Чабор Янка. Повязь з родным краем, успаміны пра дзяцінства

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Чабор Янка

 

Каваленка, І. Тут жыў ЧаборМіско, Я. Хлопец з вёскі РачканыПатаповіч, А. Наш зямляк Янка Чабор

Тут жыў Чабор

Пад сотню жыхароў, крыху менш за 6 дзясяткаў дамоў, амаль у трэці з якіх ніхто пастаянна не пражывае. Вёска як вёска. Адзін з уездаў у Рачканы выводзіць прама на касцёл. Выбітны, з чырвонай цэглы будынак пазіцыянуе сябе як яркая адметнасць – і архітэктурная, і гістарычная. Узведзеная на пачатку ХХ стагоддзя пабудова таксама вядома як дом Міклашэвічаў – па прозвішчы першых яго ўладальнікаў.

У недалёкай адлегласці ад дома-касцёла – яшчэ два тэрытарыяльна сумежныя дамы. Новы, пакуль не завершаны будаўніцтвам, відавочна сучасных формаў, матэрыялаў і стандартаў. І стары, узростам блізкі да будынка культавай установы. У пачарнелых ад часу сценах, няроўным ужо даху і зараз, аднак, чытаюцца колішні высокі стандарт, дыхтоўнасць. На адным з комінаў дома даўно абсталявалі сабе жытло буслы. На столі ў сенцах –  як рукой дацягнуцца – звілі гняздо ластаўкі. Ці не духоўнае хараство, спрыяльнасць аўры стала для пералётных сілай прыцягнення?  Чаму не «высяляеце», цікаўлюся пра ластавак у Наталлі Запольскай.  «А навошта?» – пытаннем жа і адказвае гаспадыня сядзібы.

Пералічаныя будынкі – як вяршыні трохвугольнікаў, звязаныя паміж сабой сваяцкімі сувязямі. У свой час у доме, над якім зараз буслянка, жыў Іван Патаповіч.  Чулі пра такога? А пра Янку Чабора? Гэта сапраўднае імя-прозвішча чалавека і яго літаратурны псеўданім.

Іван Сцяпанавіч нарадзіўся ў Рачканах  11 ліпеня  1911 года (у той час вёска ўваходзіла ў склад Слуцкага павета Мінскай губерні) у вялікай, як пазначана ў адным з даведнікаў, патрыярхальнай сям’і даволі заможнага селяніна. Сям’я складалася з 23 чалавек.

Вільня стала для юнака не толькі і не проста местам вучобы – у гэтым горадзе ён сталеў, набыў першы літаратурны, кіраўніцкі і вопыт публічнай дзейнасці. Віленскую беларускую гімназію Янка скончыў у 1931 годзе. А за тры гады да таго ўбачылі свет яго першыя вершы. Падпольная камсамольская група гімназіі выпускала рукапісны часопіс «Васілёк», на старонках якога і адбыўся паэтычны дэбют таленавітага земляка. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, балюча ўсведамляў і перажываў за лёс тагачаснай Заходняй Беларусі.  На пачатку 30-х гадоў апублікаваў так званы «Адкрыты ліст», дзе заклікаў заходнебеларускіх літаратараў аб’яднацца ў адзіную пісь-менніцкую арганізацыю. У снежні 1933 года на з’ездзе сялянскіх і рабочых пісьменнікаў студэнт універсітэта Янка Патаповіч быў абраны рэдактарам-выдаўцом часопіса «Літаратурная старонка», які з’яўляўся друкаваным органам   «Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі». Разам з Валянцінам Таўлаем і Піліпам Пестраком Іван Патаповіч выступаў у ліку ініцыятараў стварэння гэтай арганізацыі.

Першы нумар часопіса «Літстаронка» выйшаў у студзені 1934 года. Тыраж адразу ж быў канфіскаваны польскімі ўладамі, а рэдактар-выдавец асуджаны.   Сярод змешчанага ў часопісе значыліся і вершы Івана Патаповіча, падпісаныя псеўданімам Янка Чабор. Адзін з яго вершаў пачынаецца такімі вось радкамі:

Гэй, арліная мая сіла,

Ты ўзнімі мяне ўвысь.

Над маёю старонкай мілай

Ты крыламі размахнісь!

На вялікі жаль, з літаратурнай спадчыны Янкі Чабора захавалася вельмі і вельмі нямногае.

Амністыя, а разам з ёй і вызваленне з-за кратаў прыйшлі ў верасні 1936 года.Іван Сцяпанавіч вярнуўся ў родныя мясціны і заняўся арганізацыяй кааператываў у ваколіцах Рачкан.  Вядомыя падзеі верасня 1939 года не маглі яго не ўсхваляваць,  ён прымаў  актыўны ўдзел ва ўстанаўленні Савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі.  А праз хуткі час здарылася тое, што здарылася: сям’я Патаповічаў была аднесена да ліку кулацкіх і рэпрэсіравана.

Дата смерці Івана Патаповіч – Янкі Чабора дакладна не вядома.

– Вядома толькі, што ў 1939 годзе

Івана Сцяпанавіча выклікалі ў Ляхавічы. І больш ніякіх звестак наконт яго лёсу сям’я не атрымлівала. Неаднаразовыя спробы  высветліць хоць нешта поспеху не мелі. Ёсць меркаванне, што загінуў у лагеры,  – гаворыць унучатая пляменніца паэта, пісьменніка, грамадскага дзеяча Наталля Запольская.

У Рачканах Наталля Юльянаўна нарадзілася, тут прайшлі яе дашкольныя гады. Мінчанка, чалавек заняты, у акружэнні шматлікіх клопатаў і абавязкаў знаходзіць час і мае жаданне быць на сваёй малой радзіме. Будуе дом, дзе, апроч іншага, запраектавана і пляцоўка для адпачынку мясцовых дзяцей, дапамагае з добраўпарадкаваннем. Калі ў адзін з ліпеньскіх дзён мы са старшынёй Начаўскага сельвыканкама Вячаславам Новікам наведаліся ў Рачканы з прычыны інтарэсу да асобы Янкі Чабора, Наталля Юльянаўна і яе маці Галіна Казіміраўна Біза прадэманстравалі сямейную рэліквію – вершаванае «пісьмо» Янкі Чабора, радкі  з якога згадваліся вышэй.

Іван КАВАЛЕНКА.

 Янка Чабор (сапраўднае імя – Іван Сцяпанавіч Патаповіч) стаў адным са стваральнікаў «Літаратурнага фронту     

сялянска-рабочых пісьменнікаў

Заходняй Беларусі».  

На жаль, з яго ўласнай літаратурнай спадчыны нам засталося вельмі нямногае.

ДАТА

17 верасня – знамянальная дата ў беларускай гісторыі. У гэты дзень у 1939 годзе  адбылося аб’яднанне Заходняй Беларусі, што раней знаходзілася пад прыгнётам панскай Польшчы, з БССР.   У падзеях 78-гадовай даўнасці актыўны ўдзел прымаў публіцыст, паэт і грамадскі дзеяч Янка Чабор.

 

Каваленка, І.  Тут жыў Чабор / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 16 верасня. – С. 9.

ДА 50-ГОДДЗЯ УЗ’ЯДНАННЯ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ 3 БССР

Хлопец з вёскі Рачканы

Янка Чабор (1911-1943) – беларускі паэт, удзельнік камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі. Ён нарадзіўся ў в. Рачканы. У 1981 годзе журналіст і пісьменнік, паплечнік Я. Чабора па рэвалюцыйнай барацьбе Якуб Місько напісаў успаміны, якія ўвайшлі ў яго пасмяротную кнігу „Маё маўклівае сэрца” (Мн., 1983), падрыхтаваную да друку Я. Брылём.

Ёсць людзі, якія не пакінулі пасля сябе ні выдатных твораў мастацтва, ні навуковых адкрыццяў. Яны не праявілі сябе і гераічнымі подзвігамі. Жыццё іх было як быццам звычайнае, някідкае. Аяе ў гэтай звычайнасці і някідкасці было нешта светлае і прыгожае, што назаўседы засталося ў нашай памяці. Адзін з такіх звычайных – малады паэт былой Заходняй Беларусі – Янка Чабор.

25 студзеня 1934 года ў Вільні выйшаў як дадатак да „Беларускай газеты” першы нумар „Літаратурнай старонкі”. У ёй было апублікавана пісьмо – зварот групы рэвалюцыйных паэтаў да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі. У пісьме, між іншым, гаварылася:

„Кідаючы гэты адкрыты вызаў барацьбы на літаратурна – мастацкім фронце ў нацыянальна – вызваленчым руху, мы кідаем заклік да ўсяго, што ёсць разумнага, свядомага, да працоўнага ў нашай краіне, да пісьменнікаў, што выйшлі з асяроддзя сярмяжнага люду, да пісьменнікаў ад варштата і плуга – зразумець адказнасць сучаснага стану… Клічам на творчую працу для народа і разам з ім. Мы разумеем умовы, разумеем, што перад намі цяжкасці і перашкоды, але тым з большым запалам бяромся за працу, за ажыццяўленне даўно наспелай думкі аб утварэнні каля часопіса сваё ўласнае сялянска – работніцкай пісьменніцкай кагорты – арганізацыі”.

Заклік падпісалі Янка Чабор, Міхась Васілёк, Аляксей Рэдзька, Пятрусь Граніт, Звястун (Піліп Пестрак), Анатоль Іверс.

Я быў знаёмы з усімі маладымі паэтамі, якія ў дні жорсткай санацыйнай рэчаіснасці адважыліся публічна выступіць з палымяным заклікам гартавацца і гартаваць іншых у рэвалюцыйным змаганні.

У гэтых сваіх нататках мне хочацца коратка расказаць толькі пра першага з іх. Ён адносна малавядомы нават сярод літаратараў і шырокай грамадскасці, але заслугоўвае таго, каб людзі пра яго ведалі і памяталі. 3 ім мне давялося разам вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі, сядзець побач на лаве падсудных, дзяліць скупы астрожны хлеб. Шчыры, сардэчны сябар, мужны рэвалюцыянер, вясёлы, вельмі жывы хлопец – такім ён мне запомніўся.

Нарадзіўся Янка Чабор (Іван Сцяпанавіч Патаповіч) у ліпені 1911 года. Дзяцінства і маленства яго прайшло ў роднай вёсцы Рачканы, што ў Ляхавіцкім раёне. 3 малых год бачыў вакол сябе сялянскую злыбяду, ды і сам уволю спазнаў яе. Пазнаёміўшыся недзе ў 1924 годзе з беларускім кніжнікам, Янка з асаблівай прагнасцю чытаў вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы. Яны, гэтыя вершы, былі нейкімі вельмі ж блізкімі, сваімі і моцна прыйшліся да сэрца юнака. Ён з прыемнасцю дэкламаваў такія, напрыклад, радкі:

Горы ды каменне,

Вузкія паялоскі…

Гэта наша поле.

Поле нашай вёскі.

Вакол Рачкан былі іменна такія палоскі – каснікі. Сярмяжнікі гнулі на іх спіны, толькі хлеба ўволю ніколі не мелі. А побач на лепшых землях гаспадарылі памешчыкі. Малады хлопец не раз слухаў, як мужчыны, сышоўшыся дзе-небудзь на прызбе ці ў хаце, гаварылі пра панскія парадкі, пра тое, што вельмі ж цяжка жывецца мужыку. і калі пасля гэтага ён чытаў коласаўскае: Багачы і панства. Нашы дабрадзеі. Мы на суд вас клічам. Каты вы, эладзеі, – дык адчуваў, што настрой гэтых радкоў быў вельмі сугучны з яго юнацкімі парываннямі. Янка ўсё лепш разумеў несправядлівасць такога ладу, калі адны жывуць у раскошы, а другія так, што „каб прыкрыцца і анучай, цяжкі труд”.

Сям’я Патаповічаў была вялікая, патрыярхальная – дваццаць тры душы. Падрастаючы, дзеці хочаш не хочаш, пачалі думаць аб сваім будучым. Вельмі ж цесна будзе на вузкіх загонах. І падаўся Янка ў Віленскую беларускую гімназію. Яго прынялі, здаецца, у чацвёрты клас. Жыў ён, як і многія іншыя вучні з вёскі, у інтэрнаце, які знаходзіўся ў будынку того ж базыльянскага манастыра, што і гімнаэія. Добра памятаю гэтага высокага хлопца, хударлявага, з адкрытым тварам, у рагавых акулярах. Ён быў прыветлівы, вучыўся старанна, асабліва любіў літаратуру. Ужо ў пятым кяасе стаў камсамольцам. Пры- маў актыўны ўдзел у выпуску вучнёўскага часопіса „Золак”, дзе друкаваліся яго вершы і артыкулы, якія ён падпісваў псеўданімам Янка Чабор. Разам з гншымі вучнямі – камсамольцамі насіў перадачы – падаянкі палітвязням на „Лукішкі”, раскідваў па горадзе не- легальныя лістоўкі.

Пасля заканчэння гімназіі Чабору ўдалося паступіць у Віленскі універсітэт. Але і там ён не спыніў сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці. У 1932-1933 гадах быў звязаны з Цэнтрам нацыянальна – вызваленчага руху Заходняй Беларусі, зай- маўся літаратурнай творчасцю, вёў прапагандысц- кую работу сярод беларускіх студэнтаў. Пры яго ўдзеле ў канцы 1933 года быў створаны літаратурны фронт сялянска – рабочых пісьменнікаў, які ставіў перад сабой задачу выхоўваць творчую моладзь у духу барацьбы за прынцыпы народнасці і партыйнасці літаратуры. Праграма гэтага фронту была выкладзена ў згаданай „Літаратурнай старонцы”. Дарэчы, Янка Чабор не толькі падпісаў тукьпраграму, але і быў адказным рэдактарам „Старонкі”. Там ён апублікаваў і два свае вершы. У адным з іх паэт заклікаў: Памагаць

Будаваць

Новы дом,

Дом братэрства ўсіх

Людзей працы.

Творчая інтэлігенцыя сустрэла з’яўленне „Літаратурнай старонкі” з ці- кавасцю і задавальненнем. Была, нарэшце, свая трыбуна, якая магла гуртаваць вакол сябе прагрэсіўныя літаратурныя сілы.

На жаль, выйшаў толькі адзін нумар „Старонкі”. Улады не маглі мірыцца з яе існаваннем. Заходняя Беларусь леражывала тады новую хвапю санацыйнага тэрору. Неўзабаве „Літаратурная старонка” разам з „Беларускай газетай” былі забаронены, а іх рэдактары і актывісты павандравалі ў турму. На „Лукішках” тады сабралася цэлая плеяда маладых паэтаў – В. Таўлай, П. Пестрак, А. Рэдзька, Я. Чабор і іншыя. Як супра- цоўнік „Беларускай газеты”, я таксама быў далучаны да пісьменніцкай групы. У адной камеры з Я. Чаборам сядзець мне не прыйшлося, затое мы штодзённа бачыліся з ім на шпацыры. Ён і ў астрозе быў аптыміст. 3 ім заўсёды было хораша.

Следства кіраўнікоў і актывістаў „Беларускай газеты”, „Літаратурнай старонкі” і сатырычнага часопіса „Аса” цягнулася дваццаць шэсць месяцаў. Працэс адбыўся толькі ў сакавіку 1936 года і ўвайшоў у гісторыю як працэс „Малой Грамады”. На лаве абвінавачаных сядзела шаснаццаць чалавек, сярод іх В. Таўлай, П. Пестрак, Я. Чабор, П. Радзюк і А. Карповіч. Падсудныя ператварылі лаву абвінавачаных віленскага акруговага суда ў лаву абвінавачання. У сваіх прамовах яны выкрывалі сутнасць пілсудчыны, гаварылі аб жахлівым становішчы працоўнага люду, асабліва на гэтак званых „крэсах усходніх”.

На ўсё жыццё застаўся ў маёй памяці гэты хлопец з вёскі Рачканы. Літаратурная спадчына яго, што дайшла да нас, – небагатая. Але ці ж значэнне чалавека вымяраецца толькі тым, колькі ёнічаго напісаў?

Якуб Міско.

 

Міско, Я. Хлопец з вёскі Рачканы / Якуб Міско // Будаўнік камунізму. – 1989. – 9 верасня. – С. 2.

Наш зямляк Янка Чабор

Янка Чабор – беларускі паэт, удзельнік камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі. Яго радзіма — вёска Рачканы Ляхавіцкага раёна. У 1936 годзе разам з В. Таўлаем, П. Пестраком, П. Радзюком, А. Карповічам праходзіў па справе, якая ўвайшла у гісторыю як працэс „Малой Грамады”. Прамова Чабора на працэсе выкрывала сутнасць пілсудчыны, абвінавачвала польскіх паноў у жахлівым становішчы працоўнага люду Заходняй Беларусі.

Сёння мы змяшчаем ліст, дасланы ў рэдакцыю братам Я. Чабора Антонам Іосіфавічам Патаповічам.

Жыву я цяпер ў Салігорску. Наведаў бацькаўшчыну сёлета 9 мая, пабываў на Кургане Славы. І яшчэ раз удумаўся ў словы: „Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Мы памятаем усё і ўсіх адстаяўшых, вызваліўшых, заваяваўшых нам жыццё і свабоду ў гады вайны з нямецка – фашысцкімі захопнікамі. А вось многія „першапраходцы”, якія знішчаны і сталі бязвіннымі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 года, аддадзены забыццю.

У ліпені 1991 года спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння майго стрыечнага брата Івана Сцяпанавіча Патаповіча, які больш вядомы як Янка Чабор. Да месца яго дзяцінства вядуць прасёлачныя дарогі. Уся вёска Рачканы нібы ў самой сэрцавіне бязмежнай прыгажосці. Вось тут 80 гадоў назад і нарадзіўся ў вялікай (з дваццаці трох душ сям’і) Патаповічаў будучы беларускі паэт, удзельнік камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі Янка Чабор.

Яму было ўжо 19 гадоў, калі на свет з’явіўся яго малодшы брат Дзмітрый. Дарэчы, ён і цяпер жыве ў вёсцы Рачканы. Тады ж нарадзіўся і я. Пазней, калі мне было восем – дзесяць гадоў, я чуў пра „паходжанні” Янкі Чабора, якія былі звязаны з падпольнай дзейнасцю ў Заходняй Беларусі. Яшчэ пазней пазнаёміўся з яго літаратурнымі рукапісямі.

Вучыўся Янка у Віленскай беларускай гімназіі, дзе і пачалася яго рэвалюцыйна – палітычнай дзейнасць супраць прыгнёту польскіх паноў. Ён не стаў вялікай знакамітасцю сярод літаратараў і шырокай грамадскасці, але быў перакананы, што звяржэнне буржуазнага ладу непазбежна, а потым настане паляпшэнне жыцця сялян.

У 1989 годзе выйшла кніга „Памяць” – гісторыка – дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. У ёй змешчаны ўспаміны Якуба Міско аб Янку Чаборы пад назвай „Хлопец з вёскі Рачканы”. Калі я адкрыў кнігу і ўбачыў фотаздымак зусім маладога свайго стрыечнага брата, не мог стрымаць слёз. Упершыню за 49 гадоў з моманту яго прынуджанага знікнення я ўбачыў адкрыты і галосны тэкст аб сваім браце.

Яшчэ будучы ў гімназіі перад вызваленнем Заходняй Беларусі, Янка Чабор быў арыштаваны, асуджаны польскім судом з адбываннем пакарання ў Бяроза – Картузскай турме за рэвалюцыйную камуністычную дзейнасць. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі выйшлі на волю і палітзняволеныя. Янка Чабор адразу ўключыўся ў аднаўленне новага жыцця ў Ляхавіцкім раёне. Але не доўга працягвалася ягорадасць.

У 1940 годзе па прычынах, якія да сённяшняга дня невядомы нам, без суда і следства ён быў рэпрэсіраваны. НІхто з родных не ведае месца, дзе ён загінуў, у чым абвінавачваўся. Затое водгук рэпрэсіраванага „ворага народа” абру шыўся на бацькоў, чыя сям’я ў 1941 годзе была саслана ў Краснаярскі край. Ва ўпамянутай кнізе „Памяць” годам смерці Янкі Чабора названы 1943-ці. Але ў мяне ёсць падставы для сумненняў. Гібель яго, хутчэй за ўсё, адбылася да 1941 года.

Я звяртаюся да ўсіх сваіх землякоў, журналістаў, літаратараў, следапытаў, архіўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Давайце разам высветлім гэтыя невядомыя нам старонкі жыцця Янкі Чабора – аднаго з незаконна рэпрэсіраваных савецкіх грамадзян.

А калі нехта можа дапамагчы мне ў гэтым, прашу дасылаць лісты на адрас: г. Салігорск, вул. Ленінскага камсамола, д. 12, кв. 53. Патаповічу Антону Іосіфавічу.

Патаповіч, А. Наш зямляк Янка Чабор / Антон Патаповіч // Ляхавіцкі веснік. – 1991. – 11 чэрвеня.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed