Флер’янова сустракае!

11 чэрвеня 2022 года чарговы раз акунуцца ў свет літаратуры запрасіла Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Менавіта тут, у комплексе былой сядзібы Бохвіцаў у в.Флер’янова, дзе стагоддзе таму бывалі знакамітыя літаратары, ладзіліся прадстаўленні “Флер’яноўскага тэатрыка”, адбыўся чацвёрты фестываль “Флер’яноўскія чытанні”.

У пачатку дваццатага стагоддзя Флер’яноўская сядзіба была адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносін. Творчая ініцыятыва ляхавіцкіх бібліятэкараў і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама аднавіць традыцыю правядзення літаратурных вечароў узнікла ў 2016 годзе – ў Год культуры тут адбыліся першыя “Флер’яноўскія чытанні”, прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы Элізы Ажэшка, якая калісьці адпачывала ў пансіянаце Бохвіцаў у гэтым самым будынку і стала завадатарам літаратурных чытанняў. З таго часу раз у два гады свята збірае аматараў літаратуры і творчасці.

Сёлета, у Год гістрычнай памяці, мы ўзгадалі нашу гісторыю, багатую і разнастайную, цікавую і насычаную культурную і гістарычную спадчыну нашай Радзімы. Падчас тэатралізацыі “Ход гісторыі” гледачы сустрэліся з нашымі славутымі землякамі: Фёдарам Еўлашоўскім, Тадэвушам Рэйтанам, Фларыянам Бохвіцам, Напалеонам Чарноцкім, Марыянам Фальскім, Серафімам Жыровіцкім. Кожны з іх непарыўна звязаны з Ляхавіцкай зямлёй, сваімі справамі яны назаўсёды запісалі свае імёны ў нашу гісторыю.

Усім вядомы імёны і творчая спадчына Алеся Бадака, Леаніда Пранчака, Уладзіміра Дамашэвіча, Івана Ждановіча. Убачылі свет кнігі Веры Дыдышка, Фёдара Лапаніка, Валянціны Пабягайла, Вячаслава Вайшэвіча, Вольгі Барадзіной. Ляхавіцкая зямля багатая на літаратурныя таланты, і іх творы нязменна суправаджаюць кожныя “Флер’яноўскія чытанні”. Цікавы вершаваны твор “Ляхава навука”, напісаны Людмілай Цітко паводле легенды пра горад, госці мерапрыемства пачулі ўпершыню.

У гэтым годзе адзначаецца 530-гадовы юбілей нашага горада – свята ўсіх, хто лічыць Ляхавічы сваёй радзімай; хто шануе памяць продкаў, паважае працу людзей, якія робяць наш горад камфортным, прыгожым і зручным. Гэта свята ўсіх, хто нарадзіўся і вырас тут, хто аднойчы прыехаў – і стаў ляхавічанінам, і тых, хто па розных прычынах пакінуў Ляхавічы, але душой і сэрцам застаўся верным сваёй малой радзіме. Музыкальныя нумары, якія суправаджалі мерапрыемства, падабраны па асобаму прынцыпу – словы да большасці песен напісаны нашымі землякамі. Асаблівую цікавасць вызвала папуры ў выкананні эстраднай групы “Начало” Ляхавіцкага ГДК, парадавалі сваім вакальным майстэрствам калектывы “Берагіня” і “Вечарніца”, Вольга Якуніна, Сяргей Сазановіч, навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў.

2022 год – год юбiлеяў. Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння двух класiкаў беларускай лiтаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтую значную для беларускай літаратуры падзею нельга пакінуць без увагі. Пантаміма “Купала і Колас” у выкананні Міхаіла Стрыжова і Арцёма Бадака перанесла гледачоў у літаратурныя будні пісьменнікаў.

Юбілей таксама і ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі – споўнілася 75 гадоў з дня прысваення ёй імя народнага паэта Янкі Купалы. Вельмі хацелася зрабіць нешта значнае, цікавае да гэтай важнай для нас даты. Сапраўднай разынкай мерапрыемства стаў мюзікл па матывам твора Янкі Купалы “Прымакі”, які амаль што ўзарваў імправізаваную залу апладысментамі. Аўтарамі тэксту да пастаноўкі выступілі Ларыса Глеб і Міхаіл Стрыжоў, рэжысёр – Арцём Бадак.

Адным з асноўных і доўгачаных момантаў “Флер’яноўскіх чытанняў” з’яўляецца абвяшчэнне пераможцаў конкурса “Славеснасць”, у якім прынялі ўдзел 14 нашых землякоў. “Пра Беларусь з любоўю” – лейтматыў конкрурса ў гэтым годзе. Былі прадстаўлены матэрыялы ў дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Эсэ”. Ва ўсіх работах адчувалася любоў, клопат і павага да роднай зямлі, да роднага краю. А колькі цікавасці да яе гісторыі і гонару за наш сённяшні светлы дзень! Лепшымі ў сваіх намінацыях ў гэтым годзе сталі Карына Вялічка, Людміла Цітко, Ксенія Шастак, Вольга Рокач. Свае віншаванні і падарункі пераможцам перадаў Алесь Бадак, пісьменнік, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Дыпломамі ўзнагародзіла канкурсантаў таксама і раённая газета “Ляхавіцкі веснік”.

Цікавыя разнастайныя пляцоўкі дзейнічалі на працягу мерапрыемства. Пісьменнікі з Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Карэліцкага раёнаў знаёмілі са сваёй творчасцю на “адкрытым мікрафоне”, цікавыя выставачныя пляцоўкі прадставілі супрацоўнікі Ляхавіцкай, Баранавіцкай, Ганцавіцкай, Лунінецкай бібліятэчных сістэм, асаблівую цікавасць выклікалі выданні Фларыяна Бохвіца 1838 і 1847 гадоў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Працавалі плэнер мастакоў, майстар-класы, нацыянальная кухня, выстава калекцыі сукенак Баранавіцкага дзяржаўнага прафесіна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання і інш.

Прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за сваю Радзіму. Спадзяемся, цёплыя ўспаміны аб гэтай чэрвеньскай сустрэчы заўсёды будуць жыць у сэрцах удзельнікаў і гасцей мерапрыемства і выклікаць светлыя пачуцці!

Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦБ

Фота па спасылцы.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Библиотечная система Ляховичи (@lib_lyahovichi)

Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий