Калектывы аматарскай мастацкай творчасці. “Крыніца”

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Калектывы аматарскай мастацкай творчасці

 

“Крыніца”

 

Канько, Г. Чыстыя галасы “Крыніцы”Культура Беларусі энцыклапедыя. Т. 5Лапіч, А. “Крыніца” маёй любвіЛапіч, А. Пастаўскі бальЛапіч, А. Цяжка ўявіць без Людмілы ляхавіцкую мастацкую самадзейнасцьПерапечка, Н. «Крынічная» партытураПятрова, В. На ўсю Еўропу прагучала ляхавіцкая “Крыніца”!Сянкевіч, М. Крынічная песня Людмілы Ламакі

Чыстыя галасы “Крыніцы”

Творчую, галасістую, артыстычную сям’ю Ламака ведаюць многія нашы землякі.  Без яе ўдзелу немагчыма  ўявіць ніадну  канцэртную праграму, што ладзіцца ў Ляхавіцкім  раёне.

Сольна, у складзе дуэтаў ці ансамбляў – муж  і жонка  Людміла і Мікалай Ламакі, сын Максім з жонкай Кацярынай, другі сын Мікалай заўсёды  зрываюць шквал апладысментаў.  Мікалай-  старэйшы – дырэктар гарадскога Дома культуры,  Людміла –

мастацкі кіраўнік ГДК і  кіраўнік народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Крыніца”. З песняй ідуць па жыцці  ўсёй сваёй дружнай сям’ёю. Іх  аб’ядноўваюць  не толькі  сямейныя вузы, любоў да музыкі, але і работа.  Максім – канцэртмайстар узорнага ансамбля народнай песні “Спадчына”,  Мікалай-малодшы – акампаніятар ГДК і народнай эстраднай групы “Пачатак”,  Кацярына – таксама

музыкант, хормайстар, цяпер яна ў дэкрэтным водпуску.

У іх агульнае захапленне – “Крыніца”, у чыстую плынь якой уліваюцца галасы ўсёй сям’і. Брава!

Галіна КАНЬКО.

 

Канько, Г. Чыстыя галасы “Крыніцы” / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 8 кастрычніка.

ЛЯХАВІЦКІ НАРОДНЫ АНСАМБЛЬ НАРОДНАЙ ПЁСНІ I МУЗЫКІ «КРЫНІЦА» Створаны ў 1987 у г. Ляхавічы пры гар. Доме культуры. У 1993 прысвоена званне «народны аматарскі калектыў». Заснавальнік і кіраўнік Л.К.Ламака. У складзе ансамблл 21 чал. ва ўзросце ад 17 да 65 гадоў. Мэта дзейнасці — адраджэнне фалькл. спадчыны рэгіёна. У рэпертуары песні бел. нар. («Ехалі казачэнькі», «А валы стаяць, равуць», «Цякла рэчка пад масточкам”, “Што й на гары дожджык” і нш.), апрацаваныя (“Вясёлая старонка” М. Сіраты, “Каля майго церама” Л. Смялкоўскага, “Марыся, бусі дай” Г. Несцяровіч і інш.), сучасных кампазітараў (“Гары касцёр” Л. Захлеўнага, “Іграй, гармонік” Э. Сіліцкага, “Братка – беларус” М. Скрундзя і інш.);  нар. святы (Гуканне вясны, Калядкі, Купалле, Шчадроўкі). Калектыў – удзельнік міжнар. фестывалю “Еўрапейскія надбужскія фальклорныя сустрэчы “Рубяжы Еўропы” (г. Сакалоў Падляскі, Польшча, 2009), нац. свята Дня бел. пісьменства (г. Ганцавічы, 2011), абл. свята – конкурс гарманістаў і выканаўцаў прыпевак “Грай, гармонік! Звіні прыпеўка!” (в. Парэчча Пінскага р – на , 2013).

                                                                      І.І. Татарыновіч

Культура Беларусі : энцыклапедыя. Т. 5 / рэдкал. : В.В. Калістратава (гал. рэд.) інш.]. Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2014. – С. 210 – 211.

“Крыніца” маёй любві

Калі на сцэне выступае гэты вядомы ў раёне самадзейны калектыў, якому акампаніруе не менш папулярны народны ансамбль народнай музыкі “Народныя музыкі”, то гэта свята для душы. Вядомыя і не вельмі народныя песні ў іх выкананні набываюць новае, прафесійнае гучанне. А ўсё таму, што мастацкі кіраўнік  народнага ансамбля народнай песні “Крыніца” Людміла Ламака, якая і сама мае талент спявачкі іменна народных песень, падбірае галасы сапраўды ўнікальныя – звонкія, шырокага дыяпазону, прыгожыя. Не менш таленавіта гучаць  і партыі мужчынскай групы ансамбля, падборам якіх займаецца вельмі творчы чалавек Мікалай Ламака. А яшчэ танцавальныя элементы, шыкоўныя сцэнічныя касцюмы – і атрымліваецца захапляючая імпрэза. Слухаеш, і прыходзіць жаданне падхапіць песню…

Тое, што сёння сустрэцца з “Крыніцай” жадаюць ва ўсіх куточках раёна, запрашаюць выступіць суседзі – зусім не выпадковасць, а заканамернасць, бо з гэтым сама-дзейным калектывам весела і прыгожа. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ансамбль пабываў з канцэртамі ў многіх калектывах раёна. Вельмі цёпла і шчыра сустракалі выступленне народнага калектыву ў ДП “Нача”, СВК “Ляхавіцкі”. Народныя песні, прыпеўкі, лірычныя кампазіцыі, танцы зачароўвалі гледачоў. На біс выклікалі мужчынскую групу з песняй “Сонца засвяціла на двары”, “Гаворка беларуская”, а калі выконваў ансамбль “Польку-весялуху”, “Вясёлую старонку”, то многім хацелася пусціцца ў скокі разам з артыстамі.

У гэтым гастрольным туры асабліва паказалі сябе маладыя таленты. Самабытныя галасы ў старшакласнікаў Андрэя Пранчака і Святланы Хмыз, навучэнкі аграрнага каледжа Марыны Карэлік, якія  захапляюцца народнай творчасцю і з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне спяваць у народным ансамблі. Разам з прафесійнымі маладымі выканаўцамі Кацярынай Мітрашэнкавай, братамі Мікалаем і Максімам Ламакамі яны з’яўляюцца пераемнікамі творчасці больш сталых прадстаўнікоў ансамбля.

Дарэчы, значную частку рэпертуару ансамбля “Крыніца” складаюць песні мастацкага кіраўніка народнага ансамбля народнай песні “Народныя музыкі” Эдуарда Сіліцкага. Наш таленавіты зямляк стварае сапраўдныя музычныя шэдэўры, якія гучаць узнёсла і хораша, кранаюць за душу. “ Грай, гармонік!”, “Ляхавіцкае вяселлейка”, “Прызнанне”, інструментальныя кампазіцыі “Беларускі марш і танцы”, “Полька-фенька”, “Беларускія фантазіі”, напісаныя сэрцам кампазітара, які вельмі любіць родную Ляхавіччыну і музыку.

Калі пяе “Крыніца” – пяе душа.

Аліна ЛАПІЧ

 

Лапіч, А. “Крыніца” маёй любві / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – 29 лістапада.

Пастаўскі баль

Міжнародны фестываль народнай песні і музыкі, які праходзіў у горадзе Паставы Віцебскай вобласці, сабраў лепшыя самадзейныя калектывы рэспублікі, прымаў гасцей з Польшчы, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Брэстчыну прадстаўлялі ляхавіцкія ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці – ансамбль “Народныя музыкі” і салісты народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Крыніца”.

На нейкі час горад ператварыўся ў вялікую сцэну, з якой гучалі песні на розных мовах, ігралі музыкі так, што ногі самі пускаліся ў скокі. Задавалі тон гармонік, баян і цымбалы – самыя лірычныя і любімыя народам інструменты. Віртуозна ігралі ляхавічане Леанід Ткачэнка і Віктар Сабалеўскі, якія былі ўзнагароджаны дыпломам за захаванне народных музычных традыцый, развіццё народна-інструментальнай творчасці і ўдзел у фестывалі. Такога ж дыплома ўдастоены Людміла Ламака і Вольга Лушчык, якія пакарылі пастаўчан і журы сваімі песнямі. У намінацыях “Ансамблі народнай музыкі”, “Выканаўцы прыпевак: хто – каго?”, “Інструментальныя дуэты” вызначыліся музыканты і салісты Эдуард Сіліцкі, Аляксей Коўш, Жанна Хмыз, Мікалай Шклянік, Мікалай Ламака, Валянціна Столяр, Карына Раманоўская, Уладзімір Стыкуць, а калектыў стаў лаўрэатам міжнароднага фестывалю і ўдастоены дыплома другой ступені.

Ляхавіцкія самадзейныя артысты былі сярод лепшых на “Пастаўскім балі”. І на абрадзе “Куменне”, галоўнай мэтай якога было знаёмства творчых калектываў і далейшыя стасункі, апынуліся ў цэнтры ўвагі. Захаплялі музычныя творы нашага самадзейнага кампазітара Эдуарда Сіліцкага “Грай, гармонік!” і “Мы – славяне!”, якія былі візітнай карткай калектыву. А на заключным гала-канцэрце ансамбль “Народныя музыкі” разам з Беларускім нацыянальным аркестрам імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Мікалая Казінца выканаў “Груздаўскае вяселлейка”.

Цёплы, душэўны прыём, знаёмствы і творчыя планы, у якія абавязкова ўваходзяць новыя сустрэчы, аб’ядналі ўсіх удзельнікаў міжнароднага фестывалю. Музыка і песня не ведаюць межаў!

Аліна ЛАПІЧ.

 

Лапіч, А. Пастаўскі баль / Аліна Лапіч. // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – 15 ліпеня.

Цяжка ўявіць без Людмілы ляхавіцкую мастацкую самадзейнасць

Людміла Ламака не ўяўляе свайго жыцця без песні. Гэтак жа цяжка ўявіць без Людмілы ляхавіцкую мастацкую самадзейнасць

Каму што дастаецца ў спадчыну ад продкаў, а Людміле – голас. Ад бабулі Ядвігі, якая мела яркае сапрана і лічылася першай спявачкай на ўсю акругу. А Людміла, хоць і малой была, тут жа запамінала словы і мелодыю і моцным дзіцячым галаском трымала партыю. Першыя заслужаныя апладысменты былі ад родных і сваякоў, а дзяўчынка аб’явіла ўсім, што будзе спяваць…

Мара збылася: пасля школы паступіла ў сталічны інстытут культуры. Пакуль вучылася, брала ўрокі майстэрства ў знакамітых педагогаў, яе альт пакарыў многіх знаўцаў песеннага мастацтва. Паступіла прапанова спяваць у Дзяржаўным хоры пад кіраўніцтвам Дрынеўскага, у ансамблі “Свята” нават прысутнічала на некалькіх рэпетыцыях, а калі з універсітэцкім ансамблем “Валачобнікі” паехала ў Маскву на фестываль моладзі і студэнтаў і саліравала некалькі песень, яе заўважыла сама Людміла Зыкіна, пакінула візітоўку і запрасіла спяваць у праслаўленым ансамблі “Расія”.

На распуцці была Людміла. Вырашыў яе далейшы жыццёвы і творчы шлях Мікалай, які прапанаваў руку і сэрца. І ад гэтай прапановы яна адмовіцца не змагла.

Сям’я, два сыны, муж і шчаслівая сустрэча на Ляхавіччыне з былым начальнікам аддзела культуры райвыканкама Уладзімірам Круком, які прапанаваў Мікалаю Ламаку ўзначаліць гарадскі Дом культуры.

Калі душа спявае, то і для творчай дзейнасці прастор. Людміла заўважыла, што ў Ляхавічах вельмі многа таленавітых дзяцей: спяваюць, танцуюць. Яна стварыла дзіцячы самадзейны калектыў “Спадчына”, які неўзабаве атрымаў званне ўзорнага ансамбля народнай песні. Дарэчы, сярод самых актыўных удзельнікаў былі сыны: Коля упэўнена трымаў партыю тэнара, а Максім – баса.

Песня будаваць і жыць дапамагала: справілі наваселле ў сваім доме, пасадзілі сад, дзеці падрасталі і ішлі па слядах сваіх бацькоў. І Людміла зразумела, што тут, у Ляхавічах, яна не часова, як меркавала раней, а назаўсёды. Па сцэнарыі “Валачобнікаў”( 6 жаночых галасоў, 6 мужчынскіх і аркестровая група) быў створаны ансамбль народнай песні “Крыніца” (сёння ён мае званне народнага), якому аддае яна ўвесь свой талент і любоў, у якім удзельнічаюць таксама і муж, і сыны.

У доме Ламакаў заўсёды гучыць песня: спяваюць нявесткі, нават у маленькіх унукаў бабуля Людміла заўважае будучыя сцэнічныя галасы.

Калі ж выпадае свабодная мінута і магчымасць паспяваць “для душы” , Людміла абавязкова ўспомніць сваю любімую песню “Мамін голас”, якая заўсёды была і застаецца разам з ёю. Гэта тая песня, якая заўсёды вяртае дамоў, да сваіх каранёў, да роднага парога.

Аліна ЛАПІЧ.

Лапіч, А. Цяжка ўявіць без Людмілы ляхавіцкую мастацкую самадзейнасць /Аліна Лапіч. // Ляхавіцкі веснік. – 2013. – 9 лістапада.

«Крынічная» партытура. Народнаму ансамблю народнай музыкі «Крыніца» ляхавіцкага ГДК — трыццаць

Льецца, звініць  беларуская песня ў шматгалосным гучанні, касцюмы ў   нацыянальным стылі, шчодрыя авацыі – на сцэне народны ансамбль народнай музыкі «Крыніца» гарадскога Дома культуры.  Выступленні гэтага самабытнага калектыву зараджаюць асаблівай энергетыкай і дораць цудоўны настрой.  Тры дзесяцігоддзі «Крыніца» ярка ззяе на  творчым небасхіле Ляхавіччыны, удзельнічае ў святах, фестывалях, урачыстасцях і зрывае  дружныя   шчодрыя апладысменты.

Партрэт з натуры

Жыццё «Крыніцы» дала яе  мастацкі  кіраўнік Людміла   Ламака. Энергічная, таленавітая, прафесіянал сваёй справы, яна ўкладае ў гэты ансамбль не толькі сілы, час, але і душу. Дзякуючы ёй,  уліліся ў ансамбль моцныя, звонкія галасы ўдзельнікаў-«крынічан». Людміла Казіміраўна з’яўляецца  ініцыятарам стварэння  і дзіцячага ансамбля «Спадчына».

З песняй Людміла сябруе з дзяцінства:

– Спявалі бабуля і яе браты,  сястра, маці.  А  мы, малыя, раскрыўшы рты, слухалі.

Дзяўчо ўбірала кожнае песеннае слова, кожную інтанацыю.  А калі  прыходзілі госці,   залазіла на табурэтку і спявала – яе здольнасці ўжо тады былі відавочнымі.  І родныя, і знаёмыя ведалі: Люда будзе артысткай. Мара  стала рэальнасцю. Студэнткай  сталічнага Інстытута  культуры  саліравала ў прафесіянальным калектыве навучальнай установы «Валачобнікі». З ім ездзіла па  Савецкім  Саюзе, былі  і замежныя гастролі. Па словах галоўнай «крынічанкі», сама Людміла  Зыкіна запрашала  яе ў праслаўлены ансамбль «Расія».

Людміла Казіміраўна не шкадуе, што прафесійнае жыццё склалася так, як склалася. Лёсавызначальнай стала сустрэча  з Мікалаем, які вучыўся ў гэтай жа навучальнай установе і,  не раздумваючы,  адправіўся на радзіму жонкі. З тых часоў яны разам –  і дома, і на рабоце.

Бясспрэчны талент, імкненне да самаўдасканалення, прафесіяналізм падтрымліваюць  Ламакаў  у іх творчых пошуках. Дарэчы, для  сям’і ГДК  стаў першым і адзіным месцам працы.  Мікалай – дырэктар Дома культуры, Людміла – мастацкі кіраўнік. Па слядах бацькоў пайшлі сыны Мікалай і Максім. Яны таксама выбралі творчую прафесію. Максім акампаніятар «Спадчыны», Мікалай – акампаніятар ГДК. Нявестка Кацярына  – таксама  з культурнага  асяроддзя.  Спявае – заслухаешся,  прафесійна дырыжыруе. Ды і ўнукі растуць вельмі музычнымі.

«Крыніца» для сям’і Ламака –  не работа. Хутчэй, вельмі любімае агульнае захапленне, якое стала сямейнай справай.

З’яднала песня

– Чаму «Крыніца»? Крыніца – цуд жывой вады, сугучча чыстае, пачатак светлага, свайго, народнага, – тлумачыць Людміла.

Удзельнікаў ансамбля  выбіралі з адметнымі, унікальнымі, каларытнымі галасамі, тых, хто сэрцам адчувае народную песню.  Сярод пачынальнікаў  – Яніна Гацура, Валянціна Ражкова, Галіна Ярац, Сабіна Шклянік і іншыя. Усе – з розных працоўных калектываў, з рознымі заняткамі, але агульнай любоўю да спеваў.Ансамбль стаў сваім   для сямейных пар Валянціны і Леаніда Столяраў, Івана і Святланы Валасароў, Святланы і Юрыя Рапацкіх.  У  ім  у свой час удзельнічалі  музыканты-прафесіяналы Якаў Мурзіч, Віктар Прыхач, Уладзімір Равінскі і іншыя. Немагчыма ўявіць «Крыніцу»  без Хелены Вярбенка, Аляксандра Конюха, Наталлі  Маслоўскай, якія часцінку  сваёй душы, энтузіязму і таленту аддалі ан-самблю. У «крынічны» рэпертуар на той час уваходзілі песні мастацкага кіраўніка народнага ансамбля  народнай песні «Народныя музыкі» Эдуарда  Сіліцкага. «Грай, гармонік!», «Ляхавіцкае вяселейка», «Прызнанне»  прыгожа гучаць у выкананні «Крыніцы» і сёння.

Выступаюць і ў раёне, і за яго межамі. На кожным  канцэрце  зрываюць  авацыі, збіраюць  ураджай узнагарод на конкурсах. У творчай біяграфіі «Крыніцы» айчынныя і міжнародныя фестывалі. Сярод іх «Грай, гармонік, звіні, прыпеўка» (дыплом II ступені), «Надбужскія фальклорныя сустрэчы» (Рэспубліка Польшча, I месца), «Ляці, наша песня» (дыплом

III ступені).  Іх запрашалі на святкаванне Дня  пісьменства ў Ганцавічы, на  народнае  свята «Тлусты чвартак» у Польшчу, на Дні культуры ў польскі горад  Рыкі, спявалі на Дні   горада ва   ўкраінскім  Гарохаве  і г. д.

І сёння «Крыніца», як кажуць, у топе папулярнасці – сучасная, пявучая, не жыве  былой славай, а працягвае радаваць  гледачоў, пашырае рэпертуар, у якім, акрамя беларускіх, рускія, украінскія, польскія песні. Дзесяць удзельнікаў – яркіх, самабытных, з розных сфер прафесійнай дзейнасці ганарацца тым, што яны «крынічане». У іх свой стыль, беларуская адметнасць, сваё беражлівае стаўленне да народнай песні.

На рэпетыцыі кіпіць жыццё, эмоцыі б’юць праз край – спрачаюцца, прадумваюць кожную дэталь нумара, каб на канцэрце стварыць атмасферу свята.

Кожную  песню, лірычную, карагодную ці абрадную, пражываюць разам з залай так, што хочацца падпяваць-прытанцоўваць. Калі ў выкананні Людмілы Ламака гучыць «Мамін голас» (яе любімая песня),  жанчыны ў зале выціраюць  слёзы.

Нязменны спа-дарожнік усіх выступ-ленняў «Крыніцы» –  калектыў «Народныя музыкі». Ва ўмелых руках таленавітых музыкантаў гармонік, скрыпка, барабан, кларнэт, баян, цымбалы, бас-гітара ствараюць  цуды. Кожны з інструментаў  надае асаблівую  афарбоўку і глыбіню. Дарэчы, сённяшні акампаніятар «Крыніцы» – Віктар Сабалеўскі.

Свята-свяцейка

Святочны канцэрт з нагоды юбілею  творчай дзейнасці ў мінулую ня-дзелю пацвердзіў: сяброў, прыхільнікаў у «Крыніцы» шмат,  поўная зала.  У гэты вечар у ГДК уладарыла беларуская народная песня –   сакавітая, пявучая. Свята-свяцейка спявала, запальвала  і радавала. Гучалі любімыя мелодыі, сыпаліся віншаванні,  і зала за кожны нумар  шчыра і доўга дзякавала  дружнымі апладысмен-тамі, выклікала на біс.

Дырэктар абласнога  грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук уручыла «Крыніцы» Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

Шчыра віншавала калектыў і яго нязменнага кіраўніка Людмілу Ламака, уручала ўзнагароды намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень.

У адрас юбіляраў гучалі ўдзячныя словы   ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры  і па справах моладзі райвыканкама Мікалая Дабрыянца, гасцей свята.

Падарункі, кветкі, успаміны, цёплыя і добрыя  пажаданні,  танцавальныя і песенныя нумары – свята ўдалося!

Няхай «крынічныя» гады доўжацца, а песня гучыць чыста-чыста на радасць землякам, і не толькі.

«Крыніца» – гэта і сённяшнія спевакі, і тыя, хто ў розныя часы прымаў у ёй удзел.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н. «Крынічная» партытура / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 25 лістапада(№ 91). – С. 4.

На ўсю Еўропу прагучала ляхавіцкая “Крыніца”!

Народны ансамбль народнай песні “Крыніца” днямі вярнуўся з паездкі ў Рэспубпіку Польшча, куды быў запрошаны для ўдзелу ў 11 еўрапейскім фестывалі “Надбужскія фальклорныя сустрэчы”. Вярнуўся не проста з добрымі ўражаннямі ад глядацкіх авацый і шчырага прыёму, але і з ганаровым першым месцам, якім міжнароднае журы ацаніла праграму, выканаўчае майстэрства і артыстызм ляхавіцкіх “крынічан”. Той факт, што пасол нашай краіны ў Польшчы Павел Латушка асабіста павіншаваў іх з удалым выступленнем, гаворыць сам за сябе. Тым бопьш, што канкурэнты таксама былі на вышыні. Удзельнічалі ў фестывалі творчыя калектывы з Беларусі, Украіны і Польшчы. Кожны – з’ява, кожны – непаўторны.

I хаця Гран Пры прысуджаны ўкраінскім аматарам фальклорных спеваў, “крынічане” надзвычай задаволены сваім першым месцам, поўныя творчых планаў і натхнення. Дарэчы, народнаму ансамблю, якім кіруе Людміла Ламака, хутка спаўняецца 15 гадоў. Запрашэнне на міжнародны фестываль, удзел у ім і такі цудоўны вынік – бы падагульненне творчых пошукаў калекгыву.

У Сокалаў Падляскі на “Надбужскіх фальклорных сустрэчах” ляхавіцкая “Крыніца” прагучала на ўсю Еўропу. I падчас конкурснага выступлення, і на гала-канцэрце на беразе Буга ля падножжа гары Замка- вай, што пад польскім горадам Драгічын, калектыў патанаў у авацыях. А гэта для творчых людзей вельмі дарагая  ўзнагарода.

Між іншым, па словах загадчыка аддзела культуры райвыканкома Ігара Тулейкі, ёсць дамоўленасць з польскімі калегамі аб умацаванні твор- чых сувязяў. Магчыма, ужо ў ліпені “Крыніца” зноў выступіць “на тым беразе Буга”. Было б несправядліва не спытаць аб уражаннях ад конкурснага выступлення ў каго-небудзь з удзельнікаў гэтых незвычайных гастроляў. Натуральна, пытанне задала самаму блізкаму да рэдакцыі спяваючаму вандроўніку – галоўнаму бухгалтару “Ляхавіцкага весніка” Яніне Гацура, якая выступала салісткай з народным калекгывам. У адказ пачула сапраўдны выкід самых станоўчых эмоцый: “Як цудоўна нас сустракалі! Як слухалі і прымалі! Як шчыра запрашалі прыяэджаць яшчэ! I, самае галоўнае, што “Крыніца” не падвяла!” Адным словам, суцэльныя кпічнікі і захапленнё.

Застаецца дадаць, што ў вакальным жанры сярод ансамбляў народнай песні другое месца на фестывалі аддадзена калекгыву “Спадчына” з вёскі Тэльмы нашай вобласці, а трэцяе — “Заранцы” з Бярозы. Вось такі бе- ларускі трыумф атрымаўся падчас “Надбужскіх фальклорных сустрэч”.

Вакалам, дарэчы, тут не абмежаваліся. Былі арганізаваны конкурсы танцавальных калекгываў, рэгіянальнага адзення, нацыянальнай кухні. Экспанаваліся фота-выстава “Надбужскі пейзаж” і творы самадзейных мастакоў. Вельмі прыемна, што ўдзельнікам конкурсу аматараў пэндзля і фарбаў стаў наш зямляк, мастак са Свяціцы, кіраўнік народнай студыі “Вяснянка” Свяціцкага СДК Анатолій Маісеенка.

Фестывалі, няхай сабе і міжнароднага маштабу, хутка заканчваюцца. А вось занятак справай “для душы” можна працягваць бясконца. Тады і “Крыніца” будзе заставацца чыстай-чыстай, мілагучнай-мілагучнай, празрыстай-празрыстай.

Вольга ПЯТРОВА.

 

Пятрова, В. На ўсю Еўропу прагучала ляхавіцкая “Крыніца”! / Вольга Пятрова // Ляхавіцкі веснік. – 2003. – 7 чэрвеня.

Крынічная песня Людмілы Ламакі

У сям’і мастацкага кіраўніка Ляхавіцкага раённага Дома культуры спяваюць усе: муж, сыны і любімая нявестка.

Людміла Казіміраўна – мясцовая, нарадзілася і вырасла на ляхавіцкай зямлі. Сюды ж і вярнулася на працу пасля заканчэння сталічнага інстытута культуры. А магло ўсё скласціся па-іншаму. Студэнтка-выдатніца, салістка фальклорна-этнафафічнага калектыву “Валачобнікі” пры інстытуце аб’ездзіла ўвесь Саюз, спявапа ў Балгарыі, Румыніі, Чэхаславакіі…

Набліжалася размеркаванне, і Людміла аказалася перад выбарам: застацца ў аспірантуры, спяваць у акадэмічным народным хоры або ў папулярным ансамблі “Свята”. Сяброўкі настойліва папярэджвалі: “Толькі замуж не спяшайся. Гэтае шчасце цябе заўсёды знойдзе”. А тут яшчэ здарылася так, што сама Людміла Зыкіна – гэта адбылося ў Маскве на песенным фестывалі – заўважыла беларускую студэнтку і запрасіла ў свой знакаміты калектыў “Расія”. Тая ж не спакусілася ні на адну з прапаноў, а выйшла замуж, бо ўжо два гады сустракалася са сваім Мікалаем, будучым мужам. Сур’ёзным, самастойным і разумным хлопцам з Гомельшчыны. Не паслухала нікога, падумала: другога такога няма. Чакала два гады, пакуль суджаны закончыць вучобу. Яму вельмі падабалася, як дзяўчына спявала са сцэны. Калі ж пажаніліся, як адрэзаў: “Не, дарагая, дастаткова! Мне патрэбна сям’я, дом, дзеці”. Паплакала з месяц – на тым кар’ера сталічнай спявачкі і закончылася.

У 1987 годзе сям’я маладых спецыялістаў прыехапа ў Ляхавічы. Мікалая адразу прызначылі дырэктарам Дома культуры, а жонку – мастацкім кіраўніком. Людміла была перапоўнена планамі, жаданнем тварыць, спяваць, выступаць. У першы ж год яна арганізавала ансамбль народнай песні “Крыніца” – па вобразе “Валачобнікаў”. Вельмі хутка самадзейны калектыў “дарос” да звання “народны”. А Мінск усё роўна яшчэ доўга сніўся, доўга не адпускаў…

У Ляхавічах Мікалай і Людміла пачалі будаваць уласны дом. Каб у мужа на гэта было больш вольнага часу, дырэктар і мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры “памяняліся” пасадамі. Праўда, два месяцы назад ізноў усё вярнулася на свае кругі. Цяпер ужо больш вольнага часу папрасіла Людміла Казіміраўна, якой хочацца часцей выступаць са сцэны.

Сённяшняя “Крыніца” – гэта адзін з найбольш вядомых у рэгіёне фальклорных ансамбляў, без якога не абыходзіцца ніводнае свята. Яго добра ведаюць у вобласці і краіне, цэняць у суседняй Польшчы. У калектыве 12 спевакоў і танцораў, у асноўным – моладзь. Падабралася выдатная аркестровая група, вялікім аўтарытэтам у якой карыстаецца вядомы педагог, музыкант-аранжыроўшчык Эдуард Сяліцкі. У Людмілы Ламакі ёсць яшчэ і выпеставаны ёю дзіцячы калектыў, хоць цяпер у яго іншы кіраўнік.

Вельмі многія самадзейныя і прафесійныя артысты ўдзячны творчай асобе за дапамогу. 3 цяперашніх маладых – гэта таленавітыя салісты Алена Дзянішчык, Марына Курылік, Андрэй Пранчак, сёстры Людміла і Вольга Дрозд, нявестка Кацярына. А зорка беларускай эстрады Руслан Аляхно ў каго, як вы думаеце, у свой час браў урокі вакалу?.. Зноў жа ў Людмілы Ламакі. Сама ж яна вельмі ўдзячна Яніне Яцура і Валянціне Столяр – прызнаным спявачкам, якія многа зрабілі для станаўлення ансамбля.

У “Крыніцы” заняты абодва сыны мастацкага кіраўніка Дома культуры, Максім і Мікалай, а таксама муж і, як ужо згадвалася, нявестка. Старэйшы сын Максім па адукацыі педагог, закончыў універсітэт імя Максіма Танка ў Мінску. Малодшы, Мікалай – выпускнік Баранавіцкага музычнага вучылішча. Жанчына прызналася па сакрэце, што і нявестку яму сама выбрала. Як толькі пабачыла дзяўчыну на сцэне – адразу вырашыла: наша будзе. Самае цікавае, што густы маці і сына поўнасцю супалі. Кацярына – яркая, з прыгожым голасам салістка, выдатная маці і жонка. Спявае як у народным, так і ў эстрадным калектывах. У “Крыніцы” Людміла Казіміраўна і Кацярына спяваюць дуэтам. Ёсць у абедзвюх мара зрабіць сумесную канцэртную праграму. Народны досвед пра тое, што свякруха і нявестка заўжды жывуць як кот з сабакам – гэта не пра іх, бо тут поўнае ўзаемаразуменне і павага.

“Мне вельмі пашанцавала: у сям’і ўсе музыканты. Раздаў ноты – і пачынай рэпетыцыю”, – жартуе кіраўнік “Крыніцы”. – Унукі, іх у нас двое, таксама паступова падключаюцца”.

Спяваць лепш за ўсё на радзіме – пераканана Людміла Ламака. Яна імкнецца не прапусціць ніводнага канцэрта. Бо не ўяўляе жыцця без песні. А землякам даўно запаў у душу яе звонкі, чысты і, напраўду, крынічны голас.

Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,

Ляхавіцкі раён.

 

Сянкевіч, М. Крынічная песня Людмілы Ламакі / Мікола Сянкевіч // Народная трыбуна. – 2015. – 24 лістапада. – С. 9.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed