Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Грушаўка>>>
Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана створана 18 красавіка 2013 г. Ніжэй сабраны артыкулы, якія адлюстроўваюць яе дзейнасць. Матэрыял пададзены ў адваротнай храналогіі.
Напярэдадні заканчэння выстаўкі
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстаўка «Тадэвуш Rе:turn». Яна размясцілася ў дзвюх залах: у галерэях «Лабірынт» і «Атрыум» (пад час мантажу экспазіцыі атрымала назву «Барбакан» за сваё падабенства з тыпам абарончага збудавання).
Выстава памяці Тадэвуша Рэйтана
15 студзеня 2015 года ў нацыянальнай бібліятэцы РБ адбылася выстава, якая была прысвечана памяці Тадэвуша Рэйтана (1740-1780). Мерапрыемства авансавалася газетай “Наша слова”. Тадэвуш здзейсніў толькі адзін подзвіг, рэха якога пралунала на ўсім свеце. У 1773 г. пад час надзвычайнага сойму, на які ён быў абраны дэпутатам ад Наваградскага ваяводства ВКЛ, Рэйтан, на чале невялікай па колькасці групы паслоў з беларускіх земляў, выказаў рашучую нязгоду планам зацвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай.
На мерапрыемстве выступалі: Адам Мальдзіс, Леанід Акаловіч, Рыгор Сітніца, Уладзімір Арлоў, Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч.
Было адзначана, што сядзіба Рэйтанаў, якой пашанцавала перажыць падзеі ХІХ-ХХ стст., у незалежнай Беларусі прыйшла амаль у поўны заняпад. Замест мемарыяльнага музея адной з самых значных у нашай гісторыі постацей, там віруюць кажаны ды гукаюць па начах совы, замест культурнага жыцця – цішыня. На выставе былі прадстаўлены літаратурныя творы, прысвечаныя Тадэвушу Рэйтану, або створаныя яго пляменнікамі – Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў з прыватных збораў і кнігасховішчаў НББ.
Выстава была цікавай і насычанай, а галоўнае стала знакавай падзеяй. На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя, а таксама беларуская моладзь.
Трэба адзначыць добрую працу Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, што заснавана 18 красавіка 2013 года Змітром Юркевічам і Алесем Родзіным, якія робяць усебаковую папулярызацыю асобы нацыянальнага героя Беларусі!
Шалахоўскі, А. Выстава памяці Тадэвуша Рэйтана / Аляксей Шалахоўскі // Наша слова. – 2015. – 4 лют. (№ 5). – С. 8.
Рэйтан. Вяртанне з нябыту
Выстаўка, прысвечаная 275-й гадавіне з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана, адкрылася ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. Гэтае імя звязана са змрочнымі падзеямі ў гісторыі Беларусі — Першым падзелам Рэчы Паспалітай. Рэйтан, які з дзяцінства быў сапраўдным патрыётам сваёй краіны, да апошняга змагаўся за яе незалежнасць, часта рызыкуючы жыццём. Але на пачатку XX стагоддзя яго імя пачало забывацца. Тым больш істотна, што ў ХХІ-м гісторыя яго подзвігу зноў актуальна, пра што сведчаць і заснаваная ў 2013 годзе арт-суполка Тадэвуша Рэйтана, і гэтая выстаўка.
Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак — мастацкай і літаратурнай. У першай можна ўбачыць як творы сучасных беларускіх мастакоў — графічны шэраг «Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі» А. Родзіна і 3. Юркевіча, Р. Сітніцы, М. Купавы, Р. Батальёнка і інш., так і рэпрадукцыі выяў Тадэвуша Рэйтана нашых папярэднікаў — мастакоў XVIII — XX стст. Ф. Смуглевіч, Л. Горварта. У другой — літаратурныя творы, прысвечаныя Тадэвушу Рэйтану, а таксама памятныя медалі, створаныя яго пляменнікамі — Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў.
