Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Бярозка Анатоль
Маё сэрца ўжо спынялася
Ягоным імем назвалі медыцынскі будынак у ЗША.
У 1939 годзе газета “Крыніца” каранавала яго
другім – пасьля Натальлі Арсеньневай –
“выбітнейшым беларускім літаратарам,
які застаўся ў Вільні”.
Цяпер жа пра патрыёта, медыка
і містыфікатара Мітрафана (Мацьвея)
РЭПКУ-СМАРШЧКА, у паэтычным асяроддзі
вядомага як Анатоль БЯРОЗКА, на Радзіме
амаль забыліся…
Пра цікавага і таленавітага Бярозку творчыя
колы ўспомнілі толькі напрыканцы 80-х,
калі аўтар выдаў невялічкай кніжкай-брашурай
лепшыя, на ягоны погляд, адзінаццаць вершаў.
Толькі тады ўзьядналіся паэт Бярозка
і знакаміты лекар, эміграцыйны
дзеяч Смаршчок…
Ад Смаршчка да Бярозкі
Бацькі мае былі звычайнымі сялянамі. Бацька Васіль, які падчас Першай сусьветнай вайны ваяваў у царскім войску, адзін цягнуў гаспадарскую лямку, маці – Ганна – дапамагала яму ў хатніх справах. Ён вельмі цікавіўся кнігамі, прывіваў любоў да навукі і мне, бо меркаваў, што я маю здольнасьці. Адправіў мяне ў польскую школу ў Падлесьсі (у гэтай вёсцы я й нарадзіўся). У школе я спачатку сутыкнуўся з сур’ёзнай праблемай няведаньня польскай мовы. Беларускія кнігі здабыць было амаль немагчыма, таму даводзілася чытаць расейскія, а потым – польскія. Пачатковую школу скончыў ужо ў Ляхавічах – сем кіламетраў ад Падлесься. Маё сапраўднае прозьвішча – Рэпкаў-Смаршчок (а не Смаршчок-Рэпка, як некаторыя пішуць) – перайшло ад бацькоў. Амаль уся вёска была заселена Смаршчкамі, і таму, каб розьніць адну сям’ю ад другой, выдумляліся мянушкі. Мы атрымалі Рэпкавыя. Былі Канцавыя Смаршчкі, яны жылі ў канцы вёскі.
Пасьпяхова скончыў Баранавіцкую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана, паехаў працягваць адукацыю ў Віленскі універсітэт, выбраў медычны факультэт. Маці хацела, каб я вывучыўся на сьвятара, мяне ж гэта ня вабіла. Уступныя іспыты прайшоў выдатна, адказаўшы на ўсе пытаньні. Атрымалася, што з трох сотняў юнакоў на вучобу залічылі траціну. Беларусаў ва універсітэце вучылася няшмат. Хоць, вандруючы па навакольных віленскіх вёсках, адразу можна было зрабіць выснову, што тэрыторыя гэтая – нашая, беларуская. Цудоўна запомніліся словы Молатава пасьля перадачы Вільні жмудзінам: “Мы знаем, что Вильно – не литовский город. Но отчаяние литовского народа настолько велико…”.
На жаль, мае бацькі загінулі надта трагічна. Бацька (Саветы запісалі яго сярэдняком, таму і не чапалі) разам са мною выехаў у Нямеччыну. Пайшоў купіць малака для маёй маленькай дачкі – і быў забіты бомбай. Гэта быў апошні налёт ангельска-амерыканскай авіяцыі… А маці, якая адмовілася пакідаць родную вёску, загналі ў канцэнтрацыйны лагер у Лясным, які спачатку выкарыстоўваўся як лагер для нямецкіх палонных. Пакаралі, відаць, за тое, што ні я, ні бацька ў Беларусі больш не паказваліся…
У сьмяротным сьпісе
Цяпер і ня памятаю, на якім падмурку ўзышло маё жаданьне пісаць вершы. Пісаў спачатку няўдала. Калі мне было гадоў дванаццаць, поштай пачаў пасылаць вершы ў часапіс “Заранка”, рэдактаркай была Зоська Верас. Яна падбадзёрвала мяне, раіла, каб пісаў больш. Пазьней, ужо ў Вільні, стаўся дапаможным рэдактарам “Шляху моладзі”: Язэп Найдзюк мне давяраў і даваў да перагляду шмат літаратуры. Калі зарганізавалася “Калосьсе”, Янка Шутовіч, мой добры прыяцель, уключыў мяне ў склад неафіцыйнай рэдкалегіі. Я пераглядаў большасьць вершаў, якія прыходзілі ў “Калосьсе”. У тым ліку і Максіма Танка. Я добра ведаў яго асабіста. Але ён, на шчасьце, ня ведаў, што я – Анатоль Бярозка…
Калі Вільня была ўжо “чырвонай”, у памяшканьне Беларускага студэнцкага саюзу ўвайшлі двое. Назваліся “оперуполномоченными НКВД”.
