Вёсачка радзімая,
Цудоўная мая!
Ты ў мяне адзіная,
З табою заўсёды я.
З маленства я ўлюблёны
І сэрцам, і душой.
Востраў –
Куточак родны мой.
У Ляхавіцкім раёне паміж Падлаззем і Тухавічамі знаходзіцца вёска Востраў. Вёска мае багаты радавод. Упершыню ў гістарычных дакументах сяло Востраў упамінаецца ў 1482 годзе, і з той пары мястэчка набыло багатую і цікавую спадчыну.
Пазнаёміцца з багатым гістарычным мінулым сённяшняга аграгарадка Востраў падчас ужо традыцыйных краязнаўчых чытанняў “Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся…” 23 чэрвеня 2023 г. сабраліся супрацоўнікі Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны таксама калегі-бібліятэкары з Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
У праграме чытанняў было знаёмства з памятнымі мясцінамі вёскі: наведалі месцы воінскіх пахаванняў часоў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, месца пахавання ахвяр халакосту. Пра мясцовую культавую пабудову – драўляную Свята-Петрапаўлаўскую царкву (1910 г.) – распавёў настаяцель храма айцец Раман. Больш падрабязна з летапісам Вострава ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла Галіна Міхайлаўна Салавей, бібліятэкар Востраўскай сельскай бібліятэкі, у фондзе якой маюцца на рэдкасць цікавыя матэрыялы, напрыклад, дакументы і пасведчанні канца 19 – пач. 20 стагоддзяў, большасць з іх належыць сям’і Петрашэвіч. Мясцовы краязнаўца і паэт Аляксандр Андрээвіч Петрашэвіч расказаў прысутным пра сваю сям’ю і той матэрыял, якім ён падзяліўся з бібліятэкай, а таксама пазнаёміў са сваёй літаратурнай творчасцю. Цікавай адбылася і сустрэча з яшчэ адной мясцовай знакамітасцю – таленавітай зямлячкай Ірынай Мікалаеўнай Войцік. Дарэчы, Ірына Мікалаеўна знакаміта не толькі ў Ляхавіцкім краі – яна з’яўляецца аўтарам тэкста гімна Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Ф. Праскурава Таццяна Уладзіміраўна Маляўка пазнаёміла калег з краязнаўчай дзейнасцю свайго рэгіёна і прадставіла праект “Літаратурны краязнаўчы чэлендж”, адзначаны дыпломам III ступені па выніках XXX рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
Краязнаўчая дзейнасць у бібліятэчнай рабоце – адзін з асноўных напрамкаў, і правядзенне такіх мерапрыемстваў, як краязнаўчыя чытанні, дазваляе бібліятэкарам развіваць узровень сваёй кваліфікацыі, вынаходзіць для сябе новыя шляхі атрымання інфармацыі і наладжваць сувязі, і, канешне, пашыраць свае веды аб родным краі.
Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦБