Капіевіч Ілья. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Капіевіч Ілья

 

БіяграфіяДарашэвіч, Э. К. Капіевіч (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч

Ілья Фёдаравіч Капіевіч (Капіеўскі)
(каля 1651 – 1714)

Друкар, перакладчык, паэт і пісьменнік, выдавец на рускай мове арыфметыкаў, слоўнікаў і падручнікаў, перакладчык на рускую мову кальвінісцкага Катэхізісу і аўтар сімфоніі да Бібліі. Ілля Капіевіч лічыцца адным са стваральнікаў рускага грамадзянскага шрыфту. Будучы ураджэнцам ВКЛ і выхадцам з кальвінісцкай шляхецкай сям’і, быў дзядзькам віленскага кальвінісцкага біскупа і сам быў кандыдатам у пастары.

Ілья Капіевіч стварыў шрыфт, якім мы зараз карыстаемся (некалькі дзесяцігоддзяў пры Пятры І яго называлі «беларускай азбукай»), быў настаўнікам у Пятра І, увёў у кнігадрук арабскія лічбы, апублікаваў у 1700 г. басні Эзопа, апублікаваў першую карту зорнага неба.

Нарадзіўся ў Беларусі (найбольш вядома на Брэстчыне ці Случчыне). Месцам яго жыхарства стаў Амстэрдам, дзе ён заняўся кнігавыдавецтвам.

Сёння, на вялікі жаль, нельга з упэўненасцю сказаць, дзе на Ляхавіччыне стаяў фальварак бацькі і Ільі. Фёдар Капіевіч (у некаторых крыніцах Капіеўскі), спаланізаваны беларус, служыў пры замку, меў фальварак Бярэзчына, недзе паміж вёскамі Тухавічы, Крывошын, Уцёс. Затое добра вядома іншае: Ілья Фёдаравіч Капіевіч нарадзіўся ў 1651 годзе, у дзевяцігадовым узросце быў вывезены ў Расію. Вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, адной з найлепшых навучальных устаноў, якая давала высокую і рознабаковую адукацыю сваім выхаванцам.

Асабліва вялікі уклад зрабіў Ілья Капіевіч у развіццё кірыліцы. Ён удасканаліл і спрасціў кірыліцу , гэта значыць канчаткова наблізіў формы літараў да сучасных. Яго «Краткое и полезное руковедение в арифметику» (Амстэрдам, 1699) было першай друкаванай книгой на рускай мове па арыфметыцы.

Пражыўшы ўсё жыццё ў адзіноце, Ілья Капіевіч памёр 23 верасня 1714 года.

След, які пакінуў пасля сябе І. Капіевіч, — гэта не толькі след асветніка — рэфарматара, але і першаадкрывальніка. Сваёй рознабаковай і самаахвярнай дзейнасцю І. Капіевіч адыграў важную ролю ў развіцці духоўнай культуры ўсходнеславянскіх народаў, у тым ліку і беларускага.

КАПІЕВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч
(каля 1651—1714)

 

Пісьменнік, выдавец, асветнік, энцыклапедыст. Нарадзіўся на Беларусі (найбольш верагодна на Брэстчыне ці Случчыне). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй падлетка К. звёз з сабой «боярский сын з Бежыцкия пятины», г. зн. з Ноўгарада. Праз 6 гадоў К. разам з мсціслаўскім ваяводам М.Цеханавецкім вярнуўся на Беларусь. Вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, якая ў той час была цэнтрам культуры, што мела вырашальнае значэнне для фарміравання і эвалюцыі поглядаў маладога К. Верагодна, вывучыў замежныя мовы. Яшчэ ў час навучання ў школе К. як здольны вучань заняў тут у 1674 пасаду лектара (настаўніка малодшых класаў). Дакладна невядома, як К. трапіў у Галандыю (верагодна, па канфесійных матывах), але ўстаноўлена, што там ён займаўся выдавецкімі справамі. Захаваліся яго лісты да Лейбніца, які прапаноўваў К. супрацоўнічаць у справе выдання кніг. У 1697 у час прыбыцця ў Галандыю расійскага вялікага пасольства пад кіраўніцтвам Пятра I К. быў кандыдатам-пастарам пры Амстэрдамскім саборы. Як знаўца многіх моў быў настаўнікам Пятра I і іншых удзельнікаў пасольства. 3 гэтага часу К. усё сваё жыццё прысвяціў асветніцкай справе на карысць усходнеславянскіх народаў. Ён складаў планы выдання падручнікаў, якія, відаць, абмяркоўваў з Пятром I, а потым выдаў іх у друкарні І.А.Тэсінга, а з 1700 — у сваёй. У 1699—1706 К. падрыхтаваў, пераклаў і выдаў каля 20 кніг асветніцкага характару па гуманітарных, прыродазнаўчых, тэхнічных і вайсковых галінах ведаў. Найбольш вядомыя з іх: «Введение краткое во всякую историю…»(1699), «Краткое и полезное руковедение во арифметику» (1699), «Уготование и толкование ясное и зело изрядное, краснообразного поверстания кругов небесных…» (1699), «Краткое собрание Льва Миротворца», «Номенклятор (лексикон) на русском, латинском и немецком языке», «Грамматика латинская» (усе 1700), «Морского плаванія книга» (1701), «Святцы, или Календарь»(1702), «Руковедение в грамматику славено-российскую» (1706) і інш. К. шмат вандраваў па Еўропе са сваёй друкарняй, а калі вырашыў перавесці яе ў Расію, то быў перахоплены піратамі. У 1708 ён разам з расійскімі войскамі прыбыў у Варшаву. Некалькі гадоў служыў у Пасольскім прыказе перакладчыкам. К. — вучоны з шырокім кругаглядам, патрыёт і прыхільнік навучання народа паспалітага, прадаўжальнік справы Ф.Скарыны. Ён адзін з першых (калі не першы) распрацаваў для ўсходніх славян навуковую тэрміналогію па многіх галінах ведаў. Падрыхтаваныя і выдадзеныя ім падручнікі асабліва былі карысныя для юнацтва, якое прысвяціла сябе навуцы, тэхніцы, мараходству ці вайсковай справе. Значны час гэтымі падручнікамі карысталіся ў расійскіх школах.

Па сваіх поглядах К. — актыўны прыхільнік рэформ Пятра I, якія ламалі руцінныя формы грамадскага жыцця. Ён вітаў імкненне славянскіх народаў да аб’яднання, называў беларусаў, рускіх і ўкраінцаў «славяна-рускім народам». К. быў перакананы ў неабходнасці адукацыі, падкрэсліваў вялікае значэнне рознабаковага навучання: «Ничто же полезнейшее есть в сем житии, как познание и умелость писмен. Сие приношает величество и славу, сие неизреченную красоту воздаёт, сие государства укрепляет и расширяет, и прославляет — всякому человеку во всяком чине полезно. Писмена разум исправляют и обучают, и утешают…» («Из истории философской и ощественно-политической мысли Белоруссии». С. 324). Ён лічыў, што матэматыка вельмі карысная ў марской справе, у падарожжах, у горна-здабыўной справе («вникнувший в математические книги, помощь обретеш»), астраномія дапамагае ў навігацыі, гісторыя — у пазнанні грамадскага жыцця і чалавека («Введенне краткое во всякую историю…». С. 3—4). Асаблівае значэнне надаваў ён граматыцы: «тщетный есть всяк труд без грамматики».

Галоўную этыка-эстэтычную каштоўнасць К. бачыў у мудрасці і асвеце. Гэта думка выказана ім у арыгінальнай сентэнцыі «Пра кура», які, разграбаючы кучу смецця, выкідвае алмаз. Пад «курам» ён меў на ўвазе чалавека «маларазумнага», які не любіць «свабодных навук прамудрасці» («Притчи Езоповы…», Амстэрдам, 1700. С. 8). К. — аўтар «Рыторыкі» і «Паэтыкі» (не захаваліся). Значную ролю ў асветніцкай дзейнасці адыгралі яго творы па гісторыі: «Хроніка», «Часаапісанне», «Летапісы ці дзеянні», «Хроніка дня», «Уладаапісанне» (пра палітычнае жыццё), «Жыццеапісанне» (пра асобных людзей і здарэнні). К. тлумачыць, што «хроніка па-грэчаску таксама параліпаменон. У ёй жа дзеянні або справы ратныя, па парадку часоў размеркаваныя, апісваюцца добрасумленна, па ўсіх стагоддзях. Напрыклад, што перад патопам і што пасля патопу здарылася ва ўсялякі час… Летапісамі завуцца кнігі, дзе ўсялякага красамоўства і мастацтва і без тлумачэння прычын усялякага роду здарэнні апісваюцца». Такі разгляд гісторыі быў, напэўна, крокам наперад у параўнанні з ранейшымі сярэдневяковымі і тэалагічнымі канцэпцыямі. Магчыма, што на яго гістарычныя погляды паўплывалі не толькі заходнія (Лейбніц), але і ўсходнеславянскія гісторыкі (Стрыйкоўскі, Тацішчаў, Каменскі і інш.).

Паводле звестак самога К., ён адправіў у Маскву наступныя кнігі: «Риторическое собрание вместе с красноречием кратчайшее», «Политик, ученый и ученоблагочестивый, переданный польскими стихами», «Хронология священнополитическая Иерусалима, по-русски и по-польски» ( гэта і наступныя былі падрыхтаваныя К. да друку, лёс іх невядомы), «Квинт Курцый Руф о делах Александра Великого, по-русски», «Образцы склонений, спряжений, по-латыни, немецки и русски», «Немецкая грамматика с русским толкованием», «Введение Коменского по-латыни, немецки и русски», «Семейные беседы, разделенные на 40 глав, по-латыни, немецки и русски», «Словарь по-латински и русски», «Священная Библия на славянском языке, по порядку или стихами изданная», «Полная славянская грамматика».

Уплыў К. на беларускую культуру мала вядомы, але ў яго лексіконе выразна адчуваюцца беларускія моўныя ўздзеянні.

Тв.: Номёнклятор на русском, латинском и голландском языках. Амстэрдам, 1700; Слава Торжеств. Амстэрдам, 1700; Книга, учащая морского плавания… Амстэрдам, 1701; Latiпа grammatіса іп usum scholarum сеlеbеггіmае gentis Slavoпісае. Аmsterdami, 1700.

Літ.: Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689—январь 1725 г. М.; Л., 1958; Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962; Асвета і педагагічная думка ў Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985. С. 149—151; Дорошевич Э.К. Илья Копиевич, Георгий Конисский // Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973; Антология педагогической мысли БССР. М., 1986. С. 134—138.

 Э. К. Дарашэвіч.

Дарашэвіч, Э. К. Капіевіч (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч) // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыклапедыя. — Мінск, 1995. — С. 220 – 222.

Comments are closed