Сокал Сцяпан Фёдаравіч

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю

 

СОКАЛ Сцяпан Фёдаравіч

Вучоны, выкладчык, грамадскі дзеяч

(да 70-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Фёдаравіча Сокала)

 13 снежня 2012 г. споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага вучонага,             юрыста, гісторыка, філосафа Сцяпана Фёдаравіча Сокала.

Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з юбілярам, запісанае начальнікам аддзела навукі і міжнародных сувязей БІП-Інстытута правазнаўства Анатолем Трафімчыкам.

 Шаноўны Сцяпан Фёдаравіч, юбілей — гэта не толькі святкаванне, але і час падвядзення пэўных вынікаў. Навуковая грамадскасць ведае Вас як шматграннага, дзейснага, актыўнага чалавека. Што са зробленага Вы лічыце найбольшым сваім дасягненнем і чаму?

Так сталася, што ад самага пачатку сваіх навуковых даследаванняў — пачынаючы з часоў студэнцтва — у кола маіх інтарэсаў трапіла палітыка-прававая думка Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVII стагоддзяў. У савецкі час заставалася шмат белых плямаў у вывучэнні гэтай дзялянкі нашага мінулага. А гэтая тэма мяне вабіла, захапляла. Пакрысе назапасіўся сур’ёзны даследчыцкі багаж, што дазволіла мне абараніць у 1972 годзе кандыдацкую, а пазней, у 1987 годзе — доктарскую дысертацыі. Падобнымі тэмамі ў той час займалася яшчэ мала навукоўцаў. Таму часта даводзілася ісці па “цаліне”. У навуковы зварот уводзілася шмат дагэтуль невядомых матэрыялаў. Падчас даследавання выявілася развітая прававая культура нашых продкаў. Апрацоўка і сістэматызацыя матэрыялаў значна ўзбагаціла нашы веды пра яе. Мяне часам называюць заснавальнікам новага напрамку ў беларускай юрыдычнай навуцы — гісторыі палітычных і прававых вучэнняў Беларусі. Відаць, для гэтага ёсць падставы, зроблена тут шмат.

Трэба ўлічыць, што любая праблема гісторыі ВКЛ XVI —XVII стагоддзяў мела сінкрэтычны характар, таму часам даводзілася выходзіць далёка за межы даследавання прававой культуры і закранаць іншыя пытанні. Адзначу, што падчас сваіх даследаванняў я імкнуўся зразумець культуру мінулых часоў, хоць у савецкі час прадпісвалася на ўсё глядзець праз прызму марксізму і класавых адносін, што, безумоўна, звужала навуковы ракурс. Іншы раз даказаць каштоўнасць поглядаў такіх мысліцеляў як Астафій Валовіч, Леў Сапега, Андрэй Волан для таго часу, у які яны жылі, было праблемай. А гэта былі даволі прагрэсіўныя погляды: гэтыя дзеячы думалі не толькі пра тое, як захаваць сваё матэрыяльнае багацце, але і пра тое, каб удасканаліць прававыя і сацыяльныя нормы, механізмы жыццядзейнасці дзяржавы і яе жыхароў. Так, Леў Сапега ў адным з лістоў да ўпраўляючага свайго маёнтка пісаў, маўляў, ты не крыўдзі маіх людзей, таму што калі яны будуць бедныя, пакрыўджаныя, то і я не буду яснавяльможным. У нас жа доўгі час фарміраваўся вобраз пана-сатрапа. Аднак, гэта больш тычылася расійскага прыгоннага права. Там існаваў іншы менталітэт, іншыя падыходы: прыгонны селянін знаходзіўся на ніжняй ступені цвёрдай каставай структуры, у якой халоп (заўважце, Сапега называў прыгонных людзьмі, а ў Расіі па дакументах і на практыцы іх называлі халопамі) лічыўся рабом, рэччу. Вось гэту істотную розніцу ў прававых поглядах і важна было давесці як да навуковага грамадства, так і да народа ў цэлым. Такіх момантаў, якія ўказваюць на багацце нашай прававой культуры (у тым ліку ў параўнанні з суседзямі — Польшчай і Расіяй), шмат. Да іх даследаванняў у значнай ступені спрычыніўся і я. Таму гэты навуковы напрамак — гісторыя палітычнай і прававой думкі ў Беларусі і ёсць пэўны мой здабытак за доўгія гады працы.

Сцяпан Фёдаравіч Сокал нарадзіўся 13 снежня 1942 г. у вёсцы Шавялі Ляхавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. У 1959 г. закончыў сярэднюю школу № 2 г. Баранавічы. У тым жа годзе паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча. Неўзабаве перавёўся на завочнае аддзяленне Брэсцкага музвучылішча і адначасова працаваў выкладчыкам у Ляхавіцкай музычнай школе. У 1963 г. С. Сокал паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1967 г. малады спецыяліст быў накіраваны на работу памочнікам пракурора Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У гэты перыяд па рэкамендацыі вучонага савета юрфака БДУ паступіў на завочнае аддзяленне аспірантуры Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР, а ў лютым 1970 г. быў пераведзены на дзённую форму навучання. Восенню 1971 г. С. Сокал закончыў аспірантуру і пачынае працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права. У 1972 г. абараніў дысертацыю па філасофіі на тэму “Сацыялагічная і палітычная думка ў Беларусі ў другой палове XVI ст.”.

3 1974 г. С. Сокал працуе на пасадах старшага выкладчыка, дацэнта, выконваючага абавязкі загадчыка кафедры Мінскага радыётэхнічнага інстытута. У 1977—1981 гг. — інспектарам упраўлення выкладання грамадскіх навук Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, у 1981— 1985 — старшым навуковым супрацоўнікам інстытута філасофіі і права АН БССР, у 1985-1990 — дэканам факультэта правазнаўства і загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У верасні 1990 г. разам з калегамі- юрыстамі С. Сокал арганізаваў Саюз юрыстаў БССР і стаў яго першым старшынёй.

У 1987 г. Сцяпан Фёдаравіч абараніў доктарскую дысертацыю па юрыдычных навуках на тэму “Развіццё палітыка-прававой думкі Беларусі ў XVI—XVII стагоддзях” у Інстытуце дзяржавы і права Акадэміі навук УССР. У студзені 1990 г. яму было прысвоена вучонае званне прафесара.

Навуковыя дасягненні С. Сокала з’яўляюцца вельмі значнымі. Яго па праву можна лічыць заснавальнікам новага напрамку ў беларускай юрыдычнай навуцы — гісторыі палітычных і прававых вучэнняў Беларусі. Ім упершыню былі ўведзены ў навуковы зварот асобныя творы А.Волана, А.Валовіча, Л.Сапегі, М. Сматрыцкага і інш. С. Сокал — аўтар навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў па гісторыі прававой, палітычнай і сацыялагічнай думкі Беларусі XVI — XVII стст. Сярод іх: “Политическая и правовая мысль в Белоруссии ХVІ—первой половине XVII в.” (Мн., 1984), ‘Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі” (у сааўтарстве, Мн., 1999), “Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст.” (у сааўтарстве, Мн., 2000), “Зарождение и становление европейской юриспруденции: Древняя Греция, Рим, Средневековье” (Мн., 2011). С. Сокал з’яўляецца сааўтарам калектыўных манаграфій і абагульняючых работ па гісторыі грамадскай і палітычнай думкі, гісторыі дзяржавы і права. Вучоны прымаў удзел у падрыхтоўцы выдання Статута ВКЛ 1588 г. (Мн., 1989), з’яўляецца аўтарам публікацый у шэрагу энцыклапедычных выданняў, такіх як “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”, “Францыск Скарына і яго час”, “Мысліцелі і асветнікі Беларусі”. Навуковыя высновы С.Сокала захоўваюць сваю актуальнасць і значэнне па сённяшні дзень, атрымліваючы плённае развіццё ў работах іншых беларускіх даследчыкаў, сярод якіх шмат вучняў Сцяпана Фёдаравіча. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 10 кандыдацкіх дысертацый.

С.Сокал з’яўляецца заснавальнікам і першым рэктарам Беларускага інстытута правазнаўства — адной з першых прыватных ВНУ Беларусі (заснавана ў 1991 г.).

Дзейнасць вучонага, педагога, юрыста, грамадскага дзеяча С. Сокала адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнам “Знак пашаны”, знакамі “Выдатнік адукацыі”, “Ганаровы работнік юстыцыі” і інш. Ён з’яў- ляецца акадэмікам Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук (1997 г.).

Асноўнай тэмай вашых даследаванняў была гісторыя сацыялагічнай, палітычнай і прававой думкі Беларусі ў XVI—XVII стагоддзях. Як Вы лічыце, наколькі істотным у параўнанні з Заходняй Еўропай і суседнімі дзяржавамі было яе развіццё?

Духоўнае жыццё нашага народа ў XVI — XVII стагоддзях і для свайго часу ў цэлым, і ў параўнанні з іншымі краінамі было багатым. У нас на добрым узроўні адбылася рэцэпцыя рымскага права (хоць, магчыма, і не ўсіх кірункаў, бо не было патрэбы). Нашы продкі стварылі грунтоўнае агульнадзяржаўнае заканадаўства, якога не было нават у некаторых еўрапейскіх дзяржавах (у Францыі, напрыклад, у тыя часы інтэнсіўна развівалася лакальная законатворчасць). Неабходна адзначыць, што да таго ці іншага шляху развіцця права спрычыніліся асаблівасці дзяржаўнай цэнтралізацыі. Калі ў Расіі, на ўсходзе ўвогуле, цэнтралізацыя азначала ўзмацненне асабістай улады, то ў ВКЛ такога не было, тут ішло ўзмацненне ролі права, прычым на самых розных узроўнях — ад сялян да магнатаў. 3 іншага боку, у Польшчы права стала занадта ліберальным, што прывяло да развалу і Польшчы, і ўсёй Рэчы Паспалітай. Менавіта Польшча разваліла гэту сістэму. У ВКЛ жа існавала гармонія паміж правам, дзяржавай і ўсімі слаямі народа. У Польшчы асноўнай крыніцай права насамрэч з’яўлялася магнацкая вярхушка. А на беларускіх землях ВКЛ права ішло ад народа: успомнім традыцыю вечавога ладу, першыя прававыя акты Полацкага княства, у якіх удзельнічала грамадства ў цэлым (праўда, і перабольшваць ролю бяднейшых слаёў насельніцтва нельга). Гэта традыцыя вечавой дэмакратыі мела свой працяг і ў ВКЛ. Такім чынам, можна казаць пра тры ўраўнаважаныя фактары законатворчасці ў ВКЛ: 1) рымскае права, 2) народная воля, 3) магнацкія групоўкі. Адзначым, што апошнія да пэўнага часу не мелі дамінуючага значэння. Яно інспіравалася пазней з Польшчы, пасля заключэння Люблінскай уніі ў 1569 годзе. Узмацненне апошняга фактара з часам і прывяло ла катастрофы Рэчы Паспалітай.

Якіх найбольш яркіх прадстаўнікоў сацыялагічнай, палітычнай і прававой думкі ВКЛ гэтага перыяду Вы вылучаеце?

Гэты даволі значны пералік можна пачынаць ад Францыска Скарыны. Яго прадмовы, пасляслоўі мною даследаваліся ў аспекце развіцця прававой, палітычнай і сацыялагічнай думкі. Канечне, у гэтым сэнсе значнай асобай з’яўляўся Сымон Будны. Ключавымі для развіцця тагачаснага права ВКЛ былі асобы Льва Сапегі і Астафія Валовіча, таксама неабходна назваць Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудога… Заможныя людзі ВКЛ мелі магчымасць атрымаць добрую адукацыю і займацца інтэлектуальнай працай. Важна, што ў ВКЛ было добра развіта мецэнацтва: дзякуючы падтрымцы заможных фундатараў дасягнулі еўрапейскіх вяршынь Францыск Скарына і Сымон Будны. Ёсць яшчэ адно імя — малавядомае раней і ў многім загадкавае да гэтага часу. Гэта — Андрэй Волан. Якім было яго паходжанне? Польскім? Беларускім? Яго працы з вобласці тэорыі палітыкі, права, сацыялогіі былі створаны на латыні. Вельмі цікавыя нататкі па развіццю права пакінуў прафесар Віленскай акадэміі Тэадор Тышкевіч- Скумяновіч.

Якія дасягненні прадстаўнікоў сацыялагічнай, прававой і палітычнай думкі ВКЛ Вы лічыце найбольш значнымі? Наколькі сур’ёзным быў іх унёсак у сусветную спадчыну?

Гуманітарныя погляды пералічаных асоб не факусіраваліся строга на сваёй дзяржаве, а былі значна шырэйшымі. Яны ўлічвалі дасягненні еўрапейскага права. У той час як Расія не мела прававых помнікаў, падобных на Статуты ВКЛ. Там асоба не выступала як суб’ект праваадносін. Нават прыватная ўласнасць у звыклым разуменні адсутнічала: так, у часы Івана Грознага маёмасць любога баярына магла быць адабрана, падвергнута свайго роду “нацыяналізацыі”. А ў ВКЛ права на ўласнасць шляхціца і нават селяніна паважалася. У тым ліку і дзякуючы высокай прававой культуры, распрацаванасці права. Таму Статуты ВКЛ ляглі ў аснову заканадаўчай сістэмы і ў Польшчы, і ў Венгрыі, і ва Украіне. Статуты, з аднаго боку, спалучалі ў сабе агульначалавечыя каштоўнасці і погляды на сацыяльную рэчаіснасць, а з другога — рэальна, дзейсна ўмацоўвалі правапарадак. Прынцыпы і падыходы Статутаў ВКЛ былі ўніверсальнымі, зразумелымі і эфектыўнымі для іншых еўрапейскіх грамадзянскіх супольнасцей. За мяжой былі вядомыя работы некаторых мысліцеляў, выхадцаў з ВКЛ. Так, Аляксандр Алізароўскі выдаў у Данцыгу (Гданьску) трактат “Аб палітычнай еднасці людзей” (1651 г.), а потым перавыдаў у Вільні. Андрэй Волан шырока публікаваўся на тэрыторыі Польшчы. Быў вядомым у Еўропе і трактат “Пра норавы татараў, літоўцаў і маскавітаў” (каля 1550 г.) Міхалона Літвіна. У ім даследаваліся праваразуменне і правакарыстанне ў розных народаў. Гэты твор быў надрукаваны ў далёкім Базэлі ў 1615 г. Дарэчы, твор трохі сугучны з “Утопіяй” Томаса Мора. Значнасць Францыска Скарыны для ўсёй Усходняй Еўропы мы ўжо ў чарговы раз акрэсліваць не будзем. Аднак трэба заўважыць, што работы айчынных аўтараў мелі ў Еўропе праблему, кажучы сучасным слэнгам, “раскручанасці”. Так, напрыклад, атэіста Бенядзікта Спінозу ведаюць усе. А Казіміра Лышчынскага на Захадзе ведаюць нашмат меней, чым мы Спінозу.

Сцяпан Фёдаравіч, звычайна падчас юбілею не толькі падводзяцца пэўныя вынікі, але і распрацоўваюцца планы на будучае. Якія яны ў Вас?

На кожным этапе жыцця планы бываюць розныя. Трэба адзначыць, што цяпер, на жаль, не атрымліваецца працаваць з такой інтэнсіўнасцю, як раней. Але ёсць ідэі, рэалізаваць якія хацелася б. Я праводзіў даследаванне гісторыі права XVI—XVII стагоддзяў. Хацелася б працягнуць яго далей да XVIII і нават да XIX стагоддзяў. У той час з’яўляюцца канстытуцыі — у ЗША, Францыі, Рэчы Паспалітай… Гэта новы від прававых дакументаў, які абагульняе ўсе астатнія, становіцца над імі. Гэта па-першае. А па-другое, я даўно хацеў бы апублікаваць работу Пятра Раізія — навукоўца іспанскага паходжання, заснавальніка юрыдычнага факультэта Віленскай акадэміі. Назва яго кнігі — “Справы вышэйшых судоў, якія разглядаліся ў судовых установах Вялікага Княства Літоўскага”. Тут мы маем прыклад практычных каментарыяў па выкарыстанні рымскага права. У Еўропе яны былі даволі распаўсюджанымі. А ў ВКЛ не зусім. Таму маем справу з вельмі цікавай з’явай. Гэтая праца часткова ўжо перакладзена на беларускую мову з латыні. Варта давесці працу да канца. Канечне, з адпаведнымі грунтоўнымі каментарыямі. Для гэтага трэба шмат часу. I яшчэ лічу неабходным стварыць кнігу ці падручнік па гісторыі беларускай юрыспрудэнцыі з уключэннем савецкага перыяду і сучаснасці.

Дзякуй Вам, шаноўны Сцяпан Фёдаравіч, за цікавую і змястоўную размову. Жадаю Вам моцнага здароўя, плёну ў працы і ажыццяўлення ўсіх планаў.

Сокал, С. Вучоны, выкладчык, грамадскі дзеяч : (да 70-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Фёдаравіча Сокала) : [гутарка з навукоўцам] / Анатоль Трафімчык // Беларускі гістарычны часопіс. – 2013. – № 2. – С. 37-40.

Прафесар з Шавялёў

 13 снежня 70-годдзе адзначыў вядомы вучоны-юрыст, першы старшыня Саюза юрыстаў Беларусі, старшыня назіральна-каардынацыйнага савета Беларускага інстытута правазнаўства Сцяпан Фёдаравіч Сокал.

Родам ён з вёскі Шавялі Ляхавіцкага раёна. Яго бацькі былі звычайнымі сялянамі і імкнуліся даць адзінаму сыну адукацыю. I нават думаць не маглі, што іх сын стане вядомым вучоным у галіне юрыспрудэнцыі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, аўтарам больш як 100 навуковых работ па праблемах тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, гісторыі палітычных вучэнняў.

Сярэднюю школу Сцяпан скончыў у Баранавічах. Сур’ёзную падтрымку ў вучобе аказваў яго дзядзька па бацькоўскай лініі Мікалай. Сваякі, нягледзячы на маленькую кватэрку, пасялілі пляменніка. У той час юнак яскрава адчуў, якое моцнае пачуццё роднасці.

У 1963 годзе Сцяпан Сокал паступіў на юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, дзе паказаў сябе здольным да навукі студэнтам. Пасля было першае працоўнае месца — памочніка пракурора ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўшчыны. А праз некаторы час — завочная вучоба ў аспірантуры Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР. Ён працаваў у Мінскім радыётэхнічным інстытуце, інспектарам Міністэрства вышэйшай адукацыі БССР. Для ўмацавання юрыдычнага факультэта, створанага ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце, Сцяпана Фёдаравіча запрасілі туды ў якасці дэкана. Працуючы ва ўніверсітэце, напісаў і абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне права. Пазней яму прысвоілі вучонае званне прафесара.

У 1990 годзе, калі быў заснаваны Саюз юрыстаў БССР, менавіта Сцяпан Сокал стаў яго першым старшынёй. Па яго ініцыятыве ў тым жа годзе была заснавана Мінская вышэйшая юрыдычная школа, пераўтвораная пасля ў Беларускі інстытут правазнаўства (БІП). Гэтую навучальную ўстанову Сцяпан Фёдаравіч узначальваў шмат гадоў.

Пасля набыцця нашай краінай самастойнасці, сталі ўкараняцца  рыначныя адносіны, з’явілася патрэбнасць у падрыхтоўцы спецылістаў у галіне юрыспрудэнцыі і эканомікі, якія б умелі працаваць у новых умовах. У 1993 годзе юрыдычны факультэт інстытута правазнаўства з’явіўся ў Баранавічах. З адкрыццём у горадзе дзяржаўнага ўніверсітэта, філіял БІПа ўвайшоў у яго склад. У свой час, калі я ўзначальваў філіял, то ў ім вучылася і шмат ляхавічан.

I я ўпэўнены, што многія яго вучні далучацца да віншаванняў з юбілейнай нагоды. Вядомаму вучонаму, ляхавічаніну па нараджэнні – моцнага здароўя, бадзёрасці духу і творчых поспехаў у справе падрыхтоўкі высокаадукаваных спецыялістаў.

                                                                   Аляксандр Пятруннікаў

 Пятруннікаў, А. Прафесар з Шавялёў : [да 70-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Фёдаравіча Сокала] / Аляксандр Пятруннікаў // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 15 снеж. – С. 4.

Сцяпан Фёдаравіч Сокал пайшоў з жыцця 5 снежня 2020 г.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed