Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>
У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя флер’яноўскі фальварак быў адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносін. Пры апошнім яго ўладальніку ў доме быў створаны летні пансіянат, які наведвалі вядомыя людзі – польская пісьменніца Эліза Ажэшка – добрая знаёмая Тадэвуша Бохвіца, нобелеўскі лаўрэат y галіне літаратуры Уладзіслаў Рэймант, літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі і многія іншыя. “У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць y крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза Ажэшка з Флер’янова. – … Я прагну яшчэ раз y жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх, як я, y вясковым значэнні бяздомных”. Сёння ў Флер’янове пра Ажэшку нагадвае стары дуб, пасаджаны пісьменніцай y 1909 годзе. А таксама закладзены ў 2011 годзе парк. Саджанцы для парку былі ўзрошчаны з жалудоў ад дрэва, пасаджанага Элізай Ажэшка.