Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна >>>
Яцкаўшчына – Сан-Францыска – Яцкаўшчына
Нашчадкі дзеда Паўлюка з невялічкай беларускай вёскі ў глыбінцы, на мяжы Ляхавіцкага і Клецкага раёнаў, жывуць і за акіянам, але любяць вяртацца на дарагую для іх зямлю продкаў
Напрыканцы мінулага тысячагоддзя была ва ўcix нагода часцей задумвацца: што ёсць час? Што застанецца, калі ягоныя хвалі й нас вынесуць у далёкія далі, адкуль не вяртаюцца? Асабліва шчымліва мне ў той час было назіраць, як не толькі людзі — i вёскі паціху сплываюць у нябыт. Гэта я пра родную сваю Яцкаўшчыну. На час, калі невялікая, раней хатаў пад 30, вёска ўваходзіла ў XXI стагоддзе, самымі адметнымі яе рысамі з мінулых часоў былі: дзед Паўлюк, якога за паважаны ўзрост вяскоўцы называлі Стогадовым, ды парэшткі Дубніка — векавой дубровы пры вёсцы.
I яшчэ звычайны для кагосьці старонняга разложысты куст бэзу пры
вясковай вуліцы выклікаў у мяне згадкi пра даўнюю бяду. У свой час куст рос пры хаце майго дзеда Юзіка Францавіча i ягонай жонкі Евы Андрэеўны, калі якраз у нядзелю, на свята Ушэсце ўлетку 1959-га надарылася вялікае няшчасце: ад разраду маланкі, ці, як раней казалі, ад перуна ўзгарэліся з шэсць яцкаўскіх хатаў. I згарэлі ў ветраную сухмень так хутка — як свечкі. Брата майго з калыскай, двухгадовага, паспелі выхапіць з пекла бацькі, ды яшчэ абрус са стала, у якім аказалася i тоўстага шкла попельніца. Усё іншае згарэла. I куст бэзу таксама. Але вось жа сіла жыцця: увесну, расказвалі старэйшыя, з зямлі, з ПажарЫшча, як называюць тое месца яцкаўцы, пайшлі парасткі, i куст бэзу адрадзіўся. А новыя хаты на тых месцах не ставілі — пагарэльцам мясцовы калгас выдзеліў лес, iм адвялі чыстае поле пад будоўлю за чыгункай, што ідзе з Баранавіч да Слуцка. Так i паўсталі ў той год да маразоў хаты Новай Яцкаўшчыны, пры даўнім гасцінцы з Ляхавічаў да Клецка. Там, як казалі раней, i мой пуп закапаны: нарадзіўся я тpoxi больш чым праз год пасля той бяды ўжо ў сям’і навасёлаў…
Цяпер ужо нi дзеда Паўлюка, нi Дубніка, нi бэзавага куста-Фенікса…
Але я ўсё ж паспеў напісаць пра жывога тады яшчэ дзеда Паўлюка невялічкі, элегічны па нacтpoi артыкул “Дзед i дубы” ў часопісе “Беларусь”, тэкст потым перадрукавала раённая газета “Ляхавіцкі веснік”. “Ён часта паглядвае за вёску, на выган, туды, дзе вечарамі садзіцца сонца. Туды, дзе ад вялікага Дубніка засталося некалькі дубоў” — так пісаў у № 11 за 1998 год. Памятаю, хадзіў вакол старажыла з фотаапаратам, пакуль жылісты дзед у патрэпаным брылі старанна грэбаў ля старое вішні падсохлае сена. Яму было ўжо за 90. А “рэцэпт даўгалецця” мацака, рослыя продкі якога, кажуць, служылі яшчэ да рэвалюцыі 1917 года гвардзейцамі ў Піцеры, у самім імператарскім палацы, выдала дзедава дачка, спадарыня Маруся Бяленчанка. Ён, казала, анічога не бярэ блізка да сэрца ці да галавы. Зрэшты, думаю цяпер, калі б дзед Паўлюк paбіў інакш, то невядома, ці пражыў бы амаль сто гадоў. Бо на ягоную долю выпалі рэвалюцыі, войны, калектывізацыя — а сям’я ж мела свой млын… — а таксама шэраг зменаў улады. Нарадзіўся ж Павел Фёдаравіч па афіцыйных дакументах у 1903-м, хаця мне казаў дзед i пра такую дату: 28 снежня 1898 года. Тады Яцкаўшчына была ў складзе царскай Pacii. Потым прыходзілі “першыя Саветы” “першыя немцы” (у час імперыялістычнай, ці Першай сусветнай вайны), была белапольская акупацыя (з сакавіка 1921 да 17 верасня 1939 года), i яшчэ “другія Саветы”, нямецка-фашысцкая акупацыя i “трэція Саветы” (вёску вызвалілі ад ворагаў у ліпені 44-га). Дзед Паўлюк перажыў i гарбачоўскую “перестройку” ды адышоў у вечнасць у 2000-м годзе ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.
Пражыў, калі “афiцыйна”, 97 гадоў, пахаваны побач з жонкай на могілках пры вёсцы Гулічы.
Гэткі экскурс у мiнулае раблю, каб было зразумела, чаму ўразілі мяне спачатку тэлефонны званок з Сан-Францыска, а потым i ліст у рэдакцыю пад назвай “Карані і лісце”ад заакіянскага земляка Аляксея Ждановіча. Па гэты час мы асабіста знаёмыя не былі. Ён памятае з дзяцінства, юнацтва майго тату. А я даўно ведаў з вясковых аповедаў, што “малодшы Паўлюкоў сын ажаніўся з грузінкаю, жыве ў Тбілісі”. Потым вёска гаварыла, што “да Mapyci прыязджалі госці аж з Амерыкі”, а сама яна, смеючыся, згадвала, з якім апетытам амерыканцы “елі, елі ды яшчэ прасілі яе дранікі ды бульбяную бабку. Спецыяльна для гасцей, дарэчы, яе муж Саша зладзіў пры хаце летні душ, у бочцы якога электракіпяцільнікам штораніцы грэў ваду: госці ж прывыклі пачынаць дзень з водных працэдур… Далей падаю тэкст Аляксея Ждановіча практычна без зменаў. Дарэчы, з Яцкаўшчыны пайшло ў свет шмат Ждановічаў: сем’яў восем было з такім прозвішчам. Прыемна мне, што калісьці напісанае — застаецца. I што повязь з Бацькаўшчынай, якая лёгка рыфмуецца з Яцкаўшчынай, у мaix землякоў моцная.
Карані і лісце
Добры дзень! У свой час у часопісе “Беларусь” была змешчана невялікая фотазамалёўка Івана Ждановіча з яго роднай вёскі Яцкаўшчыны, што на Брэстчыне, пра векавую дуброву i яе равесніка — дзеда Паўлюка Ждановіча. А я — малодшы ягоны сын Аляксей.
Амаль 60 гадоў таму, адразу ж пасля заканчэння сярэдняй школы ў Жарабковічах, пакінуў родныя месцы. Спачатку вучыўся, а потым працаваў у Kieвe, Палтаве, Тбілісі. Апошнія 15 гадоў, пасля выхаду на пенсію, жыву ў ЗША,у Сан-Францыска — сюды выйшла замуж мая дачка Маша. Праўда, усе гады да распаду СССР штогод наведваў бацькоў, так што сувязь з роднымі месцамі не парывалася. Мінулі гады, i я зноў пабываў у родных месцах — ужо з унукамі Савам i Аляксандрам, якім па 9 i 4 гады.
На жаль, людзі, як i дубы — гэта не Егіпецкія піраміды, усе мы падуладныя усемагутнаму часу. Ужо няма ў жывых майго бацькі, дзеда Паўлюка, i апошнія дубы-волаты ўпалі долу: вось так каля Яцкаўшчыны правялі меліярацыйныя работы… Мне вельмі балюча, што на месцы калісьці невялікага, але такога маляўнічага, утульнага, роднага мне Дубніка, у які раней так прыгожа садзілася штовечар сонца, цяпер чыстае поле, ды i ў самой Старой Яцкаўшчыне — 5-6 напаўпустых хат. Зрэшты, што ж бедаваць — здарылася тое, што адбываецца на кожным кроку: нястрымны бег часу i бязлітасная індустрыяльна-аграрная цывілізацыя дзеюць свае справы.
Вось пішу, што быццам так i павінна быць — а сэрца не згаджаецца… Я, дарэчы, ведаю: кожную вясну на месцы былой дубровы тонкія зялёныя парасткі маладых дубкоў зноў i зноў прарываюцца да вечнага Сонца. Іх падымаюць жыццядайныя сокі магутных каранёў, што яшчэ й па гэты час жывыя ў зямных глыбінях. Так i мы, людзі: карані свае адчуваем, да ix цягнемся — дзе б нi былi. Вось i дзед Паўлюк, i ягоная жонка, дабрэйшая баба Котра-Кацярына бясследна не расталі ў нямым небыцці. На маё вялікае здзіўленне i шчасце, жывымі і чэпкімі апынуліся ixнiя нашчадкі. Мае любімыя ўнукі з першага судотыку з зямлёю дзядоў-прадзедаў адразу ж арганічна зліліся з новаздабытым i такім незвычайным для ix, цяперашніх амерыканцаў, Яцкаўскім Светам. Можна вобразна сказаць: яны “адкрывалі сваю Амерыку” ў маёй Яцкаўшчыне! Пры тым Сава i Аляксандр cтaлi натуральным i трывалым звяном у бесперапыннай хадзе часу, у тым ладзе жыцця, што стагоддзямi складваўся ў гэтай чароўнай, любімай дзясяткамі добрых людзей, а значыць i caмім Богам вёсачцы. О, як зачаравана, з якой асалодай хлопчыкі насіліся, бліскаючы cваімі спешчанымі гарадскімі пяткамi, па мяккай траве й пыле вясковай вулачкі! Гледзячы на ўнукаў, я мiжвoлi вяртаўся зноў i зноў у маё далёкае басаногае дзяцінства, ажыўляючы ў думках доўгія чароды дзіцячых пакаленняў яцкаўцоў — i да, i пасля мяне…
Жадалася верыць: гэтая нітка часу не перарвецца i надалей. Нас гасцінна пpымaлi ў бацькоўскай хаце мая сястра Маруся з мужам Аляксандрам, наш “амерыканскi дэсант” часткова кватараваў i ў суседняй хаце, што засталася без гаспадароў. Мяне здзівіла, у якім захапленні былі Сава i Аляксандр ад размеранага, нетаропкага рытму вясковага жыцця, ад няхітрага гаспадарчага інвентару i начыння, ад свойскай жыўнасці ды ўсяго іншага, што стварае непаўторны дух Яцкаўшчыны — вёскі майго маленства i юнацтва, якая паціху сыходзіць, як i сам вясковы ўклад жыцця. Тое, наколькі камфортна новаспечаным “вясковым хлопчыкам” з-за акіяна ў Яцкаўшчыне — чытаецца нават на ix тварах на фотаздымках.
Незабыўныя моманты гасцявання ў Яцкаўшчыне, на зямлi продкаў, госці з Каліфорніі зафіксавалі на фотаздымках. Але ўсё, з чым яны сутыкнуліся ў гэтых прыгожых мясцінах, застаецца ў ix памяцi, штогод кліча ў беларускую глыбінку.
I гэта пры тым, што Сава i Аляксандр — тыповыя сучасныя амерыканскія дзеці: глaбaлiзaвaныя, урбанізаваныя i камп’ютарызаваныя. На мой погляд, дык i занадта “гальванізаваныя” віртуальнымі гульнямі, гaлaвaлoмнымi атракцыёнамі, шaлёнымi хуткасцямі, маторамі, спецэфектамі – yciмi дабротамі й выдаткамі сучаснай цывілізацыі.
I што здарыўся з маімі ўнукамі нейкі часавы рэверс — гэта i загадка, i цуд. Што за стрэлы ці маланкі, з якога свету i часу ўразілі ix? Проста нейкая містыка быцця, вялікая таямніца чалавечай душы. Ясна адно: для ix праблема самаідэнтыфікацыі вырашалася адразу i канчаткова, без назойлівых павучанняў філосафаў, палітолагаў, маралістаў ды іншых шукальнікаў нацыянальнай ідэі. Яны aдчyлi сябе сваімі ў Яцкаўшчыне без нацыянальна-моўных рэфлексій, усялякіх вышыванак, недарэчных у гарадскіх кватэрах калаўротаў ды іншай псеўданароднай атрыбутыкі.
Чаму пішу ў рэдакцыю? Каб падзяліцца радасцю: калі сёлета мы ўсёй сям’ёй складалі планы летніх вандраванняў, то падрослыя мае ўнукі, не задумваючыся, нaзвaлi галоўны маршрут: Беларусь, Яцкаўшчына. Хоць у ix ёсцъ шчаслівая магчымасць наведваць больш прывабныя i папулярныя месцы — што яны i рабілі раней, да адкрыцця для сябе далёкай прадзедаўской Радзімы, што стала ім такой блізкай.
Мяркую, менавіта судакрананне з зямлёй продкаў дало для старэйшага ўнука Савы ўнутраны штуршок i азарэнне, якія заахвоцілі яго пайсці ў спецшколу з ухілам у будыйскую філасофію. Прачнулася ў душы хлопчыка настальгічная духоўная патрэбнасць кожнага з нас: зразумець таямніцу дабра і ліха, спагады i нянавісці, фанатызму i памяркоўнасці. Мой унук жадае разумець каштоўнасці, што ўзносяць людзей над надуманымі падзяляльнымі бap’ерамі на расы, нацыі, рэлігіі, секты — над усім, што перашкаджае нам быць проста людзьмі, дзецьмі нашай цудоўнай Маці-Зямлі. За ўзорнае следаванне гуманным прынцыпам i правілам Вучэння Сава меў высокі гонар прывітаць духоўнага лідэра будыстаў Далай Ламу, калі ён наведваў Сан-Францыска ў лютым 2014 года. I мой малодшы ўнук, па ўсёй бачнасці, пойдзе па слядах брата. Цікавы паварот, пагадзіцеся, родавай галіны дзеда Паўлюка адбываецца ў амерыканскім Сан-Францыска, бо дзе тая Беларусь з яе дзівоснымі язычніцкімі святамі, моцнымі хрысціянскімі традыцыямі ды набліжанай да Усявышняга ў яе высокай простасці Яцкаўшчынай — i дзе амаль іншапланетны Тыбет!
…А дзед Паўлюк — селянін, філосаф ад зямлі, хрысціянін у шматлікіх пакаленнях — зразумеў бы амерыканскіх нашчадкаў. Блаславіў бы Саву i Аляксандра на нялёгкім, але асвечаным многімі падзвіжнікамі шляху да Вечнага Храма Дабра i Ісціны.
3 глыбокай пашанай —
Аляксей Паўлавіч Ждановіч
ЗША, Сан-Францыска, 2014”
Нейкія абставіны перашкодзілі суродзічам з Сан-Францыска сёлета наведаць Беларусь. На мае пытанні Аляксей i яго дачка Маша даслалі тэкст па электроннай пошце лацінкаю “Дадатковая інфармацыя пра клан Паўла i Кацярыны Ждановічаў”. 3 якога вынікае таксама шмат цікавых фактаў.
Дык вось, Міхаіл Ждановіч, старэйшы сын дзеда Паўлюка, даўно, яшчэ з 70-х мінулага стагоддзя, працуе выкладчыкам у Кіеўскім інстытуце інжынераў грамадзянскай авіяцыі — цяпер гэта Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт. Доктар навук, прафесар. Нягледзячы на паважаны ўзрост — сёлета у лістападзе Міхаілу Паўлавічу будзе 80 гадоў — чытае лекцыі. Не лішне згадаць: пэўна, па яго наводцы ў свой час некаторыя мае галавастыя равеснікі з Яцкаўшчыны атрымалі моцную “авіяцыйную адукацыю”, у тым ліку i траюрадны брат Ігар Ждановіч (цяпер працуе ў Гомелі), Міхаіл Гаспадыніч (у Мінску), Юрый Круглік (у Кіеве). Зрэшты, пра тое добра б распытаць паважанага земляка асобна. Яго я крыху памятаю. Калі мы з татам на камбайне ў сярэдзіне 70-х убіралі збожжа пры Яцкаўшчыне, мужчына падыходзіў да нас, вітаўся, i тата з павагай потым казаў, паказваючы на свайго адукаванага сябра дзяцінства: “Вось вучыся, сынок! Тады i ты будзеш летам у шортах па вёсцы шпацыраваць, а не, як мы, пыл глытаць..
Старэйшы сын кіеўскага прафесара Ждановіча, Андрэй, доўгі час лятаў борт-інжынерам на самалётах па Якуцкіх авіялініях. “Апошнія дзесяць гадоў працуе ў Маскве, займаецца грузаперавозкамі — ён намеснік камандзіра самалёта Boeing 747, — напісалі з Сан-Францыска. — Лятае па розных маршрутах ад Шанхая i Ганконга да Чыкага i Лос-Анджэлеса. Пра тое ведаем, бо ў сакавіку 2014-га мой пляменнік Андрэй быў у нас у гасцях з жонкаю i сынам Кірылам”.
Малодшага сына прафесар назваў Паўлам — відаць, у гонар дзеда Паўлюка. “Гэта сапраўдны вундэркінд! — чытаем у допісе Аляксея. — Ён паспеў закончыць элітны фізтэх — Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут — перад распадам СССР. Потым вярнуўся ў Kieў i стварыў камп’ютарную кампанію “СОФТПРОМ” добра вядомую многім спажывачам праграмных прадуктаў. Кампанія мае філіялы i заказчыкаў у розных гарадах — ад Алматы, Tбілісі, Масквы да Вены. I ў Мінску, дарэчы, ёсць яе прадстаўніцтва! Мой пляменнік Павел часта бывае па справах бізнесу ў ЗША i наведвае нас, жыве ён “паміж Кіевам i Венай”.
А вось Васіль Ждановіч, сярэдні сын дзеда Паўлюка, застаўся на роднай зямлі: працаваў шафёрам, а жонка ягоная — у калгаснай канторы. Якраз ён, дарэчы, i адвозіў адзін год збожжа ад нашага з татам камбайна на зерняток калгаса “Беларусь”. Тата мой сябраваў з дзядзькам Васілём, якога за высокі рост называлі ў калгасе Доўгі, любілі мужчыны пасля працы i пасядзець, пагаманіць, чарку падняць. Няма ўжо абодвух… “Пасля смерці Васіля Паўлавіча сувязь з яго нашчадкамі ў нас аслабла, — піша спадар Аляксей.
— Святлана i Сяргей, ягоныя дзеці, атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць з сем’ямі ў Мінску”.
Марыя — самая малодшая сярод дзяцей дзеда Паўлюка i бабы Кацырыны, адзіная ix дачка. Вучылася у Кіеве, доўгі час там працавала, потым вярнулася з сям’ёй у Беларусь: каб быць бліжэй да бацькоў. Жыве цяпер з мужам-украінцам у Яцкаўшчыне. Іх старэйшы сын Сяргей закончыў Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт, жыве i працуе у Кіеве. Дзядзька Аляксей паведамляе яшчэ, што жонка ў Сяргея — паэтэса, а сыны Фёдар i Сцяпан — школьнікі. Другі сын Марыі, Міхаіл, закончыў ваеннае вучылішча i працуе ў Клецку — гэта непадалёку ад бацькоў.
“У мяне ёсць адзіная дачка Марыя, — напісаў у канцы Аляксей Паўлавіч. — Яна закончыла з адзнакай Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт, а потым Школу міжнароднага бізнесу ў Лос-Анджэлесе. У цяперашні час дзеліць сябе паміж бізнесам, які не займае шмат часу, i выхаваннем двух сыноў. А мой зяць, яе муж — урач-нейрахірург”.
На заканчэнне ў кантэксце былога загалоўка “Дзед i дубы” мушу дадаць: у дзеда Паўлюка i бабы Котры ўсе тры сыны — Міхаіл, Васіль, Аляксей — выраслі ўдалымі. Стойкімі да жыццёвых нягодаў, як дубы. I дачка Марыя годна ідзе па жыцці. А значыць, гісторыя роду Ждановічаў з Яцкаўшчыны будзе мець працяг — у Сан-Францыска, Мінску, Кіеве, Маскве, Клецку… I хто ведае: можа з часам нехта з нашых “прарасце” i ў паднябесным Тыбеце…
Іван Ждановіч
Ждановіч, І. Яцкаўшчына – Сан-Францыска – Яцкаўшчына / Іван Ждановіч // Беларусь. – 2014. – № 10. – С. 18-21.