Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Калектывы аматарскай мастацкай творчасці
«Берагінін» абярэг. Ляхавіцкі строй
Не толькі непараўнальна прыгожае народнае ўбранне з тутэйшым каларытам, не толькі непаўторна меладычныя песні і грацыёзныя танцы, якія, здаецца, насычаны мясцовай самабытнасцю, а ўвесь лад жыцця, размераны і правераны часам, уваходзіць у паняцце Ляхавіцкага строю. Уваходзіць разам з русакосымі дзяўчатамі і вясёлымі, майстравымі хлопцамі. Разам з душэўнай шчодрасцю і нястомнай працавітасцю, уменнем ствараць і прыгожае, і надзённае. З бясконцымі талентамі і шчырай любоўю да сваёй зямлі. А любоў сілкуецца ад гэтай зямлі, а зямля поўніцца, квітнее гэтай любоўю. Такое вось шчаслівае жыццёвае кола. Бы дзве вясёлкі злучыліся, і яно, кола, атрымалася такім яркім, такім адметным, бы валошкі з рамонкамі ў полі, бы шыпшыны ружовыя пялёсткі, бы адценне квітнеючай ліпы і ў сонечных фарбах жытнёвае поле. Паглядзіце на вышыванкі, дзе крыжыкам ці гладдзю – уся гэта прыгажосць. А ляхавіцкай моды андарак, без сумнення, уразіў бы самыя прыдзірлівыя подыумы замежжа, як і ручнікі, коўдры, дзяружкі, сурвэткі. Завітайце ў вёску, дзе і стары, і малы шануе роднае народнае і клапоціцца пра тое, каб яно найдаражэйшай спадчынай перайшло наступным пакаленням, як перайшло нам, сённяшнім, ад продкаў.
Захапленне, шанаванне, мудрая любоў да народных звычаяў і абрадаў – у абмене рэчываў многіх культработнікаў і ўстаноў культуры. Сярод такіх – яркая і непаўторная народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК. І групу, і дом культуры ўзначальвае Вольга Цімашок, а ўсяго ў склад «Берагіні» ўваходзіць дзевяць чалавек. Колькі радасці дораць яны землякам сваёй творчасцю! А сумесна з не менш таленавітымі работнікамі мясцовага Дома рамёстваў не проста выклікаюць інтарэс да народнай культуры, спрадвечных уменняў, але і маюць намер аднавіць з забыцця даўнія вясковыя завядзёнкі і абрады. «Берагіня» збірае матэрыял для тэатралізаванай пастаноўкі дараўскага вясельнага абраду, з якога ў даўнія часы продкі пачыналі сваё сямейнае жыццё. А пакуль самадзейныя артысты згадзіліся на «родна-народную» фотасесію. І «Берагінін» абярэг ад забыцця, на карысць шанавання народных звычаяў прапануем чытачам «ЛВ». Прыгожы абярэг, пераканаўчая «агітка»: гэта – наша, беларускае!
Вольга БАРАДЗІНА.
Барадзіна, В. «Берагінін» абярэг. Ляхавіцкі строй / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2018. –29 чэрвеня.
Спявае “Берагіня”
З выбарам прафесіі ляхавічанка Людміла Дрозд вызначылася яшчэ ў школе. Праляцелі гады вучобы ў музычным каледжы, інстытуце культуры. І вось ужо Людміла Іваноўская – прафесійны музыкант, спецыяліст у галіне народнага харавога дырыжыравання. Не шкадуе зала апладысментаў і пасля сольнага выступлення спявачкі, і пасля калектыўнага. Яна мастацкі кіраўнік вакальнага ансамбля “Берагіня” Дараўскага СДК.
У самадзейным калектыве яшчэ 8 вакалістак. Усе, за выключэннем роднай сястры Людмілы – Вольгі Цімашок, дырэктара Дараўскага СДК, непрафесіяналы ў музыцы – бібліятэкар, настаўнік, повар… Аб’ядноўвае іх любоў да песні. Узрост “Берагіні” ўсяго 6 гадоў, ансамбль з’явіўся не на пустым месцы, некаторыя з яго цяперашніх удзельніц спявалі ў фальклорным гурце “Колас”, потым у іншых групах.
Геаграфія канцэртных выступленняў “Берагіні” надзвычай шырокая. Сёлета гэта раённы і абласны этапы рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”, абласныя і раённыя “Дажынкі”, музычны фэст у Жыровічах і іншыя.
У лістападзе ў міжнародным культурным праекце «#BYFEST», які сабраў маладых і таленавітых з Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі і Беларусі ў Мінскім Палацы дзяцей і моладзі “Золак”, наша “Берагіня” ўдастоена дыплома ІІ ступені.
Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. Спявае “Берагіня” / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 31 снежня (№ 101). – С. 9.
Экзамен на народнасць
Днямі двум калектывам з нашага раёна – эксперыментальнай вакальнай групе «Берагіня» Дараўскага сельскага Дома культуры і інструментальнаму ансамблю «Джаз-Арт» настаўнікаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў – пастановай Міністэрства культуры прысвоены званні «народны».
Свой шлях да гэтай высокай адзнакі «Берагіня» пачала 7 гадоў назад. Заваявала папулярнасць у землякоў, нязменна зрывае апладысменты і па-за межамі раёна. У творчым багажы дыпломы і міжнародных фестываляў. У рэпертуары «Берагіні» як народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, так і эстрадныя, у тым ліку і ў суправаджэнні біт-бокса. Не стамляюцца эксперыментаваць і шукаць нешта адметнае.
«Берагіня» сёння – гэта 9 самадзейных спевакоў, аб’яднанных любоўю да песні. Кіраўнік калектыву Вольга Цімашок адзначае, што для іх вельмі важна сваёй творчасцю радаваць людзей, дарыць шчаслівыя імгненні. Сёлета калектыў «даспяваўся» да ганаровага права – быць занесеным на раённую Галерэю славы.
«Джаз-Арт» яшчэ нядаўна быў «Дыксілендам». Калектыў, які шмат гадоў узначальвае Барыс Шабановіч, змяніў назву, калі здаваў экзамен на званне народнага. Аказалася, што ў вобласці маецца цёзка. Але змена назвы ніяк не адбілася на майстэрстве – выступленні музыкантаў заўсёды яркія і відовішчныя, выклікаюць шмат станоўчых эмоцый. У «Джаз-Арце» ўсе 7 удзельнікаў – прафесіяналы, маюць музычную адукацыю. Гітара, саксафон, трамбон, труба, кларнет, ударныя і клавішныя інструменты ў руках майстроў ажываюць, выдаюць у сугуччы адметны музычны букет. У творчай біяграфіі «Джаз-Арта» выступленні не толькі на айчынных пляцоўках. У інструментальнага ансамбля настаўнікаў мастацкай школы таксама нямала ўзнагарод. І яму вельмі пасуе званне народнага.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. Экзамен на народнасць / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 10 снежня.