Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Дыдышка Вера
“Узрушэнне сэрца” паэткі Веры Дыдышкі
3 радасцю ўзяў у рукі чарговы зборнік паэзіі аднакурсніцы Веры Дыдышкі «Узрушэнне сэрца». Папярэдне былі «Святло душы» (2003) і «Надежда» (2005) на рускай мове. Усе зборнікі выдадзеныя на спонсарскай аснове, паліграфія і кніжная графіка – на высокім узроўні. Апошні зборнік самы аб’ёмны: на 84 старонках змешчана 88 вершаў.
У анатацыі да кнігі чытаем наступнае: «Новы зборнік вершаў Веры Дыдышкі – вельмі шчырая, прачуленая паэзія мудрага чалавека з душою рамантыка». Прачытаўшы вершы, упэўніўся ў справядлівасці гэтых словаў. Але хочацца падкрэсліць: не проста мудрага чалавека, але паэта-настаўніка з грунтоўнай сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Больш за тое, Вера Іосіфаўна засвоіла сямейную бацькоўска-дзедаўскую педагогіку і паспяхова ёю карыстаецца. У аснове гэтай народнай педагогікі ляжаць дзесяць хрысціянскіх запаведзяў. Падобныя каштоўнасці, дарэчы, дэклараваліся і выхаваўча-адукацыйнай камуністычнай сістэмай. Працуючы старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, я займаўся тэмаю «Культура беларускага замежжа». Пад кіраўніцтвам светлай памяці прафесара А. Сабалеўскага ў 1963 г. мы выдалі два зборнікі па гэтай тэме. Тады я даведаўся, што за мяжой на нашую выхаваўча-адукацыйную сістэму глядзелі так: «У вас усе з вышэйшай адукацый, але без сярэдняй», з чым у нейкай ступені можна пагадзіцца. Але да В. Дыдышкі гэта не адносіцца, пра што сведчыць яе паэзія.
Так:
Мне добра на сваёй зямлі!
О, мой палескі родны краю,
Нібыта зерне ў раллі,
Я ў тваёй глебе прарастаю.
За гэтым вершам ідуць іншыя: «Беларусі», песні «Рапсодыя» і «Край ты мой палескі», пакладзеныя на музыку Мікалаем Сокалам. Шмат вершаў літаральна просяцца, каб іх паклалі на музыку, і калі яны трапяць у рукі музыкаў, мы пачуем не адну добрую песню. Вершы В. Дыдышкі, паводле меркавання знаўцы і паэта Леаніда Галубовіча, «з беларускім характарам, з ментальнымі нацыякальнымі вобразамі, бо яе непарушная ісціна палягае ў адданасці і любові да свайго спрадвечнага і крэўнага», як адзначана ў анатацыі. Гэтае назіранне паэта цалкам пацвярджаецца вобразамі і зместам вершаў Веры Іосіфаўны.
Напрыканцы ж зазначу: паэтка-настаўніца В.Дыдышка ўзрушаным сэрцам і душою змагаецца за годнае гучанне слова “чалавек”.
Адамовіч, Я. “Узрушэнне сэрца” паэткі Веры Дыдышкі / Яўген Адамовіч // Краязнаўчая газета. – 2017. – № 1. – С. 6.