Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Жывіца Галіна
Вачыма берасцянкі
Водгук на кнігу вершаў Галіны Жывіцы (Румак) “Вачыма берасцянкі” (Гродна, 2011) хочацца пачаць з радкоў самага першага верша, змешчанага ў зборніку: “Ваганні прэч!..”, таму што ён з’яўляецца своеасаблівай візітоўкаю ўсяе кнігі. Пасля яго кнігу ўжо не адкладзеш убок, а захочаш прачытаць ад вокладкі да вокладкі. Чытаючы, знойдзеш пацвярджэнне – у кожным наступным вершы – усім тым думкам, якія закладзены ў гэтым, першым. А прачытаўшы, пераканаешся: “Ваганні прэч! Перад намі – паэтка!” Беларуская, адметная, якая прыйшла ў гэты свет не толькі дзеля таго, каб абраць прафесію настаўніцы і вучыць дзяцей. Яна прыйшла ў гэты свет паэткаю, прыйшла, каб пераадолеўшы ўсе перашкоды, запланаваныя лёсам на яе жыццёвым шляху, назапасіць столькі дабрыні, святла, прыгажосці і чуласці, што яны проста не змаглі ўтрывацца ў душы і сэрцы жанчыны і не выліцца ў белы свет паэтычнымі радкамі.
І радкі гэтыя, складзеныя са слоў, “важкіх, як спелыя расяныя ажыны”, Галіна Жывіца гатова прыгаршчамі раздаваць усім жадаючым не дзеля забавы і, тым больш, не дзеля славы, а каб маглі сагрэцца. Яна “Сартуе іх унікліва наноў, смакуе дрыгатлівыя адценні. О колькі асалоды і здзіўлення ў празрыстасці, агранцы родных слоў! ”
Вершы Галіны Жывіцы прыцягваюць і чаруюць не толькі прыгажосцю роднай мовы, але надзвычайнай музычнасцю. Пра гэта сведчаць нават іх назвы: “Рамонкавы накцюрн”, “Восень танцуе фламенка”, “Элегія восеньскага саду”, “Песня пра Алекшыцы” і іншыя. Такое ўражанне, што паэтэса валодае тонкім музычным слыхам, які дапамагае ёй пачуць і выказаць праз дакладна выбранае слова усю “Музычную палітру радзімы”.
Знаёмячыся з вершамі Галіны Жывіцы, не перастаеш здзіўляцца яе светаадчуванню і светаўспрыманню, і міжволі пагаджаешся зноў і зноў з той аксіёмаю, што паэт пачынаецца са здзіўлення. Паэтка Галіна Жывіца здзіўляецца звычайным рэчам і з’явам навакольнага свету: сваім вучням, калегам-настаўнікам, сёстрам-жывічкам, дачушкам, знічкам, якія падаюць з неба не дарма, атлантам, якія бароняць жыццё на зямлі. Яна па-мастацку піша “Вясновы нацюрморт з птушкай”, шэпчацца з пышным пахучым бэзам, давяраючы адно яму свае жаночыя сакрэты( “Бэз”), яна зрабіла адкрыццё – аказваецца, папараць – не кветка, а зачараваная птушка; яна нават падслухала “Аб чым маўчаць камяні”!
Вы таксама хочаце даведацца пра гэта, узбагаціць душу і розум цудоўнымі паэтычнымі адкрыццямі? Тады чытайце вершы сваёй зямлячкі, паэтэсы Галіны Жывіцы, якая працуе намеснікам дырэктара ДзУа “Масалянскі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа”. Магчыма, і вы будзеце глядзець на свет, на свой родны край яе вачыма – вачыма берасцянкі.
І яшчэ мне падумалася, што Бераставіцкаму раёну пашчасціла мець такую паэтку-спявачку як Галіна Жывіца. Узгадваючы словы Ніла Гілевіча, можна з упэўненасць сказаць: “пакуль паэты будуць пець”, ваша, бераставіцкая зямля не застанецца безыменнай, “зямлі бацькоў не анямець”.
Людміла Кебіч
Кебіч, Л. Вачыма берасцянкі / Людміла Кебіч // Літаратура і мастацтва. – 2012. – № 33 – 17 жніўня. – С.7.