Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Святы
Нашчадкі талентаў роднай зямлі. У Ляхавічах адбылося свята фальклорнага мастацтва«З крыніц спрадвечных»
Мастацкія калектывы з Піншчыны, Пружаншчыны, Драгічыншчыны, Баранавіччыны і Ляхавіччыны сталі ўдзельнікамі ХХ раённага свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных». У Год народнага адзінства іх аб’яднала любоў да беларускай культурнай спадчыны, якую яны берагуць і прымнажаюць.
Як многа значыць адзінства. Гэта базавая акалічнасць, закладзеная нашымі продкамі, характарыстыка, што вызначае нас, беларусаў. Так і ў творчасці. І гэта яскрава пацверджана багатай спадчынай нашых бабуляў і дзядуляў, якую мы ашчадна захоўваем, шануем, перадаём нашым дзецям.
Мінулая субота аб’яднала ў адзіным творчым памкненні тых, хто неразрыўны з аўтэнтычнасцю і фальклорам, хто нераўнадушны да бясцэннага скарбу, сабрала тых, дзякуючы каму жыве беларуская песня, гучыць сакавітая мова, радкі, шчымлівыя і дарагія сэрцу, кладуцца на мелодыю душы, абрады і традыцыі акунаюць у свет чароўнага. Ляхавіччына прымала ХХ раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных».
Свята заўжды размяшчалася ў месцах, што славяцца гісторыяй. На жаль, сёлета творчую сустрэчу, запланаваную ў любімай Грушаўцы, давялося перанесці ў гарадскую лакацыю. Дажджлівае надвор’е падкарэкціравала планы, але ж не змяніла творчы настрой удзельнікаў, якіх гасцінна прыняў гарадскі Дом культуры.
У фае ўтульна размясціліся выставы майстроў народнай творчасці. І ад убачанага разбягаліся вочы – на што здольны нашы працавітыя таленавітыя рукі, на якія выдумкі багаты мы, беларусы. Ад шыкоўнай выцінанкі, вышытых крыжыкам карцін, ганчарных вырабаў, скураных упрыгажэнняў, саламяных вытанчаных фігур і аксесуараў і шмат цікавых іншых творчых знаходак, што так арганічна спалучаюць у сабе справу нашых дзядоў і сучасны погляд на свет. Паглядзець, дакрануцца, пацікавіцца тэхналогіяй вырабу, узяць візітоўку і напрасіцца на майстар-клас – вось так і адбываецца міжрэгіянальны творчы сімбіёз.
У фае і водар адпаведны – беларуская кухня нікога не пакіне галодным. Каларытнасць ляхавіцкіх сталоў не тое што багатая, яна яшчэ і на выдумку ў афармленні не сціплая. Пакаштаваць дамашняй каўбаскі, бульбачкі, дранічкаў, піражкоў – не ад’есціся, бяры і занатоўвай унікальныя рэцэпты нацыянальных смачнасцяў.
Традыцыйнае шэсце, няхай і ў міні-фармаце, усё ж адбылося. Знаёмства з мастацкімі аматарскімі калектывамі прадэманстравала шырыню беларускай душы. На творчы агеньчык прыехалі сябры з Пружаншчыны, Піншчыны, Драгічыншчыны, Баранавіччыны.
Свята фальклорнага мастацтва прывітальным словам адкрыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач. Яна нагадала, што месца, якое павінна было прыняць фэст, сёння аднаўляецца-будуецца: работа вядзецца за кошт грантавага кантракта па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна 2014 – 2020 гг.», а таксама за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Падзякавала кожнаму за такую бязмерную любоў да культурнай спадчыны, за жаданне не згубіць каштоўнае, тым, хто па-сапраўднаму можа назваць сябе аматарамі і захавальнікамі фальклору і народных традыцый.
Святочную праграму распачалі ўдзельнікі намінацыі «фальклорная песня». Якія словы, якія матывы – у кожным радку тое, што напаўняла будні вяскоўцаў, тое, што турбавала, што радавала, над чым працавалі і пра што марылі, што шанавалі і любілі. Такія простыя песні пра самае галоўнае – шчырыя, пяшчотныя, чуллівыя. Заваражылі сваёй творчасцю і сталі пераможцамі ў гэтай намінацыі госці з Пружаншчыны – народнае аматарскае аб’яднанне «Смаляначка» Навасёлкаўскага СДК. Другія – мясцовыя выканаўцы – фальклорнае аматарскае аб’яднанне «Сяброўкі» Ліпскага СДК. Трэцяе месца падзялілі калектывы з Піншчыны – народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Палясяначкі» Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і быту і народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Чабатухі» Сташанскага сельскага Дома фальклора.
Беларускі народны каляндар – як асаблівы твор мастацтва. Святкі і прысвяткі, абрады, прыкметы, звычаі, традыцыі, павер’і – гэта тое, што дзень за днём напаўняла жыццё вяскоўцаў, тое, што давала датыкнуцца да таямніцы навакольнага свету. Наступная намінацыя фэсту «абрад» дазволіла прысутным пабываць на абрадзе «Гуканне вясны», апынуцца на зажыначным полі, адчуць пах духмянага хлеба на чаканых «Дажынках». А які цуд і прыгажосць, любоў і надзея на лепшае жыццё ў абрадзе «Убіранне каравая». Пабывалі і на свяце «Багач». Лепшым у гэтай намінацыі атрымалася стаць у аматарскага аб’яднання «Пралеска» Брашэвіцкага СДК з Драгічынскага раёна. Аўтэнтычны фальклорны калектыў «Палясяначкі» Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і быту з Піншчыны – на другім месцы. А вакальны гурт «Таямніца» Жарабковіцкага СДК нашага раёна – на трэцім месцы.
Палюбілася намінацыя «найгрыш з прыпеўкай». Тут і павесяліліся нашы ўдзельнікі – спявалі і танцавалі ад душы. Самымі-самымі для журы сталі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай музыкі «Папінскія музыкі» з Драгічынскага раёна. Прыпеўкі Сафіі Яроцкай з Пружан – на другім месцы. А трэцяе месца падзялілі ляхавіцкі народны клуб ветэранаў «Сівізна» метадычнага цэнтра культурна-асветніцкай работы і ліпчанка Яўгенія Каспяровіч.
Свой спаборніцкі момант сярод прадстаўнікоў традыцыйных рамёстваў. Журы давялося няпроста, каб вызначыць лепшых. Сярод залатых майстроў – ганчары Віталій Раманоўскі і Генадзій Міранюк з Пружанскага раёна. Другое месца прысуджана Лідзіі Чаркас з Жарабковіцкага СДК, трэцяе – аматарскаму аб’яднанню «Творцы» Баранавіцкага раённага Цэнтра рамёстваў.
– Прыемна, што ў Год народнага адзінства, літаральна напярэдадні Дня народнага адзінства, што сёлета ўпершыню будзе адзначацца 17 верасня, Ляхавіччына збірае тых, каго аб’ядноўвае бязмерная любоў да творчасці сваіх продкаў. Нам засталася багатая спадчына, і сучасныя беларусы гэты скарб нясуць праз стагоддзі, беражліва прымнажаюць творчую скарбонку. Сённяшнія ўдзельнікі юбілейнага фэсту – гэта ўнікальныя людзі. Дзякуй кожнаму, вы захавальнікі часу, мінулага, а без гэтага няма сёння і шчаслівага заўтра, – адзначыў дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь.
Маргарыта КУХТА.
Кухта, М. Нашчадкі талентаў роднай зямлі. У Ляхавічах адбылося свята фальклорнага мастацтва«З крыніц спрадвечных» / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2021. – 1 верасня (№ 65). – С. 4-5.
Гэта сэрца зямлі маёй. Ляхавічы сустракалі ўдзельнікаў і гасцей свята «З крыніц спрадвечных»
Раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» сёлета часова змяніла сваю галоўную сцэнічную пляцоўку: запрасіла гасцей і ўдзельнікаў на плошчу Леніна ў райцэнтры. Магчыма, антураж былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы больш пасуе фестывалю, але зараз там ідзе рэканструкцыя.
Тое, што Ляхавічы святкуюць, было чуваць па ўсім горадзе. Музыка, песні і танцы стваралі пазітыўны настрой, хацелася далучыцца да культурнага фэсту. Што многія і рабілі – падпявалі, танцавалі, гумарылі. Апладысментамі сустракалі кожнае выступленне самадзейных артыстаў і творчых калектываў, як сваіх – з Ляхавіччыны, так і шматлікіх гасцей з Драгічынскага, Пружанскага, Ганцавіцкага, Баранавіцкага раёнаў. Цёпла віталі ўдзельнікаў фестывалю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Жалнерчык, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса.
«З крыніц спрадвечных» – не толькі свята, але і насычаная конкурсная праграма. Каб стаць лепшым, неабходна пакарыць журы і гледачоў рэпертуарам, арыгінальнасцю, творчасцю, талентам, мець свой мастацкі почырк.
Як было не заслухацца выступленнем фальклорнага гурта «Ліпчанка» Ліпскага СДК, удзельніцы якога выканалі песні, запісаныя ад старажылаў-аднавяскоўцаў Вольгі Гатоўчыц і Вольгі Герасімовіч. Стаць сведкам народнага абраду «Агледзіны» можна было падчас выступлення народнага фальклорнага калектыву «Дубрава» Люсінскага СК Ганцавіцкага раёна. Дарэчы, у намінацыі «абрад» шыкоўна выступілі нашы землякі – фальклорныя аматарскія аб’яднанні «Вяснянкі» (Жарабковіцкі СДК), «Купалінка» (Навасёлкаўскі СДК). І вось чарговае мора апладысментаў. На гэты раз у іх купаліся прэтэндэнты на перамогу ў намінацыі «найгрыш з прыпеўкамі». «Завялі» прысутных Яўгенія Каспяровіч з Ліпскага СДК, Сабіна Шклянік з народнага клуба ветэранаў «Сівізна», Соф’я Яроцкая з Пружанскага раёна, народны фальклорны калектыў «Суседзі» Баранавіцкага раёна.
На фестывалі не да суму, а вось гумару – з лішкам. Тым больш, калі на сцэне такія аксакалы трапнага слова і жартаў, як народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК. Ляхавіцкая Лявоніха, яна ж і культарганізатар Навасёлкаўскага СДК, Таццяна Пішч запрасіла ўсіх жадаючых на майстар-клас па народных беларускіх танцах.
Свята не толькі спявала, але і вабіла водарам смачных страў, большасць з якіх прыгатавана па рэцэптах беларускай нацыянальнай кухні.
Якія ж чараўнікі – майстры народных рамёстваў. Што ні выраб – то прыгажосць, вытанчанасць, эксклюзіў. Карціны маляваныя і вышываныя, ручнікі тканыя, жбаны гліняныя, сурвэткі рознакаляровыя, капелюшы саламяныя – вачам захапленне, душы радасць. Можна было не толькі любавацца, але і купіць рэч, якая спа-дабалася.
Зразумела, журы ў такім россыпе талентаў цяжка вызначыць пераможцаў. Гран-пры атрымала эксперыментальная вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК, яна ж удастоена прыза глядацкіх сімпатый.
Галіна КАНЬКО.
Так было, так ёсць і няхай так будзе. Уражаннямі ад фестывалю падзяліліся яго арганізатары:
Ніна ПРЫХАЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Менавіта вось на такіх святах мы паказваем, як моцна любім родны край, шануем і беражліва перадаём з пакалення ў пакаленне багатую культурную спадчыну.
Беларусам няма што дзяліць, у нас адна краіна. Неабходна ўсім яе жыхарам разам пацвярджаць, што беларусы – мірныя, працавітыя людзі. Навошта раз’ядноўвацца, станавіцца на розныя палюсы. Трэба дружна шчыраваць, каб квітнела краіна, умацоўваўся дабрабыт яе жыхароў, развіваліся эканоміка і сацыяльная сфера. Так было, так ёсць і няхай так будзе.
Юрый ГРЫНЬ, дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы:
– Адзначу, што з кожным годам расце мастацкі ўзровень удзельнікаў свята, пашыраецца геаграфія гасцей. У нас з’явіліся навічкі, радуюць выступленнямі пастаянныя ўдзельнікі. Фестываль чарговы раз паказаў: беларусы – людзі, якія шануюць культуру і гісторыю сваёй краіны. Свята часова памяняла сваю прапіску. Палацава-паркавы ансамбль Рэйтанаў у Грушаўцы знаходзіцца на рэканструкцыі. Работы хоць і пачаліся толькі сёлета, але ўжо нямала выканана. Так што праз нейкі час «З крыніц спрадвечных» вернецца на свае вытокі і, упэўнены, стане яшчэ больш цікавым.
Канько, Г. Гэта сэрца зямлі маёй. Ляхавічы сустракалі ўдзельнікаў і гасцей свята «З крыніц спрадвечных» / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2020. – 26 жніўня (№ 64). – С. 4-5.
Гайда ў Грушаўку! У Ляхавіцкім раёне адбылося свята фальклорнага мастацтва ”З крыніц спрадвечных”
З паўналеццем, фэст! ХVIII раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» зноў па-добраму ўзбударажыла Грушаўку, аздобіла родным народным гэтае каларытнае мястэчка.
Вёска, у біяграфіі якой занатаваны гістарычна знакавыя асобы, гасцінна сустрэла самадзейныя калектывы нашага, Ганцавіцкага, Баранавіцкага, Драгічынскага раёнаў.
Запраграмаваная на поспех і папулярнасць тэма, заўзятасць аматараў фальклору і іх самабытная творчасць, вясёлкавая радасць і захапленне яркімі фарбамі мінулай суботы, непаўторная сонечнасць атмасферы, у якой усё гэта адбывалася, – вось якім віхрыў-кружыў-спяваў-жартаваў грушаўскі фэст.
У выставе народнай творчасці ўразілі жарабковіцкія вышыванкі, дараўскія вырабы з саломкі і рукастваральныя кветкі, мыслабажская кераміка, свяціцкія зёлкі і разьба па дрэве, крывошынскія дэкаратыўна-прыкладныя вырабы.
Госці з іншых раёнаў паказалі свой майстар-клас: хто плёў лапці, хто праў кудзелю, хто ткаў паясы. А яшчэ дражнілі апетыт прысмакі беларускай кухні: тут табе каша ў гарбузе, юшка з рачной рыбы, дранікі, шкваркі, бліны – як жа смачна!
Да спадароў і спадарынь у нацыянальных касцюмах далучыліся паненкі «з вышэйшага свету» ў выкананні супрацоўніц бібліятэкі – як заўсёды, эфектна выглядалі дамы ў цывільным убранні дзевятнаццатага-пачатку дваццатага стагоддзяў.
Удзельнікі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» выказвалі свае пачуцці фарбамі падчас адкрытага пленэра. У цэнтры ўвагі былі лагер мыслабажскага ваенна-гістарычнага клуба «Паходня», тэатральная пастаноўка «Легенда пра бусла» Конькаўскага СДК, гумарыстычныя замалёўкі ў выкананні тухавіцкіх, тальмінавіцкіх, востраўскіх, навасёлкаўскіх самадзейных артыстаў. Усе конкурсныя выступленні прагучалі так, што падчас звычайнага канцэрта іх бы абавязкова выклікалі на біс.
У намінацыі «Фальклорная песня» першае месца паехала ў Драгічынскі раён разам з народным сямейным аўтэнтычным фальк-лорным калектывам Лук’яновічаў. Дарэчы, нашы землякі – вакальны гурт «Таямніца» Жарабковіцкага СДК адзначаны другім месцам.
У намінацыі «Абрад» фальклорнае аматарскае аб’яднанне «Вяснянкі» з жарабковіцкім адрасам прызнана лепшым за пастаноўку абраду «Юр’е». А трэцяе месца ў гэтай намінацыі ў фальк-лорнага аматарскага аб’яднання «Купалінка» Навасёлкаўскага СДК – за абрад «Вялікдзень».
У «Найгрышы з прыпеўкамі» ўсе тры прызавыя месцы з ляхавіцкім адрасам: першае за Яўгеніяй Каспяровіч з Ліпскага СДК, другое – за Верай Буйкевіч са Свяціцкага СДК, трэцяе – за удзельніцамі народнага клуба ветэранаў «Сівізна» Валянцінай Сокал, Леакадзіяй Домаш, Сабінай Шклянік, Людмілай Фаміной.
Абсалютным пераможцам у намінацыі «Традыцыйныя рамёствы» на фэсце названы Дараўскі Дом рамёстваў – за саломапляценне.
Увогуле, на біс хочацца выклікаць усіх удзельнікаў фэсту. Сустрэнемся ў Грушаўцы праз год?!
Вольга БАРАДЗІНА.
Барадзіна, В. Гайда ў Грушаўку! У Ляхавіцкім раёне адбылося свята фальклорнага мастацтва ”З крыніц спрадвечных” / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – 28 жніўня (№ 66). – С. 1, 4.
Натхненне ў фальклоры
Каторы год запар старадаўняя сядзіба рыцарскага роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка пераўтвараецца ў сапраўдны цэнтр культурнага жыцця Ляхавіччыны. У гэтым знакамітым сядзібна-паркавым комплексе з поспехам прайшло традыцыйнае XVIII раённае свята фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных”.
За амаль два дзесяцігоддзі свайго існавання свята, якое ладзіцца пад эгідай Ляхавіцкага райвыканкама, зарэкамендавала сябе як даволі цікавы і арыгінальны праект, які накіраваны на захаванне і прымнажэнне беларускай нацыянальнай культуры. Па традыцыі штогод на ім сваю творчасць дэманструюць фальклорныя калектывы з розных куткоў Берасцейшчыны, ладзяцца выставы народных рамёстваў і дэгустацыі страў беларускай нацыянальнай кухні, а таксама праводзіцца шэраг іншых тэматычных мерапрыемстваў.
Адной з галоўных адметнасцяў фестывалю з’яўляюцца месцы яго правядзення, якія цесна звязаныя са знакамітымі асобамі беларускай гісторыі, літаратуры і культуры. Так, у першыя гады існавання фэсту арганізатары ў якасці фестывальнай пляцоўкі штогод выбіралі адзін з некалькіх сядзібна-паркавых комплексаў, што маюцца на тэрыторыі раёна. Сярод іх былі палацава-паркавы ансамбль у Рэпіхаве, сядзібна-паркавы ансамбль у Флер’янова і сядзіба старадаўняга роду Рэйтанаў у Грушаўцы. У апошнія гады менавіта ў Грушаўцы фэст і атрымаў сваю сталую «прапіску». Аднак з наступнага года ў раёне плануюць ізноў вярнуцца да ранейшага фармату чаргавання месцаў правядзення фестывалю. Як адзначыла Ніна Прыхач, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама, гэтыя перамены тлумачацца тым, што ў бліжэйшы час павінна завяршыцца афармленне апошніх дакументаў, звязаных з фінансаваннем праекта па рэстаўрацыі сядзібы Рэйтанаў у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна”. Як толькі ўсе фармальныя пытанні будуць вырашаны, тут распачнуцца рэстаўрацыйныя работы. Таму на гэты час фестывалю прыйдзецца “пераехаць” у іншае месца.
Як і ўсе папярэднія, сёлетняе мерапрыемства здолела парадаваць сваіх гасцей асаблівай творчай атмасферай. Па традыцыі фэст распачаўся з урачыстага шэсця яго ўдзельнікаў па галоўнай алеі сядзібы. Пасля гледачы змаглі атрымаць асалоду ад конкурснага выступлення шаснаццаці самадзейных калектываў з Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага і Драгічынскага раёнаў. У адпаведнасці з назвай свята яны прадставілі на суд журы і гледачоў фальклорную спадчыну свайго краю. Так, на фестывалі прайшлі творчыя конкурсы ў чатырох намінацыях: “Фальклорная песня”, “Абрад”, “Найгрыш з прыпеўкамі” і “Традыцыйныя рамёствы”. Па выніках, пераможцамі ў іх адпаведна былі прызнаны народны сямейны аўтэнтычны фальклорны калектыў Лук’яновічаў Леснікоўскага Дома сацыяльных паслуг Драгічынскага раёна, фальклорнае аматарскае аб’яднанне “Вяснянкі” Жарабковіцкага сельскага Дома культуры Ляхавіцкага раёна, самадзейная артыстка Яўгенія Каспяровіч з Ліпскага СДК Ляхавіцкага раёна і Дараўскі Дом рамёстваў Ляхавіцкага раёна.
Дзякуючы намаганням арганізатараў і самадзейных артыстаў госці свята апынуліся ў вясёлай атмасферы сапраўднага беларускага фэсту: з яго песнямі, танцамі, жартамі і кулінарнымі прысмакамі. Усе жадаючыя таксама маглі прайсці майстар-клас па народных традыцыйных танцах, прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні, наведаць фотагасцёўню, акунуцца ў эпоху сярэднявечча, назіраючы за выступленнем удзельнікаў ваенна-гістарычнага клуба “Паходня” Мыслабажскага Дома народнай творчасці, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі і розных конкурсах. Асаблівы каларыт святу надавалі і імправізаваныя гандлёвыя рады, на якіх кожны жадаючы мог набыць сапраўдныя беларускія сувеніры, зробленыя народнымі майстрамі Ляхавіччыны і іншых раёнаў Брэсцкай вобласці.
А яшчэ ў рамках свята “3 крыніц спрадвечных” у Грушаўцы праходзіў і адкрыты пленэр выяўленчага мастацтва з удзелам выхаванцаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнай дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва “Апалон” з Ляхавіч. Крыніцай натхнення для юных мастакоў стала старадаўняя сядзіба і яе маляўнічае наваколле: векавыя ліпавыя алеі і парк, сажалка, даўнейшыя каменныя муры і больш познія гаспадарчыя пабудовы, закладзеныя ў пачатку XX стагоддзя ў стылі прамысловай неаготыкі.
Генадзь ПАПЛАЎСКІ
Паплаўскі, Г. Натхненне ў фальклоры / Генадзь Паплаўскі // Заря. – 2019. – 21 верасня (№ 75). – С. 16.
Грушаўка як брэнд. Ці не час раённаму фэсту «З крыніц спрадвечных» мяняць маштаб?!
Калі чарговы раз праязджала па вядомай «лесвіцы ў неба», мінала дрэвы, якім давялося быць сведкамі яскравых гістарычных падзей, равеснікамі тых выбітных асоб, што бударажылі свет сваімі справамі, падумала: з чым можна параўнаць грушаўскія краявіды? Магчыма, з машынай часу, якая супыняе ход гадзінніка.
Нездарма менавіта сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы так палюбілася аматарам фальклорнага мастацтва. Тут па-іншаму іграецца, званчэй спяваецца і як жа арганічна ў акружэнні рэйтанаўскіх пабудоў выглядаюць майстры самых розных рамёстваў. І менавіта тут у мінулую суботу адбылося раённае свята народнай творчасці «З крыніц спрадвечных» – сямнаццатае па ліку.
Па брукаванай алеі крочылі ўдзельнікі фэсту. Досыць напець матыў, як гармонікі, бубны, ударныя падхаплялі, і гэта гучная музычная грамада мігам разрывала паветра сакавіта-смачным беларускім прыпевам. З’ехаліся звыш 50 фальклорных калектываў. Межы свята перасягнулі Ляхавіцкі раён: на імпрэзу завіталі самадзейныя артысты з Піншчыны, Пружаншчыны, Ганцавіччыны. Мусіць, прыспеў час афіцыйна мяняць маштаб.
А ўсе ўдзельнікі ў кадры камеры смартфонаў, уладальнікі якіх тут жа папаўнялі стужкі навін сацыяльных сетак. Дарэчы, у наступным годзе можна было б запусціць інстаграмаўскі флэшмоб з хэштэгамі #ЗкрыніцСпрадвечных ці #НашаГрушаўка.
Шчыра вітала і віншавала з такой чаканай падзеяй удзельнікаў і гасцей свята намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
А пасля сцэна, што размясцілася каля былога рэйтанаўскага дома, запоўнілася музыкантамі і танцорамі. Яны ведалі, чым здзівіць публіку, як не пакінуць ёй шанца, каб не пусціцца ў пляс.
Удзельнікі выступалі ў трох намінацыях. Першымі – дзіцячыя (прыемная акалічнасць, у гэтым годзе іх было многа) і дарослыя калектывы ў намінацыі «фальклорная песня». Самым галасістым журы прызнала народны калектыў «Дабраславачка» з Піншчыны.
Сцэна ператваралася то ў вясковую хату, дзе ладзіўся вясельны абрад, то ў хлебнае поле, дзе вось-вось пачнецца жніво. Кранулі сваёй шчырасцю, багатым фальклорным матэрыялам клуб аматараў фальклора «Беларуская скарбонка» Дараўскага СДК – у іх заслужанае першае месца ў намінацыі «абрад».
А пасля… наляцеў вецер, пачаўся дождж. На імгненне здалося, што свята скончылася. Але ці можа дрэннае надвор’е спыніць гарманістаў і прыпевачніц?! Яны ўсё роўна заспявалі, зайгралі – ды так, што неўзабаве зноў вярнулася сонейка (давайце не будзем лічыць гэта выпадковасцю). Запаліла арыгінальнымі прыпеўкамі і заняла пераможнае першае месца ў намінацыі «найгрышы з прыпеўкамі» госця з Пружаншчыны Валянціна Бартынёва.
Акрамя падарункаў і грамат, удзельнікі свята атрымалі гліняныя статуэткі на памяць пра Грушаўку-2018. Сувеніры – работа рук таленавітага майстра-мастака Алены Базылевай. Яна таксама ўдзельнічала ў свяце.
Дарэчы, што датычыць рамеснікаў: было што паглядзець, самому павучыцца і набыць арыгінальны сувенір. Збірала вакол сябе ганчарная майстэрня Сяргея Шэлеста з вёскі Гарадная Пінскага раёна. За ганчарны круг мог сесці кожны: дзясятак хвілін і з камячка гліны вырысоўваўся будучы гаршочак.
Людна і каля саламяных вырабаў, тут таксама разгарнуліся майстар-класы. Кветкі, лялькі, вазы, капелюшы, упрыгажэнні – пра ўсё раскажуць і пакажуць, як пляцецца. Касцюмы, кашулі, сукенкі з вышытымі беларускімі ўзорамі, сурвэткі, абрусы, ручнікі – вочы разбягаліся ад неверагодных вырабаў ручной работы. Яскрава заўважыла адна з гасцей свята, калі разглядала калекцыю драўляных работ Цімура Маісеенкі са Свяціцы:
– Рэчы ўнікальныя, іх не знойдзеш у супермаркеце, яны не тыражуюцца.
І якое ж фальклорнае свята без страў беларускай кухні? Дранікі, наліснікі, пірагі, маласольныя агурочкі, каўбаса, сала, квас – смакаў-прысмакаў было на любы густ.
Прагуляцца па сядзібе – адно задавальненне. Пышнае лета, рэшткі былых пабудоў, шматлікія сцежкі-дарожкі – гэта ўсё Грушаўка. А сёлета можна было не толькі прайсціся, але і пракаціцца па гэтых мясцінах – конную прагулку прапаноўвалі гаспадары аграсядзібы «Залатая падкова» з Баранавіцкага раёна.
Упэўнена, «З крыніц спрадвечных» застанецца ў памяці надоўга, тым больш – на карцінах з грушаўскім сюжэтам, што малявалі выхаванцы Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнай дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» ГДК і Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Маргарыта КУХТА.
Кухта, М. Грушаўка як брэнд. Ці не час раённаму фэсту «З крыніц спрадвечных» мяняць маштаб?! / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 22 жніўня (№ 63). – С. 5.
Ад спрадвечных крыніц да сучасных акордаў
Здаецца, у гэты дзень супала ўсё. Месца. Неверагоднай прыгажосці «лесвіца ў неба», поўныя таямніц муры былога маёнтка Рэйтанаў, алеі лістоўніц, якія вабяць незвычайнасцю формаў.
Людзі. Апантаныя гісторыяй роднай зямлі, неабыякавыя да фальклору, якія берагуць і прымнажаюць бясцэнны скарб народных традыцый. Час. Сонечны жнівеньскі дзень падарыў удзельнікам XVI раённага свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» незабыўную атмасферу. А яшчэ сёлетні фальклорны фэст супаў з Яблычным Спасам.
Кожны год такая адметная падзея ў культурным жыцці Ляхавіччыны аб’ядноўвае аматараў вакальнага і інструментальнага мастацтва з розных раёнаў вобласці. І кожны калектыў эксклюзіўны ва ўсім. Свая гісторыя, якая пачынаецца з матуліных калыханак, з першых прыпевак, якім вучыла бабуля, з абрадаў, якія некалі былі абавязковай часткай побыту. Касцюмы, яркія і самабытныя, у якія ўкладзена пэўнае значэнне, што адрознівае ад іншых. Мастацкая спадчына таксама ўнікальная. І яшчэ адна немалаважная акалічнасць – паўсюль гучала жывая беларуская мова, чаго ў паўсядзённым жыцці так не хапае.
Паветра напоўнілася гукамі музычных інструментаў, спевамі ў фальклорным стылі – і алея ажыла. Імпрэза пачалася з шэсця калектываў, якія рушылі пад ценем магутных дрэў да канцэртнай пляцоўкі, што размясцілася ля старога сядзібнага дома. У гэты дзень 12 самадзейных калектываў прыехалі паказаць свае мастацкія здабыткі, пазмагацца за права называцца лепшымі ў трох намінацыях, падзяліцца вопытам з калегамі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая нагадала пра важнасць і каштоўнасць такіх праектаў, што даюць магчымасць захаваць і прымножыць беларускія традыцыі, падзякавала кожнаму, хто ў гэты дзень таксама дакрануўся да гісторыі і культурнай спадчыны.
Свае кулінарныя здольнасці дэманстравалі прадстаўнікі ўстаноў культуры нашага раёна. Для многіх гледачоў шырокі выбар страў беларускай кухні стаў адкрыццём.
– Пакаштуйце бабку, па ўласным рэцэпце, з грыбамі. А пончыкі проста аб’ядзенне! А хатні квас! Такога вы яшчэ не каштавалі, – раіць дэгустатарам сямейная пара Карповічаў – дырэктар Малагарадзішчанскага СДК Міхаіл і мастацкі кіраўнік Валянціна. Яны не першы год радуюць гасцей свята, таму ведаюць, чым здзівіць нават самага патрабавальнага гурмана.
Майстры самых розных тэхнік і рамёстваў збіралі вакол сваіх вырабаў прыхільнікаў ручной работы. У гэтым годзе атрымалася гарманічнае спалучэнне самых традыцыйных беларускіх заняткаў, напрыклад, саломапляцення, вышывання карцін, ікон, абрусаў, рушнікоў крыжыкам і гладдзю, вязання кручком, і сучасных творчых знаходак ляхавіцкіх майстроў: выклікалі інтарэс драўляныя магніты (між іншым, з выявамі Тадэвуша Рэйтана, капліцы і палаца), упрыгожанні з атласных стужачак, модныя скураныя рэчы (ад манетніц да жаночых сумак).
Колькі людзей зацікаўлена спыняліся ля выставы работ Марыі Пісаравай з аграгарадка Русінавічы. Дзівіліся не толькі вышытымі карцінамі, вязанымі рэчамі. Але і тым, як майстрыха з запалам расказвала пра справу жыцця, якой захапілася яшчэ ў дзесяцігадовым узросце. Сама таксама апранулася ў адзенне, як кажуць, уласнай вытворчасці. А як ператварыць непатрэбныя, на першы погляд, рэчы ў цікавыя элементы дэкору, прапанавала Наталля Пражога з Навасёлак. Багатая на таленты наша ляхавіцкая зямля, выстава мясцовых умельцаў – таму пацвярджэнне.
Пра тэхналогію вырабу можна было не толькі спытаць, нават прайсці майстар-клас. А многія на памяць пра фальклорнае свята ў Грушаўцы набылі сувеніры.
Пафестывалілі ад душы: удзельнікі і госці фэсту падтрымлівалі канкурсантаў, падпявалі, дарылі шчырыя апладысменты, а многія не змаглі ўседзець на месцы, кінуліся танчыць і запалілі энергіяй іншых.
У намінацыі «Абрад» перамаглі госці з Піншчыны: народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Дударыхі» Валішчанскага СДК перанёс гледачоў у вясковую хату з вясельнай атмасферай, калі жанчыны збіраліся замешваць і выпякаць каравай. Таленавіты калектыў атрымаў грамату І ступені і ў намінацыі «Фальклорная песня». А самымі яркімі, жартоўнымі, жыццёвымі сталі прыпеўкі фальклорнага гурта «Грымата» Дабраслаўскага СДК (таксама з Пінскага раёна).
Крыніцай натхнення, сапраўднай майстэрняй для мастакоў на адкрытай пляцоўцы сталі ваколіцы рэйтанаўскага маёнтка. Грушаўскія краявіды – палац, рэшткі бровара, стайні, флігель, сажалка, якую аблюбавалі лебедзі, – ажывалі ў акварэлях мастакоў з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Працягнуў святочную праграму «Кірмаш гумару па-ляхавіцку».
Маргарыта КУХТА.
Кухта, М. Ад спрадвечных крыніц да сучасных акордаў / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 26 жніўня (№ 65). – С. 4.
Крыніца натхнення
Мінулыя выхадныя ў сядзібна-паркавым комплексе ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна адзначыліся шматлюднай культурнай імпрэзай. 19 і 20 жніўня адзін за другім тут прайшлі два фэсты: XVI раённае свята фальклорнага мастацтва «3 крыніц спрадвечных» і фестываль сучаснага мастацтва «ДАХ-ХХХІІ».
За час свайго існавання свята фальклорнага мастацтва «3 крыніц спрадвечных», якое ладзіцца пад эгідай Ляхавіцкага райвыканкама, заваявала папулярнасць. Адной з галоўных адметнасцей фэсту з’яўляюцца месцы яго правядзення. Дзеля таго, каб удзельнікі і госці свята змаглі найбольш выразна адчуць повязь з багатай нацыянальнай гістарычнай спадчынай, арганізатары ў якасці фестывальнай пляцоўкі штогод выбіралі адзін з некалькіх сядзібна-паркавых комплексаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. А ў апошнія гады фэст прапісаўся ў былой сядзібе старадаўняга роду Рэйтанаў у Грушаўцы. Дарэчы, заяўка на атрыманне фінансавання праекта па рэканструкцыі сядзібы цяпер праходзіць экспертную ацэнку ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польша – Беларусь – Украіна 2014 – 2020».
Як і ўсе папярэднія, сёлетняе свята «3 крыніц спрадвечных» парадавала гасцей асаблівай творчай атмасферай.
19 жніўня фэст распачаўся з традыцыйнага ўрачыстага шэсця ўдзельнікаў свята па галоўнай алеі сядзібы. Пасля чаго шматлікія гледачы змаглі ўбачыць конкурсныя выступленні амаль двух дзясяткаў фальклорных калектываў з Ляхавіцкага, Баранавіцкага і Пінскага раёнаў. У поўнай адпаведнасці з назвай свята ў конкурснай праграме былі прадстаўлены аўтэнтычныя абрады, песні і прыпеўкі з розных куткоў Берасцейшчыны. Па выніках конкурсу ўсе першыя месцы дасталіся прадстаўнікам Піншчыны. У намінацыях «Фальклорныя песні» і «Народныя абрады» дыпломы I ступені атрымаў народны фальклорна- этнаграфічны калектыў «Дударыхі» з Валішчанскага сельскага Дома культуры, а ў намінацыі «Прыпеўкі» гэтая ўзнагарода дасталася фальклорнаму гурту «Грымата» Дабраслаўскага СДК.
Пасля завяршэння конкурсных выступленняў распачаўся «Кірмаш гумару па-ляхавіцку», падчас якога мясцовыя аматарскія калектывы весялілі гледачоў гумарыстычнымі песнямі, прымаўкамі і замалёўкамі. Неабходна адзначыць, што раней «Кірмаш гумару» з’яўляўся самастойным фестывалем і праходзіў у ліпені, але сёлета арганізатары вырашылі сумясціць гэтыя два мерапрыемствы.
На свяце ў Грушаўцы зладзілі і адкрыты пленэр выяўленчага мастацтва студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Крыніцай натхнення для іх стала старадаўняя сядзіба і яе маляўнічае наваколле: векавыя ліпавыя алеі і парк, сажалка, старадаўнія каменныя муры і больш познія гаспадарчыя пабудовы, закладзеныя ў пачатку XX стагодцзя ў стылі прамысловай неаготыкі.
Непаўторны каларыт сапраўднага беларускага фэсту ў той дзень, акрамя народных песняў, жартаў і танцаў, стваралі і стылізаваныя гандлёвыя рады. Тут можна было набыць беларускія сувеніры ручной работы, а таксама прадэгуставаць нацыянальныя кулінарныя прысмакі.
– Нам, беларусам, продкамі пакінуты самабытныя кулыурныя традыцыі, якія трэба берагчы, вывучаць і развіваць, – выказала сваю думку наконт задач, якія ставіць перад сабой свята фальклорнага мастацтва «3 крыніц спрадвечных», намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Дзіяна Трысцень. – І наша фальклорнае свята, безумоўна, адпавядае гэтым мэтам. Яно збірае разам шматлікіх прыхільнікаў традыцыйнай народнай творчасці, што сведчыць аб невычэрпным творчым патэнцыяле нашага народа. А тая акалічнасць, што свята праходзіць на тэрыторыі былой сядзібы Рэйтанаў – прыгожым і гістарычным месцы, дазваляе ўдзельнікам і гасцям фэсту выразней адчуць повязь пакаленняў і ўбачыць нашу багатую нацыянальную спадчыну.
А ў нядзелю, 20 жніўня, творчую эстафету ў сядзібна-паркавым комплексе падхапіў фестываль сучаснага мастацтва «ДАХ-ХХХІІ», які праходзіў тут ужо пяты год запар. Мерапрыемства вылучалася арганічным спалучэннем традыцый і сучаснасці. Гледачы маглі пачуць тут і фальклор, і бардаўскія песні, і рок-музыку. Для ўсіх зацікаўленых сваёй мінуўшчынай праходзілі гістарычныя чытанні, майстар-класы па фехтаванні і рыцарскія забавы, а аматары выяўленчага мастацтва маглі пазнаёміцца з выставай работ сучасных мастакоў
Генадзь ПАПЛАЎСКІ
Паплаўскі, Г. Крыніца натхнення / Генадзь Паплаўскі // Заря. – 2017. – 24 августа (№ 95). – С. 18.
У дэкарацыях старых муроў. У мінулую суботу Грушаўка прымала ўдзельнікаў ХV фэсту народнай творчасці “З крыніц спрадвечных”
Цудоўны куточак Ляхавіцкай зямлі – Грушаўка – назаўсёды звязаны з лёсам вядомага роду Рэйтанаў. Старыя пабудовы, капліца, алея з лістоўніц – “лесвіца ў неба” – даўно сталі гістарычнай каштоўнасцю. І менавіта цяпер з’явілася надзея ўдыхнуць жыццё ў колішні рэйтанаўскі маёнтак. Далейшым лёсам грушаўскай сядзібы заклапочана мясцовая ўлада. Аб’ект пераходзіць ва ўласнасць аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Зацікавіліся лёсам сядзібы і прадстаўнікі Лэнчненскага павета Рэспублікі Польшча, з якім у Ляхавіцкага раёна наладжаны сяброўскія сувязі. Цяпер афармляецца ўсё неабходнае для атрымання міжнароднай тэхнічнай дапамогі па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва для аднаўлення і рэканструкцыі былой рэйтанаўскай сядзібы. Мяркуецца, што гэты адрас можа стаць папулярным турыстычным аб’ектам. А пакуль Грушаўка прымала ўдзельнікаў ХV фэсту народнай творчасці “З крыніц спрадвечных”. Было гэта ў мінулую суботу.
Упершыню фантан “крыніц” заструменіў на пачатку нулявых. Ідэя трапіла дакладна ў цэль, і адметна-яркі дэбют атрымаў штогадовы працяг. Кожны фестывальны жнівень, як правіла, меў свой адрас і, нягледзячы на агульную платформу народнасці, хоць нейкую ды адмысловасць. Тыдзень назад раённае свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных” адкрыла свой 15-ы сезон. У Грушаўцы, пад ценем векавых дрэў, у дэкарацыях старых муроў і рэшткаў пабудоў былой сядзібы роду Рэйтанаў.
Да слова, леташні фэст праводзіўся тут жа, і ёсць асцярожнае меркаванне, што Грушаўка стане месцам яго пастаяннай прапіскі. Брукаваная алея напрамкам у эпіцэнтр падзей – шлях нязвыклы. “Эпоха не толькі вакол, але і пад нагамі”, – мільганула думка. Многія старыя, абшарпаныя не толькі часам сцены займелі галерэйны выгляд. У найбольшай ступені такое параўнанне дарэчнае да доўгай чырвонай цаглянай сцяны адной з пабудоў. Чорнае на чырвоным. І на розным. Тэма большасці мастацкіх палотнаў атрымала “прывязку” да падзеі і месца яе правядзення.
Свята народных рамёстваў і мастацтваў пачалося з “дэфіле” фальклорных творчых калектываў. Кожны калектыў – свае гісторыя і геаграфія, не падобны на іншых строй канцэртнага ўбрання. На гэты раз конкурс на званне лепшага фалькгурта разыгрываўся ці не сярод паўтара дзясятка калектываў. У пераважнасці, нашых раёншчыкаў, але і не без гасцей. Запомніліся выступленні самадзейных, але творча самадастатковых артыстаў з Баранавіцкага, Пружанскага раёнаў, Маларыты. Гучала на фестывалі польская мова і – пазаконкурсна – польская песня. Жаночы фальклорны гурт з Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча добрыя паўгадзіны валодаў глядацкай увагай. Ва ўсёй яе паўнаце. Гэта праяўлялася ў апладысментах, спробах падхапіць песеннае слова, падпяваць. Найбольшую галасавую падтрымку атрымала вядомая кампазіцыя пра “рябину кудрявую – белые цветы”.
Вышыванкі, выцінанкі, ткацтва, пляценне і саломапляценне, вышытыя абрусы, ручнікі і сурвэткі ў стылі “фолк”, здавалася, прымагнічвалі многіх наведвальнікаў свята. Асобныя лезлі ў кашалёк, каб стаць уладальнікам нейкага з грушаўскіх сувеніраў. Дастаткова шырока, разнастайна і “смачна” заявіла пра сябе на свяце выстава страў беларускай кухні. Самых розных умельцаў і ўмеліц убачыла Грушаўка 20-21 жніўня. Напрыклад, давалі майстар-клас па лінагравюры. Калі коратка – выразаны на лінолеуме ўзор пераносіцца пасля, напрыклад, на паперу. Аншлагу не было, а на спробу назваць лінаграфію рамяством майстар, як падалося, пакрыўдзіўся: “Гэта мастацтва!”.
З раённых рамак свята фактычна ўжо выйшла. Было б справядліва, каб да наступнага жніўня “З крыніц спрадвечных” вырасла і ў сваім афіцыйным статусе. Яно таго варта.
Іван КАВАЛЕНКА.
Каваленка, І. У дэкарацыях старых муроў. У мінулую суботу Грушаўка прымала ўдзельнікаў ХV фэсту народнай творчасці “З крыніц спрадвечных” / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 27 жніўня (№ 65). – С. 1, 9.
Фэст з грушаўскім каларытам. У Ляхавіцкім раёне прайшоў фестываль фальклорнага мастацтва
Пазнаць гістарычны куточак Ляхавіччыны – палацава-паркавы ансамбль ”Грушаўка” – было немагчыма: людзі ў нацыянальных касцюмах, пах страў беларускай кухні, гучныя песні, прыпеўкі, народныя танцы, выставы… Усё гэта не магло не ўразіць гасцей чарговага раённага свята фальклорнага мастацтва ”З крыніц спрадвечных”. Унікальнасць такіх фэстаў у тым, што яны праводзяцца ў месцах, адметных сваёй гісторыяй.
З вёскай Грушаўка звязаны імёны Барбары Радзівіл, Міхаіла Залескага, Дамініка Рэйтана, Генрыха Грабоўскага і, найперш, – Тадэвуша Рэйтана. Менавіта ён спрабаваў сарваць сойм, каб не дапусціць першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Сёлета паказаць свае мастацкія здабыткі прыехалі 13 калектываў нашага і суседніх раёнаў. Тэатральная пастаноўка ад Конькаўскага СДК перанесла гледачоў у атмасферу Х стагоддзя. Працягнуў святочную праграму фальклорны калектыў “Латаўчанка” Вялікалотаўскага СК.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень на свята апранулася сімвалічна – у нацыянальнае адзенне беларусаў, якое зберагла для яе матуля, а захавалася яно ад бабулі Евы. Дзіяна Іванаўна прызналася, што, калі апранае яго, нібы дакранаецца да сваёй спадчыны.
Завітаў на свята і адзін са старэйшых калектываў Брэсцкай вобласці – фальклорна-этнаграфічная група Мыслабажскага ДНТ. Гэта людзі, улюбёныя ў народную творчасць, стараюцца захаваць і перадаць нашчадкам самабытнасць песень, якія спявалі іх прабабулі.
Удзельнікі і госці свята звярнуліся да беларускага народнага календара, успомнілі абрады, звычаі, прыкметы, загадкі, звязаныя з народнымі павер’ямі. А ўзорны ансамбль народнай песні “Спадчына” Ляхавіцкага ГДК сваімі песнямі не дазволіў сумаваць нікому.
З песнямі, прыпеўкамі, танцамі завіталі на фэст удзельнікі фальклорнага гурта “Ліпчанка” Ліпскага СДК, Крывошынскага СДК, фальклорныя калектывы Востраўскага і Свяціцкага СДК.
Кожная вёска нашага раёна славіцца сваёй гісторыяй, знакамітымі людзьмі, традыцыямі і святамі. Фальклорны калектыў Малагарадзішчанскага СДК паказаў, як у іх вёсцы адзначаецца Купалле, а таксама прапанаваў паскакаць праз купальскае вогнішча. Праграму працягнуў калектыў Дараўскага СДК. Абрад “Дзявочы вечар” паказалі ўдзельнікі калектыву Падлескага СДК.
Гасцямі свята былі фальклорны калектыў “Мілавідчанка” Мілавіцкага СДК, народны ансамбль народнай песні “Міране” з пасёлка Мір Баранавіцкага раёна.
У праграме фэсту праводзіўся конкурс кулінарных страў беларускай нацыянальнай кухні. Частавалі імі ўдзельнікі Задворскага, Малагарадзішчанскага, Востраўскага, Крывошынскага СДК. Сала і мачанка з аладкамі, дранікі, бабка, рулеты, каўбасы дамашнія ішлі на ўра. Пераможцам у намінацыі “За эксклюзіўны падыход да прыгатавання страў” стала аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” Задворскага СДК, у намінацыі “За творчы падыход да прыгатавання страў” стаў Востраўскі СДК.
На фэсце прэзентавалі свае вырабы майстры народнай творчасці з нашых горада і раёна, а таксама з суседніх. Марыя Муха, якая завітала на свята з Ганцавіч з прыгожымі вышыўкамі, падзялілася сакрэтам рамяства:
– Усё раблю рукамі і сэрцам, можна сказаць так. Бо калі не ляжыць душа, то і рукі слухацца не будуць. Навучылася ад матулі. Да таго ж, маё дзяцінства прыпала на той час, калі жанчыны збіраліся на вячоркі, хадзілі адна да адной з кудзеляй на пасядзелкі. Зараз вышываю ўзоры традыцыйнага арнамента. Таксама люблю рабіць невялікія пісьмёны. – Марыя бярэ ў рукі вышыўку і растлумачвае, што яна азначае: – Чалавек валодае ключамі ад шчасця, калі мае сям’ю, у сям’і ўсе працавітыя, памятаюць пра сваіх продкаў, зберагаюць і множаць іх багацце, перадаюць новым пакаленням.
А побач ганцавіцкі ганчар Віталь Шапялевіч здзіўляе гасцей уласнымі вырабамі з гліны. Святлана Страмавус з Адахаўшчынскага СДК валодае сакрэтамі саломапляцення і ў чарговы раз прадэманстравала свае работы. Кніжная выстава “Зямля ляхавіцкая мая” пазнаёміла з мясцовымі традыцыямі, абрадамі і адзеннем. Народныя майстры з розных куткоў надалі асаблівы каларыт фэсту, аднавілі на свяце фрагменты некалішняга быцця.
Раённае свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных” для Ляхавіччыны стала традыцыйным. У раёне ў пашане народная творчасць. Так і павінна быць, бо ад таго, як мы ставімся да мінулага, залежыць наша будучыня.
Адначасова з фэстам ладзілі выставу, канцэрт, пісалі партрэты, нагадвалі пра гістарычныя падзеі члены артсуполкі імя Тадэвуша Рэйтана.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Кухта, М. Фэст з грушаўскім каларытам / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – №67. – 2 верасня. – С.4.8.
З крыніц спрадвечных.У мінулую нядзелю ў палацава-паркавым комплексе “Флер’янова” прайшло ХІІІ раённае свята фальклорнага мастацтва
У мінулую нядзелю ў палацава-паркавым комплексе “Флер’янова” прайшло ХІІІ раённае свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”, якое сабрала лепшыя фальклорныя калектывы і майстроў народнай творчасці, а таксама аматараў спрадвечнага і народнага з усіх куткоў Ляхавіччыны.
Свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”, без перабольшвання, стала адной з самых адметных падзей у культурным жыцці Ляхавіччыны. Чарговае – трынаццатае па ліку – сёлета прайшло ў палацава-паркавым комплексе “Флер’янова”, што знакаміты, у першую чаргу, асацыяцыяй з вядомай польскай пісьменніцай Элізай Ажэшка.
Дарэчы, як расказала метадыст раённага метадычнага цэнтра Ірына Татарыновіч, флер’яноўская зямля прымае фальклорны фэст не ўпершыню, менавіта тут праходзіла адно з першых святаў. З таго часу яно паспела пабываць у многіх культурна і гістарычна адметных мясцінах раёна – Грушаўцы, Дараве, Востраве, Ліпску, Начы, Крывошыне, Ганчарах, Ляхавічах і іншых. Каб прадэманстраваць сваё вакальнае і інструментальнае майстэрства, кулінарныя здольнасці, пахваліцца работамі ў самых розных тэхніках і з разнастайных матэрыялаў, на свята традыцыйна збіраюцца прадстаўнікі ўсіх устаноў культуры нашага раёна. І фестываляць ад душы: спяваюць, жартуюць, частуюць, даюць майстар-класы і заўсёды з задавальненнем пазіруюць фатакару раёнкі і наогул усім жадаючым зрабіць здымкі на памяць пра вясёлы і гучны фэст.
Усё гэта было і сёлета з папраўкай на адну акалічнасць, што ад арганізатараў свята не залежала: святочная нядзеля выдалася надзвычай дажджлівай. Таму фестываль перамясціўся з пляцоўкі на свежым паветры ў будынак былой флер’яноўскай сядзібы. Відавочна, месца не самае прыстасаванае для прыёму такой колькасці гасцей, але на фестывальную атмасферу і настрой удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і гледачоў гэта не надта паўплывала.
Усіх, хто не пашкадаваў таленту і часу на “З крыніц спрадвечных”, віталі намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, ксёндз касцёла найсвяцейшага сэрца Пана Езуса Станіслаў Маленькі і сённяшні гаспадар сядзібы Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк. Шыкоўны творчы падарунак для нашых землякоў падрыхтавалі і госці – калектыў “Міране” з Мірскага СДК Баранавіцкага раёна.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Бельмач, С. З крыніц спрадвечных / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 27 жніўня (63). – С. 1, 3.
З крыніц спрадвечных
Флер’янова і Нача, Ліпск і Востраў, Дарава і Крывошын, Ганчары і Грушаўка — назвы гэтых населеных пунктаў пра многае скажуць краязнаўцам. Акрамя прыгожых краявідаў, нагадаюць пра багатую гісторыю і каштоўную спадчыну, пакінутую нам продкамі, — архітэктурную, прыродную, культурную. Што датычыць апошняй, то свой важкі ўклад у яе захаванне ўносяць і нашы сучаснікі.
Сёлета (ужо 12-ы раз запар) у раёне праходзіла свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”. Кожны раз цэнтрам яго правядзення станавіліся цікавыя мясціны Ляхавіччыны, у тым ліку згаданыя вышэй вёскі. На гэты раз калектывы аматарскай мастацкай творчасці, народныя майстры і проста нераўнадушныя да фальклору людзі зноў сабраліся ў Грушаўскім палацава-паркавым комплексе.
У фэсце прынялі ўдзел усе клубныя ўстановы раёна. Спявалі так, што, як кажуць, душа разгортвалася. Жартавалі так, што гледачы ад смеху плакалі. Зачароўвалі вышыванкамі, выцінанкамі, шэдэўрамі саломапляцення і керамікі. Частавалі — ад душы!
12-ае раённае свята праходзіла сумесна з пленэрам-летнікам у межах фестывалю эксперыментальнага мастацтва “ДАХ”. Мастакі з інтарэсам сабраліся ў Грушаўцы, дзе калісьці быў радавы маёнтак Рэйтанаў і правёў апошнія гады свайго жыцця самы вядомы прадстаўнік роду Тадэвуш Рэйтан.
З крыніц спрадвечных // Ляхавіцкі веснік. – 2013. – 28 жніўня. – С.4.
У Свяціцы прайшло ХІ раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных»
Назва фальклорнага фестывалю — “З крыніц спрадвечных” — гаворыць сама за сябе. Гэта карані нашай гісторыі, вытокі спадчыны, разуменне і адчуванне зямлі, на якой жывём і працуем, іншы раз смуткуем і так часта радуемся. З маленства мы знаходзім натхненне і адчуваем сябе шчаслівымі, слухаючы народныя песні, а колькі цеплыні, пяшчоты, любві ў беларускіх калыханках! Хіба можа не падабацца мілагучная беларуская паэзія, трапныя прабабуліны прымаўкі і прыказкі, загадкі! Не адно пакаленне маленькіх беларусаў выхоўвалася на мудрых народных казках.
Раённае свята народнага мастацтва, адзінаццатае па ліку, нядаўна адбылося ў Свяціцы. А адкрылі яго гаспадары — адзін са старэйшых калектываў фальклорны гурт “Свяцічанка” (кіраўнік Кацярына Буйкевіч). З захапленнем слухалі госці легенду пра Свяціцу, якую так прыгожа расказала былая настаўніца Свяціцкай СШ Зінаіда Карабейнік. Цікавыя вячоркі “Матулін куфэрак” нікога не пакінулі абыякавымі. Адна з актыўных удзельніц “Свяцічанкі” Вера Дыдышка з размаляванага старадаўняга куфэрка даставала то песні, то танцы, то прыказкі.
Фальклорны фэст на гэты раз супаў з яблычным Спасам. Усе прысутныя частаваліся яблыкамі і не толькі: нямала жадаючых было пакаштаваць мёд і знакамітую беларускую мачанку, сала, варэнні ды саленні.
Кожны калектыў, асобныя выканаўцы прадставілі на суд шматлікіх гледачоў лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці ў фальклорным стылі. Рэпертуар самы шырокі. Жартоўныя песні і прыпеўкі, танцы і загадкі, лірычныя кампазіцыі і гумарыстычныя праграмы, гульні і конкурсы — было ўсё, чаго душа прасіла. А які ж фальклорны фэст без выставы народных промыслаў! Непаўторнымі фарбамі радавалі вышыванкі, прыцягвалі ўвагу і саламяныя вырабы, саматканыя ручнікі і плеценыя кошыкі…
Заключным акордам свята стала ўзнагароджанне лепшых калектываў і самадзейных выканаўцаў.
Соф’я Марчык,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра.
Марчык, С. «З крыніц спрадвечных». У Свяціцы прайшло ХІ раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» / Соф`я Марчык // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 29 жніўня. – С.3.
Ляхавіцкі строй
Спявае, танчыць фэст – гучнагалоса, светла, непаўторна. Якая ж ба- гатая Ляхавіцкая зямля на таленты, як беражліва захоўваюць землякі спрадвечныя культурныя традыцыі народа, любуюцца непаўторнасцю фальклору і аздобліваюць яго сучасным гучаннем. Звіняць цымбалы, смяецца і плача дудка беларуская, выцірае пот з ілба барабаншчык, кружаць у польцы прыбраныя ў нацыянальныя касцюмы дзяўчаты і хлопцы, іх бацькі і нават бацькі бацькоў. Ляхавіцкі строй – непаўторны строй. Колер спелых вішань і залатых каласоў, свежай зеляніны і чыстага неба, бялюткага снегу і сонечных промняў, любімых валошкаў і выспеўшых суніц уплецены ў самаробныя коўдры, кашулі-вышыванкі, яркія андаракі, шэдэўральныя паясы. Жаўрукі з саломкі, гліняныя жбаны, ільняныя абярэгі – залюбуешся, вачэй не адарвеш. На X раённым фэсце “3 крыніц спрадвечных”, які сёлета быў прапісаны ў Дараве, усяго гэтага было багата. Блаславенная зямля, таленавіты люд, які не цураецца працы і майстар на ўсе рукі, – сапраўдны скарб!
Вольга БАРАДЗІНА.
Барадзіна, В. Ляхавіцкі строй / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – 3 верасня (№ 67). – С. 12.
З крыніц спрадвечных
22 жніўня ў час аднаго з самых значных праваслаўных святаў Праабражэння Гасподняга ў парку культуры і адпачынку г. Ляхавічы адбыўся дзявяты раённы фестываль фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных”. Традыцыя праводзіць гэтае мерапрыемства ў розных куточках Ляхавіччыны, якія славяцца значнымі гістарычнымі падзеямі, прывяла ў раённы цэнтр. Свята распачалося аповедам пра горад Ляхавічы – яго мінулае і сучаснасць.
А потым па традыцыі была конкурсная канцэртная праграма з удзелам усіх фальклорных калектываў раёна, а таксама асобных выканаўцаў.
Адкрыў канцэртную праграму калектыў Крывошынскага СДК, у выступленні якога былі сабраны амаль усе фальклорныя жанры. Парадавалі сваімі звонкімі галасамі і нястомнай рухавасцю фальклорныя калектывы з Падбарочча, Вялікай Лотвы, Мыслабажы, Жарабковічаў, Ліпска, Кулікоў, Дарава. Прыемна было паслухаць выступленні маладых калектываў мастацкай самадзейнасці: маладзёжнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Падляшаначка” Падлескага СДК, дзіцячага фальклорнага калектыву “Весялушкі” Ліпскага СДК. Цудоўнымі гукамі беларускай дудкі парадаваў гледачоў Андрэй Масцілоўскі са Сваятычаў, які пераняў гэтае майстэрства ад свайго дзядулі. У выкананні старадаўніх фальклорных песень вылучаліся лірычныя галасы Вольгі Дрозд (Альхоўскі СДК) і Надзеі Васілеўскай (Тальмінавіцкі СДК). Фальклорнае свята “Жывая вада бацькоўскіх крыніц” прадставілі да ўвагі журы і гледачоў маленькія ўдзельнікі фальклорнага калектыву Малагарадзішчанскага СДК. Мілагучнае трохгалоссе Начаўскага ансамбля народнай песні “Згода” разлівалася далёка па парку. Завяршыўся фестываль на мажорнай ноце, дзякуючы выступленням ансамбляў “Медуніца” Ураджайнінскага ЦСДК і “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.
Асобна хочацца адзначыць выставу народнай творчасці, якая ўразіла ўсіх прысутных сваёй разнастайнай тэматыкай і яшчэ раз пацвердзіла: на ляхавіцкай зямлі жыве многа таленавітых людзей. У гэты дзень на фестывалі фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных” можна было ўбачыць арыгінальныя вырабы з садавіны і агародніны, прадстаўленыя Ураджайнінскім ЦСДК, Дараўскім, Жарабковіцкім СДК, выставу э духмяных караваяў майстрых абрадавага печыва з вёсак Альхоўцы, Вялікая Лотва, Куршынавічы, Жарабковічы, разгледзець вышываныя ручнікі з Рачканаў і Гайнінца, саламяныя вырабы, сплеценыя рукамі майстроў Адахаўшчынскага СДК і Дараўскага Дома рамёстваў мудрагелістыя ўзоры карцін па шклу і работ з бісеру таленавітых жыхароў Куршынавічаў, вязаныя вырабы і вышыванкі майстрых з Тальмінавічаў, Сваятычаў і Шчаснавічаў. Таксама ўразілі выстава манекенаў-вобразаў Мыслабажскага Дома народнай творчасці, Ураджайнінскага ЦСДК і Дараўскага Дома рамёстваў, выстава жывапісу маладой мастачкі Аляксандры Цісельскай з Малога Гарадзішча.
Падводзячы вынікі, журы вырашыла прысудзіць першае месца калектывам мастацкай самадзейнасці і асобным выканаўцам па наступных намінацыях: у намінацыі “Песенны фальклор” лепшым прызнаны ансамбль песні “Медуніца” Ураджайнінскага ЦСДК (мастацкі кіраўнік Марыя Пранько), у намінацыі “Танцавальны фальклор” дзіцячы фальклорны калектыў Ліпскага СДК “Весялушкі” (мастацкі кіраўнік Святлана Дыдышка). Лепшым самадзейным музыкантам Андрэй Масцілоўскі з вёскі Сваятычы. Журы найбольш спадабалася афармленне выставы народнай творчасці Свяціцкага СДК (майстры Цімур Майсеенка і Лідзія Курловіч). Самая галасістая прыпевачніца, як аказалася, жыве ў вёсцы Вялікая Лотва, гэта ўдзельніца фальклорнага калектыву “Латаўчанка” В. Лотаўскага СК Марыя Карповіч. А самае лепшае абрадавае лечыва атрымалася ў Ніны Маслоўскай, жыхаркі вёскі Альхоўцы.
Алена БАГДАНЕЦ,
метадыст РМЦ па народнай творчасці.
Багданец, А. З крыніц спрадвечных / Алена Багданец // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – 25 жніўня (№ 64). – С. 1, 3.
Брава, Ліпск! Брава, фэст!
Фестываль «3 крыніц спрадвечных» сабраў сузор’е талентаў
Шлях фестывалю “3 крыніц спрадвечных” сёлета прыпыніўся ў прыгожай, старадаўняй вёсцы Ліпск, якая ўпамінаецца у гістарычных летапісах канца XV стагоддзя. 16 жніўня восьмы па ліку фэст гаспадарыў у гэтых цудоўных мясцінах.
Праграма, як заўсёды, была разнастайнай. Традыцыйна гэта мерапрыемства адбываецца ў час святкавання Спаса – Мядовага, Яблычнага ці Хлебнага. Таму адорванне гасцей свята яблыкамі і караваем — абавязковая частка праграмы. А яшчэ ўсе жадаючыя мелі магчымасць купіць мёд, дзеці маглі забаўляцца на атракцыёнах і літаральна ўсе, хто прысутнічаў на фэсце, — пабываць на выставе народнай творчасці. Рознакаляровасць вышываных сурвэтак, ручнікоу і карцін жыхарак вёсак Канюхі, Рачканы, Сваятычы, Каранеўшчына, Гайнінец, Галаўнінцы, Ганчары, Дарава, Тальмінавічы, Малое Гарадзішча вабіла сваёй непаўторнасцю. Мыслабажскі майстар па кераміцы Алена Базылева ў каторы раз здзівіла самабытнымі глінянымі цацкамі. Тканыя з вышыўкай касцюмы рукадзельніц з Дараўскага Дома рамёстваў (кіраўнік Алена Русакевіч) захаплялі сваім хараством, як і вышытыя карціны майстрыхі са Свяціцы Лідзіі Курловіч. Роспісам па шкле ўразіла Надзея Наплёха, мастацкі кіраўнік Куршынавіцкага СДК. Сапраўдным упрыгожваннем свята сталі і сонечныя кветкі дырэктара Адахаўшчынскага Дома культуры Святланы Страмавус.
Але галоўная дзеяй фэсту было выступленне фальклорных калектываў і асобных выканаўцаў. Адметная асаблівасць: замест сцэнічнага ўвасаблення абрадаў і народных песень, некалі распаўсюджаных на тэрыторыі ўсёй Беларусі, удзельнікі выносілі на суд журы і гледачоў фальклор свайго рэгіёна. А гэта і зрабіць больш складана. Але ўсё атрымалася. Зазначу, што пры падрыхтоўцы фестывалю выяўлены новыя таленты – выканаўцы народных танцаў, песень, ‘ прыпевак, баек. Метадычны цэнтр аддзела культуры правёў шэраг аглядаў, на якіх выбіраліся самыя яркія ўдзельнікі з правам выступіць у Ліпску.
Фальклорны фэст пачаўся традыцыйна з перагортвання гісторыі вёскі, у якой ён праводзіўся. Ураджэнкай Ліпска з’яўляецца паэтэса Вера Дыдышка, яна зараз жыве ў Свяціцы, але прыняла запрашэнне на свята і вітала сваіх землякоў, а таксама ўдзельнікаў вялікай культурнай падзеі, назва якой фестываль “3 крыніц спрадвечных”.
Пачаў яго калектыў Ліпскага СДК, якім кіруе таленавітая жанчына, адмысловая гаспадыня і прафесіянальны арганізатар Святлана Дыдышка. Вакальная група хору Ліпскага СДК, дзіцячы фальклорны ансамбль “Весялушкі” выканалі песні, запісаныя ў мясцовых жыхарак. Выдатна выступіў і адноўлены дарослы жаночы фальклорны калектыў. Адметнымі былі выступленні творчых калектываў Жарабковіцкага, Малагарадзішчанскага, Крывошынскага СДК. Атмасферу старадаўняй народнай песні і танца адчулі ўсе, хто слухаў выступленне гуртоў Залужскага, Падбароччанскага СК, Мыслабажскага Дома народнай творчасці, Свяціцкага, Начаўскага СДК, Любейкаўскага клуба-бібліятэкі. Пераемнасць народных песенньіх традыцый даказана маладзёжным фальклорна-этнаграфічным калектывам “Падляшаначка” Падлескага СДК. Ну, а добраму настрою спрыяў гумар вясковых прыпевачніц з Наваселак, Зубелевіч, Свяціцы, Шчаснавіч, Вялікай Лотвы, Дарава. Удалую сумесную праграму падрыхтавалі калектывы Тухавіцкага і Востраўскага СДК.
Канешне ж, лепшыя выканаўцы атрымалі ганаровыя граматы, падзячныя пісьмы і падарункі. I ўсе, як адзін, – цудоўны настрой — і самадзейныя артысты, і гледачы, і госці Ліпска, і яго жыхары.
…У разгар фэсту ў небе з’явілася мноства буспоў, якія доўга кружылі, нібы любаваліся прыгожай дзеяй, якая адбывалася тут.
Алена БАГДАНЕЦ,
метадыст раённага метадычнага цэнтра.
Багданец, А. Брава, Ліпск! Брава, фэст! / Алена Багданец // Ляхавіцкі веснік. – 2009. – 22 жніўня. – С. 5-6.
Ганчарам да твару фестывальны ўбор
Сёмы раз гучалі пазыўныя фальклорнага свята «3 крыніц спрадвечных»
ПРЫГОЖАЯ традыцыя пачыналася ў Начы. У 2002 годзе пад засенню старых дрэў былога панскага парку прагучалі першыя акорды раённага фестывалю фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных”. Пасля былі Флер’янова, Грушаўка, Крывошын, Востраў у адзін з гадоў фестывальны фальклорны спеў гучаў у раённым цэнтры. Мясціны славутыя, з адметнай гісторыяй, працавітымі і шчырымі людзьмі.
У мінулую нядзелю прагучала пранеслася ўжо сёмае па ліку падобнае мерапрыемства. А гонар прымераць на сябе фальклорна-фестывальны ўбор на гэты раз выпаў Ганчарам.
Мерапрыемства “паклікала” ці не кожнага мясцовага жыхара: мужчын і жанчын, людзей сталых і зусім юных.
У канцэртнай праграме прынялі ўдзел фальклорныя калектывы і асобныя выканаўцы бадай з усіх устаноў культуры раёна. Песні, тэатралізаваныя мініяцюры ў выкананні самадзейных артыстаў праходзілі на біс. Непадалёку ад канцэртных падмосткаў была разгорнута выстава творчасці народных майстроў Ляхавіччыны. Вышыўка і вырабы з саломкі асабліва прыцягвалі непаўторнасцю. Усе ўдзельнікі фестывалю былі ў цэнтры ўвагі прыхільнікаў сваёй творчасці.
Бывайце, Ганчары, да сустрэчы ў Ліпску. Восьмы раённы фестываль фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных” адбудзецца іменна там.
Іван КАВАЛЕНКА.
Каваленка, І. Ганчарам да твару фестывальны ўбор / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2008. – 23 жніўня (№ 65). – С. 8.
Спявай, душа!
Чарговы, пяты па ліку, раённы фестываль «3 крыніц спрадвечных» прайшоў сёлета ў Востраве. На свяце песні і жарту сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Ляхавіччыны. Яны прадставілі свае лепшыя музычныя нумары, паказалі тэатралізаваныя прадстаўленні, свае вырабы прадэманстравалі на свяце народныя майстры.
Пра ўсё гэта — ў фотарэпарта жы Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Спявай, душа! // Ляхавіцкі веснік. – 2007. – 25 жніўня (№ 85). – С. 8.
Па-над Рэпіхавам – фальклорная феерыя
Нача, Флер’янова, Грушаўка, Рэпіхава… Нават у простым вымаўленні добра вядомых на Ляхавіччыне назваў гучыць меладызм, уяўляюцца вобразы адзін аднаго лірычней, вее чымсьці далёкім. Усё заканамерна: палацава-паркавыя ансамблі гэтых назваў каля паўтара-двух стагоддзяў таму назад належалі знакамітым родам таго часу, з’яўляліся “дваранскімі гнёздамі”.
Агульнае, аднак, не толькі ў гэтым: з 2002 года пачынаючы, на рэштках былой велічы палацава-паркавых ансамбляў праводзіцца раённы фестываль фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных”. “Крыніцай” чарговага, чацвёртага па ліку, стала “Рэпіхава”, неразрыўная з ім, знакамітая мінулым, арыгінальная сённяшнім днём вёска Крывошын.
Была нядзеля — наступны яблычнага Спасу дзень. Бадай што з самага ранку сквер побач з велічным будынкам Пакроўскай царквы поўніўся фестывальнай мітуснёй. Шматлікія госці, мясцовыя жыхары… Усе ў чаканні фальклорна-фестывальнай феерыі. І чаканні спраўдзіліся.
Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства на суд гледачоў свае работы выставілі майстры самых розных накірункаў народнай выяўленчай творчасці, практычна ўсе дамы культуры і сельскія клубы раёна. Чаго там толькі не было: жывапісныя малюнкі, графічныя работы, вышыванне, выцінанка, розных памераў і выканальніцкай тэхнікі керамічныя і бандарныя вырабы. А яшчэ — саломапляценне, фларыстыка, макрамэ…
Вакальная ж частка, а разам з ёй і афіцыйнае адкрыццё 4 раённага фестывалю фальклорнага мастацтва пачалася з параду-прадстаўлення яго ўдзельнікаў. Пад шчырыя глядацкія апладысменты на сцэну выходзілі калектывы, асобныя выканаўцы. Падбароччанскі і Навасёлкаўскі, Мыслабажскі, спулка ў складзе Востраўскага, Гутаўскага, Любейкаўскага фалькгуртоў, а таксама іх калегі з Жарабковіч, Малога Гарадзішча, Куршынавіч, Дарава, Падлесся, Залужжа, Стральцоў, Начы, Крывошына, Конек, Вялікай Лотвы, Рачкан… Кожны — адметнае суквецце ў раённым букеце фальклорных музыкі і спеваў.
Прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей, добразычлівымі пажаданнямі штодзённага плёну фестываль адкрыў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Крук. Да прысутных звярнуліся таксама начальнік аддзела культуры райвыканкома Ніна Прыхач, вядучы спецыяліст па фальклору абласнога грамадска-культурнага цэнтра Галіна Шыпунова, старшыня Крывошынскага сельвыканкома Аляксандр Га- тоўчыц.
Кожны з калектываў, асобных выканацаў, што выходзілі ў той дзень на разгорнутую пад старымі царкоўнымі сценамі сцэну, быў арыгінальны, меў хаця і невялічкую, але выключна сваю “фірменную” рысачку. Так найбольшай аўтэнтычнасцю вызначалася выступенне фальклорнага калектыву Залужскага сельскага клуба. Востраў парадаваў гледача вострым гумарам. У складзе жарабковіцкага калектыву на сцэну падымаліся артысткі, якія не развітваюцца з ім з часу заснавання — роўна паўвека. Вельмі прафесійным падалося выступленне самадзейных артыстаў з Падлесся: традыцыі абавязваюць. Ну а найбольшых глядацкіх сімпатый і, адпаведна, апладысментаў удастоіліся гаспадары фестывалю — выканаўцы з вёскі Крывошын. Іх выступленне было апошнім, прагучала, бы шчымлівы развітальны акорд. І гэтыя апладысменты справядліва расцаніць як глядацкую шчырую падзяку ўсім выканаўцам, іх майстэрству, адданасці і вернасці фальклорнаму мастацтву.
Акрамя апладысментаў лепшыя выканаўцы і майстры народнай творчасці раёна былі адзначаны граматамі аддзела культуры райвыканкома, памятнымі падарункамі. Гледачы разыходзіліся пад уражаннем і з надзеяй. Надзеяй сустрэцца падобным чынам праз год.
Іван КАВАЛЕНКА.
Каваленка, І. Па-над Рэпіхавам – фальклорная феерыя / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2006. – 26 жніўня (№ 100 – 101). – С. 8.
Фальклорны спеў пасуе Грушаўцы
Нача, Флер’янова, Грушаўка… Заўважыў для сябе, нават звычайнае, будзённае ўжыванне гэтых назваў будзіць у свядомасці таямніча-лірычныя ноткі. Ад іх так і вее меладычнасцю, узнікае жаданне вымавіць іх нараспеў. Кожнае з названых мястэчкаў мае багатую, у чымсьці адметную, звязаную з рознымі знакамітымі асобамі, гісторыю. Векавыя дубы, таполі, ліпы тамтэйшых паркаў, што складалі разам з палацавымі і рознымі гаспадарчымі збудаваннямі ў 18, 19, пачатку мінулага стагоддзяў закончаныя ландшафтна-архітэктурныя ансамблі, памятаюць Міхаіла Федароўскага, Напалеона Чарноцкага, Уладзіслава Рэйманта, Фларыяна Бохвіца, Элізу Ажэшка, іншых знакамітасцяў. Разам з мінуўшчынай, аднак, паралелі не заканчваюцца.
Раённы фестываль фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных” жыве ўсяго-нічога. Упершыню яго фанфары прагучалі такімі ж жнівеньскімі днямі 2002 года. Было гэта ў Начы. Праз год фестываль завітаў у Флер’янова. А ў мінулую нядзелю, 15 жніўня, 3 раённы фестываль фальклорнага мастацтва сустракалі ў Грушаўцы. Мясцовасць вядомая не толькі ў межах раёна. Пачынаючы недзе з сярэдзіны 18 стагоддзя, тут уладарыў шляхетны род Рэйтанаў. Дарэчы мовіць, якраз у такія ж жнівеньскія дні 1742 года нарадзіўся адзін з самых знакамітых Рэйтанаў — Тадэвуш. Вучыўся, служыў у войску, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Жыццё скончыў тут жа, у Грушаўцы.
Сцэна, святочна ўпрыгожаная вянкамі з жыта, палявых кветак, гронак рабіны, не надта гарманіруе з рэшткамі драўлянага палаца Рэйтанаў. Аднак прыдае пэўны каларыт, пераносіць думкамі ў гады даўно мінулыя, адкуль і бяруць пачатак многія накірункі народнай творчасці. Паабапал сцэны выставілі свае творы народныя ўмельцы: бондар з Рачкан Іван Масель прадставіў ладна вырабленыя цэбар, кубелец, маслабойку, ураджэнка вёскі Мыслабаж, зараз мінчанка Алена Базылева — разнастайныя вырабы з гліны, госць з вёскі Палонка Баранавіцкага раёна Аляксей Шчарбацэвіч — адмыслова змайстраваныя ўзоры разьбы па дрэве. Мноства вытканых, вышытых ручнікоў, посцілак, пляценне з саломкі, выцінанка… Многае з прадстаўленага, дарэчы, можна было набыць. А асабліва пакупніцкім попытам, магу засведчыць, карысталіся вырабы Алены Базылевай. На адну з яе “цацак” спакусіўся і аўтар гэтых радкоў.
3 прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў, гасцей, гледачоў звярнуліся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалай Куліцкі і старшыня Начаўскага сельскага Савета Мікалай Тарлюк.
Спачатку быў парад-шэсце лепшых фальклорных калектываў і асобных выканаўцаў Ляхавіччыны, гасцей з Баранавіцкага раёна — ансамбля народнай песні і музыкі “Вечарынка” птушка-фабрыкі “Дружба”. Былі каравай, яблыкі.
Канцэртную праграму адкрылі спявачкі з вёскі Падбарочча. Гэты год для іх асаблівы. Створаны роўна тры дзесяцігоддзі таму калектыў працягвае радаваць народнай песняй, фальккампазіцыямі жыхароў не толькі раёна. Спявачкі здолелі “засвяціцца” на абласной і нават рэспубліканскай сцэнах. Усе гэтыя гады калектыў узначальвае і натхняе адзін чалавек — яго стваральнік Валянціна Маслоўская.
На сцэне змяняюць адзін аднаго выканаўцы з вёсак Мыслабаж, Залужжа, Дарава… Кожны парадаваў прысутных нечым сваім, адметным. У кожнага свая, у многім арыгінальная, манера выканання, адметны почырк. Так фальккалектыў вёскі Востраў прэзентаваў гледачам кампазіцыю-абрад “Востраўскае вяселле”. Не маюць патрэбы ў прадстаўленні зберагальнікі традыцый народнай песеннай культуры Генадзія Цітовіча фалькларысты-вакалісты з вёсак Жарабковічы і Гулічы. Цудоўныя былі і салісты. Напрыклад, зусім юная Насця Ванагель з Ураджайнай, удзельнік абласнога свята “Грай, гармонік” Уладзімір Дыдышка з Крывошына, яго калега па захапленню вядомы многім “чалавек-аркестр” Платон Сасімчык з Пад’язаўля. Узгадаць усіх таго, безумоўна, вартых, вельмі складана — каля двух дзясяткаў удзельнікаў. Аднак, не назваць ансамбль “Вечарынка” лічу недапушчальным. Не таму, што госці — варты найперш. Мяркую аб гэтым не толькі па ўласным уражанні, але і па глядацкай рэакцыі. Калі гучалі песні ў выкананні нашых суседзяў, апладысментам было цесна. Некаторыя з гледачоў увогуле кінуліся ў падтанцоўкі. “Біс!” — чулася пасля кожнага нумара. Дзеля аб’ектыўнасці: апладысментаў хапіла ўсім удзельнікам фестывалю. А некаторыя з іх атрымалі граматы, прызы-сувеніры ад арганізатараў.
Увогуле, фестываль год ад году набірае маштабнасць. Гэта агульнае меркаванне. Прытрымліваецца яго, як зазначыла напрыканцы, і вядучы спецыяліст абласнога упраўлення культуры Лілія Балонкіна. Яна, між іншым, выказала пажаданне ў далейшым бачыць на фестывалі выканаўцаў з іншых раёнаў Берасцейшчыны, а яшчэ лепш — краіны. Мы не супраць.
Іван КАВАЛЕНКА.
Каваленка, І. Фальклорны спеў пасуе Грушаўцы / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2004. – 21 жніўня (№ 77 – 78). – С. 7.
З крыніц спрадвечных
На фестывалі фальклорнага мастацтва ў Флер`янове
Флер’янова — мястэчка за нейкіх 5 кіламетраў ад Ляхавіч — без сумнення адносіцца да ліку аднаго з запаведных куткоў Беларусі. У канцы 19-га і пачатку мінулага стагоддзя яно было асяродкам беларуска-польскіх культурных зносін, стала цэнтрам прыцягнення многіх знакамітых дзеячоў літаратуры. Тут любілі праводзіць час Уладзіслаў Рэймант, Юзаф Катарбінскі. Гэты куточак неаддзельны ад біяграфіі вядомай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшка.
Яшчэ і сёння тут стаіць старасвецкі будынак, адзін з фасадаў якога сваім вонкавым выглядам уводзіць назіральніка ў гатычны стыль архітэктуры. У 15-ці кроках ад маёнтка шырока раскінуў разгалістую крону дуб, пасаджаны рукою Элізы Ажэшка восенню 1909 года.
У мінулую нядзелю, напярэдадні праваслаўнага Прэабражэння Гасподня, ці інакш яблычнага Спаса, Флер’яноўскі палацава-паркавы ансамбль стаў месцам правядзення другога раённага фестывалю фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных”. На фестываль з’ехаліся лепшыя фальклорныя калектывы і асобныя выканаўцы.
Свята адкрыў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалай Куліцкі. Ён падкрэсліў неацэннае значэнне падобных фестываляў для захавання нацыянальнай культуры і гісторыі, развіцця народнага песеннага мастацтва. А нарадзілася гэта традыцыя ў Начы — на радзіме аднаго з першых беларускіх перакладчыкаў і публіцыстаў Напалеона Чарноцкага.
Удзельнікаў фестывалю віталі загадчык аддзела культуры райвыканкома Ігар Тулейка, намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра Надзея Гіршман.
Праграму фестывалю адкрыў фальклорны гурт Дома народнай творчасці вёскі Гайнінец. Яго ўдзельніцы, жанчыны рознага ўзросту, добрыя знаўцы мясцовых традыцый, адмысловыя спявачкі. Самабытны калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам розных раённых святаў, не раз прадстаўляў Ляхавіччыну па-за яе межамі.
Адным са старэйшых мастацкіх калектываў раёна па праву лічыцца фальклорны гурт вёскі Падбарочча. Спявачкі з’яўляюцца неаднаразовымі ўдзельніцамі абласных і нават рэспубліканскіх агля- даў-конкурсаў народнай творчасці. Іх візітоўкай можна назваць інсцэніроўку беларускага абраду Грамніцы”, тэатралізаванага прадстаўлення ”3апрашаем на вячоркі”. 3 названымі праграмамі падбароччанскія артысткі выступалі нават на рэспубліканскім тэлебачанні. Заснавальнікам калектыву і яго нязменным кіраўніком з’яўляецца загадчыца мясцовага сельскага клуба Валянціна Маслоўская — прафесіянал, чалавек па- сапраўднаму ўлюбёны ў народную песню, добры знаўца яе гісторыі, вытокаў.
Творчыя калектывы змяняюць салісты, выканаўцы-інструменталісты. На сцэнічнай пляцоўцы — удзельнікі гуртоў з вёсак-суседак Жарабковіч і Гуліч. Будзе дарэчы нагадаць, што ў розны час названыя мясціны далі шмат добрых выканаўцаў народных песень, многія з якіх вадзілі асабістае знаёмства з народным артыстам БССР, заснавальнікам Падлескага народнага хору Генадзем Цітовічам. Па меры магчымасці сённяшнія выканаўцы імкнуцца захаваць традыцыі народнай песеннай культуры, закладзенай знакамітым дзеячом.
Сваім майстэрствам падзяліліся з гледачамі калектывы і выканаўцы з вёсак Залужжа, Вялікае Падлессе, Мыслабаж, Свяціца, Навасёлкі, Востраў, Гута, Крывошын. У кожным выступленні можна было разглядзець нешта сваё, адметнае і ў той жа час іх яднала гыбокае веданне тэмы, аўтэнтычнасць трактоўкі вытокаў песеннай спадчыны.
Акрамя самадзейных майстроў-выканаўцаў на фестывалі мелі магчымасць выставіцца прадстаўнікі розных накірункаў выяўленчага мастацтва. Амаль па ўсяму перыметру імправізаванай глядзельнай залы экспанаваліся вырабы народных ўмельцаў раёна: вышыўка, саломапляценне, мяккая цацка, розныя інкрустацыі, ткацкія вырабы, ўзоры фларыстыкі, ганчарныя і бандарныя вырабы. Усяго і не пералічыць.
Усе ўдзельнікі фестывалю фальклорнага мастацтва адзначаны граматамі аддзела культуры райвыканкома і падарункамі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Каваленка, І. З крыніц спрадвечных / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2008. – 23 жніўня (№ 65). – С. 8.
3 крыніц спрадвечных
Палацава-паркавы ансамбль, што на ўскрайку вёскі Нача, уяўляе сабой узор архітэктурна-ландшафтнага будаўніцтва пачатку — сярэдзіны 19-га стагоддзя. Зрэшты, у выяве колішняга палаца і розных, у тым ліку і гаспадарчага прызначэння, прыбудовак нават зараз, пасля некалькіх рэканструкцый, дасведчаны позірк лёгка заўважыць архітэктурныя прыёмы, характэрныя выключна класіцызму. А прыведзены апошнім часам у больш-менш належны стан старажытны парк у мінулую нядзелю прымаў гасцей.
Напярэдадні аднаго з самых значных праваслаўных святаў Праабражэння Гасподня, ці інакш яблычнага Спаса, у Начы адбыўся першы раённы фестываль фальклорнага мастацтва “3 крыніц спрадвечных”. Чаму менавіта Нача і яе палацава-паркавы ансамбль стаў месцам правядзення адной з надзвычай важкіх і значных падзей культурнага жыцця раёна? Па-першае, згаданыя мясціны ўвабралі ў сябе амаль усе характэрныя адметнасці беларускага фальклору. У розны час у гэтым куточку Ляхавіччыны жылі альбо працавалі вядомыя ў краіне вучоныя і даследчыкі. Так, на працягу двух дзясяткаў гадоў у канцы 19-га пачатку 20-га стагоддзяў у Начы надзвычай плённа працаваў знакаміты збіральнік і знаўца аўтэнтычнага фальклору Міхал Федароўскі. Зробленыя ім запісы ў далейшым увайшлі ў сусветна вядомае выданне “Люд беларускі”. Акрамя таго, вёска Нача — радзіма збіральніка і нястомнага папулярызатара народнай творчасці нашага краю сярод еўрапейскіх краін, вядомага перакладчыка і публіцыста Напалеона Чарноцкага. Ну і нарэшце, дзе ж яшчэ праводзіць мерапрыемства фальклорнага кшталту напярэдадні яблычнага Спасу як не ў раённай “яблычнай сталіцы”? Больш таго, начаўцы з’яўляюцца рэспубліканскімі манапалістамі ў галіне вытворчасці натуральнага яблычнага воцату.
На свята з’ехаліся лепшыя самадзейныя калектывы і асобныя выканаўцы раёна. Урачыстае шэсце ўдзельнікаў з якога пачалося мерапрыемства, пад гукі характэрных мелодый адкрывае адзін са старэйшых мастацкіх калектываў раёна фальклорны гурт вёскі Падбарочча. Яго ўдзельніцы — выдатныя знаўцы мясцовых традыцый, адмысловыя спявачкі. Самабытны калектыў не аднойчы быў удзельнікам раённых, абласных і рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў народнага мастацтва. Іх візітоўкай можна назваць інсцэніроўку беларускага абраду “Грамніцы”, тэатралізаванага прадстаўлення “Запрашаем на вячоркі”. 3 названымі праграмамі падбароччанскім артыстам удалося нават “засвяціцца” на рэспубпіканскім тэлебачанні. Заснавальнікам калектыву і яго нязменным кіраўніком з’яўляецца загадчыца мясцовага сельскага клуба Валянціна Маслоўская — прафесіянал, чалавек па-сапраўднаму ўлюбёны ў народную песню, добры знаўца яе вытокаў.
Творчыя калектывы змяняюць салісты, выканаўцаў-інструменталістаў — вакалісты… На святочнай сцэне — удзельнікі фальклорных гуртоў з вёсак-суседзяў Жарабковічы і Гулічы. Дарэчы, у розны час гэтыя вёскі далі шмат выдатных спевакоў і выканаўцаў народных песень, многія з іх вадзілі асабістае знаёмства з народным артыстам БССР заснавальнікам Падлескага народнага хору Генадзем Цітовічам. Па меры магчымасці яны імкнуцца захаваць, а то і памножыць традыцыі народнай песеннай культуры, што былі закладзены знакамітым дзеячам. Адным з вучняў і прадаўжальнікам справы Цітовіча быў Міхась Жук. Прайшло зусім не шмат часу, як шаноўны Міхась Аляксеевіч пайшоў з жыцця. Удзельнікі свята ўшанавалі памяць знакамітага земляка хвілінай маўчання.
Сваё майстэрства перад шматлікімі, і гэта не аўтарскі штамп, гледачамі прадэманстравалі тэматычныя калектывы і выканаўцы амаль з усіх сельскіх дамоў культуры і клубаў. I ў кожным выступленні можна было разгледзець нешта сваё, адметнае і ў той жа час іх яднала глыбокае веданне тэмы, аднолькавасць трактоўкі характэрных вытокаў матчынай песні, абраду, інструментальнага твора.
Усё вышэйсказанае ў поўнай ступені адносіцца і да фальклорнага калектыву вёскі Куршынавічы і Ліпскага народнага хору. Аднак варта дабавіць: у адрозненне ад іншых сваіх калег, якім дапамаглі дабрацца да начаўскай сцэны тэрытарыяльныя прамысловыя ці сельгаспрадпрыемствы, апошнім усё давялося рабіць за ўласны кошт. На першы погляд — дробязь. Але ж, як падаецца, вельмі характэрная.
Акрамя самадзейных майстроў сцэнічных жанраў на фестывалі мелі магчымасць выставіцца прадстаўнікі розных накірункаў выяўленчага мастацтва. Амаль па ўсяму перыметру імправізаванай глядзельнай залы экспанаваліся вырабы народных умельцаў Ляхавіччыны: вышыўка, саломапляценне, мяккая цацка, шматлікія інкрустацыі, ткацкія вырабы, узоры фларыстыкі і іншае. Самы стары экспанат, ткацкі ручнік, датуецца 1914-м годам. Асаблівай адзнакі з боку прадстаўнікоў абласнога ўпраўлення культуры заслужылі фларыстычныя кампазіцыі — плён працы знаўцаў гэтага жанру з Зубелевіцкага СДК, якімі ўжо не першы год кіруе Алена Сокал.
Завіталі ў гэты нядзельны дзень у Начу і госці з Галандыі. Завіталі, па іх словах, амаль выпадкова. Гасцюючы ў сваіх добрых знаёмых і прачуўшы пра фальклорны фестываль, вырашылі — едзем. I, як адзначылі пасля, не пашкадавалі. Спадабаўся жыхарам краіны цюльпанаў і прапанаваны ім беларускі каравай, яблыкі. Заўважым, дзякуючы гаспадарам мерапрыемства, караваем з мукі апошняга ўраджаю і яблыкамі частаваліся ў гэты дзень усе, хто наведаў першы раённы фестываль фальклорнага мастацтва. Першы, але, спадзяёмся, не апошні.
Іван КАВАЛЕНКА.
Каваленка, І. 3 крыніц спрадвечных / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2002. – 24 жніўня (№ 65). – С. 2.