Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Калектывы аматарскай мастацкай творчасці
Вечарынка ў стылі рэтра
На сцэне – «Сівізна».
Вечарынку пад назвай “Юнацтва нашага вальсок” правялі ў ГДК народны клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна” раённага метадычнага цэнтра (кіраўнік Жанна Абрамовіч) і супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы. Людзі, якія сабраліся ў зале, рады былі шчыра вітаць сваіх землякоў, матуль, дзядуль, бабуль, а таксама вядомы і любімы аматарскі калектыў. Дарэчы, маладыя душою ўдзельнікі “Сівізны” выйшлі на сцэну не ў звычайных канцэртных касцюмах, а апранутыя “па модзе” 50-х гадоў.
А распачалося мерапрыемства з успамінаў цудоўных, незабыўных момантаў маладосці. Прыгадвалі асваенне цалінных зямель, як праводзілі служыць у войска сваіх дарагіх братоў, сяброў, суседзяў, як па выхадных у парку іграў духавы аркестр, а ў вёсцы моладзь ладзіла “маёўкі”. Даспадобы прыйшоўся і аўкцыён “Крылатыя фразы”: удзельнікі сустрэчы прыгадалі знаёмыя і ўжо даўно крылатыя фразы з кінафільма “Дзяўчаты”. А ў песенным аўкцыёне давялося хорам спяваць усёй зале.
Далей эстафету пераняла сённяшняя моладзь, пад гукі моднай музыкі тых гадоў і расказ загадчыцы аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыны Нікіцінай пра моду 1950-1970 гадоў, юнакі і дзяўчаты прадэманстравалі адзенне, у якім фарсілі іх дзядулі і бабулі. На працягу ўсёй амаль што паўтарагадзіннай праграмы свае музычныя нумары дарыў народны клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, а гледачы не шкадавалі шчодрых апладысментаў і неаднаразова вызывалі самадзейных артыстаў на біс. А на рэтра-дыскатэцы з задавальненнем танчылі тыя, хто памятае папулярныя ВІА і не менш папулярныя кракавяк, танга, вальс і твіст.
Юрый ГРЫНЬ, дырэктар РМЦ.
Грынь, Ю. Вечарынка ў стылі рэтра / Грынь Юрый // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 3 сакавіка.
Спыніць час – гэта рэальна, ці заўсёды маладая “Сівізна”
Для іх кожная рэпетыцыя — асаблівы вечар, кожная сустрэча — чаканая, кожнае выступленне — маленькае свята. Народны клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, створаны пры раённым метадычным цэнтры аддзела культуры, для яго ўдзельнікаў — другі дом, дзе яны разам не толькі развучваюць новыя песні, складаюць рэпертуар, але, як гаворыцца, адводзяць душу ад дамашніх клопатаў, вырашаюць праблемы, падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць і падбадзёрваюць словам і справай — жывуць вялікай дружнай сям’ёй і заўсёды рады гасцям.
— “Сівізна” для мяне — важная частка жыцця, якое я цяпер і не ўяўляю без сваіх сяброў. Сюды сапраўды ляціш, як на крылах, — пры любым надвор’і і пры любым самаадчуванні, — гаворыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Федар Лойка.
Фёдар Фёдаравіч разам з Аленай Анушкевіч і Клаўдзіяй Здановіч у калектыве з моманту яго заснавання — з 1990 года. Па-ранейшаму яны складаюць касцяк клуба, у які цяпер уваходзяць 26 нашых землякоў — ветэранаў вайны і працы.
— На рэпетыцыі ці сустрэчы ідзеш з радасцю, што зноў убачыш знаёмыя твары сяброў, якія паспелі стаць бліжэй, чым родныя. Для нас вельмі важна адчуваць сябе патрэбнымі. А яшчэ так хочацца быць пачутым, — разважае Клаўдзія Здановіч. Яна, дарэчы, да выхаду на заслужаны адпачынак настаўнічала ў СШ № 2 разам з Аленай Анушкевіч, разам і ў клуб прыйшлі.
Не толькі канцэртамі і іх падрыхтоўкай жыве клуб. “Сівізна” — жаданы госць на разнастайных мерапрыемствах, якія ладзяцца не толькі на Ляхавіччыне, але і за межамі нашага раёна. Папулярныя традыцыйныя калядныя і велікодныя сустрэчы з землякамі, якія па волі лёсу сталі пацыентамі аддзялення сястрынскага догляду Крывошынскай участковай бальніцы.
