Тыдзень Купалы прайшоў у купалаўцы з 5 па 9 ліпеня

Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. З нагоды гэтай юбілейнай даты ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я.Купалы прайшоў літаратурны тыдзень “Па росных сцяжынках я прайдуся…”, прысвечаны жыццю і дзейнасці знакамітага класіка. Творчасць Янкі Купалы – гэта летапіс жыцця беларускага народа, адбітак нацыянальнага характару. Яго самабытныя творы адрозніваюцца высокай духоўнасцю. Нездарма яго імя носяць шматлікія вуліцы, плошчы, установы культуры нашай краіны.

Дзень паэзіі “Нам засталася спадчына” адкрыў юбілейны тыдзень 5 ліпеня. На працягу дня ў фае бібліятэкі чытачоў сустракаў відэарад з ролікаў і фільмаў па творах Янкі Купалы, а бібліятэкары зала мастацкай літаратуры прапаноўвалі наведвальнікам творы пісьменніка з фонду бібліятэкі. Жадаючыя зачытвалі для прысутных свае любімыя вершы аўтара.

6 ліпеня на літаратурную гасцёўню “Маці Беларусь, твае сыны жывуць” былі запрошаны ўдзельнікі ветэранаў вайны і працы «Сівізна», у выкананні якіх на нашай цудоўнай мілагучнай мове гучалі вершы Купалы. Адгукнуліся ў сэрцы і песні, пакладзеныя на вершы славутага песняра.  Бібліятэкар нагадала важныя падзеі з жыцця пісьменніка, расказала цікавыя малавядомыя факты пра Янку Купалу, якія значна дапоўнілі  і пашырылі кругагляд удзельнікаў мерапрыемства. Цікавасць выклікаў агляд літаратуры па кніжнай выставе “Твае песняры, Беларусь”.

7 ліпеня – у дзень нараджэння пісьменніка – у бібліятэцы прайшоў Дзень Купалы пад назвай “Не згаснуць у небе зорцы”. Усім наведвальнікам зала мастацкай літаратуры ў гэты дзень прапаноўвалі прыняць удзел у віктарыне па жыцці і творчасці юбіляра. Чытачы бібліятэкі прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў па біяграфіі народнага паэта. А бібліятэкары радавалі падарункамі – кніжнымі закладкамі з выявай і вершам Купалы.

Літаратурны круіз “Пад сузор’ем Купалы”, які адбыўся 8 ліпеня, запрасіў наведвальнікаў узгадаць паэта, драматурга, перакладчыка, класіка беларускай літаратуры Янку Купалу. Падрыхтаваная прэзентацыя нагадала жыццёвы і творчы шлях пісьменніка-юбіляра. На мерапрыемстве гучалі песні, вершы класіка. Напрыканцы круіза адбылася прэм’ера-прагляд музычнага відэароліка “Спадчына”, спецыяльна падрыхтаванага супрацоўнікамі бібліятэчнай сістэмы да юбілейнай даты.

9 ліпеня на працягу дня ўсе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у завяршальным этапе Тыдня Купалы – гучных чытаннях “Чытаем Купалу разам”. Кожнаму чытачу было прапанавана акунуцца ў атмасферу купалаўскай лірыкі, адчуць прыгажосць роднай беларускай мовы – узяць з паліцы кнігу Я.Купалы і прачытаць уголас любы ўпадабаны верш.

Магутнае слова, ты, роднае слова!
          Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
          Ты песень наўчыла мяне…

 

Марына Нікіціна, 
заг. аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦБ

Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий