Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына
Ян Чачот (1796-1847)
Нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Наваградскага павета на самым схіле XVIII стагоддзя — 24 чэрвеня 1796 г., якраз на свята Яна Купалы — таму і атрымаў такое імя. Хрысцілі малога Яна, «сына радавітай шляхецкай сям’і Чачотаў — Тадэвуша і Клавы з дому Гаціскіх», як даводзяць метрыкі, у парафіяльным касцёле ў Варончы. Прычым ён быў ахрышчаны двойчы — спачатку, 6 ліпеня, уніяцкім, а потым, 19 ліпеня,— каталіцкім святаром, які даў яму і другое імя — Антоні. 3 Малюшычаў Чачоты, якія арандавалі там фальварак, праз нейкі час перабраліся пад Баранавічы. Гаспадар сям’і Тадэвуш Чачот наняўся там да пана Тызенгаўза служыць аканомам у маёнтку Рэпіхава Навамышскай парафіі таго ж Наваградскага павета (цяпер — Ляхавіцкі раён). Тут, на берагах ракі Мышанкі, і «прамільгнуў ранак жыцця» Яна Чачота, як сведчыць яго балада «Мышанка».