляхавіцкім:

Ну, як табе, Шчара, маецца

між палёў тваіх і лясоў?

Як хвалі тваёй гайдаецца

да нёманскіх берагоў?

Бачыш, і я ўжо ўспенены

на скронях густой сівізной.

Ходзяць маімі венамі

рэкі зямлі маёй.

I самая чыстая хваля

ў іх б’ецца з тваіх берагоў —

Тут сэрца маё абмывала,

пела сінюю песню без слоў.

I калі мне жыввцца чыста

і я тут яшчэ не госць —

гэта даўняя наша ўрачыстасць

і наша з табой маладосць.

…Правяду ж я цябе да Цыгані

па нівах тваіх і гаях

і ў вячэрнім растанем тумане,

шчырая Шчара мая…

На жаль, гэта лірычная споведзь у “Памяць” не трапіла. Да гэтага часу шкадую. Наступная і апошняя сустрэча з паэтам была нечаканая. Летам 1988 года ў Мілавідах ладзілася імпрэза ў памяць палеглых паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Прыехалі аматары гераічнай беларускай даўніны з Мінска, Баранавіч, Брэста, бліжэйшага наваколля. Сярод мінскіх гасцей быў і прафесар Мікола Грынчык. Менавіта ў дарозе нарадзілася задума яго нарыса пра франтавога сябра Сцяпана Цярэшку для ляхавіцкай “Памяці”. 3 Ганцавіцкага раёна прыехаў Мікола Купрэеў. Фізічна ён выглядаў  стомленым, недагледжаным, але вочы свяціліся ад радасці, што ён разам з аднадумцамі.

Віталь СКАЛАБАН.

Скалабан, В. Шчырая Шчара мая… / Віталь Скалабан // Ляхавіцкі веснік. – 2007. – 6 чэрвеня. – С. 4.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed