Яны не вярнуліся з бою

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна >>>

Помнік загінуўшым землякам у вёсцы УраджайнаяБаранец Б. М., загінуў пры вызваленні раёнаІваноў, Р. М., загінуў пры вызваленні раёнаКалінічэнка, У. С., загінуў пры вызваленні раёнаЛамака А. С., гвардыі капітан, загінуў пры вызваленні раёнаПакрас М. Л., загінуў пры вызваленні раёнаРэпка В. М., загінуў пры вызваленні раёна, пахаваны ў вёсцы ПадлессеУвараў Л. А., загінуў пры вызваленні раёнаХмыроў І. В., загінуў пры вызваленні раёнаЦярэшка Сцяпан МіхайлавічШаўнін Г. А., загінуў пры вызваленні раёна

«Я вярнуся абавязкова…»

 Вялікая Айчынная вайна чорнай хмарай прайшла па ўсёй Беларусі, не прамінула ні аднаго куточка нашай Радзімы. Страх, здзекі, забойствы, голад прынеслі з сабой гітлераўскія нелюдзі. Але жыхары акупіраваных тэрыторый не схіліліся перад ворагам, а, аб’яднаўшы намаганні, змагаліся. Народ не ператварыўся ў рабоў. Беларусы ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў вялікага Савецкага Саюза.

1944 год стаў для Беларусі го­дам вызвалення ад фашысцкага прыгнёту, а для многіх яшчэ – і часам мабілізацыі ў Чырвоную Армію. Гэта датычылася і многіхжыхароў Ляхавіччыны. У ліпені 1944 года тысячы мужчын змянілі цывільнае адзенне на ваенную форму і адправіліся на фронт, каб давесці вайну да канчатковай перамогінад ненавісным ворагам. Але да мая 1945 года наперадзе былі яшчэ доўгія вёрсты вайны, шмат баёў, вялікія страты тэхнікі, мільёны параненых і загінуўшых. Вайна не шкадуе нікога, яна — бязлітасная.

У цэнтры вёскі Ураджайная — помнік. На пліце надпіс: “У гонар 40 землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вай­ны”. А далей на камені высечаны прозвішчытых, хто цаной уласнага жыцця, ва ўзросце, калі жыць ды жыць, са зброяй у руках набліжалі доўгачаканыя імгненні перамогі.

40 прозвішчаў, 40 лёсаў, 40 песень недапетых. Жыхары вёсак Бажкі, Дайнякі, Кара­неўшчына, Краглі, Тумашы, Ураджайная, Карані загінулі як героі дзеля шчасця будучых пакаленняў. Яны ахвяравалі самым дарагім – жыццём. Кожны прайшоў свой шлях, каб навечна застацца ў памяці людской.

Сцяпан Сцяпанавіч Голец да вайны меў уласную гаспадарку, 5,5 гектара зямля, якая была карміцелькай для ўсёй сям’і, гадаваў з жонкай трох сыноў. Усе планы на будучае перакрэсліла вайна.

Адразу пасля вызвалення вёскі Ураджайная ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Сцяпан Голец разам з землякамі быў мабілізаваны на фронт. Яго сын Уладзімір успамінае: “Нягледзячы на малы ўзрост, а мне тады было толькі 4 гады, памятаю, як бацька разам з іншымі мужчынамі строем з песнямі ішоў ваяваць”.

Так, у гэты дзень многіх адпраўлялі на фронт. Уладзімір Сцяпанавіч з хваляваннем працягвае расказ: “Напярэдадні бацька рамантаваў хату, якую ў час адступлення развярнуў фашысцкі танк. Сусед спытаў у яго: “Сцёпа, а ты калі ваяваць пойдзеш?” — на што тата адказаў: “Вось давяду хату да ладу і пайду”. А назаўтра, як высветлілася, мы развіталіся з бацькам назаўседы”…

Сцяпан Сцяпанавіч Голец загінуў смерцю храбрых у красавіку 1945 года пад горадам Кёнігсбергам. Так і не дачакаліся яго жонка Алена Фёдараўна і тры сыны,малодшаму з якіх было 5 гадоў. Ад бацькі засталася толькі пахавальная і… памяць.

Ва ўсіх навакольных вёсках добра ведалі краўца Мікалая Пятровіча Пабягайлу. Летам 1944 года яго мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Абняўшы на развітанне жонку і дзяцей, малады мужчына цвёрда сказаў: “Надзейка, хутка вернемся з перамогай. Беражы дзяцей”.

Мікалай ваяваў кулямётчыкам на другім Беларускім фронце. У невялікіх перапынках паміж жорсткімі баямі пісаў паштоўкі дамоў. Вось вытрымкі з некаторых: “Мы даб’ём ворага, перамога будзе наша”, “Надзейка, не плач, хутка вайне канец. Гадуй дзяцей. Я абавязкова вярнуся…”

Аднак. Не суджана было Мікалаю Пятровічу Пабягайлу ўбачыць родныя мясціны, прытуліць да грудзей жонку і дзяцей. Ад атрыманых ран ён памёр ва Усходняй Прусіі цёплым красавіцкім днём 1945 года.

Цяжка даюцца ўспаміны яго сыну Мяфодзію Мікалаевічу: “9 мая 1945 года я гнаў кароў з пашы і пачуў, як моцна, на ўсю вёску, галосіць мама. Сэрцам разумеў, што здарылася нешта жудаснае. Суседзі ціха паведамілі: “Твой татка памёр”. А далей толькі боль у душы, роспач, не верылася, што быцькі няма ў жывых”.

Таксама загінулі ва Усходняй Прусіі Адам Іосіфавіч Пташук, Іосіф Сцяпанавіч Равінскі, Уладзімір Антонавіч Кур’ян, Васілій Іосіфавіч Пабягайла і многія іншыя. Смер­цю храбрых палі ў баях за вызваленне Латвіі Міхаіл Канстанцінавіч Сідор, Аляксандр Міхайлавіч Го­лец, Вікенцій Пятровіч Тумаш. Прапалі без вестак Іван Канстанцінавіч Высоцкі, Мікалай Мікалаевіч Камінскі, Вікенцій Вікенцьевіч Пяткевіч, Сцяпан Канстанцінавіч Глобуз, Васілій Сцяпанавіч Шадура, Аляксей Іванавіч Гародка, Пла­тон Якаўлевіч Траццяк і многія іншыя жыхары Ураджайнай і навакольных вёсак.

У 1968 годзе па ініцыятыве старшыні калгаса імя Ламаносава Юрыя Коктыша быў устаноўлены помнік загінуўшым землякам у гады Вялікай Ай­чыннай вайны. Яго вырабіў майстар Андрэй Грыгаровіч з вёскі Дайнякі. I сёння, амаль праз чатыры дзесяцігоддзі, помнік захаваў свой першапачатковы выгляд. Ён заўсёды дагледжаны, вакол растуць кветкі, штогод аднаўляюцца фарбай напісаныя прозвішчы загінуўшых герояў. Асабліва мнагалюдна каля помніка ў вялікія святы – Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці краіны. Тут праводзяцца мітынгі і сустрэчы моладзі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, заміраюць у ганаровым каравуле ва ўрачыстай вахце піянеры, праўнукі тых, дзякуючы каму сёння мы жывём у квітнеючай і незалежнай Беларусі. Яны помняць пра сваіх землякоў-герояў.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аказаў старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Аляксей Зубік. Дзякуй за ўспаміны і Мяфодзію Мікалаевічу Пабягайлу і Уладзіміру Сцяпанавічу Гольцу.

                                                                         Галіна Канько.

  Канько, Г. “Я вярнуся абавязкова…” : [помнік загінуўшым землякам у вёсцы Ураджайная] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2005. – 17 жніўня.

Пісьмо Алімпіяды Сцяпанаўны Баранец, маці Б. М. Баранца, піянерам Пранчакоўскай сярэдняй школы

8 мая 1975 г.

Піша Вам маці Барыса Баранца, каб прынесці зямны паклон і мацярынскую ўдзячнасць за Ваш клопат пра магілу невядомага Вам хлопца, які загінуў ад рукі ворага ў свае, амаль яшчэ дзіцячыя, 19 гадоў. А ён жа быў такі жыццялюб, столькі ў яго было планаў на будучыню! I ўсё абарвалася. Калі б не вайна, у 1941 ён павінен быў ісці ў 9-ы клас. Ён быў добры, чулы, знаходлівы, ніколі не сумаваў. Вакол яго заўжды было шмат сяброў, усе любілі яго за вясёлы характар. Добра вучыцца перашкаджала яму незвычайная рухавасць, аднак ён вельмі захапляўся тэхнікай, марыў стаць лётчыкам-знішчальнікам, займаўся ў Палтаўскай дзіцячай тэхнічнай станцыі, у авіямадэльным гуртку Дома піянераў. Са сваімі мадэлямі-планёрамі прымаў удзел у спаборніцтвах, займаў прызавыя месцы. Шмат чытаў тзхнічнай літаратуры, рыхтаваў сябе ў лётчыкі. Пастаянна нешта майстраваў, выпальваў па дрэву, добра маляваў. Іграў на лыжках у шумавым оркестры. Ён усей душой ненавідзеў ворага. У сваіх пісьмах з фронту пісаў,што гоняцъ фашыстаў з роднай зямлі. Апошняе пісьмо датавана 3-м ліпеня 1944, за 2—3 дні да гібелі. Пісаў, што ідуць у бой біць фашыстаў, не ведаў, што гэта апошні бой у яго жыцці. Ваша зямля стала яго апошнім прыстанішчам. Дзякуй Вам, дарагія дзеці, за Ваш клопат пра яго магілку. Чым я магу аддзякавацъ Вам і Вашым настаўнікам за такуючалавечнасць? Да апошняга дня свайго жыцця я буду памятацъ Вас. Вы, дарагія рабяты, сталі мне роднымі. Усяго словамі не выкажаш. Што Вас цікавіць, напішыце, буду рада выканаць Вашу просьбу. Яна будзе для мяне свяшчэннай. Жывіце, будзьце здаровымі, моцнымі духам, мужнымі. Няхай Вас ніколі не спасцігне такое няшчасце, якое зведалі нашы дзеці. Любіце сваю Радзіму і беражыце яе! Абдымаю ўсіх Вас, мае дарагія, родныя рабяты, моцна, моцна. Жадаю Вам выдатнай вучобы, шчаслівага і плённага жыцця.

Алімпіяда Баранец.

г. Бірск Башкірскай АССР.

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 293-294.

Дзень памяці героя

 Вучні нашай школы свята захоўваюць памяць герояў вайны і робяцъ усё, каб аблегчыць гора родных і блізкіх тых, хто загінуў, абараняючы Ляхавіцкую зямлю. Яшчэ ў 1976 годзе чырвоныя следапыты СШ № 2 знайшлі родных Рыгора Міхайлавіча Іванова, які загінуў 7 ліпеня 1944 года, вызваляючы станцыю Буды. У Ляхавічах пабывалі родныя героя. 3 таго часу і цягнецца наша перапіска.

Нядаўна ад сясцёр загінуўшага Іванова, Еўдакіі Міхайлаўны і Марыі Міхайлаўны, прыйшло пісьмо. Там ёсць такія радкі: «…Рыгору 20 кастрычніка споўнілася б 60 гадоў. Мы хацелі б прыехаць да вас і адзначыць гэту дату разам са следапытамі. Але паездку прыйшлося адцягнуць з-за стану здароўя…».

Актыў класа разам з класным кіраўніком В. Е. Касцюковай і настаўніцай гісторыі В. Ф. Альшаковай вырашылі правесці Дзень памяці героя Р. М. Іванова.

…Маляўніча аформілі лектарскую залу, упрыгожылі партрэт Р. М. Іванова кветкамі. Сабраліся тут чырвоныя следапыты, комсо­мольцы і піянеры.

Аб жыццёвым і баявым шляху героя расказала васьмікласніца Аксана Васільева. Сваё выступленне яна закончыла словамі: «Наш клас стаў камсамольскім, і мы хацелі б, каб у піянерскай арганізацыі школы быў атрад Рыгора Іванова».

Піянерскі атрад 4 «Б» класа, які змагаецца за прысваенне яго імя, даў урачыстую клятву вернасці памяці героя.

С. Скепка, карэспандэнт палітклуба «Юнацтва»

СШ № 2. Будаўнік камунізму. 1986. 28 кастр.

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 283.

3 пісьма Марыі Уласаўны Піддуды (Калінічэнка),

дачкі радавога У. С. Калінічэнкі, піянерам Ляхавіцкай сярэднян школы 2

29 сакавіка 1980 г.

Дарагія дзеці, чырвоныя следапыты школы № 2 г. Ляхавічы!

Перш за ўсё вялікі Вам дзякуй яшчэ раз за тoe, што адшукалі месца пахавання нашага бацькі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў баях за Ваш город. Вялікідзя­куй Вам за тoe, што захоўваеце памяць пра загінуўшых за Ваша шчасце, за чыстае не­ба, за светлыя класы Вашай школы. Мы ўсе бясконца ўдзячны вам за гэта.

…Бацька наш быў вялікі жыццялюб, гасцінны, спагадлівы чалавек. 3 дзяцінства ўпадабаў прафесію каваля, тому што яго бацька меў сваю кузню-майстэрню і працаваў уёй. У час калектывізацыі ён увесь інструмент і гэту кузню-майстэрню здаў у калгас свайго сяла Бочачкі і там працаваў да самай смерці. Гэта любоў да кавальскай справыперадалася і майму бацьку— Уласу Сямёнавічу. Ён пайшоў працаваць кавалём на завод на станцыю Канатоп.

У тыя гады з транспартам было цяжка. Да нашага сяла не хадзілі ні аўтобусы, ні машыны. I бацька са сваімі таварышамі ў любое надвор’е хадзіў на работу пешшу дасамага Канатопа. Гэта было вельмі цяжка, тому што мы памятаем, які стомлены вяртаўся ён дадому. Прыходзіў ён на выхадны дзень, дапамагаў маці па гаспадарцы: пілаваў і калоў дровы, выконваў іншую мужчынскую работу. Бацька і маці і нас усіх прывучалі да працы з дзіцячых год…

Калі немцы падыходзілі да нашага сяла Бочачкі, тыя, каго не ўзялі ў Чырвоную Армію, пайшлі ў партызаны. Бацька таксама пайшоў з таварышамі ў лес. Ноччу прыходзіў дадому за прадуктамі, пераапранаўся і ўпотай знікаў.

Пасля вызвалення нашай мясцовасці баць­ка пайшоў у рады Чырвонай Арміі, хоць на тым заводзе, дзе ён працаваў, давалі бронь. Але бацька пайшоў на фронт, бо бачыў Айчыну ў небяспецы. Служыў ён, памятаю, у Гомелі, падвозіў абеды на фронт байцам. Маці наша ездзіла да яго праведаць, убачылася з ім. Спачатку бацька пісаў пісьмы дадому, а потым мы не сталі і пісьмы атрымліваць. Прыйшла вестка, што ён загінуў. А пазней — пісьмо. У ім паведамлялася, што ў час гарачага бою бацька быў паранены ў жывот, і гэ­та рана аказалася смяротнай…

Бацька марыў, каб я, старэйшая дачка, бы­ла настаўніцай. Яго мара здзейснілася. Я і мая сястра Вера Уласаўна працуем настаўніцамі, а самая малодшая наша сястра — у адным з калгасаў у Канатопскім раёне…

3 вялікай павагай да Вас і Вашых настаўнікаў — Марыя Уласаўна па даручэнню cвaix сясцёр Веры Уласаўны і Настассі Уласаўны.

 

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 284.

Гвардыі капітан

6 ліпеня 1944 г. батальён пад камандаваннем капітана Ламакі падышоў да ракі Шчара. На супрацьлеглым беразе, у драбналессі, маўкліва прытулілася вёска Цыгань, а ў некалькіх дзесятках метраў ад батальёна, там, дзе калісьці быў драўляны мост, з вады тырчалі чорныя галавешкі паляў.

Узяты ў палон фашысцкі салдат паведаміў, што з боку Баранавіч рухаецца кавалерыйская часць праціўніка, якая павінна заняць пазіцыі на рацэ Шчары і дзоты, што засталіся з часоў 1-й сусветнай вайны. Неўзабаве капітан Ламака атрымаў загад фарсіраваць са сваім батальёнам раку ўброд, завязаць бой з гітлераўскай кавалерыяй і тым са­мым даць магчымасць пераправіцца 2-му і 3-му батальёнам палка.

Байцы батальёна хутка перанеслі па плячах зброю і боепрыпасы, перацягнулі па дне гарматы. Ледзь паспелі фарсіраваць раку, як да камбата падбег разведчык і далажыў, што сюды рухаецца кавалерыя!

I сапраўды, з лесу, што віднеўся на захад ад батальёна, разгортвалася ў лавіну конніца праціўніка.

— Батальён! К бою! — рашуча прагучаў голас капітана Ламакі. Гітлераўскія коннікі набліжаліся. Ужо чу­ліся шалёныя выкрыкі кавалерыстаў, гроз­на блішчалі ў паветры стальныя клінкі.

— Бліжэй, бліжэй падпускай, Свірыдзенка! — крычаў Ламака камандзіру роты кулямётчыкаў.

Смеласць, рашучасць і ўпэўненасць камба­та перадаваліся ўсім воінам батальёна. Вось ужо зусім блізка варожая кавалерыя.

— Агонь! — скамандаваў Ламака. Загаварылі кулямёты, ударылі артылерысты і мінамётчыкі, адкрылі агонь стралкі. Друж­ны залп ашаламіў гітлераўцаў. Конніца быццам упёрлася ў сцяну, змяшалася. Вораг не вытрымаў і павярнуў назад…

Былы камандзір 48-й гвардзейскай страл­ковай дывізіі генерал-маёр Г. М. Корчыкаў у сваіх успамінах, якія зберагаюцца ў музеі Крывошынскай сярэдняй школы, пісаў: «7 ліпеня 1944 года часці дывізіі вялі баі ў раёне вёсак Крывошын, Востраў, Скарынкі. Было каля 12 гадзін, калі мы спыніліся на ўскраіне вёскі Любейкі. Стаяў сонечны дзень. Да вёскі набліжаліся часці 143-га гвардзейскага палка. Паперадзе малады, энергічны, сярэдняга росту, вясёлы як заўсёды, камандзір батальёпа гвардыі капітан Ламака. Я цаніў яго за глыбокае веданне ваеннай справы, за дакладнае выкананне баявых задач, за тое, што ў самых складаных сітуацыях ён заўсёды заставаўся спакойным. Гэта быўнезвычайны чалавек, цудоўны, сапраўдны працаўнік вай­ны. Ніколі такіх людзей не забыць».

Леанід Чаранкевіч.

Гвардыі капітан : [Ламака Аляксей Сысоевіч] // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 292-293.

3 пісьма Івана Міхайлавіча Пакраса, сына радавога М. Л. Пакраса,

піянерам Ляхавіцкай сярэдняй школы № 2

30 сакавіка 1967 г.

Калі пачалася вайна, я ва ўзросце 18 гадоў пайшоў на фронт. Бацька мой павінен быў па загаду эвакуіраваць у тыл саўгасную жывёлу, але за Херсонам у раёне Кахоўкі фашысты перарэзалі дарогу, і ён вярнуўся зноў у сваю мясцовасць, ужо занятую немцамі.

Пасля вызвалення саўгаса «Прыбугскі» ў сакавіку 1944 г. мой бацька быў прызваны ў Чырвоную Армію. Я нічога не ведаў аб ім з ліпеня 1941 г. да мая 1944 г. Калі мы вызвалілі Севастопаль, нас накіравалі ў Беларусь на 2-і Беларускі фронт. Я вызваляў Гомель, Магілёў, Мінск. У маі атрымаў ад маці пісьмо. Яна паведаміла мне бацькаў адрас, і мы спісаліся. Бацька ў гэты час быў на 1-м Беларускім фронце, служыў у супрацьтанкавай роце. А потым мне напісалі, што ён загінуў. У час мінамётнага абстрэлу бацька быў пара­нены ў галаву. Ён спрабаваў ісці ў санчасць, прайшоў некалькі крокаў і памёр. А дзе менавіта, я да гэтага часу не ведаў. Toe пісьмо, у якім таварышы паведамлялі пра яго смерць, раскісла пры фарсіраванні нейкай ракі ў Бе­ларусі: ні то Друць, ні то Проня…

Бацька вельмі любіў нас і наогул усіх дзяцей. Хацеў, каб я хутчэй рос, каб унучыкі былі, і не адзін, а многа…

Але я помсціў за бацьку. Не адзін гад знайшоў магілу на нашай украінскай і беларускай зямлі.

Дзякуй Вам, дарагія мае, што Вы захоўваеце памяць пра загінуўшых герояў…

 

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 286-287.

3 успамінаў Л. Калашнікавай, пляменніцы радавога В. М. Рэпкі

 

…Мы, у той далёкі час яшчэ дзеці, глядзелі на партрэт юнака ў ваеннай форме, і сум ахопліваў душу. Колькі вось такіх хлапчукоў забрала вайна. Я тады разумела, што вайна — нешта страшнае, уяўляла яе па дзедавых расказах (ён таксама ваяваў). Але ў дзіцячым уяўленні ніяк не ўкладваліся яе жахі.

Прайшлі гады. Выраслі ў мяне два сыны і дачка. У дзяцей старалася выхоўваць самыя добрыя якасці, а галоўнае, нянавісць да вай­ны. Сёння я радуюся за сваіх нашчадкаў, якія маюцъ магчымасцъ вучыцца пад мірным не­бам, ажыццяўляць свае мары. I таму разам з усімі маці цвёрда гавару: «Не — вайне!»

…Некалькі гадоў назад я занялася пошукамі матэрыялаў пра майго загінуўшага дзядзьку Васіля Мікалаевіча Рэпку. На запытанні прыйшлі адказы, у якіх паведамлялася, што В. М. Рэпка загінуў у 1944 і пахаваны ў в. Падлессе. Гэтыя звесткі прыйшлі да мяне напярэдадні 40-годдзя Перамогі. У дні свята мы ўсёй сям’ёй паехалі на магілу ВасіляМікалаевіча. Яна дагледжана піянерамі Падлескай школы і жыхарамі сяла. Сустрэлі нас тут вельмі цёпла. I наша сям’я разам з усімі ўшанавала памяць загінуўшых воінаў. Кожны з нас узяў жменьку зямлі гэтага краю.

Мы, жыхары ўкраінскай вёскі, вельмі ўдзячны беларускім братам за ўвагу, ветлівасць, за тое, што ўшаноўваюць памяць воінаў і дарагога нам чалавека.

 

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 295.

Пісьмо Валянціны Аляксееўны Холчанка (Уваравай), сястры радавога Л. А. Уварава,

піянерам Ляхавіцкай сярэдняй школы № 2

29 мая 1966 г.

Дарагія піянеры! Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Я вельмі, вельмі Вам удзячна за вестку пра майго загінуўшага брата Уварава Леаніда Аляксеевіча.

Вы просіце напісаць пра яго, але ён загінуў, калі яму не было і 20 год. Ён так мала жыў.

Вучыўся Лёня таксама ў СШ № 2, як і Ва­ша школа, толькі ў г. Макееўка Данецкай вобл. Быў ён прыкладным хлопчыкам і доб­рым вучнем. Настаўнікі ніколі на яго не скардзіліся. Дома ён заўсёды дапамагаў сваім род­ным— бацьку і маці. Старэйшы брат яго Мікалай вучыўся ў ваенным авіяцыйным вучылішчы ў Саратаве. Лёня таксамахацеў быцъ лётчыкам, але для гэтага трэба было скончыць 10 класаў. Аднак яму не давялося далей вучыцца, ён скончыў 8 класаў, і пачалася вай­на, прыйшлі ў Данбас немцы. Лёню было тады 16 год. Працаваць на немцаў ён не хацеў, а каб не пагналі ў Германію на работу, Лё­ня націраў ногі под каленямі чырвоным пер­цам. Утвараліся вельмібалючыя раны, ён не мог хадзіць і крычаў ад болю. Так рабілі і яго сябры, каб не паехацъ у Германію.

Калі Чырвоная Армія вызваліла наш город ад нямецкіх захопнікаў, а гэта было ў верасні 1943 г., брату споўнілася 19 год, і ён пайшоў аднаўляць разбураны металургічны за­вод імя С. М. Кірава. Работа была вельмі цяжкая, але брат, як і ўсе дзяўчаты і юнакі нашага города, ні з чым не лічыўся, не ведаў выхадных дзён, шмат працаваў, каб хутчэй адбудаваць завод і каб ён даваў краіне больш металу для фронту.

Але працаваў брат нядоўга на заводзе, яму здавалася, што гэтага яшчэ мала для фронту, і ён пайшоў добраахвотнікам ваявацъ.

А 6 ліпеня 1944 г. ён загінуў. Мы атрымалі вестку пра яго смерцъ і пісьмо ад камандзіра, у якім пісалася, што Лёня быў добрым салдатам, добрым санітарам, много выратаваў раненых салдат і афіцэраў.

Маці Лёні, ужо вельмі старэнькая бабулька, усё яшчэ не забылася на свайго сыночка, усё яшчэ аплаквае яго фотакарткі. Яна напісала Вам пісьмо, але наўрад ці што Вы там разберыцё, яна ж скрозь слёзы пісала і вельмі старая для пісем.

Вялікі дзякуй Вам, дарагія дзеці, што Вы даглядаеце магілу Лёні. Будзьце прыкладнымі піянерамі і вучыцеся на «выдатна» і «до­бра».

Хай заўжды будзе мір!

 

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 288.

3 расказу У. Р. Скалабана, кіраўніка гісторыка-краязнаўчага гуртка

Ляхавіцкай сярэдняй школы 2

На брацкай магіле ў горадзе Ляхавічы пахаваны старшына Савецкай Арміі Іван Васілевіч Хмыроў. Члены гісторыка-краязнаўчага гуртка адшукалі адрас былога воіна, устанавілі перапіску з яго сваякамі.

Да вайны I. В. Хмыроў працаваў пастаўнікам. У час вайны быў паранены і са шпіталя ў 1942 г. напісаў пісьмо сваёй маці. У ім падрабязна расказваецца аб удзеле Івана Васілевіча ў баях супраць гітлераўскіх захопнікаў. Гэта пісьмо маці Хмырова перадала ў Ляхавіцкую сярэднюю школу № 2. Свой ліст да маці воін заканчвае наступнымі радкамі:

«Дарагая мама! 13 лютага я атрымаў ад Вас пісьмо, з якога даведаўся, што старэйшы брат разам з сынам прызваны ў Чырвоную Армію, прызваны зяць Шура. Цяпер з нашых сваякоў на фронце пяць чалавек. I ад некаторых я не маю звестак. Магчыма, хто з іх і загінуў у баях за Радзіму. Ну, што ж, вайна. Фашысты расплацяцца з намі сваёю крывёй. Асабіста я застрэліў дзевяць фашыстаў. Спадзяюся, што і мае браты, як і я, дарэмна не аддадуцъ сваё жыццё. Не бядуйце, мама, калі хто з нас не вернецца дамоў.Ведайце, што ваш сын абараняў не толькі сваю Радзіму, але і Вас, ваш утульны родны куток.

Пару слоў да пляменніка Жэні. Жэня! Ты яшчэ малы, не можаш біць ворага. Але калі ты падрасцеш, прачытай мой расказ пра баявыя дні. Ён табе напомніць, як твой тата і дзядзька змагаліся з азвярэлым фашызмам, як яны любілі сваю Радзіму і ненавідзелі во­рага. Запомні, Жэня, гэты расказ. Ён заклікае цябе за пралітую нашу кроў адпомсціць любому ворагу, які пасягне на нашу Радзіму. А калі мы ў апошнім баі з ворагам застанемся жывыя, дык гэты расказ будзе нам агульным успамінам».

  Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 289.

ФРАНТАВЫЯ СУСТРЭЧЫ

 

Успомнілася адно імя, нават не імя, а асоба чалавека, які ў жыцці бясследна не праходзіць, не можа прайсці, таму што і створаны для ўпрыгожання і ўзвышэння самога жыцця…

Восенню 1944 г. на славутым Нараўскім плацдарме, што на поўнач ад Варшавы (цяпер там зрабілі Зегжанскую запруду накшталт Мінскай), часта сустракаўся з жыхаром Ляхавіч Сцяпанам Міхайлавічам Цярэшкам. Па гадах ён быў старэйшым — яму за 30, а мне — 20. Аднак гэта якраз не раз’ядноўвала нас, а наадварот, яшчэ большзбліжала, прыцягвала да гэтага вельмі сімпатычнага з беласнежнай усмешкай чалавека — чалавека бывалага, дасведчанага, з багатым жыццёвым вопытам, прыемным грудным барытонам і вытанчанымі манерамі шляхетнага чалавека. Адно тое, што ён інтэлігент даваеннай пары, а жонка настаўніца — невымерна ўзвышала ў маіх юнацкіх вачах ягоны аўтарытэт, нягледзячы на тое, што мы радавыя адной вялікай Арміі.

Наша першае знаёмства запомнілася на ўсё жыццё. На размеркавальным пункце пасля франтавой лазні яшчэ неабмундзіраваныя як след, у адной бялізне мы апынуліся пад адхонам невялікай рачулкі. А зверху млоснае сейва трасіруючых куль нечакана вынырнуўшых з-за лесу двух «месершмітаў»… Ляжалі мы побач, тужліва паглядаючы на неба і чакаючы новых заходаў. I стала раптам неяк трывожна: яшчэ ні разу не выстраліўшы, а ўжо прыйшлося абняць зямлю-матухну — адвечную заступніцу салдацкай душы.

Як быццам чытаючы мае думкі, ён сказаў: «Так і душой загаведь нядоўга». Сумная, вельмі шчырая ўсмешка асвятліла ягоны твар, і на душы стала неяк цяплей. Нельга было не пагадзіцца з трапнасцю гэтага афарызму.

Пазней, ужо на плацдарме, па-зямляцку часта сустракаліся (былі ў адным батальёне), шмат аб чым гутарылі, найчасцей успамінаючы самых блізкіх. Ен заўсёды ўсхвалявана ўспамінаў сваю адзіную, верную спадарожніцу жыцця: відаць, перажыта вялікае каханне, суровыя выпрабаванні на шчырасць і адданасць… Я — аб сваёй вялікай напаўпатрыярхальнай сям’і на чале з дзедам Андрэем, аб былых справах партызанскага падполля. Асабістыя захапленні на фронце чамусьці адышлі на другі ці наваттрэці план. Здавалася, пасля вайны ўсё пачнецца зусім па-поваму. Аднак заўсёды трывожна было за маці і сястру, якім наш ваенны лёс заўсёды прыносіць найбольшыятурботы.

А навокал нас, непасрэдна ў прыфрантавой паласе буяла «залатая польская восень». Усяго за 12—15 кіламетраў ад нас мясцовыя сялянкі ў сваіх квяцістых хустках-кашміроўках (ну, рыхтык, як у нас у Заходняй) мірна ка­палі бульбу. Усё, здавалася, набліжала мірны час, нашу хуткую перамогу.

Сцяпан Міхайлавіч, як старэйшы, любіў паразважаць аб тым недалёкім мірным пасляваенным жыцці, аб лёсе вызваленых ад гітле­рызму еўрапейскіх народаў, дружбе з саюзнікамі і інш. Асабліва цікавіў яго лёс братняй Польшчы, лёс, выпакутаваны ў няроўнай барацьбе, але лёс велічны і гераічны.

Неяк успомнілі вядомы загад Сталіна аб нацыянальных фарміраваннях у склалзе РСЧА у пасляваенны час (загад гэты шырока абмяркоўвалі нашы палітрукі і камандзіры). Я даволі лаяльна ставіўся да гэтых размоў, але ў вачах свайго субяседніка раптам адчуў недавер і скептыцызм…

— Як жа так? Усе загады Вярхоўнага выконваюцца безапеляцыйна і неадкладна,— запальчыва настойваў я.

— Не ўсе, мой хлопча, далёка не ўсе, а толькі тыя, якія патрэбны сягоння, а заўтра яны могуць быць забыты, як і ўсе іншыя. Гісторыя — гэта дыялектыка, і непроста, брат, дыялектыка, а складаная, часам вельмі складаная.

Аднак спрэчка гэтая аказалася заўчаснай. Я вярнуўся вясною 1945 г. з прабітай асколкамі «фердынанда» галавою, а ён — а «ён не вярнуўся з бою…».

Праз некалькі дзён сустрэліся ізноў: ён спяшаўся ў сваю штурмавую роту са штаба палка, а мяне забралі ў зводны дэсантны батальён для захопу новага плацдарма пад Сяроцкам. Моўчкі развіталіся з надзеяй пабачыцца яшчэ не адзін раз, ён даў мне крыху паперы на салдацкі ліст-трыкутнік — стан­дартных франтавых паштовак ужо не хапала.

Неўзабаве пачаліся жорсткія, так званыя «мясцовыя» баі справа ад нас, баі за ўтрыманне і пашырэнне плацдарма. Праз пару дзён ад салдат ягонай роты пачуў, што Цярэшка быў смяртэльна паранены падчас штурму варожых умацаванняў… Не хацелася верыпь у нябыт, у смерць такога рэдкага, такога прывабнага і разумнага чалавека. Цяпло яго рук, здаецца, я адчуваў на дараванай ім паперы, калі на другі дзень пісаў свой апошні ліст з фронту.

I пазней, калі вярнуўся з ваеннага шпіталю, калі вучыўся і працаваў, часта думаў і думаю цяпер: колькі дабра і карысці даюць жыццю вось такія людзі — людзі высакароднага душэўнага складу, моцнага гарту, сапраўднай інтэлігентнасці і чалавечнасці.

Як не хапае часам такіх людзей менавіта цяпер, у час радыкальнай перабудовы ўсяго нашага жыцця, у час аднаўлення сапраўды гуманных сацыялістычных прынцыпаў і асноў. I як важна цяпер хоць чымсыці быць падобнымі да тых, хто змагаўся і загінуў у імя перамогі законаў вячыстай праўды і дабра.

 Мікола Грынчык,

прафесар Мінскага інстытута культуры.

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 307.

 3 пісьма Кацярыны Паўлаўны Костыравай, жонкі радавога Г. А. Шаўніна,

піянерам Ляхавіцкай сярэдняй школы № 2

19 кастрычніка 1966 года

Добры дзенъ, дарагія піянеры!.. Дарагія дзеці, я вельмі была кранута вашым пісьмом і да глыбіні душы ўсхвалявана… Вельмі ж задаволена, што прайшло столькі гадоў,а памяць пра загінуўшых жыве. Мне б і самой вельмі хацелася пабываць там, дзе пахаваны мой муж.

…Выхоўваўся Георгій у беднай рабочай сям’і. Вельмі рана пайшоў працавацъ па най­му, потым атрымаў прафесію цырульніка і працаваў мужчынскім майстрам у цырульнях г. Пярмі.

Жылі мы з Георгіем дружна, ён мяне ніколі не крыўдзіў. Дзяцей у нас не было. Маці і сястра Георгія памерлі пасля вайны. Я працавала тэхнічкай, потым паштальёнам, а зараз на пенсіі.

У 1941, 6 верасня, Георгій Аляксандравіч быў прызваны ў РСЧА. Вось я і засталася адзінокай. Усё чакала, усё думала, што вер­нецца, але так і не дачакалася, засталася салдацкай удавой…

 

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 289.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed