Падлескі народны хор. Цітовіч Генадзь Іванавіч

ншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Хоры >>> Падлескі народны хор

 

ЦІТОВІЧ Генадзь Іванавіч

Генадзь Іванавіч Цітовіч (07.07.1910 – 20.06.1986).

Савецкі беларускі музыказнаўца-фалькларыст, музычны этнограф і харавы дырыжор. Народны артыст СССР (1968).

У 1936-1939 гадах вучыўся на прыродазнаўча-матэматычны факультэце ў Універсітэце Стэфана Баторыя (цяпер Віленскі універсітэт).

У 1939-1941 і 1944-1951 гадах – адказны рэдактар музычных перадач абласнога радыёкамітэта і кансультант Дома народнай творчасці ў Баранавічах.

На базе самадзейнага калектыву з с. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці, з якім Генадзь Цітовіч працаваў з канца 30-х гадоў, у 1952 году стварыў народны хор, які быў рэарганізаваны ў 1959 годзе ў Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, а ў 1964 годзе – у Дзяржаўны народны хор Беларускай ССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча), дзе быў мастацкім кіраўніком да 1974 года.

Генадзь Цітовіч памёр у Мінску 20 чэрвеня 1986 года. Пахаваны на Усходніх могілках.

Барадзіна, В. Як маэстра Цітовіч ганаровым калгаснікам стаўГенадзь Іванавіч Цітовіч У кн. Беларускі фальклор энцыклапедыяГенадзь Іванавіч Цітовіч У кн. Шырма Р. Песня – душа народаЦітовіч Генадзь Іванавіч У кн. Беларуская энцыклапедыяСосна, К. «За вас заўсёды песня гаварыла…»Стралец, М. Геніяльны даследчык спадчыны

Як маэстра Цітовіч ганаровым калгаснікам стаў

Ці паветра тут асаблівае, ці зямля, але спрадвеку Падлессе славілася галасістымі спевакамі. Менавіта  тут у 1936 годзе падчас адной з фальклорных вандровак малады Генадзь Цітовіч уразіўся песеннасцю мясцовага люду. А праз тры гады  на Баранавіцкае радыё да яго запісаць песні ў сваім выкананні прыйшлі  падляшанкі — сёстры Вольга і Вера Федчыкі. І, па сутнасці, з гэтага імгнення можна весці гаворку пра пачатак біяграфіі хору вёскі Вялікае Падлессе.

…Збіраліся на спеўкі, дабаўлялася ўдзельнікаў калектыву. Як жа, па ўспамінах старажылаў, непаўторна, шматгалоса, чыста, ва ўсю моц прыгажосці гучалі старадаўнія народныя песні і тыя, што прыдумвалі самі. Улюбёны ў фальклор Цітовіч знайшоў такіх жа апантаных, таленавітых аднадумцаў. І паняслося. Запіс на Баранавіцкім радыё, выступленне на ляхавіцкай сцэне, першае месца ў лютым 1940-га ў абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці, паездка ў складзе дэлегацыі на Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскву, выступленне на сцэне Вялікага тэатра, запрашэнне на ўрадавы прыём у Крамлі, ашаламляльны поспех, з якім тут сустрэлі створаную ў хоры песню “Нам прыслала Масква падкрэпленіе”… Ім апладзіраваў сам Сталін.

Генадзь Цітовіч  не памыліўся, калі стварыў і  творча развіваў гэты, непадобны на іншыя, калектыў. Прозвішчы яго першых   удзельнікаў, у тым ліку Ганны Шавель, Надзеі Ганчарык, Надзеі Праневіч, Васіля Пятуха, Таццяны Карповіч, Валянціны Жук, Валянціны Праневіч і іншых і сёння з павагай называюць у вёсцы. І з самым шчырым захапленнем, пакланеннем, пашанай гавораць пра самога Генадзя Цітовіча. Яго біяграфія і гісторыя Падлескага хору непарыўна звязаны. І сюжэт гэты слаўны. Праз яго прайшла і вайна. Цытую кнігу “Памяць. Ляхавіцкі раён”: “Вера Федчык успамінала: “За нашы песні ледзь вёску не спалілі паліцаі фашысцкія і людзей колькі добрых пазабівалі. Нехта данёс фашыстам на наш хор, яны і прыпёрліся ў вёску. “У Маскву да бальшавікоў у госці ездзілі, — крычаць. — У Крамлі камуністам спявалі? Дзе баян, што яны вам падарылі?” А мы баян схавалі, стаім, маўчым… Дзядзьку Васіля Пятуха забралі, а з ім Сцяпана Таранду, Фёдара Баўтрукевіча, Уладзіміра Кумейшу… Катавалі іх так, што нават успомніць страшна, а там і пазабівалі  па адным”.

Пасля вызвалення Ляхавіцкага раёна ад фашысцкіх акупантаў хор быў адразу ж адноўлены, пачаліся рэпетыцыі і выступленні, у тым ліку ў прыфрантавых шпіталях, дзе раненыя, па ўспамінах, гаварылі, што пад песні падляшан сціхаў іх боль.

“Ой, рэчанька, рэчанька”, “Зацвілі садочкі”, “Партызанскія прыпеўкі”, “Песня пра партызанку Галіну” — гэта з іх рэпертуару.

9 мая 1945-га года спявалі ў Баранавічах на аглядзе, потым у Мінску, і заслужылі права зноў прадставіць самадзейнае мастац-тва Беларусі ў Маскве.  Восенню 1947-га выступалі на сцэнах Маскоўскай кансерваторыі, Канцэртнай залы імя Чайкоўскага і г.д. Дзецішча Генадзя Цітовіча  — Падлескі хор — пазнаёміўся і пасябраваў з хорам імя Пятніцкага. Дарэчы, калі ў 1965 годзе нашаму калектыву прысвоілі званне народнага, хор Пятніцкага віншаваў яго непасрэдна ў Падлессі.

А Генадзь Цітовіч не стамляўся занатоўваць лепшыя народныя песні, запас якіх, здавалася, тут бясконцы.

У 1949-м Генадзю Іванавічу як кіраўніку Падлескага хору было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Менавіта тут, у Падлессі, разам з любімым творчым калектывам, які ў 1945-1946 гадах нават уваходзіў у склад Беларускай філармоніі, ён прафесіянальна рос і сталеў. Цітовіч выдатна справіўся з яшчэ адной складанай, пачэснай і вельмі адказнай задачай: стварыў Дзяржаўны народны хор БССР. Сцвярджаў, што “асновай стылю і рэпертуару Дзяржаўнага народнага хору БССР стала творчасць спевакоў Вялікага Падлесся, хоць адтуль у хор прыйшло толькі тры чалавекі. Я хацеў узяць, напрыклад, тэнараў Праневіча, Махнача, многіх іншых, але іх трымалі сем’і, гаспадаркі. Ды і цяжка было людзям мяняць карэнны лад жыцця. У кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён” ёсць такія радкі: “Але і пасля пераезду ў Мінск, да апошніх дзён жыцця  Г. І. Цітовіч прадаўжаў заставацца апекуном, дарадчыкам калектыву, частым госцем у Вялікім Падлессі”.

Потым калектыў узначаліў і шмат гадоў кіраваў ім Міхаіл Жук. Абнаўляўся састаў, разам са старэйшымі спявала моладзь, прыйшлі салісткамі Ніна Буцько і Галіна Мазюк. У Падлескім хоры ёсць сённяшні дзень і перспектыва: і сам калектыў, і тутэйшая “Падляшаначка”, і нават “Падляшаняткі” —  дастойны працяг здзейсненай мары-справы Цітовіча.

Між палёў шырокіх, на краю Палесся,

У садах красуе вёсачка Падлессе, — так пачынаецца песня “Вёсачка Падлессе”, якую Генадзь Іванавіч напісаў для гэтага хору. Ён любіў калектыў надзвычайна, і любоў гэта была ўзаемнай. Як сведчанне — факт:  32 гады таму, якраз 23 сакавіка, тагачасны старшыня калгаса імя Леніна Валянцін Сапун агучыў рашэнне праўлення: народнаму артысту СССР Генадзю Цітовічу было прысвоена званне ганаровага калгасніка. Генадзь Іванавіч, успамінаюць у Падлессі,   шчыра прызнаваўся, што гэта самая ганаровая ўзнагарода ў яго жыцці…

Шчаслівая данасць: жыццё масцітага, прызнанага, тытулаванага дзеяча нацыянальнай культуры, чыя творчасць расцвіла і праявілася самым высокапробным мастацтвам, звязана з Ляхавіччынай і яе цудоўным куточкам — вёскай Падлессе. У райцэнтры, дарэчы, адна з вуліц носіць імя Генадзя Цітовіча.

Вольга БАРАДЗІНА.

Р.S. Цікавымі ўспамінамі пра Генадзя Іванавіча падзяліўся наш зямляк, падляшанін па месцы нараджэння, які працаваў выкладчыкам у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, выдатны знаўца гісторыі і проста нераўнадушны чалавек Іван Пятух.

Ён прывёў выказванне стваральніка хору, які прызнаваўся, што “Генка Цітовіч нарадзіўся на Палессі, а Генадзем Іванавічам стаў у Падлессі”.

Па словах Івана Фёдаравіча, аднойчы адбылася такая гісторыя. Нейк зімою  Цітовіч  дабіраўся ў Падлессе з Ляхавіч. Ішоў пеша, але яго дагнала машына — у вёску вярталіся калгаснікі, якія здавалі лён. У кабіне разам з вадзіцелем ехалі дзве жанчыны, якія прапанавалі Генадзю Іванавічу заняць іх месца. Той не згадзіўся і залез у кузаў. Машыну кінула — было  слізка і сумёты высачэзныя. Выраўняліся і паехалі далей. І ўжо на месцы ўбачылі, што… згубілі дарагога пасажыра.  Усё абышлося, хіба што смеху хапіла з лішкам.

Чалавек з тонкім пачуццём гумару, Іван Пятух ахвотна ўспамінае яшчэ адну гісторыю, пачутую ад Цітовіча. Нібы той з Шырмай у фальклорнай экспедыцыі плылі па Прыпяці. Заначавалі  ў вёсцы, а раніцай гаспадыня частавала іх сняданкам. Канешне ж, аладкамі. Генадзь Іванавіч быццам бы расказваў, маўляў, бяру аладку, скручваю яе ў “свіное вуха” і ем.  А Шырма з нажом і відэльцам стараецца. Зрэшты надакучыла яму і працягваў сняданак па прыкладу Цітовіча — аказалася, значна смачней…

Падобных сюжэтаў Іван Фёдаравіч памятае нямала. Спадзяюся, што нашы чытачы даведаюцца пра іх

Барадзіна, В. Як маэстра Цітовіч ганаровым калгаснікам стаў: [Падлескі народны хор імя Генадзя Цітовіча ] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 17 сакавіка (№ 21). – С. 4.

ЦІТОВІЧ Генадзь Іванавіч (7.8.1910, в. Новы Пагост Міёрскага р-на – 20.6.1986), этнамузыколаг, дзеяч харавога мастацтва, дырыжор, кампазітар. Народны артыст Беларусі (1955). Народны артыст СССР (1968). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1978. Скончыў Віленскую кансерваторыю (1939), вывучаў этнаграфію ў Віленскім універсітэце (1936-39). У 1939-41 і 1945-51 рэдактар абласнога радыё, кансультант Дома нар. творчасці ў Баранавічах. У 1932-39 праводзіў сістэматычныя фалькл. экспедыцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы. У 1939 пачаў працаваць з аўтэнтычным песенным гуртом з в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна, стварыўшы на яго аснове Падлескі народны хор. У час рэпетыцый вывучаў мясцовыя песенныя традыцыі, манеру нар. спеваў, прынцыпы і механізмы мас- тацкага самакіравання ў аўтэнтычных гуртах і адначасова стымуляваў творчую ініцыятыву спевакоў на стварэнне новых песень на сучасную тэматыку. У 1952 пераважна з удзельнікаў Падлескага хору арганізаваў Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь (з 1988 яго імя). У 1974-76 у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Першыя даследаванні Ц. – «Беларускія валачобныя песні» (1935), «Песні Дзісеншчыны» (1936), «Значэнне мелаграфіі для дыялекталагічнага даследавання» (1937), «Беларускія вытокі «Літоўскай рапсодыі» М.Карловіча» (1939), артыкулы ў польскім друку «Валачобнікі на Браслаўшчыне», «Купала ў Беларусі» (абодва 1935), «Беларуская народная музыка» (1936). Для структурнага даследавання нотных тэкстаў распрацаваў спецыяльную карту і з яе дапамогай прааналізаваў песні ўсіх найболып значных бел. і польскіх музычных фалькл. збораў 1920-30-х г. (М.Гарэцкага, А.Грыневіча, А.3язюлі, О.Кольберга, Е.Раманава, А.Чэрнага, А.Ягорава), а таксама ўласныя запісы з Навагрудчыны, Ашмяншчыны, Нарачанскага краю, ваколіц г. Вільна. Запісаў больш за 3000 бел., польскіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, рускіх, балгарскіх песень, найгрышаў. Зрабіў больш за 60 харавых апрацовак запісаў нар. песень, сярод якіх у залаты фонд бел. музычнага мастацтва ўвайшлі веснавая «Жавароначкі, прыляціце»; купальская «Ой, рана на Йвана», пазаабрадавая «Рэчанька». Апрацоўкі Ц. вызначаюцца беражлівым стаўленнем да першакрыніц, здольнасцю выявіць сутнасны інтанацыйны сэнс нар. песні. Музычна-стылявыя адметнасці бел. нар. песеннасці ўвасоблены ў 12 арыгінальных аўтарскіх песнях на вершы бел. паэтаў. Аўтар прац па праблемах міжславянскіх і славяна- балцкіх нар.-песенных сувязей, гістарычнага развіцця бел. нар. музыкі, бел. нар. шматгалосся, бытавання фалькло- ру ў музычным побыце сучаснай вёскі: «Беларускія народныя песні». Для двух галасоў, 1948), «Песні шчасця» (сучасныя бел. нар. песні, 1950), «Песні беларускага народа» (1959), «Сучасная беларуская песня» (1961), «Новыя стылявыя рысы традыцыйнай бела- рускай народнай песні» (1964), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968, 2-е выд. 1975), «Аб беларускім песенным фальклоры: Выбраныя на- рысы» (1976). Складальнік і аўтар уступных артыкулаў да зборнікаў «Пес- ні роднага краю» (1972), «Добры вечар!» (1986), музычны рэдактар тамоў «Радзінная паэзія» (1971) і «Жартоўныя песні» (1974) са шматтомнага выдання БНТ.

Генадзь Іванавіч Цітовіч // У кн.: Беларускі фальклор: энцыклапедыя. У 2т. Т.2. – Мн., 2006. – С. 714–715.

Генадзь Іванавіч Цітовіч

«Мая першая віленская восень. …1926 год. У вясковага хлапчука, які адарваўся ад роднай сям’і і апынуўся ў чужым горадзе, асеннія настроі. Без мэты блукаю па квадраце двара, заціснутага старымі манастырскімі сценамі. Шастае пад нагамі апаўшае лісце; доўгімі ценямі ляглі на зямлю аголеныя восенню таполі. I раптам з паўадчыненага акна палілася бела- руская народная песня, за ёй другая, трэцяя… Прабраўшыся ўпотай у залу і зашыўшыся ў далёкі куток, я слухаю, затаіўшы дыханне. Тыя ж самыя пес- ні, што спяваюць у нас на вёсцы, але як па-іншаму хораша гучаць яны тут. Перад хорам строгі дырыгент. Некалькі дзесяткаў маладых людзей упіліся ў яго сваімі позіркамі. Хор спявае, здаецца, незвычайна прыгожа, а кіраў- нік усё нездаволены: цішэй ды цішэй! А праўда, як прыемна слухаць такія спевы, дзе няма крыку, дзе калары – там голасу даецца адчуванне настрояў, дум і жаданняў народа, адлюстраваных у яго песнях. Гэты асенні дзень пакінуў першае і незабыўнае на ўсё жыццё музычнае ўражанне. Я ўпершыню пачуў тады беларускія народныя песні са сцэны»,— успамінае свае раннія школьныя гады Генадзь Іванавіч Цітовіч. Е,н падкрэслівае, што бела- руская народная песня дала напрамак усёй далейшай яго рабоце. Ужо будучы студэнтам агранамічнага факультэта, Цітовіч пакідае яго і пераходзіць на вывучэнне этнаграфіі пад кіраўніцтва прафесара Віленскага універсітэта К. Машынскага, а затым паступае ў Віленскую кансерваторыю імя Мечыслава Карловіча, якую з поспехам заканчвае ў 1939 годзе па класу тэорыі музыкі ў прафесара Т. Шэлігоўскага.

Уся дзейнасць Віленскага універсітэта таго часу, як і палітыка ўрада пілсудчыкаў, была накіравана перш за ўсё на жорсткую паланізацыю і латынізацыю так званых «крэсаў усходніх». Не дарма ж пасаду рэктара універсітэта займаў ксёндз. У гуртку студэнтаў-этнографаў вучылі, што для «дабра айчыны» можна чыніць гвалты над навукай. А гэта азначала, што ў інтарэсах імперыялізму з яго экспансіяй на ўсход трэба даказаць, што ў Польшчы няма беларусаў. Гэтую ролю ў першую чаргу павінна была выконваць этнаграфія:      усе фальклорныя запісы сярод беларускага насельніцтва было загадана перакладаць на польскую мову, каб падвесці ідэалагічную базу пад гвалты і здзекі фашыстаў-пілсудчыкаў над беларускім народам, які часова апынуўся пад прыгнётам панскай Польшчы. Вось чаму Г. I. Цітовіч пакінуў вывучаць такую «этна- графію» ва універсітэце і перайшоў у кансерваторыю. Будучы студэнтам ён сам, адзін, на свае сродкі і з вялікай рызыкай, рабіў этнаграфічныя экспе- дыцыі па Заходняй Беларусі з мэтай збірання беларускага народнага меласу. Нягледзячы на ўсялякія перашкоды, ім было запісана звыш паўтары тысячы беларускіх народных песень.

Паколькі ўсе гэтыя фальклорныя запісы не маглі быць нідзе апублікаваныя, а самыя лепшыя з іх не маглі быць і паказаны са сцэны, усе яны былі мёртвым фондам аж да прыходу Чырвонай Арміі.

Пасля вызвалення заходніх абласцей ад панскай няволі ўсе матэрыялы, сабраныя Г. I. Цітовічам, набылі практычную вартасць. Лепшыя з іх адразу ўвайшлі ў рэпертуар мастацкай самадзейнасці горада Баранавічы і Баранавіцкай вобласці і музычнага радыёвяшчання для заходніх абласцей, якое ўзначальваў гэты энергічны малады этнограф.

Фанатэка Цітовіча няспынна і хутка папаўнялася ўсё новымі запісамі як асобных выканаўцаў, так і цэлых калектываў.

Асаблівую актыўнасць праяўляе Генадзь Іванавіч пасля Вялікай Айчыннай вайны: ён прымае ўдзел ва ўоіх фальклорных мерапрыемствах у сваёй рэспубліцы, выступае з дакладамі на навуковых і акадэмічных сходах у Маскве, Кіеве, Львове, Рызе, Вільнюсе і іншых гарадах братніх рэспублік. Ён удзельнічае ва ўсіх фальклорных экспедыцыях, ар- ганізаваных АН БССР. Яго фанатэка складае цяпер звыш трох тысяч запісаў.

Як вынік яго бурнай творчай працы мы маем два зборнікі: «Беларускія народныя песні для двух галасоў» (Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Мінск, 1948 г.) і «Песні шчасця»—сучасныя беларускія народныя песні (МУЗГНЗ, Москва, 1950 г.).

Амаль усе беларускія песні, якія прысвечаны слаўным радасным дням нашай савецкай эпохі і якія бытуюць у рэпертуары нашых прафесійных калектываў як песні сучаснасці, атрымалі пуцёўкі ў творчае жыццё дзякуючы нястомнай працы этнографа Цітовіча.

Песенная спадчына беларускага народа вельмі вялікая і разнастайная. Інтанацыйнае багацце традыцыйнай беларускай народнай песні з’яўляецца асновай, на якой вырастае сучасная народная песня. Самадзейныя кампазітары таксама карыстаюцца пераасэнсаванай музычнай мовай народных песень, Аднак ніхто яшчэ не рабіў нават спробы прасачыць і навукова абгрунтаваць тыя працэсы, якія мы назіраем у развіцці музычнай культуры народа. Адміранне ў народным быце старога, архаічнага, на- раджэнне новага музычнага багацця, а таксама пытанне ўзнікнення беларускага двухгалосага спеву ўпершыню даследаваны і навукова абгрунтаваны Г. I. Цітовічам у яго этнаграфічных нарысах «Народная песня ў сучасным быце беларусаў».

Першынство належыць Цітовічу таксама ў доследах і навуковым раскрыцці ўзаемных сувязяў беларускага песеннага фальклору з рускім і ўкраінскім. Аднолькавыя гістарычныя ўмовы, адзінства паходжання, шматвяковыя супольныя традыцыі і адзіная крыніца агульнарускай народнай культуры — усё гэта з’яўляецца тымі вехамі, па якіх ён праводзіць сваё супастаўленне беларускай песня- творчасці з узорамі рускага і ўкраінскага фальклору. Такое супастаўленне гаворыць не толькі аб даўнім культурным адзінстве гэтых братніх народаў, а яшчэ больш — аб іх блізкім сваяцтве ў нашы дні. Расце песенная культура народаў, і разам з ёю мацнеюць і развіваюцца сувязі ў галіне музыкі паміж рускім, украінскім і беларускім народамі.

Генадзь Іванавіч не толькі этнограф-збіральнік і даследчык у галіне беларускага народнага меласу, ён таксама і таленавіты мастацкі кіраўнік. Ён стварыў народны хор у вёсцы Вялікае Падлессе, узняўшы спеўную культуру гэтага калектыву да сапраўднага мастацтва. Будучы вельмі далёкім ад вульгарнага этнаграфізму, Цітовіч здолеў улавіць праўдзіва народны стыль выканання, які стаіць на грані артыстычнага прафесіяналізму. Не лжывы, крыклівы пафас акрэслівае характар народнага спеву, а Душэўная пранікнёнасць, выразнасць, цеплыня і шчырасць — тыя неад’емныя ўласцівасці, якія падслухаў Цітовіч у таленавітага нашага народа і вывёў іх разам з народнымі песнямі на сцэну. Таму не выпадкова пісаў А. Свешнікаў, пачуўшы гэты калектыў на аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Маскве: «Асаблівай увагі заслугоўвае хор бела- рускай народнай песні вёскі Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці (кіраўнік Г. Цітовіч). Гэты хор уяўляе сабой сапраўдны перл народнага мастацтва. Выкананне хору поўнае непасрэднай шчырасці і цеп- лыні. Тэхніка выканання хору вельмі высокая, у яго ідэальная інтанацыя, выключна выразная нюансіроўка…»

Выкананне народных песень у інтэрпрэтацыі хору заўсёды карысталася вялікім поспехам. Аб гэтым таксама пісаў і кампазітар Марыян Каваль: «Мерна пакалыхваючыся, жанчыны заспявалі лірычную песню «Ой, рэчанька, рэчанька». На дзіва прыгожую песню яны спяваюць ціха, як быццам баючыся расплёскаць яе каштоўнейшую мелодыю, спяваюць з тым пачуццём, якое хвалюе і выклікае слёзы замілавання. Песня «Ажаніл мяне малалетняга» выклікае ў слухачоў усмешку… Артыстычнае выкананне ўзнімае гэтую песню на высокі ўзровень мастацтва.

 «Правда» за 9 верасня 1945 г.

Таленавіты кіраўнік хору Г. Цітовіч прадэман- страваў у Маскве, на якую мастацкую вышыню можна ўзняць калгасныя хоры».

Праца Цітовіча не абмежавалася хорам Вялікага Падлесся. У нашай рэспубліцы не было такога больш-менш выдатнага хору, з якім Генадзь Іванавіч не праводзіў бы метадычную работу або кансультацыі. Ён заўсёды актыўна імкнецца спрыяць і дапамагаць развіццю харавога мастацтва ў рэс- публіцы. Ён арганізуе ў 1948 г. свята песні ў горадзе Баранавічы, дзе сам кіруе зводным хорам у некалькі тысяч чалавек.

Вывучэнне ўсіх лепшых традыцый народнага выканаўчага майстэрства было той школай, якая падрыхтавала і ўзняла Цітовіча да становішча ма- стацкага кіраўніка Народнага хору Беларускай ССР. Знаёмства з харавымі гурткамі і іх маладымі таленавітымі выканаўцамі дало яму магчымасць хутка выканаць заданне партыі і ўрада — укамплектаваць новы калектыў, арганізацыя якога пачалася ў другой палавіне 1952 года.

За кароткі час з гэтым сапраўды народным калектывам Генадзь Іванавіч здолеў стварыць своеасаблівы стыль выканання, дзе народная манера спеву спалучаецца з досыць высокай прафесійнай культурай: хор спявае стройна і выразна, умее тонка перадаць паэзію і глыбіню пачуццяў, якія закладзены ў савецкіх і традыцыйных песнях.

3 даўніх часоў беларускі народ спявае свае песні без акампанемента. Па сваіх высокіх мастацкіх якасцях, дасканаласці музычнай формы, глыбокай і яснай меладычнасці народная форма харавога спеву з’яўляецца самым простым і найлепшым сродкам для развіцця харавога мастацтва. Народны хор асабліва душэўна і з глыбокім пачуццём выконвае неакампанаваныя народныя і савецкія песні.

Генадзь Іванавіч Цітовіч з 1946 г. з’яўляецца членам Саюза кампазітараў Беларускай ССР.

За выдатную творчую і навукова-даследчую працу ў галіне музычнай культуры беларускага народа ўрад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прысвоіў Генадзю Іванавічу Цітовічу ў 1949 г. ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Генадзь Іванавіч Цітовіч // У кн.: Шырма Р. Песня – душа народа. – Мн.,1976. – С.148152.

Цітовіч Генадзь Іванавіч (7.8.1910, в. Новы Пагост Міёрскага р-на Віцебскай вобл. – 20.6.1986), бел. этнамузыказнавец, дзеяч харавога мастацтва, дыры- жор. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Віленскую кан- серваторыю (1939), вывучаў этнаграфію ў Віленскім ун-це (1936-39). У 1939-41 і 1944-51 рэдактар абл. радыё, кансультант Дома нар. творчасці ў Баранавічах. У 1939 сфарміраваў і ўзначаліў самадз. Падлескі нар. хор (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). 3 1952 арганізатар і маст. кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь (з 1988 яго імя). У 1974-76 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіраў і вывучаў бел. муз. фальклор, запісаў каля 3 тыс. нар. песень і танцаў. Складзеныя ім зборнікі ўласных запісаў ахопліваюць усе асн. меладычныя стылі і жанры бел. нар. песні. Аўтар 12 арыгінальных песень на ўласньм словы і вершы бел. паэтаў, больш за 60 апрацовак бел. нар. мелодый («Жавароначкі, прыляціце», «Ой, рана на Йвана», «Рэчанька» і інш.). У тэарэт. працах параўнальнае даследаванне муз. творчасці слав. народаў, аналіз бел. нар. шматгалосся, нар. выканальніцтва, стыляў сучаснай нар. песні. Аўтар прац «Беларускія народньм песні» (двухгалосьм, 1948), «Песні шчасця» (сучасныя бел. нар. песні, 1950), «Песні беларускага народа» (1959), «Сучасная беларуская песня» (1961), «Польскія народньм песні» (выбраныя, 1962), «Но- вьм стылявьм рысы традыцыйнай беларускай народнай песні» (1964), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968, 2-е выд. 1975), «Аб беларускім песенным фальклоры: Выбраньм нарысы» (1976), зб. «Добры вечар!» (1986). Муз. рэдактар тамоў «Радзінная паэзія» (1971), «Жартоўньм песні» (1974) з шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць», а таксама аўтар тэле- і радыёперадач і інш. Прэмія Ленінскага камсамолаБеларусі 1968.Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

 

Генадзь Іванавіч Цітовіч // У кн.: Беларуская энцыклапедыя. – Мн.: “Беларуская энцыклапедыя”, 2003. – С. 119-120.

«ЗА ВАС ЗАЎСЁДЫ ПЕСНЯ ГАВАРЫЛА…»

…Імя гэтага чалавека на слыху, але далёка не кожны патлумачыць, кім жа ён быў, адкуль яго карані. Размова пойдзе пра народнага артыста СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча, які змог сабраць, зберагчы, зрабіць набыткам усёй краіны багаты беларускі фальклор.

Як Рэчкі спявалі

Трапіла ў рукі кніжка пісьменніка Дзмітрыя Мікалаевіча Жураўлёва «Генадзь Цітовіч» аб жыцці і творчай дзейнасці майго знакамітага земляка. Але не сустрэла там, што нарадзіўся герой майго аповяду ў Новым Пагосце Мёрскага раёна, як сведчаць біяграфічныя даведкі.

…Хто не ведае як след дарогі, знайсці засценак Рэчкі, дзе нарадзіўся Генадзь Цітовіч, не так лёгка. Чатыры невялікія хацінкі хаваліся ў густым лесе, а дрыгвяністыя балоты надзейна ахоўвалі засценак ад цікаўных. Здавалася, што ніводзін чалавек не пайшоў бы сюды жыць па добрай волі — настолькі глухім і няўтульным здаваўся гэты кут, які невядома чаму называўся Рэчкамі, хоць сапраўдных рэчак тут не было, калі не лічыць невялічкую Маціцу.

Цяпер там усё ператворана ў агульны масіў пасля меліярацыі зямель. Але жыхары старэйшага ўзросту памятаюць гэтыя мясціны і могуць расказаць пра іх размяшчэнне: дарога вядзе з вёсак Каўшэлева на Запруддзе, Барсучыну і ўпіраецца ў былы засценак Рэчкі Шаркаўшчынскага раёна.

Шмат гадоў назад з’явіўся тут учарашні прыгонны селянін Фадзей Цітовіч і яго жонка Ефрасіння. Гаспадару дазволена было ўзяць замест надзелу зямлі лясныя выгаркі. Пабудаваў ён сабе хату і стаў асвойваць выдзелены ўчастак зямлі. Падрасталі і дапамагалі працаваць сыны: Іван, Сымон, Юстын, Мікалай і дочкі Наталля і Агаф’я. Бацька вырашыў увесь надзел перадаць двум старэйшым сынам, а астатніх далучыць да нейкай іншай справы.

Мікалай вывучыўся на ваеннага фельчара. А самы малодшы сын Іван стаў настаўнікам. Яго размеркавалі на работу ў вёску Вішнёва (цяпер гэта Вішнева Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці). Іван ажаніўся з Сусанай Рыгораўнай, якая працавала настаўніцай у вёсцы Замошша (цяпер Браслаўскі раён). На канікулах яны прыязджалі ў Рэчкі, каб дапамагчы па гаспадарцы Іванавым бацькам. І выйшла якраз так, што менавіта тут у ліпені 1910 года нарадзіўся ў іх першы сын Генадзь. Дзед, які быў галоўным у сям’і, не спяшаўся пахрысціць унука. Але надышоў той час, калі трэба было правесці важны абрад: сын запрасіў у якасці хроснага свайго даўняга сябра, мясцовага настаўніка. Павёз дзед унука ў царкву. Тутэйшы настаяцель некуды спяшаўся, хуценька правёў абрад, макнуў нованароджанага ў купель і, адклаўшы запіс у царкоўную кнігу на будучыню, знік. Праз некалькі дзён ён знайшоў ва ўласнай кішэні паперку з імёнамі бацькоў, хросных і нованароджанага «раба божага Генадзя» і, не абцяжарваючы памяці, запісаў у кнігу, што нарадзіўся хлопец у Новым Пагосце ў жніўні.

Дзеці Івана ( у тым ліку і Генадзь) летам жылі ў дзеда ў Рэчках, узімку — у бацькоў у Вішнёва непадалёку ад маляўнічага Вішнёўскага возера. Затым бацькоў перавялі настаўнічаць у вёску Дубатоўку, што каля Смаргоні.

Калі пачалася імперыялістычная вайна, бацьку забралі ў армію. Нямецкія войскі набліжаліся да Вільні, і каб не аказацца ў акупацыі, сям’я рушыла на ўсход. Іван Цітовіч скончыў ваеннае вучылішча ў Чугуеве і атрымаў прызначэнне ў Яраслаўль. Сюды прыехала і жонка з Генадзем і маленькім Аляксандрам. Потым сям’я жыла ў Вятцы, у Арлове. Калі дачакаліся вызвалення родных мясцін ад ворага, зноў пераехалі да дзеда ў Рэчкі. Бацька аказаўся на фронце. Пайшлі на фронт і дзядзькі. У хаце засталіся адны старыя ды малыя.

Боская прырода гукаў

Неўзабаве прыйшла вестка аб Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, а праз некалькі месяцаў дакацілася водгулле Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе. Радзіма зноў апынулася пад пагрозай нямецкай акупацыі, потым прыйшлі польскія салдаты. Не было міру на зямлі…

Новую прафесію абраў Іван Фадзеевіч. Вырашыў былы настаўнік здаць іспыты за поўны курс семінарыі. З 1920 года змог рукапалажыцца ў святары, стаў айцом Іаанам у вёсцы Новы Пагост (Мёрскі раён). Потым служыў у Шкунціцкай царкве (Шаркаўшчынскі раён), у Рымках (Пастаўскі раён) і завяршыў сваю службу ў Лужках (Шаркаўшчынскі раён).

Генадзю было ўжо трынаццаць, а ён, як і ўсе дзеці ў сям’і, не хадзіў у школу (з імі займаліся бацькі). Восенню 1924 года Генадзь разам з бацькам паехаў у Вільню, каб атрымаць адукацыю. Праз некалькі дзён ён трымаў экзамены за першыя два класы і стаў выхаванцам трэцяга класа Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Яна размяшчалася ў былым Троіцкім манастыры. Любімым заняткам Генадзя былі песні і музыка — духоўны аркестр і хор. На рэпетыцыях спявалі музыку Лядава, РымскагаКорсакава, Чайкоўскага, Вярстоўскага, «Мроі» Шумана, хоры салдат з «Фаўста» Гуно і многія іншыя ўрыўкі з разнастайных опер.

На фарміраванне асобы Цітовіча аказаў вялікі ўплыў Рыгор Шырма, з якім ён быў знаёмы з 1926 года. На кватэры ў Рыгора Рыгоравіча Цітовіч сустракаўся з выдатнымі дзеячамі культуры Заходняй Беларусі: Максімам Танкам, Пятром Сергіевічам і Язэпам Драздовічам.

З нецярплівасцю Генадзь чакаў калядных, велікодных, летніх канікул, каб паехаць да бацькі ў Рымкі ці да дзеда і бабулі ў Рэчкі. Вельмі прыцягвалі яго песні бабулі і захапляў яе цудоўны голас.

Надзвычай добрую школу харавых спеваў прайшоў Генадзь у класе Беера і хоры Шырмы. Неўзабаве Генадзь стаў удзельнікам хору. Паступіць у кансерваторыю? Нечакана разважанні і сумненні скончыліся, як толькі ён прыехаў на лета ў Рэчкі: у сям’і вырашылі, што трэба працягваць вучыцца.

Стаў студэнтам прыродазнаўча-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Асабліва падабаліся лекцыі і практычныя заняткі па метэаралогіі, анатоміі. Ва ўніверсітэце быў арганізаваны хор, дзе Цітовіч праяўляў свае здольнасці да музыкі.

Мара ажыццявілася. У 1934 годзе Генадзь паступіў у кансерваторыю, але ўніверсітэта не кінуў. Скончыў яго і цалкам аддаўся музыцы. А ў 1936 годзе ён, працягваючы займацца ў кансерваторыі, становіцца студэнтам факультэта гуманітарных навук Віленскага ўніверсітэта кафедры этнаграфіі.

Яшчэ ў дзяцінстве Генадзю хацелася захаваць у памяці ўсё, што спявала некалі бабуля, і ён стаў наведвацца ў найбліжэйшыя вёскі, а ў час летніх канікул зрабіў сапраўднае фальклорнае падарожжа на лодцы і плытах па Дзісне аж да яе ўпадзення ў Заходнюю Дзвіну.

У студэнцкім хоры спявала маладая студэнтка-медычка. Сярод студэнтак яна была самая прывабная і здольная да песень. Яна захапіла сэрца Генадзя, і ў 1937 годзе яны з Вольгай Строк згулялі вяселле. Генадзю Іванавічу да сканчэння кансерваторыі заставалася два гады, таму застаўся ў Вільні, а Вольга Мацвееўна пасля заканчэння ўніверсітэта атрымала пасаду правізара ў Вышкаве, невялікім гарадку пад Варшавай.

У 1939 годзе Генадзь Цітовіч скончыў кансерваторыю. Вольга рыхтавалася да пераезду ў Вільню, а Генадзь накіраваўся ў чарговую экспедыцыю. Яго цікавілі польска-ўкраінскія фальклорныя ўзаемасувязі. Аднак гэтае апошняе веласіпеднае падарожжа этнографа па Польшчы давялося спыніць. Адчувалася набліжэнне вайны, Цітовічы рушылі на ўсход.

Хросны бацька ў мастацтве

Яны апынуліся ў Лужках, дзе ў той час жыў бацька Генадзя. Уладкаваўшыся часова настаўнікам у Паставах, Цітовіч напісаў у Мінск ліст з прапановай выкарыстаць яго па спецыяльнасці. Хутка атрымаў прызначэнне на пасаду адказнага рэдактара музычнага вяшчання радыёстанцыі ў Баранавічах. Справы на радыё ішлі добра. Абжываліся ў новай кватэры, нарадзілася першая дачка Таццяна.

Пры набліжэнні фашыстаў пакінуць горад не ўдалося, сям’я галадала. Аднойчы Генадзь Іванавіч сустрэў доктара Уладзіміра Лукашэню. Той паспрыяў, каб Генадзь з жонкай уладкаваліся ў Ляхавіцкую аптэку. Яны дапамагалі партызанам лекамі. Нямецкая разведка пра гэта даведалася, давялося ўцякаць. Цітовічы апынуліся ў Навагрудку. Калі Савецкая Армія вызваліла Беларусь ад нямецкіх акупантаў, сям’я вярнуліся ў Баранавічы.

Генадзь Іванавіч атрымаў прызначэнне на пасаду адказнага рэдактара «Апошніх паведамленняў». Пазней ён быў вызвалены ад абавязкаў рэдактара і прызначаны намеснікам начальніка абласнога аддзела мастацтваў. Тут перад ім адкрываліся бязмежныя творчыя магчымасці для прымянення сваіх ведаў.

Работа з дакументамі не вельмі натхняла, Генадзя Іванавіча «панізілі» на пасадзе — ён перавёўся ў абласны Дом народнай творчасці метадыстам-кансультантам. Наступнае прызначэнне Цітовіча — мастацкі кіраўнік Міжабласнога ансамбля песні і танца ў горадзе Маладзечне. Заўважыўшы плённую творчую працу Цітовіча, у 1951 годзе яго запрашаюць у Мінск старшым метадыстам Рэспубліканскага дома народнай творчасці.

Праз год Генадзя Іванавіча чакаў новы паварот у жыцці. У самым пачатку 1952 года быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны хор БССР, і кіраўніком прызначылі Цітовіча.

Калектыў удзельнічаў у розных мастацкіх міжнародных конкурсах, аб’ездзіў усю Беларусь і пабываў за мяжой. Сам Генадзь Іванавіч вандраваў па ўсёй рэспубліцы ў пошуках народных песень. Пабываў не адзін раз у розных гарадах і вёсках, нават у самых закінутых.

Праз 10 гадоў Генадзь Іванавіч стварыў яшчэ адзін цудоўны калектыў — жаночы вакальны квартэт «Купалінка». За перамогу на міжнародным фестывалі ў Балгарыі квартэт атрымаў Вялікі залаты медаль. У 1968 годзе Генадзю Іванавічу Цітовічу прысвоена званне «Народны артыст Савецкага Саюза». У 1974 годзе ён перадаў кіраўніцтва хорам Міхаілу Паўлавічу Дрынеўскаму, якога лічыў сваім творчым сынам.

У 1978 годзе за стварэнне «Анталогіі беларускай народнай песні» і выданне кнігі «Аб беларускім песенным фальклоры» Генадзю Іванавічу Цітовічу прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Хросным бацькам у мастацтве называў Г. Цітовіча Іван Краснадубскі, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, народны артыст Рэспублікі Беларусь. Бацькі яго жылі ў Лужках. Маці Генадзя і Івана сябравалі. Аднойчы, калі Генадзь Іванавіч гасцяваў у бацькоў, маці Івана звярнулася да яго з просьбай: «Паслухай ты майго мальца, добра спявае, баюся, каб тут не прапаў». Паслухаўшы, Генадзь накіраваў хлопца на абласны конкурс у Віцебск. Пасля перамогі на ім Іван Краснадубскі перамог на рэспубліканскім конкурсе з песняй «Нёман».

«Так здарылася, што яго бацька, айцец Іаан, у 1947 годзе хрысціў мяне ў царкве ў Лужках, а сам Генадзь Іванавіч стаў хросным бацькам у мастацтве», — узгадваў Іван Краснадубскі.

«…З вамі гаварыць»

— Я нарадзіўся ў адным з тых чатырох дамоў, што мясціліся ў Рэчках, — узгадвае Дзмітрый Мікалаевіч Цітовіч (Шаркаўшчына). — Калі Генадзь Іванавіч жыў ужо ў Мінску, я, яго стрыечны пляменнік, прыйшоў з Арміі, у 1969 — 1970 гадах жыў у яго на кватэры і рыхтаваўся да паступлення ў БДУ. Калі Таццяна, дачка Генадзя Іванавіча, мела праблемы з паступленнем у БДУ, ён не стаў ёй дапамагаць. Я самастойна рыхтаваўся да паступлення на фізкультурны факультэт, скончыў яго, стаў настаўнікам фізічнай культуры і ўсё жыццё працаваў у школе. Мой дзяцька быў вельмі сціплы. Заўсёды ездзіў грамадскім транспартам. Людзі часта яго пазнавалі, віталіся, прасілі аўтограф. Ён вельмі любіў расказваць анекдоты, выпадкі з жыцця. Сыходзіўся з людзьмі рознага ўзросту імгненна. Генадзь Цітовіч пражыў на гэтай зямлі 76 гадоў, мог бы і больш, але вельмі шмат курыў, не шанаваў свае лёгкія.

Пасля сябе Генадзь Цітовіч пакінуў жонку, якая да 80 гадоў працавала ў аптэцы. Дочка Людміла скончыла БДУ, факультэт замежных моў, жыве ў Амерыцы. Туды выехала і яе сястра Таццяна. Святлана стала артысткай балета, паехала на гастролі ў Нарвегію, дзе і засталася.

Генадзь Цітовіч меў вялікую бібліятэку (больш за 20 000 тамоў), якую пачаў збіраць яшчэ яго бацька. Увесь гэты скарб ён перадаў у Нацыянальную бібліятэку.

Фалькларыст, этнограф, вучоны-музыказнаўца быў яшчэ аўтарам шматлікіх арыгінальных песень і больш як 60 апрацовак народных мелодый. Паэт Уладзімір Карызна прысвяціў Цітовічу верш «Песня памяці», у якім ёсць такія радкі: «За вас заўсёды песня гаварыла. І будзе вечна з вамі гаварыць…».

Падрыхтавала Кацярына СОСНА,

ганаровы член Саюза

пісьменнікаў Беларусі

 

Сосна, К. «За вас заўсёды песня гаварыла…» / Кацярына Сосна // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 18 жніўня (№ 33). – С. 15.

Геніяльны даследчык спадчыны

7 жніўня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР Генадзя Цітовіча — знакамітага этнографа і хормайстра, чыё прозвішча ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю айчыннай культуры. Невыпадкова калектыў, якім ён кіраваў 22 гады, цяпер носіць яго імя — Нацыянальны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча.

Агульнае рашуча пераважае

Малой радзімай Генадзя Іванавіча была вёска Новы Пагост Міёрскага раёна, што на Віцебшчыне. Менавіта там стартаваў самы маштабны праект у яго жыцці — збіранне і запісы беларускіх народных песень. Пачаўшы ладзіць фальклорныя экспедыцыі па навакольных вёсках, ён працягнуў свае вандроўкі па рацэ Дзісне. Геаграфія такіх падарожжаў істотна пашырылася, калі ён паступіў у Віленскую кансерваторыю. І працягвалася яшчэ многа гадоў. Усяго было запісана звыш трох тысяч песень.

Пры гэтым даследчык звяртаў увагу на структуру кожнай песні, аналізаваў інтанацыйна-рытмічны склад і тым самым высвятляў характэрныя асаблівасці практычна ўсіх песенных жанраў, якія трывала замацаваліся ў беларускім музычным ландшафце. Цітовіч выступіў адным з піянераў у фундаментальным вывучэнні беларускай народнай музыкі. Яму належала першынство ў сістэмным паказе агульнага і асаблівага ў архітэктоніцы беларускіх і балгарскіх народных песень, дзе ён прыйшоў да высновы, што агульнае рашуча пераважае. Тым самым ён задаў алгарытм аналізу ўзаемасувязяў беларускіх народных песень з рускімі, украінскімі, польскімі, літоўскімі.

Перліна з ідэальнай інтанацыяй

З 1939 года, як скончыў кансерваторыю і адначасова ўніверсітэт, дзе таксама вывучаў этнаграфію, Генадзь Цітовіч кіраваў народным хорам вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці. Хор гучна заявіў пра сябе яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай. Спярша перамог на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці, затым — на рэспубліканскім. Нарэшце, у чэрвені 1940-га з трыумфам удзельнічаў у Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. А ўлетку 1945-га — у Днях беларускага мастацтва — там жа, у сталіцы СССР.

Адзін з водгукаў быў надрукаваны 8 верасня ў газеце “Правда”. Рэдакцыя дала слова савецкаму хормайстру нумар адзін Аляксандру Свешнікаву. Цытуем даслоўна: “Асаблівай увагі заслугоўвае хор беларускай народнай песні сяла Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці (кіраўнік Г.Цітовіч). Гэты хор з’яўляецца сапраўднай перлінай народнага мастацтва. Выкананне хору поўнае невыказнай чароўнасці і цеплыні. Выканаўчая тэхніка хору вельмі высокая, у яго — ідэальная інтанацыя, выключна выразная нюансіроўка”.

На базе гэтага хору і ўзнік у 1952 годзе прафесійны калектыў, які сёння з гонарам называецца Нацыянальным народным хорам Беларусі імя Г.Цітовіча, бо менавіта з Генадзя Іванавіча пачалася гісторыя яго мастацкіх кіраўнікоў. Выконваліся найперш беларускія народныя песні, часцяком — у апрацоўках самога хормайстра. А вось арыгінальных кампазіцый Генадзя Іванавіча ў рэпертуары было мала, перавага аддавалася творам Уладзіміра Алоўнікава, Івана Кузняцова, Юрыя Семянякі і іншых кампазітараў.

Тагачасны калектыў на чале з Г. Цітовічам аб’ездзіў з гастролямі ўвесь Савецкі Саюз, выступаў у Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Канадзе, Балгарыі, Фінляндыі, Францыі. Узніклі і “даччыныя прадпрыемствы”, створаныя з артыстак хору: вакальныя актэт і квартэт. Апошні, дарэчы, атрымаў назву “Купалінка” і працягвае існаваць дагэтуль — у выглядзе аднайменнага, але больш пашыранага па складу самастойнага фальклорнага гурта Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

На новым этапе

З 1974 года, пакінуўшы працу хормайстра, Генадзь Іванавіч канцэнтруецца на культурна-асветніцкай, навукова-даследчай працы. Галоўным вынікам гэтага новага этапу творчай біяграфіі з’явілася стварэнне “Анталогіі беларускай народнай песні” і кнігі “Пра беларускі песенны фальклор”, за якія Цітовіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 75 гадоў — 21 чэрвеня 1986-га. І ўжо ў 1987-м яго імя было прысвоена хору, якім апошнія 45 гадоў кіруе народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, з любоўю захоўваючы і плённа развіваючы традыцыі заснавальніка калектыву.

Міхаіл СТРАЛЕЦ,

доктар гістарычных навук, прафесар

Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта

Стралец, М. Геніяльны даследчык спадчыны  / Міхаіл Стралец  // Культура. – 2020. – 8 жніўня(№ 32). – С. 13.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed