Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Лаўрэнаў Уладзімір
Каб помнілі
Мы паведамлялі ўжо нашым чытачам пра тое, што ўбачыла свет выданне “Ёсць край такі…” Гісторыка-літаратурная хроніка вёсак Жарабковіцкага сельскага Савета выйшла тыражом 700 экземпляраў на сродкі мясцовай гаспадаркі — СВК “Жарабковічы” пры ўдзеле Дзмітрыя Аляксандравіча Турко, ураджэнца гэтых жа мясцін, а цяпер жыхара Санкт-Пецярбурга.
На 425 старонках умясціўся расказ пра зямлю і людзей, якія гэтую зямлю любяць, шануюць, якія працуюць на ёй. Ніколькі не прымяншаючы ролю пры напісанні кнігі іншых асоб, усё ж трэба аддаць належнае ініцыятару стварэння зборніка, аўтару многіх артыкулаў, гісторыку Жарабковіцкай школы Уладзіміру Міхайлавічу Лаўрэнаву.
Ёсць край, дзе так заўжды на сэрцы лёгка,
Паветра родных месц мне душу лечыць.
Бярэ свой шлях тут рэчка Шавялёўка
I праз стагоддзяў тоўшчу мчыць у вечнасць.
3 усіх канцоў сюды вядуць дарогі.
Тут дрэва роду карані пусціла,
Я краю гэтаму так абавязан многім.
…О, дай мне, Божа, толькі час і сілы.
Гэтыя вершы Уладзімір Міхайлавіч паставіў у пачатку зборніка. ён аўтар паэтычных радкоў, якія вельмі шчыра і пранікнёна паказваюць, што чалавек па-сапраўднаму любіць куточак зямлі, на якім жыве. I ўсе нарысы выдання прасякнуты менавіта любоўю да людзей, што стваралі і ствараюць славу гэтых мясцін.
Сказаць што Лаўрэнаў зрабіў вельмі вялікую і патрэбную справу — нічога не сказаць. Не будзе перабольшваннем сцвярджэнне, што ён вытрымаў сур’ёзны экзамен на грамадзянскасць і патрыятызм. Каб памяць жыла ў вяках, каб не парасло травой забыцця мінулае, створана гэта кніга. Кніга, якая заканчваецца вершаваным эпілогам аўтарства Уладзіміра Лаўрэнава:
Звяжуцца дні гадамі, гады ў вякі.
Нітка жыцця цэльна цягнецца ў вечнасць.
Добры след — успамін аб сябе пакінь
На зямлі бацькоў і ў душы чалавечай,
Нашчадак мой — майго роду працяг.
У гэтым сэнс зямнога жыцця.
Вольга СВЯТЛОВА
Святлова, В. Каб помнілі: [Пра кнігу Ул. Лаўрэнава “Ёсць край такі”] / Вольга Святлова // Ляхавіцкі веснік. 2003. 31 снежня. С. 4.
ЛЯ РОДНЫХ ВЫТОКАЎ
Мой родны кут,
як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы.
Радкі “родам” з мінулага веку. Вершаваны “бестселер” даўно забытых дзён? У гэтым і велічнасць — што прыгожае, вечнае, добрае. Не дзіўна, што настаўнікі ў якасці эпіграфа да ўрока па выхаванню патрыятызму бяруць менавіта гэтыя словы, а вучні цытуюць іх на памяць. Толькі ці ўсведамляюць глыбокі сэнс верша?..
У Жарабковіцкай сярэдняй школе — безумоўна. Буслянка на старым дубе, шырокі дыван з блакітных васількоў, белыя стромкія бярозкі. Рабяты ведаюць, якая прыгажосць акружае іх навокал і ганарацца тым, што пашчасціла тут , нарадзіцца (упэўніцца ў і гэтым дазволіла “падгледжаная” падрыхтоўка да сачынення-апісання сваёй вёскі ў 7 класе). А нядаўна родныя мясціны сталі яшчэ мілейшыя сэрцу, дзякуючы цудоўнаму чалавеку, настаўніку гісторыі Уладзіміру Міхайлавічу Лаўрэнаву.
“Ёсць край такі” — назва “немаўляці”, якое выйшла з-пад яшчэ цёплага, руплівага пяра. Кніга для аўтара, сапраўды, бы нараджэнне дзіцяці. Нешта сваё, роднае, блізкае. Прытым першынец. Што цікава — Уладзімір Міхайлавіч прыезджы (з Гомельшчыны).
А пачалося ўсё дзесьці 30 гадоў таму. Жонка тутэйшая. Вось і паехаў за ёю. Уладкаваўся ў мясцовую школу. Выкладаючы матэрыял па агульнай гісторыі, не меншую ўвагу надаваў краязнаўству. Наадварот, карпатліва, па драбніцах збіраў звесткі, якія хоць якімсьці чынам тычыліся вёсак Жарабковіцкага сельскага Савета. А край тут сапраўды багаты. “Багаты на разнастайныя падзеі — радасныя, прыемныя, а часам драматычныя, шчымлівыя, як само жыццё, поўнае супярэчнасцей і нечаканасцей”, — гаворыць сам аўтар у прамове да чытача. Багаты ц і к а в ы м і людзьмі, розных светапоглядаў і характараў. Важна гэта ўсё не страціць, захаваць у памяці, у душы народа — а значыць захаваць у слове. Кніжным слове. На стагоддзі, тысячагоддзі. Той, хто нераўнадушны да сваіх каранёў, хто цэніць гісторыю свайго радавода — прыме напісанае за скарб. Выданне, у першую чаргу, разлічана на гэтую аўдыторыю.
Прадстаўнікі аддзела адукацыі і настаўнікі – беларусазнаўцы раёна сабраліся ў Жарабковіцкай СШ пазнаёміцца з кнігай, паслухаць яе аўтара – складальніка і пачуць водгукі першых чытачоў: фундатара — старшыні СВК “Жарабковічы” Віталія Бусько, былой вучаніцы, цяпер настаўніцы, ў роднай школе Галіны Навумік, зямлячкі жарабкоўцаў Вольгі Плескацэвіч, дачкі актывіста і падпольшчыка Фёдара Шэлеха, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, героя кнігі Аляксея Праневіча.
…На засланым абрусам стале “Зямля пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча, гістарычная хроніка “Памяць” Ляхавіцкага раёна, “Святло душы” Веры Дыдышка, зборнічкі вершаў Анатоля Станкевіча і Кастуся Турко. Побач — “Ёсць край такі” Уладзіміра Лаўрэнава. На аранжавым фоне цвёрдай вокладкі мясцовыя краявіды, а ў правым кутку зверху — валошка з 11 пялёсткаў — сімвалы апісанай у кнізе зямлі Ляхавіцкай. Астрэйкі, Валасачы, Гулічы, Дамашы, Жарабковічы, Зарытава, Канюхі, Пірштукі, Сваятычы, Трабавічы, Яцкаўшчына — кожная занатавала тут гістарычную праўду пра сябе ад самой эпохі неаліту і да нашых дзён.
Цяжкасці засталіся далёка ззаду. Ідэю падтрымалі (станоўча ўспрынялі прапанову супрацоўнічаць многія навукоўцы, краязнаўцы, журналісты і, безумоўна, мясцовыя жыхары). Кніга ўбачыла свет. Мае свайго чытача. У перспектыве плануецца яе прэзентацыя ў шырокім сэнсе гэтага слова. Застаецца спадзявацца, што выданне зойме сваю нішу сярод іншых і праз доўгія гады вытрымае экзамен на жыццястойкасць. Апошняе, зразумела, цалкам залежыць ад нас.
Уладзімір Міхайлавіч і цяпер у вёсцы чалавек прыкметны, усімі паважаны. I ўжо збіраецца з новымі думкамі. Пра школу жарабковіцкую хацелася б напісаць. Выбраны абект сапраўды заслугоўвае ўвагі: не жартачкі — з 1900 года. А людзі, якія заснавалі, якія выйшлі з яе сцен, настаўнікі… Адным словам, гэта ўжо матэрыял наступнай кнігі.
Надзея САДОЎСКАЯ
Садоўская, Н. Ля родных вытокаў : [Прэзентацыя кнігі Ул. Лаўрэнава “Ёсць край такі” у Жарабковіцкай СШ] / Надзея Садоўская // Ляхавіцкі веснік. – 2004. – 31 студзеня. – С. 3.