На адкрыццё сабралася шмат знакамітых і паважаных гасцей, сярод якіх — Адам Мальдзіс, Рыгор Сітніца, арганізатары выстаўкі — заснавальнікі арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч. Апошні заклікаў прыцягнуць увагу да сядзібнага комплексу ў вёсцы Грушаўка (Ляхавіцкі раён), які 250 гадоў з’яўляўся цэнтральнай сядзібай роду Рэйтанаў, і стварыць там не толькі мемарыяльны музей, а і сапраўдны культурны цэнтр.
Ніна Сармант
Сармант, Н. Рэйтан. Вяртанне з нябыту / Ніна Сармант // Літаратура і мастацтва // 2015. – 23 студз. (№ 3). – С. 3.
Рэйтан. Перазагрузка
Беларускія мастакі вяртаюць з небыцця патрыёта Радзімы
Імя Тадэвуша Рэйтана, славутага шляхціца, які разам з паплечнікамі ў 1773 годзе чатыры дні зрываў «падзельны» сойм Рэчы Паспалітай, чулі многія. Але ведаюць пра яго не так шмат. Пры гэтым у суседняй Польшчы Рэйтана, што нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а не на беразе Віслы, паважаюць: называюць у яго гонар вуліцы, гатэлі і ліцэі. А што ў нас? Час ад часу пра яго пісалі нарысы, але маштабна ўвекавечваць памяць пра яго пачалі толькі некалькі гадоў таму, калі энтузіясты арганізавалі арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана…
«Тадэвуш на 500 працэнтаў беларус»
Са Зміцерам Юркевічам і Алесем Родзіным, мастакамі, заснавальнікамі арт-суполкі, я сустракаюся ў галерэі «Лабірынт», што ў Нацыянальнай бібліятэцы, напярэдадні вернісажу выставы «Тадэвуш RE: TURN», прысвечанай 275-й гадавіне з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана. Экспазіцыя амаль зманціраваная, застаецца размясціць толькі некалькі работ, і Юркевіч, які прычоскай вельмі нагадвае беларускага шляхцюка, разам з Родзіным апантана расказваюць пра асобу Рэйтана і шляхі, якія прывялі іх да ўшанавання выбітнай асобы.
Як аказалася, усё пачалося два гады таму, калі яны даведаліся пра тое, што спрадвечная сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы, што на Ляхавіччыне, выстаўлена на продаж.
Адам Мальдзіс, прафесар, гісторык, пісьменнік:
— На маю думку, арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, якая зрабіла вельмі шмат для ўшанавання патрыёта, павінна стварыць фонд і выкупіць у дзяржавы маёнтак у Грушаўцы. Ініцыятыва для таго, каб узяць яе ў надзейныя рукі, ужо саспела. І на гэта я вельмі разлічваю.
— Мы насамрэч гэтаму здзівіліся. Бо сядзібу зараз можа набыць любы ахвотны і пасля зрабіць там казіно ці гасцініцу. Але гэтага дапусціць нельга. Трэба талакой, дзяржавай аднавіць сядзібу, стварыць мемарыяльны музей, які ў будучыні можа стаць буйным культурным цэнтрам, — разважае Зміцер Юркевіч. — Вось мы і распачалі працу. Падсумавалі ўсё здзейсненае нашымі папярэднікамі для вяртання Беларусі імя Рэйтана. Адзначылі, што зроблена было нямала, аднак гэта ўсё роўна кропля ў моры. Сістэмнасці не было. І гэта праца не аказвала значнага ўздзеяння. Тады мы і вырашылі стварыць арт-суполку. Спадар Алесь распачаў свой графічны шэраг «Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі», а я кінуўся ў бібліятэкі, беларускія і польскія архівы. Сойм з удзелам Рэйтана апісаны добра, а вось пра яго жыццё да і пасля гэтай знакавай падзеі фактычна нічога невядома. У выніку даследаванняў мы на два гады адсунулі дату нараджэння Рэйтана (з 1742 на 1740), пра што даведаліся з захаваных лістоў бацькі Тадэвуша. Вядзём перапіску з дзяржаўнымі ўстановамі, ладзім у Грушаўцы суботнікі і фестывалі. Даводзім усім, што ён наш, а не немец ці паляк, як пра яго паходжанне пісалі раней. Тадэвуш Рэйтан на 500 працэнтаў беларус! І быў беларусам у пятым пакаленні. Яго продкі служылі Вялікаму Княству Літоўскаму і абаранялі яго з самага пачатку ХVІІ стагоддзя.
Карціна, якую многія не прымалі
Менавіта гэтая энергічнасць, нават ваяўнічасць да ворагаў Бацькаўшчыны дазволіла вядомаму мастаку Яну Матэйку стварыць карціну «Рэйтан» — самую вядомую і, на думку Алеся Родзіна, моцную выяву нашага героя. Тады на сойме Тадэвуш не пагадзіўся з планам падзелу Рэчы Паспалітай. У сваёй прамове Самуэль Корсак, член Найвышэйшай Літоўскай Рады, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, выкрыў паслоў-здраднікаў. Тыя паспяшаліся пакінуць залу, але Рэйтан упаў крыжам перад выхадам і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!» Вось і парадокс: карціну, на якой ідэалізуецца асоба Тадэвуша Рэйтана, не прынялі многія палякі. Нават спрабавалі сарваць яе выставу ў Парыжы, але не атрымалася. Калі судзіць па залатым медалі, які атрымала карціна, французы яе ацанілі.
— Матэйка не проста стварыў твор, прысвечаны Рэйтану. Ён сабраў на гэтай карціне ўсіх здраднікаў Рэчы Паспалітай канца ХVІІІ ст. — распавядае Зміцер Юркевіч. — І найперш абураліся нашчадкі гэтых ворагаў. Маўляў, як гэты мастак, выхадзец з сялянскай сям’і, чэх па паходжанні, раптам адчуў сябе палякам і пачаў маляваць сцэны гісторыі? Але ён не спалохаўся, а наадварот пачаў кляйміць гэтых арыстакратаў.
На жаль, арыгінала гэтай карціны на выставе няма. Ён знаходзіцца ў Варшаве ў Каралеўскім замку. Затое ёсць выдатныя прыклады літаратуры пра Рэйтана з прыватных калекцый, фондаў бібліятэкі, творы мастакоў Рыгора Сітніцы, Міколы Купавы, Рыгора Батальёнка, Яўгена Шунейкі, Пятра і Алены Шарыпаў, рэпрадукцыі малюнкаў Францішка Смуглевіча… Але ўсё ж асноўную частку экспазіцыі займае графічны шэраг (амаль 60 прац) Алеся Родзіна. Сам аўтар удакладняе, што цыкл мае асветніцкі характар. На кожнай карціне адлюстравана пэўная падзея з жыцця Рэйтана, яго сям’і, аб чым напісана ў тэкставым суправаджэнні да твора. Але графічны цыкл Родзіна пакуль не завершаны. На думку сяброў арт-суполкі, у біяграфіі Рэйтана яшчэ хапае пытанняў, адказы на якія таксама трэба будзе адлюстраваць на палатне.
Сёння, напрыклад, ніхто з упэўненасцю не скажа, дзе ён пахаваны, як скончылася жыццё Тадэвуша. На думку Змітра Юркевіча, ён мог стаць ахвярай помсты ворагаў. Бясследна знік іх сямейных архіў. Аднак ужо з’явіліся сцежкі, па якіх можна дабрацца нават да сярэбранага кубка — адзінага артэфакта, які захаваўся пасля Тадэвуша Рэйтана. І калі ўлічваць той велізарны аб’ём працы, што за кароткі час выканаў дуэт мастакоў, здаецца, што і гэта ім па плячы.
Тарас ШЧЫРЫ.
Шчыры, Т. Рэйтан. Перазагрузка : Беларускія мастакі вяртаюць з небыцця патрыёта Радзімы / Тарас Шчыры // Звязда. – 2015. – 20 студзеня. – С. 8.