Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю
Нарадзіўся 12 ліпеня 1930 г. у в. Жарабковічы Ляхавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. У школу пайшоў у 1938 годзе, а ў 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР зноў прыйшлося ісці ў першы клас ужо савецкай школы, у якой да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў два класы. У 1944 г. пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў пайшоў вучыцца адразу ў пяты клас Жарабковіцкай няпоўнай школы, сем класаў якой закончыў у 1947 г.
Далей вучобу прадоўжыў у БСШ № 2 г. Баранавічы.
У 1950 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДУ імя У. I. Леніна.
Пасля яго заканчэння быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе працуе і да гэтага часу.
Пасля заканчэння БДУ быў рэкамендаваны для паступлення ў аспірантуру, але матэрыяльнае становішча вымусіла ісці на працу. I толькі ў 1968 годзе паступіў у аспірантуру на завочную форму навучання пры інстытуце матэматыкі АН БССР да вядомага ў той час спецыяліста па тэорыі лікаў акадэміка Спрыдтука В. Р. У 1979 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1980 годзе атрымаў вучонае званне дацэнта.
Усе гады работы ў БАТУ Юруць I. Я. займаўся навуковай дзейнасцю. За гэты час ім было падрыхтавана і надрукавана больш як 60 навуковых прац, у тым ліку 5 кніг.
Цяпер Юруць I. Я. працуе прафесарам кафедры вышэйшай матэматыкі БАТУ.
За плённую выкладчыцкую і навуковую работу Іван Яфімавіч узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, адзначаны многімі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Юруць Іван Яфімавіч // Ёсць край такі… : гістарычна-літаратурная хроніка. – Баравічы: Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, 2003. – С. 423-424.