У пакоі быў я адзін, пазьней прыйшоў мой сябра Усевалад Кароль (ён потым працаваў са мною ў Баранавічах). Прыйшлі яны не з пустымі рукамі. Па-першае, паказалі нам “Воззвание к жителям Вильно”. Спыталі, ці можам перакласьці тэкст на польскую і беларускую мовы. Я пераклаў на беларускую, а Кароль – на польскую. Тэкст называўся “Да вшысткіх беларусінув, жыдув, палякув, ліцьвінув”. Адзін з “операў”, чытаючы тэкст, сказаў: “Все хорошо, но мы не употребляем слово “жыд”. І паправіў “жыдув” на “евреюв”. Так польская мова ўзбагацілася новым словам…
Але на гэтым нашае спатканьне з супрацоўнікамі НКВД ня скончылася: “Нам нужна ваша помощь. Мы разыскиваем таких людей, как Луцкевич, Берёзка…” Тады Кароль, які добра валодаў расейскай мовай, адказвае: “Берёзка? Вы его не найдете – его убила бомба возле костела Петра и Павла”. І яны выкрасьлілі мой псеўданім са сьмяротнага сьпісу.
Я сапраўды быў непадалёк ад гэтага касьцёлу, калі там узарвалася бомба. Чаму Саветы вялі на мяне паляваньне? Я быў адным з тых, хто выдаваў насьценны студэнцкі часапіс. Пасьпелі выпусьціць толькі тры нумары, адзін з іх захоўваўся ў Беларускім музеі Луцкевіча, а потым кудысьці зьнік. Да сёньняшняга дня я, на жаль, так і не знайшоў аніводнага нумару. Часапіс гэты быў сатырычнага кірунку. Я сам антысталінскіх вершаў не пісаў, аднак адзін з такіх твораў, які, здаецца, пісаны рукою Аўгена Аніські, рэдагаваў. Часта друкаваліся Антон Шукелойць, Жэдзік – ня ведаю, што з ім сталася. Апошні часта пісаў сатыры на Танка. Напрыклад, на яго вядомы “Журавінавы цьвет”.
Да 1989 году, калі я выпусьціў кнігу за сваімі вершамі, якая мае назоў “Адзінаццаць вершаў”, толькі лічаныя людзі ведалі, што Бярозка – гэта Смаршчок, а Смаршчок – гэта Бярозка. Мне задавалі і задаюць пытаньні, чаму гэта Бярозка замоўк і напісаў гэтак мала, хоць мог бы вырасьці “цікавы і сур’ёзны паэт”, як пісаў аб ім Максім Танк. Бярозка не хацеў і не зьбіраўся пісаць хваласьпевы крываваму дыктатару, хоць мог бы, напэўна, даслужыцца да генерала войск НКВД. Бярозка вырашыў застацца “мёртвым”, каб ня трапіць у Курапаты. А мерцьвякі, як вядома, ня пішуць і не гавораць. Вельмі мне сорамна. За Бярозку. Ён – палахлівы… На эміграцыі ж на творчасьць амаль не было часу – медычная практыка адымала і час, і сілы. Па-другое, я ня меў ніякага дачыненьня да часопісаў, праз якія змог бы знайсьці свайго чытача.
Пад гнётам гестапа
Пачатак вайны я сустрэў у Маскве, куды быў накіраваны дзеля атрыманьня далейшай адукацыі. Усіх нас сабралі на вялікім пляцы каля тэатру балету. І прамова пачалася: “Сегодня утром фашистские орды Германии ворвались в наше священное отечество…” Хаця яшчэ за дзень да таго “фашистские орды” былі “доблестными войсками” … У хуткім часе (тады я ўжо быў чыгуначным лекарам) атрымаў загад вярнуцца дамоў, у Пінск. Цудам улез у цягнік, але даехаў толькі да Воршы. Загадчык станцыі прымусіў мяне заступіць на працу ў паліклініку. Там працавала толькі жанчына-загадчыца, а ўсе лекары паўцякалі: над галавою кружылі нямецкія самалёты, налёты адбываліся штоноч. Савецкіх самалётаў я тады ня бачыў. Аднойчы, робячы дагляд клінікі, заўважыў у куточку чалавека. Ім аказаўся паляк, доктар Рудзкі з Беластоку. Вырашылі ісьці дадому пехатою. Толькі выйшлі – і нас арыштавалі, загналі адбудоўваць мост.
Раніцою ізноў у дарогу. Дайшлі да поля, дзе адбыўся вялікі танкавы бой. Спаленая тэхніка была пераважна савецкая. Нейкім чынам пралезьлі ў цягнік і даехалі да Баранавічаў. Там мяне пасадзілі ў нямецкую турму дзеля выясьненьня ўсіх абставінаў. Я добра валодаў нямецкай мовай, таму хутка вызваліўся, паехаў дамоў.
Пачаў працаваць у Баранавіцкім шпіталі, куды штодзень прывозілі параненых ад бомбавых удараў. Ня ведаю чаму, але бальшыня атак прыходзілася на вёскі. Працавалі дзень і ноч, здаралася, без перапынку. Немцы не давалі людзям аніякай магчымасьці выжыць – жывёлы і збожжа забіралі значна больш, чым было вызначана законам. Забівалі немцы толькі тых, хто падазраваўся ў сувязі з партызанамі. Апошнія, між іншым, часам, паводзілі сябе яшчэ горш…
Калі мы ўцякалі на захад, спачатку спыніліся ў Пазнані, дзе мая жонка мела сваякоў. Там мяне чакала трагічная неспадзеўка. Нямецкія ўлады ня надта мяне цанілі, бо ў Баранавічах я таксама ўзначальваў медычную школу. Вучыў моладзь, якую немцы планавалі накіраваць у свае працоўныя лагеры. Некаторыя дзяўчынкі-медсёстры пайшлі да партызанаў… Мой заступнік, уніяцкі сьвятар Леў Гарошка, нейкім чынам даведаўся, у які дзень немцы сабраліся схапіць усіх нашых дзяцей. Папярэдзіў іх, каб у школу не ішлі, каб дзесьці хаваліся. Прыходжу я на лекцыю, а ў класе – пуста! Толькі Гарошка сядзіць за сталом і на маё пытаньне, дзе вучні, адказвае, што ня ведае. У гэты момант у дзьвярах зьявіліся тры нямецкія жаўнеры. Адзін з іх спытаўся, хто тут Леў Гарошка, а калі пачуў адказ, выпаліў: “Вы арыштаваны!” Праз некаторы час намаганьнямі бурмістра Баранавічаў Юрыя Сабалеўскага айца Гарошку выпусьцілі, ён паехаў у Рым, дзе плённа займаўся беларускімі справамі…
У Пазнані пайшоў я па харчовыя карткі. Пачуўшы маё прозьвішча, сказалі пачакаць у асобным пакоі. Праз некалькі хвілінаў зайшлі два гестапаўцы і прамовілі добра знаёмыя мне словы: “Вы арыштаваны!” Усю нашу сям’ю – мяне, бацьку, жонку ды малую дачку – пад канвоем накіравалі ў працоўны лагер у Нордхаўзэн. Але ж працоўным ён быў толькі афіцыйна. Насамрэч гэты лагер быў канцэнтрацыйным. Пасьля вайны я пабываў у Асьвенцыме і зрабіў выснову, што тамашнія і нордхаўзэнаўскія ўмовы жыцьця нічым не адрозьніваліся. Мяне, расейца і двух французаў прызначылі на лекарскую працу. Барак на сто ложкаў быў заўсёды поўны: людзі хварэлі шмат і падоўгу. Кармілі нас вельмі дрэнна. Раніцай давалі толькі “каву”, якая выраблялася з паленых зерняў ячменю. Адносіны немцаў да нас былі зусім не сяброўскімі. Раз на тыдзень прыязджаў галоўны лекар, зразумела, немец, прыкрыкваючы, перш-наперш папракаў, што няголеныя (а калі нам галіцца было?..), потым крытыкаваў нашую працу. Кожную ноч чакалі налётаў хаўрусьнікаў, паведамленьняў кшталту “Файндліхе флюгцойге юбер Нордхаўзэн!” – “Варожыя самалёты над Нордхаўзэнам!” Шмат людзей гінула, як мой бацька, шмат трапляла да нас у шпіталь. Свабоду мы атрымалі з прыходам у Нямеччыну сілаў альянсу.
“Будынак прысьвяцілі мне”
Пераехаўшы ў ЗША, пры універсітэце Мінэсоты мусіў здаць усе экзамены, якія здаюць амерыканскія лекары. Гэта заняло ажно тры гады. На пытаньні першага іспыту, яшчэ ня ведаючы ангельскай мовы, вырашыў адказваць на лаціне – думаў, што як і ва ўсім сьвеце, у ЗША лекары яе ведаюць. На маё шчасьце, у камісіі засядаў лекар, які студыяваў медыцыну ў Вільні – адзіны, хто валодаў там лацінай… Атрымаўшы права на практыку, спачатку працаваў разам са старэйшым лекарам гораду. Аказалася, што ён у складзе амерыканскай арміі вызваляў… Нордхаўзэн. Потым пачаў працу ва універсітэце Мінэсоты, паралельна займаючыся Домам састарэлых у Мантысэла. За гэты дом ніхто не хацеў брацца, бо плацілі там вельмі мала. З цягам часу я “раскруціў” справу, і быў узьведзены новы будынак, адкрыцьцё якога прысьвяцілі мне. Зараз на ім вісіць дошка з прозьвішчам Смаршчка. Працаваў на пасадзе дырэктара Дома састарэлых ажно да 85 гадоў! Аднак цяжкая хвароба сэрца, узрост узялі сваё.
Маё сэрца ўжо спынялася – яго ажыўлялі з дапамогаю электрычных машынаў. Шаснаццаць гадоў таму мне зрабілі аперацыю, пасьля якой сказалі, што пражыву я максімум восем гадоў… Зараз кожны дзень прымаю адзінаццаць лекаў, але здароўе маё больш-менш стабільнае. Хаджу з кіёчкам, але яшчэ ў стане кіраваць аўтамабілем. Маю дзьвюх дачок: малодшая Мэры і Эмілія, якая нарадзілася яшчэ ў Баранавічах. Мэры – прафесар у каледжы ў Каліфорніі. Па радзе лекара сёлета я гасьціў у яе чатыры месяцы, папраўляў здароўе. Эмілія шмат гадоў працавала настаўніцай у Чыкага, а потым выйшла на пенсію і пераехала на Гаваі. Яе дачка, мая ўнучка, таксама працуе ў адукацыі. Мая жонка Станіслава (яна на год малодшая за мяне) нарадзілася ў Менску, але зараз лічыць сябе амерыканкай. На жаль, тут, у Мінэсоце, амаль няма сьвядомых беларусаў: хто запісаўся ў расейцы, хто – у палякі. Нават пагаварыць па-беларуску няма з кім…
Запісаў Аляксандр АДЗІНЕЦ,
г. Ростак, Нямеччына
Бярозка, А. “Маё сэрца ўжо спынялася…” : [успаміны] / Анатоль Бярозка ; запісаў Аляксандр Адзінец // Дзеяслоў. – 2007. – № 2 (27). – С. 280–284.