Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Калектывы аматарскай мастацкай творчасці
“Вечарніца” на біс
Жыхары аднаго з першых у раёне аграгарадкоў Навасёлкі не толькі добра працуюць, ад душы шчыруюць на сваіх прысядзібных участках, але і змястоўна ладзяць свой вольны час. Навасёлкаўцы лёгкія на пад’ём, таму любую цікавую ініцыятыву падхопліваюць. Яшчэ ў 1990 годзе мастацкі кіраўнік мясцовага СДК няўрымслівая і вельмі творчая Таццяна Пішч сабрала вакол сябе аднавяскоўцаў — настаўнікаў, культработнікаў, сельгасвытворцаў — жанчын і мужчын, якія любяць і ўмеюць прыгожа спяваць. Так нарадзіўся ансамбль песні “Вечарніца”. З таго часу самадзейны калектыў радуе сваёй творчасцю не толькі землякоў — з поспехам выступае на разнастайных сцэнічных пляцоўках, у тым ліку, за межамі Ляхавіччыны. “Вечарніца” — часты і жаданы госць у Баранавіцкім, Нясвіжскім, Бярозаўскім, Жабінкаўскім раёнах, дзе з задавальненнем і нязменным поспехам выступае на святах, фестывалях, сустрэчах.
Удзельнікі ансамбля — розныя па ўзросце і па прафесіі, але аб’ядноўваюць іх любоў да народнай музыкі і песні, жаданне ствараць свята і дарыць радасць іншым. Яны пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку, удасканальваюцца ў выканальніцкім майстэрстве. З непадробным інтарэсам і жаданнем прымаюць удзел ва ўсіх культурных мерапрыемствах, якія ладзяцца на Ляхавіччыне.
Рэпертуар ансамбля багаты, у яго ўваходзяць беларускія, рускія і ўкраінскія народныя песні, сучасныя творы і творы самадзейных аўтараў, у тым ліку і тутэйшых. Кожны нумар “Вечарніцы” — адметны, запамінальны, бо выконваецца з душой і ад душы. Канцэртныя праграмы ансамбля складаюцца не толькі з песень ці рамансаў, рэпертуар удала дапаўняюць гумарыстычныя замалёўкі, прыпеўкі. Цяпер “Вечарніца” не проста ансамбль, а клуб аматараў песні, гульні і гумару. У бліжэйшых планах калектыву — распрацоўка новага рэпертуару, рэалізацыя цікавых задумак і ідэй і, канешне, новыя выступленні. А землякі ”Вечарніцу” любяць, шануюць і заўсёды з нецярпеннем чакаюць новых сустрэч з самадзейнымі артыстамі.
Наталля ГАРАХОВІЧ,
метадыст раённага
метадычнага цэнтра.
Гараховіч, Н. “Вечарніца” на біс / Наталля Гараховіч // Ляхавіцкі веснік. – 2013. – 10 красавіка (№ 27). – С. 2.
Аб чым спявае “Вечарніца”
Удзельнікаў народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры аб’ядноўвае жаданне дарыць радасць людзям.
Калі паглядзець значэнне слова “вечарніца” ў слоўніку, то знойдзем наступнае: гэта расліна з сямейства капусных (крыжакветных), у народзе яе называюць начной фіялкай.
У Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры 9 разнастайных гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў. Сярод іх выдзяляецца народны клуб аматараў пес’ні, гумару і гульні “Вечарніца”. Па словах дырэктара Дома культуры Наталлі Пражогі, “Вечарніца” – асаблівая старонка ў культурным жыцці не толькі аграгарадка, але і раёна, бо гэты гурт з нецярпеннем чакаюць і з радасцю сустракаюць усюды.
Навасёлкаўская “начная фіялка” існуе ўжо больш за 20 год. “Я прыйшла сюды працаваць адразу пасля таго, як скончыла Гродзенскі педінстытут, – расказвае Таццяна Пішч, якую ўсе тут завуць ляхавіцкай Лявоніхай, – хоць мая спецыяльнасць – настаўнік музыкі і спеваў і музычны кіраўнік у дзіцячым садку. А калісьці даўно я марыла стаць спартсменкай, бо займалася гандболам, была нават чэмпіёнкай Брэсцкай вобласці. Вельмі сур’ёзна займалася, але маці сказала ісці ў музыку, адправіла мяне ў музычную школу, якую скончыла па класе фартэпіяна. Хацела ў школе працаваць у Баранавіцкім раёне, але там былі вакансіі толькі піянерважатай. Зноў жа маці прапанавала вярнуцца на малую радзіму. Так я трапіла ў гэты калектыў. 3 цягам часу стала яго кіраўніком”.
Інакш быць не магло: прыгожая, энергічная, ініцыятыўная, сапраўдная, шчырая, завадная, непрадказальная і вельмі ўлюбёная ў народныя песні, жарты, прыпеўкі і танцы жанчына, якая ўмее ствараць вакол сябе атмасферу свята і радасці. Муж у такой жанчыны павінен быць таксама ўлюбёным у народную культуру. Так і атрымалася: Іван Пішч – акампаніятар і музыкант у “Вечарніцы”.
Калі Таццяна толькі прыехала ў вёску, тут была жаночая фальклорная група пры Доме культуры, але праз некаторы час з-за ўзросту ўдзельніц яна распалася. Наша Лявоніха арганізавала сваю вакальную жаночую групу. У 2004 годзе Таццяна Пішч стала пераможцай абласнога конкурсу культарганізатараў “Берасцейскія забаўлянкі”. З’ездзіла на вучобу ў Мінск, а вярнуўшыся адтуль, вырашыла, што хоча мець ансамбль. Так і расцвіла “Вечарніца”, якую добра ведаюць далёка за межамі вёскі. Гэты самабытны творчы калектыў – часты ўдзельнік фестываляў, конкурсаў, фальклорных свят і справаздачных канцэртаў, якія праходзяць на розных сцэнічных пляцоўках Брэстчыны. Абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”, святы “Ляці, наша песня”, “Берасцейскія забаўлянкі”, “Захапленні на любы густ” – далёка не поўны пералік конкурсаў-аглядаў, адкуль “Вечарніца” вярталася дамоў з дыпломамі пераможцаў.
У калектыву ёсць свой сакрэт: яны не проста спяваюць і танцуюць, а кожнае выступленне ператвараюць у міні-спектакль, дзе да месца прыходзяцца і песні, і танцы, і народны гумар, а таксама сэрцы і душы людзей, што не адзін год аддалі мастацтву. Талент “Вечарніцы” быў заўважаны, і ў канцы 2013 года рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь клубу было прысвоена званне “Народны”.
У калектыве розныя па прафесіях і ўзросце людзі: тут і кіраўнік справамі Навасёлкаўскага сельвыканкама, і настаўніца гісторыі мясцовай школы, і выхавальніца дзіцячага садка, і стараста вёскі, і многія іншыя. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да песні і жаданне дарыць радасць людзям.
“Так атрымалася, што я – адна з першых удзельніц калектыву, – расказвае Таццяна Канецпольская, – Прыйшла калісьці яшчэ ў проста вакальную групу Навасёлкаўскага СДК. Колькі песень спета! Колькі канцэртаў дадзена! Напэўна, не змагу падлічыць. За больш чым 20 гадоў многае змянілася ў маім жыцці: мянялася месца работы, выраслі двое дзяцей. А “Вечарніца” застаецца, мы з ёй – разам, на адной хвалі. Не ўяўляю свайго жыцця без сябровак па клубе. На рэпетыцыі спяшаешся заўсёды – можа, таму і ўсе хатнія справы робяцца хутка. Я з тых, каму песня і будаваць, і жыць дапамагае. Колькі сябе памятаю, спяваю”.
А вось Таццяна Булатая адносна нядаўна ў калектыве, але прырасла да яго душой: “Некалькі год таму наша сям’я прымала ўдзел у раённым туры конкурсу “Уладар сяла”. Давялося там, заспяваць. Таццяна Пішч пасля выступлення запрасіла мяне на рэпетыцыю клуба. 3 таго часу “Вечарніца” трывала ўвайшла ў маё жыццё і жыццё маёй сям’і. Муж Віктар і пяцігадовая дачушка часта прысутнічаюць на рэпетыцыях, а дачка спявае ў дзіцячым садку – расце змена для “Вечарніцы”, – дзеліцца думкамі маладая жанчына. – Гавораць, сям’я – 7 “я”. Так і ў нашым ансамблі – 7 чалавек. Значыць, мы – сапраўдная сям’я ў яе класічным разуменні. Прычым творчая, дружная, пра- вераная часам”.
Сцвярджаюць, пах вечарніцы – начной фіялкі – узмацняецца вечарамі, бо менавіта ў гэты час сутак яна асабліва прыгожая і пяшчотная, пялёсткі максімальна раскрытыя. Ляхавіцкая “Вечарніца” дорыць свой талент незалежна ад часу сутак, але яна такая ж далікатная, як гэтая кветка.
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна,
Ляхавіцкі раён.
Івашчанка, Г. Аб чым спявае “Вечарніца” / Ганна Івашчанка // Народная трыбуна. – 2015. – 12 чэрвеня (№ 24). – С. 11.
Iнфармацыя аб творчай дзейнасцi народнпга клуба
аматараў песні,гумару і гульні «Вечарнiца»
Навасёлкаускага СДК, Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца”, быў створаны пры Навасёлкаўскім СДК у 1990 годзе. Колькасць удзельнікаў – 8, узростам ад 16 да 57 гадоў.
Спачатку гэта быў ансамбль песні “Вечарніца”. У працэсе работы ансамбля вызначыліся такія накірункі творчай дзейнасці як: гульня, гумар. Менавіта гэтая творчая рознапланавасць калектыву, а таксама імкненне поўна раскрыць творчы і інтэлектуальны патэнцыял удзельнікаў паспрыялі таму, што з цягам часу ансамбль песні быў пераўтвораны ў клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца”.
Нязменным кiраўнiком гэтага калектыву з’яўляецца Пiшч Таццяна Аляксееўна. На працягу ўсей дзейнасці клуб выконвае творы розных напрамкаў: рускiя i беларускiя песні, народныя творы ў апрацоўцы, гумарыстычныя замалеўкі, фельетоны, гумарэскі, звяртаецца да твораў самадзейных аўтараў і кампазітараў, сярод іх вершы нашага знакамітага земляка – паэта Леанiда Пранчака, музыку да якiх пiша ўдзельнік клуба аматараў песні,гумару і гульні “Вечарніца” акампанiятар Iван Іванавіч Пiшч.
Клуб аматарау песні, гульні і гумару «Вечарнiца» – гэта важнае звяно ў сувязi: дзецi-дарослыя. Дзецi, якiя займаюцца ў гуртках пры Навасёлкаўскім СДК, з вялiкай цiкавасцю сочаць за рэпертуарам i выступленнямi ўдзельнікаў клуба. Гэта добры прыклад для пераемнасцi пакаленняў, якiм i з’яўляецца дзiцячы калектыў «Сузор’е», якім таксама кіруе Пішч Татьяна Як вядома, з такiх сумесных творчых аб’яднанняў пачынаюць свой творчы шлях шматлiкiя будучыя прафесiяналы.
На працягу ўжо многiх гадоў калектыў працуе зладжана i самааддана. Пастаянны пошук новых форм дзейнасці, абнаўленне рэпертуару, выяўлення новых талентаў спрыяе бесперапыннаму развіццю клуба. Шмат увагi надаецца павышэнню ўзроўня выканаўчага майстэрства. Актыўная дзейнасць клуба праходзiць пад жывы акампанемент. У клубе з’явiлiся дуэты, трыо, квартэты. Iх рэпертуар складзены як з народных песень, так i з аўтарскiх. Калектыў на працягу свайго існавання стварае цікавые гумарыстычна – гульнёвыя праграмы.
Народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарнiца» – ўдзельнiк Рэспубліканскай ярмаркі “Щедрая осень” у г. Мінску (2014г.), удзельнік свята “Летнік рамёстваў” у рамках творчага праекта “Палескі гасцінец” а/г Моталь Іванаўскага раёну (2014г.), абласнога свята працаўнікоў сяла “ Дажынкі-2015” у г. Іванава, удзельнік «Свята бульбы» у г. Баранавічы (2015г.) , удзельнік абласнога агляду– конкурсу “Берастейскія забаўлянкі” з канцэртна – гульнявая праграма “На базары я была”(2015г.), удзельнік 7 міжнароднага фестывалю “Мотальскія прысмакі”(2015г.), удзельнік народнага свята “Купалле” у г. Іванава(2015г.), раённага свята патрыятычнай, ваеннай і афганскай песнi «Памяць», раённага свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”, раённага этапа Рэспубліканскага прафсаюзнага кункурсу творчасці працоўных калектываў “Новые имена Беларуси-2016” і ўдзельнік іншых многіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у горадзе і раёне.
Выступленне народнага клуба «Вечарнiца» неаднаразова адзначалася дыпломамi i ўзнагародамi. Вясёлыя i задорныя песнi народнага клуба «Вечарнiца» гучаць на раённых кiрмашах, на свяце-ушанаваннi працаўнiкоў сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi аграпрамысловага комплексу, на раённым свяце адкрыцціяНавагодняй ёлкі, на раённым свяце “Гуканне вясны”. Народны клуб «Вечарнiца» выязджае з канцэртамi па-за межы раёна: Сталовiцкi СДК (Баранавiцкi раён), Агарэвіцкі СДК (Ганцавіцкі раён), а/г Моталь (Іванаўскі раён).
Народны клуба «Вечарнiца» часты госць у калег Ляхавiцкага раёна. Вялiкая ўвага надаецца канцэртнаму абслугоўванню жыхароў аграгарадкоў i маланаселеных вёсак. Народны клуба «Вечарнiца» з’яўляецца частым госцем ў сваiх суседзяў, у вёсках Лотва, Гарбачы, Станчакі, Русінавічы, Зубелевічы, Адахаўшчына, Тухавічы i iншых. У час уборачнай страды песнi ансамбля гучаць на палявым стане, зернатоку, ворахасушыльным пункце.
У 2015 годзе калектыву народнага клуба «Вечарнiца» споўнiлася 25 гадоў. З нагоды была падрыхтавана i праведзена святочная праграма «25-святкуем разам». Кожны ўдзельнік калектыву быў адзначаны ўдзячным пісьмом ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама за прапаганду і развіццё народнай песеннай творчасці і ў сувязі з 25-гадовым юбілеем калектыву.
Калектыў пастаянна знаходзіцца у творчым пошуку, удасканальваецца ў выканальніцкім майстэрстве.
Праграммы калектыву складваюцца не толькі з песень,рэпертуар удала дапаўняюць гумарыстычныя замалёўкі, цікавыя гульнёвыя моманты. У бліжэйшых планах калектыву – распрацоўка новага рэпертуару, рэалізацыя цікавых задумак і ідэй і, канешне, новыя выступленні.
Галоўнай мэтай стварэння клуба, стала аб’яднанне аднадумцаў, а таксама любоў да народнай песні, да народнага гумару, гульні, жаданне ствараць свята і дарыць радасць іншым. Спачатку гэта была жаночая вакальная група, якая з цягам часу пераўтварылася ў ансамбль песнi «Вечарнiца». А сёння гэта крэатыўны, запатрабаваны і вельмі ўлюбёны ў сваю справу народны клуб аматарау песні, гульні і гумару «Вечарнiца».
Кiраўнiк народнага клуба аматараў
песні, гумару і гульні “Вечарнiца” Т.А.Пiшч
Добры вечар з «Вечарніцай»
У тым, што Ляхавіччына – край гасцінны, нікога пераконваць не трэба. Мінулагодні абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” стаў чарговым сведчаннем гэтага: Ляхавічы і ляхавічане хлебасольна сустракалі шматлікіх гасцей. А на ўездзе ў райцэнтр з бігборда усмешкай віталі усіх і сёння, дарэчы, таксама ўдзельнікі клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.
“Вечарніца” добра знаёмая не толькі землякам. Гэты самабытны творчы калектыў – заўсёдны ўдзельнік фестываляў, конкурсаў, фальклорных святаў і справа-здачных канцэртаў, якія праходзяць на розных сцэнічных пляцоўках Брэстчыны. Абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”, святы “Ляці, наша песня”, “Берасцейскія забаўлянкі”, “Захапленні на любы густ” – далёка не поўны пералік конкурсаў-аглядаў, адкуль “Вечарніца” вярталася дамоў з дыпломамі пераможцаў. Не толькі на другіх паглядзець, але і сябе паказаць змаглі самадзейныя артысты і ў сталіцы – горадзе-героі Мінску на “Залатым кірмашы”.
У таленавітых артыстаў з Навасёлак атрымалася знайсці ключык да душы слухача. Яны кожнае выступленне ператвараюць у міні-спектакль, дзе знаходзіцца месца і песні, і танцу, і народнаму гумару. Іх вылучае тонкае пачуццё гумару і яскравая манера выканання. Калектыў не перастае быць цікавым і запатрабаваным на працягу больш як 20 гадоў.
Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у апошні дзень 2013 года клубу аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” (мастацкі кіраўнік Таццяна Пішч) Навасёлкаўскага СДК прысвоена званне “народны”.
Шыкоўны і заслужаны падарунак да Новага года атрымалі ўдзельнікі клуба! У іх розныя прафесіі, але аб’яднаны яны любоўю да песні, жаданнем ствараць добры настрой, дарыць радасць іншым. Чатыры Таццяны, Наталля, Анастасія, Іван – гэта сённяшняя “Вечарніца”. Кіраўнік справамі Навасёлкаўскага сельвыканкама Таццяна Канецпольская, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства мясцовай школы Наталля Гуліцкая, выхавальнік дзіцячага сада Таццяна Трыфанава, выкладчык тэарэтычных дысцыплін Навасёлкаўскай школы мастацтваў Анастасія Васілеўская, фельчар-лабарант раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Булатая, акампаніятар Навасёлкаўскага СДК Іван Пішч, мастацкі кіраўнік СДК і “Вечарніцы”, стараста аграгарадка Навасёлкі, знакамітая ляхавіцкая Лявоніха – яна ж Таццяна Пішч – і ёсць клуб Навасёлкаўскага СДК. Дарэчы, гэту ўстанову культуры ўжо 34 гады ўзначальвае таленавіты арганізатар Наталля Пражога.
Сёння “Вечарніца” завітала ў гасцёўню “Ляхавіцкага весніка”, каб адказаць на галоўнае пытанне: што для вас “Вечарніца”?
Таццяна Канецпольская:
— Так атрымалася, што я – адна з першых удзельніц калектыву. Прыйшла калісьці ў яшчэ проста вакальную групу Навасёлкаўскага СДК. Колькі песень спета! Колькі канцэртаў дадзена! Напэўна, не змагу падлічыць. За больш чым 20 гадоў многае змянілася ў маім жыцці: мянялася месца работы, выраслі двое дзяцей. А “Вечарніца” застаецца разам, побач, на адной хвалі. Не ўяўляю свайго жыцця без сябровак па клубу. На рэпетыцыі спяшаешся заўсёды, можа таму і ўсе хатнія справы робяцца хутка. Я з тых, каму песня і будаваць, і жыць дапамагае. Колькі сябе памятаю, спяваю. А які цудоўны голас у маёй мамачкі Веры Адамаўны Лімант! Яна калісьці спявала ў Падлескім народным хоры. Любоў да песні ў мяне – ад яе.
Таццяна Трыфанава:
— Лічу, што мне пашчасціла. Трапіць у такі дружны калектыў, дзе ўсе любяць спяваць, тварыць – сапраўдная ўдача. І я ўхапіла яе за хвост! Чаму бязмежна рада. Родам я з Адахаўшчыны, пачала спяваць яшчэ ў школе. Калі прыехала па размеркаванні ў Навасёлкі, Таццяна Пішч прапанавала паспрабаваць выступіць на канцэрце. Спачатку спявала сольна, а потым стала ўдзельніцай “Вечарніцы”. 4 гады ў клубе – як адзін дзень. А жаданне спяваць, бачыць захапленне ў вачах гледачоў, адчуваць сваю карысць толькі ўзмацняецца.
Наталля Гуліцкая:
— Для мяне “Вечарніца” не проста песня – жыццё. Дзякуючы ансамблю, у якім удзельнічаю больш за 15 гадоў, змагла раскрыцца.
Памятаю, як збіраліся на першыя рэпетыцыі яшчэ ў старым будынку СДК. Спачатку спявала эстрадныя песні, а потым часцей – народныя. Вельмі сур’ёзна працуем над рэпертуарам, каб радаваць сваіх слухачоў і самім атрымліваць задавальненне ад кожнага выступлення.
Разам з удзельнікамі клуба адзначаем святы, дні нараджэння, абмяркоўваем праблемы. Нам добра і ўтульна разам. У “Вечарніцы” цудоўнае надвор’е!
Таццяна Булатая:
— 2 гады назад наша сям’я прымала ўдзел у раённым туры конкурсу “Уладар сяла”, ініцыяваным БРСМ. Давялося там заспяваць. Таццяна Пішч пасля выступлення запрасіла мяне на рэпетыцыю клуба. З таго часу “Вечарніца” трывала ўвайшла ў маё жыццё і жыццё маёй сям’і. Муж Віктар і пяцігадовая дачушка часта прысутнічаюць на рэпетыцыях, а дачка спявае ў дзіцячым садзе – расце змена для “Вечарніцы”.
Гавораць, сям’я – 7 “я”. Так і ў нашым ансамблі – 7 чалавек. Значыць, мы – сапраўдная сям’я ў яе класічным разуменні. Прычым, творчая, дружная, правераная часам.
Анастасія Васілеўская:
— Хачу параўнаць “Вечарніцу” з востравам, на якім можна схавацца ад надзённых праблем і клопатаў. Пагаворыш з дзяўчатамі – і на душы лягчэй. А як песню заспяваем ці сцэнку разыграем, дык і ўвогуле настрой падымаецца. Кожнае выступленне – гэта маленькая, але перажытая гісторыя, міні-спектакль. Нягледзячы на тое, што працую ў Навасёлках, а жыву ў Баранавічах, стараюся не прапускаць ніводнай рэпетыцыі. Кожная з іх прыносіць задавальненне, адкрывае нешта новае не толькі ў іншых, але і ў самой сабе.
Іван Пішч:
— Няўжо можа быць дрэнна сярод такіх таленавітых, артыстычных і прыгожых дзяўчат?! Таму інакш, як падарунак лёсу, “Вечарніцу” не называю. Многія здзіўляюцца, маўляў, вы з жонкай разам і дома, і на рабоце, няўжо не надакучыла? На самай справе, песня, сумесная творчасць аб’ядноўваюць, дапамагаюць лепш адчуць, пачуць і зразумець адзін аднаго.
У нас жывы гук, ніякай “фанеры”, баян ва ўсім сваім непаўторным гучанні.
А яшчэ з дапамогай “Вечарніцы” я стаў не толькі акампаніятарам і музыкантам, але і артыстам размоўнага жанру. Калі раней мяне ўспрымалі як дадатак да Лявоніхі, то цяпер журы нават назвала “яскравай” адмецінай на сцэне (смяецца). Вось і заўважылі! Рады і таму, што цяпер у ”Вечарніцы” і наш сын Аляксандр, ён – гукааператар.
Таццяна Пішч (Лявоніха):
— Няма розніцы: выступаць на абласной сцэне перад тысячнай аўдыторыяй ці на палявым стане перад некалькімі хлебаробамі. Галоўнае – адчуць слухача, прынесці яму радасць, падбадзёрыць. Для артыста гэта і ёсць шчасце і прызнанне адначасова.
Вельмі задаволена, што задуманае – аб’яднаць гумар і гульню з песенным рэпертуарам у адно цэлае – завяршылася стварэннем клуба аматараў песні, гумару і гульні.
Папулярныя творы, аўтарам слоў да якіх з’яўляецца наш зямляк – беларускі паэт Леанід Пранчак, а аўтарам музыкі – наш акампаніятар Іван Пішч. І хоць калектыў на сцэне старажыл, кожнае новае выступленне прымушае хвалявацца, перажываць, каб усё атрымалася добра, спадабалася і запомнілася слухачам. Вельмі важная цвёрдая ўпэўненасць: што б ні здарылася – дзяўчаты і Іван абавязкова падтрымаюць, падставяць плячо дапамогі.
Наталля Пражога:
— На сённяшні дзень у Навасёлкаўскім СДК 9 разнастайных клубных фарміраванняў: 5 гурткоў і 4 аматарскія аб’яднанні. Цяпер сярод іх ёсць і народны – “Вечарніца”. Гэта асаблівая старонка ў культурным жыцці не толькі аграгарадка Навасёлкі і бліжэйшых вёсак, але і раёна. Ансамбль з нецярпеннем чакаюць і з радасцю сустракаюць усюды.
У сваю чаргу, “Вечарніца” шчыра вітае і гасцінна запрашае!
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. Добры вечар з “Вечарніцай” / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 14 лютага.
На спеўкі да Пішчоў
Калі да быцця падыход творчы, намнога прасцей праходзіць праз усе жыццёвыя перыпетыі. І праблемы не палохаюць, яны становяцца сігналам, своеасаблівым штуршком штосьці змяніць. Такое жыццёвае крэда ў Таццяны і Івана Пішчоў з Навасёлак.
Па іх аграгарадскім адрасе даўно прапісалася творчасць і заўсёды крочыць побач, дзе б ні былі, якія б пытанні не вырашалі. Таму, калі паступіла прапанова прыняць удзел у новым музычна-забаўляльным праекце «Хата на хату» тэлеканала «Беларусь 3», не раздумваючы пачалі рыхтавацца… рыхтавацца здзіўляць.
Па задумцы арганізатараў, першы этап конкурсу прайшоў у фармаце застольнага караоке-шоу, дзе 20 сем’яў з розных куткоў краіны творча прымалі гасцей – вядучых музычнага конкурсу-спаборніцтва Ларысу Мятлеўскую і Івана Крука.
Для нашых землякоў такое запрашэнне стала чарговай магчымасцю паказаць, наколькі багатая на таленты ляхавіцкая зямля, прэзентаваць аграгарадок Навасёлкі, расказаць пра сваю сям’ю праз песні, звычаі, традыцыі, якія яны берагуць і прымнажаюць.
Таццяна – мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК. Яе непаўторную манеру выканання, звонкі голас, што гучыць у шматгалоссі народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» (які яна стварыла і кіруе), аднойчы пачуеш – і, упэўнена, ніколі не зблытаеш з іншым. Муж Іван таксама натура творчая – працуе акампаніятарам, а яшчэ піша песні на вершы мясцовых паэтаў. І запаўшыя ў яго душу радкі прыгожа кладуцца на ноты.
Разам з сынам Аляксандрам, які, дарэчы, сёлета стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, яны стварылі сямейны ансамбль «Забава». Дачка Дар’я хоць і звязала жыццё з эканомікай, ад мастацкай самадзейнасці ўсё ж не засталася ў баку – можа і станцаваць, і заспяваць.
– Сын яшчэ з пяці гадоў цвёрда вырашыў, што абавязкова стане артыстам. Залазіў на табурэтку і аб’яўляў: «Хачу і буду спяваць!». Так і атрымалася, – жартуе Іван Пішч. – У трынаццаць ужо гастраляваў з намі, сядзеў за апаратурай. А пасля ўвогуле далучыўся да «Вечарніцы». Такі спявак нам патрэбны.
Уступныя іспыты Саша прайшоў паспяхова, калі дакладней, то – выдатна. Такую адзнаку паставіла камісія пасля не зусім традыцыйнага для абітурыентаў выступлення: байкі, жарты, раманс пад гітару і, канешне, «вечарніцаўскі» вобраз і настрой – разнапланавасць пайшла толькі на карысць.
Ды ці магло быць інакш, калі пройдзена салідная «загартоўка» «Вечарніцай» і, канешне, спяваючымі мамай-татам.
Пішчы прызнаюцца, што часта іх дом ператвараецца ў імправізаваную студыю, дзе поўным ходам ідзе рэпетыцыя.
– Здаецца, на мове песняў і размаўляем, – з жартам гаворыць Таццяна.– Вось так у бытавых момантах, у спрэчках, штодзённых клопатах і нараджаюцца нашы сюжэты для канцэртаў.
Кожнае выступленне «Вечарніцы» – гэта шоу, свята гумару, дзе арыгінальнасць зашкальвае, як і ўзровень эмацыянальнасці тых, хто ў зале. Сапраўдная імправізацыя: сцэнарый мяняецца па ходзе дзеянняў, новыя сцэнкі нараджаюцца за кулісамі, іншы раз за пару хвілін да выхаду або увогуле на сцэне. Магчыма, у гэтым і сакрэт іх заўсёды шчырых, яркіх, завадных выступленняў. Пагадзіцеся, умець ствараць настрой – таксама талент.
Быць стыльнымі, сучаснымі, не падобнымі на іншых. Такое патрабаванне ў Пішчоў не толькі да мастацкай самадзейнасці – падзівіцеся на іх надворак: тут гаспадарыць парадак і крэатыўнасць у выкананні гаспадароў.
– Наша багацце – нашы традыцыі. Беражом, што засталося ў спадчыну. І талент, перакананы, адтуль, ад нашых бабуляў і дзядуляў. Гэта тое, што сёння дае сілы ствараць. А яшчэ творчае сілкаванне, натхненне, канешне, – у маёй сям’і, што заўсёды чакае дома, і ў сям’і, што пяшчотна завецца «Вечарніцай». Калі чарговы раз зала не шкадуе апладысментаў, я ведаю дзеля чаго жыву, – усміхаецца Таццяна.
Маргарыта КУХТА.
Кухта, М. На спеўкі да Пішчоў / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 13 снежня (№ 96) – С. 5.