— Як адказна і шчыра ўдзельнікі клуба рыхтуюцца да падобных візітаў! Трэба бачыць, каб адчуць, у якой шчымлівай атмасферы праходзіць кожная, без перабольшвання можна сказаць, сяброўская сустрэча. Мы ж не проста прывозім пачастункі, віншуем, але песнямі, гумарэскамі, прыпеўкамі хоць на імгненне робім жыццё пакрыўджаных лёсам людзей крыху шчаслівейшым і больш радасным. Там мы не ў гасцях, а сярод сваіх сяброў, — гаворыць нязменны мастацкі кіраўнік клуба Жанна Абрамовіч.
Выхаванне падрастаючага пакалення ў традыцыях патрыятызму і духоўнасці — яшчэ адзін накірунак дзейнасці клуба. Уласным прыкладам, адносінамі да іншых і паміж сабой, гатоўнасцю пры любым раскладзе прыйсці на дапамогу яны паказваюць сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам, як трэба любіць сваю Радзіму, шанаваць блізкіх, паважаць старэйшых. А яшчэ — вучаць разумнаму, добраму, вечнаму. Цёплыя сяброўскія адносіны склаліся ў “Сівізны” з навучэнцамі і выкладчыкамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, вучнямі і настаўнікамі гарадскіх школ. Пры сустрэчах нават не адчуваецца розніца ва ўзросце: ім цікава, добра і спакойна разам. Удзельнікі клуба ўпэўнены, што спыніць час — гэта рэальна, і дакладна ведаюць, як гэта рабіць. Лепшае пацвярджэнне таму — яны самі.
— Хаця сярод нас і тыя, каму толькі споўнілася 60 гадоў, і тыя, каму ўжо за 80, — мы маладыя душой, і сакрэт гэтай маладосці ў аптымізме, працавітасці і веры. Галоўнае — жыць па сумленні, — пераканана адна са старажылаў калектыву, былы выкладчык ЛДАКа Ганна Вайшэвіч.
10 гадоў сярод актыўных удзельнікаў клуба і Уладзімір Якавец, якога калегі выбралі сваім важаком. Уладзімір Рыгоравіч вучыўся і працаваў у Маскве, прычым займаў адказныя пасады кіраўніка розных арганізацый і ведамстваў. Гэта вельмі сціплы і ў той жа час з актыўнай жыццёвай пазіцыяй чалавек. Паспявае і дома ўсё парабіць (вінаграднік яго, нібы на поўдні, — якіх толькі сартоў ні вырошчвае), і ў “Сівізне” ідэямі радуе.
— Неяк, яшчэ да выхаду на пенсію, давялося па рабоце пабываць у Беларусі, спадабалася Ляхавіччына, пераехаў сюды з сям’ёй, вось ужо больш як 10 гадоў ваш зямляк. Я ўлюбёны ў Беларусь, — гаворыць Уладзімір Рыгоравіч.
“Сівізна” любіць падарожнічаць і ўласнымі сіламі ствараць свята для сябе і тых, хто побач. У гэтым удзельнікі клуба сапраўдныя майстры: кожны раз прыдумваюць нешта новае, арыгінальнае: то паход, то экскурсію, то сустрэчу з цікавым суразмоўцам, то пасядзелкі, то дні імянінніка ці заняткі ў спартыўным клубе “Аптыміст”…
— Мы вельмі ўдзячны аддзелу адукацыі за цеснае супрацоўніцтва і падтрымку. Нам ніколі не адмовілі выдзеліць транспарт для экскурсійных паездак. Дзякуючы гэтаму пабывалі ў Нясвіжы, Мірскім замку, Мінску, абавязкова штогод летам выязджаем на адпачынак на Свіцязь, — расказвае Жанна Абрамовіч.
Жыццё ў “Сівізне” віруе. Напярэдадні Свята працы з удзельнікамі клуба сустрэўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, устаноў і арганізацый. Атмасфера адразу склалася святочна-добразычлівая, а тэм для размовы было нямала.
Дзмітрый Бурдук падкрэсліў, што клопат і падтрымка пажылых — адзін з асноўных накірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы, узгадаўшы вядомае: будучыня ёсць у той краіны, якая клапоціцца пра малых і старых. Ён расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, падрыхтоўку да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013″.
Галоўны спецыяліст па аздараўленні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Ніна Плескацэвіч растлумачыла парадак атрымання пуцёвак у санаторыі і прафілакторыі. Нагадала, што ў летні перыяд аплачваецца ад 20 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, у зімовы — ад 15 працэнтаў. Дарэчы, сёлета ў першым квартале 7 ветэранаў паправілі сваё здароўе і адпачылі ў здраўніцах, а ў другім яшчэ 8 сталых землякоў зробяць гэта.
Банкаўскія прапановы прэзентавала вядучы спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №117 ААТ “Беларусбанк” Наталля Грыгаровіч.
Удзельнікі “Сівізны” цікавіліся ў кіраўніцтва раёна, якія рамонтныя работы будуць выкананы ў горадзе ў бліжэйшы час, называліся і канкрэтныя адрасы. Уздымаліся пытанні медыцынскага абслугоўвання, набыцця новых касцюмаў для удзельнікаў “Сівізны” і іншыя. Усе звароты кіраўнік раёна паабяцаў разгледзець, іх вырашэнне трымаць пад кантролем.
І якая ж “Сівізна” без песні! Прыгожа і натхнёна спяваў калектыў. А літаральна днямі ў СШ № 1 удзельнікі клуба правялі вечар “Памяць”, прымеркаваны да Дня Перамогі.
Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. Спыніць час – гэта рэальна, ці заўсёды маладая “Сівізна” / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2013. – 8 мая (№ 34). – С. 3.
Двойчы на тыдзень і без спазненняў
Фірменны почырк «Сівізны» – шчырасць і «эфект нерухомасці».
Мне запомніўся школьны канцэрт, які ладзіўся напярэдадні свята Перамогі. Песні, вершы, творчыя нумары ў выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак. У зале было шумна: вядома ж, моладзь робіць тысячу спраў адначасова.
– Для вас спявае народны клуб ветэранаў вайны і працы «Сівізна» раённага метадычнага цэнтра, – аб’явіў вядучы.
Загучаў баян, па нарастаючай далучылася меладычнае шматгалоссе: «Эх, дороги, пыль да туман».
Вядомыя словы і матыў, а пачуццё – нібы чуеш упершыню. Усе, хто ў той момант адключыўся на тэлефон, адклалі гаджэты і перавялі ўвагу на харыстаў. Зала слухала, зала правяла некалькі хвілін у моцным захапленні. Гэта і ёсць фірменны почырк «Сівізны».
Трымае марку яна цвёрда і ўпэўнена. Прайшло больш за дзесяцігоддзе, і я ў закуліссі канцэртнага жыцця гэтага ўнікальнага мастацкага калектыву. На рэпетыцыі цёпла, утульна, так па-дамашняму, нібы трапіў на вячэрні агеньчык. Гучыць глыбокая, пяшчотная песня, ледзь стрымліваеш слёзы – «Маміна вішня» на верш нашага земляка паэта Леаніда Пранчака. Музыку напісаў акампаніятар «Сівізны» Іван Пішч.
Кіраўнік клуба Жанна Абрамовіч пераканана:
– Можна мець выдатныя вакальныя даныя, але без шчырасці і любві песня прагучыць, калі так можна сказаць, міма. Удзельнікі «Сівізны» ведаюць, пра што спяваюць. Жыццё ў кожнага насычанае, а вопыт не проста вялікі – бясцэнны: яны ўздымалі цаліну, будавалі, аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку, вучылі…Нам ёсць што сказаць-расказаць, і робім мы гэта праз песню.
Праз песні да сэрцаў і пачуццяў, заўсёды трапна і з любоўю вось ужо 25 гадоў «Сівізна» ўражвае гледачоў-слухачоў, упрыгожвае сваёй творчасцю раённыя святы. Ведаюць нашых не толькі на Ляхавіччыне. Фэсты, конкурсы, агляды – калі падлічыць, далі за тысячу канцэртаў. На жаль, не заўсёды ёсць транспарт, каб даехаць на чарговую творчую сустрэчу ў іншы горад.
Двойчы на тыдзень па панядзелках і чацвяргах у 14.00 у гарадскім Доме культуры. Быць абавязкова і без спазненняў: рэпетыцыя.
Акампаніятар Аляксандр Гуліцкі жартуе, што гэта адзіны калектыў раёна, які поўным саставам прыходзіць на рэпетыцыі і ніколі не спазняецца.
З першых дзён у клубе Алена Анушкевіч, Тамара Шпак, Інэса Білан, Соф’я Кісель, Раіса Сініца, Ніна Астравух. Гэта як жа трэба любіць песню, любіць і паважаць «Сівізну», каб столькі часу быць побач.
– Проста сюды хочацца прыйсці, як магнітам цягне. Спяваем тое, што падабаецца, да чаго ляжыць душа, ды і спяваем таму, што без гэтага не можам жыць. Мы – сябры, і стаж нашых стасункаў ужо чвэрць стагоддзя. Нават не верыцца. Колькі прайшло часу, колькі мы ездзілі з канцэртамі – не злічыш. Ды і запланавана нямала, – расказвае Алена Анушкевіч.
У 93-м зацікаўленыя Сяргей Сазановіч і Надзея Папко (першыя музычныя кіраўнікі «Сівізны») сабралі вакол сябе такіх жа «агеньчыкаў», нераўнадушных і энергічных. Тады гэта быў хор ветэранаў-педагогаў. І пачалі спяваць. Праз шэсць гадоў калектыў абараніў статус «народнага». І з тых пор яго годна пацвярджае.
Дарэчы, сакрэт поспеху ўдзельнікі клуба бачаць і ў сваім кіраўніку. У адзін голас сцвярджаюць: у яе талент і не толькі музычны. Атрымалася з’яднаць 26 вельмі дарослых людзей з рознымі характарамі, штодзённым зменлівым настроем і сваімі густамі. З Жаннай Анатольеўнай, гавораць, вельмі проста, яна разумее, падтрымлівае. А якія выдае ідэі! За іх увасабленне бяруцца з вялікім энтузіязмам.
У клубе працуюць дзве секцыі: вакальна-харавая і тэатральная.
З першай зразумела. А вось у тым, што ўдзельнікі «Сівізны» –
выдатныя акцёры, землякі ўпэўніліся пасля прагляду іх пастаноўкі «У вайны не жаночы твар» па творы Святланы Алексіевіч. З тэатральным візітам пабываў клуб і ў ЛДАКу. «Эфект нерухомасці» спрацаваў і там.
Яны ўмеюць стварыць свята і для сябе. Свой сярэбраны юбілей адзначылі па-сямейнаму. Людзі, якія прыйшлі на свята, словы-ўспаміны, што гучалі, бясцэнныя. Сярод гасцей – і дзеці былых удзельнікаў клуба. Эксклюзіўныя кадры і відэазапісы першых выступлен-няў, тэксты песень, перапісаныя ад рукі, – усё гэта цяпер у імправізаваным музеі калектыву. «Сівізна» як часавы партал, вяртае ў мінулае. І хоць Валянціна Смаль больш не выступае, на юбілейным вечары разам з Соф’яй Кісель, як раней, выканала любімую песню.
Моцнае, надзейнае і па-сапраўднаму дружнае ў «Сівізны» мужчынскае гучанне. Нельга ўстаяць, калі чуеш у іх выка-нанні «Что так сердце, что так сердце растревожено…».
Ёсць у клуба і свой гімн, аўтар якога Леанід Швед. Пра тое, што для яго гэтыя творчыя сустрэчы, падказаў знайсці адказ якраз у гімне:
«Мы радуем своими голосами,
Как в те ушедшие года.
Поют ребята с белыми висками,
И наша юность с нами навсегда».
А Іван Татарыновіч тут, у клубе, пазнаёміўся… са сваім суседам Віктарам Алейнікам. Цяпер яны лепшыя сябры.
І ў кожнага ўдзельніка «Сівізны» свае прычыны прыходзіць сюды двойчы на тыдзень і без спазнення. Спяваць, ствараць, абмяркоўваць, дзяліцца навінамі і працягваць здзіўляць…
Маргарыта КУХТА.
Кухта, М. Двойчы на тыдзень і без спазненняў / Маргарыт Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – (№ 2-3) – 10 студзеня. – С. 9.
Пад акампанемент маладосці
“Вторая молодость приходит, к тому, кто первую сберег…” Я заўсёды ўспамінаю гэтыя радкі з песні, калі даводзіцца сустракацца з народным хорам народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”. Проста дзіва, якія гэта маладыя людзі ў свае 60-70-80 гадоў! Як свецяцца вочы, як імкнуцца іх сэрцы да прыгожага, добрага, незвычайнага. Яны цікавяцца, здаецца, усім: дзе што адбываецца, якіх поспехаў хто дасягнуў, нават эканамічнымі паказчыкамі раёна. Яны проста любяць жыццё і даражаць кожным пражытым днём, прычым напаўняючы яго падзеямі, здабыткамі, радасцю, настроем…
Падумалася пра іх маладосць, якую, згодна песні, яны павінны былі зберагчы. Якой яна была? Калі не ваеннае ліхалецце выпала, то цяжкія пасляваенныя гады, у якія даводзілася не жыць, а выжываць. Дапамагала нейкая своеасаблівая энергія, утвораная глыбокай верай у светлы заўтрашні дзень, моцныя перакананні, што іх справа — самая справядлівая і вельмі патрэбная людзям. Гэта ў іх час нарадзілася песня “Раньше думай о Родине, а потом о себе”… Гэтыя радкі былі і ёсць па сённяшні дзень іх жыццёвым крэда.
Я даўно ведаю Фёдара Фёдаравіча Лойку. Вегэран Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ і ў пасляваенны перыяд у радах міліцыі знішчаў бандытаў на тэрыторыі Ляхавіччыны і суседніх раёнаў. Асабіста ўдзельнічаў у разгроме банды, якая арудавала ў нашых краях і вызначалася асаблівай жорсткасцю. Такім жа адданым патрыётам сваёй Айчыны ён застаўся і сёння. I ўзросту не паддаецца: актыўная жыццёвая пазіцыя яго — прыклад для многіх маладых людзей. Без Фёдара Фёдаравіча, здаецца, і харавы ка лектыў збяднеў бы, бо ён і тут завадатар: яго на дзіва малады голас выдзяляецца.
На долю Лізаветы Іванаўны Судэнка таксама выпала вайна. Яна не была на фронце, але зведапа нямала выпрабаванняў як работніца тылу: мазалі на руках, хранічная стомленасць, пастаяннае адчуванне голаду… Але, пэўна, маладосць брала сваё: усё вытрымала, дачакалася Перамогі. Яна сама з Украіны, а, як вядома, там дзяўчаты галасістыя. Часта спявала, была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Сваю любоў да песні Лізавета Іванаўна так і пранесла па жыцці. Сёння яна ўдзельніца “Сівізны”, выступае ў складзе жаночай групы хору.
Найбольш у самадзейным калектыве былых настаўнікаў. Спачатку работай былі аб’яднаны, а цяпер — песняй. I, як аказалася, акрамя педагагічнага таленту ў кожнага ёсць яшчэ схільнасці да творчасці. Заслухаешся, калі спяваюць Уладзімір Сцяпанавіч Страмавус, Алена Іосіфаўна Анушкевіч, Валянціна Якаўлеўна Смаль, Тамара Андрэеўна Шпак, Ганна Мікалаеўна Вайшэвіч, Раіса Сямёнаўна Сініца, Лідзія Сільвестраўна Касміна, Таццяна Канстанцінаўна Ракуць. Пра кожнага ўдзельніка гэтага незвычайнага мастацкага калектыву можна расказваць бясконца, бо кожная ці кожны — чалавек-легенда. Жанчыны, як на падбор, усе гаспадыні, рукадзельніцы. А матулі, бабулі — самыя пяшчотныя і самыя лепшыя на свеце. Напэўна таму яны і аб’ядналіся ў калектыў, які стаў для іх вельмі блізкім і родным, нібы сям’я. На святы Алена Антонаўна Машэй, Клаўдзія Сяргееўна Здановіч, Ніна Мікалаеўна Астраух пякуць пірагі— самыя духмяныя. Абавязкова пачастуюць прысмакамі ўласнага прыгатавання Ніна Міхайлаўна Палівода, Зоя Іосіфаўна Кісель, Валянціна Пракоф’еўна Мацэнка, Інэса Рыгораўна Белан, Людміла Віктараўна Гніцецкая і іншыя жанчыны. Ёсць яшчэ “трыо” мужчын — Міхаіл Іванавіч Русакевіч, Анатолій Ільіч Урбановіч, Уладзімір Рыгоравіч Якавец — надзейныя, адказныя, клапатлівыя і самыя таленавітыя: спяваюць, чытаюць, накрываюць на стол, калі ёсць выпадак, скажам — напрыклад, дзень нараджэння калегі.
Творчасць “Сівізны” — калектыву, які стаў гонарам нашага раёна, даўно вядома і за межамі Ляхавіччыны. Іх запрашаюць на святы ў Баранавічы, нядаўна пабывалі ў Брэсце на фестывалі, які быў прысвечаны творчасці ветэранаў і называўся “Неспакойныя сэрцы”. Дарэчы, яны пакарылі там гледачоў і журы сваімі талентамі не толькі са сцэны. Жанчыны прывезлі на выставу свае работы — вышыванкі, вязанне. А ў танцах пераўзышлі ўсіх сваіх “сапернікаў” і забралі амаль усе прызы.
Можна сказаць, што гэтыя людзі душой прыкіпелі адзін да другога. Святы, адпачынкі, паездкі на экскурсіі — усё разам. Прычым дастаткова нечай ініцыятывы, і ўсе будуць гатовы. Сабраліся аднойчы і паехапі на шклозавод “Нёман”. Гэтая паездка стала незабыўнай. Спачатку з непадробнай зацікаўленасцю знаёміліся з працэсам вытворчасці шклянога посуду, пасля наведаліся ў старажытны Навагрудак, нават падняліся на Замкавую гару, любаваліся наваколлем. А на зваротным шляху адпачывалі на Свіцязі: песні ляхавічан несліся над славутым возерам.
Мінулая зіма была для самадзейных артыстаў гастрольнай. Якраз у перыяд справаздачнай кампаніі ў сельгаскааператывах раёна “Сівізну” запрашалі наперабой. Нікому не адмовілі. За шчасце ім былі апладысменты, якімі сустракалі хор ветэранаў у Тальмінавічах, Альхоўцах, Ганчарах, Коньках. Ліліся са сцэны песні іх маладосці, а значыць і многіх іх аднагодкаў, якія жывуць і працуюць у гэтых вёсках — народныя, лірычныя, ваенная тэматыка — спявае сама душа.
Да знамянальных датаў самадзейны калектыў рыхтуе канцэртныя праграмы. Нядаўна была сустрэча з прыхільнікамі іх творчасці ў гонар 20-годдзя ветэранскай арганізацыі. Тады кіраўнік хору Жанна Анатольеўна Абрамовіч была ўзнагароджана граматай савета ветэранаў, упраўленне па працы і сацыяльнай абароне адзначыла сваёй граматай творчасць Ніны Мікалаеўны Астраух, савет ветэранаў узнагародзіў яшчэ Міхаіла Іванавіча Русакевіча, Зою Іосіфаўну Кісель, Клаўдзію Сяргееўну Здановіч. У памяці кожнага ўдзельніка “Сівізны” была вясна, май, калі старшыня выканкома Іван Іванавіч Клішэўскі асабіста кожнаму з гэтых заслужаных людзей вы- казаў падзяку, уручыў граматы….
Разам на сцэне, разам на асабістых святах, разам і ў горы. Нядаўна не стала членаў самадзейнага калектыву ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Сцяпанавіча Стасевіча, Міхаіла Аляксеевіча Некрашэвіча, Мікалая Сяргеевіча Бабкова. Светлую памяць пра іх яны пранясуць праз усёжыццё.
Цудоўныя, мілыя, добрыя, спагадлівыя нашы ветэраны, лепшыя жыццёвыя настаўнікі, самыя сумленныя і справядлівыя. Няхай Бог дае сілы, энергіі, здароўя на доўгія гады і новых песень — самых душэўных і меладычных, праспяваных пад нязменны акампанемент баяна Аляксандра Гуліцкага.
Аліна ЛАПІЧ.
Лапіч, А. Пад акампанемент маладосці / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2007. – 28 сакавіка.
“Сівізна” як прыкмета маладосці
Гэтымі днямі адзначае 30-годдзе ветэранская арганізацыя Ляхавіцкага раёна
Баян задае тон, узлятае, звініць песня. На сцэне – хор народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна” раённага метадычнага цэнтра. Кожнае выступленне калектыву напоўнена асаблівай цеплынёй і адухоўленасцю. Не артысты, але вельмі артыстычныя, не спевакі, але пявучыя: 28 актыўных, творчых, маладых душой і неспакойных сэрцам. Раней яны працавалі ў сельскай гаспадарцы, адукацыі і іншых сферах. А сёння клуб для іх сапраўдная аддушына. З радасцю сустракаюцца, адпачываюць, адзначаюць святы, абмяркоўваюць падзеі і навіны, падтрымліваюць адзін аднаго. Двойчы на тыдзень – у панядзелак і чацвер – “Сівізна” рэпеціруе. Многія з яе ўдзельнікаў менавіта тут раскрылі здольнасці, пра якія нават не падазравалі. Кожная рэпетыцыя – свята душы, а выступленне – феерверк эмоцый, якія яны шчодра дораць гледачам.
Шлях “Сівізны” пачаўся ў 1993 годзе. Яго першымі кіраўнікамі сталі Сяргей Сазановіч і Надзея Папко, а ўдзельнікамі – у асноўным педагогі горада. Сяргей Георгіевіч узгадвае, як стваралі хор, складалі рэпертуар, імкнуліся заслужыць прызнанне землякоў.
Усё атрымалася! Праз 6 гадоў клубу было прысвоена званне народнага.
З дня заснавання ў клубе Алена Анушкевіч. З “Сівізной” у яе звязаны самыя цёплыя асацыяцыі:
– Больш як за 2 дзесяцігоддзі з гастролямі накруцілі сотні кіламетраў, праспявалі незлічоную колькасць песень. Аб’ездзілі ўздоўж і ўпоперак свой раён і суседнія. Усюды нас горача віталі, шчыра запрашалі. Кожная сустрэча – памятная. Ездзілі на экскурсіі ў Нясвіж, Мір, Навагрудак і іншыя мясціны, адпачывалі на прыродзе, радаваліся новым канцэртным касцюмам. Мы ж іх спачатку пазычалі ў Начы, потым нам пашылі блузкі са спадніцамі. Пасля ўбраліся ў чырвоныя сукенкі з белымі шалікамі – і нібы мінус гадоў дзесяць. За кулісамі хвалюемся, а калі выходзім на сцэну – куды толькі што дзяецца. Мы падтрымліваем людзей, і яны нас падтрымліваюць. Хор для мяне – своеасаблівы эліксір здароўя, душэўны бальзам.
Са старажылаў у клубе і Соф’я Кісель, не прапускае рэпетыцый, канцэртаў.
За гады зрадніліся з калектывам сённяшні кіраўнік клуба Жанна Абрамовіч, якая з ім каля двух дзесяцігоддзяў, акампаніятары Аляксандр Гуліцкі і Іван Пішч.
Спявае “Сівізна” пра жыццё, родны край, пра ручай, лугавы рамонак… – вельмі блізкае, сваё. Праграма ветэранскіх выступленняў заўсёды цікавая і насычаная. Песні чаргуюцца з вершамі, самадзейныя артысты могуць паказаць і танцавальны майстар-клас. Асобнае месца ў рэпертуары займаюць беларускія песні і песні Вялікай Перамогі. Патрыятычнае выхаванне для ветэранаў – святая і дарагая тэма.
Жанна Абрамовіч расказвае:
– Да 9 Мая штогод рыхтуемся з асаблівым настроем. У кожнага з нас свой боль, звязаны з вайной. Песняй расказваем школьнікам, моладзі, усім землякам пра тыя падзеі, пра памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні.
Да нядаўняга часу ў калектыве спявалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка, работніца тылу Лізавета Судэнка. На жаль, гады і здароўе ўжо не дазваляюць хадзіць на рэпетыцыі і ездзіць з канцэртамі. Але яны і сёння не забываюць сваіх сяброў, цікавяцца справамі, як і Клаўдзія Здановіч, Валянціна Смаль, Міхаіл Русакевіч, Вольга Гаўрыленка і іншыя, хто думкамі заўсёды з хорам. Ганна Вайшэвіч пераехала ў сталіцу, але не парывае сувязі з клубам, выпісвае “Ляхавіцкі веснік”, каб быць у курсе навін пра раён і пра любімы калектыў.
Сустрэчы са школьнікамі, землякамі, фестывалі, конкурсы – жыццё “Сівізны” ў пастаянным руху і справах. Без яе не абыходзяцца калядныя і велікодныя дні, свята беларускай мовы. Ветэраны – актыўныя ўдзельнікі не толькі канцэртаў, але і разнастайных спаборніцтваў. А сяброўства са школамі, аграрным каледжам, раённым саветам ветэранаў, таварыствам інвалідаў, Чырвоным Крыжам, бібліятэкай і іншымі грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі напаўняе іх жыццё і творчасць асаблівым сэнсам, надае пазітыўны імпульс.
клубе ветэранаў вайны і працы рады ўсім, хто вырашыў да іх далучыцца. І не абавязкова ўмець спяваць, можна праявіць сябе, напрыклад, у дэкламацыі вершаў. Удзельнікі “Сівізны” – актыўныя члены клуба “Залаты ўзрост” пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Старшыня “Сівізны” Уладзімір Якавец дзеліцца:
– Я родам, як кажуць, з Савецкага Саюза. Шмат дзе быў, многае пабачыў і ніколі не развітваўся з песняй. Усё жыццё будаваў дарогі, а калі выйшаў на пенсію – асеў з сям’ёй у Ляхавічах. Многа чуў пра “Сівізну”. Аднойчы пайшоў на канцэрт у ГДК, дзе і пазнаёміўся з творчасцю ветэранаў. З таго часу з імі. Да кожнага выступлення рыхтуемся як да самага важнага, галоўнага. Калі ў зале нам падпяваюць, калі бачым слёзы ў гледачоў – гэта самая высокая адзнака нашай творчасці. Падабаецца спяваць разам з дзецьмі і для іх. У такія імгненні не адчуваеш узросту. З хваляваннем наведваем землякоў у доме сумеснага пражывання ў Ганчарах, ва ўчастковай бальніцы ў Крывошыне. Такія гасцяванні патрэбны і нам, і ім.
Для Марыі Біза “Сівізна” за дзесяцігоддзе стала сапраўднай сям’ёй:
– На сустрэчу з сябрамі ў клуб прыходзім і ў дождж, і ў снег, і ў спякоту. Захоўваю разам з сямейнымі фотаздымкамі “гастрольныя”. Збіраю, і не толькі я, усе публікацыі пра нас. Амаль 7 гадоў мінула, як былі ўдзельнікамі абласнога фестывалю творчасці ветэранаў вайны і працы “Неспакойныя сэрцы” ў Брэсце, а і сёння ў дэталях памятаю тую паездку. Прыехалі калектывы з усіх раёнаў. Было ўрачыста і вельмі святочна.
Алена Анушкевіч, Людміла Гніцецкая, Фёдар Траццяк аформілі своеасаблівы летапіс клуба ветэранаў вайны і працы – фотаальбом, дзе акрамя памятных здымкаў на старонках прозвішчы былых удзельнікаў “Сівізны”, многія шчымлівыя моманты.
Амаль чвэрць стагоддзя народны клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна” аб’ядноўвае людзей шаноўнага ўзросту, не стамляецца дарыць цяпло іншым. Не важна, колькі табе гадоў, гавораць яны, важна на колькі ты сябе адчуваеш. Гледзячы на іх актыўнасць, бляск у вачах, нават не верыцца, што гэта ветэраны. Планаў і задумак у гэтых творчых людзей шмат. Дарэчы, нядаўна калектыў паспяхова пацвердзіў званне народнага. Жанна Абрамовіч прыгадвае, што зараз рыхтуюцца да велікоднай сустрэчы, конкурсу “Памяць мацней за час” і, канешне, Дня Перамогі. А яшчэ хочуць арганізаваць свята, на якім кожны раскажа пра сваю малую радзіму, успомніць народныя традыцыі і звычаі. Запланаваны таксама вечар духоўнай песні і рускага раманса. Ды ці мала яшчэ спраў у нераўнадушных і зацікаўленых!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. “Сівізна” як прыкмета маладосці / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 15 сакавика(№ 19). – С. 4.